Перайсці да зместу

Гістарычная думка ў Беларусі ў XVI—XVIII стагоддзях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гістарычная думка ў Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Перцаў
1956
Крыніца: Весці Акадэміі навук Беларускай ССР - 1956 - №4 —с. 5-16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ранні перыяд гісторыі (з старажытных часоў да XVI ст.), уключаючы і той час, калі яшчэ не склалася беларуская народнасць, гістарычная думка аб лёсе насельніцтва, якое жыло тады на тэрыторыі Беларусі, адлюстроўвалася галоўным чынам у творах народнай творчасці і ў летапісах (гл. «Весці АН БССР» № 3, 1956 г., серыя грамадскіх навук). Ужо ў самых ранніх фальклорных творах, якія складаліся на тэрыторыі Беларусі, узнікалі соцыяльна вострыя і патрыятычныя думкі аб цяжкім прыгнёце мас з боку феадалаў, аб згубным значэнні феадальнай раздробленасці, аб неабходнасці дзяржаўнага аб'еднання ўсходнеславянскіх зямель пад адзінай уладай і спынення міжусобных братазабойчых войн паміж князямі. Патрыятычныя думкі аб шкодзе міжусобных войн выказваліся і ў беларускіх (так званых «літоўскіх») летапісах, якія складаліся ў XV—XVI ст. ст., калі ўжо сфарміравалася беларуская народнасць. Зразумела, і ў фальклоры, і ў летапісах гістарычнае разуменне лёсу беларускай народнасці выказвалася ў няяснай, часта адрывістай і ва ўсякім выпадку неапрацаванай форме. Але, нягледзячы на гэта, яно змяшчала ў аснове правільную ацэнку галоўных працэсаў і падзей гісторыі той тэрыторыі, на якой утваралася і ўтварылася беларуская народнасць.

З XVI ст. эканамічныя і культурныя сувязі як унўтры самой беларускай народнасці, так і з суседнімі ўсходнеславянскімі народнасцямі ўмацаваліся. Пад уплывам гэтага вырасла і ўмацавалася самасвядомасць беларускай народнасці. У розных формах і ў розных галінах стала праяўляцца, больш шырокае і больш глыбокае разуменне асноўных фактаў і галоўных патрэбнасцей беларускай народнасці. У гэтым разуменні было, вядома, яшчэ многа недахопаў. Галоўным з іх была пераважна рэлігійная абалонка, у якой праяўлялася разуменне патрэбнасцей беларускага народа, і ўплыў рэлігійных уяўленняў на гістарычную думку. Вялікую шкоду гістарычнай думцы прыносіла і тое, што многія яе праяўленні зыходзілі не ад самога народа (апрача прадуктаў народнай творчасці), а ад прадстаўнікоў заможных, часам нават пануючых класаў. Гэта наклала адбітак абмежаванасці — і рэлігійнай, і соцыяльнай — на гістарычныя ўяўленні песняроў і пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на тэрыторыі Беларусі або ў блізкім суседстве з ёю.

