Перайсці да зместу

Даволі анекдотаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Даволі анекдотаў
Артыкул
Аўтар: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с. - с. 365
(пра тэатр)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Распачаўся васеньні сезон і зноў зацьвілі агнямі рампы нашых тэатраў. Ізноў у тэатральных залях, паўнюткіх публікі, разгараюцца ў кожным антракце заўзятыя спрэчкі паміж сталых і нясталых знаўцаў і аматараў тэатру, вынікаюць і разьбіваюцца надзеі і ўражаньні, ацэньваюцца і аналізуюцца пастаўленыя праблемы і г. д. Адным словам тэатральнае жыцьцё зноў закіпела.

У гэтым годзе ў Менску працуе ўжо БДАТ-1. Леташняя крыніца спрэчак і дыскусій — БДАТ-2 — увесь гэты сезон будзе працаваць у Гомелі.

Падрыхтоўка да адчыненьня сезону ў БДАТ-1 праходзіла з нейкаю нават урачыстасьцю. Тэрміны адкладываліся, тэатр мяняў свой звыклы твар, у самы дзень адчыненьня зьявіўся поўны надзей артыкул «Стары знаёмы», ў якім былі пэўныя намёкі на незвычайную каштоўнасьць тэй п’есы, якою адчыняецца сезон — новай п’есы Міровіча «Запяюць верацёны». Аднак вышла, як у народнай прыказцы — «з вялікай хмары» і г. д. Сапраўды, Міровіч працуе ў беларускім тэатры 6 гадоў і на гэты час даў яму 6 п’ес. Прадукцыя немалая. Але-ж з вялікім жалем мы мусім згадзіцца з тым, што колькасць прадукцыі ў дадзеным выпадку ня зусім перайшла ў якасьць. І апошняя п’еса Міровіча «Запяюць верацёны» як па свайму ідэйнаму зьместу, так і па фармальнай апрацоўцы далёка не адпавядае сучасным вымаганьням беларускага тэатру. Мы ня будзем спыняцца падрабязна на разглядзе гэтай п’есы, паколькі ўжо выказалі свой погляд на яе; з нашаю ацэнкаю на гэты раз сышліся у асноўным і другія рэцэнзіі, зьмешчаныя на дзень-два пазьней ў іншых газетах. Трэба толькі ў кароткіх рысах адзначыць, што п’еса, ня ставячы глыбокіх і вострых праблем, але імкнуўшыся ахапіць як можна больш самых падзённых пытаньняў нашага жыцьця, не абівае цалкам ніводнага; у п’есе дапушчаны грубы шарж на саецкую грамадскасьць, непатрэбная ўтрыроўка многіх персанажаў і зусім не паказаны асноўныя рычагі нашага будаўніцтва. Адпаведна гэтаму і кампазыцыя п’есы, пабудаваная на водэвільных механічна-збудаваных сітуацыях і на танных сцэнічных эфектах, таксама паказвае скарасьпеласьць п’есы, яе неапрацаванасьць і няпрыгоднасьць у сучасным яе выглядзе для нашага тэатру.

Вось-жа пастаноўка гэтай п’есы, якая як-бы адбівае сабой зьмест усяго сезону, прымушае нас яшчэ раз паставіць даўно набалеўшае пытаньне: куды ідзе наш тэатр.

Справа культурнага будаўніцтва ў пераходны перыяд, якім зьяўляецца наш, справа будаваньня нацыянальнага тэатру на Беларусі, цалкам адпавядаючага прынцыпам нашага ладу і будаўніцтва — гэтыя задачы маюць у саміх сабе шэраг такіх момантаў, якія вельмі цяжка перамагчы. Калі ўзяць, скажам, справу сцэнічнага афармленьня таго ці інш. драматычнага твору, дык мы ў першую чаргу наткнёмся на спрэчку канструкцыйнага і рэалістычнага напрамкаў. Калі ўдасца вырашыць гэту праблему, дык перад намі паўстае пытаньне аб масавасьці. І так без канца. Наш тэатр яшчэ дужа малады — гэта таксама служыць крыніцаю новых перашкод ў яго разьвіцьці. Адсутнасьць традыцыі, адсутнасьць значных кадраў і кваліфікаваных сіл, інертнасьць старых працаўнікоў, недахват сродкаў, адсутнасьць рэпертуару… І пры ўсім гэтым рост актыўнасьці гледача, рост зацікаўленасьці да беларускага тэатру, рост культурных запатра баваньняў…

