Перайсці да зместу

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця (1928)/Русіфікацыя на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліквідацыя паўстаньня Русіфікацыя на Беларусі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Русыфікацыя на Беларусі.

Паўстаньне ў Польшчы і на Беларусі выклікала ў консэрватыўных фэўдальных колах імпэрыі прыліў нацыяналізму. Цэнтрам гэтага рускага нацыяналізму і гура-патрыятызму зрабілася Масква. Што датычыць чыноўных і прыдворных кругоў Пецярбургу, то тут мы бачым яшчэ працяг лібэралізму, што пачаўся з дня цараваньня Аляксандра ІІ. Цар і кучка яго інтымных прыяцеляў былі прыхільнікамі лібэральных мерапрыемстваў у вадносінах да паўстанцаў. Толькі пад уплывам таго, што паўстаньне разрасталася і пагражала шырокімі пасьледзтвамі, цар згадзіўся на назначэньне ў Вільню Мураўёва, каторага выстаўляла консэрватыўная Масква. «У Пецярбурзе улада графа Мураўёва вісела на валаску. Ён быў заклікан да ўлады хутчэй як нешта няўхільнае, чым пажаданае, падобна таму, як гэта было ў 1812 годзе з Кутузавым». (Л. Тихомиров. Варшава и Вильна в 1863 году. 1897 г. Москва, стр. 6.). Такім спосабам, для рэакцыйных людзей Масквы Мураўёў быў другім Кутузавым, што ратаваў «матушку Россию» ад польскай крамолы, ад «инородческого засилия».

Узмацненьню рускага рэакцыйнага нацыяналізму садзейнічаў той факт, што чужаземныя дзяржавы, пад уплывам польскай белай эміграцыі, выражалі гатоўнасьць стаць на абарону паўстаўшай Польшчы і ўмяшацца ў хатнія справы імпэрыі. Утварылася ультра-руская партыя, каторая вышла з славянафільскіх кругоў. На чале партыі стаяў вядомы рэтроград таго часу, маскоўскі мітрополіт Філарэт. Ідэёвым правадыром і папулярызатарам партыі ў прэсе быў Каткоў. У партыю ўваходзілі такія асобы, як І. Аксакаў, Гільфэрдынг, Пагодзін, Леонцьеў і інш. Мураўёў быў як-бы штандарам партыі, каторы яна трымала ў сваіх руках. Партыю падтрымлівалі чыноўніцкія, ваенныя і абываталь скія колы, для каторых самаўладная Расійская імпэрыя была смачным кавалкам пірага. Наўкола імя Мураўёва быў учынен вялікі шум, на каторы зьвярнуў увагу нават Герцэн, назваўшы тагачасныя настроі рэакцыйнай прэсы «патриотическим сифилисом», каторы з Масквы пачаў пераходзіць ува ўсе куткі чыноўніцка-дваранскай Расіі. «Як толькі Мураўёў выступіў на барацьбу з паўстаньнем, на яго пасыпалася такая агромністая колькасьць сьпічаў, дэпэш, адрасоў, дэпутацый, малебнаў, урачыстых спатканьняў, аглушаючых выкрыкаў «ура», царкоўных звонаў, букетаў, гірлянд, вэнзалёў, штандараў, плошак, альбомаў, віншавальных лістоў, ікон (асабліва ікон: бясконца вялікіх і маленькіх, залатых і срэбных), што гэтыя штодзённыя пачэсты зрабіліся для яго неабходнасьцю. «Льём за здоровье и успехи вашего превосходительства! Ура!»—тэлеграфавалі і пісалі яму з Піраціна, Суражу, Меньзеліжка, усіх расійскіх гарадоў і мястэчак. Хутка ён пачаў адчуваць сябе любімцам Расіі, найпапулярнейшым чалавекам у імпэрыі. «Увага і «пачуцьцё Расіі—лепшая для мяне нагарода», заўсёды адказваў ён на гэтыя прывітаньні. «Задушыўшы паўстаньне, ён прыняўся за такую-ж самую лютую русіфікацыю Польшчы... пры чым яго законы аб мірнай русіфікацыі Польшчы аказаліся яшчэ горшымі ад шыбеніц» (К. Чуковский. Поэт и палач. стр. 13). Мы выпісалі гэты вынятак, як даючы вельмі яскравы малюнак тых абставін, пры каторых адбывалася русыфікацыя зямель, што ўваходзілі калісь у склад Рэчы Паспалітай. Апроч таго, вынятак у сваім канцы вызначае правільна пагубнае значэньне для краю русыфікацыі, каторая пашкодзіла нам больш, чым шыбеніцы. Мураўёў-русыфікатар зрабіў больш бяды, чым Мураўёў-вешальнік.

