Да справы веравызнання Фр. Скарыны
Да справы веравызнання Фр. Скарыны Аўтар: Уладзіслаў Талочка 1935 Крыніца: Калосьсе - 1935. - №3, с. 169-170 |
(З нагоды працы кс. др. К. Кантака „Bernardyni Polscy“. Lwow 1933) |
Асоба Фр. Скарыны з гістарычнай цемры выяўляецца прад намі штораз больш. Вось нядаўна кс. праф. др. Каміль Кантак (Пінск) у вышэй успомненай сваёй двутамовай працы нямала кідае сьвятла на нявырашаную дагэтуль справу веравызнаньня гэтага беларускага дзеяча з XVI ст.
Аўтар гэты, гаворачы аб кляштары ў Полацку Бэрнардынаў і аб іх там дзейнасьці, між іншым выражаецца гэтак: ...”miedzy nawroconymi znalazla sie takze rodzina Skorynow, jak o tem swiadczy imie znakomitego wydawcy Franciszek” (І, 179).
Гэтае цьверджаньне, ведама, апрача праверкі, вымагае так-жа асьвятленьня варункаў і асяродка дзейнасьці Бэрнардынаў у Полацку.
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандра адносна да каталіцтва праводзіў палітыку свайго бацькі Казімера Ягайлавіча; за яго часаў ордэн Бэрнардынаў або йнакш Францішканаў „antiquae observantiae" прыбыў на Беларусь і хутка здабыў пашану ў манарха, а так-жа часткова й у беларускага насельніцтва. Вось-жа ў 1498 г. Бэрнардыны аселі ў Полацку і павялі працу ў кірунку наварачваньня Беларусаў праваслаўных на лацінскае каталіцтва. Не бяз прычыны маскоўскі цар Іван IIІ ужо ў 1502 г. з абурэньнем выражаўся, што ў Полацку паўстала „Рымская бажніца" (Danilowicz J. — „Skarbiec dyplomatow“, ІІ, Wilno 1862. Nr. 5119).
Кляштар Бэрнардынаў знаходзіўся ня ў самым Полацку, але за горадам, на прадмесьці Заполацьце, на захад ад даўнейшага княжага замку, недалёка ад утоку Полаты ў Дзьвіну. Месца гэта можна азначыць на найдаўнейшым пляне Полацку з 1579 г. (А. Сапуновъ — „Рѣка Западная Двина". Витебскъ, 1893, 426—7). Кляштар, як і касьцёл пры ім, збудаваныя былі з дрэва і падчас войнаў у XVI ст. былі спалены, а пасьля адбудаваныя ўзноў. Касьцёл называўся „Ara Coeli — Брама Неба".
Лік каталікоў лаціньнікаў ужо тады ў Полацку быў даволі значны. Нават адзін з каталікоў быў бурмістрам (Danilowicz, 2104).
Рэлігійны і маральны ровень беларускага насельніцтва быў тады дужа нізкі. Многія ня былі нават хрышчаны. Аб рэлігійнай сьведамасьці агулам не магло быць і мовы. Вось-жа ніва для працы была шырокая й запушчаная і Бэрнардыны горача на ёй узяліся за працу. Яны многіх ахрысьцілі, а многіх навярнулі з праваслаўя на каталіцтва. Дзякуючы іх працы, каталікоў у Полацку пасьля некаторага часу налічалася некалькі тысячаў (Калчак, І, 179).
Запазнаўшыся з каталіцтвам праз Бэрнардынаў у Полацку ў маладых сваіх гадах, Скарына, відаць, прыняў каталіцтва і новае імя Францішак, культ якога ў каталікоў быў у Эўропе дужа вялікі.
З той-жа працы кс. Кантака даведваемся яшчэ, што полацкія Бэрнардыны “poslugiwali sie mowa ruska", што, пэўне-ж, азначае мову беларускую. Ведама, з гэтага ня вынікае, што яны сталі ў касьцёле гаварыць пабеларуску навукі, хоць няма доказу, што й так ня было, — але карысталіся мовай беларускай час- ад-часу, як мовай успамагальнай. У кожным выпадку, як на канец XV і пач. XVI ст. і гэтага было многа. Вось-жа і гэты факт у працэсе зьмены сямьёй Скарынаў праваслаўя на каталіцтва мог мець сваё значэньне.
Можна спадзявацца, што далейшыя навуковыя досьледы над мінуўшчынай Полацка[1] і над біографіяй слаўнага Францішка Скарыны, доктара з Полацка, дапамогуць аканчальна выясьніць, дагэтуль нявырашаную, справу яго веравызнаньня.
Справа-ж гэта мае важнае значэньне, як для выясьненьня эпохі, так і культурнай дзейнасьці Францішка Скарыны.
Было-б урэшце дужа пажадана, каб прадстаўнікі маладой беларускай навукі магчыма ў найхутчэйшым часе прыступілі да апрацаваньня й выданьня кнігі агулам аб Скарыне, аб якім сапраўды мала ведама, а часта й тое, што ведама—ня сусім пэўнае.
- ↑ Сяньня над мінуўшчынай Полацка й Полаччыны працуе віленскі праф. Меніцкі. (Ул. Т.).