Першым і самым грозным недахватам у нас зьяўляецца рэпертуарны голад. Няма п’ес, якія можна было-б прыняць да пастаноўкі ў нашы акадэмічныя тэатры. Няма п’ес!.. А калі мы паглядзім на тыя п’есы, што аказаліся годнымі, што мы ўбачым? Мы ўбачым пераклады п’ес, якія адыйшлі ў Маскве, ці ў Ленінградзе, пасьпелі там надакучыць, ці ўстарэць. «Калі сьпяваюць пеўні», «Луна зьлева», «Мяцеж», «Разлом», «Бронецягнік», «Савецкі чорт» — цэлая паводка, на верхні якой, як убогія чаўны, хістаюцца паасобныя заслугоўваючыя ўвагі (наколькі могуць заслугоўваць увагі ўсялякія недаедкі). «Бронецягнік» і «Разлом» добрыя п’есы, яны стварылі эпоху ў расейскім тэатры. Але няўжо наш тэатр даў падпіску разьвівацца менавіта па тых этапах, якія дае нам расейскі тэатр. Чаму гэта беларускаму гледачу важней паднесьці барацьбу сібірскіх партызанаў, чым вывесьці на сцэну сваіх барацьбітоў? Бязумоўна, разьвіцьцё нашага тэатра заключаецца зусім ня ў тым, каб абавязкова на сцэне скакалі толькі «Лявоніху», спявалі «А ў полі вярба». Гэта запраўды быў-бы найгоршы выгляд саматужніцтва і бязглуздага закасьцянелага этнаграфізму. Але-ж, як кажуць расейцы, «ударь раз, ударь два, но нельзя же до бесчувствия». А ў нас запазычанымі трафарэтамі «ударяют» больш, чым да «бесчувствия»… Мы зусім не хочам сказаць гэтым, што п’есы гэтыя чужыя нам па свайму ідыёваму зместу. Яны адбіваюць этапы тае самае рэвалюцыі, якая першы раз узьвяла на карту зямлі нашу рэспубліку, дала магчымасьць будаваць беларускую культуру так, як адзінаццаць год таму назад ніхто ня сьмеў і марыць. Але-ж варта толькі ўспомніць гісторыю аднэй з п’ес нашага рэпертуару, каб зразумець усю нікчэмнасьць разумовага ўзроўню кіраўнікоў нашых тэатраў. Гэта перакладная п’еса Ромэн Роляна «Ваўкі». Гэта п’еса ставіць найглыбейшую праблему, яна разьвязвае яе ня шляхам мэханічнага прыцягваньня за валасы фактаў і людзей, як у славутых «Верацёнах», а сапраўды мастацкім адбіцьцём складаных жыцьцёва-зразумелых сытуацый. Гэта п’еса, якая, пры адпаведнай распрацоўцы, адыграла б ня меншую ролю ў разьвіцьці тэатру, чымся ўсе апошнія п’есы Міровіча — яна была зьнята з рэпертуару. Чаму? «Тайна сия велика есть». А ўзамену ставіцца бяздарны «Змрок», ідэёлёгічна падмочаная «Апраметная», «Вір», насьпех зьляпаныя «Верацёны» і да таго падобная пустэча. Каб згладзіць уражаньне ад падобных пэрлаў бяруць аб’едкі маскоўскіх тэатраў і… прыстасоўваюць іх да беларускіх умоў. Нязручна паказаць, але калі мы ў «Мецяжы», адбіваючым адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны ў Туркестане, убачылі селяніна ў беларускай вопратцы, не маладзейшай за пачатак ХІХ стагодзьдзя, дык нам здалося, што што ў некага ў тэатры не хапіла аднае клёпкі ў адной вельмі важнай частцы чалавечага арганізму. Мабыць, у гардэробшчыка. А вось аўтару гэтых радкоў давялося быць сьведкаю яшчэ аднаго недарэчнага факту. Наркамасьветы зьвярнуўся да пісьменьнікаў з прапазіцыяй узяцца за працу па напісаньню п’ес для акадэмічных тэатраў. Адным з першых адгукнуўся на гэту прапазіцыю М. Зарэцкі. Ён напісаў п’есу «Віхор на Балоце», якая цяпер ўжо вядома нашаму чытачу. П’еса была зачытана ў тэатры, сярод артыстаў (БДАТ2), была спаткана прыхільна. Аўтару паказвалі шэраг памылак, якія маглі б затармазіць пастаноўку п’есы на сцэне (дыялёгічнасьць і г. д.) Аўтар прыняў гэта ўсё пад увагу, згадзіўся, бяззумоўна, на сцэнічныя папраўкі і п’еса ўжо ледзь-ледзь не папала на сцэну. І вось аднойчы заходзіць Зарэцкі ў тэатр і там пачнаецца гутарка паміж ім і рэжысэрам (прозьвішча не памятаю), але ведаю, што нейкі выдатны «спэц» з Масквы наконт п’есы. Рэжысэр прымае дыдактычны тон і пачынае гаварыць, што п’еса, безумоўна, добрая, але трэба ў ёй зрабіць некаторыя паправачкі. Вось чаму вы, напрыклад, увялі таго і таго. Я вось у Маскве працаваў там і там, бачыў тое і — чаму-б вам ня ўвесьці. Альбо калі ўзяць вось гэта пытаньне — яго варта было-б высьветліць у п’есе. Потым у вас дзяўчаты гавораць пра Сібір, як месца ссылкі. А ў нас у Сібір ня ссылаюць». «Паправачак» набралася столькі, што з іх можна было-б збудаваць найменш дзьве новыя п’есы. І зусім зразумела, што Зарэцкаму прышлося адмовіцца ад высокага гонару ставіць сваю п’есу, пакалечаную маскоўскім «спэцам», у якога ў галаве была зусім інакшая дума, чымся ў п’есе Зарэцкага. А п’есу варта было паставіць; яна і сваім зьместам, і кампазыцыяй куды больш адпавядала задачам тэатру, чымся ўстарэлая, напісаная «на выпадак» п’еса «Калі сьпяваюць пеўні», пастаўленая праз пару месяцаў пасьля гэтага анекдатычнага выпадку.

