Перайсці да зместу

Да пытаньня аб мове Літоўскага Статуту

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да пытаньня аб мове Літоўскага Статуту
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Празе вышаў „Науковий Збірнік Украінського Універсітету в Празі“ (Том І, 1923 г.). У гэтым зборніку проф. Расьціслаў Лашчэнка (Лащенко) зьмясьціў свой артыкул пад назваю: „Литовський Статут як памятник украінського права“. У сваім артыкуле проф. Р. Лашчэнка робіць такія вынаходкі, міма якіх нельга прайсьці моўчкі, хоць падобных заяў і прэтэнзій на Літоўскі Статут, як на памятнік права, які, належыць то Польшчы, то Расіі, мы маем многа. Знайшоўся яшчэ адзін прэтэндэнт—украінскі вучоны, які хоча давесьці, што Літоўскі Статут ува ўсіх трох рэдакцыях зьяў­ляецца памятнікам украінскага права і ня толькі з боку яго зьместу, але і мовы.

У сваім артыкуле проф. Р. Лашчэнка спачатку дае, на аснове твораў Бершадскага і Леонтовіча нарыс гісторыі складаньня Статуту 1529 г. Сойм 1514 г. прасіў вялікага князя Жыгімонта Старога разьвязаць пытаньне аб выданьні Статуту. У 1522 г. Статут ужо быў апрацаваны і пасьля вянчаль­нага яго зрэдагаваньня, зацьверджаны ўхвалаю Віленскага Сойму 1528-1529 г. г., а ў восені 1529 г. стаў абавязковым кодэксам пісанага права для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Літоўскі Статут 1529 году складаецца з ХІII разьдзелаў; разьдзелы падзяляюцца на артыкулы. Усяго Статут 1529 г. мае 264 артыкулы.

Жыцьцё не стаяла на адным месцы, і пасьля выданьня Статуту 1529 г. хутка стала адчувацца патрэба ў дапаўненьні яго новымі нормамі, якія-б адпавядалі запатрабаваньням часу. Пасьля 1529 г. шляхта набыла цэлы шэраг правоў, якія былі замацаваны за ёю прывілеямі. Так, напрыклад, соймам 1559 г. было зацьверджана права вывазу за граніцу тавараў, якія былі вы­раблены ў яе ўласных маёнтках. У 1563 г. быў адменены Гарадэльскі пры­вілей і былі скасаваны яго абмежаваньні, якія адносіліся да шляхты грэц­кага закону. Нарэшце на сойме 1564, 65 і 66 г.г. шляхта дабіваецца роў­насьці ў правох судовых з панамі і права зьбірацца на соймікі па паветах для абраньня сваіх паслоў на Вялікі Вальны Сойм і для вырашэньня іншых спраў. Вынікам гэтых зьмен зьявіўся Статут 1566 г.,—зацьверджаны Вялікім Вальным Соймам у Вільні.

Статут 1566 г. мае XIV разьдзелаў, якія падзелены на 366 артыкулаў. „Статут гэтай, другой, рэдакцыі выданы ва украінскіх землях, пад назваю Ва­лынскага Статуту. Гэтая назва была надана Статуту ў 1569 г. дзякуючы таму, што, згодна прывілею аб далучэньні Валынскай зямлі да каралеўства Польскага па акту Люблінскай уніі 1569 г., кароль зацьвярджаў за Валыньню, за ваяводзтвам Кіеўскім і Брацлаўскім права весьці судоўніцтва моваю укра­інскаю, на падставе Літоўскага Статуту гэтай другой рэдакцыі“.

Што датычыць украінскай („рускоі“) мовы, дык гэтым-жа прывілеем ён абяцяў станам зямлі Валынскай ужываць гэтую мову ва ўсіх судовых справах, згодна з жаданьнем усіх станаў зямлі.

