1.
Чорны вечар.
Белы снег.
Вецер, вецер!
На нагах не стаіць чалавек.
Вецер, вецер —
На ўсім божым свеце.
Завівае вецер
Белы сняжок.
Пад сняжком — лядок.
Золь, імжака.
Кожны хадок
Коўзаецца — ах, небарака!
Ад дому да дому —
Над вуліцай канат.
На канаце плакат:
«Уся ўлада Устаноўчаму сойму!»
Бабулька заходзіцца-плача,
Ніяк не ўцяміць, што значыць,
Навошта гэткі плакат бліскучы,
Такі кавалак — назола?!
Колькі-б выйшла для дзетак анучаў,
А кожны — босы і голы…
Бабулька, як курыца,
Перакулілася праз снежны ком.
— Ох, маці божая, заступніца!
Не жыццё ад бальшавікоў! ..
Вецер трывожны,
Не адстае і мароз.
І буржуй на раздарожжы
Затуліў каўнерам нос.
А гэта хто? — Даўгія космы,
Мармыча ў паўголаса:
— Здраднікі!
— Згубілі Расію!
То, мабыць, пісьменнік —
Вітыя.
А вось і даўгаполы —
Пад ветрам зморшчыў лоб.
— Што сёння невясёлы,
Таварыш поп?
Помніш, як бывала
пузам пёр упярод,
І крыжом зіяла
Пуза на народ?…
Вось пані ў каракулі
Да другой падвярнулася:
— Мы ўжо плакалі, плакалі…
Паслізнулася
І — гоп — расцягнулася!
Ай, ай!
Цягні, падымай!
Вецер гуляе
Рады і злы.
Падалы ўзбівае,
Падарожных косіць,
Рве, мне і носіць
Плакат угары
«Уся улада Устаноўчаму сойму»…
І словы даносіць:
… і ў нас быў сход, вядома…
… Вось у гэтым доме…
…Абгаварылі —
Пастанавілі:
На раз — дзясятку, на ноч — дваццаць пяць…
…І меней не з каго не браць…
… Хадзем спаць…
Позні вечар.
Пусцее вуліца.
Адзін валацуга
Сутуліцца,
Ды свішча вецер…
Гэй, нябожа!
Падыходзь —
Пацалуемся…
Хлеба!
Што наперадзе?
Праходзь!
Чорнае, чорнае неба.
Полымя сумнай злосці.
У грудзях занялося…
Чорная злосць, святая злосць…
Таварыш! Глядзі
Востра!
2
Гуляе вецер, мігціцца снег.
Ідуць дванаццаць чалавек.
Вінтовак чорныя рамні,
Наўкол — агні, агні, агні…
У зубах — цыгарка, стары картуз
На спіну-б трэба бубновы туз!
Свабода, свабода,
без крыжа святая!
Тра-та-та!
Халодна, таварыш, халодна!
— А Ванька з Кацькай у карчме…
— У панчосе керанкі ў яе!
— І Ванька грошаў мае шмат…
— Быў Ванька наш, а стаў салдат!
— Ну, Ванька, сукін сын, буржуй,
Маю пацалаваць спрабуй!
Свабода, свабода!
Бяз крыжа святая!
КацькаВаньку пацяшае —
Чым, чым пацяшае?..
Тра-та-та!
Наўкол — агні, агні, агні…
Аплеч ружэйныя рамні…
Рэвалюцыйны трымайце крок!
Не дрэмле вораг, пільнуе змрок!
Таварыш, стрэльбу ямчэй нясі!
Давай пальнём па святой Русі! —
Па ізбянай,
Па кандовай,
Ды па тоўстазадай!
Эх, эх, без крыжа!
3.
Як узяліся нашы хлопцы
У чырвон-гвардыі служыць,
У чырвон-гвардыі служыць —
Буйну голаву злажыць!
Эх ты, гора-горкае,
Салодкае жыццё!
Стрэльба аўстрыяцкая,
Падраны палітон!
