Гісторыя аднае лазні
Гісторыя аднае лазні апавяданне Аўтар: Васіль Сташэўскі |
Крыніца:http://knihi.com/Vasil_Staseuski/Historyja_adnaje_lazni.html |
У глухім кутку Палесся, у балотным закутку, але на пескавым узгорку - вёска Баравінка. Адзіны праезд, адзіны шлях, што злучае гэтую вёску з іншымі - грэбля. Кажуць, што толькі баравінчанін мог сядзець на каламажцы і трэсціся па гэтай двухвёрстнай грэблі. Чалавек жа з другой вёскі, паляскаўшы крыху зубамі, абавязкова злазіў з воза ды пехатою дабіраўся ў вёску. Калі ў першыя гады савецкай улады ўсюды ўзяліся за адбудову гаспадаркі, а значыцца, і дарог - баравінчане спакойна трэсліся на каламажках і яшчэ больш спакойна адказвалі на запытанне - чаму не правіце грэблі: «Эт, таварыш, яна нас не трасе, прывычныя мы, гэтага...»
Чалавек, які не ведае баравінчаніна, можа чакаць, што пасля слоў «прывычныя мы, гэтага...» ён скажа яшчэ нешта, бо тон зусім не сцвярджальны і выраз твару такі, нібы ён падбірае словы, каб далей выказваць сваю думку. Ну, а так - народ працавіты, упарты, але павольны. Чамусьці ў суседніх вёсках, калі ў якога селяніна ў хаце брудна, сам ён павольна рухаецца, павольна гаворыць - тады яму часамі казалі: «Ты шляхціц з Баравінкі». Можа тут быў перагіб, а мо гэта якраз адпавядала сапраўднасці. Адно было бясспрэчна: баравінчан расшавяліць не так лёгка. Яны, напрыклад, не вельмі спяшаліся з калгасам, гады два «асазнавалі», калі часамі пытаўся хто: «Чаму не арганізоўваеце калгаса?», - яны адказвалі: «Братка дарагі, калгасы добрая справа, гэтага... мы не супраць, але ж трэба чалавеку асазнаць, гэтага...» Цяпер у іх ніштаваты калгас, ну і, вядома, змянілася грэбля. Яна добра высыпана, утрамбавана, абапал - канавы, а праз рэчку мост з дубовымі парэнчамі - любата. А нядаўна закончана пабудова планавай школы. Змянілася вёска Баравінка. Але ўсё гэта ідзе звычайным парадкам, і пабудова ў Баравінцы такой прыгожай школы не зрабіла на іх асаблівага ўражання, бо савецкая ўлада і ў суседніх вёсках таксама панастаўляла, ды нават раней, чым у іх. А вось будынак, што над рэчкаю, каля маста, - гэта памятка навекі, бо ў ім спалучылася і гордасць і крышку сораму баравінчан. А гэта ж звычайная лазня, а толькі гісторыя яе незвычайная.
Лазня. У кожнай вёсцы павінна быць лазня - лозунг старшыні РВК таварыша Круглікава. А быў гэта 1928 год. Многа думак у Круглікава: школы, лазні, асаавіяхім, заём індустрыялізацыі, правыя, левыя загібы, патрошку калектывізацыя. Апартунізм!
Поўны камплект твораў Леніна вось тут ён, на этажэрцы. «Капітал» косіцца на Круглікава. А калі чытаць? «Адзін настаўнік папраўку дае мне ў часе дакладу. Ды я цябе практыкаю ра-азаб'ю ў дошку. Рэвалюцыю я рабіў. Вось мая школа і тэорыя. Лазня - другая рэвалюцыя ў гэтым брудным Палессі, і я выйду пераможцам».
