Перайсці да зместу

Даняў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Даняў
Вершаваная казка
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershavanyya-kazki

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў-быў пан, да казак ахвочы.
Заклікаў ён раз мужыка
І, з хітрасцю глянуўшы ў вочы,
Пускае такога жука:
— Глядзі, чалавеча, — дукаты.
Яны твае будуць усе,
Калі ты расказ вузлаваты
Раскажаш у поўнай красе.
Пры гэтым — каб праўды ні слова,
І калі я скажу: «лжэш»,
Тады ты — такая умова —
Дукаты сабе забярэш.
Прайграеш, дык будзеш мне вінны
І страціш ты славу сваю.

Мужык той быў казачнік слынны,
Вядомы далёка ў краю.
        Зірнуў на дукаты
        Наш баечнік скоса —
        Як вырваць чырвонцы
        З-пад панскага носа?
        Як славу-пагудку
        Сваю не зняславіць,
        А пана самога
        У дурні паставіць?
        «Ну, што ж, папрабую
        Дай, сіла ліхая!»
        І ён небыліцу
        Такую сплятае.
— Чаго не бывае на свеце, панок!
        Выпадак і мне налучыўся.
Дванаццаты стукнуў тады мне гадок,
        А я і на свет не радзіўся.
Пайшоў я на службу. Мяне багацей
        Наняў пасвіць пчолы на лета.
Заклікаў мяне ён і кажа: «Мацей,
        Ты цвёрда запамятай гэта:
Табе даручаю я сто адзін рой,
        Пільнуй жа ты пчол маіх дбала.
На дзень іх два разы злічы і падой,
        І каб ні адна не прапала!»
Я быў паслухмяны хлапец, увішны
        І добры даглядчык жывёлы,
Я мёду надойваў цабры і збаны,
        Мёд зносілі ў рэзгіні пчолы..

Зірнуў на расказчыка пан Дамінік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

Дукаты ж, здаецца, палаюць ярчэй
        І цягнуць прывабнаю хваляй,
І баечнік з грошай не зводзіць вачэй,
        Свой сказ ён прадоўжвае далей.

— Лічу раз падвечар я пчолак — бяда:
        Дванаццаці штук не хватае.
Ці ўгразлі ў балоце, ці знесла вада,
        Ці сцежка заела крутая?
І што ж мне рабіці? Бяжы, брат, лаві!
        Бягу я, аж бачу, саколю,
Ляцяць адзінаццаць, і ўсе ж у крыві,
        Ды жаласна стогнуць ад болю.
А дзе ж яшчэ пчолка адненька? Няма!
        Аж чую — раве за ракою!
Зірнуў туды гэта, гляджу — куцярма:
        Населі ваўкі талакою.
Яна не даецца. Ваўкі ж, як слата.
        І бачу — парвуць маю пчолку.
Лячу я туды, лячу наўскапыта,
        Бягу ратаваці саколку.
Імчуся да рэчкі. Прыбег. Дзе паром?
        Ніякай няма пераправы!
Не думаю доўга, іду напралом,
        І за лоб я хоп сябе жвава!
Разгойдаў рукою сваю галаву —
        І гоп-ля! за рэчку шпурляю.
Урэзаўся я на тым боку ў траву,
        Па грудзі ў зямлю асядаю.

А пан абыяка бярэ на язык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я так, я і гэтак — не вылезеш, брат!
        Не выбрацца мне без лапаты.
Я зноў сябе кінуў за рэчку назад,
        Бягу па рыдлёўку дахаты.
Бягу пералескам і чую — ў дупле
        Засмажаны голуб варкуе.
А есці мне хочацца страх як! Але
        Спыняцца тут — часу бракуе.
Аднак жа не ўцерпеў, палез я на дуб
        І ў дзірку засоўваю руку.
Не ўлазіць рука ні нага а ні ў зуб.
        Я выкінуў іншую штуку:
Я проста усім целам падаўся — залез!
        Выцягваю голуба з дрэва.
Паслухаў — трасецца навокала лес.
        Зямля ад пчалінага рэву.