Для павышэння гістарычнай самасвядомасці беларускай народнасці, для разумення культурных задач, якія стаялі перад ёю, а таксама для далейшага развіцця культурных сувязей паміж рознымі часткамі раней адзінай Русі вялікае значэнне мела дзейнасць беларускага першадрукара Георгія (Францыска) Скарыны. Скарына жыў у канцы XV і пачатку XVI ст. (год нараджэння каля 1490, год смерці невядомы, напэўна, у 30-х або 40-х гадах XVI ст.). Час яго жыцця супадае з перыядам, калі беларуская народнасць ужо цалкам сфарміравалася і калі паспелі ўсе ўмовы для стварэння на аснове беларускай народнай гаворкі беларускай літаратурнай мовы і літаратуры. Стан тагачаснай культуры патрабаваў увядзення такога шырокага сродку зносін паміж людзьмі, як кнігадрукаванне. Асабліва важна было друкаванне такіх кніг на беларускай мове або па крайняй меры на мове, зразумелай для беларусаў. Беларускі народ імкнуўся да пісьменнасці і ведаў. Шырокія сродкі да гэтага магла даставіць беларуская друкаваная кніга. Задавальненне гэтай патрэбнасці было гістарычнай задачай, пастаўленай часам перад перадавымі дзеячамі беларускага народа. Друкаваная кніга, якая служыла сродкам навучання пісьменнасці і зброяй распаўсюджання ведаў, аблягчала беларускаму народу абарону яго культурнай незалежнасці і барацьбу супраць пагражаўшай яму хвалі паланізацыі, якая стала асабліва небяспечнай у XVI ст. Разам з тым друкаваная кніга, напісаная на мове, зразумелай не для адных беларусаў, але і для рускіх і ўкраінцаў, павінна была стаць і сапраўды станавілася магутным сродкам зносін паміж адукаванымі і перадавымі людзьмі ўсіх трох усходнеславянскіх народнасцей. Таму выдавецкая і перакладчыцкая дзейнасць Скарыны была да некаторай ступені этапам у развіцці гістарычнай самасвядомасці беларускага народа, дапамагла яму асэнсаваць і лепш ажыццявіць гістарычныя задачы, якія стаялі перад ім, — адстойванне сваёй незалежнасці ад палякаў і далейшае збліжэнне з вялікім рускім народам. Таму ў развіцці гістарычнай думкі ў Беларусі Скарыне належыць віднае і пачэснае месца. Скарына быў не толькі першым друкаром і выдаўцом кніг, якія ён сам перакладаў на беларускую мову. Свае пераклады ён забяспечыў шматлікімі заўвагамі, прадмовамі і пасляслоўямі. З іх відаць, што Скарына быў гарачым прыхільнікам культурнага развіцця свайго народа. Стварыўшы з дапамогай некаторых сваіх заможных суайчыннікаў друкарні ў Празе (1517—1520 гг.) і ў Вільні (1525 г.), ён надрукаваў у іх усе асноўныя біблейскія кнігі ветхага завету, бачачы ў іх сродак для распаўсюджання асветы. У бібліі ён цаніў тыя звесткі, якія яна паведамляла па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўству, астраноміі і іншых навуках. У тлумачэннях да сваіх перакладаў ён указваў, якія веды і ў якой частцы бібліі па той або іншай навуцы можна знайсці. Галоўная вартасць Псалтыра — асноўнай вучэбнай кнігі таго часу, — што яна дае «дзецям малым пачатак усякае добрае навукі». Іншыя кнігі бібліі ён таксама лічыў сродкам «людзям паспалітым к добраму навучанню». Чытачам сваіх кніг ён стараўся ўнушыць любоў да іх радзімы, указваючы, што прывязанасць да месца нараджэння ўласціва нават звярам, птушкам і рыбам. Выдаваемыя кнігі павінны былі, па думцы Скарыны, абуджаць у чытачах гонар за іх радзіму, павагу да вялікіх гістарычных заслуг роднага народа і гэтым узнімаць іх гістарычнае разуменне на больш высокую ступень[1].

Праясненню гістарычнай думкі беларускага народа шмат садзейнічала і тая палемічная літаратура, якая ўзнікла ў Беларусі ў канцы XVI—пачатку XVII ст. Повадам да палемікі былі імкненні польскіх паноў і польскіх улад навязаць беларускаму народу чужую ім каталіцкую рэлігію і польскую феадальную культуру. Гэтая палеміка ўзнікла галоўным чынам у сувязі з падрыхтоўкай да правядзення рэлігійнай уніі 1596 г. Падрыхтоўваючы ўнію, езуіты развілі вялікую публіцыстычную дзейнасць, у якой яны з дапамогай гістарычных дакументаў спрабавалі даказаць няздольнасць беларускага народа да самастойнага развіцця. У канцы XVI ст. езуіт Пётр Скарга напісаў кнігу «Аб адзінстве царквы божай». [2] Асноўная думка гэтай кнігі заключалася ў тым, што крыніцай невуцтва «рускага» народа з'яўляецца славянская мова. Усе навучальныя кнігі па багаслоўю, філасофіі і «свабодных навуках», пісаў ён, напісаны або на лацінскай, або на грэчаскай мовах. Карыстаючыся-ж славянскай мовай, ніхто не можа быць вучоным. Выратаванне для рускіх і ўсіх праваслаўных можа заключацца толькі ў падпарадкаванні рымскаму папе, г. зн. ва ўз'еднанні з каталіцкай царквой. Скарга дапускаў, аднак, захаванне абрадаў праваслаўнага набажэнства. Гэта была цэлая філасофія гісторыі, накіраваная на асуджэнне ўсяго рускага і славянскага наогул, на адмаўленне за рускім народам здольнасці да развіцця і самастойнага жыцця.