„Пасьля выданьня гэтай другой рэдакцыі Літоўскага Статуту, здары­лася найважнейшая ў далейшай долі Літоўска-Украінскае дзяржавы падзея аб‘яднаньне па акту Люблінскай уніі 1569 г. Літвы і Польшчы ў адзіную непадзельную рэспубліку - Рэч Паспалітую. Карона Польская і Вялікае Кня­ства Літоўскае сталі як бы адным непадзельным целам... адзінай супольнай Рэчаю Паспалітай (Volumna legum, II,89). Люблінская унія шырака адчы­ніла дзьверы для ўплываў польскага права ў цэнтральных украінскіх зем­лях: хоць на палякаў і пасьля Люблінскай уніі 1569 г. у самым Вялікім Княстве Літоўскім не пакідалі глядзець як на чужаземнікаў, але пасьля уніі 1569 г. палякі набываюць важнае права на ўладаньне зямельнаю маёмасьцю на украінскіх землях“. З гэтага пункту пачынаецца гістарычная блытаніна проф. Р. Лашчэнкі. Справа ў тым, што ўмовы Люблінскай уніі зусім ня былі аднолькавы для Вялікага Княства Літоўскага і ўкраінскіх зямель. У той час як украінскія землі былі непасрэдна далучаны да Польшчы, інкорпаваны і апынуліся ў такім-жа становішчы як і зямля Серадская, Каліевая і іншыя, сьцісла польскія землі, Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю дзяржаўную незалежнасьць, маючы толькі супольнага караля і Сойм. Ня ду­маю, каб проф. Р. Лашчэнку была невядома тая розьніца ўмоў, на якіх увай­шлі ў склад Рэчы Паспалітай Украіна і Вялікае Княства Літоўскае. Ён наўмысьля зьвяртае ўвагу толькі на дэклярацыйную частку Люблінскага пры­вілею і зусім не гаворыць аб рэальных умовах аб'яднаньня. У той час як Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай на фэдэрацыйных умовах, як роўны з роўным, украінскія землі былі проста далучаны да Польшчы, або, як тады казалі, да Кароны. Становішча Украіны, далучанай да Кароны, і Літвы як самастойнае дзяржавы—не магло быць зроўнена. У самыя лепшыя часы сваёй перамогі над польскімі войскамі украінцы марылі, каб дабіцца такой дзяржаўнай незалежнасьці, якую мела Літоўска-Беларус­кае Княства пасьля Люблінскай уніі і нават дамагаліся тэй-жа самастой­насьці і сувязі з Польшчай у такой-жа форме, якую мела Літва.

