Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Старэйшыя/Цётка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
К. Каганец Цётка
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Ядвігін Ш.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цётка.

(† 1916 г.).

А. Цётка.


А. Цётка.

Біаграфічны матар’ял. Пад псэўданімам Цёткі пісала і пад такім-жа партыйным празваньнем працавала сярод работнікаў у Вільні Алёізія Кейрыс, дзявочая фамілія каторай — Пашкевічанка. Арадзілася яна ў сялянскай сямі ў Лідчыне. Саматугам, без вялікай помачы ад бацькоў, здолела вучыцца, скончыла гімназію (ў Вільні) і здабыла вышэйшую адукацыю. У 1904 ўзялася Цётка за грамадзкую працу ў Вільні і адразу паказала свае арганізатарскія здольнасьці, пачаўшы зьбіраць беларускіх работнікаў у Беларускую Содыялістычную Грамаду. У 1904—1905 гадох Цётку можна было відзець на ўсіх вялікіх работніцкіх сходах; а калі настаў час вялікіх публічных мітынгаў, яна выступала ўсюдых, будзячы агульнае спагаданьне сваімі шчырымі і гарачымі беларускімі прамовамі. У часе сваёй нядоўгай працы ў нова-вілейскай бальніцы, яна была ў самым цэнтры работніцкіх арганізацый Нова-Вілейска, дзе паказала асаблівую энэргію. Калі пачала выхадзіць „Наша Доля“, Цётка аддала ёй свае літэратурныя здольнасьці. За тую работу пацягнулі яе пад суд, дык яна ўцякла заграніцу, у Львоў, там слухала лекцыі на гісторыка-філёлёгічным аддзеле і працавала над беларускімі бэтлейкамі, якія выбрала сабе тэмай для доктарату. Пабраўшыся з інжынэрам-ліцьвіном Кейрысам і так зьмяніўшы фамілію, вярнулась на Беларусь і ўзноў завінулася ў Вільні ля грамадзкай працы, глаўным чынам, на школьнай і тэатральнай ніве. Нейкі час жыла Цётка ў Пецярбурзе, вучылася на вышэйшых курсах Лесгафта і працавала ў беларускай колёніі; адтуль езьдзіла ў Фіншчыну лячыцца ад сухот, адылі прыехала ў Менск і наладзіла там літэратурны месячнік для моладзі „Лучынку“, у якім і была кіраўніцай. Калі настала вайна, Цётка запісалася ў міласэрныя сёстры, працавала на фронце, а патым у віленскім бараку для хворых на тыфус. Як у Вільню прыйшлі ў 1915 г. немцы, Цётка ўзялася за арганізацыю беларускіх школ. Паехаўшы ў Лідчыну на хаўтуры свайго бацькі, яна была ў многіх вёсках, ахопленых тыфуснай пошасьцю, зьбірала там матар’ял, каб падаць яго ў Вільні і прасіць ратунку, але заразілася сама і 5 лютага 1916 г. памёрла. Яе пахавалі на родным вясковым могільніку, сярод сялян, для якіх аддала ўсё сваё жыцьцё.

Літэратура Цёткі. Цётка пісала і пад рознымі другімі псэўданімамі (Гаўрыла з Полацку, Мацей Крапіўка, Тымчасовы і інш.) або зусім бяз подпісу. Творы яе параскіданы ўва ўсіх беларускіх выданьнях нашаніўскае пары („Наша Ніва“, „Маладая Беларусь“, „Лучынка“ і інш.). Некаторыя цёткіны творы выйшлі асобнымі кніжкамі („Скрыпка беларуская“ — 1906 г. і „Хрэст на свабоду“ — 1906 г.). Пісала Цётка вершы, апавяданьні, чытанкі для дзяцей („Першае чытаньне для дзетак-беларусаў“, 1906 г.), педагогічныя, навукова-популярныя і інш. артыкулы. Усю літэратурную творчасьць пясьняркі можна падзяліць на дзьве часьці: першы час — рэволюцыйны (1905—1906 г. г.) і другі час — чыста-нашаніўскі (да сьмерці).

Цётка і Багушэвіч. Па кірунку і характару шмат якіх вершаў Цётка маець духоўна-літэратурны зьвязак з Багушэвічам. Яна пачала майстравать сваю „скрыпку“ пад тон яго „дудкі“ („Прадмова“ да „Скрыпкі Беларускай“). Яе лірыка таксама выключна ідэйная ды з большым, чымся ў Багушэвіча, хоць у вагуле з невялічкім прырода-апісаўчым элементам, каторы ізноў-жа не самастоен, а на службе ў той ідэйнасьці. Рэволюцыйны настрой Багушэвіча шырэйшы і меней адкрыты. У Цёткі ён болей адкрыты, але вузейшы, соцыяльна-палітычны. Любоў да бацькаўшчыны і працоўнага люду ў іх роўная, але ў Цёткі яна вастрэйшая, фанатычная і напружана-адраджэнцкая.