У адказ на твор Скаргі і іншых езуітаў у Беларусі з'явілася даволі многа палемічных твораў, якія заключалі ў сабе рад гістарычных думак, накіраваных на апраўданне славянскай мовы і здольнасці «рускага» народа да засваення навук і адукаванасці[3] . Гістарычныя думкі, выказаныя ў гэтых творах, хіліліся да таго, што папы і каталіцызм у цэлым не далі нічога карыснага славянскім народам у процілегласць з асноўнымі вучэннямі хрысціянскіх першанастаўнікаў, што дамаганні пап на сусветнае панаванне супярэчаць саборнасці ўсяленскай царквы і роўнасці патрыярхаў і г. д.

Каб змагацца з поглядамі вучоных езуітаў, пры царкоўных брацтвах на Украіне і ў Беларусі былі заснаваны школы, у якіх павінны былі атрымліваць адукацыю асобы, што рыхтаваліся заняць духоўныя пасады, а таксама юрысты і іншыя службовыя асобы. Настаўнікамі ў гэтых школах нярэдка былі выдатныя вучоныя, якія наведалі замежныя універсітэты, засвоілі тагачасную багаслоўскую, а часткова і свецкую вучонасць. Яны маглі і самі паспяхова весці палеміку з вучонымі езуітамі і падрыхтоўваць умелых прапагандыстаў — праціўнікаў каталіцызма [4] . З асяроддзя гэтых настаўнікаў асабліва выдзяляліся браты Зізаніі (Стэфан і Лаўрэнцій), Мелецій Сматрыцкі, Леонцій Карповіч і іншыя. Да іх прымыкалі і іншыя вучоныя абаронцы праваслаўя, якія не толькі багаслоўскімі, але і гістарычнымі аргументамі абаранялі аўтарытэт праваслаўнага вучэння. Так, Хрыстафор Філарэт (псеўданім шляхціча Хрыстафора Бронскага), абапіраючыся на гістарычныя даныя, даказваў, што «рускі» народ (разумеліся беларусы і ўкраінцы) меў спрадвечнае права свабоднага свайго веравызнання і што таму царкоўная унія, уведзеная гвалтоўна, з'яўляецца незаконнай [5] .

Асаблівае ўражанне на сучаснікаў зрабіла так званая «Перастрога»[6] , якая была напісана ў пачатку XVII ст. адным з львоўскіх братчыкаў і шырока распаўсюдзілася і ў Беларусі. Гэтая работа была накіравана супраць гвалтоўнай паланізацыі рускага народа. Аўтар даказваў, што культура «рускага» народа зусім не ніжэй культуры польскай. Палякі на 25 год пазней прынялі хрысціянства, чым рускія. «Руская» мова, пад якой аўтар разумеў мовы ўсходнеславянскіх народаў, мела і мае такія-ж магчымасці стаць сродкам распаўсюджання адукаванасці, як і польская мова, хоць апошні час яна і падверглася псаванню, дзякуючы прымесі да яе польскіх слоў. Аўтар смуткуе з поваду таго, што «рускія» мала клапаціліся аб распаўсюджанні школьнай адукацыі, мала мелі сваіх школ і гэтым аблегчылі палякам іх каталіцкую прапаганду.

Палемічная літаратура, накіраваная супраць акаталічвання і паланізацыі беларускага і ўкраінскага народаў, прасякнута гістарычнымі элементамі. У ёй шмат спасылак на мінулае; часам нават сустракаюцца цэлыя гістарычныя агляды, прасякнутыя патрыятычным настроем і спрабуючыя даказаць вартасць рускага народа, праваслаўнай веры і шкоду польска-каталіцкага засілля. У некаторых палемічных творах ёсць досыць ярка выражаныя дэмакратычныя элементы. Так, свяшчэннік Іаан Вішэнскі [7] (канец XVI—пачатак XVII ст.) у сваіх пасланнях, якія, паводле слоў акадэміка Карскага, «даюць многа чыста бытавога, гістарычнага матэрыялу» [8] , кляйміў рэнегатаў праваслаўя — «князёў рускіх», якія робяць людзей галоднымі і паглынаюць іх працу і пот крывавы», і дармаедаў — польскіх паноў, якія разараюць народ, а самі «ў мяккіх пасцелях спяць».

