Перайсці да зместу

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця (1928)/Нашаніўскае адраджэнства

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Міжрэволюцыйныя часы 1905—1917 г.г. Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Нашаніўскае адраджэнства
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Лютаўская рэволюцыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нашаніўскае адраджэнства.

Перадрэволюцыйныя часы і рэволюцыя 1905 году, хоць і прыпыненая на нейкі час царскім урадам, паднялі і ўскалыхнулі працоўныя гушчы народу як ува ўсёй Расіі, так і на Беларусі. Яны вышлі з рэволюцыі не такімі, якімі яны ўвашлі ў яе. Не гаворачы ўжо аб гарадзкім пролетару і рамесьніку, заварушылася і прачнулася ад векавечнага сну і беларуская вёска. Малазямельле і безьзямельле селяніна, побач з вялізарнымі панскімі маёнткамі, утваралі ў няпісьменнай вёсцы той моцны экономічны грунт, на каторым вясковая бедната лёгка і проста пераймала рэволюцыйныя ідэі і факты. Ня гледзячы на сваю нярухавасьць, беларускі селянін добра зразумеў, што такое рэволюцыя, для каго яна шкадлівая рэч і для каго яна зьяўляецца вельмі карыснаю.

Як у горадзе, так і ў вёсцы ў часы рэволюцыі было пастаўлена ў першую чаргу пытаньне аб політыка-соцыяльным вызваленьні пролетара і селяніна Беларусі. Але, поруч з гэтым пытаньнем, рэволюцыя паставіла і яшчэ пытаньне аб нацыянальным вызваленьні прыгнечаных царскім урадам яўрэя і беларуса. У горадзе стала на парадак дзённы яўрэйскае пытаньне, а на вёсцы—беларускае пытаньне.

Да пачатку XX ст. беларуская вёска ня мела інтэлігэнцыі, каторая была-б беспасрэдна зьвязана з інтарэсамі сялянства, інтарэсы беларускай вёскі дагэтуль абслугоўваліся інтэлігэнцыяй, якая вышла з шляхецкіх кол і якой трэба было для зразуменьня селяніна і яго многапакутнага жыцьця спускацца з гары ўніз. Народніцтва ранейшай эпохі было ў сваім корані народніцтвам шляхецтва, каторае вельмі часта ўжо было ў палажэньні розначынца. Цяпер пачнецца новы тып беларускага народніцтва. Справа ў тым, што рэволюцыя ўтварыла магчымасьць для выхаду ў сьвет новай інтэлігэнцыі, якая вырасла з глебы працоўнай вёскі.

Зьяўляюцца прадстаўнікі гэтай новай інтэлігэнцыі, сыны малазямельнай і безьзямельнай «засьцянковай шляхты», сялян і рамесьнікаў з мястэчка, уладары дум, песьняры—Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Максім Багдановіч і інш. Рэдакцыя адзінае беларускае газэты «Наша Ніва» робіцца тым асяродкам, наўкола якога ўсе яны гуртуюцца. Усе яны, як мы казалі раней, так ці іначай зьяўляюцца народнікамі і, як такія, яны па свайму сьветапогляду ёсьць ідэаліста і індывідуаліста. Выключэньне складае толькі рабочы, гарбар па рамяслу, Цішка Гартны. Як рабочага, яго цягне да сябе марксыэм з яго матар'ялістычным сьветапаглядам. Але ён у пачатку, як і другія песьняры, найчасьцей апісвае беларускую вёску, бо ён сам вышаў з сялянскай хаты. Праўда, яго з самага пачатку цікавіць ня толькі доля селяніна, але й доля вясковага пролетара.

