Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Ліквідацыя паўстаньня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўстаньне 1863 году Ліквідацыя паўстаньня
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Русіфікацыя на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ліквідацыя паўстаньня.

Паўстаньне 1863 году нарабіла шмат гоману. Аб ім гаварылі ў дыплёматычных колах, шмат пісалі ў замежных і расійскіх газэтах. Урадавыя колы былі скомпромітаваны тым, што яно так зацягнулася. Трэба было так ці йначай канчаць гэты «спор славян между собой». Для гэтай мэты быў вызначан для пасылкі на Беларусь «верный росс», тыповы рэакцыянэр-чыноўнік Міхал Мікалаевіч Мураўёў. Ён быў назначан у траўні 1863 году віленскім гэнэрал-губарнатарам з надзвычайнымі поўнамоцтвамі. Мы ведаем больш-менш кар’еру гэтага мікалаеўскага чыноўніка, насіцеля тагочасных дэвізаў: праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць. Гэтыя дэвізы данёс ён да 60-х гадоў. Захаваў ён і тактыч ныя прыёмы і спосабы мікалаеўскай эпохі: цяжкую руку і моцны кулак. Да 1835 году Мураўёў рабіў кар'еру на Беларусі, дзеля таго ён і быў прызначан рускім урадам за спасіцеля Беларусі ў момант паўстаньня 1863 году.

У сярэдзіне траўня 1863 году Мураўёў з вялікаю помпаю зьявіўся ў Вільню. Як мы бачылі, паўстаньне ў гэты час ужо пашло на зьмяншэньне, дзякуючы віднаму ўдзелу ў ім белых. Праўда, пасьля правалу белых, чырвоныя прыняліся папраўляць справу, але яны ня мелі ў патрэбным ліку экономічных сродкаў і, што важней, не маглі ўцягнуць у паўстаньне ўсю працоўную масу, адстрашаную ад паўстаньня белымі. Ясна, што цяпер задушыць паўстаньне было лёгка.

Пачалося, як і заўсёды, з звычайнага прыёму Мураўёвым галоўных чыноўнікаў гэнэрал-губарнатарства, шляхецкіх маршалкаў, духавенства, гандляроў, ваенных і інш., каторым новы гэнэрал-губарнатар урачыста абвясьціў свае прыёмы ўлады і заявіў, што ён з праціўнікамі рускага ураду жартаваць ня будзе. Свае словы новы начальнік пастараўся даказаць прыкладамі. Вось перад намі адпаведны вынятак з уласных запісак Мураўёва: «Паўстанцамі былі запоўнены ўсе турмы, але, на жаль, іх судовыя справы ня былі закончаны, нават і не пачаты. А аб тых асобах, над каторымі прыгаворы вайсковых судоў ужо адбыліся, ня было зроблена канчатковых канфірмацый, бо баяліся строгасьцю абураць паўстанцаў. Наадварот, жадаючы паказаць паляком, што урад наш іх не баіцца, я адразу заняўся разглядам прыгавораў аб больш важных праступках, не чакаючы, конфірмаваў іх і даў загад выканаць прыгаворы ў Вільні на гандлёвым пляцы, у поўдзень, з абвесткаю па ўсім горадзе з барабанным боем». (Русская Старина, т. 36, стр. 406). Адразу, каб застрашыць як паўстанцаў, так і мясцовае жыхарства, было шмат паўстанцаў павешана. Найраней з «барабанным боем» павесілі двух паўстанцаў-ксяндзоў, што навяло паніку на каталіцкае духавенства. Потым павесілі некалькіх начальнікаў паўстаньніцкіх атрадаў, а сярод іх ужо памянёнага намі раней ваяводу літоўскага Серакоўскага-Доленгу. Потым пачаліся «урачыстыя» кары сьмерцю рускіх афіцэраў, каторыя прымалі удзел у паўстаньні, звычайных паўстанцаў, тых, хто здаваўся падазроным і г. д. У вынясеньні сьмярот ных прыгавораў Мураўёў і яго верныя служкі давалі сабе поўную волю. Вешалі, як кажуць, направа і налева, вінных і нявінных у паўстаньні.