А тут у райкоме партыі кажуць Круглікаву: «Трэба падвышаць сваю граматнасць, мацней узбройвацца Маркса-Ленінскай тэорыяй». - «Не супярэчу, - кажа Круглікаў, - трэба». А за дзвярыма: «Тэорыя не карова, малака не надоіш». Але пасля адных палітзаняткаў задумаўся Круглікаў. Пачаў крыху заглядаць на палічкі сваёй этажэркі. Углядаецца аднаго разу на мнагатомнік Леніна: «Што гэта, тэорыя ці практыка? Падрыхтоўваць рэвалюцыю, ствараць партыю, Акцябр? Уся ўлада Саветам! Разбіць інтэрвенцыю! Стварыць новую рэспубліку і кіраваць гаспадаркай... і напісаць столькі кніг!.. Даруй, дарагі Ільіч, і ты, дружок Маркс. Я гэтага зрабіць не магу. Галава мая... ды я і пісаць, каб надта граматна, не вельмі што. І рукі мае не да пяра, а да вінтоўкі, нагана больш прывычныя і яшчэ да сякеры, да струга. Чым магу, тым справе памагу. Будую ў сваім раёне лазні, школы, млыны, пільні, ваюю з кулакамі, нэпманамі. Закладаю арцелі. Вось яна, мая тэорыя і практыка. Мне толькі правільную дырэктыву, а мой выканком выканае на ўсе сто. Кажуць, што лазні - мая фантазія. Няхай сабе і так. Няхай палаюць, а пасля будуць дзякаваць. Вось каб знайсці ў Леніна хоць тры радкі пра лазні, я тады ўцёр бы нос сваім супраціўнікам. Закажу мастацкія плакаты і расклею па ўсім раёне».
Круглікаў пачаў па парадку разглядаць тамы і шукаць на старонках змест адпавядаючага артыкула. Не знайшоў. «Быць не можа, каб Ленін не закрануў і гэтага пытання. Можа загаловак не такі. Каму б даручыць пашукаць? Можа нават беспартыйнаму, але такому, каб не вельмі ляпаў языком пра гэта».
І спыніў сваю ўвагу Круглікаў на настаўніку Мазарыку. «Гэты пастараецца». Выклікаў Мазарыка да сябе.
- Вось што, таварыш Мазарык, ты хоць пакуль што беспартыйны, але чалавек блізкі нам, актыўны. Я раю табе больш сур'ёзна займацца тэорыяй: чытаць Леніна, Маркса, і наогул філасофію. Сядай.
- А я, таварыш Круглікаў, чытаю. Я лічу, што без гэтага настаўнік не настаўнік, - адказвае Мазарык.
- Чытаеце? Добра. А скажыце, што казаў Ленін пра лазні?
Мазарык пачаў шавяліцца.
- Я, уласна, дакладна не памятаю, але ведаю, што аб культуры, аб быце, перабудове яго шмат сказана.
- А як вы лічыце, у брудных вёсках, мястэчках, у якіх людзі ніколі не мыюцца ў лазнях, бо і лазняў няма, хварэюць на розныя скулы, - пабудаваць лазні - гэта гаспадарчае ці культурнае пытанне?
- Я лічу, што гэта важнейшае культурнае мерапрыемства.
- Значыць, вы падзяляеце маю лінію гэтых культурных мерапрыемстваў?
- Цалкам, таварыш Круглікаў, гэта надзвычайна вялікая справа, за якую масы будуць вам толькі ўдзячны.
- Вазьміце Леніна, прачытайце што-небудзь... Вы час маеце?
- З прыемнасцю, - адказаў Мазарык і пачаў перабіраць тамы.
- Вазьміце дваццаць пяты том, колькі мне помніцца, там ёсць надзвычайная прамова на адной беспартыйнай рабочай канферэнцыі.
Мазарык пачаў пераглядаць.
- Ды вось, на канферэнцыі Прэсненскага раёна.
Пачаў чытаць. Круглікаў курыць люльку. Спачатку ўважліва слухаў, але хутка думкі яго пераскочылі ў эпоху 20-га года. Схамянуўся ён толькі тады, калі Мазарык прачытаў: «Мы начали великую войну, которую мы не скоро окончим; это - бескровная борьба трудовых армий против голода, холода и сыпняка, - за просвещенную, светлую, сытую и здоровую Россию».
- Памятаю гэтыя словы, - сказаў Круглікаў, моцна трымаючы ў руцэ англійскую люльку.
