Перайсці да зместу

Двойчы прапілі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Двойчы прапілі (Драма у 4-х часцях)
Аўтар: Карусь Каганец
1910
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Dvojcy_prapili.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСОБЫ

Пракоп — пажылы селянін; любіць выпіць.

Арына — яго жонка.

Хоўра — іх дачка, 18 г.

Іўка — сын беднае ўдавы, 20—22 г.

Хіма 17 —18 г.

Волька — 14 — 15 г.

Ганна — іх маці.

Атрыхон — нежанаты селянін 31—32 г., гультай.

Міхаль — языкаты, шэльмаваты селянін,

Грыпіна — яго жонка.

Астап — няп’ючы

Пракоп — быстры, чарнявы .

Барыс — стары, набожны

Грыц — п’яніца.


Наста — дзеўка, бывалая, гадоў пад 25.

Янкель — арандар, шынкар.

Вульляна

Маланка

Зося

Паўлюк

Юрка } дзецюкі з вёскі.

Марка

Марта

Хрыстына

Сяргей, 16 год — хлопец.

Лейка — дачка Янкеля.

Роха — яе матка.

Падросткі, сялянскія дзеці і музыкі.


Часць першая

[правіць]

З’ява І

[правіць]

Пералаз і сцежка на падол. З падолу ідзе Іўка з касою і каля пералазу сустракае Хоўру, каторая спявае.

Іўка (чапляючы косу на загарадзі). Ага, папалася, стой! Не пушчу!

Хоўра (стоячы з заложанымі рукамі). Не пусціш?.. Што, косіш ужо? Бо мы-то яшчэ не пачыналі.

Іўка. Балота крыху падрэзаў — пагода, бач, служыць.

Хоўра. А бацька ўсё росціць. (Хоча прайці.)

Іўка. Не, не пушчу! (Загароджвае рукамі.)

Хоўра. Ну, пусці!

Іўка. Не пушчу, хіба адкупішся.

Хоўра (смеючыся, стараецца пералезці). Да ну, годзе табе дурэць.

Іўка. Адкупіся!

Хоўра. Пушчай жа, бо я табе! (Смяецца, стала, падпёршы бораду рукою.)

Іўка (жартуючы). Пусціць?

Хоўра (нібы сярдзіта, праз смех). Ну, пушчай жа!

Іўка. Зараз. Адкупіся!

Хоўра. Да чым жа я адкуплюся, калі не маю чым? Пусці, не дурэй!

Іўка. Адкупіся!

Хоўра. Да чым жа бо?!

Іўка. А-а! Пэўне, ты не знаеш?

Хоўра. А пэўне не знаю.

Іўка. Адкупіся!

Хоўра. Ну-у! (Пастаяўшы.) Пусціш?

Іўка. Пушчу, адно адкупіся.

Хоўра. Да чым? Кажы!

Іўка. Ой, ты зводніца!

Хоўра. Чаму? Каго я звяла?

Іўка. Мяне са свету звядзеш.

Хоўра. Цябе? Як?..

Іўка. Як, як!.. нязнайка.

Хоўра. Пусці, мне палотны трэба збіраць.

Іўка. Адкупіся!

Хоўра. Наладзіў: адкупіся да адкупіся!

Іўка. Ды няйначай.

Хоўра. А чым?

Іўка. А калі скажу, то адкупішся?

Хоўра. Або я ведаю!

Іўка. Ты адно хлопцаў зводзіць ведаеш!

Хоўра. Якіх хлопцаў?

Іўка. Якіх! Хоць бы і мяне.

Хоўра. На табе! Як жа я цябе зводжу?

Іўка (адважыўшыся). Вачанятамі карымі.

Хоўра (засаромеўшыся). Пусці! Іўка, дальбог, пусці! (Пачакаўшы.) Маці сварыцімецца.

Іўка. Адкупіся!

Хоўра. Да чым жа, бо?

Іўка (сарамліва). Пацалуй!..

Хоўра (спусціўшы вочы). Ну... (Пацалаваўшыся, скочыла праз пералаз і, адбегшыся, заспявала):


Ой, у полі дымна ды курна,

За туманам свету не відна!

Цёмная ночка наступае.

Едзе казак ды ўздыхае,

Сон галоўку размарае,

Конь к травіцы прыпадае.


. . . . (Схавалася.)

Іўка (пазіраючы ўслед). Вот дзяўчына! Усё б, здаецца, за яе аддаў, і жыццё нават... Бяда мне, небагатаму!.. А бацька яе ліхі, ой, ліхі! За беднага не аддасць... (Сеў на пералазе і задумаўся, слухаючы, як яна спявае. Голас Хоўрын чуваць здалёк.)


З’ява II

[правіць]

Ідзе міма Астап і, убачыўшы Іўку, прыпыняецца.

Астап. Ты каго тут пасеш! Ха-ха-ха!' Ага, Хоўрачка там! Ха-ха-ха!

Іўка. Ат, дзядзька, усё шуткуеце!

Астап. А можа, не праўда?!

Іўка. Так штось... маркотна. Сеў і задумаўся.

Астап. Віляй, віляй хвастом! Знаю, што задумаўся, і ведаю, аб чым. Не бойся, нікому не скажу. А ён ужо і засаромеўся. Што тут за сорам? Са ўсякім бывае; і я быў дзецюком. Знаю, куды вочкі заводзяць.

Іўка. Знаеце, то раду дайце!

Астап. Добра сказаць: раду дай. Але са старым трудна рада. Усё ён на багатых квапіцца. (Падумаўшы.) Нікога яшчэ не прасіў?

Іўка. Не, дзядзечка! Каго ж, як не вас, маю прасіць?

Астап. То пачакай, спытаем шчасця!

Іўка. Ужо я век не забуду...

Астап (усміхаючыся). Ну, а стог паможаш скідаць?

Іўка. О-ей! Я й без таго... абы сказалі.

