Перайсці да зместу

Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Палітычна-вызвольныя ідэі ў Эўропе XIX ст. і Беларусь IV. К. Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня
Гістарычная праца
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
V. Ігнат Грынявіцкі і яго беларускае народніцтва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV. К. Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня.

Аб Каліноўскім даводзілася ўжо мне пісаць даволі шырока з нагоды 70-лецьця беларускай прэсы[1]. Дзеля гэтага ў гэтых нарысах - з нагоды 70-лецьця яго сьмерці — аб Каліноўскім скажу толькі агульна і прытым пераважна толькі тое, што ня было сказана аб ім у маей працы ранейшай і ўрэшце тое, што мае паказаць нам Каліноўскага, як пачынальніка беларускага палітычнага вызваленьня.

Радзіўся К. Каліноўскі ў 1838 г. ў фальварку Мастаўляны, недалёка ад Ялоўкі, Ваўкавыскага павету, гадаваўся ў фальв. Якужоўка, таго ж павету, недалёка ад Сьвіслачы. Бацкі яго былі каталіцкай беларускай спольшчанай шляхтай. Магчыма, што яны з уніятаў, бо Кастусь у сваей Mużyckaj Praudzie - пад мянюшкай Ясько Гаспадар з пад Вільні ў вадным месцы прыпамінае беларускім сялянам, што ён фактычна такі-ж самы мужык" як і яны ды яшчэ й уніякай веры". Ведама, можа гэта ў Каліноўскага толькі агітацыйны зварот, але можа гэта і адгалосак шчырай праўды. Не забываймо, што сярод беларускай шляхты былі і праваслаўныя і уніяты, якія ўрэшце аканчальна папераходзілі ў лацінскае каталіцтва.

Бацька Кастуся паходзіў з Рэплі, усё таго-ж Ваўкавыскага пав. Быў, як сам аб сабе кажа, "rękodzielnik", займаўся вырабам "obrusów i serwet". Граматы вучыўся дома, меў "wychowanie domowe"[2].

Вучыўся Кастусь сьпярша ў Сьвіслацкай гімназіі, а пасьля паўгода (1855) у Маскоўскім і ўрэшце ў Пецярбурскім унівэрсытэце, які скончыў у 1860 г. з стопнем кандыдата права.

Кастусь Каліноўскі († 1864).

У унівэрсытэце Кастусь Каліноўскі ня толькі вучыўся права, але адначасна знаёміўся з справамі грамадзка-палітычнымі і належыў да народніцкіх рэвалюцыйных арганізацыяў. Вышаў наш малады Кастусь з унівэрсытэту ідэйным рэвалюцыянэрам-народнікам. Працу сваю палітычную пачаў у роднай Горадзеншчыне сярод беларускага народу. Дзеля гэтай мэты летам 1862 г. у Беластоку наладзіў патаемную друкарню, у якой, як ужо ўспомнена, пад мянюшкай Ясько Гаспадар з пад Вільні выдаваў беларускую часопісь "Mużyckaja Prauda".

Калі ў пачатку 1863 г. выбухла ў нашым краі польскае паўстаньне, Каліноўскі да яго далучыўся і стаўся сьпярша палітычным камісарам Горадзеншчыны, а пасьля, калі паўстаньне ўпадала, абняў над ім дыктатарства ў Літве і Беларусі.

Праз увесь час сваей рэвалюцыйна-вызвольнай працы, Каліноўскі належыў да кірунку польскіх дэмократаў-народнікаў і з імі супрацоўнічаў, а з польскім цэнтральным нацыяналістычна-захопніцкім камітэтам, з прычын ідэовых розьніц у паглядах, быў у пастаяннай нязгодзе.

29.1.64 Каліноўскі быў жандарамі Мураўёва злоўлены, асуджаны на сьмерць і 10.ІІІ старога стылю таго ж 1864 г. на лукіскім пляцы ў Вільні павешаны, калі яшчэ меў усяго толькі 26 гадоў веку.