Дзякуючы такому няправільнаму пагляду на гістарычныя падзеі, зьвя­заныя з актам Люблінскай уніі, і ўсе далейшыя разважаньні проф. Р. Лаш­чэнкі па самай сваёй сутнасьці, няправільныя. Нельга згадзіцца ўжо з галоўным палажэньнем проф. Лашчэнкі, што Статут 1588 году зьяўляецца памятнікам украінскага права. Калі мы ня можам спрачацца адносна таго, што першыя два Статуты зьяўляюцца аднолькава памятнікамі як беларускага, так і украінскага права, то зусім іншае палаженьне займае Статут 1588 году. Ужо гісторыя яго пахаджэньня і самы час утварэньня кажуць аб іншым. Для складаньня III Статуту яшчэ на Люблінскім Сойме была ўтворана камі­сія з 14 асоб. У склад гэтай камісіі не ўвайшлі ні польскія, ні украінскія прадстаўнікі; сябрамі яе былі - ад паноў радных: біскуп віленскі Валерыян Пратасевіч, кашталян жамойцкі Мэльхіор Шэмэт, ад шляхты-стольнік Вялікага Княства Літоўскага Мікола Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стан­кевіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі і іншыя. Апроч таго ў камісію ўвайшоў вядомы ў той час юрысты, віленскі войт Аўгустын Ротундус. Пацьверджаньне Статуту выклікала многа працівадзейнасьці з боку Польшчы. Толькі скарыстаўшы бескаралеўе 1586-7 гадоў Літоўска-Беларускаму Княству ўдалося вырваць з рук польскіх паноў згоду на зацьвярджэньне Статуту каралём 28 студзеня 1588 г. Пытаньне аб тым, якім спосабам быў зацьверджаны Статут 1588 г., доўга выклікала сярод вучоных спрэчкі і цяпер існуе цэлая літаратура па гэтым пытаньні (гл. И. Лаппо. К вопросу об утверждении IІІ Литовского Статута). Барацьба за статут адбілася на яго зьмесьце. Статут 1588 г. зьяўляецца запраўднай і грунтоўнай констытуцыяй Літоўска-Беларускага Княства пасьля 1569 г. Статут значна папраўляў пастановы Люблінскай уніі, а некаторыя артыкулы і зусім скасаваў. Як дзяржаўная канстытуцыя, Статут зусім не падыходзіць да таго політычнага палажэньня, якое займала ў той час Украіна. Калі на Украіне палякі маглі займаць урады і набываць "аселасьць", то нічога падобнага ня было ў межах Літоўска-Бе­ларускага Княства і раздзел III, арт. 12 гэта выразна забараняе. „Также мы, господар, обецуем и шлюбуем под присегою нашою, которую учинили есмо Великому Князству Литовскому, и всим станом обывателем его,... штож в том паньстве Великом Князстве Литовском и во всих землях ему прислухаючих достойностей духовных и светских, городов, дворов, кгрунтов, старо­стве, держав, врядов земских и дворных, посесый або в держанье и поживаньне и вечностей жадных чужоземцом и заграничником, а ни суседом того паньства давати не маем, але то все мы и потомки наши великие князи Литовские давати будем повинни только литве, руси, жомойти, родичом старожытным и уроженцом Великого Князства Литовского и иных земль тому великому князству належачих, а кто бы з чужоземцов заграничников и суседов таго панства и всих земель ему прислухаючих, важилсе што с того упросити, взяти и в держанье прийти, а упомененый будучи того за разом не пустил, тагды маетность его вся маеть быти взята до столу и скарбу нашого Великого Князства Литовского".

Такая выразная і ясная пастанова, безумоўна, не магла адносіцца да Украіны, бо Украіна ня была "паньством“, г. значыць дзяржавай, а толькі часткаю дзяржавы і ня Вялікага Княства Літоўскага, а каралеўства Польскага. Будучы констытуцыяй княства, Статут 1588 году ня мог быць сводам законаў для Украіны, бо гэта не адпавядала яе запраўднаму палажэньню. Зразумела, у артыкулах, якія зьмяшчалі цывільнае права, крымінальнае права і процэс, было многа супольнага з папярэднімі Статутамі 1529 і асабліва 1566 г.г. Гэта можа быць грунтам для размовы аб аднолькавых крыніцах як беларускага, так і украінскага права, але абвяшчаць Статут 1588 году, як гэта робіць проф. Лашчанка, сводам украінскага права, мне здаецца, ня пры­ходзіцца. Між тым проф. Лашчанка, разглядзеўшы замахі на Літоўскі Ста­тут 1588 г. польскіх вучоных, якія залічалі Статут у памятнікі польскага права, і расійскіх вучоных, якія залічалі яго да памятнікаў расійскага права, нарэшце заўважае: „Але апроч палякаў і расійцаў, якія прэтэндуюць на Лі­тоўскі Статут, як на продукт творчасьці нацыянальнага генія свайго народу,— "право на Статут зяявляють також і білоруси".

