Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Нова-шляхоцкія пісьменьнікі/В. Каратынскі
← В. Дунін-Марцінкевіч | В. Каратынскі Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
А. Дарэўскі-Вярыга → |
Вінцэсь Каратынскі.
Уплыў Марцінкевіча. Вінцэсь Каратынскі пачаў пісаць пабеларуску пад уплывам Марцінкевіча. У 1856 годзе быў ён разам з Сыракомляю ў яго ў гасьцях, у Менску, і, як новы малады беларускі поэта, напісаў вершык, у каторым славіць гасьціннасьць Марцінкевіча і дзякуець за яго ласку.
Літэратура Каратынскага. Пісаньне беларускіх вершаў было быццам нейкім дадаткам да літэратурнай працы пісьменьніка ў польскай мове. Надрукавана яго беларускіх вершаў і наагул памятак яго творчасьці ў беларускай мове пакуль што зусім мала. Сярод іх ёсьць такія рэчы: 1) „Уставайма, браццы, за дзела, за дзела!“ 2) верш ў альбоме А. Дарэўскага-Вярыгі, 3) элегія „Туга на чужой старане“ і 4) рэволюцыйная вершаваная брошура „Гутарка старога дзеда“.
1. У 1858 годзе ў Вільню прыязджаў цар Аляксандар Другі. Яму паднясьлі альбом, у каторым былі зьмешчаны творы, напісаныя ў тутэйшых мовах. Ад „літоўска-русінскай мужыцкай грамады“ быў у ім беларускі верш Каратынскага „Уставайма, браццы, за дзела, за дзела!“ Пясьняр, карыстаючы з прыгоды віншаваньня цара, каторы едзець на Беларусь, даволі празрыста гаворыць аб тым, якая ноч пануе над родным краем, як цяжка жывецца мужыку-беларусу. І відаць, што Каратынскі меў вольную і чулую душу запраўднага песьняра з пераважаючымі грамадзянскімі настроямі. З літэратурнага боку гэты верш, як на той час, зусім беззаганны; словы ліюцца вагам, плаўна і вольна. Есьць прыгожыя абразы, добра ўжытыя параўнаваньні і розныя іншыя фігуральнасьці. Настрой выдзержаны, як мае быць, спачатку да канца. Мова літэратурная, а блізкая да народнай гутаркі.
2. Лірычны вершык, зьмешчаны ў альбоме А. Дарэўскага-Вярыгі (1858 г.), вызначаецца тым, што паказуець у Каратынскім, як песьняру-грамадзяніну, зусім ясныя пачаткі нацыянальна-беларускіх і соцыяльна-народных тэндэнцый:
І зямля тут твая, |
Аўтор вельмі абразна кажа, што запросіць людзей з вёсак слухаць наддзьвінскага дудара, каторы будзе пяяць аб роднай зямліцы, аб „мужыцкіх панох“, аб свабодзе людзей… На гэтыя запросіны паваліць увесь народ, як мухі на мёд. Аўтор, жадаючы здароўя дудару, спадзяецца, што з дударовых песьняў, калі яны ўзыйдуць, „будзе хлеб для душы“. Верш — дужа музычны, лёгкі, бойкі. Настрой поўны бодрасьці, жыцьця. Пясьняр верыць у сьветлую будучыну і даець гэтую веру чытаньніку.
3. Элегія „Туга на чужой старане“ напісана пад запраўдным поэтычным натхненьнем, пад засмучона-далікатным, поўным пачуцьця настроем. Навет сярод вершаў сучаснай беларускай лірыкі гэтая элегія Каратынскага вызначаецца поэтычным прыгажством і вабнай падкупаючай шчырасьцю. Тут ня чуецца кніжнасьці, тут павяваець прыемным пахам творчасьці самаго народа. Поэт так пранікся ў успамінах абразамі роднага краю, туга на чужой старане спарадзіла ў ім такую вялізарную асоцыяцыю родных уяўленьняў, што ён няўпрыцям сам запяяў, як пяе народ:
Ой, саколка, ой, галубка! |
Там знаходзіў поэт адгалос на ўсе праявы свае маладыя душы, а тут як ні гукае, ніякага адгалосу няма. Успамінаюцца яму дзяўчаткі роднага краю. Яны палілі ў дзяцюку агонь жыцьця, хмялілі яго сваім паглядам. А цяпер чоран яму цэлы сьвет, ён адзін, як кол, смутна глядзіць праз ваконца. Ен жаліцца: „Ад зарыцы да зарыцы туга кроў мне п’ець“… Музыку да элегіі напісаў у тым-жа часе селянін з Наваградчыны Вінцэсь Клімовіч. Орыгінал верша і нотаў знаходзіцца ў архіве газэты „Наша Ніва“.
4. „Гутарка старога дзеда“ выйшла двума выданьнямі: у 1861 годзе ў Пазнані і ў 1862 годзе ў Парыжу. Паміж імі ёсьць некаторая розьніца. Значаньне „Гутаркі“ не літэратурнае, а гістарычна-літэратурнае. Верш тут горшы, чымся ў іншых рэчах Каратынскага, але гэтакі-ж энэргічны:
Эй, скажыце, лобры людзі, |
Заданьні брошуркі рэволюцыйна-агітацыйныя, але ня столькі беларускія, сколькі польскія. Аўтор кажаць аб дужа цяжкой долі беларускага народа пад маскальскім уціскам, пералічае, колькі ёсьць рознага ліха і бяды ад яго, як падаткі, некруцкая павіннасьць, чыноўнікі, адбіраньне касьцёлаў на цэрквы і г. д.; даводзіць, што ў Севастопальскую вайну пранцузы ішлі ратаваць палякоў і беларусаў; засьцерагае, каб ня мелі веры папам, быццам маскалі скасуюць паншчыну, і т. д., — а ўсё рэта робіць дзеля таго, каб усе беларусы пайшлі разам з палякамі, як толькі на вясну, „дасьць бог, гранець пранцуз, паляк з жаўнярамі“. Ен пацяшае, што пайшоўшы з палякамі, „будзем роўныя з панамі“.
Каратынскі ў нашай літэратуры — пясьняр новашляхоцкай школы. Абпалячанасьць і палітыка вымагала ад яго той тэндэнцыі, якой ужыў ён у „Гутарцы старога дзеда“ і якая так замінае ў яго творчасьці. Каратынскі быў пясьняр здольны, але ён глядзёў на літэратуру, як на спосаб спаўненьня розных палітычных і грамадзкіх цэляў. Дзеля гэткіх прычын ён не скарыстаў у нашай літэратуры з свае здольнасьці ў поўнай меры. Далёкі ад беларускай сьвядомасьці, Каратынскі быў, аднак, тым слаўным „крывічанінам“ у польскай сфэры, слова каторага сеяла беларускую сьвядомасьць.