Нашаніўская адраджэнцы, як вышаўшыя з працоўных беларускіх гушч, найчасьцей зьяўляюцца ці соцыялістымі, ці людзьмі вельмі блізкімі да соцыялізму. Соцыялізм нашаніўцаў-песьняроў цесна зьвязан з нацыянальным, нават нацыяналістычным настроем: гэта ёсьць нацыянал-соцыялізм. Такая ахварбоўка іх соцыялістычных поглядаў зразумела, калі мы ўспомнім, што Беларусь перажывала нацыянальны ўціск, што беларуская нацыя была «мужыцкай» нацыяй, беларуская мова—«мужыцкай» мовай. Пішуць яны выключна ў беларускай мове, абараняючы яе ад нападаў царызму і абруселай інтэлігэнцыі. Беларуская мова—іх матчына мова. Яна—мова тато прыгнечанага беларускага селяніна і чорнарабочага, якіх яны хочуць вучыць і абараняць.

Моцна зьвязаны нашаніўцы з сялянскаю Беларусьсю. Уся увага іх зьвернуты на сваю родную маці-старонку. Яны моцна любяць яе і за ёю ня бачаць хараства ў чужых краёх. Ёсьць бацькаўшчына і ёсьць «чужая старонка», і яны зусім не падобны адна на другую ў вачох песьняроў. Чужая старонка, куды папаў пясьняр, гняце яго душу, губіць яго здароўе і спакой; яна—нялюбая, вочы песьняра ня хочуць глядзець на яе. На чужой старонцы і птушачкі не сьпяшаюць, і лета там здаецца песьняру, як зіма. «На чужой староначцы ня шумяць лясы, і няма прыгожасьці ў палявой красы; замірае душачка на чужой зямлі» (А. Гарун). Зусім ня так на бацькаўшчыне. Усё там сьпявае голасна, бадрыць і падымае настрой песьняра. «Дзе-ж вы, ніўкі родныя і дубровы шум? Засьпявайце голасна, каб пазнаў, пачуў. Ўскаланеце песьняю векавечных сноў, ўскаланеце душачку, ўскаланеце кроў!» (А Гарун. «Песьня»). Але калі песьняры прыглядаюцца да свайго роднага краю безадносна, не раўнуючы яго з чужой старонкаю, то «маці-Беларусь» ужо іначай апісваецца імі. Гэта—край пануры, у ім жыве люд забіты, бедны і шэры (А. Гарун. «Чаму з маленства»). Але, ня гледзячы на цяжкае палажэньне роднага краю, песьняры любяць яго моцна і шчыра, любяць толькі за тое, што ён ня чужы, а родны край. «Край лясоў і балот, і туманаў гнілых! Хоць і бедна ў табе, і ў лозах тваіх вецер ў восень жудою шуміць... А люблю-ж я той край, бы яго родны сын, і па ім маё сэрца баліць» (Я. Колас. «Палесьсе»).

Цяжкае ўражаньне робяць на чытача малюнкі Беларусі, напісаныя рукою і сэрцам песьняроў-нашаніўцаў, прыдушаных і прыгнечаных цяжарам міжрэволюцыйнай рэакцыі. Няма сілы, няма веры, няма сонца і ясных дзён. Беларусь у іх песьнях — гэта зусім бедны край. Толькі відна кругом, што «гразь, балота ды пясок». «Туманы, як пялёнка, засьцілаюць лес і гай... Ой, ты, бедная старонка! Ой, забыты богам край!» Поле на Беларусі не дае добрых ураджаяў. Шмат працы кладзе над ім беларускі селянін, але жыве бедна. Па краі параскіданы бедныя, нудныя вёскі, якія смутна пазіраюць наўкол сябе. Пануе нейкая ціша, як у вастрозе, як на могілках. Цішу часам будзіць песьня народу, але гэтая песьня не нясе бодрасьці і радасьці. «А як песьня панясецца, колькі ў песьні той нуды. Уцякаў-бы, бег, здаецца, сам ня ведаеш куды». Край—сірата, яму долю дала ня маці, а мачыха. «Край наш родны! Бедна поле! Ты глядзіш, як сірата. Нудны ты, як наша доля, як ты, наша цемната» (Я. Колас. «Наш родны край»). Над краем, уздоўж Нёмна—сына Беларусі, вісьне скарга на цяжкую долю, на беднасьць, на цемнату. Не протэст, а скарга. Усё спавіта векавечным горам у гэтым краі: «І той вецер, што дзьме з гаю, што шуміць над борам; тая песьня, што на полі жнеі засьпяваюць; тыя думкі, што да болю сэрца палыхаюць». Зразумела, чаму Беларускі край родзіць песьні смутку, каторыя разьліваюцца плачам у сіняй далі. Яны сьпяваюцца для таго, «каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца» (Я. Колас. «Родныя Песьні»), Гоні-загоны пакрыўджанай Беларусі жаляцца сьвету сваёй руньню зялёнай і сваім коласам сьпелым. Няма сілы! Незавідны народ! «Спавітыя плесьняю вёскі між пустак заселі бясьсільна, утуліўшыся ў цені бярозкі на вечным кургане бадыльным. А люд... ён сагнуўшыся ходзіць пад ношай зьнямогі-пакуты і, роячы сны аб свабодзе, з дня ў дзень сам сабе куе путы. Так сьпіш, так жывеш мімаходам, мой край, як сьцяпная магіла, з сваім незавідным народам, з патухлай і славай, і сілай» (Я. Купала. «Мой край»).

