Перайсці да зместу

Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. „Гомон“ і яго беларускія вызвольныя імкненьні VII. „Mužyckaja Prauda“ i „Гомон“
Гістарычная праца
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
VIII. Нацыянальны элемэнт у беларускай палітычна-вызвольнай думцыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII. "Mużyckaja Prauda" i "Гомон".

З таго, што вышэй сказана аб „Mużyckaj Praudzie" i аб "Гомане", можна ўжо аб іх мець даволі поўнае паняцьце. І дзеля гэтага шмат паўтарацца тут ня будзем, хіба толькі ў меру канечнасьці, а пераважна на падставе ведамых нам аб гэных часопісах вестак пастараемся зрабіць сынтэтычнае між імі параўнаньне.

Галоўная палітычна-грамадзкая мэта "Muž. Pr.", да якой яна заклікае беларускіх сялян, гэта: пазбыцца расейскага цара, пазбыцца паноў і паншчыны, здабыць для сялян зямлю на ўласнасьць, не плаціць вялікіх і крыўдных падаткаў, служыць у краёвым войску і ваяваць толькі за волю свайго краю, калі хто на яго нападзе, мець вольнасьць трымацца тэй веры, якой трымаліся прэдкі народу і быць вольнымі людзьмі, як гэта было ўжо ў многіх, а ў многіх заводзілася, дэмократычных дзяржавах Эўропы.

"Muž. Pr." заклікае беларускіх сялян да паўстаньня разам з палякамі проціў расейскага цара і проціў польскіх паноў. Палітычным сваім зьместам яна такім чынам адгараджваецца ад Расеі, як такой, з Польшчай-жа ня зрывае, а зрывае толькі з панскай, пануючай клясай.

Мэта беларускага ўчасьця ў польскім паўстаньні — здабыць вольнае і шчасьлівае жыцьцё, вольнае ад паншчыны і вольнае ад палітычнага польска-дзяржаўнага цэнтралізму.

У часапісе гэтым, праўда, не спатыкаем ані разу слоў: Беларусь, беларускі народ. Гаворыцца там толькі аб "нашым народзе" агулам, гаворыцца аб "мужыкох“, аб „мужыцкай долі", аб "мужыцкім народзе“, аб „нашым краі". Але край гэты і народ ягоны хоць дужа агульна, дужа асьцярожна, разважаецца як нешта асобнае і рознае ад Польшчы і палякоў. Заклікае гэты часапіс беларускіх сялян да паўстаньня разам з Польшчай, але з тэй, якая ідзе за „мужыкоў" і якая гварантуе вольнасьць беларускаму народу і краю.

Словам, "Muž. Pr." гэта тыповы беларускі пачаткаванародніцкі часопіс[1]. Праўда, у ім яшчэ пануюць традыцыі Вял. кн. Літоўскага, але праз гэныя традыцыі, асабліва на тле часу яго выхаду ў сьвет, відацца ўжо зародкі новых беларускіх вызвольна-нацыянальных ідэяў. "Muž. Pr." гэта прадвесьніца і пачынальніца палітычна-соцыяльнага вызваленьня беларускага народу, як складовай часткі ўсебаковага нацыянальнага адраджэньня ягонага, гэта ранішняя зорка на беларускім небасхіле, якая азнаймляе беларускаму народу ўсход сонца і будзіць гэты народ да долі і волі.

* * *

Думка беларускага палітычна-соцыяльнага вызваленьня, засееная "Muž. Praudaj", марна не прапала, а жыла і разьвівалася далей. На дваццаць другім годзе пасьля выхаду яе ў сьвет, паявіўся новы беларускі палітычны часопіс "Гомон". Часапіс гэты сапраўды ёсьць прадаўжэньнем "Muz. Pr." і яе Дапаўненьнем.

Ідэовы зьмест "Гоману", вылажаны цалком выразна, як мы ужо бачылі, у артыкуле першым і апошнім -— гэта барацьба за палітычную і эканамічную самастойнасьць Беларусі ў агульна-расейскай фэдэрацыі.

Першы артыкул, абгаварыўшы тактыку барацьбы беларускіх народавольцаў і іх адносіны да расейскай "Народнай волі" і труднасьці, якія яны ў сваіх пачынаньнях напатыкаюць, канчаецца гэтак: "Но как-бы не велики были эти трудности, мы, посколько это будет в наших силах, положим первый камень для фундамента федеративной самостоятельности Бѣлоруссіи"...