Быў павялічан нагляд за паветамі. На паветы і воласьці былі пакірованы ваенныя павятовыя начальнікі і ваенныя станавыя начальнікі, каторым былі нададзены надзвычайныя поўнамоцтвы. Мураўёўскім начальнікам павінны былі падлягаць усе мясцовыя ўлады і тыя часьці рускіх войск, каторыя стаялі ў паветах і валасьцёх. Быў організован адкрыты і патаемны нагляд за ўсімі нярускімі панамі і ксяндзамі, былі ўстаноўлены правілы, каторыя абмяжоўвалі магчымасьць іх пераезду з месца на месца. Дабраліся і да каталіцкага біскупа на Беларусі, каторага за спачуцьцё паўстанцам выслалі ў далёкую Пензу. Потым прыняліся за каталіцкія манастыры, некаторыя з якіх былі асяродкам паўстанцкага руху. Было зачынена больш як 30 манастыроў. Прычым, часта зачынялі і такія манастыры, каторыя ніякага дачыненьня да паўстаньня ня мелі. Па ўсіх паветах і станах былі дадаткова расстаўлены вайсковыя часьці, наўмысьля выкліканыя з цэнтральнай Расіі. Спэцыяльнымі цыркулярамі ад 28 траўня і 11 чэрвеня былі выданы для вайсковых часьцей загады: «Каб войскі не заставаліся бязвыхадна ў гарадох ці ў другіх пунктах паветаў, але бесьперастанку каб рухаліся па іх раёну, каб начальнікі атрадаў дзейнічалі рашуча для разьвіцьця паўстанцкіх груп і сачылі за імі па пятах не адступна і ўпарта, да поўнага расьсеяньня і зьнішчэньня, каб былі сформаваны асобныя атрады, каторыя заўсёды былі-б у руху» і г. д. Адным словам, павінна ўжывацца звычайная ваенная тактыка ў адносінах да партызанскіх груп. Новага тут нічога няма.

Рускія ваенныя сілы павінны былі карміцца мясцовым жыхарствам. На гэтым грунце вынікала шмат злачынства. Як і заўсёды, ад вайсковых пастояў цярпела сялянства. Паны мелі сродкі, каб адкупіцца, а бедната аддувалася за іх. А што гэта было так, мы бачым з запісак генэрала Мэера, каторы, бачачы злачынства ў гэтым кірунку, прапануе: «Трэба старацца, каб цяжар харчаваньня ня падаў на непавінных і бедных праваслаўных сялян. Нават цяпер войскі разьмешчаны па кватэрах у сялян, для каторых яны не падпора, а цяжар. Уласьнікі-ж маёнткаў, цераз смуты якіх трэба было ўвясьці ў край гэтыя войскі, не далі нават ніводнай афіцэрскай кватэры». («Записки генерал-майора Мейера. Подготовка к польскому мятежу в Минск. губ.», стр. 47). Вельмі часта пастоі назначаліся ў тыя вёскі, праз якія праходзілі паўстанцы, што зусім не залежала ад жыхароў вёскі. Паны біліся, а ў мужыка чуб трашчаў.