Цяжка на Беларусі жыць беларусу-селяніну, але не лягчэй жыць і таму, хто паставіў сабе за мэту стаць на яго абарону, даць яму асьвету, навучыць яго разумець свае правы працоўнага чалавека. Усякая абарона праў працоўнага люду моцна караецца нядрэмлючым вокам царскай рэакцыі. Абаронца сялянскай Беларусі вырвуць з яго сумнага, беднага, але любага яму, роднага яму краю, пасадзяць у цёмныя, цесныя муры турмы ці выганяць бадзяцца па далёкай халоднай Сібіры (А. Гарун, Я Лёсік і інш.). Зразумела, што любоў нашаніўцаў да бацькаўшчыны, неразрыўна зьвязаная з мучаніцтвам, ёсьць любоў балючая, як-бы хваравітая. Пры такім пачуцьці цяжка, нават ня можна сьпяваць яскрава-вясёлыя песьні. Вельмі зацяжкія абставіны для такіх песень. «Ня пытайце, не прасеце сьветлых песень у мяне, бо як песьню за сьпяваю, жаль ўсю душу скалыхне. Я-б сьмяяўся, жартаваў-бы, каб вас чуць разьвесяліць, ды на жыцьце як паглянеш, сэрца болем зашчыміць» (Я. Колас. «Ня пытайце»).

Не знаходзячы ўцехі ў сучасным стане Беларусі, песьняры-нашаніўцы часта шукаюць яе ў мінулым Беларусі. Мінулае дзеля таго, што далёка ад нас, часта маніць чалавека. Здаецца песьняром, што калісь на Беларусі было лепш, чымся цяпер. І вось перад намі праходзяць творы, дзе ідэалізуецца старажытная гісторыя Беларусі, дзе мінулае ахварбоўваецца ў ружовы романтычны тон. Няма сіл у адраджэнцаў, каб даць яскравы малюнак будучай шчасьлівай, вольнай Беларусі, бо няма моцнай, як загаргованая сталь, веры ў яе, бо рэакцыя прыдушыла іх, бо рэакцыя падрэзвала магутныя крылы іх пясьнярскай фантазіі. А калі і так, то што павінен рабіць пясьняр? Ён павінен знайсьці ўцеху ў мінулым.