Але пераважаючая большасць палемічных твораў, накіраваных супраць польска-каталіцкай агрэсіі, не мела нічога агульнага з дэмакратычнымі думкамі. Да такіх адносіцца твор выдатнага прадстаўніка праваслаўнай царквы Мелеція Сматрыцкага, названы ім па-грэчаску «Фрынос» (па-руску «Плач») [9] . Гістарычнае значэнне гэтай кнігі заключалася ў тым, што Сматрыцкі ярка абмаляваў здрадніцкую ў адносінах да праваслаўя ролю беларускай і літоўскай знаці, а таксама разлажэнне нораваў сярод каталіцкага духавенства. Але М. Сматрыцкі меў на ўвазе галоўным чынам інтарэсы феадальных кругоў, свецкіх і царкоўных, закранутых каталіцкім наступленнем. Інтарэсы народных мас яго цікавілі толькі пастолькі, паколькі антыкаталіцкія іх настроі можна было скарыстаць у барацьбе супраць польска-каталіцкага засілля. Сам Сматрыцкі з цягам часу аказаўся рэнегатам і перайшоў ва ўніяцтва.

Да ліку абаронцаў нацыянальна-рэлігійнай самастойнасці беларускага народа належыў і вядомы паэт, вучоны і прапаведнік Сімеон Полацкі (1629—1680 гг.). Па нацыянальнасці ён быў беларусам і да 32-гадовага ўзросту жыў на Украіне і ў Беларусі. Выхаванец Кіева-Магілянскай калегіі, якая тады лічылася вышэйшым цэнтрам асветы ў Заходняй Русі, пазней настаўнік Кіеўскай брацкай школы С. Полацкі вырас і склаўся як пісьменнік ва ўмовах польска-каталіцкага прыгнёту, які ўсё ўзмацняўся на Беларусі і Украіне. Адсюль узніклі рысы, якія вызначылі і яго далейшую літаратурную дзейнасць: сімпатыі да Масквы, схільнасць да свецкіх матываў у літаратурнай творчасці як пратэст супраць таго духу рэлігійнай нецярпімасці, якому палякі і езуіты імкнуліся падпарадкаваць усю культуру Беларусі і Украіны. Апасаючыся праследаванняў польскага ўрада за свае сімпатыі да рускіх, ён у 1661 г. пераехаў у Маскву і там у хуткім часе стаў хатнім настаўнікам царскіх дзяцей і прыдворным паэтам. Жывучы ў Беларусі, ён займаўся вершапісаннем, прычым першыя яго вершаваныя работы былі напісаны на беларускай мове. Будучы настаўнікам брацкай Полацкай школы, ён звяртаўся да прасцейшых форм школьнай драматургіі — пісаў дыялагі, якія разыгрываліся вучнямі школы. Пазней — ужо ў Маскве — С. Полацкі пісаў і болыц складаныя драматургічныя творы. Усей сваёй дзейнасцю ён садзейнічаў развіццю культурнай сувязі паміж Беларуссю і Масквой. Ад уз'еднання з брацкім рускім народам ён чакаў вызвалення ад іншаземнага ярма і з захапленнем вітаў прыход рускіх войск у Полацк (у час руска-польскай вайны 1654—1667 гг.):

Витаем тя, царю, от Востока к нам пришедшего,
Белорусский же от нужды народ весь освобождшаго.