Астап (глянуўшы на сцежку). Ну, добра! Але трэба па каня бегчы.

Іўка. Паедзеце куды?

Астап (падаючы руку). Баба сварыцца, што мука ўся,— трэба ў млын даведацца. (Адходзячы.) Ужо другі тыдзень, як завёз...

Іўка (зноў сядае на пералазе). Эх-э-хе!


З’ява ІІІ

[правіць]

Хоўра (падходзячы). Ты яшчэ тут? Можа, ізноў выкупляцца скажаш? (Кладзе палотны на загарадзі.)

Іўка. Не гневайся, галубка! Бачыш, я сам не свой, галава кругом ідзе, як цябе пабачу. А як не бачу, то душа ные...

Хоўра. А хіба я вінавата?

Іўка. Можа, і не, адно мне здаецца, што ты мяне нарокам баламуціш.

Хоўра (маркотна). Так табе не люба?

Іўка. Ой, люба, ды і як люба! І балюча разам...

Хоўра (павесялеўшы). Чаму так? Што табе баліць?

Іўка. Сэрца баліць, душа баліць, і... я і сам не ведаю што...

Хоўра. Чаму мне нічога не баліць?

Іўка. Бо ты любошчаў яшчэ не знаеш.

Хоўра. А ты знаеш?

Іўка. А ўжо ж знаю!

Хоўра. А я не?

Іўка. А бог цябе ведае.

Хоўра. А чаму ты казаў, што не знаю?

Іўка. Бо табе нічога не баліць.

Хоўра. Чы-то любоў хвароба якая?

Іўка. Ат, з табою не згаворышся!

Хоўра. Вось я бацьку люблю, і мне нічога не баліць; і мамку люблю, і нічога не баліць; і... і... і нічога не баліць.

Іўка. І што, і-і! І нічога не сказала.

Хоўра. А табе ўсё скажы! Трэба іці.

Іўка. Ужо са мною, то і пагаварыць не хоча.

Хоўра. Чаму не? Гавары!

Іўка. Ну, то скажы, каго ты любіш?

Хоўра. Тату, маму...

Іўка. Ат, ты ўжо казала! А болей каго?

Хоўра. Каго? Сёстраў...

Іўка. А болей нікога?

Хоўра. Як-та нікога?!

Іўка. А каго ж?

Хоўра (прыступіўшы). А ты каго?

Іўка. Я?.. я? Ты ведаеш.

Хоўра. То і я скажу — ты ведаеш.

Іўка. Ат!

Хоўра. Скажы ты, то і я скажу!

Іўка. Скажаш? Не смяешся?

Хоўра (спаважна, апусціўшы вочы). Скажу!..

Іўка. Я... я цябе... цябе кахаю. Жыццё сваё за цябе б аддаў...

Хоўра. А я цябе...

Іўка (зрадзеўшы). Праўда?! (Абнімае і доўга цалуе.)

Хоўра (схамянуўшыся). Пусці! (Вырываецца і, адскочыўшы, вяртаецца па палотны.)

Іўка. Хоўра!

Хоўра. А?

Іўка. Чакай крыху!

Хоўра. Ну?

Іўка. Што з намі будзе?

Хоўра. Або я ведаю... Бог над намі.

Іўка. Я ведаю, бог?.. Бацька не аддасць.

Хоўра. Маму прасіціму, мо заступіцца.

Іўка. Ну, ну!..

Хоўра. Бывай здароў! (Выходзіць.)

Іўка (памаўчаўшы). Вось натура людская: мучышся чалавек, і душа баліць, а так неяк люба... сама мука нават люба. (Пагадаўшы.) Дый дзяўчо ж бо: і да работы першая, і вясёлая, як тая птушачка, і разумная... А вочы? Аж ногі падкошваюцца, калі гляне. Эх! Як жа мне без яе быці?! (Бярэ касу і хоча іці.)


З’ява IV

[правіць]

Выходзіць з боку Наста.

Наста. Іўка, чакай! Куды пайшоў?

Іўка (да сябе). На табе! (Павярнуўшыся.) А што?

Наста (міргаючы). Хадзем, Янучок! Цяляты паможаш прыгнаць.

Іўка. А сама не прыганеш?

Наста. Я адна баюся... хадзем!

Іўка. Чаго ты баішся?

Наста (скалячы зубы). Ат, чаго!.. Хадзем!..

Іўка. Другога каго клікні.

Наста. Калі я цябе хочу!..

Іўка. Калі ж бо я не твой... А вось Сяргей ідзе — ён маладзейшы.

Наста. Ат, брыда, смаркач!.. Хадзем, будзеш мой!

Іўка. Ты Атрыхона ўжо маеш — навошта ж болей?

Наста. Вот сказаў! Куды ён варт, гультаіна той?! Не паможаш?

Іўка. Няма часу. Ёсць і без мяне каму.


З’ява V

[правіць]

Падыходзіць Сяргей.

Наста. Ну, помні ж... (Да Сяргея.) Сяргейка, хадзем!

Сяргей (ухмыляючыся). Ужо? Яшчэ рана.

Наста. Не рана. Хадзем!..

Сяргей. Ды куды ж?

Наста. Не пытай, а ідзі.

Сяргей. А як ты мяне дзе ў нетру завядзеш?

Наста. А ты баішся?

Сяргей. А хто яго ведае, можа, і страшна.

Наста. Ну, ідзеш?

Сяргей. Ды куды?

Наста. Ну, на падол. Цяляты памажы прыгнаць!

Сяргей. У падол цяляты загнаць?

Наста. Дурань! Ідзеш?

Сяргей. Няхай лепей Атрыхон паможа.

Наста. А ты не?

Сяргей. Не, не пайду.

Наста. Сапляк дурны! Цьфу!.. (Выходзіць праз пералаз.)

Сяргей (Іўку). Касіў?

Іўка. Але.

Сяргей. Балота, знаць?

