Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Стара-шляхоцкія романтыкі/Я. Баршчэўскі
← „Тарас на Парнасе“ | Я. Баршчэўскі Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
А. Рыпінскі → |
Стара-шляхоцкія романтыкі.
(Я. Баршчэўскі — А. Рыпінскі — Я. Чачот).
Ян Баршчэўскі.
(1790 — 1851).
Яго жыцьцё. Ян Баршчэўскі радзіўся ў Віцебшчыне, у Марогах блізка возера Няшчорда. Бацька яго быў бедны засьцянковы шляхціц. Шляхта, сярод каторай узгадаваўся Ян Баршчэўскі, мела ўвесь парадак і спосаб жыцьця чыста-беларускі і зусім блізкі да сялянскага. Вучыўся ён у езуіцкай колегіі ў Полацку і ўжо там здабыў сабе славу пісаньнем вершаў. Канікулярны час ён заўсёды бавіў у засьценку, дзе яго вельмі ўсе любілі за прыемны, вясёлы характар і за вершыкі, каторыя складаў хлапец пры кожнай першай-лепшай прыгодзе. Беднага поэта ахвотна ўсюды запрашалі, а за яго творчасьць клалі яму на калёсы, як выязджаў, мерачку гароху, жыта ці чаго такога. Ніводнае вясельле, імяніны ці шляхоцкі баль не абходзіўся без Баршчэўскага. Скончыўшы езуіцкую колегію, Баршчэўскі маніўся вучыцца ў віленскім унівэрсітэце, ды ня меў на тое грошы, дык пачаў працаваць, як хатні настаўнік у заможных паноў. Сабраўшы троху грошы, паехаў ён у Пецяроўрг, дзе служыў гувэрнёрам, вучыцелем, выкладаў грэцкую мову і латынь. У Пецярбурзе ён пазнаёміўся з Міцкевічам і Шаўчэнкам, ды гэтыя знаёмасьці, відаць, цягнулі ў розныя бакі, дык карысьці з іх для разьвіцьця свае творчасьці Баршчэўскі ня меў. На лета ён пакідаў сталіцу і пехатою ішоў дамоў, на Беларусь. З ім, у шапцы, былі яго сшыткі. Тут найбольш гасьцяваў ён у свайго дзядзькі Завальні, тыповага шляхціца-беларуса. Заўсёды зьбіраў ён ля сябе кунпанію ахвотнікаў паслухаць і пераказаць цікаўную гісторыйку ці жарцік, у якіх адбіваліся, як у люстры, тутэйшыя людцы, іхныя пагляды і звычаі і розныя забабоны і прыхамаці. Пазьней Баршчэўскі жыў на Валыні, дзе і памёр.
Творы Я. Баршчэўскага. Пісаў Баршчэўскі, як і ўсе нашы шляхоцкія, ці польска-беларускія пісьменьнікі, папольску і пабеларуску. Сваю друкаваную літэратурную дзеяльнасьць пачаў выданьнем пэрыадычнага зборніка „Niezabudka“, каторы выхадзіў ад 1840 г. да 1844 г. Выйшла чатыры томы. Баршчэўскі спачатку пісаў вершаваныя баляды з народнага жыцьця і старадаўных пераказаў, а патым напісаў шмат апавяданьняў. У 1844—46 гг. у Пецярбурзе выйшаў збор твораў Я. Баршчэўскага ў 4-х томах з прадмовай, у каторай зрабіў агляд беларускай літэратуры крытык Р. Падбярэскі. Збор твораў меў агульны назоў: „Szlachcic Zawalnia czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach“ (Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданьнях). Уся гэтая літэратура напісана папольску, толькі з вялікімі беларускімі ўстаўкамі. Творы-ж яго, пісаныя пабеларуску, ня былі друкованы, дык у большасьці пагінулі. З друкаваных яго беларускіх рэчаў, раскіданых па розных выданьнях, да нас дайшлі тры вершы: „Ды чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята?“ (1809 г.), „Гарэліца“ і „Рабункі мужыкоў“ (1812 г.). Апрача таго, творы Баршчэўскага друкаваліся памаскоўску; ў 1846 годзе ў „Иллюстраціи“ выдрукаваны яго „Очерки сѣверной Бѣлоруссійи“.
Фантастычныя апавяданьні. У гэтых творах найлепей адбіўся романтызм Я. Баршчэўскага, яго любоў да старыны, народнай поэзіі, беларускіх забабонаў, усякай чартоўшчыны і містычнасьці. Напісаны яны так: аўтор жывець у свайго дзядзькі шляхціца Завальні, дзе стыкаецца з рознымі людзьмі, шляхтай і сялянамі, і малюець іх у сваіх творах. Цэлы гуж усялякіх апісаных тут гісторый паказуець беларускае жыцьцё, беларускі дух, беларускую душу. Есьць прыклады народнай гутаркі і песьні. Захован орыгінальны беларускі гумар. Асабліва-ж задалося пісьменьніку пераняцца містычным настроем забабоннага беларуса, каторы тады меў вялікую веру ў сілу чараўнікоў, у нячысьцікаў і поэтычна відзеў у жывой і няжывой прыродзе рознае страхацьцё. Гэта была першая і даволі задачная, толькі на жаль у чужой ці пакалечанай мове зробленая спроба апрацаваньня нашай народнай творчасьці, вельмі самабытнай, з каторай толькі і можаць лёгка разьвіцца запраўдная нацыянальная літэратура. Апавяданьні і легенды Баршчэўскага быццам просяць чытаньніка-беларуса, каб ён пераклаў іх на іх родную мову, бо надта-ж яны беларускія, і ім шкодзіць чужацкая форма. Некаторыя з іх ужо і перакладзены, як легенда „Чарнакніжнік і зьмяя, што вылупілася з пятушынага яйца“ (пераклад Я. Станкевіча) і іншыя рэчы.