Дзеля таго, што ў паўстаньні прымалі ўдзел каталіцкія манастыры, ксяндзы і каталікі-паны, пачалася ўпартая барацьба з каталіцызмам і гвалтоўнае насаджваньне і штучнае падтрыманьне праваслаўя, каторае было сынонімам царскага самаўладзтва і рускай народнасьці. І тут ня было нічога новага. Былі толькі выкарыстаны старыя мікалаеўскія прыёмы і загады. Яшчэ ў 1852 г. Мікалай І, апякуючыся над ажыцьцяўленьнем на Беларусі прынцыпаў «праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць», даў загад, каб паны пабудавалі для сваіх сялян праваслаўныя цэрквы там, дзе іх ня было, ды адрамантавалі старыя, дзе яны прышлі ў нягоднасьць. Гэты загад у свае часы так і ня вылез з-пад сукна канцэлярскіх сталоў і заставаўся забытым аж да 1863 г. У гэтым годзе Мураўёў выцягнуў з архіву мікалаеўскі загад і пачаў рэалізаваць з уласьцівай яму ўпартасьцю. Палякі-паны, каторых усіх Мураўёў лічыў удзельнікамі паўстаньня і каторыя па сваім вызнаньні ўсе былі каталікамі, павінны былі будаваць новыя і папраўляць старыя цэрквы для сваіх сялян, каторыя ў пераважнай большасьці былі праваслаўнымі. Цікава тое, што да рускіх паноў праваслаўнага вызнаньня гэты загад не адносіўся. Былі выпісаны з Расіі два чыноўныя архітэктары—Рэзанаў і Чагін, каторыя і пачалі праводзіць у жыцьцё Мураўёўскі загад. Зразумела, што гэнэрал-губэрнатар дапамагаў «мастацкай працы» іх, дзе было трэба, рэпрэсіямі. Разам з тым, у дапаўненьне да загаду 1852 г., Мураўёў зачыняе каталіцкія манастыры і касьцёлы і перарабляе іх на праваслаўныя. Тымчасам паўстаньне пачынае зьмяншацца ў сваім размаху. Белы Варшаўскі Комітэт пачынае распускаць свае організацыі і паўстанцкія групы, каторыя расьцярушваюцца, часткаю эмігрыруючы за межы імпэрыі, часткаю пападаючы ў рукі рускага войска. Паўстаньне зьмяншаецца не затым, што рускі урад сваймі татальнымі мікалаеўскімі мерапрыемствамі заспакойвае край, а затым, што сужыцьцё белых і чырвоных паўстанцаў робіцца немагчымым; затым, што белыя дыскрэдытавалі паўстаньне ў працоўных гушчах. Белыя спалохаліся здані чырвонага «якобінскага» паўстаньня і паступова пачалі станавіцца на грунт законнасьці, парадку і абароны «сьвяшчэннай уласнасьці», у чым яны зусім схадзіліся з самаўладным царскім урадам. Скомпромітаваўшы раней сваёй прысутнасьцю ў паўстаньні перад працоўнымі масамі чырвоных паўстанцаў, яны цяпер, адны за другімі, сьпяшаюцца «падаць да ног» рускага царызму. Прычым яны не абмяжоўваюцца тым, што скомпромітаваных імі чырвоных астаўляюць «на произвол судьбы», а прагнуцца хутчэй даносамі прадаць іх у рукі рускага ўраду. Уся дзяржаўная заслуга Мураўёва была ў тым, што ён кулаком падганяў паноў, каторыя ішлі да царызму ў цьвёрдым розуме й памяці; падганяў затым, што яму здавалася, што ідуць яны ня так хутка, як ён хацеў.

Ужо ў канцы ліпеня 1863 году да Мураўёва зьявілася дэлегацыя з 15 асоб ад шляхецтва Віленскай губэрні, на чале з губэрскім маршалкам шляхты Дамэйкам. Дэлегацыя падала яму ліст на імя імпэратара Аляксандра ІІ, у каторым яна з папраўдзе шляхецкай «гжэчнасьцю» каялася ў мінулым і заяўляла аб вернападданьніцкіх пачуцьцях шляхецтва Віленскай губэрні ў адносінах да царскага трону. Пад лістом было 235 подпісаў віднейшых магнатаў і шляхціцаў. За віленскім шляхецтвам пасунулася шляхецтва і другіх губэрань. Ужо ў жніўні зьяўляецца да Мураўёва з вернападданьніцкім лістом дэлегацыя ад Ковенскага земляўллясьніцтва. Пад лістом стаіць 500 шляхецкіх подпісаў. У палавіне верасьня падносіць Мураўёіву ліст горадзенскае шля хецтва; пад лістом мы чытаем ужо 1.600 панскіх подпісаў. У канцы верасьня сьпяшаецца з вернападданьніцкм лістом і менская шляхта. Яна пабівае рэкорд як «таннасьцю» падхалімскіх выразаў, так і лікам подпісаў. Усяго пад менскім лістом мы налічваем 2.700 падпісаў. Спазьнілася крыху віцебская і магілёўская шляхта, каторая падала свае лісты апошнімі. У кожным выпадку ніхто не забыўся адзначыць, што паўстаньне было абмылкаю.