Іўка. А-га.

Сяргей. А мы заўтра пойдзем.

Іўка. А сягоння што рабілі?

Сяргей. Гумно ўбралі.

Іўка. Высахла?

Сяргей. А ей!

Іўка. Ты куды?

Сяргей. К Юрку.

Іўка. То хадзем разам. (Выходзяць.)

Заслона.


Часць другая

[правіць]

Над ліпаю ля таго самага пералазу прысланіўся к загарадзі Пракоп і, маркотны, вычышчае люльку, а злева выбягае Петра.


З’ява І

[правіць]

Петра. Здароў, стары!

Пракоп. А, здароў! Куды цябе нясе? (Падае руку.)

Петра. Вот іду... Думаю, сустрэну каго, да вось якраз... А ты чаго так панурыўся?

Пракоп. Бачыш, пасля ўчарашняга неяк чалавек не ў сабе. Стаю і гадаю, з кім бы шкалік раздушыць, а тут якраз і цябе бог панёс.

Петра. Дык і я аб тое ж!..

Пракоп. Ну, то зайдзі, вазьмі! На грошы!..

Петра (уходзячы). Няхай, я за свае...

Пракоп. Хай і так будзе! (Пагадаўшы, да сябе.) Хе-хе-хе! Бяда мне з гэтымі дзяўчатамі! Аднаго вяселля яшчэ не выдыхаў, а тут другое гатуй, а там і трэцяе дарастае.


З’ява ІІ

[правіць]

Падходзіць Міхаль.

Міхаль. А, Пракоп! Здароў жывеш?

Пракоп. На здароўе, браце! І ты тут?

Міхаль. А ўжо ж. Нешта жывот баліць. Знаць, цяжка падняў, ці якое ліха. Заўчора ў млын ездзіў, недзе мяшка няладне падняў. Я такі зразу пачуў, да думаў, так сабе...

Пракоп (садзіцца на землю). Сядзем, чы што.

Міхаль. Што ж? У свята можна і пабалакаць.

Петра (прыходзіць). А, і ты тут! Добры нюх маеш.

Міхаль. I я тут. Я думаў, што першы буду, ажна тут ужо цэлую кумпанію застаў.

Петра. Ну, як ся маеш? (Падае руку.)

Міхаль. Здароў, падскакваю. Балазе, кропель прыдбаў, а то нешта каля пупа варочаецца.

Петра. А кажаш, здароў!

Міхаль. Як прылажыўся да шыйкі ў пляшцы, то як бачыш здароў стану. Як рукою здыме.

Петра. Ха-ха-ха! Усе, я бачу, адну кволасць маема.

Міхаль. Няйначай!

Пракоп. Кволасць, кволасць! Паняволі закволішся, столькі клопату маючы.

Петра. Да пэўне! Кожнаму свой клопат.

Міхаль. Праўда, чалавеча, праўда! Я дык клопату не абяруся: і пану за вотчыну нясі, і вала трэба купляць, і ў воласць вінават — пазысківаюць. А тут надоечы Атрыхон прыйшоў: будзь сватам, дый годзе!

Петра. Які Атрыхон? Гаркуша?

Міхаль. А няўжо ж бо хто! Кажа: «Я б мог і багатшу ўзяць, але Хоўра дужа за сэрца пала, так што жыць без яе не магу»,— кажа.

Пракоп. Чы не пра маю Хоўру байдурыш?

Міхаль. А няўжо ж бо пра каго! А калі пра тваю, то што?

Пракоп. Яшчэ чаго!

Петра. Што так? Яно ўжо пара — дзеўка хоць куды!

Пракоп. Пара-то пара, але не для ўсякага.

Петра. А пэўне, што для кагось аднаго!

Міхаль. Дык і я ж тое... Кажу яму: «Не лезь! — кажу.— Ён чалавек з норавам, не дасць».

Пракоп. Хай і не важыцца!

Петра. А можа, як папрасіць хорашанька, то і адпусцішся?

Пракоп. І не гавары навет, бо загневаюся і пайду.

Петра (выбіваючы корак і прапіваючы). Ну, маўчу, маўчу! Будзь здароў!

Пракоп. Пі на здароўе!

Петра (абціраючы рукавом губы і падаючы Пракопу). Э-э-э!..

Пракоп. Будзь здароў, Міхалка!

Міхаль. На здароўе! (Прыняўшы бутэльку.) Чакайце! Я ж закускі з сабою захапіў. (Вымае з верані хлеб, сала ды рэжа.) Ну, каб бог памог вам у вашых клопатах! Каб былі здаровенькі і жылі ў давольсцве!

Петра. Пі здароў!

Пракоп. На здароўе! Дзякаваць за добрае слово!

Петра. Затым салаўя хваляць, што красна спявае.

Пракоп. Але вот, як выпіў, так нейнача рукою з-пад сэрца зняло.

Міхаль. Праўда! Вот так у жываце як бы і асунулася; зразу палегчала. Мабыць, з лёгкае рукі. Ой, клопаты, клопаты! Вось гэтак учора: еду я з млыну, а цемра, цемра, хоч пальцам у вока,— нічога не відна. Неяк мяне папутала што, чы якое ліха: у Раманавага броду не паехаў я ўправа, каля дуба, а паказалася мне дарога, і калесіны, знаць, улева; да як управіў кабылу ў балота, то не мог выбрацца. Аж, дзякаваць богу, як на тое, ішоў Атрыхон, пасвістваючы. Дзякаваць яму — зух хлопец! Я гукнуў на яго, то ён мяне на дарогу як бач вывеў. Каб не ён, то хіба б загінуць мне там прыйшлося б.

Петра. Знаць, пацягнуў добра.

Міхаль. Якое пацягнуў! Таквеля чарвяка замарыў.

Петра. Да ўжо ж, твайго чарвяка быле-чым не заморыш! Ну, Пракопе, будзь здароў!

