Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Рукапіснае народнае пісьменства

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Дарэўскі-Вярыга Рукапіснае народнае пісьменства
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Бібліаграфія

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рукапіснае народнае пісьменства.

У часе залатой пары, як ведаем, беларуская старадаўная кніжная мова і беларуская літэратура былі зусім мала зьвязаны з беларускай народнай моваю і народнай творчасьцю. Прасьвета стаяла нізка, народных школ, можна сказаць, ня было, пісьменства насіла царкоўны характар, дык дзеля гэтых прычын народ беларускі жыў выключна сваёю вуснаю творчасьцю. Ды магчыма, што ўжо ў 16 сталецьці некаторыя кніжныя беларускія творы пайшлі ў народ, як гімны у славу сьвятых, розныя канты і псальмы; пашыраліся яны вусным і рукапісным спосабам. Пашырэньню спрыяла, асабліва ў пазьнейшы час, уніяцкая вера і царква. Потым наступае гэткі чорны час, што ўся наша літэратура пераходзіць на падобнае, казаў той, рукапіснае палажэньне, бо іначай яна не магла разьвівацца. Скрозь усё 18-е і нейкі час у 19-м сталецьці беларуская літэратура была найбольш рукапісная. Просты народ, ня зусім яшчэ абпалячаная ці абмаскаленая шляхта і духавенства толькі ў рукапісе і відзелі сваё прыгожае слова. Прыўчыўшыя да гэткага парадку, як да звычаю, быццам ня ведаўшы другога спосабу, людзі вельмі прыхільна, ахвотна і старанна чыталі, слухалі, пераказывалі, пісалі і пашыралі рукапісныя творы ў роднай мове, аб чым сьведчыць гісторыя псальмы „О, мой божа, веру табе“, макаранічнага верша, поэмы „Рабункі мужыкоў“, розных так званых гутарак. Прыкладам можа быць і тое, што і ў нашы дні рэдкі бадай стары чалавек з беларускай народнай інтэлігенцыі не прадэклямуе ўсяго чыста „Тараса Палясоўшчыка“, заўчонага па сьпіску. Многія беларускія рукапісныя творы назаўсёды пагінулі; некаторыя запісаны этнографамі ў перайначаных і перакручаных кавалачках, рэдка кайлі цаліком; большая частка іх — творы бяз’іменныя, а як да якого з іх і прыпісалі ў пазьнейшы час імя аўтора, дык з няпеўнасьцю. Асабліва былі пашыраны гутаркі, форма індывідуальнай творчасьці і яўна мужыцкага аўторства, калі толькі з іх ліку выкінуць тыя тэндэнцыйныя брошуркі і праклямацыі ў беларускай мове, што пісалі польскія паны- паўстанцы і маскоўскія чыноўнікі. Значаньне гутарак і наагул рукапіснага народнага пісьменства заключаецца ня толькі ў звычайнай ролі народнай вуснай творчасьці, але яшчэ і ў тым, што яны заўсёды варушылі ў беларускім народзе думку, што ён мог-бы тварыць і друкаваную індывідуальную літэратуру. Ці ж аб гэтым не кажуць цяпер творы Старога Уласа, Лявона Лобіка і другіх беларуска-мужыцкіх песьняроў? Трэба зазначыць, што нашы гутаркі, нашае народнае рукапіснае пісьменства — гэта ёсьць пракуда і пракуда нацыянальна-беларуская.

І. За прыклады рукапіснага рэлігійна-духоўнага пісьменства, надта даўныя па часу напісаньня, можна уважаць такія псальмы, створаныя пасьля заводу друкаваньня на Беларусі: 1) „О, мой божа, веру табе“; 2) „Стары Восіп барадаты ўспалохаўся, скочыў з хаты“; 3) „Хімка з Агаткаю, дзьве маладзіцы, прынясьлі на куцьцю па латушцы пшаніцы“; 4) „Прачыстая сярод ночы пусьцілася з усей мочы, плачучы, на гроб хрыстоў, на Гальгофу меж кустоў“; астатні верш даволі лоўка складзен на біблейныя мотывы некім са старадаўных пісьменных людзей, знаёмых добра з царкоўна-славянскай мовай і з апокрыфічным пісьменствам; 5) апрача таго, сюды-ж трэба залічыць ражственскую драму „Цар Максіміян“; 6) тэксты „бэтлеек“; 7) розныя новыя псальмы невядомых аўтораў, складзеныя на манер даўнейшых, але меней паважныя і болей сьвецкія, як да прыкладу, „Лаўрыя“:

Прашчай, маць сьвятая Лаурыя,
Шчэ й Вусьпенскі намастыр!
Як ты, маць, мяне уласкала
І спакой ва усім дала,
Тады сэрца мае спала
І душа ува мне цьвіла…

А адзін біблейны верш гульлівага пііты пачынаецца так:

Сьціхі пісаны у нядзелю рана,
Галава п’яна, многа набалтана.
Ад Адама і да Хрыста набалтаў іспраста,
Гдзе бог Адама стварыу рукама…