«...но мы кончим эту войну, - чытае далей Мазарык, - такой же решительной победой, какой окончили и борьбу против белогвардейцев...»
- А што, хіба не так? - спытаў Круглікаў.
- Безумоўна так, таварыш Круглікаў.
- Ну, давайце далей, давайце сёння перабяром гэты том.
Мазарык надзвычайна старанна чытаў, дайшлі да рэзалюцыі IX з'езда РКП(б), і вось тут у адным з раздзелаў, дзе пералічваюцца галоўныя віды партыйнай работы, названа работа «па рамонту і правільнаму функцыяніраванню лазняў».
- Ну вось, - кажа Круглікаў, - а думаеце, на сённяшні дзень гэта не мае сілы? Вядома, многа ўжо зроблена, ой, многа, але яшчэ не ўсё. У раёне нашым яшчэ многа работы і якраз іменна ў гэтай галіне - з лазнямі. Тут няма чаго рамантаваць, бо іх тут не было спрадвеку. Тут новенькія трэба майстраваць усюды, ды яшчэ ў некаторых пунктах трэба правесці агітацыю за тое, каб першы раз зацягнуць памыцца. А пасля першага разу пойдуць у лазню, як некалі на вадохрышча, ха-ха!
Гэтым вечарам былі задаволены і Мазарык і Круглікаў. Мазарык дома сказаў жонцы: «Сённяшні вечар я лічу першым пэўным крокам у камуністычную партыю».
Назаўтра Круглікаў з'явіўся ў райком да сакратара:
- Чытаў дваццаць пяты том твораў Леніна?
- Чытаў. А што?
- Значыцца, павінен ведаць, што Ленін сказаў пра лазні?
- Хм, - усміхнуўся сакратар. - Я хацеў бы, каб заўтра былі лазні ў кожным населеным пункце, таварыш Круглікаў.
- Ну і будуць.
- Пачакай. Ёсць план гаспадарчага і культурнага будаўніцтва ўсяго раёна. Ёсць цэлы рад задач, якія патрабуюць гарманійнага вырашэння. А ты - захапіўся адной справай і ўпускаеш другую. Партызаншчына, таварыш Круглікаў. А партыя нас вучыць і ўказвае - умець своечасова з усіх задач вылучаць важнейшую, знайсці галоўнае звяно. Не лазня вузлавое пытанне на сённяшні дзень.
- Я вузлавых пытанняў не пакідаю, а лазні будую ў парадку мясцовай ініцыятывы. А партызаншчынай упікаць мяне няма чаго.
- Добра, зайдзі вечарком на кватэру, за шклянкаю чаю ці піва раскажаш мне, як у 19-20 годзе чысціў белых, а я табе раскажу пра партызаншчыну сённяшняга дня. Добра?
- Ладна. Зайду.
Выйшаў Круглікаў. Ідзе, думае. Ён жа сёння меўся быць у Баравінцы. Там прызначан сход пра пабудову лазні. Дрэва вывезена. Гніе. Не хочуць баравінчане будаваць. Рашаючы сход.
Увайшоў у РВК. А тут у калідоры Мазарык насустрач. Ён часта наведвае кіруючыя ўстановы.
- Зайдзі, - кажа яму Круглікаў. Мазарык за ім увайшоў у кабінет.
- Сёння ў Баравінцы рашаючы сход: быць лазні ці не быць. Я меўся паехаць, але якраз сёння не выпадае, дык няма каго паслаць, народ мой у раз'ездзе. Можа з'ездзіш, правядзеш сход? На маім кані, туды і назад.
- Раз трэба, не маю права адмовіцца, - адказаў Мазарык.
- А калі зрыў, - перапішы зрыўшчыкаў і запісачку мне. Дагаварыліся?
- Калі ласка. З савецкай уладай я не спрачаўся ніколі, калі ласка.
Выехаў Мазарык у Баравінку, сход адбыўся і ўхвалілі лазню будаваць. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Як ні намагаўся Мазарык, каб вызначыць тэрмін пабудовы, - нічога не выйшла. «Калі дазволіць час, гэтага...» А гэта значыць - калі ім захочацца.