Русіфікацыя стаяла ў беспасрэднай сувязі з ліквідацыяй паўстаньня. Яна павінна была завяршыць ліквідацыю паўстаньня. Трэба было край зрабіць «истинно-русским». Беларус 60-х гадоў лічыў сябе асобным ад вялікаруса: трэба было сілком парадніць яго з ім у імя не яго «мужыцкіх» інтарэсаў, а ў імя інтарэсаў дваранска-царскай Расіі.

Праграма русыфікацыі была апрацавана ў дакладной запісцы Мураўёва, каторую ён падаў на царскі разгляд 14 траўня 1864 г. Мы ня будзем разглядаць усяго зьместу запіскі, застановімся толькі на агульна-адміністрацыйных мерапрыемствах. Мураўёў тут піша так: «Трэба: 1) зацьвердзіць канчаткова аб паўсямесным уводзе рускай мовы, як гэта цяпер зроблена, з прыпыненьнем карыстаньня польскаю моваю ўва ўсіх офіцыяльных і службовых зносінах, а таксама і ў надворных малюнках усякага роду, асабліва ў мясцох, дзе часта бывае народ; 2) не чакаючы, усе вышэйшыя службовыя пасады па ўсіх ведамствах, а таксама ўсе пасады, маючыя дачыненьне да народу, замясьціць рускімі ураднікамі, а іншыя пасады замяшчаць рускімі паступова; 3) паставіць у строгі абавязак усім міністэрствам выканаць гэтыя мерапрыемствы камандыраваньнем з Расіі ураднікаў, політычна пэўных, і прыпыніць усялякія ў гэтых адносінах спрэчкі паміж сабою, як гэта часта здараецца цяпер з боку некаторых ведамстваў; 4) засяляць край рускім жыхарствам як мага гусьцей. Рабіць гэтае засяленьне, ня ўхіляючы і старавераў, бо яны больш за другіх захоўваюць рускую народнасьць».

Прыгавор рэволюцыйнага трыбуналу Дамайку і паведамленьне аб яго выпаўненьні.

Праграма русыфікацыі, зьмешчаная ў запісцы, была зацьверджана і прынята да выкананьня. Рэалізацыя програмы стала праводзіцца па- мураўёўску—шляхам гвалтаў і тэрору.

Калі мы чытаем дакладную запіску Мурауёва, то бачым, што русыфікацыя павінна датычыць палякоў, польскай мовы і наогул польскай культуры, але трэба зазначыць, што фактычна яна найбольш ударыла па беларусу і па беларускай культуры. Паляк на Беларусі быў у пераважнай большасьці земляўласьнікам-шляхціцам, і для яго, з экономічнымі сродкамі і шырокімі сувязямі, закон быў ня пісан. Дзе хабарам, дзе пратэкцыяй, дзе суцяжніцкімі выкрутасамі шляхціц меў магчымасьць вылезьці сухім з вады, тым больш, што рускі ураднік таго часу глядзеў на закон, як сродак нелегальнага заработку. Ня тое было з беларусам, каторы ў сваёй масе быў земляробам ці чорнарабочым, толькі зрэдка падымаючыся да дробна-памеснай, фальварковай шляхты. Яго русыфікацыя зацёрла, прыгняла і пазбавіла ўсякага ходу. Ня было чым адкупіцца ад наскокаў панасыланых з Вялікарусі ураднікаў і ня было каму паскардзіцца. Тое самае было і з культураю. Моцная польская культура, каторая мела на чале шляхецкую інтэлігэнцыю, не баялася мураўёўскай, даволі прымітыўнай русіфікацыі. Беларуская-ж культура, каторую гналі з канца XVII ст. і каторая была прадстаўлена амаль што аднымі сялянамі і чорнарабочымі, перажыла, дзякуючы ударам русыфікацыі, цяжкі крызіс і вялікі заняпад. Рускі урад мерыўся ўдарыць па кані, а замест таго ўдарыў па аглоблях.