У гэтых нарысах ужо ўспаміналася, што беларускае палітычнае вызваленьне пачалося з тэй грамадзкай клясы, на якой беларускае палітычнае жыцьцё занепала, Фармальна палітычная самастойнасьць нашага народу перастала існаваць на Люблінскай уніі 1569 г., а фактычна значна пазьней. Яшчэ праз некаторы час па Люблінскай уніі, аж да пачаткаў ХVІІ ст., Беларусь і Літва шмат мелі палітычных і іншых правоў, якіх яны стойка баранілі. Так напр., ня гледзячы на палітычную унію з Польшчай, Беларусь і Літва мелі яшчэ сваё асобнае ад Польшчы войска, асобныя законы і некаторыя асобныя дзяржаўныя пасады. Нават грошы і тыя аж да першай паловы XVII ст. былі асобныя ў Кароне і ў Вялікім Княстве[3].

Апошнім, сапраўды дастойным абаронцам астаткаў палітычнай і культурнай асобнасьці нашага народу і ўсіх беларуска-літоўскіх зямель[4] быў слаўны канцлер Вялікага Княства Літоўскага вялікі Леў Сапега. А ўжо па ім Польшч хутка зруйнавала ўсю палітычную асобнасьць Беларусі і Літвы і зраўняла іх з землямі этнаграфічнай Польшчы.

Беларускія магнаты, як бачым, былі апошнімі абаронцамі палітычных правоў беларускага народу, бо яны належылі да пануючай і кіруючай клясы ў народзе. Першымі-ж пачынальнікамі палітычнага адраджэньня беларускага народу былі ўжо прадстаўнікі дробнай шляхты, бо абяднелай і гэтым збліжанай да народу. Гэта дробная і абяднелая, аканчальна не апалячаная шляхта, была адзінай свайго роду інтэлігенскай клясай у народзе, якая зьберагла памяць аб яго мінуўшчыне і аб яго нацыянальнай асобнасьці ад палякоў. І трэба было толькі адпаведнага часу, аказіі, каб гэная беларуская дробная шляхта, як асьвечаная і вольная няпрыгонная кляса, узноў стала на чале беларускага народу.

Гэткім адпаведным часам і адпаведнай аказіяй былі тыя ідэйныя кірункі, якія панавалі ў ХІХ ст. ў Эўропе і якія дайшлі да нас, а першай асобай, скарыстаўшай і з гэных кірункаў і з гэных аказіяў да дзейнага выступленьня за волю народу, быў К. Каліноўскі, аканчальна не апалячаны беларускі шляхціц, а толькі абяднелы і соцыяльна дужа блізкі да свайго роднага брата прыгоннага селяніна.

Прыгледзімся-ж бліжэй да асобы К. Каліноўскага, як першага ідэйнага барацьбіта на беларускіх гонях за лепшы палітычна-соцыяльны лёс беларускага народу.

Вось жа Каліноўскі - гэта быў сапраўды першы беларускі народнік, які першы будзіў народ беларускі, пасьля яго доўгай сьпячкі ў няволі палітычнай і соцыяльнай, да вольнага жыцьця. Праўда, беларускае яго народніцтва ня можна разумець так, як гэта мы разумеем сяньня. Сяньня беларус-народнік гэта той, хто разумеючы беларусаў як асобную нацыю, імкнецца ня толькі да таго, каб палепшыць і зрабіць вольным эканамічна-грамадзкае жыцьцё беларусаў, але так-жа і да таго, каб народ гэты на ўсіх сваіх этнографічных землях дабіўся поўнай палітычнай незалежнасьці і ўсё сваё эканамічнае, грамадзкае і культурнае жыцьцё будаваў прадусім на сваіх уласных нацыянальных падставах. Гэтак шырока і поўна справы беларускага народу Каліноўскі яшчэ не разумеў. Ён яе разумеў настолькі, насколькі разумець яе пазвалялі яму тагочасныя ідэовыя кірункі ў падобнай справе і насколькі рабіць яму гэта пазваляла і вымагала тагочаснае палітычна-соцыяльнае палажэньне беларускага народу. Нацыянальная асобнасьць беларускага народу была яму яснай. Аб гэтым шмат пісалі і гаварылі лепшыя расейцы: Бакунін, Гэрцэн і інш. у "Колоколе" (1857—1867), а так-жа Украінцы: Костомараў, Шэўчэнка і інш. Ідэямі-ж, якія пашыралі гэтыя людзі, як сьведчаць многія гісторыкі[5], Каліноўскі жыў і карміўся. Але яшчэ больш ясным фактам была для яго паншчына на Беларусі, поўная соцыяльная няволя беларускага народу і поўная няволя палітычная пад ярмом расейска-царскай улады. Вось-жа першай баявой задачай для Каліноўскага было ня толькі скончыць аканчальна з паншчынай[6], але агулам скончыць з панскай над беларусамі апекай, надзяліўшы беларусаў зямлёй на ўласнасьць і зрабіўшы іх вольнымі соцыяльна і так-жа скончыць з царскім уціскам палітычным, надзяліўшы беларусаў палітычна-грамадзкімі правамі. Надзяліць жа гэнымі правамі беларусаў, абараніць гэныя правы, іх угрунтаваць і павялічыць было-б магчыма ў вачох Каліноўскага толькі тады, калі-б народ наш не залежыў сусім ад царскай Расеі і ад польскіх паноў, будучы з Польшчай злучаны толькі фэдэрацыйна.