Развіццё гістарычнай думкі ў Беларусі было часткова звязана і з рэфармацыйным рухам, хоць ён і не атрымаў шырокага распаўсюджання сярод народных мас. Рэфармацыйны рух у Беларусі ў асноўным падтрымлівалі магнаты і шляхцічы. Ні сяляне, ні гараджане ім не былі шырока закрануты. Асновай рэфармацыйных сімпатый магнатаў і шляхцічаў было імкненне расхістаць дзяржаўную ўладу, выкарыстаць царкоўныя багацці і аслабіць царкоўныя прывілеі. Зыходзячы з гэтых імкненняў, яны і іх рэлігійныя адзінадумцы на сеймах, сейміках і на царкоўных сходах развівалі цэлую сістэму грамадскіх і гістарычных поглядаў. Аратарскіх выступленняў, накіраваных супраць каталіцызма і правоў цэнтральнай улады, было вельмі многа, асабліва ў 50-х і 60-х гадах XVI ст. У той-жа час у маёнтках знаці, а часам і ў гарадах, асноўваліся рэфармацыйныя школы. З'явілася досыць шматлікая царкоўная літаратура, накіраваная як у абарону рэфармацыйных напрамкаў, так і супраць іх. Найбольш уплывовым дзеячам сярод пратэстантаў ва ўсёй Польскай дзяржаве быў Станкар, а сярод кальвіністаў — Ян Ляскі. Іх выступленні і творы былі вядомы і ў Вялікім Княстве Літоўскім, у прыватнасці ў Беларусі. У літаратурных творах і ў прамовах звычайна падвяргаліся абвінавачанням заганы, якія пранікалі ў асяроддзе духавенства, галоўным чынам каталіцкага, яго разбэшчанасць і карысцелюбства. У той-жа час даказвалася права свецкіх асоб удзельнічаць у кіраванні царквой. Адстойвалася таксама і думка аб падпарадкаванні каралеўскіх дзеянняў кантролю і нагляду з боку шляхты. У аснове ўсіх гэтых поглядаў ляжала часам ясна выражаемая, а іншы раз і затуманеная думка аб прымаце свецкай улады перад царкоўнай і аб неабходнасці абмежавання каралеўскай улады. Гэтая думка даказвалася і багаслоўскімі, і гістарычнымі аргументамі. Але ў асноўным шляхту і магнатаў цікавілі не ідэалагічныя і не дагматычныя пытанні, а пытанні аб арганізацыі царквы, бо толькі праз найбольш падыходзячыя для іх арганізацыйныя формы яны маглі ў пажаданым для іх духу ўздзейнічаць на кіраванне царквой і дзяржавай. Пры разглядзе гэтых пытанняў рабіліся частыя спасылкі на мінулае і даказвалася, што абмежаванне цэнтральнай царкоўнай улады саборамі з удзелам свецкіх асоб было ва ўсе часы ўласціва царкоўнай арганізацыі. Вядома, усе гэтыя гістарычныя спасылкі і адпаведная багаслоўская аргументацыя прыводзіліся ў інтарэсах феадалаў і перш за ўсё феадальнай арыстакратыі — магнатаў.

Больш моцны ўплыў на гістарычную думку Беларусі зрабілі некаторыя ерэтычныя рухі і напрамкі. Некаторыя з іх фармальна ўзнікалі пад уплывам заходніх рэфармісцкіх напрамкаў, але фактычна жывіліся мясцовымі крыніцамі і на беларускай глебе атрымалі зусім самастойную трактоўку. З вучэнняў, якія зрабілі ўплыў на гістарычную думку ў Беларусі, асабліва трэба адзначыць вучэнне антытрынітарыяў. У аснове гэтага вучэння ляжала рацыяналістычная думка, што з ісціннай рэлігіі навінна быць ліквідавана ўсё, што недаступна або супярэчыць чалавечаму розуму. У сувязі з гэтым антытрынітарыі адмаўлялі догматы аб траістасці бажаства, прадвызначэнні, першародным граху, а таксама аб таінствах шлюбу, хрышчэння і г. д. У Беларусь антытрынітарызм пранік часткова з Польшчы, дзе ён быў вядомы пад назвай соцыніянства (па імю яго галоўных польскіх настаўнікаў — двух братоў Соцінаў), але ён меў, як і іншыя рэфармацыйныя вучэнні і секты, самастойныя мясцовыя прычыны для свайго развіцця.