Што гэта так, мы бачым з разгляду пытаньня аб польскім земляўласьніцтве на Беларусі. Мы ведаем, што Мураўёў задаўся мэтаю зьнішчыць польскае земляўласьніцтва на Беларусі й замяніць яго рускім. Больш 1.500 польскіх маёнткаў было сэквэстравана ў казну. У 1864 і 1865 г. г. былі выдадзены законы, на аснове каторых паляком і яўрэям было забаронена купляць зямлю на Беларусі. Маёнткі, каторыя засталіся ў польскіх руках, былі павінны плаціць 10-проц. збор з іх даходу на надзвычайныя расходы па замірэньні краю, апроч таго, асобны збор на ўтрыманьне збройнай вясковай варты. Рускім урадам падтрымлівалася пакупка прыватнымі асобамі, рускімі і немцамі, сэквэстраваных польскіх маёнткаў, для якой мэты з рускага скарбу было адпушчана 5 мільёнаў рублёў. Шмат конфіскованых польскіх маёнткаў было дадзена ў нагароду тым рускім ураднікам і генэралам, каторыя выказалі асобныя заслугі пры ліквідацыі паўстаньня ці пацярпелі ад паўстанцаў. Ня гледзячы на ўсё гэта з польскім земляўласьніцтвам у краі урад так і ня справіўся. Яно засталося пануючым, ня гледзячы на ўсе мерапрыемствы політычнага і экономічнага характару. Шырака разьвінуўся звычай пакупкі маёнткаў на імя падстаўных асоб, так што ў 1885 годзе трэба было выдаваць асобны закон проці яго. Організоўваліся польскія крэдытавыя таварыствы для земляўласьнікаў і г. д. Перад намі скаргі рускіх дасьледчыкаў (П. Жуковіча, А. Ўладзімірава і др.), каторыя сьведчаць а бязьсільлі на Беларусі рускага земляўласьніцтва ў 60-я і 70-я гады. Асабліва плача над гэтым Уладзіміраў. Ён піша: «Рускае культурнае земляўласьніцтва ў краі пацярпела поўнае фіаско. Агромністая большасьць маёнткаў знаходзіцца ў польскіх і яўрэйскіх руках, а ў рускіх толькі нязначная меншасьць і пры гэтым ня з відам прочнай аселасьці і сур’ёзных заняцьцяў вясковаю гаспадаркаю, а з мэтаю спэкуляваньня землямі» (А. П. Владимиров. О русском землевладении в Северо-Западном крае. Москва, 1894, стр. 38). На думку аўтара гэта вельмі смутнае зьяўленьне, бо «Паўночна-Заходні край» (Беларусь) ёсьць адна з найлепшых краін Расійскай дзяржавы. Клімат тут вельмі добры, мяккі і здаровы. Глеба ў многіх мясцох вельмі пладавітая; нават і горшая глеба, дзякуючы вільготнасьці паветра, паўсюды здольна прымаць культуру. Вады многа, рэк, вазёр і лесу многа. На працягу майго жыцьця ў краі, тут ня было ніводнага неўраджаю. Збыт вясковых продуктаў лёгкі—у Пецярбург, Рыгу, Лібаву і ў Прусію. Шляхаў зносін мноства: залезная каляя рэжа край ува ўсе бакі; ёсьць каналы і судаходныя рэкі—Нёман, Дзьвіна, Прыпяць і Дняпро» (Там-жа, гл. стар. 21-22). Калі дадаць сюды шосэйныя шляхі і добрыя грунтавыя гасьцінцы, то на Беларусі пэўна рай. Адна бяда, на думку аўтара, у гэтым раі ня можа сесьці на карк беларускага селяніна, замест старога прыгоншчыка, польскага пана, новы прыгоншчык, пан «истинно-русского» пахаджэньня.