Беларускія народавольцы, як гэта відаць з "Гоману“, з боку многіх расейцаў напатыкалі нямала перашкод і сумніваў у вартасьць іх працы. Ужо тады яны нашых барацьбітоў за Беларусь страшылі нацыяналізмам і сепаратызмам. Вось-жа артыкул аб нацыянальнай праблеме адбівае закіды, абасноўвае паняцьце нацыі агулам і беларускай у асобнасьці, а так-жа пасвойму бароніць правоў беларускага народу на палітычную і эканамічную самастойнасьць у агульна расейскай фэдэрацыі. Вось хоць некаторыя даслоўныя выбаркі з апошняга — шырэйшы зьмест якога паданы вышэй — артыкулу у "Гомане“, які яскрава пацьвярджае вышэй сказанае.

"Считаем необходимым энергично защищать Бѣлоруссію, как от польскаго, так и от великороссійскаго насилія... Всѣ особенности Бѣлоруссіи дают право на автономную федеративную самостоятельность в семьѣ других народностей Россіи в будущем"...

У новаўзгадаванай беларускай інтэлігенцыі, не будет того безсознательнаго узкаго націонализма, который называется обыкновенно „духом", — у нея не будет — бѣлорусскаго духа, — но за то она будет проникнута сознательным народничеством"...

Беларуская інтэлігенцыя павінна зьвярнуць сваю ўвагу не на "развитіе бѣлорусскага языка и на развитіе бѣлорусской народной гордости и сепаратизма", але яна павінна выставіць "на первый план экономическое улучшеніе и политическое развитіе страны... При такой постановкѣ бѣлорусскаго вопроса. Бѣлоруссов нельзя было-бы назвать сепаратистами... Нынѣшній историческій момент является найболѣе удобным для пробужденія Бѣлоруссіи, которая при дружной работѣ и борьбѣ нашей интеллигенціи переродится для новой самостоятельной жизни и займет почесное мѣсто среди других федерацій Россіи на началах свободнаго соглашения с ними"...

* * *

Маем мы ужо, такім чынам, агульнае паняцьце аб "Mużyckaj Praudzie" i аб „Гомане". Для поўнасьці нашых нарысаў дакінем слоў колькі аканчальнага параўнаньня між імі.

Цэнтрам і апорай імкненьняў "Muž. Pr." была Польшча. Каля яе, як каля свайго ядра, мела тварыцца федэрацыя, — аб якой там яшчэ выразна не ўспамінаецца, — народаў быўшага Вял. Кн. Літоўскага. У "Гомане" ўжо яўна спатыкаем ідэю фэдэрацыі, але ўжо з Расеяй, чаго вымагалі тагачасныя гістарычна-палітычныя варункі Беларусі.

"Muž. Pr" пісалі і выдавалі беларусы каталікі польскай культуры, а сярод беларускіх народавольцаў-гоманцаў ужо паяўлялася беларуская інтэлігенцыя праваслаўная. Першыя йшчэ аглядаліся на Польшч і на традыцыі Вял. Кн. Літ., а другія лучылі лёс Беларусі з Расеяй і ўжо аб традыцыях Вял. Кн. Літ., калі ня лічыць Грынявіцкага, бадай ня помнілі нічога. Гэтыя інтэлігенты ўжо не называлі сябе літоўцамі, як гэта рабіў Каліноўскі і нават яшчэ Грынявіцкі, але выразна беларусамі. Яны ўжо перасталі жыць традыцыямі Вял. Кн. Літоўскага.

Можна сьмела сказаць, што на беларускіх народавольцах, што групаваліся каля "Гоману", ці мо' яшчэ лепш: на самым "Гомане" — традыцыі польскія, шляхоцкія і літоўскія адмерлі цалком. Такім чынам "Гоман" — гэта сапраўды далейшы і зваротны пункт у беларускай палітычна-вызвольнай думцы. Гоман", як мы ўжо бачылі, усе беларускія землі заве беларускімі, а ўвесь народ наш беларускім і снуе выразныя думкі аб яго палітычнай, соцыяльнай і экономічнай самастойнасьці, чаго так выразна і ў такой меры, у „Muž. Рг." яшчэ не спатыкаем.