Пракоп. На здароўе! (Прымаючы, к Міхалю.) За здароўе. Каб раі вадзіліся! (Выпівае.) А-а-а! Такі добра нашчыкам выпіць!

Міхаль. Дзякую за добрае слово!.. Адно штось у мяне не вельмі садзяцца. Вот і ўчора ўцёк; кажуць — Хведару сеў... І квас, здаецца, як трэба, адно клопаты не даюць дагледзець. Вот я ўчора бачыў, у самога іскавалі, ды так іскавалі!..

Пракоп. Дзе? Можа, на вілаватыя хвоі?

Петра (убок). Ведама, ведама, часу няма, адно чарвяка пакуль заморыш да за чужымі пабегаеш.

Міхаль. Не, каля Крывога Дуба.

Пракоп. Трэба будзе пайсці сягоння паглядзець. А шмат сам улавіў?

Міхаль. Аднаго толькі, а другі змарнаваўся, папарыліся ў лубцы.

Петра (насмешліва). То ўсе клопаты вінаваты.

Міхаль. Ды што ты смяешся! Пэўне, што клопаты! Каб не клопаты, то я б хорашанька дагледзеў яго.

Петра. Можа, лашаня дзе аслядзіў?

Міхаль. Ты ўсё сваё! Чы мне гэта наўме?

Петра. А хіба цябе не знаюць?

Міхаль. Добра, што ты хаця знаеш! А сам дрычыну веснавую дзе дзеў?

Петра. Так нешта я таюся?! Янкель забраў!

Пракоп. Вот добра, нагадалі! У мяне зяць прасіў, каб я лапак напытаў. Чы няма ў цябе, Петра? Грошы не пашкадаваў бы.

Петра. Вот каб уперад з месяц, то я б дастаў, а цяпер — Хомка пісару занёс. Хомка казаў, што земскі рагоў прасіў.

Пракоп. Я маю два.

Міхаль. Чакайце! Лапы я дастану, да душы дастану, адно...

Пракоп. Ну, ну!..

Петра. А рогі парныя?

Пракоп. То-то, што не! Каб парныя, то я б даў ім мейсца: ляснічаму б занёс.

Петра. А на многа пасынкаў?

Пракоп. На пяць.

Петра. Ажно трэба паглядзець, бо ў мяне ё адзін на пяць.

Міхаль. У мяне ё пара на тры пасынкі.

Петра. Што ж калі ты свае папсаваў.

Міхаль. Чым? Што ў сцену пазаганяў?

Петра. А пэўне, самую красу пасчэсываў? Але вот дапівай!

Міхаль. Дап’ю, але я думаю яшчэ ўзяці, бо яно палегчыць, то палегчала, адно яшчэ крышку ў жываце штось чуваць.

Петра. Гэта чарвяк гарэлкі просіць.

Пракоп. Што ж — я гэтаксама не адкажуся. Бяры грошы! (Дастае з каліты.)

Міхаль. Навошта грошы? Я сам прынясу. (Выходзіць.)

Петра. Нешта Міхаль раздобрыўся — гэта неспраста!


З’ява ІІІ

[правіць]

Прыходзяць Грыц, Барыс, а потым Астап.

Грыц. О, яны тутака ўжо і без нас пасядалі! Здаровы, мужчынкі! А я сягоння чуць устаў, галавы не мог узняць.

Барыс. З святою нядзелькаю!

Пракоп, Петра і Міхаль (разам). Здаровы! Спасібог! Просім у кампанію!

Барыс. Спасібог! Заранне штось сягоння?

Грыц. Дзякаваць! Па праўдзе сказаць, то я чуць жыў... А мо і не зашкодзіць?..

Петра. Паможа, брат, паможа! Табе адразу паможа. Усю кволасць тваю як рукою здыме. Ранняя пташачка зубкі калупае, а позняя вочкі прадзірае.

Грыц. Праўда, паможа?

Петра (паказваючы на Міхаля). Пытай!

Міхаль. Права слова, паможа, як бач, ачуняе. (Выходзіць.)

Грыц (пашукаўшы ў каліце). На, вазьмі і на маю долю!

Міхаль (звяртаецца). Давай! (Выходзіць.)

Астап. А мяне ў кумпанню прымеце?

Грыц. Ты не наш!

Петра. Ця-ябе? Не.

Астап. Чаму?

Петра. Бо ты не патрэбны.

Пракоп. Ты ж не п’еш.

Астап. То што — нечага вам болей будзе.

Галасы. Праўда! Што праўда, то праўда!

Петра. Ну, то ўжо сядай, чы што!

Пракоп. Вот кажы, што ў горадзе чуў? Позна прыехаў?

Астап. А так, што ўжо першыя певуны прапелі. А што наш брат у горадзе пачуе? Адно шум, гоман, і толькі. У лес пойдзеш, то ўсё к табе гаворыць: і пташачка і мошачка. А ў горадзе — адно галава кругом пойдзе, ажно сум бярэ... А ў самога што чуваць? Вяселля яшчэ не ладзіш?

Пракоп. Дай хоч тое вычухаць! Што табе прыйшло вяселле?

Астап. Так, бо пара, а дзеўка гладкая.

Петра. Э! Чаму бо, абы багаты трапіўся.

Пракоп. Годзе аб тым гаварыць!

Петра (скоса пазіраючы). А каб так за Іўка Пахомчыка? Га?.

Пракоп. За Іўка? Чы ты здурнеў?! Здаецца, і разумны чалавек!

Петра. А што?

Пракоп. Ведама што: хоч ён і нішто хлопец, і працавіты, ды бедны. А ты з мяне не кпі!

Астап. Бедны, кажаш?..

Барыс. Усе пад богам!


З’ява IV

[правіць]

Падыходзіць Атрыхон.

Атрыхон. Здрастуйце, панове! Хлеб-соль!

