Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/Я. Колас-Т. Гушча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Паўловіч Я. Колас-Т. Гушча
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Я. Купала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Маладзейшыя пісьменьнікі.

Якуб Колас—Тарас Гушча.
(Арадз. ў 1882 г.).

Якуб Колас — Тарас Гушча.


Якуб Колас — Тарас Гушча.

Біаграфічны матар’ял. Пад псэўданімам Якуб Колас — у поэзіі, а пад псэўданімам Тарас Гушча — у прозе творыць народны вучыцель Кастусь Міцкевіч. Ен сын селяніна-лясьніка з вёскі Мікалаеўшчыны, Слуцкага павету Меншчыны, з якой выйшла многа народных настаўнікаў і наагул сьвядомых беларусаў. Род поэта даў некалькі таланавітых людзей (Язэп Лёсік — дзядзька поэта, Антось Галіна — родны брат яго і інш.). Больш за 30 мікалаеўцаў скончылі несьвіжcкую вучыцельскую сэмінарыю, таксама і Кастусь Міцкевіч, куды ён паступіў з сваёй вясковай дзьвюх-клясавай школы ў 1898 г. Чарнасоценна-абрусіцельную муштру прахадзілі ў той сэмінарыі беларускія мужыцкія дзеці. Некаторыя з іх, навет з аднакурсьнікаў поэта, назаўсягды прапалі для адраджонай бацькаўшчыны. Аднак, грамадка мікалаеўцаў, з Міцкевічам за правадыра, давала прыклад цьвёрдасьці ў захаваньні беларускай сьвядомасьці, бацькаўскіх традыцый і роднай мовы. Скончыўшы курс сэмінарскае навукі ў 1902 годзе, Міцкевіч быў вучыцелем у пачатковай беларускай школе (Пінск. пав.), дзе мусіў выкладаць навуку ў маскоўскай мове; гэта яго надта мучыла. За арганізацыю ў 1905 годзе тайнага „Беларускага Хаўруса Народных Вучыцялёў“, каторы меў дабівацца, між іншым, нацыянальнай школы, Міцкевіча разам з некалькімі сябрамі засудзілі ў 1907 годзе на тры гады ў вастрог. Кару гэтую поэт адбыў у Менску і напісаў тады свае лепшыя творы. Выйшаўшы з вастрога, ён некалькі гадоў ня мог быць вучыцелем і ня мог дастаць абы-якой пастаяннай работы з прычыны свае палітычнае „няпеўнасьці“, дык жыў патроху ў розных кутох Беларусі і Маскоўшчыны; быў нейкі час у Вільні, дзе пабраўся з дачкою вучыцеля Зотава, а патым быў у Пецярбурзе. Перад вайной ён дастаў-ткі вучыцельскую пасаду ў гарадзкім прыходзкім вучылішчы ў Пінску. Пачалася вайна, і яго ўзялі ў салдаты, паслалі ў Вільню, ганялі на розныя работы, месьці вуліцы і інш. З прыходам волі, калі ранейшая палітычная няпеўнасьць ня мела значаньня, Міцкевіч выйшаў на афіцэра і быў у запасным батальёне ў заволжскім краі. У часе керэншчыны папаў на румынскі фронт. Пасьля дэмобілізацыі асеў ў Абаяні (Курскай губэрні), дзе жыла яго жонка і дзеці і дзе поэт заняў пасаду пачатковага вучыцеля. Да гэтага часу ён ня мае магчымасьці вярнуцца на Беларусь і дужа мучыцца на чужыне.

Літэратура Міцкевіча. Вершы пачаў пісаць поэт з сваіх раньніх гадоў. Шмат іх, пераважна рэволюцыйных, пашыралася ў сьпісках, асабліва сярод пачатковага вучыцельства. Некаторыя з гэтых вершаў цяпер патроху трапляюць у друк, а некаторыя й дагэтуль належаць да рукапіснае літэратуры („Нашым ворагам“). Друкавацца Міцкевіч пачаў з 3-га нумара „Нашае Долі“, у якім быў яго верш „Беларусам“, і пісаў пад рознымі псэўданімамі (Тамаш Булава і інш.). З гэтага часу ён робіцца адным з самых плодных беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў, дужа дзейна супрацоўнічае блізка ўва ўсіх беларускіх часопісях, ад клерыкальнага „Biełarusa“ да бальшавіцкае „Дзяньніцы“. Ен лірык, эпік, драматург, публіцыст; пішаць лірычныя вершы, апавяданьні, поэмы, драмы і палітычныя стацьці. Асобнымі кніжкамі і зборнікамі творы яго выходзілі ў гэткім парадку: 1) „Песьні жальбы“ (Вільня, 1910 г.), зборнік дробных вершаў; 2) „Апавяданьні“ (Вільня, 1912 г.), зборнік прозы; 3) „Тоўстае палена“ (Пецярбург, 1913 г.); 4) „Прапаў чалавек“ (Пец., 1913 г.) — тры вершаваных апавяданьні; 5) „Родныя зьявы“ (Вільня, 1914 г.) — вялікі, на 240 страніц, зборнік кароткіх і даўжэйшых апавяданьняў прозаю; 6) „Сцэнічныя творы“ (Менск, 1917 г.); 7) „Сымон Музыка“ (Менск, 1918 г.) — тры першыя часьці поэмы. Апрача таго, Міцкевіч пісаў падручнікі для школ, як „Другое чытаньне“, дзе выключна яго орыгінальныя рэчы.