Дастойным супрацоўнікам Мураўёва па русыфікацыі быў І. П. Карнілаў. У 1864 годзе з пасады памочніка папячыцеля Пецярбурскае вучэбнае вакругі ён, па прадстаўленьню Мураўёва, быў назначан папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у склад каторае ўваходзіла Беларусь і Літва. Мураўёў, як прадстаўнік адміністрацыйнай улады, забясьпечваў найчасьцей інтарэсы бягучага моманту; Карнілаў, як прадстаўнік рускай навукі і як кіраўнік тагачаснай адукацыі і выхаваньня на Беларусі, павінен быў забясьпечваць будучыну русыфікацыі. Агульныя асноўныя прынцыпы русіфікацыі—праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць—зрабіліся асноўнымі прынцыпамі і школы. Школа, каторая паступова пападае пад лепшы дагляд і кантроль рускай улады, атручвае гэтымі прынцыпамі беларускую моладзь і гатовіць новых русыфікатараў ужо мясцовага пахаджэньня.

Самаю моцнаю і пэўнаю атрутаю, катораю найбольш карысталіся і на якую найбольш зьвярталі ўвагу русіфікатары-працаўнікі акругі— была праваслаўная рэлігія. І тут яны ішлі звычайным шляхам мураўёўшчыны, каторая тое самае рабіла ў адміністрацыйнай часьці. У васнову выхаваньня і навучаньня ў школе кладзецца праваслаўе, і з ім ужо зьвязваецца, на яго ўжо апіраецца і руская народнасьць: каталік—значыць паляк, праваслаўны—значыць рускі. Такім спосабам, зусім выкасоўваецца беларус; ён лічыцца за паляка, калі ён каталік, і за рускага, калі ён праваслаўны. Школа ўсімі выхаваўчымі сродкамі стараецца прышчапляць вучням нецярпімасьць да другіх вер і нацый, каторых так многа на Беларусі. Вучням прышчапляецца думка, што запраўднай на Беларусі зьяўляецца толькі праваслаўная вера, каторая робіць беларуса праўдзівым рускім чалавекам; апроч таго, яна, змагаючыся з каталіцтвам, каторае спуталася з паўстаньнем і паўстанцамі, робіць беларуса шчырым прыхільнікам рускага самаўладзтва. Тую ролю, якая была ўскладзена вучэбнай акругай на праваслаўную рэлігію ў школе, добра вызначыў сам Карнілаў у сваёй гадавой справаздачы за 1868 год. Ён там піша так: «Калі наогул вельмі важна, каб праваслаўная моладзь выхоўвалася ў пачуцьцях павагі і прыхільнасьці да правіл сваёй веры, то ў Заходнім Краі, дзе праваслаўная царква так доўга была прыніжана і прыгнечана і дзе праваслаўная барацьба з лацінствам яшчэ ня скончана, такое запатрабаваньне робіцца прадметам важнай канечнасьці. Праваслаўная царква зьяўляецца тут адвечным абаронцам рускага духу, надзейнаю апораю проці дамаганьняў лацінства і полёнізму і моцным зьвяном, каторае зьвязвае край з цэнтральнай Расіяй». Выходзіць, што беларускую моладзь затым трэба выхоўваць у правілах праваслаўнае царквы, што ў гэтай царкве «русский дух и Русью пахнет», што яна зьвязвае з рускім цэнтрам і што яна ўрэшце вучыць змагацца з каталіцызмам і полёнізмам.