1Грыц (надпіўшы). Выбачай, што мала пакінуў! Неяк рука здрыганулася...

Пракоп. Вядома, тваё горла... (П’е.)

Грыц. Горла як горла, але нядуж, бачыш, я сягоння. Чуць бутэлькі не ўпусціў...

Петра. Мерку перабраў...

Грыц. Мерку, мерку!.. Не павінна — душа, бач, меру знае.

Астап. А як у каго душы няма?

Грыц. Што ты, што! Каб у чалавека душы не было?

Петра. То, можа, крывая чы сляпая.

Грыц (сярдуючы). Добра, што твая відушча.

Петра. А твая-то не бачыць?

Грыц. На табе! (Паказвае дулю.)

Петра. Ха-ха-ха! А вот такі не даў, сабе забраў.

Атрыхон (ставіць у сярэдзіне другую бутэльку; выцірае чарку, потым выбівае корак, налівае і прапівае да Пракопа). Будзьце здаровы, дзядзечка! (Тым часам Барыс устае і хрысціцца.) Куды ж вы, дзядзька Барысе?

Барыс. У царкву — бач, пара. Хадзем, Петра!

Петра. Хадзем. (Устае.)

Астап. То і я з вамі. (Устае.)

Атрыхон. Выпілі б па чарцы.

Петраузяўшы паўкварты, даліў у . Хай другім разам! (Петра, Астап і Барыс выходзяць.)

Барыс (адыходзячы). Спасібог!


1 * Адгэтуль пачынаецца тэкст не апрацаваны — чарнавыя накіды, каторыя трэ было вышукваць з розных месц. Рэдакцыйная заўвага пры першай публікацыі.

З’ява V

[правіць]

Надыходзяць Міхаль з Грыпінаю.

Грыпіна. З нядзелькаю святою! Здаровенькія, мужчынкі, былі? (К Пракопу.) Кумок, чы здаровенек?

Усе. Спасі бог! На здароўе!

Пракоп. Кума, як можаш? (Падае руку.)

Грыпіна. Жыву дзякаваць богу міленькаму, і святому Юр’ю, і Міколцы святому, і вам здаровенькім. (Рассцілае абрус, кладзе хлеб, сала і каўбасу; Міхаль ставіць гарэлку, рэжа хлеб і сала, ломіць каўбасу.)

Атрыхон. Рэж, дзядзька Міхале! Будзьце здаровы, дзядзечка! (Выпіўшы, налівае Пракопу.)

Пракоп. На здароўе! Ды і мне, грэшнаму, трэба было б у цэркву пайсці.

Атрыхон. Гэ, яшчэ час! Наш поп дужа не спяшаецца. (Падае Пракопу.)

Грыпіна (хрысціцца). А вось і звоняць! Маё дзела бабскае, і богу памаліцца не ўспееш.

Атрыхон. Ну, а гарэлку трэба выпіць. Вось і памагатыя йдуць...


З’ява VI

[правіць]

Прыходзяць Васіль і Нічыпар.

Нічыпар. Будзь здароў, Васіль!

Васіль (прыняўшы, да Атрыхона). Ну, зямляк!

Атрыхон. Пі здароў!

Міхаль. Эй, кумок, ка-аб даў бог у цябе на вяселлі папііваць!

Грыпіна. Але, кумок, але! Вот бы загуляла... (Спявае.)


Ідзе кум па саду,

Кума па гароду...


Пракоп. Да-а-йце то-е вы-ыдыхаць.

Міхаль. Э, што там! Трэба ж аддаць, усё роўна трэба!.. Як трэба, то трэба...

Грыпіна. Праўда, чым скарэй пазбудзеш клопату, дык потьш спакайней будзе. Чым дзеўка маладзей выйдзе, тым лепей,— нечага людскія языкі не абрэшуць... Да вось, хоч бы ваша Хоўра... Чы даўно дзеўкаю стала, а ўжо не пры вас кажучы... Адно не гневайся, кумок!.. Ужо паспелі аббрахаць...

Пракоп. Як, Хоўру?

Грыпіна. Але, кумок, яе, Хоўру. Да душы, не брашу... Чула я ўжо на сяле, што гэты галадранец, Пахомчык, каля яе завіхаецца...

Пракоп. Пахомчык, кажаш? Га, Іўка?! Га! Не даждаць яму! Ён мне дачку ганьбіць будзе?! Я яму пакажу! Ды ты брэшаш?

Грыпіна. Да душы, праўда! Вот каб я так вас, здаровенькіх, аглядала! Каб мне скрозь пекла праваліцца, калі брашу!..

Міхаль. Слухай ты, Пракопка! Слухай! Аддай ты дзеўку за гэтага малайца. (Паказвае на Атрыхона.) Не будзеш каяцца, не будзеш!..

Пракоп. Пакінь, кажу, гаварыць! (Як да сябе.) За Марку... во, за Марку аддам...

Міхаль. Ну, калі за Марку можна, то Атрыхон што? Атрыхон горшы? Гэта ты не ведаеш...

Грыпіна. Але, але Атрыхон! І чым не маладзец? І стан высокі і ліцом гладкі!..

Міхаль. Пакінь, кажу! Дай мне гаварыць, не тваё тут дзела! Пракоп болей за цябе ведае.

Пракоп. Бачыш: Атрыхон нішто, няма чаго казаць, але Марка — працавіты хлопец і чы не будзе багатшы?..

Грыпіна. Якое там у іх багацце?!

Міхаль. Ты маўчы!.. Што да багацця, то яны нараўне, адно Атрыхон галаву лепшую мае. Дармо, што той працуе. За ім і маладзіца з працы счарнее. О! а гэты, хоч і лягчэй робіць, да ён галавою лепш пражыве, як той рукамі. За ім і маладзіцы вальготна будзе...

Пракоп. Яно, яно-то так!.. пра яго (ціха) людзі блага гавораць.