Калісь Беларусь была зусім не такою як цяпер; зусім не такім, як цяпер, быў і беларус. Вольна, шчасьліва і радасна жылося на Беларусі. Яна была магутнай і слаўнай старонкаю. «У старыну беларус, непадданы, гаспадарыў, быў сам над сабою, і далёка у сьвеце быў знаны за Літоўскай і Ляскай зямлёю. Але час прамінуў, і нядоля на народ, як-бы камень, звалілась, беларуская слава і воля адышла, адцьвіла, закацілась». Усе, хто хацеў, прыяжджалі на Беларусь, зьневажалі правы яе жыхарства і рабавалі яго маетнасьць. «І зямлю, і лясы, і кілімы—ўсё забралі» (А. Гарун. «У чатырохлецьце «Нашай Нівы»), Тое самае гаворыць чулай душы песьняра і стары вольны Нёман у час непагоды, калі «вербы і вольхі калышуцца глуха, сінія хвалі шумяць і бурляць». Нёман кажа, што яму сумна цяпер, бо калісь ён бачыў лепшыя часы і сам меў не такі жабрачы выгляд. Край шмат весялей глядзеў на сьвет, чуліся інакшыя песьні і казкі. На Беларускай зямлі шчасьце цьвіло, як макавы цьвет. «Буйным жыцьцём усё чыста кіпела, слава далёка за мора ішла». Патаптаны цяпер народ быў панам у сябе дома і слаўным за домам, ен умеў даць кніжны ход роднаму слову. «З вольнай дружынаю князь на пасадзе вольнаму люду законы пісаў; слухалі князя, а князь што ня ўладзіў, слухаў, што веча яму звон казаў» (Я. Купала. «Над Нёманам»). Але гісторыя кажа, што зусім ня так добра жылося на Беларусі тым працоўным масам, якія складалі пераважную большасьць народу і якія ў летапісі носяць назву «меншых» ці «подлых» людзей. А што датычыць да «вольнага князя», то тут нам нават і дадаваць нічога ня трэба. Які-б ён ні быў князь, ён усё-ж такі быў князь, якога вольнасьць была няволяю для працоўных беларускіх нізоў.

Але трэба сказаць, што і мінулае далёка не заўсёды дае наша ніўцам магчымасьць уцешыцца. У мінуты, калі гістарычныя дакумэнты ляжалі перад іх вачыма, яны правільна адчувалі мінулае і бачылі, што ў мінулым Беларусі было шмат бяды для тых сялянскіх мас, на абарону якіх выступілі нашаніўцы. Прыгон, зьдзек над селянінам не маглі прайсьці няпрыкмечанымі перад зоркімі вачыма песьняроў-адраджэнцаў. Багаты, залаты, памастацку зроблены слуцкі пояс, сатканы на пэрсыдзкі ўзор, але з беларускім радзімым васільком, дае повад песьняру Максіму Багдановічу напісаць добра вядомы верш «Слуцкія ткачыхі». Залаты пояс будзіць у песьняра думкі не аб багатым і слаўным мінулым Беларусі, а аб цяжкім панскім прыгоне. «Ад родных ніў, ад роднай хаты, у панскі двор дзеля красы, яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы». Яны—гэта беларускія дзяўчаты-сялянкі. Забыўшы радасьць дзявочых сноў, у цяжкай няволі панскага прыгону, пад даглядам панскага вока, ткуць яны на ўзор, прывезены з далёкай Пэрсыі, шырокія парчовыя тканіны. Не на сябе працуюць яны. Ня ім і не вясковым хлопцам насіць залатыя тканіны. А за сьцяною прырода сьвяткуе сваё вясёлае сьвята: зьзяе ў вышыні неба, сьмяецца поле, серабрыцца сярод узгоркаў рэчка, цямнее далёкі бор, сонца залоціць хвалі збожжа, сярод яго міла сінеюць кветкі беларускай вёскі, васількі. Вочы дзяўчат мімаволі спыняюцца на гэтай роднай, прыгожай кветцы. «І тчэ, забыўшыся рука, замест пэрсыдзкага узору, цьвяток радзімы васілька». Хто ведае? можа за гэтую «поэтычную вольнасьць» прыгоннай дзяўчыны-ткачыхі яе чакае бізун на панскай стайні, бо яна сапсавала прывозны ўзор.

Часамі горкі боль поўнага адчаю абхапляе сэрца песьняроў-адраджэнцаў. Ня было долі ў мінулым, няма яе і ў сучаснасьці і ня шукайце яе ў будучыне. «На жыцьцё як паглянеш, сэрца болем зашчыміць. Нешчасьліва наша доля, нам нічога не дала. Ня шукайце кветак ў полі, як вясна к нам ня прышла» (Я. Колас. «Ня пытайце»).