Заданьне нашага кароткага нарысу, - піша далей Р. Лашчанка, - уласна ў тым, каб давесьці тыя асноўныя палажэньні, якія замацоўваюць належнасьць Літоўскага Статуту да памятнікаў права украінскай праўнай творчасьці. Нам здаецца, што настаў ужо час у інтарэсах об'ектыўнай праўды(?), унікаць па мажлівасьці ў навуковых досьледах Літоўскага Статуту тэндэнцыйных імкненьняў!—настаў час паставіць кропку над „і" адкрыта і шчыра, адкідаючы ўсё, што спрыяе затуманеньню ісьціны". „На на­лежнасьць Літоўскага Статуту, як памятніка права, украінскаму народу паказ­вае перш за ўсё тая мова, якой былі пісаны ўсё тры рэдакцыі Статуту. Мова гэтая, як вядома, была моваю дзяржаўнаю. Мова „руська" ад слова „Русь", а назва „Русь" спачатку, як вядома, была назваю зямлі Палян, зямлі кіеў­скае, - асяродку Украіны. Адсюль гэтая назва пашыралася потым і на іншыя этнаграфічныя украінскія землі, напрыклад на Чарнігаў, Галічыну і гэтак далей, а таксама і на тыя, што падпадалі патроху пад уплывы кіеўскай дзяр­жаўнасьці і кіеўскай культуры. Яшчэ і ў XII і нават ў пачатку ХII сталецьця „Русь" у некаторых выпадках рэзка выдзяляецца летапісцамі ад неукраінскіх этнографічна зямель: ад Ноўгараду, Смаленску, Полацку і інш."

Далей проф. Лашчанка даводзіць, калі назва „Русь" пачала ўжывацца для сябе Масквою, затым піша аб тым, што Украіна ў другой палове XIV сталецьця пачала ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага, „пашы­рыўшы ў ім сваю „руську", гэта значыць,—украінскую культуру настолькі, што „руська" мова стала моваю ўрадаваю, моваю вялікакняскага двара. Па азначэньні проф. Любаўскага, з Літоўскім Вялікім Княствам у гэтым разе здарыўся вельмі характэрны выпадак: народнасьць, якая політычна панавала, падпала пад духоўны і культурны ўплыў народнасьці залежнай. Адсюль, бя­ручы пад увагу, што назва „Русь" (а ад Русі і слова рускі) была ўласна этнографічнаю назваю народу „украіньского", што старадаўнім асяродкам культуры „руськой" або „украіньскоі" была Кіеўшчына, што Літва з далу­чэньнем да яе цэнтральных і заходніх украінскіх зямель падпала ў значнай меры пад беспасрэдны ўплыў кіеўскай культуры, культуры украінскай і што, апроч, украінскага права („Руська Правда"), яшчэ правадніком гэтай куль­туры была „руська" мова,—ня можна не згадзіцца з думкамі тых вучоных, якія прызнаюць, што моваю Літоўскага Статуту, як і другіх багатых памят­нікаў літоўска-украінскага права, была мова „паўднёва-руська", або мова украінская". Галоўным грунтам для такога заключэньня Р. Лацінянкі зьяўляецца праца проф. Кісьцякоўскага, які ў сваім творы: „Права, по которым судится малороссийский народ" (Кіеў 1879 г ), называе мову ўсіх трох статутаў моваю рускаю, або паўднёва-рускаю. Другі довад сувязь Літоўскага Статуту з „Рускою Правдою", што даведзена ў працах Чацкага, Ліндэ, Да­нілевіча і Строева.

У сваіх імкненьнях давесьці, што моваю Літоўскага Статуту зьяў­ляецца толькі украінская мова,проф. Р. Лашчанка прызнае ўплывы беларус­кае мовы. „На мове Літоўскага Статуту, бязумоўна, адбіліся і ўплывы беларускае мовы і адбіліся так выразна, што некаторыя з вучоных і да гэтага часу трымаюцца погляду, што ўрадаваю моваю ў Літоўска-Рускай дзяржаве была мова беларуская. Літоўска-Руская дзяржава,—піша, напрыклад, расій­скі акадэмік Шахматаў,—у культурных адносінах была беларускаю. Бела­руская гутарка становіцца дзяржаўнаю мовай Літоўскай Русі, а культурны ўплыў беларускае народнасьці ахапляе ўсе тыя сярэдня-расійскія краіны, якія не падпалі пад уплыў Масквы." Проф. Лашчанка прымушаны не абмі­нуць такога факту, што некаторыя нават украінскія вучоныя, як проф. Да­рашэнка („Славянський світ в його минулому і сучасному" (Берлін 1922 г. т. І), як і акад. А. Шахматаў, прызнаюць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была моваю дзяржаўнаю, а на гэтым грунце залічаюць і Статут у лік памятнікаў беларускага пісьменства.

