Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/А. Гарун

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З. Бядуля-Ясакар А. Гарун
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Ф. Аляхновіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Гарун.

(Радз. ў 1887 г.).

Алесь Гарун.


Алесь Гарун.

Яго біаграфія. Запраўднае імя Алеся Гаруна — Аляксандар Прушынскі. Поэт арадзіўся 27-га лютага 1887 г. (ст. ст.) ў Менску, на Багадзельнай вуліцы, у сям’і чарнарабочага. Бацька яго Валадзімір Прушынскі і маці Зоф’я (з роду Жывіцаў) былі тыповыя прадстаўнікі працоўнай прастанароднай грамады менскіх беларусаў-каталікоў, спрадвечных жыцельнікаў места. Зараблялі яны мала, а сям’я была досыць вялікая, дзеля таго жылі Прушынскія зусім бедна. Маленькі Алесь рана вызначаўся сваімі здольнасьцямі. Пяцёх гадоў наўчыўся ён чытаць папольску і памаскоўску. На сёмым годзе пачаў ён хадзіць у 3-е гарадзкое прыходзкае вучылішча (на Белацаркоўнай вуліцы), але ў трэцім аддзяленьні праседзіў два гады, бо яго, такога недалетку, не дапусьцілі першы год да экзаментаў. Скончыўшы гэтае вучылішча ў 1897 годзе і пачакаўшы спаўненьня гадоў, паступіў ён у 1899 годзе ў менскую школу рамесьленых вучанікоў. У школе прабыў тры гады (1899—1902) і скончыў яе па дрэваабдзелачнаму аддзяленьню. У часе вучэньня, улетку і ўзімку выязджаў ён на вакацыі ў вёску да свае цёткі. Там рабіў усё, што рабілі браценьнікі: пасьвіў коні, ганяў авечкі, вазіў гной і г. д. З 16-х гадоў жыцьця (1902 г.) працаваў Прушынскі, як сталяр, у розных майстэрнях Менска, паміж іншым быў модэльшчыкам на фабрыцы Івана Шышлы, і так бязвыезна прабыў у месьце аж да 1907 г. Увесь гэты час ён шмат чытаў для самаадукацыі і разьвіцьця. Увайшоўшы ў 1904 годзе ў менскую арганізацыю соцыялістаў-рэволюцыянэраў, Прушынскі вёў да 1907 г. пропаганду сярод менскай вучнёўскай моладзі і работнікаў, часам, але дужа рэдка, выходзіў і на вёску. Найлепей удавалася яму арганізовываць моладзь у вучнёўскія рэволюцыйныя гурткі. У 1907 годзе, 4-га сакавіка (ст. ст.) паліцыя накрыла поэта-агітатора ў нелегальнай друкарні. Яго арыштавалі, пасадзілі ў асобную камеру вайстрога ў Менску і аддалі пад суд. З гэтае пары пераламалася жыцьцё Прушынскага — з аднэй, быць можа, карысьцю для яго, што стаў пільней займацца сваімі творамі. Здольнасьць да пісаньня вершаў была ў яго змалку, але спачатку Прушынскі пісаў іх памаскоўску і пераважна ў гумарыстычным тоне. З уваходам яго ў партыю, творчасьць прыняла сур’ёзны і рэволюцыйны кірунак. На шкоду, усе яго вершы таго часу пагінулі. Пісаць пабеларуску Гарун пачаў з 1905 году, а беларускае друкаванае слога першы раз увідзеў у 1903 ці 1904 годзе, прыпадкова знайшоўшы абадраную, запэцканую, без пачатку і канца, цікавую кніжку, друкаваную лацінкай. Як надта вялікі ахвотнік да чытаньня і ўважны цікун да ўсякага друку, ён пачаў чытаць