Міхаль. Гавораць, гавораць! Хай гавораць. А што ён табе зрабіў?

Пракоп. Што зрабіў? Нічога мне...

Міхаль. Э, што там пераліваць! Падумай, пашкадуеш! А Атрыхон... Калі мяне Атрыхон папросіць хо-ораша,— сватам буду... А ты, бач, калі зяцю лапы патрэбны,— дастану, права слова дастану, ну слухай: дастану!

Пракоп. Што хочаш заплачу, заплачу, ну!

Міхаль. Дастану, помні!.. А Атрыхон маладзец...

Пракоп. Я ж не даю ганьбы. Я толькі так.

Міхаль (абнімае). Помні...

Заслона.

Часць трэцяя

[правіць]

З’ява І

[правіць]

Карчма. Янкель за прылаўкам. Роха каля буфета шые. Са двое сялян кураць люлькі. Уваходзяць Атрыхон, Пракоп і Міхаль.

Атрыхон. Янкель, піва!

Янкель. Шмат?

Атрыхон. Палічы — па пары на брата.

Янкель. Ураз будзе і піва! (Выходзіць.)

Міхаль (седзячы за сталом, Пракопу). Во сюды сядайце!

Пракоп (мацаючы па кішэнях). А бадай яе.

Міхаль. Што? Люлькі няма?

Пракоп. Але, каб яна выхварала,— ізноў згубіў.

Атрыхон. Шукайце за пазухаю!

Пракоп. А, бач, е!.. Ты няйнача штось знаеш?

Атрыхон. А ўжо ж знаю!..

Янкель (уваходзіць). Маеце і піво!.. Так, шэсць...

Атрыхон. А ўжо ж, так!

Янкель. Але я папрашу грошы цяпер, а то сягоння святы дзень — можна забыцца.

Атрыхон. А колькі табе?

Янкель. Нямножка: чатыры злоты.

Атрыхон. Гэта пачом?

Янкель. Па грыўні — просты рахунак.

Атрыхон. То, значыць, шэсцьдзесят капеек. Маеш! Дай рэшты! (Дае рубля.)

Янкель (ідзе за прылавак; пакапаўшыся ў шуфлядзе, прыносіць і кладзе перад Атрыхонам рэшту). О, так: лепей, а то голаву адураць. (Тым часам жыдовачка ставіць шклянкі, а Янкель адкаркоўвае піва.)

Атрыхон. Колькі тут?

Янкель. Дзве саракоўкі. Чы не бачыш?!

Атрыхон. А, ага! Верна!.. Ну, пеце, дзядзечка,— добрае піво! (Цмокае.)

Міхаль (ідзе да прылаўку, бярэ 10 папярос, а потым варачаецца і кажа Пракопу). А, добра, халодненькае! (Выпіваюць і закурваюць: Пракоп люльку, а Міхаль з Атрыхонам папяросы.)

Атрыхон. Можа, дзядзечка, папяросу?

Пракоп. Не, я ўжо прывык да свае.

Атрыхон (выпіўшы другую шклянку і пусціўшы хмару дыму):


І малыш трашчыць.

І вада плюшчыць,

А кум да кумы судака ташчыць...


Міхаль. Пакінь!

Атрыхон. Што пакінь? А табе што?!

Міхаль. Пакінь, кажу, а не — як хочаш!

Атрыхон. Ну, ну, выбачай! Я толькі так...

Міхаль. Сядзі і знай!.. Ну, што, сват, прыходзіць сягоння з гарэлкаю?

Пракоп. То... то, бачыш, я й сам не ведаю.

Атрыхон. Дзядзечка, будзь бацькам! (Хоча ў руку пацалаваць.)

Пракоп. Да ну, ну, пакінь! (З сяней пазіраюць Хоўра і дзяўчаты.)

Міхаль. Ну, так хто ж ведае? Кажы ўжо, чы што? (Пачакаўшы.) Ну, прыходзіць?

Пракоп (скрабучы за вухам). Э!.. то прыходзь, чы што.


З’ява ІІ

[правіць]

Уваходзяць Астап, Петра, а за імі дзяўчаты.

Астап. Так вось дзе ён, а яго дома шукаюць!.. (К Петру.) А ты знай сваё. Вось набраўся!..

Атрыхон. А, і Хімачка тут!.. А, Хоўрачка!.. (Падбягае.) Хадзем, піва вып’ем; тут і бацька наш.

Хоўра. Адчапіся! Не хачу! Хадзем, Хіма! (Выходзяць.)

Атрыхон. Так?! (К сабе.) Я табе прытру рогі! Вульяна, хадзі ты!

Вульяна (выбягаючы за другімі дзяўчатамі). Чакай, зараз! Хі-хі-хі!

Атрыхон. Іш вы, прокляць! Згаварыліся...

Астап. Пакінь іх там, Атрыхон! Ведама, козы... Хадзі лепей выпі!

Атрыхон (узяўшыся ў бокі і выбрыкваючы нагамі):


І піць будзем,

І гуляць будзем,

А смерць... (ікае) Ух, я!

Чарнабровая мая!


Петра (узяўшы паўкварты, даліў у піва Міхалю і дацадзіўшы сабе ў Атрыхонаву шклянку). Ну, Міхалка, вып’ем!.. Янкель, дай пару! (Падпяваюць патроху.)

Янкель (падаючы і адкаркуючы). А грошы цяпер ці потым?

Петра. Можна і цяпер. (Плаціць.)

Міхаль (паказваючы на Атрыхона). Бач яго, бач,— напіўся!.. Ну, здароў будзь, Астапе! (Надпівае.) Астап! А, Астап!

Астап. Чаго ты?

Міхаль. Ты мне спрыяеш?

Астап. Я нікому зла не зычу.

Міхаль. Але мне чы спрыяеш?

Астап. Чаго ты прывязаўся?! Ну, спрыяю, ну?

Міхаль. Давай пацалуемся!

