Перайсці да зместу

Два кірункі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Два кірункі
Артыкул
Аўтар: Ян Пазняк
1926 год
Крыніца: «Беларуская крыніца», 1926, № 35

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Добра і кепска. Існаванне гэтых двух паняццяў і фактаў хіба ніхто не запярэчыць. Сапраўды, калі б розум і пачуццё людскасці не дасягалі да праўды, то немагчыма ж было б зразумець няпраўды і кепскага.

Калі людскасць што-небудзь зробіць карыснае для агульналюдскай справы, для кожнага народа, для кожнага класа грамадзянства, — розум і пачуццё кажуць, што гэта справядліва, добра. Усё ж тое, што зробіцца карыснае толькі для некаторых народаў, не беручы пад увагу народаў слабейшых ці культурна, ці лічбава, або для якіх-небудзь класаў, таксама не беручы пад увагу якога-небудзь класа слабейшага ці яго арганізаванасцю, ці лікам, — розум і пачуццё кажуць, што гэта не зусім справядліва, не зусім добра або і цалкам несправядліва, цалкам нядобра.

Цывілізацыя прошласці і сучаснасці, калі яна адхіляецца ад пуцяводнай зоркі Праўды, то ўводзіць агульналюдскае жыццё ў рамкі вызыску і нянавісці, раздзяляючы чалавецтва на два варожыя паміж сабой абозы — прыгнятальнікаў і прыгнечаных. Змаганне гэтых у чалавецтве двух варожых паміж сабою абозаў выклікала тое, што на сучасным палітычным і грамадскім небасхіле выразна зарысаваліся дзве ваюючыя паміж сабой формы жыцця людскага: камунізм і фашызм.

Камунізм, зарадзіўшыся з няволі, сваёй рэвалюцыйнай хваляй ломе без разбору ўвесь парадак на свеце, каб на месцы яго будаваць нейкія новыя формы жыцця, якія знаходзяцца ў фантастычных яго праектах.

Фашызм, паўстаўшы пад напорам рэвалюцыйных хваляў камунізму, імкнецца паралізаваць і затрымаць іх.

У сувязі з гэтым паўсталі дзве формы дыктатур: пралетарская і фашыстоўская, іначай кажучы — паўсталі дзве ваюючыя паміж сабой арміі, каторыя кладуць надзеі ў перамозе адна другой на грубую матэрыяльную сілу, адкідаючы ідэал Любові, каторы вядзе да вольнасці, роўнасці і брацтва.

Будучы аднолькавымі «прыхільнікамі» як камунізму, так і фашызму, пазвольма бліжэй да іх прыгледзецца.

Калі б бальшавікі сваім рэвалюцыйным імкненнем перамаглі ды, захапіўшы ўладу, сілай фізічнай увялі людское жыццё ў форму камунізму, — ці была б дасягнута справядлівасць, дабро? Не, бо жыццё тады не было б абапёрта на добрай волі людскасці вольных людзей. А калі так, то не можа там быць вольнасці, роўнасці і брацтва, а раз гэтага няма, то няма і справядлівасці, дабра, а дзе няма справядлівасці, там пануе фальш.

Тое самае трэба сказаць і аб фашызме. Як жа не дзіўным ёсць той аб’яў асабістай самадзельнасці, калі адзін чалавек або якая-небудзь палітычная групка адважваецца браць на сябе адказнасць за жыццё цэлага народа або нават і ўсяе людскасці, абзываючы сябе справядлівасцю і сілай заганяючы людскасць у тыя формы жыцця, у каторых пануе здзек і паняверка над слабейшымі!

Дык дзе ж шлях да справядлівасці?

Ставячы такое пытанне, мусім на яго і адказаць.

Праўдаў дзвюх не можа быць, а таксама і шлях да справядлівых формаў людскага жыцця ёсць адзін.

А шлях гэты ёсць у ідэалах Хрыстыянізму, аснутых на Любові, Роўнасці і Брацтве, у Хрыстыянізме практычным, дастасаваным да ўсіх галін жыцця людскога.

У гэтым жа часе змагання вышэй успомненых двух кірункаў, калі беларускі народ знаходзіцца яшчэ ў працэсе свайго нацыянальна-грамадскага Адраджэння, і ў яго малады, яшчэ не акрэплы арганізм ужо ўядаецца зараза партыйнай нянавісці, якая бярэ свой пачатак з крыніц утапійных, фальшывых, вышэй прыведзеных тэорыяў.

Дык ці не трэба над гэтым падумаць ды, спыніўшы шкодныя для нашага Адраджэння сваркі, у любові адзін да другога аддацца супольнай працы на карысць свайго народа, вырабляючы ў ім пачуццё здаровага народнага патрыятызму і братняй любасці да ўсяе людскасці?

Здаецца, што гэтак.