Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/М. Багдановіч
| ← Я. Купала | М. Багдановіч Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
З. Бядуля-Ясакар → |
Максім Багдановіч.
(1892—1917).
Біаграфічны матар’ял. Бацька поэта, вучыцель Аляксандар Багдановіч, даволі вядомы ў маскоўскай літэратуры этнограф, быў родам з Горадзеншчыны. Калі Максіму ішоў усяго другі год, Багдановічы пераехалі адтуль у Ніжні-Ноўгарад, дзе бацька дастаў пасаду ў гімназіі. Там поэт і вырас. Бацькі яго гаварылі памаскоўску, але шчыра любілі родны край і любілі ўспамінаць аб жыцьці-быцьці на Беларусі. Наслухаўся тых гутарак Максім і змалку пачаў лятуцець аб далёкай і любай зямельцы сваіх дзядоў. Падросшы, ён з прагавітасьыію чытаў усякую кніжку, дзе было напісана што-небудзь пра Беларусь. Быўшы ў старэйшых клясах гімназіі, поэт дастаў беларускую кніжку і даведаўся, што выходзіць беларуская газэта. У кароткі час тэорыятычна выўчыўся ён гаварыць і пісаць пабеларуску, сьпісаўся з „Нашай Ніваю“ і пачаў пасылаць допісы і вершы. Рэдакцыя газэты адразу пачула ў ім нямалы поэтычны талент і духоўна паддзержыла маладога песьняра. Так Багдавовіч зрабіўся сьвядомым літэратурным працаўніком на ніве беларускага адраджэньня. Вышэйшую навуку праходзіў ён у Яраслаўлі, у юрыдычным ліцэі. Быўшы студэнтам, ён ужо ўсёю душою аддаўся беларускай літаратурнай творчасьці, апрача таго, пісаў аб беларускіх справах у расейскіх і асабліва шмат ў украінскіх часопісях. Як пішуць асабіста знаўшыя яго людзі (З. Бядуля), цяпер Багдановіч „зайздраваў тым шчасьліўцам з беларускіх поэтаў-дзяцей сялян, што хоць пастушкамі былі, але ў родным полі, у родным лузе, у сваіх лясох, пушчах і балотах. Паводлуг яго зданьня, песьняры, жыўшыя ў самых глухіх кутох роднай зямлі, маглі ўбіраць у сябе творчы, самабытны, абвеяны казкамі дух свайго народу“. Ен з нецяралівасьцю чакаў таго часу, калі здолее паехаць і першы раз пабачыць бацькаўшчыну і першы раз пачуць яе жывую мову. У 1911 годзе ён меў, як сам казаў, „вялікае шчасьце“: ён пабачыў бацькаўшчыну і прыехаў на колькі дзён у яе старую сталіцу — Вільню. З нязвычайнай радасьцю пераказываў тут поэт сваім знаёмым, што гэта было для яго за шчасьце, бо „далёкая, нязнаная бацькаўшчына-Беларусь неяк дзіўна чаравала яго і вабіла к сабе ад таго часу, як ён пачаў жыць сьвядомым жыцьцём; самае імя яе будзіла ў душы поэта дзіўны стан, і здавалася яму, што вось-вось брызнвуць сьлёзы з яго воч" (А. Навіна). Другі раз прыехаў пясьняр на родную зямлю ў 1916 годзе, у Менск, прыехаў зусім хворы, змучаны сухотамі. Аднак, не ўзьвесяліла, а яшчэ болей прыгняла яго засмучоны ў слабнучым целе дух тая атмосфэра, якая панавала тады ў Менску. Маскоўская вайсковая забарона друкаваць часопісі пабеларуску проста забівала поэта. Ды не сядзеў бяз працы і цяпер: арганізовываў менскую беларускую моладзь, чытаў рэфэраты аб беларускім руху, укладаў беларускую літэратурную хрыстаматыю і рабіў шмат чаго іншага. Здароўе ўсё горшала а горшала, і Багдановіча ўмаўлялі, прасілі, каб ехаў у Крым. Ня меў поэт ахвоты пакідаць сваю няшчасную, зьняволеную і зруйнаваную бацькаўшчыну, — відаць, баяўся, каб не памерці на чужыне. Але ўпрасілі, паехаў… А цераз кароткі час прыляцела з Крыму смутная, жахлівая вестка, што 12-га мая 1917 года (ст. ст.), у Ялце, рукі, пісаўшыя „Вянок“, сашчапіліся навекі.