У сувязі з вышэйсказаным, галоўным кіраўніком рускай праваслаўнай школы на Беларусі павінен быць праваслаўны сьвяшчэньнік. Што датычыць да настаўніка, хоць ён і грае і другую ролю, тым ня менш і ён павінен быць ня толькі праваслаўным, але й рускім. Настаўнікі-палякі выганяюцца са школ; разам з імі выганяюцца і настаўнікі-беларусы каталіцкага вызнаньня, бо яны, як каталікі, лічацца за палякоў. Бяруцца пад сумненьне і праваслаўныя беларусы, як мясцовы элемэнт, праваслаўе каторага вельмі часта вышла з вуніяцтва. Сьвяшчэньніку, калі ён беспасрэдна не зьяўляецца загадчыкам і настаўнікам школы, даецца права быць наглядчыкам за школаю. Апроч таго, у кожным выпадку, ён павінен навучаць правілам веры і сьвяшчэннай гісторыі, каторыя прызнаны асноўнымі прадметамі школы. Як у сярэднія вякі у Заходняй Эўропе, усе іншыя навукі былі пастаўлены ў служэбную залежнасьць ад веры. Адказным за «дух» школы зьяўляецца сьвяшчэньнік; ён даглядае за політычнай пэўнасьцю настаўніка ў адносінах да праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці. Доля настаўніка пры такіх умовах жыцьця знаходзіцца ў руках яго духоўнага айца. Нават зусім пэўны ў політычных адносінах настаўнік можа згубіць месца, мець іншыя няпрыемнасьці, нават папасьці пад нагляд поліцыі, кал ён асабіста не спадабаўся духоўнаму айцу. Асабліва, напр., пацярпелі проста безгалосыя настаўнікі толькі за тое, што не маглі самі сьпяваць на прыпасе і вучыць гэтаму вучняў, ці проста басам чытаць на набажэнстве «апостала».

Пры такой пастаноўцы выхаваньня і навучаньня моладзі мясцовых праваслаўных сьвяшчэньнікаў і настаўнікаў не хапала. Тым больш, што тыя з іх, каторыя раней былі вуніятамі, былі ўзяты пад падазроннасьць і лічыліся неадпаведнымі для русіфікацыі. Тады пачынаюць выклікаць сьвяшчэньнікаў і настаўнікаў з цэнтральнай Расіі. Зразумела, што за «так-сабе» ніхто ня кіне наседжанага месца,—тым больш, што трэба ехаць у край, каторы нашумеў паўстаньнем. Прышлося вабіць русіфікатараў на Беларусь экономічнымі выгодамі. Для гэтай мэты былі асыгнаваны грошы, каб да звычайнай пэнсыі русіфікатараў дадаваць нейкую спэцыяльную суму «за обрусение края». Дзякуючы гэтаму дадатку, пэнсія для асоб, што прыяжджалі на Беларусь для русыфікацыі, павялічваецца ў 1½ разы. Падарожныя грошы асобам, выкліканым на Беларусь з Расіі, павялічаны, параўнальна з звычайнымі падарожнымі, у два разы. Калі прыняць пад увагу дальнасьць пераездаў, то ясна, што яны складалі даволі прыкметную велічыню. Апроч таго, каб прыехаўшы з Расіі «культуртрегер» мог лепш абсесьціся на новым месцы, яму выдавалася, без залічэньня на рахунак, паўгадавая пэнсія. Разам з сьвяшчэньнікамі і настаўнікамі выклікаюцца з устаноў цэнтральнай Расіі і ўраднікі як на вышэйшыя, так і на звычайныя пасады. Беларусь сьпешна нагружаецца вялікарускімі бюракратамі ўсіх рангаў і тыпаў, каторыя ў большасьці зьяўляюцца адбросамі Расіі.

Не здавальняючыся офіцыяльнымі запрашэньнямі ўлады, Карнілаў піша прыватныя лісты да архірэяў, грамадзкіх і навуковых дзеячоў Расіі, каб яны па сваёй добрай ахвоце агітавалі і пропагандавалі сярод вучнёўскай моладзі наконт яе прыезду на Беларусь і ў Польшчу. Друкуюцца адпаведныя абвесткі ў мясцовых і расійскіх газэтах. На рускіх пісьменьнікаў і дзеячоў правага лягеру, асабліва на славянафілаў, гэтыя прызывы зрабілі ўражаньне. Яны пачынаюць прапаведваць «крыжовы паход» на «заходнія вобласьці» Расіі ў імя русіфікацыі гэтых краін. Вось перад намі артыкул І. Аксакава пад назваю «Что такое полонизм?», зьмешчаны ў газэце «День». Там мы чытаем такое месца: «У газэтах бесьперастанку друкуецца пропозыцыя ад ураду да рускіх з вялікарускіх губэрань, каб яны занялі пасады міравых пасрэднікаў і некаторыя іншыя ў нашых заходніх вобласьцях. Няхай-жа чэсная адукаваная моладзь, скончыўшы навуку ў унівэрсытэце, пакіруецца ў Заходні край з сваімі сьвежымі, бадзёрымі сіламі і зьявіцца там місыёнэрамі рускай народнасьці» (С. Шолкович. Сборник статей, раз’ясняющих польское дело в Зап. России. Вильна. 1885 г. Вып. 2, стр. 337). «Крыжовы паход» на Беларусь адбыўся. Трэба толькі сказаць, што ў ім прыняла удзел ня столькі «чэсная», колькі кар'ерыстычна-настроеная моладзь.