Дзевяць чалавек трапіла на запіску Мазарыка, з гэтым ён і вярнуўся назад.
Пачытаў Круглікаў, падзякаваў Мазарыку і выклікаў да сябе стоража.
- З Баравінкі сёння ёсць хто-небудзь, не заўважыў?
- Аднаго бачыў, - адказвае стораж.
- Пакліч да мяне.
Праз некаторы час з'явіўся баравінчанін да Круглікава.
- Вось вам запіска, - кажа Круглікаў, - абвясціце гэтым грамадзянам, што тут запісаны, каб заўтра ўсе былі тут, скажы, каб кожны ўзяў па пары бялізны, ну і, вядома, кавалак хлеба і сала ў торбачку.
На другі дзень восем баравінчан з'явіліся ў РВК. Адзін не прыйшоў, бо скулы так панасядалі, што не толькі ісці альбо ехаць цяжка, а нават сесці чалавеку нельга.
Здарылася так, што гэта быў выхадны дзень. Але Круглікаў не забыўся пра баравінчан. Ён не пайшоў у РВК, але перадаў сторажу, каб а другой гадзіне прывёў баравінчан у лазню.
Са старое мураванае сінагогі, што стаяла над рэчкаю, добрая выйшла лазня. Прасторная, чыстая. Па заказу Круглікава напалена яна сёння. Увайшоў Круглікаў з Мазарыкам - душа радуецца. Успомніў Круглікаў словы сакратара райкома: «партызаншчына» - і заспяваў родную партызанскую. Рэха ломіцца ў вокны. Звініць лазня. І Круглікаў адчуў такую сілу голасу, якая была тады, калі спяваў конна, едучы з атрадам чырвонаармейцаў пасля разгрому адной белабандыцкай шайкі. Шабулдыхнуў шайку з вадою на галаву. Тады не было калі мыцца, а ў гэтай мясцовасці і не было дзе. Далоняй зграбалі з падранай кашулі тыфозную заразу.
- Я іх памыю, касалапых, - кажа Круглікаў Мазарыку.
- Гэта надзвычайна, таварыш Круглікаў.
Адзін за адным уваходзяць баравінчане. Чатыры чалавекі ўвайшлі. Круглікаў вылівае на сябе шайку за шайкаю і непрыкметна для іх паглядае. А яны голыя, нібы саромеюцца адзін аднаго.
- Вы што? - пытае Круглікаў.
- Памыцца перад смерцю, таварыш старшыня, - адказвае адзін. Другія натапырыліся: «Няўжо і старшыня тут?»
- Навошта перад смерцю мыцца?..
- Закон такі, гэтага...
- Нямытага і ў рай не пускаюць, - дадаў другі.
Увайшлі яшчэ два чалавекі.
- А гэтыя таксама вашы?
- Нашы. Там яшчэ два раздзяваюцца. Восем чалавек затрэбавалі.
- Хто?
- Казалі, што вы, гэтага...
- Першы раз чую.
- Тады трэба разабрацца, таварыш старшыня, гэтага...
- Я тут не старшыня, а такі самы голы чалавек, як і вы. Але трэба высветліць, - сказаў Круглікаў і выйшаў у раздзявальню. Баравінчане за ім. Падняліся апошнія два.
- А вы таксама мыцца? - звярнуўся Круглікаў да гэтых двух.
- Таксама, - целяпнуў барадою адзін з іх.
- А чаму ў кашулю ўглядаешся, поўзае што?
- А калі поўзае, дык гэта не навіна. Свая поўзае, а не твая.
Баравінчане міргаюць старому, каб так не адказваў.
У гэты момант у лазню ўвайшоў міліцыянер.
- Тэрміновая тэлеграма, таварыш старшыня.
Круглікаў паглядзеў тэлеграму, пачухаў левы бок, падміргнуў міліцыянеру, кіўнуў у бок баравінчан:
- Слухайце, гэта вашы людзі мыюцца тут? Вашы, канечна.
- Гэтыя? Нашы, таварыш старшыня, - адказаў міліцыянер.