Ды чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята? — беларуская песьня, каторую Баршчэўскі напісаў у 1809 годзе ці блізка таго, калі ўлюбіўся ў нейкую паненку Максімавічанку, як відаць настаўніцу ці гувэрнантку. Гэта даволі бойкая лірыка, у якой пад наўмыснай весялосьцью і аж некаторай сьмяхотнасьцю хаваецца запраўднае засмучонае пачуцьцё, як зазвычай бывае ў беларуса. Песьня гэтая была паложана Антонам Абрамовічам на музыку і стала дужа популярнай сярод беларускай шляхты. Першы раз была надрукавана ў 1843 годзе. Гэта адзін з самых першых твораў новае літэратуры.
Гарэліца — пераробка вядомай беларускай песьні: „Гарэліца, гарэліца, ды ты весялуха“. Надрукавана была разам з папярэдняй песьняй. Напісаў яе Баршчэўскі, пераймаючы звычайныя прыпеўкі, што пяюць сяляне-беларусы ў хмялю ад гарэлкі.
Рабункі мужыкоў — найбольш характэрны для Баршчэўскага яго беларускі твор. Гэта — вершаваная поэма, якая дайшла да нас асобнымі кавалкамі ў розных кніжках (у прадмове Р. Падбярэскага і „Беларусі“ А. Рыпінскага). Напісана яна як быццам-то з запраўднага жыцьця, з прыгоды, якая была ў 1812 годзе у дварэ пана П. Маліноўскага, вёрст за 50 ад Полацка. „Рабункі мужыкоў“ напісаны даволі складным і лёгкім сілябічным вершам, хоць тэхніка верша, наагул, шмат горшая за тэхнікі раней быўшых ў беларускай літэратуры прыкладаў. Мова — блізкая да народнай гаворкі, але пагляд на мову — чыста шляхоцкі, дык асаблівасьці нашай мовы не захованы ўсюды як мае быць, а часам ужыты вульгарныя фразы, якія псуюць літэратурнасьць. Ды ўсё-ж абразкі поэмы маюць запраўдную сьмяхотнасьць, жывасьць і жыцьцёвасьць, так што па іх можна меркаваць аб тагачасным жыцьці. Але з ідэйнага боку поэма зусім слабая; проста кажучы, ніякай ідэі ня відаць, апрача панскай ахвоты пераказаць дзеля жарту аб сьмешнай прыгодзе з благімі мужыкамі-бунтаўнікамі.
Вартасьці і заганы творчасьці Я. Баршчэўскага. Галоўная заслуга пісьменьніка, што ён адчуў, ухапіў і паказаў у слове нацыянальныя чырты беларускага духа. Сакавітае маляваньне беларускага жыцьця робіць яго творы цікаўнымі да нашых дзён. Яго-ж паступовасьць ў адносінах да хлопаў кідалася ў вочы чытаньнікам таго часу. Вялікае пашырэньне яго твораў, меўшых нямалае ідэйнае значаньне для сучасьнікаў і несьвядома рабіўшых беларускую работу, таксама сьведчыць хоць-бы аб часовых вартасьцях яго творчасьці. А творы Баршчэўскага, як пішуць польскія крытыкі, расхадзіліся па ўсіх руках; „дзеці ўмелі іх напамяць, а нянькі пяялі іх пры люльках“. На працягу колькіх дзесяткаў гадоў пяяла шляхта яго „Дзеваньку“. Іншыя творы, як „Рабункі мужыкоў“, ня гледзячы на іх проціў-мужыцкія думкі, ад шляхты трапілі ў шырокую народную гушчу.
Нацыянальная пазыцыя Я. Баршчэўскага ў літэратуры хаця і ня маець нахілу да абпалячываньня, як тое ў А. Рыпінскага, але яна сьведчыць аб нячуласьці. Яго інтэлектуальная сіла не сягала такой высачыні, каб сьвядома адчуць нацыянальны элемент у сваёй творчасьці. Наагул Я. Баршчэўскі надта нацыянален, у перакладзе на абы-якую мову ён застаецца беларусам, але ён у гэтай справе — усяго толькі неасьвядомлены вытвор свайго часу і свае сфэры. Пры ўсёй паступовасьці Я. Баршчэўскага, аб яго соцыяльнай пазыцыі ў літэратуры зусім справядліва, аднак, сказаў наш крытык нябожчык Лявон Гмырак, што ён „выхваляў стара-шляхоцкі разгул і, відаць, жадаў павароту „сьветлых дзён“. Пры няшырокім сьветаглядзе Баршчэўскага і пры яго романтычнасьці гэта магло іці побач з паступовасьцю. Беларускае жыцьцё, сялянскі побыт паказываў ён няглыбока; да сялян адносіўся неяк бязыдэйна, ня так, як таго вымагалі ад яго запраўдныя заданьні мастацтва.