Нашым ворагам. З рукапісных рэволюцыйных вершаў Я. Коласа быў дужа пашыраны ў сваім часе юнацкі верш „Нашым ворагам“, каторы характарызуець творчасьць поэта самай пачатковай пары. Дзеля таго, што ў друку яго дагэтуль ня было, трэба зьмесьціць тут. Вось ён[1]:

Багачы і панства,
Нашы дабрадзеі!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!
І на перахрэстку
Часау пераходных
Сьмела вас пытаем,
Жадных і нягодных:
— Чыімі рукамі
Вы дабро зьбіралі,
Чыею сьлязою
Шчасьце вы куплялі?
І за што, скажыце,
Палкамі нас білі,
Секлі нас дубцамі,
Голадам марылі?
Для якой вы цэлі
Сьвет нам закрывалі,
Ланцугом зялезным
Рукі нам скавалі,
Без пары у магілу
Вы нас заганялі?
Гэй, вы, сілы нашы!
Дзе мы вас ня клалі?
Ці ня мы сякерай
Тоусты бор сякалі,
Ці ня мы лапатай
Грудзь зямлі капалі?
Ласкаю чыею
Сталі вы багаты?
На чыю капейку
Строіце палаты?
Усе ад нас забралі,
А што нам далі вы?
Чые нудна у полі
Так марнеюць нівы?
Вузенькаю ніцьцю
Чые йдуць палоскі?
У чыім гэта жыце
Многа так бярозкі?
І каму далі вы
Горы ды каменьне?
Хто з свайго пасева
Не зьбярэ насеньня?
Чые гумны, хаты
Гнуцца сіратою,
Чые сьлезы льлюцца
Кожнаю парою?
І чыя скацінка
Сохне у пустым полі,
І, як гаспадар іх,
Дохне у няволі?
Чыя песьня — скарга
К небу йдзе укорам,
К месяцу, і к сонцу,
І к далекім зорам?
Багачы і панства!
І усе брадзягі!
У бок з дарогі, каты!
Бойцеся сярмягі!
Ужо дауно вяроукі
Вас, паны, чакаюць
І па вас асіны
Сьлезы праліваюць!

Гэты верш сьведчыць, што Якуб Колас, як і Цётка, выступіў на літэратурнай ніве рэволюцыянэрам, а творчасьць яго мела соцыяльна-клясавы характар, каторы для беларускага мужыцкага народа ахапліваў разам і нацыянальныя пытаньні. Падзеі астатніх гадоў яскрава паказалі, які пеўны, бо натуральна-патрэбны кірунак для адраджэньня вялікіх беларускіх мас узялі спачатку ў літэратуры найздальнейшыя песьняры, мужыцкія дзеці. З тэхнічнага боку верш памяркоўны, але бойкасьць вершаваньня і абразнасьць паказуець вялікія пясьнярскія здольнасьці аўтора. Есьць русіцызмы, накінутыя Міцкевічу сэмінарыяй, і некаторыя нязграбнасьці, як „гаспадар іх“ замест — „гаспадар яе“ (скацінкі). Есьць і звычныя для Я. Коласа ў пазьнейшы час формы: „вузенькаю ніцьцю чые йдуць палоскі“, „горы ды каменьне“, „гнуцца сіратою“, „сьлёзы льлюцца кожнаю парою“, „песьня-скарга“ і іншыя.

Лірыка Міцкевіча. Па характару свайго пясьнярскага таленту Міцкевіч, як і большасьць беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў, лірык. Ен мае шмат чыстай лірыкі, але яго эпос і драма таксама дужа лірычныя. Лірыка Міцкевіча пераважна ідэйная, але часта і прырода-апісаўчая, зьвязаная з настроем і наагул з індывідуальнымі перажываньнямі поэта. Ен любіць прыроду і хараство родных абразоў, як поэт чыстага мастацтва, але жыцьцё вымагаець ад яго ідэйна-грамадзкага кірунку ў напевах. І вось лірыка яго, як чыста нашаніўская, грунтўецца на вялікай любове да бацькаўшчыны, на бязьмерным жаданьні яе нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня. У прыгожай і чыстай лірыцы „Думкі ў дарозе“, пастаўленай як-бы замест прадмовы да „Родных зьяў“, мы відзім поўную гармонію двух важнейшых мотываў навейшае беларускае літэратуры. „О, мой родны край! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману“… — кажа поэт, а ў канцы смуціцца так: „Толькі нудныя песьні твае, беларус, хапаюць за сэрца, жалобяць душу, туманяць вочы сьлязьмі, плачуць і стогнуць“… Але тут ён часьцей пяець аб соцыяльнай бядзе беларуса. Ен кажа: „А поруч з убогімі людзкімі будынкамі ўпёрліся ў неба панскія палацы“. Ен аб гэтым спамінваець колькі раз: „О, мой родны край! Поруч з галітвою ходзіць роскаш і багацьце; разам з людзкімі сьлёзамі мяшаюцца панскія вальцы, льлюцца вясёлыя галасы песень, грыміць музыка з панскага саду; разам з мужыцкім потам цякуць дарагія віны“. Нацыянальны мотыў творчасьці поэта лепей выказаўся ў лірычнай казцы „Дудар“ — першай яго друкаванай прозаю рэчы („Наш. Нів.“, № 4 за 1906 г.). Гэта выдатная лірыка па сіле натхненьня і глыбіне нацыянальчага пачуцьця. Любоў да роднага краю і соцыяльнае нездаваленьне адбілісь таксама амаль ня ў кожным лірычным вершы песьняра (гл. „Песьні жальбы“).