Круглікаў яшчэ раз паглядзеў на баравінчан.
- Ну дык заходзьце ў лазню і мыйцеся, а я тут сам высветлю. - Баравінчане адзін за адным пайшлі ў лазню. Круглікаў яшчэ раз глянуў на тэлеграму. Звычайная службовая тэлеграма, толькі пазнавата падышла. Сёння 11, а «Менску дванаццатага нарада старшынь жывёлагадоўчых раёнаў».
- Цягнік калі? У гадзіну ночы?
- У гадзіну ночы.
Аддаў Круглікаў міліцыянеру тэлеграму.
- Вось што, браток, ты праз паўгадзіны падыдзі сюды, возьмеш гэтых дзядзькоў, а я гэтым часам памыю іх.
- Слухаю, таварыш старшыня, - адказаў міліцыянер з усмешкаю і выйшаў. Круглікаў увайшоў у лазню. Баравінчане з венікамі, мылам збіліся ў гурт, раяцца.
- Ну, грамадзяне, - звярнуўся да іх Круглікаў, - раз прыйшлі ў лазню, дык давайце мыцца. Сюды! - сказаў Круглікаў, прачыніўшы дзверы ў парнае аддзяленне.
Ткнуліся баравінчане, а тут парнасць дух займае. Той, што з барадою, назад.
- Стой, стары! - гукае Круглікаў. - Табе якраз тут і трэба.
- Не вытрымаю, галубок, пусці, няхай маладзейшыя.
А Мазарык на верхняй паліцы хвошча сябе і запрашае:
- Сюды, сюды, грамадзяне!
Адзін з іх адважыўся, ускочыў, лыпае, трымаецца і кажа: «Усё ж роўна трэба адпакутаваць».
- Кладзіся, - кажа яму Круглікаў, - і летняю вадзіцаю пакрапляй сабе галаву. Давай свой венік.
Пакараецца чалавек. Узмахнуў Круглікаў венікам, патрос яго ўгары, лёгенька прайшоў ім, зашуршаў гарачым лістам ад пятак да галавы і назад, ударыў па найбольш пукатым месцы. «Ах-х...» «Што?» «Нішто». Зноў патрос Круглікаў венікам угары і з поўным усведамленнем свае віртуознасці іграе ім па закарузлым целе.
- Пераварачвайся дагары.
- Братка, можа хопіць?!
- Ого, трэба паважаць кожную частку цела. «Ах-х...» «Што?» «Нішто».
- Злазь. Наступны.
Баравінчане пачалі высоўваць кандыдата.
- Нічыпар.
- А чаму не Рыгор? - бароніцца Нічыпар.
- Ну, дык Мікіта.
- Што вы, я хіба апошні, можа пара крыху сыдзе, а то я і тут ледзьве дыхаю.
А Круглікаў грозна: «Наступны».
Палез Нічыпар.
Круглікаў падняў венік.
- Таварыш старшыня, - просіцца Нічыпар. - Я хацеў бы паліцаю ніжэй. Я вось тут лягу.
- Хочаш тут? Ладна. Пачакай крыху, падбавім градус.
У гэты момант Мазарык лінуў у печ вады на гарачыя каменні. Прыгнуліся баравінчане. Мікіта шмыгнуў за дзверы і там да таго, што выпарыўся:
- Па-мойму, дык мы трапілі ў пекла.
А выпараны ляжыць, пакручвае вусы:
- Канечне, парнасць спачатку расслабляе чалавека, але касцей не ломіць, так што ідзі назад, прасі, значыць, знісхаджэння, на ніжэйшую паліцу, але папарыцца трэба.
- Нічыпар папрасіў знісхаджэння, дык Мазарык паддаў пары.
- Нічога, яна касцей не ломіць. Я вось крыху адпачну, ды мо яшчэ папаруся.
Круглікаў папарыў Нічыпара, а гэтым часам Мазарык намыліў двух кандыдатаў і ўзяўся за барадатага.
- Наступны! - гукнуў Круглікаў.
- Мыла ў вочы ўядаецца, - адазваўся адзін з кандыдатаў. І другі нешта мнецца.