Але й тут трэба нам выясьненьня. У Каліноўскага ня было — бо і не магло быць — беларускага нацыяналізму ў сучасным разуменьні, але ў яго, як і ў многіх са шляхты, былі яшчэ жывыя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, ці як тады казалі, проста Літвы, гэта знача - прадусім традыцыі адзінства зямель Літвы і Беларусі. Вось-жа Каліноўскі меў на мэце вызваленьне ад расейцаў і паноў усяго нашага краю: Літвы і Беларусі разам. Імкнуўся ён да таго, каб літоўска-беларускія землі, ці Літва, як іх звалі і як ён іх зваў, былі фактычна палітычна незалежныя, злучаныя з Польшчай толькі на правох вольнай фэдэрацыі. Каліноўскага звалі сучасьнікі яго так-жа Літоўцам, гэтакім і ён сябе называў. Паляком не называў ён сябе ніколі, бо гэткім ён не пачуваўся. Фактычна-ж ён быў беларускім народнікам, бо бадай выключна працаваў для і сярод беларускага народу і для яго выдаваў першую ў беларускай мове часопісь "Mużyckuju Praudu" і іншыя беларускія друкі.

Для зямель этнографічна-літоўскіх у тым-жа духу працаваў кс. Мацкевіч. У папярэднім разьдзеле ўспомнена, што фэдэрацыю можна разумець як крайнюю дэцэнтралізацыю дзяржавы, як самы шырокі самаўрад. Вось-жа Каліноўскі у сваіх друках і Мацкевіч у сваіх паказаньнях і выясьненьнях расейскім уладам па сваім арышце жадаюць для нашых зямель "самаўрадзтва"[7]. Але ня думаймо, што гэта "самаўрадзтва" надта вузка разумелася: не - у яго паняцьце ўходзіў краёвы сойм і краёвая ўлада для ўнутраных спраў краю. Вось у гэткім значэньні Каліноўскі быў беларускі народнік і пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня.

Каліноўскі, - як і беларускі, і літоўскі народ, і бадай большасьць дробнай шляхты, - быў фактычна проціў паўстаньня, бо ня верыў у яго удачу і было яно нязгоднае з яго ідэолёгіяй. На чале паўстаньня сталі буйныя польскія паны, якія на Беларусь і Літву глядзелі як на звычайныя польскія правінцыі і якія яны імкнуліся далучыць да Польшчы бяз ніякіх засьцярог. Да таго ж ня было надзеі, каб паны гэныя, здабыўшы палітычную ўладу ў краі, належна надзялілі сялян зямлёй і далі ім адпаведныя палітычныя і грамадзкія правы.

Польшч хутка запалілася да паўстаньня - кажа Каліноўскі ў сваім уласнаручна напісаным паказаньні на судовым сьледзтве — бо ў яе ўжо такі характар. А Літва, як больш сур'ёзная, была асьцярожнай дый варожай да паўстаньня. А да таго Польшч ня брала пад увагу інтарэсаў Літвы. Сяляне Літвы ўважалі, што зямля ўся іх і што паны яе даць ім ня хочуць. Яны бачылі ў паноў яшчэ не абрэзаныя ногці і паўстаньне лічылі справай панскай, што паддзержаваў і ўрад[8].

