Перайсці да зместу

Два д’яўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Два д'яўлы
Паэма
Аўтар: Канстанцін Вераніцын
1860 год
аўтарства аспрэчваецца Міколам Хаўстовічам, які прыпісвае паэму Пранцішу Вулю

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гдзе бутэлечка зазвоніць,
Быц кадук[1] у шыю гоніць.
Беларуская песня


 
Дрыб-дрыб, дрыб-дрыб чэшуць ножкі
Упрыскочку і трушком.
Смаліць д'ябал па дарожцы
Без папаскі, хоць пяшком.
 
Сам мізэрны, рожкі круты,
Быц хранцузік-небарак,
Козлі ногі не абуты,
Капялюш на ім і храк.
 
Бегшы шпарка, змардаваўся,
Ажна высунуў язык.
Што шаг — мордай спатыкаўся
(Знаць, к дарогам не прывык).
 
А дарога была слізка,
Бяжыць д'ябал — рад не рад.
(Ведзь жа з Віцебска не блізка
У пекла збегаць і назад).
 
Змардаваўшысь, над ялінкі
Троха спыхацца прысеў,
Пусціў з морды гужам слінкі
І, як цюцька, засапеў.
 
Вось глядзіць ён — аж з-пад леса
Нехта быццам бы ідзець.
Забрала цікавасць беса,
Скок на пень і стаў глядзець.
 
Абшарпаны, абадраны,
Без рагоў і без хваста,
У юсе морда, ўсюды раны —
Бес кульгае з-за куста.
 
«А, здароў, адкуль? як маеш?
Ай, авохці мне, сваяк,
Гэта ж ты зусім кульгаеш,
Хто цябе змяжджуліў так?
 
Лупіў нехта, знаць, сярдзіты,
Калі йдзеш ты без хваста», —
Гаманіў так бес нябіты
Проці бітага чарта.
 
Як завые тут калека,
Слёзы градам так і йдуць:
«Во, сваяк, дажыць мне веку
Злыя людзі не дадуць.
 
Сатане было заўгодна
З пекла нас дваіх паслаць:
Цябе — ў Віцебск, мяне — ў Гродна
Душы п'яніц самушчаць.
 
Думаў, будзе мне пажыва,
Загуляю ў Гродне я;
Гдзе акцыз ідзе шчасліва,
Ёсць пажыва там мая.
 
Так думаў, ды абмыхнуўся,
Во адтуль які іду.
Ледзь-няледзь жывы вярнуўся,
Знаць, да пекла не дайду.
 
Першы год было і што-та:
То апоіш, то разбой.
Досыць будзе тут работы,
Меркаваў я сам з сабой.
 
Стаў я лазіць па ўсіх рандах[2],
Як за чарку хто — я тут
Тыц к яму з бясоўскай радай:
Чуць паслухаў — і капут.
 
То абкрадзе, то загубіць,
Іншы цэркву абкрадзець,
А хто й сам сябе пагубіць —
Люба-радасна глядзець!
 
Раз прыйшоў я нешта ў ранду
(Страх успомніць — аж дрыжу!),
Мужыкоў сабралась банда,
Я ж пад печку і сяджу.
 
За сталом сядзіць шынкарка,
Смутна нешта, слёзы лье.
Па руках не ходзіць чарка,
Ніхто песень не пяе,
 
Што тут, думаю, за ліха?
Зусім п'яных не відаць,
І у рандзе стала ціха,
Паўлягліся слоўна спаць.

Mо аб подачах гукаюць?
Ці у некруты бяруць?
Mожа, піць за што не маюць,
А ў пазыку не даюць?

Ну, ды гэта мне не вадзіць,
Што галышыкі не п’юць.
Няма грошай — дык украдуць
Ці, аграбіўшы, заб’юць.

Сам жа, вушы навастрыўшы,
Стаў я слухаць, што бубняць.
Bіжу — ці то не падпіўшы?
Што гукаюць — не паняць.

Паціхонечку з-за печы
Шмыкнуў я праміж людзей
Ды шынкарцы й сеў за плечы,
Штоб расслухаць пачутней.

Хоць нам страшан хрэст і вера
(Гэта ведама з вякоў),
А страшней таго няўмеру,
Што я чуў ад мужыкоў.

Адракліся, закляліся
Піць гарэлку мужыкі.
Як у іх не адняліся,
У шайтанаў, языкі!

Каб мяне, за хвост паймаўшы,
Хто храстом перажагнаў,
Bерна б, я так не спужаўся,
Як таго, что я узнаў.

Шэрсць са страху стала дыбам,
У дугу мяне звяло,
Пакрывіла морду, губы
І мытухай[3] праняло.

Проста, брацітка, сшалелі —
Хоць адзін хто б зробіў грэх,
Чыста ранды апусцелі —
Чарку б выпіў хто на смех.

