Перайсці да зместу

Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1922
Крыніца: Беларускі сьцяг. — 1922, №2—3 — с. 1—8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пытаньне аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, калі разумець яго шырока, занадта зложнае, каб можна было думаць улажыць адказ на яго ў рамкі невялікай журнальнай стацьці. Не бяручыся дзеля гэтага за падобны адказ, мы хочам застанавіцца на адным з момантаў пытаньня аб незалежнасьці, маючым чыста ідэолегічны, а не практычны характар.

Нашае вызнаньне ідэі незалежнасьці Беларусі выходзіць галоўным, а мо’ і выключным чынам з нашага пераконаньня, што беларускі народ — ёсьць асобны, нацыанальна самаісты народ, пасколькі можна гаварыць аб самаістасьці ў варунках сучаснай агульналюдзкай цывілізацыі. Беларусь ёсьць асобны, самаісты край, а беларускі народ — ёсьць асобнае, рознае ад другіх племя, з ўласнай культурай, з ўласным бытам, ўласнай нацыянальнай псыхалёгіяй і г. д. Беларускі народ у шэрагу іншых, акружаючых яго народаў, мае рожную ад іншых нацыанальную фізыаномію, якая адрожнівае яго од суседзяў і творыць з яго адзінку сярод агульнага ліку народаў.

Калі йдзе гутарка аб тым, ці зьяўляецца данны народ, даннае племя асобным народам, асобнай нацыяй, нясхожай з іншымі, дык звычайна зьвертаюць увагу на так званыя об'ектыўныя адзнакі гэтай асобнасьці. Падобныя об’ектыўныя адзнакі зафіксаваны зазвычай у этнографічных, антрополёгічных, эканамічных і ўселякіх іншых данных, на аснове якіх, ці то па асобку, ці то заразам у купе, робяць вывад аб праве народу заяўляць аб сваей асобнасці:

Мы ніколі не спрэчаліся з тым, што такіе об’ектыўные адзнакі вельмі важны. І ў стасунку да беларускага народу мы можам прывезці іх шмат. Але мы ніколі не рабілі на іх націск, ніколі не пераацэнівалі іх значэньня. Мы ведаем, што народы, з этнографічнай, антрополёгічнай і др. прыродай у якіх не было ў свой час ніякіх данных, тым ня менш былі народамі і гэткімі сябе адчувалі. Гэта з аднаго боку.

З другога — мы бачым, як у стасунку да таго, ці іншага народу вучоныя вагаюцца — прызнаць яго асобным, ці не прызнаць: ці даволі для такога вызнаньня тых, або іншых адзнак ці не даволі. Яскравым прыкладам падобнага ваганьняя можа быць навучная палеміка, цягнуўшаяся не адно дзесяцілецьце ў стасунку да украінцаў. Спрэчкі і ваганьня ў гэтых пытаньнях маюць мейсца таму, што апроч мяркаваньняў чыста навучнага характару, тут граюць ролю мяркаваньня старонныя, нават палітычныя. Наагул, можна адзначыць, што пры разглядзе гэтых пытаньняў німа цьвёрда устаноўленнага і прызнанага крытэрыума і шмат што залежыць ад настрояў саміх даследчыкаў.

Ласьне дзеля гэтага мы робім найбольшы націск у пытаньню аб асобнай нацыянальнай прыродзе народу не на памянёныя об'ектўныя адзнакі, але на суб'ектыўнае пачуцьцё самога народу. Калі народ адчувае сябе нечым асобным — знача так яно і ёсьць. Падобнае ўнутранае адчуваньне, канстатаванае ў народных массах, ёсць на наш погляд рашаючы фактар у спрэчцы. Калі беларуская масса адчувае сябе асобнай ад таго, што яе акружае, калі яна ўнутранна сьвядома, што яна ня тое, што палякі, расійцы, літвіны — знача беларускі народ істнуе як нацыональна асобны народ.

Мы пераконаны, што падобнае массавае ўнутраннае адчуваньне сваей асобнасці жыве ў тоўшчы беларускага народу. І гэта — галоўнае. Усё іншае, ў тым ліку данныя навукі, складаюць сабой прычыны другораднага значэння. Яны больш патрэбны для тых, хто глядзіць на беларускае адраджэнне збоку і збоку будуе свае прагнозы, чым для тых, хто бярэ актыўны удзел у гэтым адраджэньню і дзьвігае яго з нутра.