Прыгнечана Беларусь, прыгнечана і мова беларуская, мова адраджэнцаў-нашаніўцаў і мова таго народу, з якога яны вышлі. Ідзе зьдзек над ёю, бо яна прызнаецца некультурнаю «мужыцкаю» мовай. Нашаніўцы, усе як адзін, выступілі на абарону гэтай «мужыцкай», а разам з тым і сваёй уласнай мовы. Уціск і зьдзек над беларускаю моваю з боку царызму і пануючых на Беларусі кляс абвастрылі пытаньне і зрабілі яго вельмі балючым. Яшчэ Багушэвіч стаў на яе абарону, заклікаючы сыноў сваёй роднай зямелькі бараніць мову беларускую, каб не памёр народ беларускі. Таксама ставяць пытаньне аб мове і нашаніўцы. Трэба выратаваць ад сьмерці беларускі, «мужыцкі» народ, а для гэтага трэба выратаваць ад заняпаду беларускую «мужыцкую» мову. Часам утвараецца такое ўражаньне, што не народ творыць мову, а, наадварот, мова творыць народ. З вялікім пад'ёмам і болем у сэрцы зварачаюцца песьняры да «брата-беларуса», каб ён «роднай мовы сваёй ня цураўся». «Ад дзядоў і ад прадзедаў, брацьця, гэта скарб нам адзін захаваўся, у сялянскай аграбленай хаце, толькі ён незабраны астаўся» (А. Гарун. «Ты мой брат»). Беларушчыну энэргічна абараняе ад ворагаў і Я. Купала ў сваім добра вядомым вершы «Ворагам беларушчыны». Беларус гаворыць сваёй мовай—чужой ён ня краў. Калі ворагі зьдзекуюцца над «мужыцкай» мовай, то гэта затым, што яны баяцца яе. Дарэмна іх лаянка і зьдзек. «Не пагасіць вам праўды яснай: жыў беларус і будзе жыць».

Нацыянальнае беларускае пытаньне ў творах нашаніўцаў само сабой злучаецца з соцыялыным «мужыцкім» пытаньнем. Беларусь—мужыцкая старонка, беларус у масе—селянін. Вузенькая палоска, крывая хатка, садочак каля яе,—усё гэта тыповыя рысы Беларусі. Па жыцьцёвым шляху ваграмністаю грамадою ідуць беларусы. Абутыя ў мужыцкія лапці, нясуць яны на паказ на цэлы сьвет сваю векавечную крыўду. Гора падняло іх на ногі, і хочуць яны ня так ужо многа: хочуць яны цяпер «людзьмі звацца». Сытыя і адзетыя павінны пашкадаваць мужыка-бедака, бо ён галодны, халодны, цёмны і няшчасны. Ён цэлы сьвет хлебам корміць, а сам есьць мякіначху. Працуе ён зімой— цягне дровы ў Менск. Вясна настала—хлеба няма. «Працуй цяжка дні і ночы, пагарду цярпі. Сказаў праўду, дзяруць вочы—вось тут і жыві» (Я. Купала). Мужык-беларус сушыць балоты, за бясцэн косіць панскія лугі, рые, як крот, зямлю, будуе фабрыкі і масты, але сам—«голы як бац». Яго мочыць раса, пячэ сонца. На зямлю ён праліў шмат поту і сьлёз. Няма ў яго цяжкім жыцьці і адпачынку. Толькі ў магіле адпачынак. «Могілкі ў полі адны-адзінюткі. Праслы гнілыя на землю ляглі Крыж пахінуўся, як кветка у боры. Многа іх, многа ляжыць на зямлі. Кучка бярозак, вярба ды хваінка. Вецер разьвеяў іх, дождж спаласкаў. Вось дзе ад гора мужык адпачыне, вось дзе ён думкі і сьлёзы схаваў» (Я. Колас).