Але довады проф. Дарашэнкі і акадэміка Шахматава не пераконваюць проф. Лашчэнку. „Мы ня можам пагадзіцца з довадам",—піша проф. Лашчанка, - што Літоўская дзяржава ў культурных адносінах была толькі беларускаю, і што ласьне беларуская мова ў ёй была моваю дзяржаўнаю. З да­лучэньнем да Літвы Кіеўшчыны, Валыні, Усходняга Падольля і іншых укра­інскіх зямель, украінскае насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім складала бязумоўную і пераважную большасьць ў параўнаньні з элемэнтам беларус­кім і ўжо праз гэта адно ўплывы ўкраінскае мовы павінны былі панаваць ў цэлай дзяржаве. У кожным выпадку, у эпоху Статутаў, дзяржаўнаю мо­ваю ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо офіцыйна лічылася мова „руська", аб чым ясна вызначае Статут: „А писар земскай маеть по руску литерами и словы рускима вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым языком и словы". (Статут 1588 г., разьдз. IV. арт. І). З погляду проф. Лашчэнкі пад рускаю моваю ў той час разумелася „південно-західня руска мова", гэта значыць „мова ў самай аснове украінская, якая беспасярэдна вяла сваё пахаджэньне, сваю гісторыю і сваю традыцыю ад колішняй мовы старой Кіеў­скай Русі, тэй Русі, ад якой, наогул, пайшла ўся руская культура. Думаць іначай, гэта значыла-б адкідаць пераемнасьць культурна-гістарычнай трады­цыі наогул, якая не перарывалася ў Літоўска-Украінскай Дзяржаве і пасьля далучэньня цэнтральных украінскіх зямель да Літвы, і якая пашыралася з Кіеву".

„Вось гэта паўднёва-заходняя („руськая") мова, (мова Кіеўшчыны, Падольля, Чарнігаўшчыны) з моцнаю прымешкаю элемэнту беларускага і царкоўна-славянскага (а потым пазьней і элемэнту польскага) і ўжывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, як мова дзяржаўная, да самага канца XVII сталецьця, калі на падставе констытуцыі Coaequatio jurium у 1697 г. і адбылося так званае зраўнаньне правоў Літвы з каронаю, вынікам чаго офіцыйнаю юрыдычнаю моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была абвешчана мова польская".

Па думцы проф. Р Лашчэнкі, украінская мова адбілася і на мове беларускай таго часу і да самай констытуцыі 1697 г. офіцыйнаю моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была мова „руська", што сабою адзначае мову украінскую.

Такім чынам, проф. Р. Лашчанка прыходзіць да вываду, што моваю Статуту ва ўсіх трох рэдакцыях была мова украінская, а адсюль натуральна і дзяржаўнаю моваю Літоўскага княства была мова украінская.