Літэратура Багдановіча яшчэ ня можа быць уся падлічана дзеля неспакойнасьці цяперашняга часу; пакуль што немагчыма сабраць увесь пакінуты нябожчыкам матар’ял і выдаць поўны збор яго твораў. Меркаваць аб яго творчасьці можна цяпер толькі па „Вянку“ і па раскінутых у розных часопісях яго лірычных вершах, невялічкіх поэмках і іншых рэчах. Аб яго прозе даюць разуменьне такія апавяданьні, як „Музыка“, „Над морам“, „Аб іконьніку і пазалотніку“, „Шаман“ і інш.
Яго пагляд на творчасьць выказан ў эпістоле „Ліст да п. В. Ластоўскага“, друкаванай у газэце „Гоман“ (№ 48, 1917 г.). — Дума робіць красьнейшым кожны твор поэта. Спакойная дума павінна быць усновай творчасьці. Халодны розум поэта ня шкодзіць яго натхненьню. Прысуд, зроблены А. Пушкіным для Сальері, несправядлівы.
|
Уменьне для ігры Сальері здабывау |
Сальері разьвіваў сябе гэтаю працаю. Ен хацеў усё зразумець у творчасьці, усё абмяркаваць, абдумаць спасабы, матар’ял, мэту. У яго творчасьці няма раптоўнага. Багдановіч уважаў, што такім быць і так тварыць можа кожны поэт.
Творчасьць Багдановіча найлепей такім паглядам і характарызуецца. Яе прыметы: 1) дума і 2) ўменьне, здабытае, працаю інтэлекта над сваім разьвіцьцем. Высокая поэтычнасьць твораў Багдановіча паказуець, як сярэдні па прыроднай здольнасьці чалавек дасягае неспадзяванай велічы праз тую ўпорчывую і старанную працу. Чуць ня кожны вершык Багдансвіча маець ў сабе якую-небудзь філёзофскую думку. Творчасьць яго — праца мысьліцеля, апранутая прыгожай славесвай шатаю. Мысьлячы, ён усюдых шукаець красу, хараство, гармонію. Красу ён чуець сваёй прыродаю і цэніць сваім разьвітым розумам. Узгадаваны на клясычных прыкладах сусьветнай літэратуры, ён вымагаець і ад сябе дасканальна-артыстычнай формы. Гэта поэт-філёзоф і поэт-стыліста.
Элементы яго літэратуры болей-меней выдзяляюць поэта з аднароднай сям’і нашаніўскіх поэтаў і пісьменьнікаў. Праўда, і ён заплаціў дань часу і служыў бацькаўшчыне па ўсёй сваёй магчымасьці, надаючы некаторым творам нацыянальнага элементу. Тымчасам а ні гэты, а ні соцыяльны элемент не складаюць глаўных азнак яго літэратуры. Багдановіч прымецен агульна-людзкім элементам. Вершы яго гавораць нешта чалавеку ўсякай нацыянальнасьці і ўсякага соцыяльнага стану.
Матар’ял яго літэратуры складаецца глаўным чынам з жывой прыроды і вясковага і мястовага жыцьця. Нявычэрпнай крыніцай для яго ёсьць і беларуская народная міфолёгія, царства вадзянікоў, русалак, лясуноў. Шмат гаворыць душы поэта і мінуўшчына, пахаваная ў старых кроніках і творах поэтаў клясычнага сьвету.
1). „Вянок“ (1913 г.) — кніжка выбраных вершаў. Яна складаецца з такіх аддзелаў: 1) „У зачараваным царстве“, 2) „Згукі бацькаўшчыны“, 3) „Старая Беларусь“, 4) „Места“, 5) „Думы“, 6) „Вольныя думы“, 7) „Старая спадчына“ і 8) „Мадонны“. У першым аддзеле поэт ў кароценькіх лірычных вершыках змаляваў зачараванае царства прыроды пад глыбокім паглядам мысьліцеля. Тут ёсьць абразы лета, вечара й ночы ўлетку, зімы, буры, леса, возера і т. д. Толькі гэта ня простае мастацкае апісаньне, а паказаньне таксама і таго настрою, які зьяўляецца ў поэта-філёзофа з уяўленьнем тых абразоў; паказаньне і той ідэі, якую родзіць у яго душы апісаны абраз. Калі-ж у каторым-небудзь вершыку свае асобнае ідэі няма, дык для яго астаецца адна агульная ідэя усіх вершаў: сьвет прыгож, і адчуваць яго хараство — шчасьце жыцьця. У лесавым гуле поэту чуецца граньне сумнага, маркотнага лясуна: „быццам тысячы крэпка нацягнутых струн, тонкаствольныя сосны зьвіняць“. Перад веліччу гэткага абраза ў поэта зьяўляецца філёзофская думка: „ці трэба казаць, што зіяе-дрыжыць на лісьцёх лазьняка: кроплі сьлёз ці халоднай расы?