і гэтую кніжку, думаючы, што яна польская. Але з першых-жа прачытаных слоў нязвычайна зьдзіўлены хлапец пачуў, як неўспадзеўкі закалацілася яго сэрца, на вачох, няма ведама чаго, накруціліся сьлёзы… Перад вачмі было тое, чаго ніколі ня бачыў: сваё роднае, хатняе друкаванае слова! Гэта было, як поэт пазьней даведаўся, старое выданьне повесьці „Гапон“ Марцінкевіча. У 1905—1906 гадох напісаў ён і пашыраў сярод моладзі і работнікаў некалькі соцыяльна-рэволюцыйных вершаў, цяпер згубленых ці нікім яшчэ ня знайдзенных („Чаму так, скажэце, жывецца на сьвеце?“ і інш.). Тады на яго мелі ўплыў вершы Цёткі, яе анонімныя адозвы і лістоўкі, якія разам з „Нашай Ніваю“ і рознай агітацыйнай літэратурай пашыраў Прушынскі. Пасядзеўшы ў менскім, а патым у віленскім („на Лукішках“) вастрозе, поэт у вясну 1908 г. быў засуджаны на катаргу, якую пазьней адмянілі на засланьне. Ссылку адбываў Гарун у Кірэнскім павеце Іркуцкай губэрні. Спачатку жыў у невялікім чалдонскім сяле Макараўскім, ля ракі Лены, — 71 вярста ад Кірэнска і 971 вярста ад Іркуцка; патым у дзярэўні Крывая Лука, 18 вёрст ад Макараўскага. Займаўся там сталярнымі і плотніцкімі работамі, выпісываў разам з другімі засланымі шмат кніжак і газэт, каб не памерці духоўна. Цераз два гады (1911 г.) ён перайшоў на „Параходзтва Глотавых“ ля Кірэнска (у самым месьце жыць было забаронена) і працаваў там да вясны 1914 г., калі па маніфэсту быў запісаны ў сяляне і дастаў права жыць па ўсёй Сыбіры. Там-жа знайшлі яны адзін аднаго з Язэпам Лёсікам. З 1914 года Гарун быў на Лене вадалівам, даплываў аж да Якуцка. На баржы № 18 рыхтаваў ён да друку свой зборнік „Матчын Дар“, пасланы ў восень 1914 г. ў Вільню. З 1915 года поэт падаўся на прыйскі ў Бадайбо, дзе і дачакаўся рэволюцыі. У часе керэншчыны быў сябрам выканаўчага комітэту Ленскага Залатапрамысловага Вокругу, адкуль яго абралі на паўнамочнага па абароне працы. У Менск вярнуўся (цераз 9 гадоў) 22 верасьня 1917 году — з разьбітым здароўем, худы, зжаўцелы, з пастаянным далікатна-тужлівым паглядам і нейкай дакорнай маўклівасьцю. Нікаліва не адпачыўшы, адразу завінуўся ля беларускай грамадзкай працы, — езьдзіў на ўсерасейскі беларускі бежанскі зьезд у Маскву, на зьезд народаў Расеі ў Кіеў, працаваў у розных інстытуцыях Менска, кіраваў палітычным аддзелам Вялікай Рады, арганізовываў сялян і г. д. На Усебеларускім Конгрэсе ў Менску (1917 г.) поэт Гарун быў памошнікам старшыні Конгрэсу. Пазьней рэдактаваў „Беларускі шлях“ і дзеяльна памагаў у „Вольнай Беларусі“. Пры бальшавікох працаваў у соцыяльным абясьпячэньні. У вясну 1919 г. цяжка хварэў на тыфус. У пачатку польскай окупацыі быў старшынёю беларускага нацыянальнага комітэту ў Менску, патым перайшоў у беларускую вайсковую арганізацыю. Жыцьцё складаецца так, што Гарун ня можа ўвесь аддацца поэтычнай творчасьці, хоць вялікі талент яго ступіў у бліскучую пару.