Круглікаў ступіў паліцаю ніжэй:
- Ды што ж гэта такое? Га? Для каго пабудавана гэта лазня, для каго напалена яна сягоння? Вы думаеце, што паўшуркі дроў дарма прападзе? Не, грамадзяне баравінчане, калі ласка, мыцца. Мыла, кажаце, шчыпле? Правільна. Гразь не любіць мыла, а таму і шчыплецца. Таварышы! (Стаў на паліцу вышэй.) Мы павінны паставіць сваёй задачай змыць векавую гразь, што ад царызму трымаецца на вас. А там, дзе гразь, - там хвароба, там зараза. Таварышы баравінчане! Вы сталі на шлях новага, сацыялістычнага жыцця. Не забывайцеся, што лазня гэта не раскоша, лазня, чыстая бялізна - ёсць першая неабходнасць для аздараўлення чалавецтва ва ўсім свеце. Няхай жыве лазня ў Баравінцы і няхай жывуць чыстыя, здаровыя баравінчане! Хто наступны на паліцу?
Павольна пачаў узлазіць адзін з кандыдатаў.
Гэтым часам увайшоў сюды той, што першым парыўся.
- Тады дайце і мне пару слоў, гэтага... Мужчыны! Я згодны на тое, канечне, што сказаў старшыня, бо я там ляжаў і ўсё чуў, гэтага... Парыцца чалавеку трэба. Толькі я хачу сказаць таварышу старшыні, што за адзін раз у год толькі скуру раздражніш, а кожны месяц не пойдзеш.
- А ў царкву хадзілі? - запытаў Круглікаў.
- Даўней, канечне, гэтага... - замяўся прамоўца. Круглікаў парыў.
Апошнім выпарыўся барадаты дзядзька.
Скончыўшы гэту работу, Круглікаў і Мазарык выйшлі ў вялікі пакой.
- Цела тады яно чыстае, калі рыпіць, - сказаў Круглікаў і паказаў, правёў далоняю па сваіх грудзях. Выйшаў ён з Мазарыкам адзявацца, і баравінчане пачынаюць вылазіць.
- Можа б вы крыху пачакалі ды лепей апаласкаліся б, - кажа ім Круглікаў.
Баравінчане падаліся назад. А прамоўца затупаў на месцы і пачаў:
- Мы, канечне, сагласны, а толькі не павінны, канечне, заставацца свіннёю і, канечне, падзякаваць таварыша старшыню, а таксама і вас (да Мазарыка), бо хоць жа мы і не ведаем, куды нас адправяць, ну, так што не супраць савецкай улады і, канечне, гэтага...
- Вы што, на сход прыйшлі? - запытаў Круглікаў.
- Яно, канечне, не на сход, але тым часам, гэтага... - кашлянуў прамоўца і падаўся назад.
Увайшоў міліцыянер.
Выходзячы з лазні, Круглікаў сказаў яму:
- Пабудзь тут, пакуль адзенуцца. Паказвай від строгасці. А як адзенуцца - вядзі ў сталоўку. А далей - скажа загадчык.
Вось пачалі ўжо адзявацца і баравінчане. Пачалі жартаваць адзін з аднаго.
А міліцыянер ім:
- Грамадзяне, прашу не перагаварвацца.
Сцішыліся. Надзяваюць чыстую бялізну, разгладжваюць вусы. Ва ўсіх такі настрой, што хочацца выказацца, а тут міліцыянер не дае. Звычайна яны маглі б і не паслухаць, бо яны ж нічога дрэннага не хочуць сказаць, але, усвядоміўшы сваё ўмыванне як выключнае, нават цікавае, - падначальваюцца і стараюцца быць паслухмянымі дзецьмі. Толькі між волі прарываюцца словы: «рыпіць», «дык вось яна, лазня», «сем пудоў скінуў», «я за лазню, любата». А той дзядзька з вялікаю барадою скамячыў сваю брудную бялізну і суне яе ў торбу з хлебам. Міліцыянер заўважыў:
- Хто гэта, дзядзька, так робіць?