А ці мала ў нас ёсць п’ес, якія чакаюць свайго сцэнічнага афармленьня. «Пакрыўджаныя» Родзевіча, некаторыя з Купалавых п’ес і г. д. Пры адпаведнай перапрацоўцы гэтыя п’есы занялі б пачэснае месца ў нашым рэпертуары і паслужылі б багацейшым матар’ялам і для разьвіцця сцэнічнай тэхнікі. Потым, калі ўжо так крута стала справа з уласным рэпертуарам, чаму не запазычыць некаторыя п’есы з украінскага рэпертуару. І чаму не зрабіць яшчэ аднае паважнае спробы — сцэнізацыі твораў нашых пісьменнікаў.

У нашых паэмах і празаічных творах даўно закрануты самыя глы бокія жыцьцёвыя праблемы, самыя балючыя пытаньні нашага жыцьця. А пытаньняў гэтых шмат. І яны просяцца на сцэну, толькі не ў выглядзе незамянімай «лявоніхі» ды сялянскага адзеньня, стылізава на га пад XVII–XVIII стагодзьдзі. Грыбаедаўскае «Горе от ума» ў на шых умовах было б у тысячу раз актуальнейшым за якую-небудзь «Апраметную», таксама як у тысячу разоў мэтазгодней сцэніза ваць Ко ласава апавяданьне «На прасторах жыцьця», чымся за казы ваць Ус. Іванову прыстасаваньне «Бронецягніка» да на шых умоў. Да рэчы, мы ніяк не можам згадзіцца, што такое прыстаса ваньне магчыма. Можна напісаць другую п’есу, але перарабіць сібірскія ўмовы на бе ларускія немагчыма. Толькі людзі, мала знаёмыя з законамі ўзаемаад носін эканамічных і духоўных фактараў, маглі б даводзіць адваротнае.