Літэратура і творчасьць Гаруна. Поэт піша вершам і прозаю. Вершы, умешчаныя ў яго зборніку „Матчын дар“ (Менск, 1918 г.), напісаны ў няволі — ў перыодзе 1907—1914 гадоў. У восень 1914-га году зборнік быў перасланы з Сыбіры для друку ў Вільню, дзе яго выданьнем хацела заняцца „Беларускае Выдавецкае Таварыства“. Але паўстаўшая тады вайна адсунула выхад кнігі на цэлых чатыры гады. Ад пачатку і да канца вайны Гарун пісаў помала, бо тварыць сярод крывавага туману, які ахапіў цэлы сьвет, чулы і кволы сэрцам поэт ня мог; з 1918-га году яго рэчы зьяўляюдца часьцей; яны паказуюць, што творчасьць Гаруна не зьмянілася, толькі стала яшчэ дасканальшаю (вершы: „Ен ня згіне“… — настроі, „Апякун“ — байка, „Лірнік“ — напісаны пад уплывам сьмерці Каганца, „Спогадзь“ — байка, „Народ“ і іншыя, зьмешчаныя ў „Вольнай Беларусі“). Проза Прушынскага складаецца з некалькіх апавяданьняў, пісаных пад псэўданімам І. Жывіца („Маладое“, „Пан Шабуневіч“, „П’еро і Коломбіна“, „Сьвята“ і інш.). У вастатні час ён напісаў яшчэ некалькі драматычных сцэнак для дзіцячага тэатру. Апрача таго, Прушынскі — здольны публіцыста. У 1913 годзе М. Багдановіч аб Гаруну пісаў гэтак (гл. «Калядная пісанка»): „З поэтаў «Нашае Нівы» назавём перш за ўсё А. Гаруна, ад каторага наша літэратура можаць шмат чаго спадзявацца. Лёгкасьць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае зчэпліваньне рыфм, — усё гэта дужа аздабляе яго поэзію. У дзеякіх творах спатыкаецца сіла і сьціснутасць мовы. Глаўнае-ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага непадобны, што ён не зрабіўся нічыім „падгалоскам“. Гэта зарука, што нашы надзеі на его талент ня пойдуць на марна“.