Творыць Міцкевіч, як здаровы, нормальны чалавек, сын дужога духоўна беларускага мужыка, дык і абразы ўзгадаваўшага яго кутка бацькаўшчыны стаяць у яго песьнях, як жывыя, натуральныя, верныя, з вялікай пеўнасьцю адмаляваныя; здаецца, быццам пяець аб гэтых абразох сам беларускі мужык, пяе на свой просты, кожнаму зразумелы, спосаб. Але пясьняр надта засмучоны ад цяжкой беларускай долі, дык і родныя абразы ў яго песьнях „закрыты смагаю“, агорнуты маркотаю настрою, тону, гукаў і красак. Гэта, з аднаго боку, добра, бо хараство беларускай прыроды ляжыць якраз у той далікатнай колернай мяккасьці і поэтычнай засмучонасьці. З другога боку, лішак смуткаваньня ў пясьнярскім настроі можаць здацца чытаньніку нуднай аднаабразнасьцю, а напружанаму энэргіяй беларусу-адраджэнцу — недазволенай хліпясьлівасьцю песьняра і аднабокасьцю яго маляваньня. Думкі, якія прыходзяць з уяўленьнем родных абразоў, томяць яму грудзі, раняць сэрца, яны ніколі не даюць яму спакою, ад іх плачаць пясьняр горка, хоць і бяз сьлёз; яны невясёлыя, засмучоныя, роем круцяцца і кладуцца на душу туманам. Лягчэй бывае поэту ў вясну, калі ён радуецца, што „ад болю ачуняла наша родная зямля“, і кажа, што цяпер „лёгка бяз конца“ і весялей б’ецца сэрца. На веснавым полі любіць ён усё: прывольле, „вузкія стужкі мужыцкіх палос“, старыя грушы і зялёныя межы, „дарогі, што ляглі між гор“. Любіць пазіраць, „як ветрык жартлівы плыве збажыной“ („Вясна“, „Вясной“, „На полі вясной“). Наагул, хараство прыроды даець яму салодкі супакой, спараджае ў душы радасьць, і ён ў такім настроі пяець найпоэтычней („Усход сонца“). Тады ў яго зьяўляецца глыбокае поэтычнае натхненьне і лірычная ціхамірнасьць; ахоплены веліччу хараства, ён зазначае, што апісаць той абраз — няма слоў, а можна толькі „ўнікнуць чуткаю душой“ („Ноч“). Але і ўлетку не весяліць поэта абраз „Мужычай нівы“ — вузкіх палосак, парослых „палыном, дзікаю травою“, з пустымі каласамі, пабітымі градам. Навет „птушкі ў божым небе плачуць“ над той ніваю. „Жніво“ ўзята за абраз такое, дзе „рэдкае збожжа, травы палавіна“, дзе „ніва пустымі шуміць каласамі“, дзе „праца марудна, бяз конца цяжка“. Прыгожа-засмучоны настрой выклікаець у яго „Адлёт жураўлёў“. Чуюцца песьняру сьлёзы і ў смутнай песьні, падобнай плачу, калі „сыпяцца кроплі часта і дробна, нудна у вокны бубняць“ („Восенны дождж“ — адзін з лепшых настраёвых вершаў). Абразкі познай беларускай восені, каторых у яго найболей, так датыкаюць сваёй няпрытульнасьцю сэрца поэта, што ён хочаць, каб „скарэй-бы закрывала зямлю чорную зіма“. Родныя абразы ўзімку здаюцца песьняру троху весялейшымі („На гасьцінцы“), але цікаўна, што абразоў тых, у яго песьнях помала і яны ня так выразны і поэтычны, як „абразы пакуты“ ўлетку ці ў восень. „Зіма“ даець песьняру весялейшы настрой, ён рад „белай зіміцы“, рад з ёю ваяваць; яе „белая вопратка“ прыносіць яму яшчэ і спакой, якога „Вясна“ сваім маладым настроем ня можа даць яму, немаладому („У прыродзе ўсё народзіцца, і моладасьць ёй вернецца; ды толькі мне ня вернешся ты, моладасьць! Ня вернешся“…). Такім чынам, беларускія абразы ўлетку абваражуюць душу Я. Коласа хараством, але сеюць і балючыя пытаньні соцыяльнага характару; вясна ажыўляець яго, але пабуджае трывогу індывідуальных перажываньняў; восень спачатку наводзіць на прыгожа-пакутныя думкі, адылі гняцець сваёю нудою і безкалёрнасьцю; зіма даець спакой і бодрасьць.