Астап (усміхаецца). Ну, што ж, давай! (Цалуюцца.)

Міхаль. А я гад... гад! Непатрэбны гад... Ведаеш?

Астап. Ну?

Міхаль. Я ж... я цябе хацеў падвесці, ды не ўдалося. Ну, выбачай. Астапка! Ну... (Тым часам Атрыхон падышоў, кінуў шапку, сеў, паспытаў піва, паглядзеў на чобаты ды стаў закурваць, плюючы перад сабою. Пракоп ківаецца, смокчачы патухшую люльку.)

Астап (к Міхалю). Бог няхай выбачае!

Пракоп (схамянуўшыся). Ды што я гэта!

Петра. Што-о? Дачку прапіваеш!

Пракоп. Як? прапіваю? сваё дзіця?!

Астап. Да ужо ж!

Пракоп. Не, брэ-эшаш, гад! Каму я прапіваю?!

Петра. Пабачым яшчэ! (Да Атрыхона.)

Атрыхон (усхапіўшыся). Мая Хоўра, мая! І Наста... была...

Міхаль. Твая, твая!.. Не захочу, то не твая.

Атрыхон. Хто не захоча? Нешта яе пытаецца?!

Міхаль. Маўчы, дурань, а то...

Атрыхон. Ты сам дурань!

Міхаль. Як? Ты?!! (Усхапіўся.)

Астап (садзячы яго). Маўчы, Міхале! Дай пакой п’янаму!

Міхаль. П’янаму, п’я-я-наму! А, а як ён смее?!

Петра. Заўтра парахуецеся!.. А ты, Атрыхон, ідзі лепей на сяло з дзяўчатамі пагуляці.

Атрыхон. На сяло? А што каму да таго?!

Астап. Нікому нічога, адно сварыцца не варта.

Атрыхон. А што ён мяне дурнем... (Ікае.) Ён сам ду... (Ікае.)


Эх, чух, чух чумандра!

Чумандрыха малада!


Эх, Наста мая!.. А дзе я шапку дзеў?

Янкель (падняў шапку і надзяваючы яму). На, на, твая сапка!

Атрыхон. Ага... гм... (Садзіцца і мармыча.)

Петра. Адзін прапіў, і другі прапіў, а хто карыстаціме?!

Астап. Ат, пакінь! Ужо ён і шуткаваць!..

Пракоп. Я прапіў? я?! Гэта той накпіў... З мяне накпіў, злодзей! Дзе ён, той злодзей?

Астап. Чаго ты? Успакойся! Сілай ніхто не возьме. А што п'яны сказаў... Да і ён п’яны... Адрачэцца.

Петра. І ён ужо прапіў!

Пракоп. Дайце рады, людцы добрыя!

Астап. Вот праспіся, то пагаворым. (Падміргівае Петру на Атрыхона.)

Петра. Атрыхон, а Атрыхон!

Атрыхон. Га-а?

Петра. Чы то праўда, што Наста, кажуць, замуж ідзе?

Атрыхон. Наста? за каго?!

Петра. Кажуць, Раман Патапаў... Сягоння з гарэлкаю пойдуць.

Атрыхон. Як? Раман?! Наста!.. (Ідзе к дзверам.)

Петра. Чакай, куды ты? А з Хоўраю як? Хаха-ха!..

Атрыхон. А ну вас к бесу! (Выбягае.)

Петра. Ну, бачыце, і прапіў. Што, не праўду я сказаў?

Астап. Ведама, прапіў.

Пракоп. Што прапіў? Хто?

Астап. А вот бачыш: ты прапіў дачку...

Пракоп (замахаўшы рукамі). Маўчы, маўчы! Гэта мяне Міхаль адурыў, каб ён выхвараў!..

Астап. Дай сказаць! Ты прапіў Хоўру Атрыхону, а Атрыхон прапіў яе другому і сам уцёк...

Пракоп. Як, маю дачку?! Роднае дзіця мне?!

Астап. Бачыш, гарэлка да дабра ніколі не давядзе.

Петра. Але ўспакойся: той, каму Атрыхон Хоўру прапіў, не лайдак які, і Хоўра рада за яго пайсці. Адно ты не мяшай, то і сам будзеш рад.

Пракоп. Так ужо райце, як лепей! За гэтымі клопатамі чалавек здурнее саўсім...

Петра. Адно слухай нас, то будзе добра.

Астап. Атрыхон прапіў Хоўру Іўку Пахомчыку.

Пракоп. Іўку?.. Чаму ж я яго не бачыў тутака?

Петра. Іўка, бачыш, нас прасіў выкупіць у гэтага лайдака Хоўру. А то, кажа, гэтакі чорт будзе такую красную дзяўчыну глуміць.

Пракоп. Я ж... я ж за Марку хацеў яе аддаць... Той багаты...

Астап. А што ты ведаеш, хто будзе багацейшы?! Бацька-то Маркаў багат — ні слова, а як Марка тым багаццем пакіруе, то яшчэ немаведама. А гэты — гэты сам багацце прыдбае, бо рукі мае і галаву добрую, і да таго — граматны. Дай мы на то, і Марку ганьбы няма, адно гадаваўся ў раскошы і няграматны. Так хто яго ведае, які ён будзе.

Петра. Я б такога Іўка на двох Маркаў не памяняў бы!

Пракоп. Рабеце, як леп-ей!..


З’ява ІІІ

[правіць]

Уваходзіць Арына.

Арына. А-а ты, валацуга! П’яніца ты!.. Я думала, ён у царкву пайшоў, а ён валочыцца па шынкох! Лайдак ты! Роднае дзіця прапіваць?.. Катора пара, а яго — як няма, так няма... А ён дзіцятка роднае прапівае! Вось чаго я прыждалася на старасці! Дзявочу душу загубіць хоча. Грэшнік ты акаянны! Яшчэ знайшоў каму, канаводу гэтаму?! Каб не Хоўра, то б і не ведала, дзе і шукаць гэтага...