Гэткіх паглядаў быў і сам Каліноўскі, але калі паўстаньне сталася фактам, ён, — як сам у тым жа паказаньні выражаецца, — як уражэнец гэтага краю мусіў выступіць у імя дабра народу[9].

І гэта сусім зразумела. У той час былі дзьве магчымасьці: або разам з народнікамі украінскімі і расейскімі абярнуць царызм і стварыць фэдэрацыю славянскіх народаў з Расеяй на чале, або да такіх жа мэтаў імкнуцца, апёршыся аб Польшч.

І сапраўды, гэткія існавалі тады два палітычныя пагляды, з якімі стыкаўся Каліноўскі. Тым часам на расейскую рэвалюцыю трэба было яшчэ чакаць, а польская ўжо сталася фактам. Ясна, што Каліноўскі мусіў яе выкарыстаць. Да таго ж польскія рэвалюцыйныя арганізацыі паддзержваныя заграніцай былі куды сільнейшыя, як расейскія, у арганізацыях гэных былі так жа народнікі фэдэралісты, як і сам Каліноўскі, а ўрэшце ён — як і ўся тады Літва і Беларусь, - культурна ўсёж-дыкі быў да Польшчы недалёкі[10]. Як беларускі аднак народнік, як той, што займаў у гісторыі пасярэдняе месца між Польшчай і Расеяй і як ідэйны дэмократ, Каліноўскі ня меў нацыянальнай ненавісьці да Расеі, што асабліва ў той час так было папулярным у Палякоў. "Я - казаў ён -не праціўнік народнага шчасьця і Расеі, калі яна нам дабра жадае, а праціўнік тых бед, якія адведваюць край наш"[11].

Аднак усё прагаварвала за тым, што Каліноўскі мусіў разам выступіць з Польшчай проціў царскай і панскай няволі і папрабаваць шчасьця, папрацаваць для дабра беларускага паднявольнага народу. І ён выступіў, справядліва заслужваючы прад беларускім народам на пачэснае імя першага барацьбіта за палітычна-соцыяльнае вызваленьне беларускага народу.

Для большай яснасьці і грунтоўнасьці, доказы, пацьвярджаючыя характар Каліноўскага, як пачынальніка беларускага палічычнага і соцыяльнага вызваленьня, пастараемся прадставіць хоць коратка, але па парадку і сынтэтычна.

Сам час, у якім жыў Каліноўскі і тыя ідэовыя палітычнаграмадзкія кірункі, якімі тады жыла інтэлігенцыя, ужо зьяўляюцца доказам, што быў ён народнік-фэдэраліст. Тады паступовая інтэлігенцыя, асабліва ж акадэміцкая моладзь расейскіх унівэрсытэтаў, што прымала учасьце ў тагочасным палітычным і грамадзкім жыцьці, агулам гаворачы, была пераважна народніцкай у справах соцыяльных і культурных і трымалася шырэйшага ці вузейшага фэдэралізму ў палітыцы. Ужо з гэтага відаць, што да гэных кірункаў мусіў належаць і Каліноўскі.

Ды-й гістарычным пэўным ёсьць фактам, што Каліноўскі, яшчэ ў Пецярбурскім унівэрсытэце, запазнаўшыся з тагочаснымі рэвалюцыйнымі імкненьнямі Расейцаў, Украінцаў і Палякоў, калі павёў рэвалюцыйную працу сярод Беларусаў Горадзеншчыны, рабіў гэта ў сьціслай лучнасьці з польскімі демократамі, з так званымі чырвонымі, якія сапраўды былі народнікамі Федэралістымі. Ясна, што ня інакшым мусіў быць і Каліноўскі. І быў такім сапраўды ды й яшчэ ў большай меры, бо быў заўсёды варожа настроеным да польскіх панскіх[12] арганізацыяў, якія фактычна ніколі не прызнавалі народнай волі народам нашага краю, і апрача гэтага быў ён фактычна павадыром і арганізатарам польскіх дэмакратаў народнікаў.

К. Каліноўскі дзеля пашыраньня сваіх ідэяў выдаваў першую беларускую часопісь "Mużyckaja Prauda" і іншыя беларускія друкі, якія выразна пацьвярджаюць народніцка -фэдэралістычны характар яго, як палітычнага і грамадзкага беларускага дзеяча.