На арэне бою як у Польшчы, так і на Беларусі засталіся адны чырвоныя. У Варшаве ўтварыўся Чырвоны Жонд, які складаўся з праўдзівых рэволюцыянэраў: Асныка, Бахонскага, Ігнася Хмяленскага, Стася Франкоўскага і інш. Вельмі хутка і тут трэба было перайсьці да дыктатуры. Дыктатарам быў абвешчан Траўгут. Гэта быў энэргічны, рашучы чалавек, з містычным настроем. Вельмі хутка ён разышоўся з чырвонымі і пачаў групаваць укола сябе пераважна людзей консэрватыўнага кірунку, што павінна было прывясьці польскае паўстаньне да хуткага канца. На Беларусі на чале чырвонага руху быў дыктатар Каліноўскі, каторы цьвёрда стаяў на сваёй програме. Як і раней, ён набірае свае атрады з вясковай і гарадзкой беднаты і ўпарта ваюе на два фронты: з белымі, здрайцамі-панамі і з рускім самаўладзтвам. Сілы чырвоных слабнуць, атрады іх зьмяншаюцца. Застаўся яшчэ толькі адзін спосаб вясьці далейшую барацьбу. Такім спосабам быў тэрор, накіраваны таксама ў два бакі. Быў утворан патайны рэволюцыйны трыбунал, каторы выносіў сьмяротныя прыгаворы ў адносінах да асобных здрайцаў ці гвалтаўнікоў. Каб выконваць загады трыбуналу, была організавана каманда кінжальшчыкаў, з самых вытрывалых рэволюцыянэраў. Першым актам тэрору на Беларусі, выкананым кінжальшчыкамі, быў напад на вышэйпамянёнага маршалка шляхты Віленскае гу бэрні—Дамэйку. Здрайцы пашанцавала: паранены ў некальіх мясцох, Дамэйка выздаравеў. Паны, бачачы сваю небясьпечнасьць ад чырвоных, пачалі разам з мураўёўскай адміністрацыяй змагацца з імі. Пачаліся даносы, каторыя выкрывалі і пасылалі да мураўёўскай шыбеніцы аднаго чырвонага па другім.

У сялянскія цёмныя масы былі пушчаны провокацыйныя чуткі, што чырвоныя вядуць барацьбу з рускім урадам за тое, што цар вызваліў з прыгону сялян; што мэтаю чырвоных паўстанцаў зьяўляецца ізноў увесьці прыгон на Беларусі. І трэба прызнаць, што провокацыя ўдалася дзеля таго, што беларускі селянін у папярэдні пэрыод бачыў у паўстанцах паноў, каторых баяўся і ненавідзеў. Усё-ж такі, ня гледзячы на гэта, паўстаньне яшчэ ня сьціхала. Яно трымалася ў Горадзеншчыне і Ковеншчыне Горадзеншчына была пад уплывам Каліноўскага, а ў Ковеншчыне не здаваўся ксёндз Мацкевіч, каторага не пакідала літоўскае сялянства. Яго паўстанцкая група то зьмяншаецца, то павялічваецца і ніколі ён не застанецца без падтрыманьня. Мацкевіч пераходзіць з месца на месца, і яго доўга ня могуць злавіць. Зьяўляючыся зусім неспадзявана там, дзе яго не чакаюць, ён вельмі часта наносіць нават паражэньні урадавым войскам. Толькі ў лістападзе 1863 году рускаму атраду ўдалося разьбіць яго атрад і ўзяць у палон непакойнага ксяндза і здольнага партызана. У сьнежні на Лукіскім пляцы ў Вільні Мацкевіч, урэшце, загінуў на мураўёўскай шыбеніцы, і Ковеншчьша заціхла.

Мёртвая пятля, што абхапляла чырвоных, усё звужалася. У канцы 1863 году па даносе былі арыштаваны тры сябры Віленскага Комітэту: Дылеўскі, Здановіч і Дарміноўскі, каторыя гралі вялікую ролю ў паўстаньні. Дылеўскі быў памочнікам Каліноўскага, Здановіч загадваў усёй гаспадарска-грашовай часткаю паўстаньня, а Дарміноўскі быў паўстанцкім камісарам Віленшчыны. Разам з імі былі заарыштаваны і дакумэнты організацыі. Урад разумеў, што ў асобах заарыштаваных ім ён мае кіраўнічых паўстаньня і прагнуўся як пагрозамі, так і абяцанкамі дабіцца паказаньняў. Ніякіх паказаньняў яны не далі. Спа койна, з глыбокаю вераю ў правату сваёй справы, яны загінулі на эшафоце: Здановіч і Дарміноўскі ў сьнежні 1863 г., а Дылеўскі—у студзені 1864 году.

Хутка ўлада напала на сьлед Малахоўскага. Каб па яго сьляду сышчыкі не напалі на сьлед рэштак організацыі, ён павінен быў пакінуць Вільню. Акольнымі шляхамі ён дабраўся да Пецярбурга, але й адсюль павінен быў выехаць заграніцу.