ІІ. Прыкладаў сьвецкага рукапіснага пісьменства надта многа. Падзяліць іх можна на 1) розныя творы і 2) гутаркі. Да першай часткі трэба залічыць макаранічны верш „Яко ценцерук у лесе балбоча“, беларускую «Энеіду», вершы П. Бахрыма, „Тарас на Парнасе“, „Рабункі мужыкоў“, „Конрада Валенрода“ у перакладзе Дарэўскага, жартаўлівыя апавяданьні, як „Сьведка“, „Дзядзіна“ і інш., а з пазьнейшых „Панскае ігрышча“, творы А. Абуховіча, нелегальныя вершы Цёткі, Я. Коласа і шмат чаго іншага.

Гутаркі пападаюць ў этнографічныя зборнікі ў першай палавіне мінулага сталецьця. Яны й дагэтуль не перасталі яшчэ хадзіць па Беларусі, але ня столькі ў рукапісах, сколькі ў пераказах і ужо без асаблівага пасьпеху. Сярод іх прыметны тыя, што з мужыцкім паглядам малююць прыгоншчыну. Яны важны з літэратурна-гістарычнага боку, бо запаўняюць хоць троху пусткі, створаныя аднабокасьцю шляхоцкай літэратуры. Некаторыя гутаркі ўжо прыпісаны аўторству таго ці таго пісьменьніка, а бяз’іменных шмат болей. Асабліва популярны такія гутаркі невядомых аўтораў:

Гутарка Паўлюка, у каторай цікаўна, між іншым, тое, што ў пашырэньні п’янства вінавацяцца паны:

Пан карчмы навыстауляе,
З бравароу гарэлку дастауляе…
Хоць і пан цьвярозых любіць,
А усе-ж гарэлкаю людзей губіць.

Гутарка Кузьмы з Апанасам, каторая таксама малюець часы прыгоншчыны. Аўтор ганіць сялянскі побыт, наракае на гарэлку і цемнату, малюець цяжкое жыцьцё панскіх падданых. Кузьма гаворыць:

Цяпер панскія прыгоны,
Падводныя ды часты згоны
Ад цэрквы адвучылі нас.

Казаньне[1] — гутарка, якую і дагэтуль можна пачуць з народных вуснаў ці знайці ў спісках у сялянскай інтэлігэнцыі на ўсходзе Беларусі. Яна абыймаець розныя староны прыгоннага жыцьця нашых дзядоў, але пісана, як відаць, духоўнаю асобаю з нахілам да моральнай навукі. Аўтор выступае з войстраю сатыраю:

Вот цяпер якій люд стау,
Хіцер, зол, няудал, лукау.

Соцыяльныя непарадкі псуюць людзей:

Хто бяз грошы і бяз хлеба,
Тых людзей і нам ня трэба,
А калі ды хто багат,
Кожнаму і сват і брат.

Беднаму заўсёды дрэнна:

А бядняк душой будзь чэсьцен, —
Ен і злодзей і бязчэсьцен.

Нідзе няма парадку і спакою, ў кожнай хаце звадкі, — гневаюцца задарма бацькі, а дзеці ня маюць ладу з іхнага прыкладу. Людзі — „злы, завісьлівы, суцягі, п’яніцы альбо плуцягі, непакорны, драчуны, сквапныя да чужбіны“. Пан характарызуецца гэтак:

Зьдзярэць сьпіну аж да пят,
Хоць-бы хто й нявінават…

Падобна апісуецца далей цемната, п’янства, нядбальства, старэцкае жыцьцё і інш. Гутарка напісана пад царкоўнае казаньне і выгукае ў памяці эпоху казаньняў 17-га сталецьця.

Маладзікова гутарка мае сатыру на ганарлівых дзяўчат, дачок заможных гаспадароў.

Вясельле Сапрона, гутарна, якая маець сьмяхотнасьць і жартаўлівасьць ды лёгкую сатыру на ганарлівых бацькоў сватанай.

Як відзім, гутаркі нашы, ня маючы выдатных літэратурных вартасьцей, тымчасам могуць здаволіць духоўную патрэбу чытаньнікаў з беларускай сялянскай сфэры. Яны ахопліваюць жыцьцё з усіх бакоў, у іх ёсьць пясьнярская абразнасьць, прабіваецца жывы народны гумар, хоць гэтаму і перашкаджае цьвёрдая прымета сялянскай творчасьці — моралістыка; верш гутарак зазвычай даволі гладкі і лёгкі, а мова чыстая.


  1. У друк «Казаньне» папала з рук Івана Насовіча, катораму падаў яго у 1848 годзе уніяцкі сьвяшчэньнік з Амсьціслауля Гр. Бочка. Мною запісана у той-жа рэдакцыі у 1912 годзе ад свата майго Гаурылы Панасавіча Дземянка з Большай Багацькаукі, 7 верст ад мясьцечка Шамава (Амсьціслаушчына). М. Г.