І сапраўды, спатыкаем між іншым там гэткія выражэньні: "O zahrymić nasza (мужыцкая - A. C.) praŭda i jak małanka pralacić pa świecie... "Ad maskala i panou niema czeho spadziawacisia, bo jany nie wolności a hłumu i zdzierstwa naszeho choczuć... No niedouho jany nas buduć abdziraci, bo my paznali hdzie siła i prauda i budziem wiedać jak rabić treba kab dastać ziamlu i wolu" (падкр. - А. С.)[13] ..."Kab narod nasz na wiek wiekau byu wolny i szczaśliwy"[14] ..."Czaławiek wolny, kali maje kusok swajej ziamli, za katoru ani czynszu i abroku nie płacić, ani panszczyny nia służyć". "Nam wolnaści treba nie takoj, jakuju nam car schoča daci, no jakuju my sami mużyki pamiż saboju zrobimo"[15]. "U nas adno wuczać pa szkołach, kab ty znau czytaci pa maskousku, a to dla taho, kab ciabie sausim pierarabili na maskala"[16].

Краю нашага і нашага народу Каліноўскі ў «Muż. Pr.» ніколі не называе польскім, а наадварот заўсёды яго Польшчы проціўстаўляе. Ад Масквы адгараджваецца выразна. З Польшчай, праўда, цалком ня зрывае, разам з ёю кліча народ наш да паўстаньня, але за сваю вольнасьць: "Stańmo družna razom za naszuju wolnaść... A budzie u nas wolnaść, jakoj nia bylo naszym dziedam i backam"[17]..

Беларускі народніцкі характар Каліноўскага пацьвярджае такжа і факт яго адносінаў да рэлігіі. Ён у «Muż. Pr.»[18]. горача выступае ў абароне Уніі. І гэта зразумела; праваслаўе было тады, як і цяпер, аружжам маскоўшчыны, а лацінскае каталіцтва аружжам — польскасьці. Адно і другое было сымболем народнага ўціску. Унія-ж - наадварот: гэта была фактычна мужыцкая народная вера, пагарджаная пануючымі, як і сам мужык беларускі.

У іншых беларускіх друках Каліноўскі аказваецца нам яшчэ выразьней, як беларускі народнік і фэдэралісты. "Kali rad polski — кажа ён у пісьме з пад шыбеніцы[19] — usim bratnim narodam daje samauradstwa maskal mała taho, szto hetak nia robić, no jaszcze tam, hdzie żyli palaki, litoucy i biełarusy zawodzić maskoŭskija szkoły, a u hetych szkołach uczuć pa maskousku, hdzie nikoli nie paczujesz i słowa: pa polsku, pa litousku da i pa bielarusku, jak narod taho chocze". У тым жа пісьме Каліноўскі вылічае ўсе тыя зьдзекі, якіх народ дазнаваў ад царскіх уладаў, і ўрэшце так кажа. "Os to dla czaho kažem, szto polskaje dzielo - heto nasze dzielo, heta wolnaści dzielo".

І сапраўды, Палякі ў 1863 г. ужо былі прызнаўшы нашым землям гэна свайго роду "самаўрадзтва"[20]

"Narodzie-дзеля гэтага ўрэшце піша Каліноўскі-jak tolki paczujesz, szło braty twaje z pad Warszawy bjucca za praudu i swabodu, tahdy i ty nie astawajsia zzadu, no uchapiuszy za szto zmożesz - za kasu, siakieru i celaj hramadoj idzi wajawaci za swajo czaławieczaje i narodnaje prawa, za swaju ziamlu rodnuju"[21].