Довады лінгвістых, як акадэміка Шахматава, які прызнаў на падставе лінгвістычных крыніц, што моваю Статуту, а адсюль і дзяржаўнаю ў Літоўска-Беларускім Княстве была мова беларуская,—для проф. Лашчэнкі ня маюць значэньня; ён лінгвістычных довадаў і ня прыводзіць. У сваіх вывадах ён не апіраецца асабліва і на гістарычныя факты, бо і яны ня зусім небясьпечны для яго вывадаў. Галоўным палажэньнем і апорай для вываду проф. Лашчэнкі зьяўляецца тое, што дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага завецца „рускаю", а назва „Русь" належыць толькі Кіеўшчыне і Украіне, і на падставе пераемнасьці трэба прызнаць, што мовай і Статуту і дзяржавы была мова украінская. Трэба перш за ўсё зьвярнуць увагу на назву Русь. Гістарычнай навукай даведзена, што назва Русь на­лежыць ня толькі Украіне, з яе асяродкам Кіеўшчынай, але і іншым землям. Па досьледах проф. Любаўскага „літоўска-рускія акты абазначаюць імем "Русь" воласьці, якія ляжаць па сярэдняму Дняпру і яго прытоках: Сажу, Бярозе і ніжняй Прыляці"[1]. Пасьля далучэньня гэтых зямель да Літоўскага Княства, яно пачынае звацца офіцыйна літоўска-рускім і ўжо Гедымін за­ вецца rex Litvanorum Ruthenorumque, а па заяве самога проф. Лашчэнкі украінскія землі далучыліся да Літвы толькі ў другой палове XIV сталецьця. Назва княства Літоўска-Рускае, а князя літоўска-рускім зьяўляецца такім чынам, раней, чым уваходзяць украінскія землі Кіеўшчына, Валынь, Падольле і Ноўгарад-Северскія землі ў склад Літоўскага княства. Адначасна з офіцыйнай назвай у актавай мове Русь і рускі зьяўляецца і назва Белая Русь— Беларусь.

Па досьледах акадэміка В. І. Ламанскага, назва Белая Русь зьяўляецца ў нямецкіх і польскіх пісьменьнікаў у XIV сталецьці. Так нямецкі поэта П. Сухэнвірт, які жыў у другой палове XIV і першай палове XV сталецьця, дае апавяданьні аб розных нямецкіх рыцарах, што езьдзілі біцца з літвінамі і рускімі і там не адзін раз гаворыць аб Беларусі. Напрыклад, у вершы аб Фрыдрыху Крэйцнэке, які памёр у 1360 г., Сухэнвірт гаворыць, што ён паехаў у Прусію, „а потым у Беларусь"; іншыя рыцары таксама бывалі на Беларусі (Weisen Reuzzen).

Польскі пісьменьнік XIV сталецьця—Ян Чарноўскі, пішучы аб узае­маадносінах Кейстута да Ягайлы, пад 1382 г. апавядае, што за год перад гэтым Ягайла з маткаю быў засаджаны „у адным замку Беларусі, які завецца Полацкім" (in quondam castro Albae Russiae, Polozk dicto). Такія-ж назвы сустракаюцца і ў пісьменьнікаў XV сталецьця. Аб Беларусі гаворыцца як аб краіне вядомай. Адсюль можна зрабіць натуральны вывад, што гэтая назва была агульна вядомай, жывой народнай назвай і ўжывалася з даўніх часоў. „З праўдзівасьцю можна думаць",—піша проф. Ламанскі,—што гэтая назва болей старажытная, чым Альгердавы часы і нават Гедымінавы, што яна існа­вала і ў канцы і нават у палове XIII сталецьця"[2]. Так, напэўна, зваў сябе рускі народ у Літве, а, можа быць, так звалі яго суседзі, піша акад. Карскі.

Маскоўцы таксама ведалі краіну, якая звалася Беларусьсю. Іван ІІІ, маскоў­скі князь, далучыўшы ў канцы XV сталецьця частку беларускіх зямель, заве сябе князем „Белай Русі". Канчаткова гэты тытул замацаваў Аляксей Міхай­лавіч, аб чым піша Каташыхін: „А пишетца та титла Великия и Малыя и Белыя России Самодержец—не изстари, внове, пры нынешнем царе (Аляксеі Міхайлавічы). Белая Россия—Белорусцы, которые живут около Смоленска и Полоцка, и в иных городах".