Гарачая любоў да бацькаўшчыны відаць з усіх вершаў, у якіх пяецца пра абразы роднага краю („Наш родны край“, „Вёска“, „Наша сяло“, „Мужычая ніва“, „Могілкі“, „Родныя песьні“ і інш.). Першы з гэтых маець у сабе ўсе важнейшыя асаблівасьці коласаўскіх „родных абразоў“ і наагул ўсяго зборніка „Песьні жальбы“. Сіратою выглядае „Наша сяло“; хаткі яго пакрывіліся, на стрэхах парос калматы мох, будынкі цесна зьляпіліся, у пабітых вокнах — анучкі, школа спарахнела, згорбілась, а збоку, ля Нёмну, стаіць нудная кучка крывых вербачак, на прыгорку — „сумна крыжыкі стаяць“, і „плачуць ветры над магілай“, лятучы ў даль „з песьняй нуднай і пастылай“. „Вёска“ надта падобна да сяла, яна толькі троху ажыўляецца невялікай зелянінай: „зелянеюць два-тры клёны, гляне ліпа дзе з-за хат; дзе-нядзе садок зялёны, нізкіх вішань чахлы рад“. І тут, як у сяле, „многа гразі“, „многа пылу“, і тут таксама „дабра ня бачаць зроду“. Даючы некалькі абразоў мужыцкага жыцьця ў розных яго праявах, поэт не безнадзеіцца:

Мы ходзім, спатыкаемся,
Бадзяемся, як п’яныя;
Мы з голадам зрадніліся,
Худыя, абарваныя,
Асьмеяны, аблаяны.
Гразею мы абмазаны,
Багатымі мы скрыуджаны,
Няволяю мы зьвязаны.
У балоты мы адціснуты,
Загнаны мы у шчыліны;
І вочы нам завязаны,
І вушы нам зачынены.
Адно мы добра ведаем:
Хоць вечна мы блукаемся
А усежтакі, хоць некалі,
А прауды дапытаемся.

∗             ∗

Абразы мужыцкага жыцьця намалёваны з вернасьцю, без усякай староннасьці. Гэта ўжо не дыдактычныя ці сьмяхотныя вершы аб мужыку панскіх пісьменьнікаў, а голас самаго мужыка, каторы так кажаць аб сваім жыцьці і аб сваёй долі: „Проста плач бярэ і сьмех“. З верша „Мужычае хыцьцё“, аднаго з лепшых у гэтым родзе, мы відзім, што, ў мужыцкай хаце чорна і няпрыбрана, пад палом парасяты, столь і кут у павучыньні; ураньні там — дзяціны крык, што хоць заткні вушы, з камінку лезе ў вочы дым, а дзед сярдуе… Жанкі цэлы дзень „грызуцца за гаршчок“; у спрэчку палезуць мужчыны, і пачынаецца бойка. У вершы „Мужык“ пералічаюцца беды й крыўды мужыцкага жыцьця: няхват зямлі, цяжкая і чуць не дармавая праца на карысьць паноў усяго сьвету, вялікае згаленьне, сьлёзы, сьмерць без пары. Навет хаваюць беднага мужыка без папа, — „адзін дзяк ля труны“. Шынок — яго школа, вастрог — яго жыцьцё. Вершык „Песьня над калыскай“ цікаўна параўнаваць з „Калыханкай“ Ф. Багушэвіча. Тут маці таксама гадае, што чакаець яе сыночка ў жыцьці, але яна ўжо не баіцца, што сынок праз школу выйдзе „панам ці вялікім капітанам“ і „выкіне стары косьці“; гэтая маці кажа, што „бяз вучэньня кепска жыць гэтым трудным векам“; яна толькі бядуе, што вучэньне пагоніць сыночка „па чужых людзях“, ды ўсё-ж яна пеўная, што сын не забудзецца на матку і прышлець ёй гасьцінца. Паміж абедзьвюх матак стаіць 15—20 гадоў, а якая розьніца!

Палітычная лірыка Я. Коласа зачапіла тыя ростані, на якія прывела нае рэакцыя посьле рэволюцыі. Поэт пытаецца ў „глухой цьмы“, ці доўга будзе ляжаць яна? („На ростані“). Ен гаруець аб няшчаснай долі сваіх засланых таварышаў („Братом згнаньнікам“). Ен просіць іх адгукнуцца і гадае, ці зьбяруцца зноў калі ўсе яны „ў нашым бедным родным краі, як-бы птушкі посьле зімы“? Тон яго паволі робіцца дужэйшым, калі ён пачынае („Не бядуй!“) посьле сваіх асабістых сьлёз і жальбаў укладаць веру і надзею ў душу другіх людзей і сьмела пяе: „Вер, што жыцьце залатое будзе ў нашай старане“. І ў канцы ростаняў ён чуець магутнасьць беларускага духа і кліча хлопцаў кінуць сьлёзы і запяяць так, „каб аж вокны задрыжэлі“.

У лірычных абразкох вастрожнага жыцьця, апрача вялікай любові да роднага краю, знаходзім яшчэ і вялікае чалавечае пачуцьцё волі. Душа вастрожніка бесьперастанку зьнібеець ад няволі („З турмы“). Яму „ўсё аб роднай вёсцы сьніцца, аб родным куточку“ („У вастрозе“). Яму сьніцца, што сеюць жыта ў полі, скрозь залітым сонцам, „рэжуць дол плугамі, робяць гоні і разоркі, ветрык ціха вее“. („Сон у турме“). Шкода яму ўсяго таго, што пакінуў за дзьвярмі вастрога, а найболей стаяць уваччу „образы, краіны Беларусі роднай“, і тым толькі жывець ён у няволі. І ён з хмарамі паляцеў-бы на бераг роднага Нёмна, дзе „старая прыхінулась іва“ („Хмары“). Воля і прырода зьліваюцца для вастрожніка ў адно цэльнае ўяўленьне. Вершы поэта, дзе найглыбей выказана пачуцьцё волі, адны з лепшых ува ўсёй яго поэзіі („Песьня няволі“, „Гусі“[2] і інш.).