Заместа прадмовы да „Матчынага дару“ стаіць верш „Людзям“, які адразу захоплівае чытаньніка трагічнасьцю настроя і даець ключ к разуменьню ўсяе кніжкі. Тут мы відзім, што аўтор — запраўдны, прыраджоны поэт, каторы, аднак, ня можаць аддацца творчасьці так, як бы хацеў, бо замінаюць гэтаму цяжкія ўмовы жыцьця. Поэт жаліцца: „Бо мой прыгон глытае час, мне воля — рэдкі дар“. Яго поэзію спарадзілі мукі душы, „па краю родным сум“; гэта — ня пісаньне для другіх, ня творчасьць для чужога вока і для свае прыемнасьці, а гэта — балючыя развагі поэта з самім сабою, жаданьне ўцішыць боль, запісанае на паперу для самога сябе. У далікатнай засмучонасьці настрою, у шчырасьці пачуцьця і трагічнасьці думак — галоўная цэннасьць поэзіі Гаруна. На першым пляне ў яго заўсёды стаіць нязвычайная, бязьмерная любоў да бацькаўшчыны. Любоў гэтая гарманічна ахоплівае родны край як з боку нацыянальнага, так і з боку соцыяльнага. І гэта ня словы правадыра, каторы паказуець сваёй нацыі новыя дарогі, а гэта горкае плаканьне прарока Іерэміі, праняўшыся якім, народ сам павінен знайці найлепшы шлях к вызваленьню. Поэт гаруе, што народ яго ня маець нацыянальвае волі, што яго гнятуць нацыянальныя ворагі, але з гэтым-жа разам ён цесна зьвязуець і соцыяльнае гнібеньне сваёй нацыі. Песьні Гаруна зьясьняюць думку, што няма нацыянальнага адраджэньня без соцыяльнага, а соцыяльны дабрабыт нічога няварты бяз волі нацыі. Тую думку ён навет ня выказуець словамі, яна неяк сама чуецца з яго плаканьня, бо гэтая думка — частка яго душы, і давадзіць яе ёсьць тое самае, што давадзіць аб сваім уласным істнаваньні. Гарун шануе бацькаўшчыну, як сын матку, ён любіць яе так, як хлопец сваю любую, дык, зачарованы каханьнем, пяець ёй любоўныя гымны і льлець сьлёзы ў чужыне ад разлукі з ёю. Пэрламі нашаніўское поэзіі, найлепей азначаючымі гэтую слаўную пару ў гісторыі нашае літэратуры, трэба ўважаць такія высока-поэтычныя і мастацкія элегіі Гаруна, як „Начныя думы“ ці „Чаму з маленства, з ураджэнства“… Абразы роднага краю ў яго — плястычныя, назаўсёды памастацку адлітыя. Якая ў поэта любоў да Беларусі, такія ў яго і адраджэнцкія мотывы. Яны захопліваюць яго ўсяго-чыста. На афярнік адраджэньня складае Гарун сваю волю, сваё асабістае шчасьце, сваю любоў да бацькоў і да каханай дзяўчыны, сваё здароўе і ўсё, што мае, без астатка. Гэта — сьвятлейшы ідэал сучаснага мучальніка за ідэю. Яго адраджэнцкія абразы і жаданьні, можна сказаць, агульна-нашаніўскія („Як надарыцца мінута“, „Хай ня льлюцца дажджы“… і інш.), але ніводзін нашанівец не прамаўляе з такой вялікай шчырасьцю, балючасьцю і праўдзівасьцю пачуцьця, як гэта робіць Гарун. Поэт разумеў, што і сам народ вінават за сваю нядбайнасьць, дык даў прыклад мяккога, у беларускіх тонах, дакору па адрэсу сваіх жа братоў („Іванку“). Але-ж ён ведаў, што наш народ такім зрабілі „служкі чорныя Ясьнейшага Мамона“, угнятаньнікі, і на іх абрушыў увесь свой гнеў у войстрай сатыры „Юдам“. У песьнях аб адраджэньні яго ніколі, аднак, ня кідае надзея на збаўленьне („Мілая, родная старонка-маці“ і інш.). Асаблівае значаньне, найважнейшую роль у вадраджэньні аддае Гарун роднай мове і творчасьці, ён натхненна пяець ім славу („Ты, мой брат, каго зваць беларусам“… „Песьня-звон“ і інш.). Як гэтакі гарачы адраджэнец і чулая, кволая душа, поэт найвастрэй за ўсіх паняволеных перажывае трагэдыю засланьня, якой і пасьвячае шмат вершаў. Таму-то яго журба на чужыне так балючая („Журба“). Таму-то яго часам забіраець шалёны адчай, з якім не хапае сіл змагацца, якому не дае рады ніякае наўмыснае „Вясельле“. Абразок, апісаны ў вершу гэтага назову, па сваймў выключнаму драматызму нагадуець жыдоўскі баль, спраўляны па перакінчыку ў чужую веру, калі старая маці-жыдоўка танцуець і сьмяецца, ірвучы на галаве сівыя валасы і скрыгочучы зубамі. Цяжкое мадзеньне, духоўнае адзіноцтва, бясцэльнае істнававьне, няпрытульнасьць мучаюць няшчаснага згнаньніка („У выгнаньню“). Яго думкі — толькі аб родным краі. Ен пасылае туды ганцом ветра („Вецер“), сам ляцеў-бы з шэрымі гусямі („Вясна“), бег-бы шэрым воўкам („Эх, сягоньня“…). Ен хацеў-бы працаваць там для адраджэньня, і няволя страшна яму тым, што не дае гэтай магчымасьці. А ўрэшце ён кажаць: „Страшна мне гэта, і ўсё-ж не ядынае так навалілась, гняце ў глыбіне, — горшая мука ўтрапляець, што сынам я быць перастану сваёй старане („Думы ў чужыне“). Страшна яму аб гэтым навет і падумаць, але