У стасунку да так зв. об'ектыўных адзнак трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што выяўленьне народам сваей асобнасці залежыць ня толькі ад вялікасці гэтых асобнасьцяў, але і ад тых варункаў, у якіх народ жыве. Гістарычныя падзеі граюць тут вялікую ролю: у варунках спрыяйных народ расьце, творыць — і свой рост, сваю творчасць зафіксоўвае у адпаведных формах. Інакш кажучы, ў варунках спрыяйных нацыя выяўляе і рафінуе свае асобнасці. Наадварот, у варунках неспрыяйных — нацыя не расьце, ня творыць, не разьвіваецца і калі ня губіць да шчэнту сваей індывідуальнасці, дык і не выпрацоўвуе яе ў адпаведных об‘ектыўных формах. Аднак падобнае замацаваньне росту нацыянальных сіл. выкліканае агульнымі неспрыяйнымі варункамі жыцьця народу ў прошласьці не знача, што народ гэты ня выявіць у поўнай меры сваей індывідуальнасці ў будучыне. Кожды народ нясе ў сабе такую моц жытнёвай энэргіі. што рэдка якіе падзеі могуць яе зьвясьці на нішто. Народ як зярно, ці семя можа лежаць бяз руху сталецьці і даць пышны розквіт, як толькі для таго зьявіцца магчымасць.

Мы знаем, што беларускі парод у пэрыод часу ад XVII да XX веку. ў зьвязку з агульнымі падзеямі гісторыі, ня мог нормальна разьвівацца і ўдасканаліць тые рысы сваёй прыроды, якіе давалі-б яму права на безапэляцыйнае вызнаньне з боку зацікаўленых старон. Многае з таго, што складала наша багацьце паразцягалі суседзі-пераможцы, шмат што засталося ў первабытным стане, шмат што абцерлася і разпылілася. Гэта можна заўважыць як у дзедзіне мовы, так і ў дзедзіне звычаяў, народнай славеснасці, музыкі і г. д. Маючы гэта на ўвазе можна смела сьцьвердзіць, што нацыянальная стыхія Беларусі як асобнай краіны да сяго часу яшчэ не рэалізавана; ці, карыстаючыся фізычнымі тэрмінамі, можна сказаць што кенэтычныя праяўленьня творчых сіл беларускага народу да сяго часу былі невялікіе. Але мы ведаем, што нацыянальная стыхія Беларусі захоўвуе ў сабе аграмадныя магчымасці, аграмадную потэнцыальную энэргію якая толькі чакае моманту, каб выйсці на зьне.

Прызнаючы, што беларускі народ як у сучасным выражэньні, так галоўным чынам у потэнцыальным значэнні, уяўляе сабой асобны, самаісты народ і што гэты народ стаіць на парозе свайго бліскучага розквіту мы, веруючыя, зьяўляемся сьвядомымі адэптамі яго поўнай палітычнай незалежнасьці.

Чаму, ласьне, незалежнасьці? Чаму не якой небудзь іншай дзяржаўнай формы? Адказ на гэтае запытаньне мы знайходзім ізноў такі ў нашым поглядзе на нацыянальную прыроду Беларусі.

У стасунку да беларускай проблемы можна акрэсьліць два напрамкі, два роды думак. Ёсць напрамак, які лічыць, што беларускае пытаньне ёсць пытаньне мейсцовай палітыкі. Беларусь, згодна яму, ёсць край не з асобным народам, а з асобнымі мейсцовымі асаблівасцямі; або другімі словамі — гэта ёсць “область” Расіі, ці эвэнтуальна, „kresy“ Польшчы. Асаблівасці гэтыя могуць быць рожнага — гістарычнага, гаспадарчага, нават эпіграфічнага — характару, але ні ў якім выпадку нацыанальнага. У зьвязку з тым, што Беларусь ёсць мейсцовасьць. розная ад цэнтру, трэба ў стасунку да яе стварыць спяцыальную сыстэму гаспадарчую. Патрэба гэткага прытасаваньня выражаецца ў наданьні Беларусі праў аўтаномнай, ці нават фэдэрацыйнай адзінкі, дзякуючы чаму урэгуляваньне і здаволеньне патрэб мейсцовага жыцьця выконуецца тымі органамі, якіе радзіліся на мейсцы і якім вядомы ўсе дэталі тутэйшага жыцьця. Наданьнем падобных правоў і канчаецца вырашэньне беларускай проблемы.