Каб павялічыць лік настаўнікаў, каторыя-б адпавядалі урадавай політыцы як на акраінах, так і ў цэнтры, у 1864 годзе было прынята «палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях». У гэтым-жа годзе Ў Маладзечне закладаецца першая наагул у Расіі настаўніцкая сэмінарыя. Статут сэмінарыі прасякнуты звычайнымі для таго часу прынцыпамі— праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці. Былі падабраны адпаведныя духу уставу пэдагогі, найбольш з скончыўшых духоўныя школы. Сэмінарыі адпушчаюць сродкі для вучнёўскіх стыпэндый, каб прыцягнуць да навукі бедных мясцовых юнакоў, замацаваць іх за школай і перарабіць на працягу 3-4 -год «в истинно-русских людей». І трэба зазначыць, што сэмінарыі з пасьпехам выконвалі ўскладзенае на іх рускім урадамі заданьне. Яны тварылі і выпускалі ў сьвет новую, выйшаўшую найчасьцей з сялянства інтэлігэнцыю, каторая адрывалася ад працоўных беларускіх мас і прыставала да тэй інтэлігэнцыі і бюрократыі, каторая была выклікана з Вялікарусі. На першым месцы сэмінарскае праграмы стаяў «закон божы». Рэдкая сэмінарыя ня мела сва ёй уласнай дамовай царквы, каб рабіць на сваіх выхаванцаў рэлігійны праваслаўны ўплыў. У сэмінарыях вучылася руская патрыотычна- самаўладная гісторыя і літаратура, прыродныя навукі «у згодзе са сьвятым пісаньнем», пэдагогіка і г. д. Вучням прышчэпліваліся ідэі вялікарускай вялікадзяржаўнасьці і шовінізму, культываваўся погляд на нярускіх, як на інародцаў, асабліва цьвіло юдафобства. Магчымая беларуская мова вучняў была абвешчана някультурнай мужыцкай мовай, каторую трэба выганяць з ужытку. Ішлі заўсёдныя сыстэматычныя зьдзекі над мовай, манерамі і вопраткай вучняў. Яны, закупленыя скарбовай стыпэндыяй, усё цярпелі, каб ня быць выкінутымі на вуліцу, паступова здаваліся і перарабляліся на новы капыл.

Праз дзесяць год (1872 г.), адначасна з палажэньнем аб гарадзкіх вучылішчах, утвараюцца як-бы вышэйшыя настаўніцкія сэмінарыі пад назваю настаўніцкіх інстытутаў, для падгатоўкі настаўнікаў гарадзкіх вучылішч. Курс навучаньня трохгадовы. Для Віленскае акругі засноўваюцца ў Вільні два інстытуты: раней хрысьціянскі для праваслаўных і потым яўрэйскі. Па духу гэта—тыя самыя сэмінарыі, толькі павышанага тыпу. З інстытутаў- выходзілі больш кваліфікаваныя і больш заўзятыя русыфікатары.