Мы, на гора ўсім буржуям,
На увесь свет пажар раздуем,
На увесь свет пажар у крыві, —
Госпадзі, благаславі!
4.
Ўецца снег, ліхач крычыць,
Ванька з Кацькаю ляціць —
Елікстрычны ліхтарок
На аглобельцы…
Ах, ах, падай!…
У шынелі ён шалдацкай,
Не салдат, а нейкі фацат!..
Завівае чорны вус,
Ды закручвае,
Ды выкручывае…
Вось дык Ванька — гэта зух!
Вось дык Ванька — смелы рух!
Кацьку-дуру абымае,
Загаварывае…
Кацька слухае яго,
Зубкі ззяюць жамчугом…
Ах ты, Каця, мая Каця,
Таўстамордзенькая…
5.
У цябе на шыі, Каця,
Ад нажа майго рубец.
У цябе пад грудзьмі, Каця,
Знак пакінуў маладзец!
Эх, эх, паскачы!
Дня вясёлыя злічы!
У панскіх вопратках хадзіла, —
Пакрасуйся, пахадзі!
З афіцэрамі блудзіла —
Дык пацешся, паблудзі!
Эх, эх, паблудзі!
Сэрца лёдам халадзіць.
Помніш, Каця, афіцэра —
Галавы ён не знасіў…
Ці не ўспомніла, халера?
Ці забылася зусім?
Эх, эх, успамяні,
Спаць з сабою памані!
Гетры шэрыя насіла,
Ела панскі шакалад,
З юнкерам гуляць хадзіла —
З салдаццём цяпер пйашла?
Эх, эх, саграшы!
Будзе лепей на душы!
6.
…Ізноў насустрач угрунь імчыць,
Ляціць ліхач, ляціць, крычыць…
— Стой, стой!… Андруха, пераймай!
Пятруха, ззаду забягай!
Трах-тарарах-тах-тах-тах-тах!
Узвіўся ў неба снежны гмах…
Ліхач — і з Ванькам — наўцёк…
Яшчэ разок! Узводзь курок!…
Трах-тарарах! Ты будзеш знаць
З чужою дзеўкай як гуляць! …
Уцёк, зладзюга! Уцякай!
Назаўтра помсты ты чакай!
А Кацька мёртвая ляжыць,
І з раны кроў на снег бяжыць.
— Што, Кацька, рада? Ні гу-гу…
Ляжы ты, падла, на снягу!
Рэвалюцыйны трымайце крок!
Не дрэмле вораг, пільнуе змрок.
7.
І ізноў ідуць дванаццаць —
Толькі стрэльбы бразгацяць.
Твар у беднага забойцы
Пабялеў, бы ў мертвяка…
Праз сувеі снегавыя
Разагнаў трывожны шаг.
Хустку звіў вузлом на шыі —
Не апомніцца ніяк…
— Ты чаго такі маркотны,
Невясёлы стаў такі, —
Ці без Кацькі той самота
Сэрца сціснула ў ціскі? …
— Эх, сябры мае, браточкі!…
Гэту дзеўку я кахаў…
Не адну хмельную ночку
З гэтай дзеўкай скаратаў…
З-за гарэзнасці бядовай
У палаючых вачах,
З-за радзімачкі пунсовай
Каля правага пляча.
Загубіў я, бесталковы,
Загубіў я згарача…ах!
— Ну, разнюніўся, разліўся…
Ці-ж не баба ты, Пятро!
Хочаш, Богу памаліся!
Хочаш вывернуць нутро?
— Гэй, Пятруха, схамяніся!
— Над сабой трымай кантроль!
— Час настаў цяпер інакшы —
Не для гора і тугі,
Трэба скончыць справу нашу
Нам, таварыш, дарагі! —
І Пятро свой бег спыняе,
Суцішае ён шагі…
Ён галоўку ўзнімае,
Ён ізноў павесялеў…
Эх, эх!
Пагуляць цяпер не грэх!
