Перайсці да зместу

Дакладная запіска сябра КПБ У. Ігнатоўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дакладная запіска сябра КПБ У. Ігнатоўскага
Дакумант
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1922
Крыніца: Як адстойвалі ўсходнія землі // Спадчына № 6-1995 С. 37-54.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Цэнтральнае Бюро Кампартыі Беларусі

Як камуніст і наркамасьветы Беларусі, лічу сваім абавязкам падаць наступную дакладную запіску ў ЦК КПБ і прашу накіраваць яе ў ЦК РКП.

Жадаючы пазнаёміцца з пастаноўкаю беларускае культурна-асьветнае працы ў Віцебшчыне, я зрабіў паездку ў Віцебск (4.V — 8.V) і лічу, што там дапушчана ў гэтай справе вялікая памылка, якую неабходна выправіць, бо ў адваротным выпадку яна шкодна адаб’ецца на нашай камуністычнай працы ня толькі ў Віцебшчыне, але і на ўсёй тэрыторыі эканамічна-этнаграфічнай Беларусі як савецкай, так і закардоннай.

Беларусь зьяўляецца вельмі стракатай краінай па свайму этнаграфічнаму складу. Пастараюся гэта ілюстраваць лічбамі, якія маю ў распараджэньні. Гэтыя лічбы хоць і ўстарэлі, але яны даюць усё ж прыблізную карціну этнаграфічнага складу Беларусі ў рамках старога разьмеркаваньня па губэрнях.

Паводле Фартунатава (1906 г.), мы маем наступны статыстычны матэрыял:

Губэрня % беларусаў % вялікарус. і ўкр. % гэбраяў % літоўц. і латышоў % палякаў
Магілеўская 82,1 3,8 12,1 - 1
Менская 76,1 4,6 16,0 - 3
Віленская 56,0 5,0 12,7 17,6 8,3
Віцебская 52,0 13,3 11,7 17,6 3,4
Горадзенская 43,9 27,3 17,3 - 10

Паводле Янчука, мы маем наступны статыстычны матэрыял, які датычыць толькі беларусаў і адносіцца да даваеннай пары:

Губэрня Колькасьць бел. насельн. Працэнтныя стасункі
Менская 2.500.000 85%
Магілеўская 2.200.000 83%
Віленская 1.500.000 60%
Віцебская 1.200.000 55%
Горадзенская 1.000.000 50%
Смаленская 900.000 40%
Чарнігаўская 300.000 25%
Ковенская 100.000 10%

Паводле Шэндрыка і Доўнар-Запольскага, па 4-х губэрнях — Віцебскай, Менскай, Магілеўскай і Смаленскай — мы маем наступны статыстычны матэрыял у выглядзе сярэдняй лічбы на пададзеныя чатыры губэрні: беларусы — 66,3%, вялікарусы — 12,4%, палякі — 5,4%, гэбраі — 8,3% і г. д.

Нягледзячы на пэўнае разыходжаньне ў дэталях, статыстычныя матэрыялы даюць нам яскравы малюнак этнаграфічна-побытавай разнастайнасьці ў Беларусі, якая здаўна паставіла тут на вырашэньне востра нацыянальнае пытаньне. Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая кіруецца Камуністычнаю партыяй, маючы на мэце разьвязаньне клясавых задачаў, не магла абмінуць нацыянальнага пытаньня. Трэба было вырашыць нацыянальнае пытаньне так, каб яно не зацямняла асноўнага ў рэвалюцыі. Нацыянальная барацьба і шавінізм павінны быць выкараненыя, каб яны не перашкаджалі разьвіцьцю барацьбы клясавай. Палітычна гэтая зьява выявілася ў стварэньні Савецкай фэдэрацыі як пераходнай ступені да дэмакратычнага цэнтралізму. У культурным дачыненьні гэта выявілася ў прыняцьці X зьездам РКП тэзаў па нацыянальным пытаньні, якія вызначаюць камуністычную лінію паводзінаў у рашэньні культурна-нацыянальных пытаньняў у Савецкай Беларусі.

Віцебская губэрня ёсьць тыповаю рознанацыянальнаю губэрняю. Вышэйпададзеныя статыстычныя матэрыялы даюць нам уяўленьне аб яе этнаграфічным екладзе. Тут жывуць беларусы (ад 52 да 55%), латышы (ад 17,6 да 20%, апошняя лічба значыцца ў матэрыялах Шэндрыка), гэбраі (каля 12%), вялікарусы, украінцы і г. д. Такім чынам, і тут трэба ўмела падыходзіць да нацыянальнага пытаньня і весьці яго так, каб яно не перашкаджала вырашаць клясавыя праблемы. У стасунку да беларускага нацыянальнага пытаньня тут якраз гэтае патрабаваньне, на мой погляд, не ажыцьцёўлена.

На маё пытаньне, ці ёсьць пры Віцгубанарасьветы беларуская сэкцыя, загадчыца губанарасьветы тав. Шэйдліна адказала, што сэкцыі няма і што існаваньне яе яна лічыць непатрэбным. Паводле яе заявы, усе беларусы гавораць на расейскай мове, і іх трэба вучыць і распаўсюджваць сярод іх культуру на расейскай мове. Губкампарт, паводле яе словаў, прыняў адпаведную пастанову, і яна ў сваім рашэньні не адчыняць белсэкцыі кіруецца ня толькі сваёю думкаю, але й пастановаю губкампарту.