Калі Беларусь мае толькі мейсцовыя адзнакі, асаблівасці, дык большага для яе і вымагаць нельга. Знача — яна ёсьць часць цэлага і знача ў самым істотным, у самым важным яна творыць з гэтым цэлым нешта адзінае. Такім чынам, у стасунку напр., да Расіі, Беларусь ёсць край з спэцыфічным гаспадарчым укладам, з нязвыклым для цэнтру складам жыхароў і г. д., але заразам — яна ёсьць старонкай народна, нацыональна адзінай са ўсей Расіяй. І таму, ў стасунку да беларускай провінцыі павінна вясьціся провінцыальная палітыка, а ў стасунку да Расіі — павінна вясьціся адзіная нацыанальна-дзяржаўная палітыка. Областная ідэолёгія так ласьне, з свайго пункту погляду слушна мысьліць, што задаволеньне провінцыальных патрэб не вымагае абавязкова незалежнасьці провінцыальнай ўлады. Больш таго, ў мэтах экономіі сіл і сьродкаў, у мэтах асягненьня найбольшых вынікаў пры найменшай затраце сіл акурат патрэбна, каб цэнтральнай ўладзе было нададзена усё, што служыць агульным інтэрасам усіх складаючых цэлае правінцый, і каб правінцыі было пакінута толькі гэтулькі правоў, сколькі вымагае сума яе асаблівасцяў.

Палітычная незалежнасць як абавязковасць паўстае толькі тады, калі мы маем дачыненьне ня з “областью”, “kresami”, а з асобным народам. з асобнай нацыяй. Адсюль сьледуе, што хто не вызнае Беларусь самаістым краем і беларусаў асобным народам, той ніколі ня будзе староньнікам незалежнасьці Беларусі; наадварот, хто вызнае беларусаў нацыанальна—самаістым народам – той павінен патрэбаваць незалежнасьці сваей бацькаўшчыне. Мы кажам — павінен, бо па нашаму пераконаньню самаістасьць нацыянальная вымагае самаістасьці палітычнай.

Апошні постулят будзе для нас зразумелы, калі мы выяснім, як мы разумеем паняцьце нацыі і якое значэньне мы прыдаём палітычным формам, у якіх народ жыве.

Нацыя (грамада-народ) па нашай думцы ня ёсьць толькі фізычны конгломэрат людзей, заключоных у адпаведных географічных межах; яна ня ёсьць толькі абстрактная “юрыдычная асоба”, але ёсць жывы організм, маючый свае мэты і свой сэнс істнаваньня. Якіе гэта мэты і які сэнс істнаваньня мае народ, мы ўстанавіць ня можам, як ня можам адказаць на пытаньне аб сэнсе свайго ўласнага істнаваньня. Далёкіе ад якога-небудзь „абагоўленьня” народу і не падпарадкавуючы службова народу нашага індывідуальнага істнаваньня, мы разам з тым вызнаем, што паняцьце нацыі заключае ў сабе нейкія надіндывідуальная заданьня, нейкую самаістую праўду і цэннасць. Паняцьце нацыі у мэтафізычным значэньню знамянуе сабой сынтаз усіх нашых індывідуальных істнаваньняў і як гэткі сынтэз нацыя нам блізка, зразумела і дорага. Так напр., мы лічымся сынамі беларускага народу не таму, што мы жывем у межах вось гэтых і гэтых губэрній, і не таму, што мы жывем у якіх-сі “беларускіх” эканамічных варунках, а таму, што мы творым з народам нашым нешта адзінае ў сэнсе нацыянальнага духа. Увесь камплекс нашых склоннасьцяў, верагляду, прывычак: адзінасць мовы, гістарычнага лёсу, ўрэшце — загадковая роднасць крыві — вось што радніць нас з народам, вось у чым знаходзім мы сваю супольнасьць з народам, як нейчым акрэсленна закончаным. Да сьвядомасьці зьвязі сваёй з народам чалавек прыходзіць з маленства, хоць і не адразу, а праз сямью. грамаду (род—род-ный, на-род). Варункі фізычнага бытавання, якія мы пад агульнай назовай матэрыяльных процістаўляем адзінству духоваму, граюць пры гэтым ня толькі актуальную, але часта нэгатыўную ролю. Варункі матар'яльныя зазвычай нас розьняць, у той час як варункі духовыя нас злучаюць. Сыны аднаго беларускага народу мы ў штодзённым жыцьці можам змагацца паміж сабой за валаданьне матар'яльнымі цэннасьцямі, якія вытварае Беларусь, але нам ніколі ня прыдзе ў галаву змагацца за яе духовыя цэннасці. Беларуская духовая істота супольна ўсім членам беларускай сямьі, і як гэткая ня можа быць ні паменшана ні аднята![1]