“ Бура — пасечаная вагністым мечам, панурая, вялізная жывёла; халодныя бічы з яе крыві — тое, што людзі завуць дажджом. Абраз буры — вялікі абраз грознага, крывавага змаганьня ў прыродзе, уяўленьне каторага пабуджае ў душы поэта нейкі гармавічны водгук хараства. Апісаўшы, як ціха па мяккай траве праходзіць сінявокая ноч, як плывець туман, выглядаюць патроху „зорак дрыжачых вянкі“, лажыцца раса і ў палёх запаляюцца жоўта-чырвоныя вагні, поэт знаходзіць, што гэта — „час, калі трэба журыцца душою на сьвежых магілах пуста пранёсшыхся днёў“. Невялічкі другі аддзел сьведчыць, што згукі бацькаўшчыны ўжо на пачатку творчасьці поэта цягнулі яго да народных мотываў і спасабоў пяяньня. Пад канец жыцьця Багдановіч асабліва праняўся думкай, што каб у нас была ня толькі „поэзія ў беларускай мове“, але запраўдная беларуская поэзія, дык трэба браць прыклад з К. Каганца і йці ў поэзіі беларускім народным шляхам. Рэзультатам такой думкі зьявілісь у Багдановіча пазьней дзіўныя вершы, як „Страцім-лебядзь“ і інш., а ў гэтым аддзеле народнасьць паказуецца ў прасьцейшай рытміцы верша і ў абразох і зваротах, узятых з народных песьняў. Як цікаўны пераход ад народнасьці да кніжнасьці, як комбінацыя народнага складу верша з індывідуальнай творчасьцю сучаснага інтэлігента, вызначаецца прыгожы засмучоны вершык біаграфічнага характара „Ня кувай ты, шэрая зязюля“. Трэці аддзел, „Старая Беларусь“, зьмяшчаець вядомыя ўсей пісьменнай Беларусі вершы: „Перапішчык“, „Слуцкія ткачыхі“ і інш. Усе яны напісаны з вялікім мастацтвам, вымагаючым таго ўменьня, здабытага працаю інтэлекта над сваім разьвіцьцем. За далікатнае хараство формы і плястычнасьць іх можна назваць антолёгічнымі. Спроба змаляваць абразкі старой Бэларусі задалася поэту ня столькі ў выгляднай згоднасьці апісанага з нашай старыною, колькі ў моральнай пеўнасьці іх духоўнага зьвязку з мінуўшчынай. Тут-жа выдзяляюцца беларускай поэтычнасьцю два вершы: адзін з варажбой старога млынара („Ціхі вечар; зьнікнула сьпякота“…) і другі — з паглядам беларуса на прыроду („Па лядзе, у глухім бары“…). „Места“, аднак, а ня вёска, ўзгадавала Багдановіча. Поэт заваражыўся чароўнымі прынадамі горада і з захапленьнем апісуець разнакалёрнасьць мястовага выгляду і мястовага жыцьця. І тут амаль ня кожная зьява даець яму страву для філёзофскіх разваг. Хлопчык выдувае з мыла шматфарбныя пузыры, хапаець іх рукою, застаецца адна слата, — гэтак бывае ў нашым жыцьці. Сьмерць патрыцыя і сьмерць дзяўчыны асоцыіруюцца ў уяўленьні поэта па сваёй падобнасьці ад мігдаловага горкага паху, — яны родзяць філёзафекую думку аб падобнасьці самых розных жыцьцёвых праяў. Заслугуе быць адзначаным такі верш гэтага аддзела, як „Завіруха“, у каторым поэт захапіў правы музыкі і гукамі верша перадаець гукі буры ў месьце. Тут часта чуюцца склады: буб, гры, зьві, вул, гуд і да т. п. У ваддзеле „Думы“ і „Вольныя думы“ якраз найболей тых ідэй, што зьяўляюцца ў поэта-філёзофа ад уяўленьня хараства. Так, у вершы „С. Е. Полуяну“ поэт, гледзячы на зорку ў цемні, як яна прыгожа ляціць, кажа: „Так свабодна, так ярка пражыць — лепшай долі няма на зямлі. Усе кругом на мамэнт асьвяціць і пагаснуць у цёмнай імглі“. Жывучы ідэяй хараства, поэт ува ўсім-чыста шукае і знаходзіць філёзофскую падставу, каторая дае здаваленьне яго душы, спакой ад гармоніі ў сусьветнай творчасьці. Апрача таго, ў гэтым аддзеле шмат вершаў з нацыянальнымі мотывамі. Дасканальным прыкладам іх трэба уважаць дужа мастацкі вершык „Упалі з грудзей пана бога“… Гэта найхарашэйшыя радкі нашаніўскае поэзіі. Аддзел „Старая спадчына“ кідае сьлед ў гісторыі нашай літэратуры тым, што тут Багдановіч даў першыя прыклады ўсялякіх формаў беларускага верша, як пэнтамэтры, сонэты, трыолеты, рондо, октавы, тэрціны і інш. Найболей-жа сьпелымі і беззаганнымі творамі Багдановіча ёсьць яго „Мадонны“. У вершаваных апавяданнях „У вёсцы“ і „Вэроніка“ поэт выясьняець істоту хараства „мадоннаў“, істоту красы, перад каторай схілялісь найвялікшыя артысты-маляры і каторую паказуюць „пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны“. Гэтыя-ж апавяданьні сьведчуць аб здольнасьцях поэта ў эпосе.
