Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Залатая пара (16 век)/Т. Еўлашэўскі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ф. Кміта Т. Еўлашэўскі
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
„Прамова“ Мялешкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тодар Еўлашэўскі.

(1546 — 1604).

Аўтобіаграфічны матар’ял. Тодар Еўлашэўскі быў родам са Случчыны. У канцы 16-га сталецьця ён займаў пасаду наваградзкага падсудка па выбару. Наляжаў ён да дробнай беларускай шляхты, „каторая цікавілася беларускім пісьменствам, рабіла пераклады, пашырала іх, пісала самабытныя, ўласныя творы“ (Е. Карскі). Яго адукацыя была такая: на пятым годзе вучылі чытаць пабеларуску, пазьней — папольску, а з часам наўчыўся ён пісаць пагэбрайску. Чалавек быў пабожны. Бацька Т. Еўлашэўскага, заўдавеўшы, прыняў духоўны сан і быў біскупам пінскім і тураўскім. На 19 годзе жыцьця Т. Еўлашэўскі, аднак, адступіў ад праваслаўя і навярнуўся на протэстанцтва. Скрозь усё жыцьцё пашыраў ён свой сьветагляд самаасьветай; з часам наўчыўся навукі рахаваньня, законаў, пазнаёміўся з філёзофіяй; меўся навет ехаць ў Угоршчыну ці ў Турцыю, каб зьведаць іншыя далёкія краіны і наўчыцца рознаму рамяству.

„Дняўнік“ Т. Еўлашэўскага. Займаючы пасаду падсудка, Еўлашэўскі вёў цікаўны „Дняўнік“, з якога ўзяты біаграфічныя данныя аб самім пісьменьніку. Рукапіс гэты раней знаходзіўся ў Вілянаўскай бібліатэцы блізка Варшавы, а цяпер вывезены ў Расею. З „Дняўніка“ мы ведаем аб разьвіцьці і духоўных патрэбах той сфэры, з якой выйшаў Еўлашэўскі. Разьвіцьце яе было нявысокае, але патрэбы духа, патрэбы ў пісьменстве не зьмяншаліся, а падрасталі. Рацыяналізм быў дужа пашыраны, аднак, ён не аслабаніў і найлепей разьвітых інтэлігентаў веку ад звычайных забабонаў. Так, Еўлашэўскі з паважнасьцю апісаў у „Дняўніку“, як яму здаўся ўночы ў стадоле нейкі агністы чалавек. Ен кажа, што чалавека таго відзела і шляхцянка, як прылятаў да гаспадарскае дачкі.

Еўлашэўскі паказаў у „Дняўніку“ свой патрыатызм: беларускае аўтор усюды вызначаець ад польскага. Ен падчырківае, што ў эпоху першага безкаралеўя палякі баяліся, „кабы се Літва з Маскоўскім не паразумела“. Крыштофа Радзівіла лічыць „стлупам панства Літоўскага“. З пыхаю зазначаець, што на сойме 1578 г. „маршалковаў межы пасламі наш ліцьвін — князь Лукаш Болька-Сьвірскі“. Ен надта шануець паноў Хадкевічаў і пішаць аб беларускіх князёх Слуцкіх, Радзівілах, дае матар’ял аб Філоне Кміце, Сапегах і іншых. Мова Еўлашэўскага значна церпіць ад пальішчызны, бо ён доўга жыў ў Варшаве і наагул усё жыцьцё меў справы з рознымі вяльможнымі панамі, якія гаварылі ўжо папольску, а не пабеларуску.