У нашаніўскім адраджэнстве знаходзіць сабе месца і беларускі пролетары. Дробная сялянская гаспадарка, ратуючы сябе ад яшчэ большага раздрабленьня, выкідвае на вуліцу лішнія рукі. Такім спосабам вынікае пролетары, выкінуты вёскай з гаспадаркі, Ён ужо ня мае ўласнай хаты з садочкам, ня мае ён нават вузенькага шнурочку зямлі. З голымі мазолістымі рукамі выходзіць на шлях жыцьця гэты будучы правадыр сялянства на шляху соцыяльнай рэволюцыі. Песьняром беларускага пролетара зьяўляецца Цішка Гартны (З. Жылуновіч). Яго пролетары—«рыцар працы цяжкой», каторы здружыўся з ёю і загартован ёю. «Я здружыўся з трудом, я ў ім рос, я ў ім крэп. Запрацованы хлеб люблю мець за сталом. Не хачу, ня прывык, склаўшы рукі, хадзіць: я—гарбар-працаўнік, я жыву, каб рабіць» (Ц. Гартны. «Песьні гарбара»).

Але ня так лёгка знайсьці пролетару працу на Беларусі, каторая ня мае моцна разьвітае прамысловасьці. У халодны дажджлівы дзень галодны гарбзр «шпаламі клыпае». Ён ужо прытаміўся, баляць косьці, жывот просіць хлеба, каторага няма. Ён ідзе ад хаты да хаты і просіць работы, каб зарабіць хлеба. З хат яму гукаюць, што працы няма, і гарбар ідзе далей. «З гораду ў горад блукае, клыпае. Ганіць яго холад, голад падганяе». Гора ідзе за ім сьледам, «каб ён не дабіўся сабе лепшай долі, шчасьця не дажыўся навекі, ніколі» (Ц. Гартны. «Гарбар на вандроўцы»).

Цяжкая рэакцыя адбілася і на настроі Ц. Гартнага. Бязвыхаднасьць і адчай часам запаўняюць сэрца і гэтага песьняра. Вось перад намі беларус-грабар, каторы ўсё жыцьцё сваё, як крот, капае зямлю. Ён капае зямлю не як селянін. Ня ўласны шнурочак зямлі ўзрывае ён, каб засеяць і зьняць ураджай. Яго навялі капаць зямлю для інтарэсаў чужога яму капіталу. Многа яе накапаў грабар. Многа свайго поту і крыві праліў ён на гэтую зямлю. Што-ж яму дала зямля? «О, дала яна мне, ой за працу дала. З калючковых расьлін мне вяночак спляла, з медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок, а дарогу жыцьця ухарошыла ў мрок, каб я шоў, як сьляпы, каб бяз конна ішоў, зямлю вечна капаў і дабра не знашоў» (Ц. Гартны. «Песьня грабара»).