Да яго прымкнулі два выдатныя беларускія пісьменнікі — Сімон Будны і Васілій Цяпінскі. Абодва яны былі гарачымі прыхільнікамі распаўсюджання адукаванасці і кнігі сярод беларускага насельніцтва. У гэтых адносінах яны прадаўжалі традыцыі Скарыны. Дзейнічаючы прыблізна на поўстагоддзе пасля яго (у другой палавіне XVI ст.), калі ўзмацнілася агрэсія польскіх феадалаў, яны актыўна ўмешваліся ў нацыянальна-рэлігійную палеміку і, абараняючы правы беларускага народа на незалежнасць у мове і вераваннях, рашуча змагаліся супраць польскага засілля, зыходзячы пры гэтым з пазіцый антытрынітарскага вольнадумства.

Сімон Будны быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. У 60-х гадах XVI ст. ён выдаў у нясвіжскай друкарні Радзівіла Катэхізіс у форме пытанняў і адказаў без абароны ў ім якога-небудзь пэўнага веравызнання [10] У прадмове да Катэхізіса С. Будны бічаваў заганы, уласцівыя і каталіцкай, і праваслаўнай цэрквам. Духавенства, пісаў ён, звяртае ўвагу толькі на абрады, пасты і малітвы і думае толькі аб тым, каб выманіць ад веруючых пабольш платы для сябе за выкананне набажэнства і за памінанні памёршых. Праўды-ж хрысціянскай рэлігіі яно не ведае і не хоча ведаць. Такое духавенства, якое падверглася «духоўнай гнілі», трэба «вон гнаць».

Нападаючы на духавенства, Будны ставіў перад сабой і асветніцкія мэты. Ахінаючы свае імкненні звычайнай для яго часу рэлігійнай абалонкай, ён хацеў даць «навуку старадаўнюю хрысціянскую ад святога пісьма для простых людзей мовы рускай». Ён цаніў беларускую мову, называў яе «здаўна слаўнай мовай славенскай» і пратэставаў супраць імкненняў выцясніць яе адзінай «дзяржаўнай мовай», пад якой ён разумеў польскую мову. Ён стаяў за роўнапраўе ўсіх моў і ў прадмове да польскай бібліі пісаў: «Глупствам з'яўляецца зневажаць мову адной краіны і ўзносіць пад нябёсы мову другой».

Побач з Сімонам Будным росту беларускай культуры і развіццю грамадска-гістарычнай думкі ў Беларусі садзейнічаў і яго сучаснік Васілій Цяпінскі. Ён таксама нападаў на прагнае і невуцкае духавенства, якое аддавалася «подкупам і посулам», а «пісьма рускага і слова божага не ведае, не разумее і не вывучае». Ён высока цаніў «рускую» мову і «рускі» народ (у яго разуменні беларускі) і пісаў, што «рускі народ ёсць народ «зацны» (высокародны, сумленны) і «доўсціпны» (разумны). Ён быў далёкі ад нацыяналізма, падкрэсліваў гістарычныя сувязі ўсіх славянскіх моў паміж сабой і ўказваў, што Русь — галіна слаўнага і здаўна адукаванага славянскага народа, на мове якога ў даўнія часы першанастаўнікамі славянства была «выкладзена навука апостальская».

Васілій Цяпінскі быў не толькі пісьменнікам, але і выдаўцом. Ён арганізаваў у сваім невялікім маёнтку «ўбогую друкарню», у якой друкаваў «старыя даўныя» кнігі, галоўным чынам евангелле, якое ён пераклаў на беларускую мову, напісаўшы да яго сваю прадмову[11]

Да прагрэсіўных прадстаўнікоў грамадска-гістарычнай думкі XVI ст. трэба аднесці і тых ерэтыкаў, якія не мелі ніякіх адносін да заходнееўрапейскіх рэфармацыйных і ерэтычных напрамкаў і былі звязаны з маскоўскімі ерасямі.

