Перайсці да зместу

Да нашага настаўніцтва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да нашага настаўніцтва
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: Звон, 1919. - №8 - с.1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У вашых руках знаходзіцца вялікі скарб, будучына нашага народу — дзеці і моладзь. У вашай змозе — стварыць з нашага новага пакаленьня праўдзівых сыноў сваёй Бацькаўшчыны, каторые будуць адданы усей душою роднай зямлі, роднаму Народу.

Ад самага пачатку беларускага адраджэньня нашые настаўнікі стаялі на першым мейсцы, як нашы слаўные паэты і пісьменьнікі Якуб Колас, Я. Ліосік і інш.

Цяперака у нас ужо есьць беларускіх школ шмат па усяму краю, есьць вучыцельскіе сэмінарыі, беларускіе пэдагагічные курсы, беларускіе гімназіі і г. д.

Сьвядомых беларускіх настаўнікаў можна лічыць у нас ужо соткамі.

Сьвядомых беларускіх вучняў можна лічыць у нас ужо тысячамі

Але гэтага мала:

Розные настаўніцкіе зьезды у нашым краю паказалі нам, што мы маем яшчэ сярод тутэйшых настаўнікаў шмат ворагаў нашай роднай мовы і беларускай справы наогул.

Праціўнікі беларускай мовы сярод настаўнікаў гэта — тые элемэнты, якіх наслаў сюды расійскі Урад, як валікарасійскіх чыноўнікаў з мэтай русыфікацыі; або тая неуздзячная частка беларусаў, якіе пад уплывам расійскай культуры, адракліся усяго роднага і пайшлі наймітамі служыць ,,матушке“ Маскве.

Першым скажам: Ідзіце сабе у Маскву, бо вы нам чужые, і мы маема ад вас адну шкоду.

Апошнім скажам: Вярніцеся назад, да роднай глебы, не саромцеся сваёй маці Беларусі, або так сама ідзіце у Маскву, няхай вас прыгорнець да сябе ваша мачыха.

За апошні час бальшавіцкага панаваньня на Беларусі беларуская справа была амаль задушана. Яшчэ з большай безсорамнасьцьцю за быўшых самадзяржаўных чыноўнікаў бальшавіцкіе жандармы здзекаваліся над нацыянальным пачуцьцём беларускага народу. Нашые лепшые людзі былі абвешчаны „вне закона". Шмат з іх гнілі у бальшавіцкіх турмах. Шмат з іх пакутуюць у савецкай няволі па сягодняшні дзень.

Пад маскай бальшавізму тварылася на нашай зямлі вялікарасійская справа. Працавалі яны у гэтым кірунку зусім адкрыта і, з заняцьцем Менску у восень 1918 г. яны закрылі нават і тые установы і часопісы беларускіе (бальшавіцкіе), якіе істнавалі у Маскве і Петраградзе, як: Беларускі Камісарыят, газэты „Дзянніца" і „Чырвоны Шлях". Было гэткае гвалтоўнае ганеньне на беларусаў, што нават беларускіх бальшавікоў яны у турмы саджалі. Аб разгоне Ўсебеларускага Зьезду у Менску мы ужо гаварыць ня будзем.

Бальшавікі так абрыдлі нашым беларускім сялянам сваімі рабаваньнямі і рознымі зьдзекамі, што па вёсках былі-б рады, каб хоць і нэгры прышлі іх ратаваць і даць ім мажлівасьць спакойна працаваць.

Цяпер, калі бальшавікі выгнаны с часткі нашага краю, пачынаецца зноў праца беларуская. Уся культурная праца, бадай, у руках настаўніцтва.

Клічама вас да працы!

Хто забыўся сваёй роднай мовы, хай вучыцца! Есьць у нас граматыка і розные школьные падручнікі. Няхай ніхто з вас ня думае, што калі хто умеець казаць па-беларуску „як‘‘, „гэта", дык ужо ведае беларускую мову. Не! трэба вучыцца, а не гаварыць, або пісаць нейкім жаргонам і думаць, што гэта па-беларуску.

Беларуская мова вымагае такой адукацыі, як усе эуропэйскіе мовы.

Трэба вучыцца самым і вучыць другіх. Трэба закладваць па усіх вёсках, па усіх куткох зямелькі нашай беларускіе школы. Трэба змагацца з тымі расійскімі і польскімі агітатарамі, якіе стараюцца шкодзіць нам у гэтай справе.

Яшчэ раз паўтараю, што трэба працаваць, ды яшчэ як! Трэба вясьці за сабою народ у лепшую сьветлую будучыну!