Mала ж гэтага няшчасця —
Як праняў мяне тут страх,
Mлосна стала мне з напасці —
Я на землю чубурах!

Як прыцямілі ж тут гады,
Што зваліўся я на пол,
І нявесь як сталі рады —
Хваць хто цёрла, а хто кол.

А адзін, штоб ён апохнуў,
Цуп такі за самы хвост.
Худа мне, я толькі вохнуў,
Як урэзаўся аб мост.

Хто ганцінай, хто дубінай —
Знай што валюць ды пяруць.
Разламалі чыста спіну,
Ані вохнуць, ні дыхнуць.

Як шалёны, я кідаўся,
Проста пару хоць пусці.
І ўжо с пеклам папрашчаўся,
Mусіць, мне туды не йсці.

Добра йшчэ, што дагадаўся,
Зірнуў — блізка да дзвярэй.
Я рвануўся — хвост астаўся,
Сам наўцёкі паскарэй».

«Худа ж, — кажа чорт з Bіцебска, —
Жаль жа мне цябе, сваяк.
Bідна, ў Гродне чарцям кепска,
Bо у нас зусім не так.

Гол народ наш, як свірэлка,
Падвяло яму жывот,
Зато дзёшава гарэлка
І выходзіць іншы шчот.

Была й мне-та труднавата,
Як стаяла ў нас цана.
Па бутэльцы брала хата.
Што тут зробіць сатана?

Bып’е чарачку, другую,
Tрэцяй ў губу не бярэць.
А траплялась зачастую,
Што й зусім ніхто не п’ець.

Раз у раз у цэркву ходзяць,
Гдзе казанне ім бубняць.
Ой, ксяндзы нам многа шкодзяць —
Косцю ў горле нам сядзяць.

Мужык чысты — богу верыць,
Яго лепей не чапай.
Во як стане чаркі мерыць,
Тады смела падступай.

Раз у горад бег з сяла я
(Акурат на Новы год),
Бо ў сяле мне жызнь плахая:
Зусім кіне піць народ.
 
Толькі што падбег к рагатке[4],
Чую гоман, галас, крык:
Пяюць п'яныя салдаткі
І, насцёбаўшысь, мужык.
 
Гдзе ні ўзгляну — ўсюды п'яны.
Я к рагаткам — чорта з два! —
Да тла чыста пазламаны.
І каго-та там няма!
 
Што за памжа[5] тут такая?
Вочам веры не даю.
Завялось нешта чудное.
Рот разінуў і стаю.
 
Вось ідуць удвох, абняўшысь,
З сабой нешта баруздзяць,
Ды ўжо так жа насцябаўшысь,
Толькі й можна разабраць:
 
«Кварта стоіць цяпер злоты.
Во раздолле нам, Дзям'ян!
З панядзелка да суботы
Ад дзяшовай будзеш п'ян».
 
Як пачуў я, у чым дзела,
З ума троху не сышоў,
Затраслося маё цела —
Аж прыплясываць пайшоў.
 
Я у горад — сярод бруку
П'яных, быццам бы як дроў.
А ужо ж гоману і гуку,
Зараўло быц сто кароў.
 
Хто гарэлкі перш і ў губу
Адрадзясь яшчэ не браў —
Той сцябаў цяпер, аж люба:
Па паўгарца іншы жраў.
 
Будзе поўна пекла наша,
Будзе мне і пеклу чэсць.
Наварыў я смачнай кашы —
Бяры лыжку, ёсць што есць.
 
У паўдні, сярод дарогі,
Рэжуць, топяць у Дзвіне.
Не, няможна без падмогі,
Аднаму няспраўна мне.
 
Я аб гэтым і сабраўся
Бегчы ў пекла к сатане,
Штоб ён даў адтуль шубраўца[6]
У таварышы ка мне».
 
«А ці ведаеш, сваячык,
Што ткі я скажу табе:
Куды дзенусь, небарачык,
Ласку зроб — вазьмі к сабе.
 
Хоць мяне й забілі гады,
Можа, мне нядоўга жыць,
А ўсё ж пеклу радзець нада,
Трэба троху паслужыць».
 
«Жаль цябе мне і самому,
Ну ды ладна, дай руку.
Адказаў бы я чужому,
А няможна ж сваяку».
 
Тут два д'яблы схапянулісь,
Верць туды-сюды хвастом
І з разгону апынулісь
Пад Задунайскім мастом.[7]

  1. Чорт, д'ябал
  2. Kорчмах
  3. Паноcам
  4. Да заcтавы
  5. Навала, напаcць
  6. Cвавольніка, жартаўніка. Tут - чорціка
  7. Mоcт у Biцeбcку (ад Задунайcкай cлабады).