Перайсці да зместу

Да Беларусі (Леўчык)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да Беларусі
Аўтар: Гальяш Леўчык
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 283

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І
Ў бездну-пропасць кіну гора,
Мысль скупаю ў небе,
Расплывуся хваляй мора,
Каб забыць аб хлебе.

Затаплю я злую долю
Ў нашых слёзаў моры,
Палячу ў прастор на волю,
Каб не знаць аб горы!

Закапаю ў гроб-магілу
Ўсю бяду і ліха,
Каб падняці праўды сілу,
Для яе жыць ціха!

ІІ
Жаваранка песняй чуткай
Разлячусь па ніве
І вярбовай сельскай дудкай
Ўвесялю шчасліве!

Дый, як пчолкай працавітай,
Зазвіню па кветках
І музыкай незабытай
Разнясусь ў палетках.

Цёплым ветрыкам павею
Па араным полі,
Як сейбіт, людзям засею
Зёрны добрай долі!