Для ўсіх школ прысылаюцца з Расіі новыя падручнікі адпаведнага характару. Пры школах утвараюцца бібліотэкі, складзеныя з кніжак таго-ж самага кірунку. Пры некаторых вясковых школах гэтыя бібліотэкі прыстасованы для абслужваньня ня толькі вучняў, але й наогул жыхарства. У бібліотэках быў вялікі аддзел кніг рэлігійна-патрыотычных. Перад кожнай лекцыяй і перад усімі наогул раніцай уводзіцца чытаньне праваслаўных малітваў, ня гледзячы на тое, што і вучні і настаўнікі належалі да другіх мясцовых вер. Школа перарабляецца як-бы ў «ваінствуючы аддзел царквы». «Каб школа зрабілася рускай, яна павінна была перабудавацца ў свайго роду «ecclesia militans» ня толькі з характару абароны, але й наступу. З гэтаю мэтаю ўжо граф Увараў (прадмесьнік Карнілава) ускладаў на рускіх настаўнікаў у школах Паўночна-Заходняга краю абавязак ня толькі абаронцаў, але й місіянэраў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці» (А. М. Миловидов. Памяти И. П. Корнилова, 1911 г., стр. 16). Такім спосабам, пасілкамі Карнілава і яго супрацоўнікаў на Беларусі ўтвараецца школа ваяўніцкага рэтроградзтва, школа чужая для побыту і шкадлівая для інтарэсаў працоўных мас нашага краю.

Урадаваю моваю на Беларусі абвяшчаецца выключна руская мова. Раней на працягу соцень год працоўныя нізы краю ламаліся пад польскую мову й культуру, цяпер яны ламаюцца ў другі бок,—пад рускую мову й культуру. Зразумела, што і тут найбольш пацярпела сялянская і рабочая беларуская частка насельніцтва краю. Заможнай поль скай, беларускай шляхце, каторая магла наняць для сваіх дзяцей настаўнікаў і мела грошы, каб аддаць дзяцей у рускія школы, нішто не перашкаджала навучыцца рускай мове. Разам з беларускай беднатой, пацярпела і польская бедната краю, бо яна таксама ня мела сродкаў, каб наўчыцца рускай мове.

У 1867 годзе выдаецца спэцыяльны загад, на аснове каторага забараняецца друкаваць кніжкі ў беларускай мове. Трудна разабраць, якія меркаваньні кіравалі політычным розумам рускай бюрократыі, калі яна выдавала гэты загад. У часы паўстаньня выдавалася проціўрадавая літаратура ў беларускай мове. Але ў беларускай мове друкавалася літаратура і проціпаўстаньніцкая. Апроч таго, мы ведаем, што проціўрадавая літаратура друкавалася і ў другіх мовах, у тым ліку ў польскай і рускай мовах. Тады, выходзіць, трэба было-б забараніць друк у польскай і рускай мовах. Калі ўжо быць лёгічным і карыстацца спробаю паўстаньня, то урад павінен быў-бы разьвінуць шырока офіцыяльна патрыотычнае выдавецтва ў беларускай мове, г. зн. паступіць якраз наадварот таму, як паступіў ён, забараніўшы зусім друк у беларускай мове. Так ці йначай, але вынікі ад загаду былі вельмі шкадлівыя для Беларусі. Беларускае слова на некалькі дзесяткаў год, аж да часоў рэволюцыі 1905 году, было заціснула ў вузкія рамкі рукапісу. А калі часам яно абманнымі спосабамі пападала ў друк, то гэта былі толькі вельмі рэдкія здарэньні.

Што да вяліла рускага грамадзянства, то там, пры дапамозе офіцыяльнай прэсы, упарта пашыраецца погляд, што Беларусь ёсьць край «искони русский», прычым слова «русский» разумеецца ў вузкім сэнсе— вялікарускі. Паводле гэтай тэорыі, беларусы нічым ня розьняцца ад вялікарусаў і ня маюць ніякіх бытавых і культурных асаблівасьцяй. Ідзе націск на беларусаў-католікаў, каб іх зрабіць праваслаўнымі, бо калі яны будуць каталікамі, то пераробяцца на палякаў, а калі стануць праваслаўнымі, то зноў зробяцца «искони русскими людьми». На захадзе імпэрыі ўтварылася атрутная атмосфэра барацьбы польскага і рускага нацыяналізму, праваслаўнага і каталіцкага клерыкалізму. У гэтую атмосфэру папала Беларусь з яе рознанацыянальным і рознарэлігійным насяленьнем. Вынікі былі дрэнныя. Край атручваўся нацыянальнай і рэлігійнай атрутаю. Нацыянальныя меншасьці прыгняталіся і глыбока хварэлі нацыянальна-рэлігійнаю хваробаю, паратунак ад каторай дала толькі сучасная нам соцыяльная рэволюцыя.