- І я скажу, - адазваўся Нічыпар.
Стары моўчкі заціснуў бялізну ў кішэню свайго палітона.
Праз невялікі час міліцыянер прывёў баравінчан у сталоўку. Асобны стол у кутку. Паселі. Міліцыянер пагаварыў з загадчыкам, а гэтым часам баравінчане пачалі развязваць торбы.
- Прэкраціць развязванне торбаў, - загадвае міліцыянер.
Пераглянуліся баравінчане, пазавязвалі.
Дзве дзяўчыны прыносяць і ставяць на стол талеркі, раскладваюць лыжкі. З вялікае пасудзіны наліваюць буракі.
- Наядайцеся, - кажа міліцыянер, - бо дарога вам вялікая прадстаіць.
Сёрбаюць баравінчане. У кожнага белая талерка, алюмініевая лыжка. Не паспелі яны ўвабраць буракі - падносяць дзяўчаты на талерках тушаную бульбу, і там мяса па кавалку пакладзена. Паглядзелі адзін на аднаго, на міліцыянера. Стаіць ён, успёршыся на падаконнік, службу нясе. Нічыпар не вытрымаў:
- Каб сюды хаця на двух паўлітра, гэтага...
А Мікіта адказвае:
- А мне здаецца, што я сплю. Бо яно так у сапраўднасці не бывае.
Толькі сказаў ён гэта - падносяць дзяўчаты і ставяць на стол куфлі з півам.
- Ну вось, бачыш, - кажа зноў Мікіта, - ёй жа богу сплю. А той прамоўца, што першым парыўся, пагладзіў вусы, узяў куфель.
- Ну што ж, па рублёў пяць прыйдзецца заплаціць.
Барадаты стары адсунуў ад сябе куфель.
- Я піва не ўважаю і плаціць за яго не буду.
Нічыпар падсунуў гэты куфель да сябе і адказвае:
- Усё роўна: піў не піў, у кампаніі быў, значыцца, і заплаціш.
- Прашу не перагаварвацца, - голас міліцыянера, - канчайце.
- А ці няможна, каб яшчэ бакал заказаць, пасля лазні яно добра ідзе? - пытае Нічыпар міліцыянера.
- Не палагаецца.
- Ну, то па колькі з нас?
- Ні па колькі. Папалуднавалі? Выходзьце на вуліцу.
Павылазілі баравінчане з-за стала. Добры настрой некаторых пачынае патрошку адыходзіць. Выйшлі на вуліцу.
- За мною, - сказаў міліцыянер і шпарка пайшоў у РВК. Баравінчане ледзьве паспяшаюць за ім. Увайшлі ў РВК. Міліцыянер адчыніў дзверы ў кабінет старшыні.
- Заходзьце сюды.
Увайшлі. Сядзіць старшыня Круглікаў, чытае нейкую паперу, не глядзіць на іх. Каля стала нейкі таварыш разглядае газету. Нарэшце Круглікаў падняў галаву.
- Што скажаце, баравінчане?
Закалыхаліся яны.
- Не ведаем, што скажаце вы, гэтага... - адказаў прамоўца.
- Я? Я чуў, што вы ў лазні былі.
Засмяяліся ўсе. Не ўстрымаўся і суровы дзядзька з барадою.
- Былі.
- Рыпіць?
- Любата!
- Здароўе.
А Круглікаў:
- Пасля лазні вельмі добра сёрбнуць талерку баршча.
- Было і гэта.
- Ды нават з півам.
- Чакайце, - перабіў баравінчан прамоўца. - Тут больш сораму, канечне, чым смеху. Гэта ж нам брыдка паказвацца ў вёску.
- Можа яно і так, - кажа старшыня, - а я думаю, што вам сорамна ад таго, што лес гніе на выгане ля рэчкі, што ўсюды будуюцца лазні, а ў вас няма...
- Будзе і ў нас.
- Будзе.
- Будзе, кажаце? - пытае Круглікаў.
- Заўтра пачынаем.
