Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Падгатаваўчая пара (13—14—15 ст.)
← Царкоўна-славяншчына (10—11—12 ст.) | Падгатаваўчая пара (13—14—15 ст.) Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
Залатая пара (16 век) → |
Падгатаваўчая пара.
(13—14—15 век).
Утварэньне адзінага беларускага гаспадарства. У 13-ым сталецьці беларускі князеўскі род рагваложых сыноў зьвёўся. Прасторнае і магутнае некалі Тураўска-Пінскае князьства пабілася цяпер на некалькі дробных і слабых князьстваў, а ў іншых з іх квязеўскі пасад трапіў у кволыя рукі жанчын. А ў гэтых часох ваяўнічыя суседзі літоўцы здолелі ўтварыць незалежнае літоўскае гаспадарства, першыя князі каторага прылучылі да яго невялікія часткі сумежнай зямлі і навет сваю сталіцу Вільню пабудавалі на гэтым здабытым прасторы. Тады беларускія князьствы пачалі троху-патроху прылучацца да Літвы. Прылучаліся найчасьцей самахоць, на ўснове умоў, а часам былі другія прычыны, як тое, да прыкладу, што літоўскія князі жаніліся з беларускімі князеўнамі, рады каторых былі зьвёўшыся. Урэшце вялікі князь літоўскі стаўся князем усіх абадзіненых беларускіх земляў. З князьствамі Полацкім, Віцебскім і Смаленскім вялікія князі рабілі ўмовы і давалі ім констытуцыйныя граматы; князьствы, дзе свае князі панавалі далей, рабіліся так ці йначай залежнымі ад вялікіх князёў, але паўнапраўнымі часткамі новага адзінага гаспадарства. У гэтым гаспадарстве, да якога пазьней было прылучана і колькі ўкраінскіх зямель, мы пераважалі сваёю лічбою і сваёю культурнасьцю, дык ня дзіва, што ў ім запанаваў беларускі дух. Так, можна сказаць, на працягу 13—14 сталецьцяў беларускія пляменьні аканчальна зьліліся ў адну-адзіную беларускую нацыю і стварылі сваё, вялікае і дужое, гаспадарства пад уладаю літоўска-беларускіх князёў. Беларусы духоўна зусім адалелі літоўцаў-жмудзінаў, каторыя пачалі пераймаць у іх цывілізацыю, мову і навет рэлігію грэцкага вызнаньня. У часох будаваньня беларускага гаспадарства было ўжо ўсім вядома імя Беларусі і беларусаў, якое азначала „русь“ вольную, слабодную ад платы падаткаў наезчыкам.
Утварэньне адзінай пісьменнай беларускай мовы. К гэтаму-ж часу з гутарак беларускіх пляменьняў злажылася ў галоўных сваіх асаблівасьцях і адна-адзіная беларуская народная мова. Яна болей а болей пачала ўваходзіць на пісьме ў мярцьвеючую і ўжо мала-зразумелую беларусам царкоўна-славянскую мову. Разьвіцьцю-ж царкоўна-славянскай мовы, хоць і з беларускімі азнакамі, замінала, між іншым, адсутнасьць адукацыі ў духавенства. Дык на працягу 13—14 сталецьцяў лік асаблівасьцей беларускай народнай мовы ўсё расьцець — спачатку ў розных актах і граматах, адылі ў духоўных творах. Калі-ж беларускае гаспадарства ступіла на сьлед спакойнага культурнага разьвіцьця, зьявілась канечная патрэба ў адзінай гаспадарстванай мове, пісьменнай і найзручнейшай. За гэткую мову можна было прыняць: 1) царкоўна-славянскую, 2) літоўскую ці 3) народную беларускую мову. Магчыма, што князям-літоўцам трудна было наўчыцца царкоўна-славянскай мовы ці, можа, часам яна здавалася ім нейкай часткаю варожай для іх сілы. Мова літоўская была недасьпелай для пісьма; палітоўску гаварыла племя ваяўнічае, але зусім невялічкае для вялізарнага прастору гаспадарства. Народная-ж беларуская гутарка чулася па ўсім вялікім князьству, літоўскія князі змалку ўмелі яе і яна ўжо мела нейкія правы ў царкоўна-славянскім пісьме. І вось пры Альгердзе (княжыў 1345—1377 г.) урад знайшоў патрэбным прызнаць яе за офіцыяльную. Сьледам за ўрадам пайшлі і вышэйшыя станы грамадзянства. Віленскі пралат Эразм Вітэлі казаў рымскаму папе ў сваей прамове ў 1501 годзе так: „Літоўцы маюць уласную мову. Але дзеля таго, што русіны (беларусы) насяляюць пасяродак дзяржавы, усе звычайна карыстаюцца іх мовай, бо яна далікатная і больш лёгкая.“ І, як кажа Кіркор, у ёй пісаліся ўсе акты і законапалажэньні ня толькі для беларускіх провінцый, але і для ўласнай Літвы і Жмудзі, так што мы ня маем ніводнага гаспадарстванага акта на літоўскай мове („Асьвета і народная творчасьць у Ліцьве“). У гэтыя часы беларуская мова ўжо мела ў сабе блізка ўсе тыя фонэтычныя і морфолёгічныя асаблівасьці, каторыя характарызуюць яе гукі цяпер; толькі слоўны склад яе і сінтаксічны бок зьмяняліся і далей. (Е. Карскі, „Беларусь“, 1920 г., № 45 і 46). Так утварылася наша старадаўная літэратурная мова, каторая даўгі час, аднак, была яшчэ перасыпана царкоўна-славянізмамі.