Творчасьць Цёткі. На літэратурную беларускую ніву прыйшла Цётка, як рэволюцыянэрка. У першым часе творчасьці яна пісала на палітычныя тэмы, ярка малюючы падзеі рэволюцыі. Вялікія работніцкія дэмонстрацыі, растрэлы, тэрорыстычныя акты выгукаюць у яе душы жывыя адгалоскі і выліваюцца на паперы шыбкімі энэргічнымі і ўзрушанымі радкамі („Хрэст на свабоду“, 1906 г.). Цётка болей а болей захопліваецца боем, каторы „вякамі жджэцца“ і цяпер „пачаўся не на жарт“. Яна прадстаўляе народную рэволюцыю, якая можа дасягнуць вялізарных разьмераў і ўзяць жыцьцё ў мільёнаў людзей. І сама пясьнярка хочаць „ў такім бою толькі пасьць“ („Мора“). Даючы агульную характарыстыку рэволюцыйнай эпосе, яна смуціцца, што няма сьмеху і весялосьці, сплываюць кроўю сэрцы і старэнькімі сталі дзеці („Нябывалыя часы“). Пішучы рэволюцыйную рэч на фоне беларускага жыцьця („Прысяга над крывавымі разорамі“, 1906 г., № 1-шы „Нашай Долі“), Цётка знаходзіць і прыносіць у нашую мягкую літэратуру цьвёрдасьць, запал і магутную энэргію. Праўда, тут чуецца і нэрвовасьць, але яна залежыць ад самае абстаноўкі, у якой геройства і надрыў ідуць побач. Рэволюцыйныя вершы і апавяданьні Цёткі соцыялістычны, зрэдку даюць і нацыяналістычную нотку, але яны ненацыянальны, мала зьвязаны з духоўным жыцьцём беларускім. Значаньне іх у нашай літэратуры, так сказаць, надворнае: яны паразнаабразілі яе і палітычна прасьвяжылі. Некаторыя вершы, як „Мора“, „Хрэст на свабоду“, былі нелегальна надрукаваны ў Вільні і пашыраны па Беларусі ў дзесятках тысяч лісткоў.

Выйшаўшая ў 1906 г. „Скрыпка беларуская“ зьмяшчае ў сабе самую нацыянальную поэзію Цёткі і найбольш адбівае літэратурны зьвязак з Багушэвічам. Тут мы відзім, што ўсе сілы свае душы пясьнярка аддае на службу беларускаму сялянскаму народу; яе поэтычныя перажываньні зьвязаны з яго жыцьцём і адраджэньнем. Вялікая любоў да бацькаўшчыны — грунт, зьмест і хараство яе поэзіі. Гэтая любоў асабліва выяўляецца тады, калі пясьнярцы прыходзіцца быць на чужой старане. У памяці ярка ўстаюць родныя абразы, хочацца ляцець туды, як ў рай, і Цётка пяе: „Кінь мне, доля, хоць расінку з нашай вёскі, хоць пылінку, хоць дзьве крошкі ад палудня майго брата“… („На чужой старонцы“). Яна хацела-б ўсюды думаць аб народзе, усюды сьніць свой родны край; прыгэтым яе песьні-думкі выліваюцца з вялікім натхненьнем і асаблівай поэтычнасьцю, яе нацыянальныя і соцыяльныя жаданьні бацькаўшчыне выказаны з нязвычайным хараством і з хапаючай за сэрца любасьцю. Нацыянальная несьвядомасьць народа і яго соцыяльная убогасьць — мука яе душы („Мае думкі“). Яна гаруець, што беларускі селянін „ах! астаўся цёмны, як той бор зялёны, астаўся „хамула“ ўсімі прыцісьнёны“… („Мужык не зьмяніўся“). Але яна не безнадзеіцца ад гэтага, а з вялічэйшай сілай заклікае беларусаў да адраджэньня („Вам, суседзі“…) і цьвёрда верыць, што людзьмі станем, хутка скончым мы свой сон; яна вядзе перад грамадзе і пяець з такою сілаю: „Цяпер, брацьця, мы з граніту! Душа наша — з дынаміту! Рука цьвёрда, грудзь акута, пара, брацьця, парваць пута!..“ („Вера беларуса“). Апрача таго, у „Скрыпцы“, як і ў пазьнейшых вершах і апавяданьнях, Цётка даець жывыя і верныя абразкі беларускае прыроды і народнага жыцьця, малюець побыт і яго жывыя тыпы. Апісаньне йдзець у бойкіх і жыцьцярадасных тонах, у духу і ў настрою апісаных людзей, з веданьнем сялянска-беларускай псыхолёгіі. На ўсё пясьнярка глядзіць вокам чулай жанчыны-соцыялісткі. Апісуючы лета, яна адчувае родную прыроду, як сялянка, як працаўніца, як ад зямлі узятая. Летны абраз выклікаець у яе ахвоту працаваць на полі, жаць, касіць; яна ведае радаснае захапленьне ад работы і салодкасьць ад працы.