Містычны нацыянальны дух, вышэйшае праяўленьне ўсіх багацьцяў народнай творчай стыхіі, розквіт і панаванне нацыянальнага Лёгаса – вось што для нас становіць апошнюю беззапярэчную цэннасць, Да падобнага разкрыцьця, разкрэпашчэньня і розквіту беларускага нацыанальнага духа мы і павінны імкнуцца, цікуючы палітычныя лёсы беларускага народу.

Як у стасунку да кождай асобы, так і ў стасунку да цэлае нацыі можна прызнаць, што галоўным варункам праяўленьня імі сваіх творчых сіл ёсьць поўная свабода істнаваньня. Толькі у поўнай свабодзе як аддзельвай асоба, так і ўвесь народ могуць даць тое, на што здольны. Поўная свабода дзеяньня для народу ёсьць яго палітычная незалежнасьць. Палітычная незалежнасьць народу забяспечае яму такі парадак, пры якім ён пачынае жыць з сябе і для сябе. Жыць “з сябе і для сябе” не знача замкнуцца ў рамкі беларушчыны і адгарадзіцца ад сьвету, гэткай вульгарызацыі паняцьцяў дапускаць нельга. Разам з патрэбай усестароньнай лучнасьці народаў мы разумеем і неўнікнёнасьць гэтай лучнасьці. Але усё пытаньне ёсьць у тым, каб гэтая лучнасьць не была прынукай і каб патрэбнае ў мэтах агульналюдзкага прогрэссу ўзаемнае прытасаваньне народаў адбывалася толькі ў форме свабоднага ўплыву. Жыць “з сябе і для сябе” знача толькі, што народ будзе жыць вольна як расьце расьціна, набіраючыся ўласнымі сокамі і пускаючы гэтыя сокі для ўласнага росту, і розквіту. Інак кажучы, кожды народ павінен служыць ўласнаму духу, а не чужому.

Падобнае служэньне магчыма толькі ў варунках поўнай дзяржаўнай незалежнасці народу. Як бы добра ні ўкладаць констытуцыйныя гарантыі правоў Беларусі, як аўтаномнай, ці фэдэрацыйнай адзінкі, ўжо адзін той факт. што яна будзе зьвязана дзяржаўнымі зьвязямі з чужым нацыональным арганізмам будзе сведчыць, што воля яе затамавана, што яна служыць не свайму “Я", а чужому.

Кождая сучасная дзяржава ёсць, як ведама, вынік самаабмежаньня народу, ёсць кампраміс у барацьбе ўсіх складаючых яго элементаў. Падобны кампраміс характарызуецца тым, што ў жыцьцё народу, як апошні аргумант уводзіцца грубая фізычная сіла. Імкнучыся да панаваньня беларускага нацыянальнага Лёгасу мы ня годзімся дзеля гэтага наагул з разумнасцю сучаснай дзяржавы. Унясеньне ў жыцьцё народу грубай сілы, і патрэбу прыслуханьня гэтай сіле, большай ці меншай часткі народу, мы склонны дзеля гэтага разглядаць як сваей адмены паняволеньне вольнага духа нацыі. І калі мы ўсе-ж такі йдзем на падобнае паняволеньне, калі мы імкнёмся да Беларускай дзяржаўнасьці, — дык толькі як да сумнай неўнікнёнасці нашае недасканальне сучаснасці. Мы сьвядома йдзем на падобнае самаабмежаньне беларускага народу толькі таму, што іншая форма яго бытавання ў данны момант немагчыма. Але мы ніколі ня можам пайсці на падвойнае абмежаньне вольнага духа беларускага народу, ці лепш, на абмежаньне ў мэтах служэньня чужому ідэалу, чужому духу. Дабівацца дзяржавы, няволіць сябе можна ізноў такі толькі для сябе. Заключаць сябе ў формы дзяржаўнасці, няволіць сябе для асягненьня не сваіх мэт — знача адмаўляцца ад свайго нацыанальнага „Я“, знача не вызнаваць сябе самацэннасьцю і самамэтнасьцю, ўлівацца ў чужыя формы і не расьці ў сваіх – знача адмаўляцца ад прызнаньня сябе самаістым народам і абертацца ў этнографічны матэр'ял, пазбаўленый ўласнай ідэі і ўласнага “Я”. Падобнае становішча і будзе займаць Беларусь да таго часу, пакуль яна будзе аўтаномнай, ці федэратыўнай часткай цэлае агульнае сыстэмы. Апраўдаць гэткае становішча нельга, бо для нас беларускі народ ёсць, ласьне, і самацэннасьць самамэтнасьць.