Калі-ж урэшце ідзе нам аб Каліноўскага выключна як фэдэралістага, дык гэта дастатачна выказана галасамі сучасных яму гісторыкаў, у маей аб ім кніжыцы[22] і тут гэтага ўсяго паўтараць ня буду. Аб тым, што Каліноўскі змагаўся за свайго роду палітычную самастойнасьць зямель Беларусі і Літвы, дапушчаючы іх сужыцьцё з Польшчай толькі на асновах фэдэрацыі, аб гэтым - кажу - для навукі сяньня няма ніякага сумніву. Існуюць толькі сумнівы што да сутнасьці гэтай фэдэрацыі, гэта знача - паўстае пытаньне, у чым іменна мела праяўляцца і як далёка сягаць гэная залежнасьць Беларусі і Літвы ад Польшчы і іхнае з ёй палітычнае супрацоўніцтва. К. Каліноўскі занадта быў малады і занадта хутка расстаўся з гэтым сьветам і занадта хутка разьвіваліся крывавыя падзеі на беларуска-літоўскіх землях, каб ён змог і каб патрабаваў дакумэнтальна апрацоўваць сыстэму фэдэрацыі Беларусі і Літвы з Польшчай. Гэткай дакумэнтальнай сыстэмы сваіх фэдэрацыйных паглядаў Каліноўскі пісанай не пакінуў. Аб гэтым, як і аб самым факце Фэдэралізму Каліноўскага, даведваемся ад бліжэйшых і ад далейшых да яго гісторыкаў. Вось-жа гэныя гісторыкі блізкія цалком і да часу і часта да асобы Каліноўскага (Гейштор, Ратч, Пшыбороўскі, Яноўскі, Ліманоўскі і інш.), - аб чым шырэй у тэй-жа маёй кніжыцы — сьцьвярджаюць бадай аднагалосна, што Каліноўскі фактычна жадаў Беларусь і Літву бачыць незалежнай дзяржавай, злучанаў з Польшчай толькі вольным саюзам, дагаворам. Апіраючыся на гэтым, можна цьвярдзіць, што Каліноўскі быў крайнім фэдэралістам, ці лепш: конфэдэралістым, бо Беларусь, Літву і Польшч ён разумеў як незалежныя дзяржавы, злучаныя між сабой саюзнымі дагаворамі і палітычнай дружбай.

І цікава тут адзначыць, што у польскай літаратуры, у меру таго, як яна аддаляецца ад часу Каліноўскага, гэты Ягоны незалежніцкі характар заціраецца на карысьць Польшчы. Так напрыклад нехта Licz аб Каліноўскім выражаецца даслоўна гэтак: "Idealem jego, do którego dążył, była Polska ludowa, oparta na zasadach federacyjnych"[23]. Тымчасам на падставе ўсяго таго, што аб Каліноўскім ведаем з яго друкаў і з галасоў аб ім сучасных яму гісторыкаў, належыць сказаць, што ідэалам яго былі не "ludowa Polska, oparta na na zasadach federacyjnych", a „ludowa" Беларусь і Літва апёртая на асновах фэдэрацыйных.

На заканчэньне астаецца нам яшчэ хоць коратка затрымацца над некаторымі да сяньня няяснымі пытаньнямі што да асобы Каліноўскага. Сучасны бальшавіцкі гісторык рэвалюцыйнага руху ў Беларусі ад 1863 да 1917 г. С. Агурскі, мімаходам толькі ўспамінаючы Каліноўскага, прытым дужа павярхоўна, аднабока і варожа, - паддае аднак пад сумніў бліжэйшую лучнасьць яго з "Mużyckaj Praudaj". Сумнівы свае ён апірае на тым, што як відаць з некаторых крыніц расейскай рэвалюцыйнай літаратуры (Колокол", "Вперед", "За 100 лет" і "Былое"), блізкімі былі да "Muż. Praudy" польскія паўстанцы: Врублеўскі, Тамашэўскі і Пятроўскі. Гэтыя асобы, як відаць з гэных крыніц, "Мużусkuju Praudu" распаўсюджвалі, выдавалі і былі за гэта суджаны[24].

Вось-жа маглі гэныя асобы, а так-жа і розныя іншыя, пашыраць "Muż. Praudu" і даваць грошы на яе выдавецтва, а з гэтым адначасна Каліноўскі, як народнік і знаўца беларускай мовы, мог быць яе душой і рэдактарам. З усяго, што аб Каліноўскім і „Muż. Praudzie" ведаем, гэтак і выглядае. Асобы-ж, аб якіх успамінае Агурскі, зьвязаныя так ці інакш з "Muz. Praudaj", сталіся ведамымі толькі прыпадкам, асабліва, калі злавіла іх у лучнасьці з "Muż. Pr." паліцыя, бо-ж была гэта часопісь сьцісла конспірацыйная. Дзеля гэтых прычын у гэных успомненых расейскіх крыніцах не ўспамінаецца нічога аб Каліноўскім. А што Валеры Врублеўскі прынамсі да выдавецтва некаторых нумароў "Muż. Praudy" сапраўды належыў, расказваў мне аб гэтым ведамы, сяньня ўжо памёршы, адвакат Тад. Врублеўскі, якому Валеры прыходзіўся родным дзядзькам.