Такім чынам, назва Белая Русь—Беларусь,—назва старажытная і вя­дома добра ўсім суседзям. Гэтая-ж назва адпавядае таму, што офіцыйна завецца Русьсю ў іншых крыніцах, якія належаць па зьместу да „Беларусі" і назвы „Русь" і „рускі" ўжываюцца адначасна з назвамі Беларусы „беларускі" так што ў некаторых выпадках гэта зьяўляецца сінонімамі, калі гаворыцца аб краіне, якую займае беларускі народ.

Нас асабліва цікавіць як мова Статуту, так і дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага. Па думцы проф. Р. Лашчэнкі, гэтая мова была украінскаю, бо назву „рускі" па сучаснай тэрмінолёгіі трэба разумець як украінскі. Уваходзіць у спрэчкі лінгвістычнага характару ня прыходзіцца, бо іх унікае і паважаны профэсар. Тут яму не пад сілу выступаць супроць вядомых дасьледчыкаў, і з гэтай прычыны ён робіць лёгічны (?) вывад, што калі Русь сынонім Украіны, то і рускі сынонім украінскага.

Я хачу толькі паказаць проф. Лашчэнку і яго аднадумам, як звалі суседзі тую мову, якою карысталася Літоўска-Беларускае княства, як дзяржаўнаю моваю. У часы окупацыі Беларусі маскоўскімі войскамі ў 1655—66 г. паміж канцэлярыяй маскоўскага ўраду і рознымі ўстановамі Беларусі і Украіны ішла жывая перапіска, якая захавалася да цяперашняга часу і часткай надрукавана[3]. Канцэлярыя пасольскага прыказу таго часу, атрымліваючы той ці іншы ліст, рабіла надпіс, якою моваю ён пісаны. Так, напрыклад, м. Магілёў зьвяртаецца да царкоўнага ўраду з просьбай, і пісар пасольскага прыказу робіць такі надпіс на докумэнце: „Списокъ съ бѣлорускаго письма съ челобитной, что прислали къ великому государю.... города Могилева, войт, бурмістры, райцы и лавники со всей чернью въ нынешнем въ 163 году"[4]. Такіх назваў поўны том: №№ 4, 5, б, 7, 8, 9, 11, 12 і далей. Пры гэтым цікава, што лісты ня толькі пісаныя з Беларусі і беларускіх местаў, адзначаюцца як лісты, піса­ныя беларускаю моваю, але і лісты, пісаныя з Украіны, напр., лісты Багдана Хмяльніцкага і палкоўніка Залатарэнкі адзначаюцца, як пісаныя беларускаю моваю: „Списокъ съ бѣлорускаго листа, что писалъ къ великому государю царю и великому князю Алексію Михайловичу, всеа Великія и Малыя Росіі самодержцу, Богдан Хмельницкій, гетман войска запорожскаго, съ Денисомъ Тургеневымъ да съ подъячимъ съ Яковомъ Козловымъ, въ нынешнемъ во 163 году, декабря в 8 день"[5]. Мова лісту Залатарэнкі названа таксама бе­ларускім пісьмом. „Спісокъ съ листа съ бѣлорускаго письма, что писалъ ко государю царю и великому князю Алексію Михайловичю всеа Русі Нѣжинскій полковникъ Иванъ Золотаренко"[6].