ён не дарма трывожыцца: „Мусім ведаць, што мялеем, што паволі ўсё малеем, ня жывём, але канаем,“ — кажа ён таварышу па ссылцы („З песьняў няволі“). Зможаны думкамі, пакараецца поэт таму, што „доля судзіць“, і гоіць больку моральным задаваленьнем ад споўненай працы: „Бо, браток, хоць промень сьвету прынясьлі мы ў пушчу гэту“ (там-жа). Апрача вершаў чыста-адраджэнцкіх, у Гаруна ёсьць колькі такіх, што можна залічыць да агульнай ідэйна-грамадзянскай лірыкі („Хто сказаў“, „Скажы, братухна…“ „Ноч“, „Поэту“ і інш.). Як самотнік па натуры („Літаньне Адзіноце“), Гарун выдаецца яшчэ развагамі філёзофскага характару, што збліжаець яго з М. Багдановічам. У гэтых развагах ён чэрпае сілы для жыцьця, знаходзячы змысл істнаваньня („Ідуць гады“), прымірэньне з пакутаю („Nokturno“), духоўную страву для свайго адзінокага і пытлівага розума („Думкі-дыямэнты“… „Навука“, „Адбітак“, „Як ліст вярбінкі маладой“ і інш.). Часам яго развагі блізкі да містыцызму („Нязнаны госьць“). Як той-жа самотнік, Гарун можа даць нязвычайна цэнную лірыку чыста асабістых перажываньняў („На сьмерць“ — самы гаруноўскі па ўзварушлівасьці верш, „Слабасьці“ і інш.), але й сюды, як відзім, пранікаець ідэя адраджэньня. Бяз гэтай ідэі няможна прадставіць поэта ні ў водным пачуцьці. Навет у каханьне яго самаўладна ўбіваецца яна і вымагаець адрачэньня ад асабістага шчасьця („Дзяўчыначка-сэрца“…). Тымчасам поэт умее любіць, любіць поэтычна, прыгожа і далікатна, ня столькі ўяўляючы рэальны абраз, колькі жывучы ідэальным лятуценьнем („Мая люба“). Наагул пачуцьцё каханьня маець увагу ў Гаруна і выклікаець у яго поэтычную думку („Дзяўчаці“, „Асеньні сьпеў“), але разьвязуецца ў рэальным агаленьні („Два каханьні“, „Хаўтуры“). Прырода-апісаўчая лірыка спатыкаецца ў Гаруна ня дужа часта. Тое, што дзеецца ў прыродзе, поэт вяжыць з сваім настроем („Восень“, „Вясна“, „Завіруха“, „Вецер“ і інш.). Апісуючы абразы прыроды, Гарун самай тэхнікай верша стварае адпаведнае ўражаньне. Проста клясычная рэч, да прыкладу, яго верш „Навакол“… у якім плястычны малюнак сыбірскае тайгі магутна стаіць уваччу чытаньніку. Тое-ж трэба сказаць аб вершу „У прыпар“, дзе ў рознай рытміцы і ў належным падборы слоў перадаецца дзеяньне прыроды ў прыпар. Спачатку кароткія, тамуючыя, аднаслоўна-трывожныя, як перад гразою, радкі, якія спараджаюць гром. „Маланка ўраз зьявілася, мільгнула і звалілася“, — гэтыя гукі даюць дасканальнае ўяўленьне маланкі. Пачаўшы чытаць ад слоў: „Кроплі разам, згодна, жвава“… мы, заплюснуўшы вочы, пачуем, як ідзець дождж. Далей — у тым-жа родзе. Апісаньне беларускага жыцьця па багацьцю абразоў, асабліва надворных, шмат бяднейшае ў лірыцы Гаруна, чымся у творах другіх выдатных нашаніўцаў. Па свайму духоўнаму характару яно падобна да апісаньня Гаруном прыроды („Хатка“, „Жабрачка“, „Спрэчка“). Болей элементаў народна-беларускага жыцьця знаходзім у гаруноўскіх перайманьнях народнае творчасьці (Цыкл „Новая песьня“), а таксама ў яго апрацаваньнях чыста-народных сюжэтаў, дзе знаходзім легенды, казкі, жарты („Шчасьце Мацея“, каторае варта параўнаваць з коласаўскім творам „Як Янка забагацеў“, патым — „Канец Паўлючонка“, „Каму што“). Сярод гэтых даўжэйшых вершаваных эпічных рэчаў Гаруна трэба асобна паставіць баляду „Варажба“ — адзін з лепшых твораў поэта і ўсяе нашай поэзіі. Баляда гэтая вельмі нацыянальная й мастацкая, у ёй добра ўхоплен дух засьцянковага жыцьця, паказана багацьце беларускага слова ў любоўных размовах і чыста-беларуская жартаўлівая далікатнасьць настрою. Баляда напісана трохстопным дактылем, па сем радкоў у строфе. Проза Жывіцы (апавяданьні) вызначаецца хараством мовы і стыля, наагул дасканальствам тэхнікі і глыбінёй думкі, але яна ненацыянальна, навет зьмест яе даволі часта небеларускі. З пагляду беларускасьці найлепей выйшаў „Пан Шабуневіч“ — жывы беларускі тып пачатку адраджэньня. З другога боку, такія рэчы, як „П’еро і Коломбіна“, здавальняюць літэратурнае вымаганьне самага тонкага смакуна, даюць пабеларуску тое, што дагэтуль беларуская інтэлігенцыя знаходзіла выключна ў чужых мовах. Адносіны мужчыны і жанчыны, каторыя ў лірыцы Гаруна маюць заўсёды рэальна раскрыты канчатак, у гэтым апавяданьні тройчы зводзяцца на трагічна-наканованую, нямінушчую разьвязку.

У мове Гаруна часам бываюць неасьцярожныя полёнізмы („і шум лясны, і гвар.“)

У часе друкаваньня кніжкі (верасень, 1920 г.) прыляцела сумная вестка, што Алесь Гарун памёр.