Да гісторыі беларускага дрэварытніцтва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да гісторыі беларускага дрэварытніцтва
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1933
Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сярод рытаўнікоў на дрэве, якія працавалі ў нас у даўныя часы, вядома надта мала іменьняў. Дзеля гэтага гожа адзначыць два зь іх, якія мы знайшлі ў матэрыялах Музэю ім. Івана Луцкевіча. Першы працаваў у XVІІ ст., другі — у XVІІІ.

У рукапісным Евангельлі, напісаным у 1668 годзе для Жухавіцкае царквы, Наваградзкага павету, прэзьбітэрам гэтае царквы, Лукашом, мы знаходзім штыхаваныя застаўкі (дрэварыты) з ангеламі і расьліннымі аздобамі (васількі) і з подпісам аўтара: ЛУКА. ПР. Т. АХNQ.

Такая ж застаўка, толькі з багаслаўляючым Хрыстом пасярэдзіне, зьмешчана і ў пачатку Пасланьня апостала Паўлы да Рымлян. Безумоўна, аўтарам дрэварытаў зьяўляецца перапішчык, толькі, як відаць, рабіў ён свае застаўкі паводле чужых узораў (з кіеўскага выд. «Триоди Цветной» 1631 г.) — раней, калі быў яшчэ ня ў Жухавічах, а ў царкве ў Т. Калі б добра пашукаць, у якой мясцовасьці на Т. была ў другой палавіне XVІІ ст. уніяцкая царква (Жухавіцкая царква была ўніяцкая), дык мо ўдалося бы адшукаць і іншыя сьляды творчасьці нашага дрэварытніка. Год, паказаны на застаўцы: 1659, красамоўна гаворыць, што і раней, чым «вялікая патрэба» прымусіла яго ўзяцца за пісаньне сьвятых кніг для Жухавіцкае царквы, прэзьбітэр Лукаш працаваў дзеля прыаздобленьня кніг дрэварытамі.

Адзінай крыніцай даных дзеля біяграфіі пр. Лукаша служыць упісанае яго ўласнай рукой у канцы Евангельля паводле Мацьвея апавяданьне, як і ў якіх абставінах яму прыходзілася працаваць у Жухавічах[1]. Гэта цэнна ня толькі дзеля характарыстыкі пр. Лукаша, але і прадстаўляе жывы абраз адносінаў у Беларусі ў рэлігійнай сфэры ў канцы XVІІ ст. Характэрна і тое, што маем тут два запісы: адзін — пабеларуску, другі — больш падробны — па-польску.

З тых жа музэйных матэрыялаў даведваемся аб існаваньні яшчэ аднаго беларускага дрэварытніка — Паўлы Комара, які працаваў, як відаць з выкрытага Ів.Луцкевічам каляраванага дрэварыту[2], у другой палове XVІІІ ст. у Вільні. Лубок гэты, як відаць з рысунку, дужа цікаўны ня толькі затым, што мае беларускі подпіс аўтара, дату і месца работы, але і па самаму свайму выпаўненьню і па кампазыцыі, напамінаючы дрэварыты сярэднявечча. Разьмеры дрэварыту ў натуральнай велічыні: 56х36 см.

  1. Выпіска гэтага запісу была дадзена у сваім часе Беларускім Музэем ім. Ів. Луцкевіча гр. Ластоўскаму дзеля ягонае «Гісторыі беларускае (крыўскае) кнігі» (Коўна. 1926) і тамака зьмешчана поўнасьцю.
  2. Адбітак з апошняга гл. у гэтым томе «Гадавіка».