Застаўся адзін Каліноўскі. Пераконаны ў правільнасьці сваіх поглядаў, сьмелы, энэргічны, вытрыманы, ён усё яшчэ спадзяваўся падняць працоўныя беларускія масы проці польскага пана і рускага самаўладцы. Ён нанава організуе атрады, падтрымоўнае старыя, знаходзіць усё новых і новых супрацоўнікаў, піша і пашырае адозвы і г. д.

Што ні тыдзень прыходзіцца яму мяняць сваё прозьвішча, што ні дзень — сваю кватэру і вопратку. Усе спробы злавіць яго канчаюцца няўдачай, бо сялянства і гарадзкія нізы даюць яму прыпынак, ня гледзячы на тое, што ім за гэта пагражае цяжкая кара. Каліноўскі чакае вясны, каб зноў распачаць паўстаньне, але ўжо бяз белых, апіраючыся на працоўныя гушчы Беларусі. Ён у сваіх адозвах зьвяртаецца да паўстанцаў, просячы іх пацярпець да цёплых дзён вясны, калі лік іх зноў павялічыцца і лясы дадуць лепшы прытулак.

Але здрада не драмала. Думаючы, што Цэнтральны Паўстанцкі Комітэт знаходзіцца ў Менску, Мураўёў у студзень 1864 г. паслаў туды на разьведку спэцыяльную комісію на чале з жандарам Лосевым. Комісія напала на сьлед мясцовай менскай падпольнай арганізацыі. Пачаліся арышты. Сярод арыштаваных знаходзіўся шляхцюк Парфіяновіч, каторы ведаў, як знайсьці чырвонага дыктатара. Жандармэрыя абяцала яму памілаваньне, калі ён выдасьць Каліноўскага. Ратуючы сваю скуру, ён здрадзіў Каліноўскага.

Каліноўскі ў гэты час жыў пад імем Вітольда Вітажэнца ў Вільні, у Сьвята-Янскіх мурох. Тут знаходзілася гімназія, архіў, музэй старасьветчыны, былі і прыватныя кватэры. Каліноўскі жыў у кватэры настаўніка гімназіі. Поліцыя ўначы патаемна аблажыла кругом увесь квартал, не даючы нікому выхаду адтуль і арыштуючы ўсіх, хто ўваходзіў. Быў арыштаваны (7/1 1864) і Каліноўскі. Некалькі месяцаў пратаміўся ў турме чырвоны дыктатар, чакаючы сьмяротнай кары. Яго мучылі дапросамі і пагрозамі, але зламаць не маглі. Ён заставаўся цьвёрдым, поўным веры ў сваю справу. З турмы яму ўдалося напісаць да сваіх прыяцеляў і прыхільнікаў два лісты, адзін да сваёй бацькаўшчыны—Беларусі, другі—да беларускага народу. Для нас мае асаблівую цікавасьць другі ліст. каторы мы тут і прыводзім:

«Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, па шчырасьці маё слова перадсьмертнае бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тагды ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках, і тагды толькі, памаліўшыся богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня бу дзе. Яська, гаспадар з-пад Вільні". («Наша Думка» 1920 г. № 5). З зьместу ліста мы бачым, што рэжым мураўёўскай турмы налажыў сваю пячатку на настрой рэволюцыянэра. Мотывы соцыяльнай барацьбы за «мужыцкую» праўду тут зычаць, як і раней. Але лейт-мотывам ліста зьяўляецца покліч да беларускага «народу» (у народніцкім сэнсе) вясьці барацьбу за вызваленьне Беларусі ад рэжыму царызму, каторы прадстаўлен агіднай мураўёўшчынай.

У красавіку 1864 г. адбылася кара сьмерцю чырвонага дыктатара, каторага стовусная сялянская маса назвала «каралём Літвы», разуме ючы над Літвою беларуская абшары. «Сёмага (20) красавіка 1864 г., у дзень кары Каліноўскага была ясная халодная раніца. Каліноўскі шоў на кару цьвёрдаю, сьмелаю стапою. Прышоўшы на Лукіскі пляц, ён стаў тварам да шыбеніцы і толькі часам кідаў погляд на далёкі натоўп. Перад самым павешаньнем, калі да Каліноўскага зьвярнуўся ксёндз затым, каб зрабіць споведзь і празваў яго шляхціцам, Каліноўскі груба яму адказаў: «у нас няма шляхты, у нас усе роўныя». (Кастусь Каліноўскі. «Савецкая Беларусь». № 8602, IV, 1923 г.).

