Перайсці да зместу

Два грэнадзеры (Гейнэ/Ільяшэвіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Два грэнадзеры
Верш
Аўтар: Генрых Гейнэ
1827
Арыгінальная назва: Die Grenadiere
Пераклад: Хведар Ільяшэвіч
Крыніца: Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / склад. М. Скобла; уступны артыкул Е. Лявонавай. - выдавецтва "Лімарыюс", - Мінск, 2008 - с. 117-118

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З расейскай няволі маркотна ішлі
У Францыю два грэнадзеры.
Дайшоўшы да межаў нямецкай зямлі,
Яны пасмутнелі без меры.

Закраўся у сэрцы бясстрашныя страх —
Іх Францыя мучыцца ў сконе,
Разбіта адважнае войска у прах,
І сам імператар ў палоне.

Заплакалі горка старыя сябры,
Пачуўшы аб той паняверцы.
Прамовіў адзін: «О, як рана гарыць,
І гэтак мне цяжка на сэрцы!»

Другі адказаў: «Не, няма ўжо жыцця,
З табою гатоў я памерці,
Ды ў хаце і жонка, й малое дзіця —
І мне ратаваць іх ад смерці».

«Што ж, жонка з маленькім у свет хай ідзе,
Шукае прытульнае хаты.
Мне сэрца вялікшае гора гняце —
Палонены мой імператар.

Дай слова мне, брат, у хвіліне цяжкой:
Калі я памру на чужыне,
Ты цела у Францыю возьмеш з сабой —
У роднай зямлі хай спачыне.

Адзнаку-заслугу з чырвон-паяску
На сэрца ўрачыста узложыш,
Дасі мне вінтоўку маю у руку
І шпагу прычэпіш прыгожа.

І буду я ціха і чуйна ляжаць
У змрочным магільным сутонні.
А ўчую ізноў, што гарматы грымяць
І скачуць баёвыя коні,

На кліч імператара ўстануць рады,
Мячы зазвіняць, заільсняцца...
І я узнімуся з магілы тады,
Каб верным жаўнерам застацца!»