Эпос Міцкевіча складаецца з а) невялікіх апавяданьняў і повесьцей, пісаных прозаю і вершам, б) вершаваных легенд і наагул перайманьняў народнае творчасьці, в)так званых „казак жыцьця“, пісаных прозаю, і г) вершаванай поэмы „Сымон Музыка“.

Апавяданьні“ — пад такім назовам выйшаў ў 1912 годзе зборнік прозы Тараса Гушчы. Пераважалі ў ім рэчы бытавыя з соцыяльным і палітычным элементам, з лірычнымі ноткамі і гумарам. „Родныя зьявы“, выйшаўшыя цераз два гады, выглядалі духоўным працягам літэратурнага кірунку, узятага аўторам „Апавяданьняў“. У „Родных зьявах“ ёсьць апавяданьні мешанага соцыяльна-нацыянальнага характара („Дзеравеншчына“). У некаторых апавяданьнях соцыяльны элемент дужа стульна зьліты з апісаньнем псыхолёгічных перажываньняў беларуса („Малады дубок“). У другіх гэты ж элемент цесна зьвязаны з маляваньнем беларускага побычу, прычым найчасьцей малюецца побыт сялянскі („Злучыліся“, „Дзяліцьба“), але ня рэдка й побыт сельскай „інтэлігенцыі“ („Так і трэба ашуканцу“). Аб іншых апавяданьнях можна сказаць, што гэта — проста абразкі сялянскай Беларусі, часам дужа кароценькія, просьценькія, але зазвычай надта жывыя і дужа натуральныя. У іх паказуецца то цікаўны беларускі тып („Старасьць — не радасьць“, „Кажух старога Анісіма“), то якая-небудзь характэрная чырта беларускае душы („Старыя падрызнікі“, „Выстагнаўся“, „Недаступны“). Часам тут даецца нейкі малюнак беларускага жыцьця, каб ці з прыемнасьцю пажартаваць і пасьмяяцца („На начлезе“, „Трывога“, „Адгукнуўся“), ці разам з гэтым задумацца над соцыяльным станам мужыка і народнымі заганамі, як падзелы й п’янства („Дзяліцьба“, „Стараста“), або над мізэрнасьцю духоўнага жыцьця тае „інтэлігенцыі“ („Злавіў“, „З дняўніка пана Жылака“). Сярод гэтых малюнкаў ёсьць напісаныя з вялікім мастацтвам і пясьнярскай здольнасьцю, як, прыкладам, прыгожы начырк „У старых дубох“. Усе апавяданьні напісаны з прыналежнай іх аўтору прастатою і мякасьцю, каторая часам пераходзіць у лірычнасьць і даець сярод эпічнага павяданьня кавалачкі прыгожай лірыкі, навет з ноткамі элегіі, а часам выглядае жартаўлівай сатыраю. Усё гэга добра стасуецца з беларускім характарам.

І ў эпосе Міцкевіча, як ў яго лірыцы, соцыяльныя мотывы маюць значаньне амаль ня ў кожным творы. Так, ужо ў „Песьнях жальбы“ ёсьць невялічкае вершаванае апавяданьне „Пісьмо з турмы“, каторае стаіць побач з вядомым „Лістом“ украінскага пісьменьніка Стэфаныка, — столькі ў ім сілы! Тут і гарачы протэст проці таго соцыяльнага парадку, пры каторым стары Пракоп, вырасшы „ў вёсцы на мякіне“, жыўшы „з худобай змалку“, зьнёсшы ціжар жыцьця і высахшы ў палку, пападаецца ўрэшце ў „сьпісак арыштанцкі“, — „зато, быццам, што зьбіраўся лес падкурыць панскі“. Тут і паказаньне, што і ў цёмным, здаецца, духоўна ўбогім вастрожніку ёсьць абраз запраўднага чалавека, дужога сваёй самабытнай духоўнасьцю. У апавяданьні „Васіль Чурыла“, шмат прыгожых штрышкоў у вапісаньні леса, ночы, мяцеліцы, але важнейшае, на што пакладае сілы свае творчасьці пісьменьнік, гэта — жаданьне зганіць пануючы соцыяльны парадак. Аб тым лясьніцтве, дзе служыў Васіль, аўтор пішаць так, што яно „захавала ў сабе яшчэ старыя парадкі таго цёмнага часу, калі то было права памяняць чалавека на сабаку“. Тут ёсьць радкі, каторыя зьясьняюць нам цяперашнюю соцыяльную рэволюцыю:

„Пры аднэй толькі думцы бачыцца з лясьнічым мароз прабягау па скуры Васіля. Васіль няраз гаварыу, што лепей хацеу-бы ен сустрэцца з гадам або воукам, як папасьці на вочы лясьнічаму. Няраз стаяу Васіль, як палатно, белы ад крыуды і несправядлівасьці, выслухіваючы спавяданьні пана лясьнічага. Рукі самі згортываліся у кулакі, і ня раз неякая сіла падбівала Васіля кінуцца на лясьнічага, разьбіць твар, кінуць аб зямлю, таптаць нагамі, біць, біць, бяз жалю, без міласэрдзьдзя“…

У апавяданьнях соцыяльна-палітычнага характару („Калядны вечар“, „Бунт“, „Андрэй-выбаршчык“, „Соцкі падвёў“ і друг.), між іншым, маем характэрную ілюстрацыю з жыцьця адраджонай беларускай моладзі, каторая зазвычай пападала са школы ў вастрог.