У іншай жа савецкай крыніцы, іменна — ў Энцыклёпэдыі, якая вышла двама гадамі пазьней ад працы Агурскага, Каліноўскі прадстаўлены, як барацьбіт за нацыяналь ную і соцыяльна-эканамічную і палітычную самастойнасьць Беларусі і Літвы[25].

Урэшце яшчэ адзін сумніў што да асобы Каліноўскага, як беларускага народніка і рэвалюцыянэра. Маем на ўвеце адсзву: «Да мужыкоў зямлі польскай», падпісаную ягонай мянюшкай "Ясько Гаспадар з пад Вільні", якая, напісаная пабеларуску, заклікае народ на паўстаньне разам з Польшчай і за Польшч, бо "мы — чытаем там — спрадвякоў Палякі, на польскай зямлі жывём і польскі хлеб ямо". Што гэта за адозва і да каго яна празначана, - згадаць трудна, ды наўрад ці разгадаецца калі. Аднак, калі дапусьціць, што гэта адозва не падробленая, дык на нешта-ж і яна была Каліноўскаму патрэбнай. Можа праз яе зварочваўся ён спэцыяльна да спольшчаных беларусаў каталікоў, якія яшчэ ўжывалі беларускай мовы, а можа сусім што іншае меў на ўвазе. Але найхутчэй — на нашу думку — адозва гэна выдана палякамі імпэрыялістымі, так зв. "белымі", для якіх усе нашы землі і наш народ былі польскімі і якія падпісалі яе папулярным у народзе імем: "Ясько Гаспадар з пад Вільні". Бо-ж трэба ведаць, што гэныя "белыя" для сваіх чыста польскіх і панскіх мэтаў зараз пасьля «Mużyckaje Praudy» выдавалі так-жа ў беларускай мове часопісь "Гутарку Старога Дзеда" — Вінцуся Каратынскага"[26].

Ды як-бы там ня было з гэтай загадковай адозвай, нават дапусьціўшы, што яна для нейкіх прычын напісана і выдана сапраўды Каліноўскім, яна ніякім чынам не саб'е тэй гістарычнай праўды аб Каліноўскім, што ён першы беларускі народнік, першы пачынальнік вызвольнай барацьбы за соцыяльную і палітычную незалежнасьць Беларусі. "Быў гэта сапраўдны апостал беларускага народу"[27].


