Перайсці да зместу

Да рускіх сяброў (Міцкевіч/Байкоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да рускіх сяброў
Верш
Аўтар: Адам Міцкевіч
1940 год
Арыгінальная назва: Do przyjaciół Moskali (1832)
Пераклад: Мікола Байкоў
Крыніца: Чырвоная змена, 1940, 24 ліст.
Іншыя пераклады гэтага твора: Да рускіх сяброў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да рускіх сяброў

Ці помніце мяне? Як часта перад мною
Ўстаюць выгнанне, кары, смерць сяброў.
Імкнуся думкаю да вас, са шчыраю душою,
І вашы вобразы хаваю ў памяці ўжо рад гадоў.

Дзе вы цяпер? Рылеева нязломленая шыя,
Якую абнімаў я братняю рукой,
Заціснута пятлёй. О каты злыя!
Праклён сваёй зямлі прарокаў катам мой!

Рука Бястужава - салдата і баяна,
Якою ён так часта паціскаў руку маю,
Ад зброі і пяра царом да тачкі адарвана
І разам з польскай рые мёрзлую зямлю.

А можа, іншага яшчэ страшней пасцігла кара —
Чынамі, ордэнам высокім закляймён;
Душу цару прадаў на векі дарам,
Як раб згінаецца і нізкі б’е паклон.

Прадажным языком цара, быць можа, славіць,
І цешыцца пакутамі нязноснымі сяброў;
Мой родны край крывёй маёй крывавіць,
Хваліцца прад царом сваёю подласцю гатоў.

Калі да вас ў край поўначы, да скутага народа,
З краіны вольнай дойдзе сумны мой напеў,
Няхай ён прапяе вам мілую свабоду,
Як крыкам журавы пяюць вясны павеў.

Мяне пазнаеце па голасу… Калі таміўся я ў аковах,
Перад тыранам поўзаў моўчкі, нібы змей,
А вам я адкрываў сваіх пачуццяў сховы,
Як голуб з вамі просты сёння і даўней.

Цяпер я выліў да канца яд прыкрай дакарызны,
Ён горкі, гэты яд, пякучы, злы,
Бо высмактан з крыві і слёз айчызны.
Няхай пячэ і паліць ён не вас, а вашы кайданы!

Калі ж хто з вас маёй прыязню пагарджае,
Той гідкі мне, як пёс, так доўга змушаны скакаць
На моцным ланцугу, што за руку кусае
Таго, хто захацеў з яго ашыйнік зняць…

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.