За некалькі дзён да майго прыезду ў Віцебск прыехала з Масквы інструктар Цэнтральнага Бюро пры Саўнацмене Наркамасьветы РСФСР Шышова. Зь яе мандату я ўбачыў, што цэнтар не падзяляе думку Віцебскай губ. і загадвае ёй заняцца на месцы арганізацыяй белсэкцыяў. Калі яна прапанавала губанарасьветы арганізаваць белсэкцыю, то аддзел нарасьветы пісьмова даў ёй адказ, што калегія „з-за адсутнасьці сродкаў арганізацыю белсэкцыі лічыць нясвоечасоваю“. Такі адказ я лічу вельмі нездавальняючым.

Калі калегія не хацела беспартыйнаму інструктару паведамляць сапраўдных прычынаў (якія паведаміла мне — камуністу), то трэба было фармуляваць іх больш удала. Інструктар з поўнай падставай заяўляе, што аддзел нарасьветы даў няправільны і прадузяты ў дачыненьні да беларускай нацыі адказ, таму што: 1) сродкі на спэцыяльную сэкцыйную працу адпушчаныя з цэнтру і 2) знайшліся ж сродкі на працу сэкцыяў гэбрайскай і латыскай, хоць гэбраяў і латышоў у губэрні значна менш, чым беларусаў. Таксама тлумачылі адказ і тыя беспартыйныя беларусы, зь якімі мне давялося сустракацца ў горадзе. Я не лічу магчымым паведамляць беспартыйным той адказ, які я атрымаў ад аддзелу нарасьветы як камуніст, і прыдумляў іншыя матываваньні, якія б зьмякчылі той шавіністычны настрой, якім была насычаная атмасфэра з-за няўдалай рэзалюцыі аддзелу нарасьветы.

Я, як стары беларускі навуковы й культурны працаўнік, катэгарычна заяўляю, што ў Віцебскай губэрні ёсьць беларусы, якія гавораць на беларускай мове, ня ў меншай працэнтнай колькасьці, чым, напрыклад, латышы й гэбраі. Русыфікацыя царскага рэжыму й фабрычна-заводзкі капітал не маглі пранікнуць у глухую вёску, а беларусы ёсьць пераважна ейнымі жыхарамі. Русыфікацыя зачапіла невялікую групу беларускай інтэлігенцыі й гарадзкога бел. пралетарыяту, які таксама ня ёсьць шматлікім. Вясковы пралетарыят і сялянства ў масе сваёй гавораць на беларускай мове. Сьцьвярджаць, што вёска ў Віцебшчыны гаворыць у масе на расейскай мове, азначае ці зусім ня ведаць вёскі, ці не лічыцца з працай у вёсцы.

Сярод зрусыфікаванай інтэлігенцыі таксама ў апошні час зьявілася групоўка гэтак званых адраджэнцаў, якая ня толькі гаворыць і піша па-беларуску, але, што горш, будзіруе нацыянальнае пытаньне пры самай малой памылцы з нашага боку. Што да гарадоў Віцебшчыны, то яны гавораць на такой расейскай мове, якая мае на сабе ўсе адбіткі беларускае мовы. На кожным кроку чуваць тыповыя для беларускай мовы — заўсёды цьвёрдае „р“, „ў“ замест „в“, „дз“, „дж“ і г. д. На маё запытаньне, дзе знаходзіцца археалягічны інстытут, я атрымаў ад „советской барышні“ ў каапэратыве мясцовага Раб. мастацтва і асьветы такі адказ: „У архиерейском доме“. Адказ зь філялягічнага боку вельмі тыповы. Яшчэ ўвосень гэтага навучальнага году да мяне як да наркама асьветы Беларусі прыяжджаў дэлегат з Воршы (Віц. губ.) па літаратуру на беларускай мове і выкладчыкаў беларусазнаўства. Запыты на літаратуру прыходзілі да мяне і з г. Віцебска, і зь Лепельскага павету. Этнограф Сапуноў і цяпер яшчэ праводзіць у Віцебскай губэрні збор і запіс беларускае народнае творчасьці і г. д. Можна прывесьці дастатковую колькасьць фактаў у доказ маёй высновы.

Зыходзячы з вышэйсказанага, я лічу, што пастанова губкама й рашэньне нарасьветы аб неадчыненьні белсэкцыі: 1) супярэчыць пастановам X зьезду РКП па нацыянальным пытаньні і праграме нашае партыі; 2) супярэчыць першаму пункту палажэньня прынятае намі працоўнае школы аб навучаньні ў школе на роднай мове; 3) стварае на месцы шавіністычную атмасфэру; 4) у Беларусі Савецкай стварае разгубленасьць у партыйных беларускіх колах і той жа шавінізм у беспартыйных беларускіх колах; 5) у Беларусі закардоннай, дзе нацыянальнае пачуцьцё беларусаў надзвычай узбуджана з прычыны белапольскага сацыяльна-нацыянальнага прыгнёту, зьмяншае цягу да Савецкай Беларусі й Расеі, што я ма­гу даказаць пісьмовымі закардоннымі матэрыяламі, якія маю.

Мая прапанова наступная:

1. неабходна арганізаваць белсэкцыі пры аддзелах нарасьветы ў тых губэрнях, дзе ёсьць беларускае насельніцтва;

2. паставіць на абмеркаваньне тэзы па беларускім пытаньні, надрукаваныя ў „Известиях КПБ“ як вынік дыскусіі адказных работнікаў Менскай арганізацыі КПБ. Калі ў іх ёсьць месцы, якія трэба ўдакладніць, — выправіць іх і прасіць ЦК РКП(б) зацьвердзіць як тэзы, абавязковыя для камуністаў, якія працуюць сярод беларускага насельніцтва.