  1. Ad. Stanklewič - K. Kalinoūski, "Mużyckaja Prauda" i ideja Niezaležnaści Bielarusi. Wilnia 1933.
  2. Aud. Pol. t. 2 Nr. 917 бач. 887. 1864 г. (Сьледчая справа Сымона Каліноўскага, бацькі Кастуся у Дзярж. Арх. у Вільні).
  3. Праф. У. Ігнатоўскі — Кароткі нарыс Гісторыі Беларусі — Вільня 1921 г. бач. 71.
  4. Украінскія землі: Валынь, Падольле, а так-жа і Падлясьсе на Люблінскай уніі былі далучаны да Польшчы, як землі каронныя.
  5. Гл.. Ad. Stankiewicz — Kastuś Kalinoŭski.
  6. Трэба ведаць, што хоць цар маніфэстам паншчыну скасаваў у 1861 г., аднак яна фактычна ў нас была скасавана толькі ў 1863-4 г.
  7. Тэчка дакумантаў да справы Кс. Мацкевіча у Дзярж. Арх. у Вільні
  8. Aud. Pol. Nr. 280. 1864
  9. "Въ моемъ сознаніи я преступникъ не по убѣжденію, но по стеченію обстоятельствь. А потому пусть и мнѣ будеть дозволительнымъ утѣшать себя надеждою, что возсоздастся народное благо. Дай Бог только, чтобы для достиженія этого потомки наши не проливали лишней братней крови". Aud. Pol. там-жа.
  10. "Сѣть обхватывающая насъ во всѣхъ классахъ и соединяющая съ Польшей, имѣетъ столько основаній въ традиціяхъ и даже въ предрассудкахъ, что распутать ее, уничтожить и возсоздать что либо новое, составляетъ вѣковой, систематическій и разумный труд. (Aud. Pol., там-жа).
  11. Aud. Pol. там-жа.
  12. ..."Nie dbam o nic, to przez okno na dach, to inszemi sposobami zawsze szczęśliwie z rak ich (Маскалёў - А. С.) się wyślizgam. Opieka Boska czuwa nade mną, a jeśli przyjdzie się zawisnąć, to niech będzie na pocieche wszystkim szlagom (паном, што проціў яго - А. С) litewskim i prześwietne Moskwie". (3 лісту Каліноўскага да Б. Длускага. Арыгінал у бібл. Оссолінскіх. Цытую з одпісу Р. Керсноўскага).
  13. "Mużyckaja Prauda" Nr. 1.
  14. "Mużyckaja Prauda" Nr. 2.
  15. Nr. 3.
  16. Nr. 4.
  17. Nr. 7.
  18. Nr. 6.
  19. Piśmy z pad szybienicy.
  20. a) Надзяленьне сялян зямлёй, б) Роўнасьць усіх, в) Злучаным 3 Польшчай братнім народам Літвы і Русі прызнаньне найшырэйшага разьвіцьця нацыянальнасьці і мовы... (Dekret Tymczas. Rzadu Narodowego z 10.V.1863).
  21. Piśmy z pad szybienicy.
  22. Ad. Stankiewicz - K. Kalinoŭski, "Mużyckaja Prauda" i ideja Niez. Bielarusi: VIII. K. Kalinoŭski - zmahar za palityčnuju samastojnaść Bielarusi I Litwy. 45-52.
  23. Licz - Konstanty Kalinowski "Gazeta Wileńska" 1906, Nr. 17.
  24. "Следующие источники указывают на Врублевскаго і Томашевскаго, как на издателей Muž. Praudy".
    а) в Колоколе" № 162, 1863 г. описвается процесс Томашевскаго и Петровскаго, происходивший в Вильно в мае 1863 г. Они обвинялись в распространении „Muż Praudy". Петровский был осужден к 6-ти годам каторжных работ с конфискацией имущества, а Томашевский к 4 годам каторжных работ.
    б) В "Вперед" № 40 на стр. 670 указывается, что "Muż. Prauda", выходившая в 1862-63 г. в Гродненской губ., издавалась при участии Врублевскаго.
    в) в книге "за 100 лет", часть 2, изданной Степняком и Бурцевым, указывается на стр. 55, что издателями "Muż. Pr." являлись генерал Парижской Коммуны Врублевский и Томашевский.
    г) Во втором выпуске заграничнаго журнала "Былое", выпущеннаго в 1906 г. Донской Речью в России на стр. 126 указывается, что издателями "Muż. Pr.. были Врублевский и Томашевский.
    Во всех этих источниках совершенно не фигурирует имя Кастуся Калиновскаго" (С. Агурский - Очерки по истории революционнаго движения в Белоруссии. 1863-1917. Минск 1928, бач, 20, дапісак). Зазначаем адначасна, што ў гэтай кнізе знаходзіцца перадрук усіх сямёх нумароў "Mużyckaj Praudy". Спатыкаецца так-жа зацемка (бач. 17), што ўсіх нумароў "Muż. Praudy" было выпушчана дзевяць.
  25. "Первыя попытки социяльного и национального освобождения Белоруссии были сделаны во время польского восстания 1863 г. За освобождение белорусских крестьян из-под власти польского помещика и русского царя, за создание самостоятельного государства Литвы и Белоруссии и за передачу земли крестьянам без выкупа боролись "красные" (обедневшая шляхта, учащаяся молодежь) во главе с известным белорусским революционным народником Кастусь Калиновским. (Малая Советская Энциклопедия, 1930. Т. 1. Белоруссия.)
  26. У. Ігнатоўскі - Гісторыя Беларусі ў XIX і у пач. ХХ ст. Менск, 1928, бач. 158
  27. Dwadzieścis pięć lat Rosji w Polsce (1863-1888). Lwów 1892. Бач. 67. Цытую паводле: Ів. Цьвікевіч К. Каліноўскі („Полымя" № 2(10), 1924).