Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Рэволюцыйная і проціўрэволюцыйная літэратура/А. Кісель

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праклямацыі і брошуры А. Кісель
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Проціўпольскія вершы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апанас Кісель (Франц Блус?).

Біаграфічнага матар’ялу аб гэтым пісьменьніку сабралі дужа мала. Мяркуюць, што пад пеэўданімам Апанаса Кісяля пісаў магілеўскі чыноўнік Франц Блус, каторы, як „казённы пісьменьнік“, пісаў у 60 гадох пабеларуску ўрадовыя брошуры, а таксама „казённыя“ беларускія вершы. Умеў пісаць на ўсіх гаворках Магілеўшчыны.

Бяседа старога вольніка зьявілася пад аўторствам Апанаса Кісяля. Напісана прозаю. У ёй зразумелым для сялян спосабам пераказуецца сухая маскоўская ўрадовая грамата пра вольніцу.

Мова Старавойта надрукавана пад аўторствам Ф. Блуса двумя асобнымі даўгімі вершамі ў „Могил. губ. вѣд.“ за 1862 г. Першы верш зьмяшчаець казённую навуку сялянам аб вольнасьці. Аўтор кажа вуснамі нейкага Старавойта, быццам-то дужа разумнага чалавека, каб цярпліва чакалі дараваную маніфэстам вольніцу. У вершу выводзіцца агітатар, каторы падбухторывае сялян зараз забіраць панскую зямлю і кінуць прыгонную службу. Старавойт выступае проці яго, абараняе паноў:

Паны цару і краю служаць,
У савеце і з царом сядзяць,
За усіх нас думаюць і тужаць.

Другі верш маець зварот да чытаньнікаў, уступ, пяць разьдзелаў і заключэньне, але думкі — ўсе тыя самыя, што і ў першым вершу: зьясьняецца вольніца, пералічаюцца будучыя заганы новых вольнікаў, як п’янства, гультайства, дзяліцьба і інш. Аўтор страшыць мужыкоў навет будучым багацьцем. Вуснамі афіцэра родам з мужыкоў ён малюець добры парадак жыцьця. Каб словы свае зрабіць аўторытэтнымі, ён надта хваліць Старавойта, пра каторага нібы-то кажуць:

Як пра што стане гаварыць,
Дык быццам якей празудэнт;
Ужо не патрапіць яго зьбіць
І горы-горацкі студэнт!

І „Бяседа старога вольніка“ і „Мова Старавойта“ маюць шмат агульнага і па думках і па спосабу іх выказываньня. Есьць аж зусім аднакавыя сказы. Толькі „Бяседа“ напісана дрэннаю прозаю, а „Мова“ яшчэ горшым вершам. Нахіл твораў дужа прыкры і выдаець, што аўтор іх чалавек слаба-разьвіты і ў літэратуры мала-пісьменны.