Заходзіць так-жа розьніцца між „Гоманам" і "Muž. Pr." і што да ідэолёгічных асноваў іх. "Muž. Pr." — гэта часапіс, які-бы можна было сяньня назваць беларускім радыкальным і сялянскім, або народным радыкальна-дэмократычным, а "Гоман" — гэта ўжо часапіс з ідэолёгіяй — хоць яшчэ не марксаўскай, — але па свойму соцыялістычнай, які ў аснову будучай Беларусі кладзе, як выразна аб гэтым сам кажа, "научный соціализм".

Калі-ж урэшце ідзе аб беларускі нацыянальны элемэнт, як такі, дык яго ў „Muž. Pr." можна бачыць толькі ў тым, што яна была пісана пабеларуску і што бараніла палітычныя і экономічныя правы беларускага народу.

У "Гомане"-ж шмат больш беларускага нацыянальнага "духу", хоць ад гэтага ён энэргічна адкараскваецца. У "Гомане" беларускі народ — гэта народ самастойны, розны ад іншых славянскіх народаў, а так-жа мова яго, псыхіка, абычаі, — усё рознае, асаблівае, беларускае. Ужо гэткі пагляд на беларускі народ сапраўды мае ў сабе нямала беларускага нацыянальнага элемэнту. Праўда, „Гоман" ці з пракананьня, ці мо з тактычных паглядаў, каб не дражніць расейскіх патрыотаў-імпэрыялістых, якія здараліся сярод народавольцаў, заяўляе, што Беларусь да сэпаратызму ня імкнецца, што справу разьвіцьця беларускай мовы і культуры трэба пакінуць "любителям", бо галоўнай мэтай бел. народавольцаў павінна быць фэдэрацыйная самастойнасьць Беларусі і эканамічны яе дабрабыт, — то ўсёждыкі гэта ўсё не зьмяншае ў ім — наадварот павялічвае — вялікую дозу беларускага нацыянальнага элемэнту. Сам факт разважаньня нацыянальнай беларускай праблемы і адгароджваньне ад беларускага нацыяналізму гаворыць аб яго існаваньні, аб патрэбе з ім лічыцца і аб патрэбе заняць да яго адпаведнае становішча.

* * *

Дык пытаем урэшце, што важнейшае для беларускага народу: "Mużyckaja Prauda", ці "Гоман"? Здаецца, не памылімся, калі скажам, што абодва гэтыя часапісы важныя кожны ў сваім часе, у сваіх варунках і ў сваім значэньні. "Muž. Pr." — гэта першае зярнё, першы пачатак беларускай палітычна-вызвольнай думкі, а „Гоман" — гэта тэй-жа думкі прадаўжэньне. Тое, аб чым "Muž. Pr." пісала дужа агульна, імгліста, "Гоман" называў па іменьні.

"Muž. Pr." да беларускага нацыянальнага прынцыпу як такога, да паняцьця бел. народу, як нацыі, яшчэ дужа далёка. Сусім да яго блізкі "Гоман", на які прынцып гэны ўжо насядае, хваляй сваей яго залівае, але й „Гоман" ад яго поўнага зразуме ьня, ад яго прыняцьця ў сваю палітычную ідэолёгію, яшчэ ўхіляецца і адмаўляецца.

Але нядоўга ўжо прынцып беларускай нацыі дабіваўся ў дзьверы беларускага вызваленьня, каб даць яму новыя творчыя сілы і ськіраваць беларускі народ на шлях усебаковага нацыянальнага адраджэньня і соцыяльна-палітычнага вызвальня. Калі расейскія народавольцы, а ў іх ліку і беларускія, гінулі на царскіх шыбеніцах, тады разьлягаўся новы творчы кліч да беларускага народу слаўнага Фр. Багушэвіча: "Не пакідайце мовы нашай, беларускай, каб ня ўмёрлі".

Кліч-жа гэны якраз і выражае той нацыянальны прынцып, які лёг у аснову сучаснага адраджэньня і вызваленьня беларускага народу.


  1. Народніцтва разьвівалася на працягу 30-х гадоў: ад 1860 да 1890. (Савецк. Энцыкл.).