Сёння ты, буржуй, не спі —
Дзверы крукам зашчапі!
Склепы-сховы адчыняй,
Ды галоту сустракай!
8.
Ох, ты, гора горкае!
Доля нудная,
Сумная!
Я часіну тут
Правяду, правяду…
Я патыліцу
Пачашу, пачашу…
Я гарбузікі
Пагрызу, пагрызу…
Я ўжо ножычкам
Паласну, паласну!
Ты ляці, буржуй, зязюлькаю!
Вып’ю кроў я
За любоў маю,
Чорнабровую…
«Упокой, Господі, душу рабы твоея»…
Нудна!
9.
Не чутна шуму гарадскога,
Над неўскай вежай цішыня,
І больш няма гарадавога -
Гуляйце, хлопцы, без віна!
Стаіць буржуй на раздарожжы,
Схаваў у каўнер ссінелы нос.
А побач з ім спіну наёжыў
Сабака, падтуліўшы хвост.
Буржуй, як цюцька, стаў, галодны
І да зямлі нібы прырос.
І свет стары, як пёс бязродны,
Стаіць за ім, паджаўшы хвост.
10.
Загуляла завіруха,
Ой, ой, завіруха!..
Усё пад белай пацярухай
Захавалася кругом!
Снег узвіваецца слупом,
Рассыпаецца наўслонь.
— Ох, мяцель якая, Спасе!
— Гэй, Пятруха, не хістайся!
— Ад бяды цябе, мо’упас
Залаты іканастас?
Несвядомы ты, ты дзе там —
Сам падумай лепш пра гэта!
Хіба рук крывёй не спляміў
Цераз Кацькіна каханне?
— Шаг трымай рэвалюцыйны, —
Вораг шлях нам не зачыніць!
Упярод, упярод!
Рабочы народ!
11.
І ідуць без імені святога,
Усе дванаццаць — удаль.
Да ўсяго гатовы,
Ніпачым ім жаль…
Іх вінтоўкі гневам веюць
На варожыя сляды…
У завулкі, дзе завеі,
Дзе ўзлятае снег, як дым,
Дзе не вырвецца з сувеяў
Ні стары, ні малады. —
У вочы б’е
Чырвоны сцяг.
Раздаецца:
Мерны шаг.
Смерць снуе
Варожы шлях —
І пыліць завея ў вочы
Дні і ночы
напралёт…
Упярод, упярод,
Рабочы народ.
12.
…Удаль ідуць усеўладным шагам.
— На дарозе хто там устаў?
Гэта — вецер з чырвань-сцягам
Разгуляўся, зашугаў.
На шляху — сумёт халодны.
— Хто там? — Ноч і мітульга. —
Толькі ззаду пёс галодны,
Нібы злодзей, закульгаў.
— Адвяжыся, шалудзівы,
Я штыхом паласкачу!
Свет стары — брахун паршывы,
Адыдзі — пакалачу!
… скаліць зубы — воўк галодны, —
Хвост паджаў — не адстае —
Той сабака — злы, бязродны…
— Адгукнуліся, хто йдзе?
Хто махнуў чырвоным сцягам?
Цемра гэткая кругом!
Хто там ходзіць белым шагам?
Хто схаваўся за вуглом?
— Усё роўна пераможам,
Лепш здавайся мне жыўцом!
— Чуеш, горай стацца можа!
Гэй, выходзь, страляць пачнём!
Трах-тах-тах! — і толькі рэха
Адгукаецца — гу-гу!…
Ды завея доўгім смехам
Заліваецца ў снягу…
Трах-тах-тах!..
Трах-тах-тах!..
Так ідуць усеўладным шагам —
Ззаду — пёс, галодны пёс…
На чале з крывавым сцягам,
Праз завеі снежны гул,
Абаронены ад куль,
Над завейным крокам кволым,
Перлам белым снежных столак
У вяночку з белых роз —
На чале — Ісус Хрыстос.