2). Поэзія Багдановіча з пазьнейшага часу, мяркуючы толькі па выпадкова друкаваных яе кавалачках, сьведчыць, што поэт цьвёрда ўзыйшоў на народны шлях творчасьці („Максім і Магдалена“ і іншыя поэмкі, „Страцім-лебядзь“) і яшчэ глыбей праняўся ідэяй беларускага адраджэньня („Пагоня“). Прыгожыя й мастацкія невялічкія поэмкі Багдановіча вызначаюцца чыста-беларускім складам вершаваньня, і такой-жа духоўнай стараною творчасьці, так што ў любой мове яны застануцца беларускімі. Да прыкладу, поэмка „Максім і Магдалена“ напісана так, што і зьмест, і абразы, і звароты мовы — беларускія, а верш то нагадуе нашу народную песьню (пачатак поэмы, пяяньне і граньне Максіма на цымбалах перад сьмерцю і інш.), то народныя прычытаньні на хаўтурах ці на раданіцу на могілках па нябожчыку (зварот Максіма да сваіх дзетак), то што-небудзь іншае з народнай ці старадаўнай кніжкай беларускай творчасьці. „Страцім-лебядзь“ — яшчэ лепшая ў гэтым кірунку спроба. Гэта вельмі прыгожы пераказ апокрыфа, напісаны з сьмелым поэтычным размахам, а чыстым „беларускім складам“.
3). Проза Багдановіча падобна да яго вершаў. Яго думкі аб высокім значаньні поэзіі, выказаныя ў розных вершах, знаходзім таксама і ў „Апокрыфу“, напісаным прозаю („Калядная пісанка“, 1913 г.). Яго стылізацыю мовы знаходзім ў „Апавяданьні аб іконьніку і пазалотніку“, напісаным моваю старых грамат і статутаў („Н. Н.“, 1914 г., № 7) Прыгожыя апісаньні ў прозе знаходзім у яго „Шамане“, дзе відзім і глыбокую думу, а іменна жаданьне знайці зьясьненьне для нацыянальнага пачуцьця і ілюстраваць тое зьясьненьне.
Тэхніка вершаваньня, якой вымагаў ад сябе Багдановіч, павінна была быць дасканальнай. Як глядзеў ён на тую справу, відаць з верша „Песьняру“, дзе сказана, што слабы верш заўсягды разаб’ецца аб цьвёрдыя людзкія сэрцы, ня збудзіўшы ў іх сумленьня, што „трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, абрабіць яго трэба з цярпеньнем“. Аб вершах Багдановіча З. Бядуля пішаць так, што яны „строга кароткія, ярка абразныя і рэльефна-выразныя. Нідзе ў іх нельга ні адбавіць, ні прыбавіць. Гэта старасьвецкія гравюры з памастацку стылізаванымі орнамэзтамі“. Гэта дзеля таго, што „поэт валадаў тайнай гармоніі і рытмікі, як лепей ня трэба“.
Значаньне Багдановіча ў гісторы нашай літэратуры найбольшае ў тым, што сярод нашаніўцаў гэта быў поэт-інтэлігент у поўным ёме такога слова і чалавек з вялікай адукацыяй. Дзеля гэтага, ён ведаў у процэсе творчасьці тое, чаго не маглі адчуць песьняры-самавукі, і сьвядома ўсходзіў на такі памысны кірунак творчасьці, на каторы пры аднэй здольнасьці ад прыроды, без яе разьвіцьця, не заўсёды можа ўзыйці самы вялікі талент. Сярод маладзейшых поэтаў і пісьменьнікаў Багдановіч па літэратурнай магутнасьці ідзець трэцім папарадку (пасьля Купалы і Коласа).