Найбольшую літэратурную цану ў нашай поэзіі маюць тыя апавяданьні Т. Гушчы, у каторых ён памастацку паказаў якую-небудзь тыповую чырту беларускае душы. Мастацкіх тыпаў, у поўным значаньні гэтага слова, пакуль што ў яго дужа мала, як і наагул у нашай літэратуры, але беларуская тыповасьць разьліта ім ува ўсёй масе апісаных людзей; кожная асоба творчасьці Т. Гушчы паказуець нам нешта яркае з гэтай тыповасьці. „Кажух старога Анісіма“ — невялічкі малюнак, сьпісаны з натуры і аздоблены псыхолёгічнай падаплёкаю; гэта — „казка для старых“ аб той тыповай для ўсіх іх чырце Анісіма, каторая вымагае ад чалавека чапляць лапік на лапік, абы толькі не рабіць „новага кажуха“. Дзед Анісім — цікаўны тып і сымвал старой мужыцкай Беларусі. „Старыя падрызьнікі“ — ня менш цікаўнае ў гэтым кірунку апавяданьне. Душа беларуса, навет такога прымітыўнага, як Сьцяпан, маець высокія парываньні, але яны, з-за непрактычнасьці, зараз абніжаюцца каяньнем, шкадаваньнем, нясьмеласьцю і няцьвёрдасьцю ў выпаўненьні задуманага. „Выстагнаўся“ — выдатны па думцы, чыста-беларускі абразок, каторы застанецца ў гісторыі нашае літэратуры, як адна з першых спробаў закрануць глыбакосьці чыста-беларускае душы ў яе найболей орыгінальных асаблівасьцях. Гэты абразок — спроба яшчэ маласьвядомая, пісаная вобмацкам, ці-тое: больш тэхнікай поэтычнага чуцьця, чымся мукамі душы поэты, агледжанымі яго розумам. Аўтор чуцьцём пісьменьніка злавіў жаданьне Івана Кіслага „выстагнацца“, але сьпісаў тое даволі павярхоўна, без патрэбнай уважнасьці і, можа быць, бяз думкі, што яго Іван Кіслы — орыгінальнейшы беларускі тып, продукт нашага гістарычнага жыцьця, поўны нацыянальных і соцыяльных азнакаў, што ён — адна важная старана ўсяе беларускае нацыі. Тымчасам і гэтак створаны абразок кідае па сабе памяць. Для разгляду твора варта параўнаваць Івана Кіслага з тыпам „рыдальца“ маскоўкага пісьменьніка Буніна, спамянуўшы разам і твор паляка Жаромскага, напісаны ім на старадаўныя словы: „Што-б ні здарылася — вытрываю“. Да апавяданьняў з тыповымі чыртамі беларуса трэба залічыць верш „Панас гуляе“ і да т. п.

Сярод бытавых па харахтару апавяданьняў „Тоўстае палена“ паказуець процэс паступовага адпусканьня усерджанага чалавека, „Кірмаш“ скірован проці гарэлкі, „Чорт“ — проці забабонаў, „Кантракт“ з нявіднай для лёгкадумнага чытаньніка елкасьцю сьмеха ілюструець, як пінчукі яшчэ ў пачатку дваццатага века ня мелі ў цэлай вёсцы асадкі, чарніла і пяра, „Імяніны“ уводзяць нас у кола духоўных інтарэсаў п’янай месьцячковай „інтэлігенцыі“, пісароў, вураднікаў, дыяканаў, фэльчароў, сядзельцаў. Як вучыцель, Т. Гушча часта пісаў пра жыцьцё дзяцей, і вось „Дзеравеншчына“ — прыметнае апавяданьне аб тым, як вясковы хлопчык сірата Міхалка ня можа прызвычаіцца да „панскасьці“ ў свайго брата, ня можа кінуць свае „простае мовы“ і прызвыкнуць да „панскіх слоў“. Гэта адзін з эпізодаў даўнай гісторыі аб выхаджэнцах з беларускай вёскі, штрых цяжкога, труднага і балючага процэса, які стварыла на Беларусі для яе сыноў чужое панаваньне, чужая культура. Жыцьцё дзіцёнка відзім у „Першым зарабатку“, „Злучыліся“ і іншых рэчах.