Кару сьмерцю Кастуся Каліноўскага магчыма лічыць астатнім яскравым эпізодам паўстаньня 1863 г. Паўстаньне прыпынілася. Мураўёў быў абвешчан рускім гэроем, катораму офіцыяльныя пісакі самаўладзтва курылі ладан, як маглі. У гэтай справе некаторыя з іх даходзілі да вышэйшай віртуознасьці. Вось для прыкладу адзін вынятак з тагочаснай «патрыотычнай літаратуры» аб Мураўеве. «С моей точки зрения он (Муравьев) заслуживает еще при жизни памятника на счет поляков за то добро, которое он им сделал, энергично и быстро подавивши мятеж» (И. Митропольский. Повстание в Гродне 1863-4 г.г. Русский архив, 1895 г.; № 1, стр. 138). Аўтар забыўся толькі прылучыць да палякоў беларусаў, лічачы, відаць, іх надта беднымі для такой дарагой, справы, як пастаноўка помніка.

Цікава тое, што нават вядомы поэта «печали и гнева», каторы клікаў моладзь «от ликующих, праздно болтающих, умывающих руки в крови» ісьці «в стан погибающих за великое дело любви»—Некрасаў таксама зьнізіўся да дыфірамбаў на пачэсту вешальніка-Мураўёва. У красавіку 1866 г. ангельскі клюб у Маскве даваў урачысты абед у пачэсту Мураўёва. Пасьля абеду, калі госьці разышліся па пакоях клюбу піць каву, да гуртка, у каторым быў Мураўёў, падышоў Некрасаў і прачытаў свой верш, прысьвечаны вешальніку. Мы прыводзім тэкст вершу ў тэй рэдакцыі, каторую перадае «Русский архив» (1885 г. т. ІІ).

Бокал заздравный поднимая,
Ещё раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края…
Так много ж лет ему… Ура!
Мятеж прошёл, крамола ляжет,
В Литве и Жмуди мир взойдёт;
Тогда и самый враг твой скажет:
Велик твой подвиг… и вздохнёт.
Вздохнёт, что, ставши сумасбродом,
Забыв присягу, свой позор,
Затеял с доблестным народом
Поднять давно решённый спор.
Пускай клеймят тебя позором
Надменный Запад и враги;
Ты мощен Ру́си приговором,
Ея ты славу береги!
Нет, не помогут им усилья
Подземных их крамольных сил.
Зри! Над тобой, простёрши крылья,
Парит архангел Михаил!

Гэты пэрл творчасьці Некрасава пачынаецца «бокалом», пакрашаецца «крамолай» і «прысягай», а канчаецца «архангелом Михаилом». Далей гэтага, здаецца, ужо няма куды ісьці. І гэта піша сын палячкі. Праўда, паводле некаторых зьвестак магчыма думаць, што вышэйпаданы верш ня ёсьць запраўдны верш, прачытаны Некрасавым вешальніку-Мураўёву. «Московские Ведомости» (ад 20, IV, 1866 г.) вызначаюць, што верш Некрасава канчаўся словамі: «виновных не щади». Апроч таго, і сам Некрасаў казаў у свае часы, што яго застольны верш меў 12, а ня 20 радкоў, як гэта відаць з вышэйпаданага. Але нават К. Чукоўскі, каторы задаўся мэтаю апраўдаць Некрасава, кажа: «Здаецца, што той (запраўдны) верш быў ня лепшы, але яшчэ горшы за гэты (вышэйпаданы), і Некрасаў выявіўся ў ім яшчэ большым здраднікам у вадносінах да сваіх перакананьняў» (К. Чуковский. Поэт и палач. Петербург. 1922, стр. 11). Наш погляд на Мураўёва даволі просты. Перад намі звычайны чыноўнік-рэакцыянэр мікалаеўскай выпраўкі, каторага скарыстала аляксандраўская «эпоха великих реформ». Назва «вешальнік» вельмі падходзіць да гэтага экс-дзекабрыстага, каторы, каб пагасіць ужо загаслы агонь паўстаньня, павесіў, па скромным падліку Грабеца, 396 чалавек і выслаў у Сібір каля 15.000 людзей. Зразумела, што ў гэтай вакханаліі самаўладзтва пацярпела шмат ні ў чым непавінных людзей. Мураўёўскі рэжым так заблутаў соцыяльнае, нацыянальнае і рэлігійнае пытаньне на Беларусі, што толькі сучасная рэволюцыя змагла падыйсьці да іх і разблутаць.