Акрэсьляньне ўласнага нацыональнага “Я” у плашчыне палітычных ўзаемаадносін адбываецца звычайна шляхам устаноўленьня дзяржаўнага суверэнітэту народу. Углядаючы ў нацыі сваеблічную цэласнасць, або, як мы сказалі вышэй, — жывы арганізм, павінна згадзіцца, што ўстаноўленьне суверэнітэту, народу ня ёсць толькі абстрактная формула, што гэта ня ёсць толькі формальны момант, патрэбны для юрыдычных клясыфікацый. Па нашай думцы, устаноўленьне нацыональнага суверэнітэту ёсьць массавы псыхолёгічны працэс, і як гэткі ёсць зьявішча не трансцэдэнтальнага, але рэальнага жыццёвага зьместу. Гэты працэс адчуваецца народам так сама, як пачуцьце свабоды ў чалавека, вышаўшага з турмы, ці лепш, як пачуцьце свабоды разам з пачуцьцем адказнасьці ў чалавека, пачаўшага жыць самаістым жыцьцем. Кожды народ, які хоча знайсці і акрэсьліць самога сябе, які хоча стаць ў роўню з сваімі суседзямі, павінен перажыць гэты працэс. Момантам выяўленьня сувэрэнітэту народу звычайна лічаць момант абвешчаньня яго палітычнай незалежнасці. Гэта, канечне, умоўнасць такая-ж, як прыкл., вызнаньне поўналетнасьці і правоў з ім зьвязаных для чалавека, які дасьціг 21 году. Сувэрэннасьць у нашым разуменьні можа быць і ня прытасавана да пэўнага моманту; яна можа быць адчута народам не адразу як бы нейкая прасьвяда, а процягам пэўнага часу, так сама, як адчуваецца фізычная даспеласць кождага арганізму.

Прыймаючы пад увагу, што сувэрэнітэт ёсьць свядомасць нацыональнай свабоды і зацьверджаньне самастасьці народнага духа і, вызнаючы, што нацыональнае адраджэньне Беларусі ёсьць якраз нішчэньне старых кандалаў і барацьба за вызваленьне — мы цьвердзім, што устаноўленьне дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі ёсьць лёгічны вянец нашага вызвольчага руху. Толькі ў незалежнай нацыональнай беларускай дзяржаве могуць быць разкрыты істотныя цэннасьці беларускай творчай стыхіі. На ўзьне яе — ляжыць рабства, цемра і смерць народнай душы. І таму, пакуль крозы аб “вольнай грамадзе нацый" ёсьць далёкая мара чалавецтва — праграма незалежнай Беларус ёсьць адзіная разумная і справядлівая.

  1. Паказаньня марксызму, што барацьба за эканамічную роўнасць ёсьць барацьба за духовыя багацьця – аднабока, бязплодна і як гэткая далёка ад праўды. Мы ня лічым, што разсыцеўшы жыхар гораду, валадар буйнай мануфактуры ў духовым сэне стаіць, вышэй за селяніна з вёскі, які з усходам сонца кідае зярно ў зямлю. Змагаючыся за роўнасьць матэр'яльных варункаў як за адзіна справядлівы лад жыцьця, мы аднак не ставім у залежнасьць ад гэтай барацьбы нашую духовую моральную істоту. Мы ня можам хоць бы на адну хвілю, хоць бы ў тэорэтычных разважаньнях паставіць знак роўнасці паміж нашым жалудкам і нашым сэрцам; наадварот, шануючы сваё званьне працоўных людзей, мы будзем заўсёды іх адрожніваць. І таму мы ніколі ня будзем гадзіцца ставіць клясавыя інтэрасы вышэй нтэрасаў нацыанальных.