Повесьці Міцкевіча — тыя-ж апавяданьні, толькі даўжэйшыя. „Батрак“ — вершаваная повесьць з жыцьця паляшукоў, напісаная ў менскім вастрозе, у 1910 годзе, а друкаваная ў „Маладой Беларусі“ за 1912 год. Апісаньні маюць шмат агульнага з „Песьнямі жальбы“. У гэтай повесьці аўтор даў сьціплы абраз прасьцейшага і дабрэйшага жыцьця калішняга часу, каб параўнаваньнем яго з благой цяпершчынай, падчыркнуць злыдні соцыяльнай няроўнасьці. Злыдні не зьмяншаюцца, а растуць, і ў наш век добры канец мар’нае повесьці здаецца нечым добрым, ды немагчымым. Людзі гэтай повесьці — простыя сэрцам, няхітрыя прадстаўнікі даўнейшай Беларусі. Банадыся — ня тып, а яркі і даволі поэтычны абраз нашай сялянскай дзяўчыны. Мы знаем, што яна „урадлівая была, вочкі ясны, як-бы неба, колькі ў іх было жыцьця“, што ў яе „чорнай дужкай ляглі броўкі, шчочкі сьвежы, як раса, пагляд — раніца ў Пятроўкі, любата адна — каса“; мы знаем, што яна сьмела намаўляе Якіма ўцячы з ёю, — але ўсё тое добра для народнай творчасьці, з якой „Батрак“ слаўна так зьвязан, ды павярхоўна яно для стварэньня мастацкага тыпа кніжнага твора. Повесьць выдаецца добрай тэхнікай. „Новая зямля“ — повесьць, разьвітая з апавяданьня; на шкоду яшчэ не зьявілася ў друку закончанай і цэльнай. Повесьць гэтая — самыя мастацкія і нацыянальныя кавалачкі ў поэзіі Я. Коласа. У ёй аўтор паказаў сваю здольнасьць, поэта-эпіка ўва ўсей велічы (хоць тут надта многа і лірыкі). Малюнкі „Раніцы ў нядзельку“, ахопленыя вялікай аўторскай любоўю да іх, стаяць уваччу з нязвычайнай яснасьцю. Так і пахне аладкамі, так і выяўляецца, як дзядзька моліцца па дарозе і б’ець сябе кулаком у грудзі, а потым гамоніць з малымі. Дух таго, што апісана, захованя тут у кожным меткім слове, у кожнай прыказцы. Краскі малюнку нязвычайна густы й сакавіты. Апісаньні па сваёй сіле стаяць побач з вялікімі творамі, як „Евгеній Онѣгинъ“ А. Пушкіна і „Pan Tadeusz“ А. Міцкевіча. „Лясьнікова пасада“ апісана з той-жа поэтычнай магутнасьцю. У самых звычайных рэчах поэт знайшоў хараство і пабеларуску паказаў яго з вялікім мастацтвам; у гэтым і ёсьць асаблівая цэннасьць „Новай зямлі“. З якой прынаднасьцю гайдаецца каласок у зацішку, выгукаючы ў нас бязконцы чарод уяўленьняў „зацішку“ Беларусі! „За сталом“ паказуець псыхолёгію беларусаў-сялян, іх моцны зьвязак з зямлёю. Повесьць „Новая зямля“ — адзін з лепшых твораў нашай эпічнай поэзіі. Гэта твор ня толькі ў беларускай мове, але папраўдзе беларускі. Галоўная загана яго — незакончанасьць і нявыразнасьць аднэй агульнай ідэі. Тэхніка верша стаіць дужа высака.

Вершаваныя легенды і наагул перайманьні народнай творчасьці („Як Янка забагацеў“, „Прапаў чалавек“, „Паслушная жонка“ і інш.) нічым асаблівым ў эпосе Я. Коласа не вызначаюцца. Найлепей напісана апавяданьне „Прапаў чалавек“ (1911 г., менскі вастрог). Наіўна-містычная вера сялян ў таёмныя сілы, увасабленьне імі ракі Нёмна за нешта жывое, маючае сваю душу, свае думкі, выказана тут вельмі добра. „Паслушчая жонка“ (з народных гутарак) — бойкае, з народным гумарам апавяданьне.

Казкі жыцьця“. Пад такім агульным назовам пішаць Т. Гушча алегорыі-казкі, каторыя складаюць асобную, дужа орыгінальную галіну яго творчасьці. Дзьве алегорыі ёсьць у „Родных зьявах“ („Зло — не заўсёды зло“, „Казкі жыцьця“), а другія ад часу да часу зьяўляліся пасьля 1914 года ў беларускіх часопісях. Матар’ялам для яго алегорый ідуць розныя прыгоды з жыцьця натуры, асабліва з жыцьця леса. І ў алегорыях знаходзім мотыў нацыянальны („Хмарка“) і соцыяльны („Гняздо восаў“), хоць даволі часта яны чапаюць агульна-людзкія пытаньні („Даль“). Алегорыі Т. Гушчы вызначаюцца поэтычнасьцю, абразнасьцю і глыбінёю думкі. Напісаны яны простай, вельмі прыгожай моваю. Сярод эпічных твораў пісьменьніка яны ўступаюць толькі „Новай зямлі“ дзеля адсутнасьці ў іх элементаў тыпова-беларускіх.