- Ну, тады з лёгкаю параю вас, - кажа, падняўшыся з крэсла, Круглікаў і падае кожнаму руку. - Ідзіце дадому, пачынайце. Як будзе гатова - прыеду памыцца, папарыцца.
- Гэта ўжо няйначай, - адказвае прамоўца, - і фурманку прышлём.
- Буду вельмі рад, - кажа Круглікаў на развітанне, - не злуйцеся толькі. Да пабачэння ў вашай новай, прыгожай лазні.
Выходзяць баравінчане з РВК, хацелася яшчэ пагаварыць з Круглікавым. Затупалі па ганку.
- А як жа за полудзень, за піва? - спыніў іх прамоўца. - Выйсці, канечне, свіннёю не штука, а падзякаваць, канечне, і не здагадаліся.
- Мікіта, прачніся, - штурхае ў спіну Нічыпар, - куды ты павалачэш торбу хлеба?
Выйшаў на ганак міліцыянер. Мікіта да яго:
- Таварыш дарагі, вазьмі баханку хлеба, цяжка будзе валачы.
- Нічога, завалачэш, - адказаў міліцыянер і шпарка пайшоў.
Пайшлі баравінчане дадому. Круглікаў стаяў каля акна, глядзеў на малады, пасаджаны пры яго старшынстве садзік перад будынкам РВК, прыемнаю ўсмешкаю, ласкавым поглядам праводзіў ідучых цэнтральнаю алеяй баравінчан. Раптам званок тэлефона.
- Слухаю. Хто? А каго вам трэба? Круглікава? Я сам і ёсць. Зайсці да цябе? А што такое? Ёсць справа? Зараз зайсці? Ладна. Іду.
Паклаў Круглікаў трубку, пачухаў вуха і пайшоў. Праз некалькі хвілін ён увайшоў у кватэру сакратара райкома партыі.
- Што будзе? - сустрэў сакратар запытаннем Круглікава.
- А ты пра што? - у сваю чаргу пытае Круглікаў.
- Усё пра лазні, таварыш Круглікаў.
- Ага, захапіўся і ты, - адказвае Круглікаў.
- Ну так, я страшэнна захоплены. За такі метад «Кракадзіл» не адмовіцца цябе прэміраваць. Ніколі. Гэта ж нешта выключнае.
- Іменна выключнае, - адказвае Круглікаў.
- Ну, а як будзе далей? Заўтра каго збіраешся парыць?
- Заўтра нікога, я ж не баншчык.
- Ну, скажы, ты думаеш што-небудзь ці не?
- Думаю, браток, - адказвае мякка, задушэўна Круглікаў, - думаю: якая слаўная будзе лазня ў Баравінцы! Думаю яшчэ - абедаць пара. Валодзька званіў: «Папа, скарэй, а то мама злуецца».
Сакратар хвілінку памаўчаў, затушыў у попельніцы недакурак і сказаў:
- На цябе трудна злавацца, ты сам гэта ведаеш... Але вось за сённяшняе тваё «выключнае», як ты кажаш, заўтра ж будзем парыць на бюро райкома. Здорава адхвошчам.
У пакой паспешна ўвайшоў Валодзька. Круглікаў развітаўся. На ганку Валодзька асядлаў бацькаву шыю - паехалі.
Ішлі баравінчане лесам, пералескамі. Пятнаццаць кіламетраў трэба прайсці. Ішлі, жартавалі, спрачаліся, разважалі пра сваё жыццё, самі сябе крытыкавалі. Нічыпар, уваходзячы ў вёску, сказаў:
- Хоць і сорамна прызнацца, што нас вымылі, як малых дзяцей, але лазню пабудуем, так што факт.
Успамінаюць сёння калгаснікі вёскі Баравінка былога старшыню РВК таварыша Круглікава.
- Важны быў чалавек, практык вялікі, галава. Слых маецца, што недзе ў Маскве ён абучаецца. Каб адрас, дык усім калгасам напісалі б, каб пад'ехаў. Калі б згадзіўся, дык і за старшыню выбралі б за дзесяць хвілін. А то няхай бы пагасціў які з месяц, хваліць бо... гэтага... ёсць чым прыняць.
1935 г.