Перш, чымся перайсьці да вывадаў, мы мусім яшчэ крыху спыніцца на працы тэатральных калектываў. Яны маюць, відавочна, разнастайную афарбоўку. Артысты БДАТ-1 — альбо старыя прафесіяналы, альбо маладыя вылучэнцы з аматараў. Артысты БДАТ-2 маюць добрую школу, але ня маюць яшчэ практыкі. І перад намі разгортваецца наступны малюнак. У той час, як артысты БДАТ-1 дасягнулі вышэйшай (па нашых маштабах) кваліфікацыі і спыніліся ў сваім разьвіцці, артысты БДАТ-2 з кожным днём крэпнуць і набываюць новай практыкі і сіл. Яны працуюць над адпаведнаю літаратураю, ў іх існуюць гупткі самадзейнасць і г. д. Недалёка той час, калі тэатры нашы па сіле калектываў ужо нельга будзе параўнаць. Справа з падрыхтоўкай новых кадраў ў нас наогул яшчэ стаіць на мёртвым рубяжы. Але тыя кадры, што ўжо дагэтуль падрыхтаваны, пачынаюць перарастаць старыя кадры. І перарастуць, бо працуюць над сабою, а не спачываюць на лаўрах шматгадовых юбілеяў. Агульнае няшчасьце ў абодвых калектывах гэта тое, што яны бадай што аднолькава цяжка паддаюцца беларусізацыі. Гэта можа гучаць парадоксам, але гэта так. За выключэньнем вельмі нямногіх, усе артысты ў жыцьці і на працы ня ўжываюць беларускай мовы. Безумоўна, умешвацца ў прыватнае жыцьцё працаўнікоў нашай сцэны мы ня зьбіраемся, але мы маем права вымагацца таго, каб са сцэны да нас ішла жывая беларуская мова з усімі ўласьцівымі ёй адценьнямі. А мы маем самую грубую расейскую акцэнтацыю, і проста дзіка слухаць, як артысты беларускага тэатру бяз усякага жалю калечаць нашу мову. Дый ці ж дзіўна гэта, калі артыстка БДАТ-1, пасварыўшыся за нешта з дырэктарам, апавядае нейкаму грамадзяніну (у памяшканьні тэатру):

— Он мне по-белорусски, а я ему по-русски, по-русски!

І сьмех, і грэх. Грамадзянка корміцца каля беларускага тэатру і не сароміцца выстаўляць як геройства сваю пагарду да беларускае мовы.

У гэтым напрамку трэба ўзяць рашучую лінію і дабіцца таго, каб беларускія артысты, як і іншыя савецкія працаўнікі хоць і ў памяшканьні сваёй установы трымаліся беларускай мовы і каб на сцэне ў песьню, перакладзеную з расейскай мовы не ўстаўлялі па інэрцыі расейскіх фраз (як гэта было ў «Мяцежы» ў часе спеву «Белая армія»).

Вывады напрашваюцца самі сабой. Беларускі тэатр зараз перажывае сур’ёзны крызіс і на яго павінна быць накіравана значная ўвага савецкай грамадскасьці. Няўмелы механічны бяздушны падбор рэпертуару пазбаўляе беларускі тэатр усякай самабытнасьці. А ўжо насьпеў час паказаць арыгінальны самабытны твар нашага тэатру: на гэта пашло шмат сродкаў і энергіі, пра гэта многа гаварылася і пісалася. Ад Беларускага акадэмічнага тэатру мы маем поўнае права патрабаваць, каб ён даваў нам сапраўды акадэмічныя рэчы, якія ўзбагацілі б нашу культуру і апраўдалі патрачаную энэргію. Трэба сканцэнтраваць вакол тэатру найвастрэйшую ўвагу савецкай грамадскасьці і строга крытыкаваць кожны яго крок. Трэба вымесьці за сьцены беларускага тэатру анекдоты і тых, хто і творыць. Спэцаманіі, руцінёрству ня месца ў нашым маладым тэатры. Тэатральны калектыў павінен стацца сапраўды калектывам. І тады толькі ён здолее выканаць тыя задачы, якія перад ім пастаўлены.

Самае важнае зараз — ня даць сучасным балячкам тэатру разрасьціся і ахапіць яго здаровыя бакі. Для гэтага трэба рашуча крытыкаваць усе памылкі нашага тэатру і ніякім спосабам іх не патураць. Пры гэтай умове беларускі тэатр дасягне сапраўднага росквіту і адыграе сваё прызначэньне ў справе будаўніцтва беларускай пралетар- скай культуры.