Астап. Цётка, цётка, успакойцеся! Нікога ён не прапіў. Вот выпілі трохі з Міхалем, дый годзе...

Арына. Якое! Што ён маніць будзе?! Мне ж Хоўра казала... Ад слёз свету цяпер, бедная, не бачыць. Як прыбегла, так і рынулася сярод хаты... Бацька, кажа, Атрыхону мяне прапіў... Павешуся, кажа, або ўтаплюся... А ён маніць!..

Петра. А дзе ж той Атрыхон, калі так?

Арына (азіраецца). Дзе?.. Або я ведаю!..

Астап. Так вот, цётка,— забірай ты свайго дзеда і ўлажы спаць яго. Няхай праспіцца, бо ўвечары мы ад Іўкі з гарэлкаю прыйдзем. Чуеш, цётка?

Арына. Чую, чую, да ўсё маніш?..

Астап. Да душы, не маню!

Петра. Не, не маніць. Чакай, цётка, нас!

Арына. Ах, вы, гады вы! Адно мяне напалохалі (смяецца) і дзяўчыну дурную. Вот вісусы, а ўжо сталыя гаспадары! Каб вас воўк не еў, мае галубчыкі!..

Астап. Так напой ты яго квасам, і няхай праспіцца добра!

Петра. І пільнуй, каб зноў у добрую кумпанню не патрапіў! (Арына забірае Пракопа і выходзіць.)

Пракоп. Лю-юлька... Дзе люль... люлька?

Арына (узяўшы з лавы). На, смакчы ты, небажатка старое!

Міхаль (усхапіўшыся). Куды ты, Пракоп? І я іду...

Петра. Хай спаць ідзе! Табе туды нечага!..

Міхаль. Я... я ж... сватам...

Астап. Ужо па ўсім! Позненька, браце, пралупіўся!..

Петра. Ужо і Атрыхон Хоўру прапіць паспеў.

Міхаль. То... то як жа цяпер?.. Як?.. А дзе ж Атрыхоо... хон?

Астап. Пайшоў у сваты да Насты.

Міхаль. Што?.. Хіба ашалеў?!.

Петра. Ды вы ўсе ад гэтае гары пашалелі!

Астап. Ён ужо святы! Табе не прытраплялася? гм... Накпіў... гм... (Садзіцца і, узлёгшы на стол, засыпае.)

Петра (к Астапу). Я не кажу... траплялася. Часам пры дзеле, то і нехаця мусіш...

Астап. Ну, ведама,— гэтак піць, як яны, чуць не кожны дзень заліваюцца, то згуба адна, чыстая згуба! Мала таго, што дабро прапівае, але — куды ж тагды чалавек варт?!

Петра. Але каб гэтае гары не было, то лепей было б.

Астап. Тагды б іншую замароку знайшлі. Даўней, кажуць, мяды сыцілі, брагу варылі, а цяпер усё пазабывалі.

Петра. Я чуў, што ў Гродзеншчыне дзе каторыя сёлы зарок далі і манаполькі пазакрывалі.

Астап. Ну, у нас гэта не скора будзе! Там, можа, маюць іншы які трунак?

Петра. Чы то канечне ўпівацца?

Астап. Яно-то і не канечне, ды людзі, бач, людзі. Ды во, хоч бы і я... Часам пойдзе такая часіна, што мушу, здаецца, загуляць, адно на павадку сябе трымаю, бо знаю сваю натуру. Як разгуляюся, то гатоў ліха натварыць і сабе і другім.

Петра. Вота ж то! Неяк цесна чалавеку на свеце. Хочацца слабоды, шыру, размаху, а тут няма. Так слабейшыя і заліваюць сабе памяць гарэлкаю.

Астап. Вот, вот! Выняў у мяне слова з губ, што цесна... Часам, як прыступіць, так сам не ведаеш, што з сабою пачаць. Здаецца, кудысь ляцеў бы, біўся, ламаў бы ўсё... Не, лепей не гаварым аб гэтым, а то страшна, каб павадок не парваўся, а то тагды або ўшчыт нап’юся, або нагармідару.

Петра. Дзяржыся, браце!.. Многа раёў сяголета ўлавіў?

Астап. Не лішняе. З пятнанцацёра ўлавіў.

Петра. Ну, то чаго ж! Яшчэ дагэтуль сяголета і багатшыя за цябе земцы болей не пасаджалі.

Астап. Яно-то так! Але вось аб’ездчык казаў надоечы, што некаторыя стойлы трэба будзе апрастаць. Купцы валяць, кажа, будуць.

Петра. Праўда? О, то не цікава. Бадай іх пярун, з гэтымі купцамі! Шмат пчол памарнуецца.

Астап. А чы даўно-то ўся пушча наша была? Не зналі мы нікога; дзе хацелі, пасвілі, дзе хацелі, стойлы займалі і звера білі, і баравое, і ўсё наша,— а цяпер?.. Такому ж лапатніку, як сам, кланяйся, бо ён ляснік,— мае волю. А аб’ездчык, а ляснічы? Ад самога адміністратара, то хоць хіба пад землю лезь. Строгасць... За ўсё плаці: і за пашу, і за вотчыну, за баравое; а стрэльбы не дзяржы, пугавейца не выраж, не то, што шаста высеч; а за лужок паршывенькі, то і шкуру злупяць... І ўсе на вачах гэтыя перамены сталі...

Петра. Было, да сплыло — мала што калі было! Бач яго — пан; яго пушча! Ха-ха-ха! Маўчы з ціхатою, знай, і — толькі!.. Вот трэба было б у лес прайці, да каб не запазніцца. Гэта ж сватаўство сягоння маема.

Астап. Так мы толькі на Глынную Граду збегаем, то якраз к дзелу паспеем.

Петра. Ну, то хадзем! (Выходзяць.)

1910 г.