Цяжкі, бязвыхадны настрой наогул нашаніўцаў, выкліканы цемрай міжрэволюцыйнай рэакцыі, часам усё-ж такі зьнікае і аддае сваё месца бодрым мотывам і настрою. Пад уплывам ужо ідучай рэволюцыйнай буры 1917 году часам прыходзіць і да іх вера ў лепшую будучыну. Ня можа быць, каб не насталі лепшыя часы. Асабліва часта спатыкаемся мы з такімі бодрымі мотывамі ў творах Ц. Гартнага. Ён кліча пролетараў і селяніна, каб яны не здаваліся, не апускалі рук, ня кідалі падзеі на лепшую будьгчыну. «Не здавайся, гарбар, ты за працай сваёй, і на шчасьце прыход не заплюшчвай вачэй. Песьню вольную пей у дыму, ў духаце, і надзея твая няхай кветкай цьвіце. Бо дзе сіла жыве, дзе работа кіпіць, там насеньне зярня лепшай долі ляжыць» (Ц. Гартны. «Песьні гарбара»). Часам песьняры ўжо адчуваюць у паветры нешта новае. Сярод цішы і смутку ўжо носіцца часам гарачае бурнае дыханьне няўхільнае рэволюцыі. І адраджэнцы сьпяваюць, што яны гатовы разам з ёю зламаць усе перашкоды старога жыцьця. «Чуйным ветрам вось-вось я гатоў зашугаць і сярдзітым віхром закруціць, па пуціне сваёй ўсе прашкоды зламаць і дарогу, як ток, пралажыць» (Ц. Гартны). Песьняры прадчуваюць рэволюцыю і прадказваюць яе блізкасьць. Кругом яшчэ спакой магільнай рэакцыі, але ўжо на небасхіле зьбіраюцца невялічкія хмаркі. Вось яны ўсё растуць і растуць, чорнымі клубамі пакрываюць толькі-што спакойнае неба. Будзе бура—«змоўклі ўсе вакруг абшары, бо замысьлілі штось хмары. Ой, знаць, бура загудзе» (Я. Колас. «Перад бурай»). Прадчуваючы буру рэволюцыі, песьняры клічуць працоўныя масы Беларусі ісьці наперад, да сонца, да зор лепшае будучыні. Праўда, бацьком дрэнна жылося, праўда, без пары ішлі яны ў цёмную магілу на адпачынак, але перад іх сынамі праясьняецца новы шлях і новая доля. «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца, рвецца на прастор! Годзі млеці ў паняверцы! Гэй, да сонца! Гэй, да зор!» (Я. Купала. «Гэй, наперад!»). Песьняром часам пачынае верыцца, што настануць калісь лепшыя часы для многапакутнай Беларусі. Ня можна пагасіць сьвету яснай праўды, ня можна запудзіць і зьбіць з толку жывых людзей, каторыя столькі бяды вынесьлі на карку ў сваім мінулым. Яны праб'юцца ўперад і даб’юцца лепшай долі. «К свабодзе, роўнасьці і знаньню мы працярэбім сабе сьлед! І будзе ўнукаў пакаваньне там, дзе сягоньня плача дзед» (Я. Купала. «Ворагам беларушчыны»).

Часам у поэзіі нашаніўцаў зычаць мотывы соцыяльнай барацьбы. Песьняры клічуць беднату ў рашучую соцыяльную бітву. Яснай зоркай ляціць пясьняр па небе, падае па-над дахам роднай вёскі ды кліча: «Гэй, хто ёсьць тут? Люд галодны, люд пакутны! Да мяне! Станьма, брацьця, ў шых паходны,—наша гора праміне». На прызыў песьняра падымаецца бедната і пойдзе ў астатні рашучы бой. «Устануць, рушаць. Прэч з дарогі! Хто нам хоча заступіць! Мы пашлі, мы,— люд убогі, усё ўзяць, ці ўсё згубіць» (А. Гарун. «Эх, сягоньня, ў гэту ночку»).

Прачуваюць часам адраджэнцы і размах будучае рэволюцыі. Гэта будзе глыбокая і шырокая рэволюцыя, каторая ўскалыхне да нізу працоўныя масы Беларусі і ўсяго сьвету. Шмат пральлецца крыві, бо, разам з рэволюцыяй, прыдзе і помста за векавечную сацыяльную крыўду. «На сьвет прыдзе многа бяды, бо за крыўду сваю адамсьціць. Сьвіньням будзе крыві не пабраць! Адамсьціць, аж зямля задрыжыць, аж віхры зашумяць, загудзяце» (Я- Купала. «Пажалей мужыка»).

Зашумелі віхры, загудзелі. Прышла на сьвет вялікая соцыяльная рэволюцыя. Частка беларускіх адраджэнцаў адразу пазнала яе і кінулася ў яе рэчышча на барацьбу за вызваленьне сацыяльнае і нацыянальнае ўсяго сьвету, а разам з тым і Беларусі. Другая частка, ня бачачы за клясава-інтэрнацыянальным яе зьместам зьместу нацыянальнага, яшчэ прыглядалася да яе на працягу некалькіх год. Цяпер і яна ўвашла ў яе рэчышча. Беларускі адраджэнчаскі рух зрабіўся аднэй з складаных частак сучаснага вялікага руху соцыяльнай рэволюцыі, каторая вызваляе пролетараў і сялян з аднаго боку і прыгнечаныя народы—з другога боку; каторая, змагаючыся наогул з капіталізмам, змагаецца разам з тым і з вышэйшаю яго формаю—імпэрыялізмам.