Перайсці да зместу

Дамавік ездзіць на конях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дамавік ездзіць на конях
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://knihi.com/none/Damavik_jezdzic_na_koniach.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сядзім мы раз у карчме, пакурваем люлькі ды гамонім аб тым аб сім. Толькі вось заходзіць Купрэй і пачынае жаліцца, што яго коні ноччу хтось заезджвае ў хляве.

— Гэ, ды гэта, мабыць, той самы,— кажа Мікіта Кульган.— Летась ён як прычапіўся да маіх коней, дык чуць жывымі пакінуў. Але то, кажуць, нячыстая сіла. Я выгладзіў коней, як лялек, а ён за нядзелю так заездзіў, што засталіся толькі шкура ды косці.

— Дык вось гэтак жа і маіх,— кажа Купрэй.— Сягоння чую ўначы, што коні грукаюць, запаліў я трэску дый пайшоў у хлеў. Прыходжу туды, а мае коні ў пене, бы іх хто ганяў колькі міль. Гэта ён цешыцца. Ён любіць, калі гладкія коні.

— Прапалі мае коні. Не ведаю, што і пачаць. Парадзь, Мікіта-братка, што мне рабіць. Можа, трэба старацца людзей, каб адрабілі, бо гэта, мусіць, удзеяна.

— Плюнь ты, Купрэй, на гэтую справу, ды вот паслухай, як я зрабіў. У мяне яшчэ горш было, бо я і не ведаў, што ён ездзіць на конях. Толькі бачу, што як я ні кармлю, а яны ўсё падаюць з цела. Дзякаваць сябру, ён мяне перасцярог.

— Глядзі,— кажа сябра,— ці не дамавік гэта гарцуе на тваіх конях.

Схамянуўся я дый пайшоў уначы цікаваць. Залез гэта я на вышкі ды адтуль і пазіраю на коней. А ў мяне, бачыце, над коньмі, каб было цяплей, зроблены вышкі з жэрдак, а наверх накідана саломы. Ляжу я на саломе дый пазіраю праз шчыліну. Перш звечара коні стаялі ціха ды хрумалі сена, потым, можа, у самую поўнач пакінулі есці ды давай пераступаць з нагі на нагу, давай чмыхаць ды дрыжаць усім целам, быццам яны бягуць, дый толькі. Дык вот, кажаце, можа, праз часіну, як люльку выкурыць, з маіх канякаў паваліла пена. Паглядзеў я на тое ды хутчэй да сябра на раду. На другую ноч пайшоў я з сябрам разам пільнаваць коней. Запалілі мы грамнічную свечку, накрылі яе горшчыкам, узялі з сабою вады ды сядзім, чакаем, пакуль з’явіцца ён сам. Толькі вось каля поўначы і пачалі коні біцца ды тупаць. Адкрыў гэта сябра свечку; зірнулі мы, аж на конях сядзіць сівы дзед з доўгаю барадою ды толькі іх паганяе. Вот я як хватануў яго, дык ён і знік назаўсёды. 3 тых часоў болей і не з’яўляецца.