Пісьменства падгатаваўчае пары. Пачынаючы з другога часу старадаўнага пісьменства дайшло да нас дужа многа грамат і актаў, асабліва судовых, і іншых старасьвецкіх дакумэнтаў, шмат рукапісных і друкаваных кніг — да набажэнства, біблейных, святаайцецкіх, летапісяў, кронік, кронікграфаў, апавяданьняў, запісак, мэмуараў,Наданьне 14 века, напісанае на 128 л. б. Полацкага Эвангельля публ. бібл. ў Пецярбурзе.
Чытаецца так: „Надань(н)е. Во ймя о(й)ца і с(ы)на й с(ьвя)того д(у)ха. Се аз раб б(о)жый Иван Ніконовіч, Деменьтеев с(ы)н, отходя сего света, дал есьмі с(ьвя)той тр(оі)цы тры места ролейная на Веліком Полі, да пожэнька, да луг на Полоте, да огород. Уста“…
Духоўныя творы, ці лепей сказаць — творы сьвецкія духоўнага зьместу і характару, прызначаліся, глаўным чынам, для сьвецкага грамадзянства або і напісаны людзьмі гэтай сфэры. У народнай мове іх было лягчэй і прыямней пісаць, а таксама пасьпяшней пашыраць сярод грамадзянства. Сярод твораў тае пары ёсьць праваслаўныя і каталіцкія. Усе яны захаваліся ў рукапісах, пісаных кірыліцаю. Праваслаўныя духоўныя творы выглядаюць далейшаю, болей беларускаю формаю жыцьцяў сьвятых, апокрыфаў, пераказаў і ўсяго таго, што мела царкоўна-славяншчына. Сярод каталіцкіх твораў 15-га сталецьця вызначаюцца такія: Жыцьце Аляксея, чалавека божага; Мука Хрыстусова; Повесьць а трох каралёх; О умучэні пана нашага Есуса Кріста; О устані Крыстусові із мертвых; О плачы Маткі о Сыну і інш. Літэратурная вартасьць гэтых твораў маецца ў вобразнасьці думак, прыгажстве і яркасьці мовы ды ў іншым. З вялікай лічбы царкоўных тагачасных кніжак цікавен, між іншым, беларускім правапісам талковы Псалтыр дзяка Арцема, сьпісаны ў Віцебску.
Статут караля Казіміра (1468 г.). Раней, як дзе яшчэ, разьвілася наша старадаўная кніжная мова ў літэратуры актаў, грамат і наагул юрыдычных памятак. Найвышэйшай ступені дайшла актавая мова ў часе Літоўскага Статута (16 ст.) але ўжо ў 15 сталецьці яна стаяла вельмі высака. Прыкладам, з вялікай лічбы памятак, можа быць мова „Праўнага ліста караля Казіміра“, каторы пачынаўся так:
Казімір, божаю міласьцю кароль польскі, вялікі князь літоўскі і руські, княжа прускае, і жамаідзкі, і іных, чынім знамяніта сім нашым лістом… іж мы з князьмі і з паны радаю нашага Вялікага Князьства Літоускага і з усім паспольствам сагадаушы, урадзілі есьмо так…
Летапісі-кронікі. Характэрнаю азнакаю кронік беларускага гаспадарства ёсьць тое, што ўсе яны пісаны ў чыстай і прыгожай беларускай мове. Летапісных зборнікаў за 15-е, 16-е і 17-е сталецьці маем шмат. Прыкладам можа быць Летапісь Аўрамкі (напісана ў 15 веку ў Смаленску, цяпер на сховах у Віленскай публічнай бібліатэцы) або Летапісец вялікага князьства Літоўскага (16 века, цяпер на сховах у бібліатэцы Красінскіх у Варшаве) і іншыя. У гэнай другой кроніцы летапісец выводзіць род нашых князёў ад рымскіх цэсараў, даець аб пачатках Літвы цікаўны, больш баечнага характару пераказ. Так пісаць ён мог толькі ведаючы латынь. Значыцца, апісаная ім на гістарычны лад байка радзілася з пашырэньнем на Беларусі ўплываў рымскай культуры. Тут-жа ёсьць апавяданьне аб сьвятой Праксэдзе Полацкай, пахаванай у Рыме, жыцьцё каторай падобна да жыцьця сьвятой Афрасіньні Полацкай.