Другі час творчасьці Цёткі неўзабаве ўвайшоў у годы чорнай палітычнай рэакцыі, прыдушыўшай рэволюцыю. У творах Цёткі ўсё болей адбіваюцца індывідуальныя перажываньні. Яе вольнаму духу брыдка ўнізе сярод пад’яромных людзей, яму хочацца шыбаць у паднябесьсе з арламі („Арлы-брацьця“). Але пачынаюць ірвацца яе струны. Слабое цела вяшчуе, што сьмерць яго будзе раней за ўсенароднага ўваскрасеньня. Разумеець пясьнярка, што адраджэньне цэлага народа і ня можа быць вельмі скорым. Ды не пакідаець яе сьвятая надзея, што „можа хто з дзетак скруціць жалейку, ўнучку паломанай ліры“. У прыгожых элегічных тонах, спакойным, не адчайным голасам пяець яна аб тым, што песьня правадыра-поэта ўстанець з стотысячнай сілай, што яго ліра будзе жыць нанова („Грайка“, 1909 г.) Літэратурны крытык А. Навіна, разглядаючы творчасьць Цёткі, блізкай яго знаёмай і таварышкі па віленскай працы, пішаць так, што ня страх сьмерці, „ня боязьнь утраты ўцех жыцьця становіць трагедыю душы Цёткі: яе бурны тэмпэрамэнт кіруецца толькі ў чыста-грамадзкім кірунку, выяўляецца ў творчай працы, і сьмерць і хвароба мучаць пясьнярку затым, што яна чуе ўтрату сіл да працы, што ў мамэнты адмогі чуецца непатрэбнай, лішняй. А тады выступае жаль па зьнішчаным жыцьці, — жаль, што ў няўстаннай рабоце дзеля ідэалу так мала было ясных праменьняў асабістага шчасьця, шчасьця для сябе і праз сябе. Слабее гарт душы, і панаваць хоча цела, — але цела ўжо бязсільнае“… У часе падобных індывідуальных перажываньняў якраз і напісаны некаторыя вершы і невялічкія імпрэсіі Цёткі („Асеньнія лісты“, 1912 г.; „Лішняя“, 1912 г.; „Зялёнка“, 1913 г. — апавяданьне з студэнцкага жыцьця, зьмяшчае ў сабе гімн творчасьці, мае аўтобіаграфічны матар’ял).

Цётка яшчэ любіла пяяць і часта пяяла аб жаночай і дзяцінай долі. На пачатку творчасьці яна малюець жыцьцярадасны абраз прыгожай дзяўчыны Касі, што яркай зоркай цьвіцець на ўсю вёску („Лета“, 1906 г.). Абраз гэты з мастацкага пагляду не стаіць высока, бо павярхоўны, з непаказанай душою (параўнуем з дзявоцкімі абразамі Марцінкевіча). Таксама нявыразна, але ў пакутным ужо тоне паказана бедная Насьця („Гаданьне“, 1910 г.), папаўшая ў вастрог і болей няшчасная, чымся грэшная, дзяўчына. Абраз замужняе жанчыны-беларускі агорнут у Цёткі засмучэньнем і тужлівасьцю. Нешта дужа роднае, блізкае і харошае чуецца ў яе словах да „лілеек бяз мовы“, „прызавятых кветак“, „бяскрылатых птушак“, „вясковых састронак“. Твар іх, як воск, шчокі зьмяты сьлязьмі, у хмурных вачох боль. Яны рана старэюць ад гора і ад працы. Цётка ім кажаць: „А за гэта вам дзьве дошкі і крыж з хвоек ледзьве зьбіты, і у памяць плачуць дочкі, бо й яны, як вы, забіты“. Смутная доля і беларускай дзяўчынкі-сіроткі (верш „Сірацінка“); хапае за сэрца сваёю цяжкою запраўднасьцю і абразок жыцьця вясковага хлопчыка („Міхаська“ — апавяданьне ў жывой народнай форме.).

Мова Цёткі яшчэ маець у сабе шмат полёнізмаў, прызвычаеных беларусам Лідчыны („будуць струны байчэй гралі“; цуд, ласьне, слонка, скрыдлы і інш.), а таксама русіцызмаў, прывітых школаю (грудзь, ш’юць і інш.).

Верш Цёткі бойкі, лёгкі, але дзеля таго, што яна шкадавала часу на яго шліфоўку, таксама іногды маець нямала заган з тэхнічнага боку, такіх, як і ў Багушэвіча.