А пан тым жа ладам і тонам пык-мык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Схапіў я рыдлёўку, за рэчку бягу,
        Адкопваю сам сябе з долу,
Імчуся на помач пчале як магу
        І прэч адганяю назолу.
Гляджу я — парвана ўся пчолка мая,
        Ляжыць на зямлі чуць жывая.
„Эх, бедная!“ — плачу над пчолкаю я.
        Прыйшла ты, часіна ліхая!
Не жыць ёй на свеце. Махнуў я нажом
        І — шась ёй па горле і квіта!..
Дванаццаць кадушак пчаліным дабром
        Я высаліў — так была сыта.

А пан нічагуткі, дзівіцца не звык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я пчолчына мяса даставіў дамоў,
        Сам лёг адпачыць з паўхвіліны,
Ды сон не бярэ: мне на думкі прыйшоў
        Хрыбет непрыбраны пчаліны.
Агледзяцца людзі — стаптана трава,
        Валяюцца косці па пожні, —
Клясці мяне будуць. Я моўчкі — раз-два!
        Шыбую на луг асцярожна.
Прыйшоў я, патупаў, бяру той шкілет
        Дый думаю — ў рэчку укіну.
Бяру, падымаю, — пчаліны ж хрыбет
        Упёрся у неба рабрынай!

Пан слухае казку, як злы чараўнік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Вось тут я і скеміў, кажу сабе сам:
        «А што, калі ўзлезці на неба?
Дык дай жа пабачу, што дзеецца там».
        І лезу па рэбрах як трэба.
Дабраўся не хутка, ступіў на парог,
        Гляджу я — сады і палаткі.
І бачу — старэчай паходкаю бог
        Дыбае да божае маткі.
На лаўках цукровых садзяцца за стол,
        Ім цень прыпадносіць бяроза.
І кажа бог, стукнуўшы палкаю ў дол:
        «А можа згулялі б у воза?»
Прыслухаўся — чую ў палатцы адной
        Пяюць прападобныя песні.
Туды іду ціха — не сочаць за мной,
        Хоць ты там памры і ўваскрэсні.
Гляджу, а там п’янства, гармідар, кірмаш.
        Закускі цягаюць кашамі.
Два лысых прарокі, Лысей і Гальяш,
        П'юць бражку святую каўшамі.
Юзэфа, Барбара і Ганна —ўтраіх,
        У туфельках, плешчучы ў ладкі,
«Лявоніху» рэпяць і цешаць святых,
        Рох з Юр'ем ідуць упрысядкі.
Апостал жа Пётра, Кузьма і Дзямян
        Гукаюць, тнуць песні-дрындушкі.
Угоднік Мікола як мае быць п’ян,
        Ляжыць, заваліўшыся ў стружкі.
І шапка-карона спаўзла з галавы.
        Я — цоп яе і — махні драла!
Імчуся назад я, бягу чуць жывы,
        Гляджу — аж драбіна прапала.

А пан сваё цвердзіць упарта, як бык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— «Ну, як на зямлю мне дабрацца назад?» —
        Мазолю я думкай галоўку.
Аж бачу — ляжаць пілавіны, і шмат.
        Давай я тут віць з іх вяроўку.
Я вывіў вужышча, прыладзіў за рай,
        На землю спускаюся лоўка,
Ды бачу — далёка зямля і наш край:
        Кароткая выйшла вяроўка.
І што ж тут парадзіць? Я ножыкам — чык!
        Адрэзваю кончык вужышча,
Прыточваю знізу... Кулдык ды кулдык —
        І шусь на зямлю, ды ў іржышча!

А пан цэдзіць той жа нязменны свой зык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я стаў разглядацца. Э, брат, не туды
        Папаў ты, галубчык Мацейка!
Зямля — ды не наша! Такое брыды
        Не бачыў араты і жнейка.
Навокала пуста. Ні рэк, ні раслін...
        Пасецца ж свіное там стадка.
Гляджу — стаіць нехта, няшчасны, адзін,
        Сагнуты, як той свіны татка.
Замурзаны, брудны, ну горш жабрака!
        І пуга ў руках дратаванка.
А твар той аблуплен, і з-пад каўпака
        Нос вытырк, нібы сапяжанка.
Гляджу — твар знаёмы. Прыгледзеўся —
        Так:

Пазнаў я яго па каптане.
Ды гэты ж пахілак, худзенькі вахлак —
        Нябожчык наш, бацька твой, пане!!!

І пан аж падскочыў, ускінуўшы раме:
— Быць то не можа! Лжэш, хаме!

(1938)