Сымон Музыка“ (Менск, 1918 г.) — вялікая, яшчэ няскончаная поэма; мае быць у шасьцёх часьцях, у друку зьявілісь чатыры. Гісторыя даволі простая, а пераказуецца так доўга дзеля таго, што ў поэме надта многа ўсялякіх лірычных дадаткаў. Лірыкі тут гэтак шмат, што аж шкода, чаму яна ўся зьмешана з эпосам, нашто ўплецены некаторыя яе кавалачкі ў апавяданьне, а ня створаны зусім асобнымі, цэльнымі мастацкімі рэчамі, як да прыкладу выдатная па сіле пачуцьця і першая па хараству ў нашай поэзіі ода божай творчасьці, напісаная пад відам натхненнага іграньня Сымонкі ў карчме („Божы дух вітаў у высі“… стр. 142). Нічога зусім новага для свае творчасьці Колас у гэтай поэме ня даў; відаць толькі дасканальнасьць спрактыкаванага мастака. Важнай заганай твора ёсьць даволі павярхоўнае паказаньне беларускага жыцьця, што выглядае быццам духоўнай беднасьцю яго. Аўтор занадта ўважае на невялічкі асяродак свайго сюжэта, ня робіць багацейшай фабулы і перапускае бяз увагі міма воч шмат ня менш важных, чымся біаграфія паэта-музыкі, старон жыцьця. Маляваньне ўзятай сфэры ня йдзець удоўжкі, ушыркі і ўглыбкі.

Драма Міцкевіча складаецца пакуль што з дзьвюх рэчаў. Першая — „Антось Лата“, драматычныя сцэны на два акты. Паказан горкі прапойца, зюзь, усё жыцьцё каторага загубіла гарэлка. Яго шалёнае п’янства прагнала на той сьвет жонку, разагнала дзяцей; ён згалеў і акінут усімі. Антось Лата разумеець трагізм свайго палажэньня, каторы залежыць ад безнадзейнасьці, адчаю, паўсёднай сакрухі. Гэтае разуменьне яшчэ павялічываець яго мукі. Людзі не разумеюць яго і сьмяюцца з пагардаю. Ен адзін з мукамі сваімі. Пры разглядзе драматычных сцэн „Антось Лата“ трэба падхадзіць з двух бакоў: бытавога і псыхолёгічнага. Быт змалёван добра, партрэты людзей сьпісаны, як жывыя, але псыхолёгічны элемент апрацован значна слабей. „Псыхолёгія“ часам навет шкодзіць „быту“: ведаем бо добра, што ніякі п’яніца ня ўміраець з такімі монолёгамі, з якімі ўміраець Антось Лата, а ён-жа спачатку малюецца звычайным п’яніцаю, цікаўным для нас тыповымі чыртамі п’яніцы-беларуса. Для драматычнай рэчы „Антось Лата“ маець помала дзееньня; аб змаганьні героя з самім сабою мы даведуемся з яго слоў, а не з яго ўчынкаў. Таксама з чужых слоў даведуемся мы аб завязцы дзееньня, якая знаходзіцца ў мінуўшчыне Антося Латы. Ходу дзееньня шкодзіць і даўгаватая размова другарадных дзеячых асоб да зьяўленьня галоўнага героя; яна не дасягае свае цэлі падчырківавьня, ці адцяненьня, ці добрага зьясьненьня старон жыцьця Антося Латы; бо яна помала апрацована ў гэтым кірунку. Разьвязкі-ж драмы зусім няма, бо ненатуральная сьмерць героя ня ёсьць разьвязка. Наагул уся рэч задумана дужа глыбока, але змалёвана толькі быццам учорную. Ня гледзячы на вялікія заганы, „Антось Лата“ — мастацкі твор і духоўна-паважная спроба драматычнай творчасьці, якая пакуль што можа быць прыкладам нашае драмы. „На дарозе жыцьця“ — драматычны абразок. Старая жанчына, убогая, пакінутая, — сымвол Беларусі, — шукаець раскіданых па сьвеце дзяцей сваіх. Яна моліцца богу так: „Зьнімі з мяне цяжкі крыж мой і пакажы мне дарогу ў сэрца маіх дзетак!"

Значаньне Міцкевіча ў гісторыі нашай літэратуры ўжо цяпер вялікае. Як поэт нацыянальны, ён цяпер вышэй за ўсіх і ў сучаснай беларускай прозе стаіць першы. Як ідэйны правадыр грамады, ён ўступае Купале і па тэхніцы верша таксама не стаіць вельмі высока (нягучнае зграмаджэньне зычных; нягучнае, быццам лішняе „ў“, як да прыкладу: Нёман повен, навет у бродзе, Ен даўно-б ужо маху даў, Косіць усіх, не разьбірае; ужываньне непатрэбных русіцызмаў — „грудзь“ і інш.). Памысным актам для яго творчасьці, нязвычайна пажаданым для беларускай літэратуры, было-б стварэньне паважнага эпічнага твору, — даўгога, як „Сымон Музыка“, густа-сакавітага, як „Новая Зямля“, многа-абразнага, як „Родныя зьявы“, алегорычнага, як цыкл „казак жыцьця“, ахопленага драматызмам „Антося Латы“ і лірызмам душы поэта. Пясьняр падыйшоў цяпер к вышэйшаму пункту свае творчасьці, і наш эпос можа пакладаць на яго вялікія надзеі!


  1. Па сьпіску аграном-каморніка з Вялейшчыны Андрэя Сухога.
  2. На ноты паклау композытар Руткоўскі.