Што назва „беларускае пісьмо" адзначае мову, выразна відаць з таго, што докумэнты, пісаныя папольску, адзначаюцца словамі „польскае пісьмо"[7]. Гэтая назва маскоўскага пасольскага прыказу добра паказвае, як звалася тая мова, якую ўжывала ў гэты час Літоўска-Беларускае Княства як дзяржаў­ную. Гэтаю моваю была мова беларуская, аб гэтым ведалі і суседзі. Той факт, што маскоўскі ўрад называе мову беларускаю, паказвае, што гэта было ўсім добра вядома. Назва-ж лістоў, пісаных украінскімі дзеячамі, таксама беларускім пісьмом, сьведчыць аб тым, што мовай культурнай, што панавала ў той час, была мова беларуская, якая разьвілася ў цэнтры Літоўскай Дзяр­жавы. Цэнтрам гэтым была Беларусь і адсюль мова Беларусі пашырылася і па за яе межы, асабліва на Украіну. Украіна, адарваная па акту Люблінскай уніі 1569 году ад Літоўска-Беларускага Княства, жыла яшчэ астаткамі ста­рой беларускай культуры і карысталася ў зносінах беларускай моваю; улас­най канцэлярскай і кніжнай мовы яна яшчэ не пасьпела ўтварыць у той час. З далучэньнем да Польшчы вышэйшыя станы Украіны ў сваіх установах сталі карыстацца моваю польскаю, а ўтварэньню сваёй, і офіцыйнай дзяржаў­най, і прыватнай грамадзкай, перашкаджала бязупынная соцыяльная ўнутра­ная барацьба і паўстаньні супроць Польшчы.

Такім чынам, факты докумэнтальнага характару сьведчаць выразна супроць палажэньняў і вывадаў проф. Лашчэнкі. Аб гэтым можна было-б і ня пісаць. Але, калі такія тэндэнцыі праводзяцца ў працах, што маюць назву навуковых запісак, абыйсьці маўчаньнем гэта ня прыходзіцца, бо глыбокіх спэцыялістых па гісторыі Украіны і Беларусі ў нас вельмі мала і такія по­гляды без праверкі будуць пашырацца сярод шырокіх грамадзкіх, асабліва украінскіх колаў, што ўжо зьяўляецца бязумоўна шкодным як з навуковага, так і з грамадзкага бакоў.

Нарэшце, для яснасьці паглядаў, прывяду вытрымку з твору вядомага дасьледчыка і працаўніка па архіву Літоўскай Мэтрыкі Станіслава Пташыцкага, які ў прадмове да Літоўскага летапісу выказаўся адносна мовы яго і наогул дзяржаўнай мовы таго часу:

„Руская мова тых летапісаў была моваю мясцоваю; гэтая мова адрозь­ніваецца ад мовы маскоўскай і сучаснай мовы расійскай. На гэтай мове была значная літаратура. Яна выпрацавалася з беларускай мовы і была моваю ня толькі літаратуры, але і дзяржаўнаю да канца XVII сталецьця. Гэтая мова ў той час настолькі розьнілася ад маскоўскай, што ў Маскве рабілі пераклады з яе на расійскую“.

Факт перакладаў сьведчыцца і перакладам Літоўскага Статуту 1588 г. на маскоўскую мову[8].

Далей Пташыцкі піша: "Даўнія рускія вучоныя, як мітрапаліт Аўген, упэўнялі, што мова гэтая выпрацавалася ў XIV сталецьці ў Полацку і Сма­ленску з злучэньня моў рускай, польскай і літоўскай. Новыя расійскія дась­ледчыкі, як Буслаеў, Сабалеўскі, Шахматаў, Уладзімераў, Карскі і іншыя завуць яе беларускай"[9].

В. Дружчыц.


  1. М. Любавский. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства, ст. 12
  2. Цытую па Карскаму, Белоруссы т. І.
  3. Акты, относящиеся к истории южной и западной России, т. XIV СПБ. 1889 г.
  4. А. Ю. и З. Р., т. XIV, № 12. 163 г,— 1655 г.
  5. ІЬidem, № 4.
  6. ІЬidem, № 5.
  7. ІЬidem, № 9.
  8. И. И. Лаппо. Литовский статут в Московском переводе-редакции. Юрьев, 1916 г.
  9. Wielkego Księstwa Litewskiego Kronika. Podług rękopisu z roku 1550 wydał Stanisław Ptaszycki. Wilno, 1907

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.