Найбольш радыкальныя рэлігійныя і палітычныя думкі распаўсюджваў уцёкшы ў княства Літоўскае з Масквы беглы халоп Феадосій Касы. Ён адмаўляў усякую абраднасць, свяшчэнства, паўставаў супраць буйнага манастырскага землеўладання, супраць падаткаў, войн і абвяшчаў роўнасць усіх людзей перад богам. На яго некаторы ўплыў зрабіў Максім Грэк. Але погляды Феадосія Касога былі больш радыкальныя і па сутнасці былі накіраваны супраць феадальнай эксплуатацыі сялянскіх мас. Ёсць звесткі, якія ідуць ад яго ворагаў[12] і паказваюць, што яму ўдалося згуртаваць вакол сябе досыць многа прыхільнікаў з «простых людзей», якія абураліся тагачаснымі феадальнымі парадкамі. Яго ўплыў на Літву нават параўноўваўся з уплывам Магамета на азіяцкі Усход і Лютэра на еўрапейскі Захад. Аднак гэта параўнанне было, відаць, перавялічаным.

Заключаючы агляд літаратуры XVI — XVII ст. ст., у якой часткова выражаліся погляды на гістарычны лёс і гістарычныя задачы беларускага народа, мы павінны падкрэсліць, што ў асноўным яна была накіравана супраць феадальнага прыгнёту і каталіцкай агрэсіі. Галоўнай накіроўваючай яе ніццю была ідэя агульнасці лёсу рускага, украінскага і беларускага народаў, а таксама ўсведамленне неабходнасці падтрымкі дружбы і зносін паміж імі і ў будучым. Гэтая ідэя аб блізкасці трох брацкіх народаў пранізвала гістарычныя ўяўленні ўсіх прагрэсіўных пісьменнікаў таго часу і была блізкая свядомасці народных мас Беларусі, якія шукалі ў народах Расіі і Украіны апоры ў сваёй барацьбе супраць феадальнага прыгнечання, акаталічвання і свабоды сумлення.

* * *

Побач з рэлігійна-палемічнымі творамі, якія пісаліся пераважна манахамі і мелі на ўвазе абарону таго або іншага веравызнання, у канцы XVI—XVII ст. ст. у Беларусі развіваецца і свецкая літаратўра, у якой таксама закранаюцца гістарычныя тэмы. Летапісы як асноўны від свецкага гістарычнага апісання падзей у гэты перыяд пачынаюць зыходзіць са сцэны. З самага пачатку свайго існавання яны мелі надзвычай рознастайны і стракаты змест: у іх уключаліся і запісы аб гістарычных фактах, і дагаворы, і граматы, і гістарычныя аповесці, і фальклорныя элементы. Але па меры таго, як развівалася грамадскае жыццё і ўскладнялася грамадская думка, гэтыя формы запісу і апрацоўкі гістарычных даных пачалі дыферэнцыравацца ў асобых родах гістарычнай літаратуры. Справа запісу і захоўвання дакументальнага матэрыялу стала настолькі складанай, што яшчэ раней яна адышла ў веданне асобных спецыяльных устаноў. Летапісам было не пад сілу з гэтым справіцца. У Вялікім Княстве Літоўскім ужо з XIV ст. пачаў накапляцца дзяржаўны архіў актаў і грамат, зыходзіўшых ад імя вялікага князя, які спачатку знаходзіўся ў Троках, а з пачатку XVI ст. — у Вільні (Літоўская метрыка). З'явіліся таксама «судовыя кнігі», у якія ўносіліся даныя аб разборы тых або іншых судовых спраў. На гэтай падставе ўзніклі «Кнігі земскага, гарадскога і падкаморскага суда». З палавіны XV ст. прымаліся меры да кадыфікацыі тагачаснага дзяржаўнага права, падвяргаліся сістэматызацыі законадаўчыя акты, прывілеі, пастановы сеймаў, распараджэнні («Статуты») вялікіх князёў і г. д. З другога боку, пачала развівацца досыць рознастайная гістарычная літаратура, у якой факты мінулага і сучаснага атрымлівалі спецыфічную літаратурную апрацоўку — у выглядзе гістарычных аглядаў, дзённікаў, сінопсісаў, мемуараў, данясенняў уладам, разважанняў на гістарычныя і палітычныя тэмы.

Нават гістарычныя творы, якія па знешніх прыёмах іх складання фармальна адносяцца да летапісаў, з XVII ст. па сутнасці ўжо трацяць свой летапісны характар і больш падыходзяць да гістарычных апавяданняў і мемуараў. Да такіх твораў трэба аднесці Баркалабаўскі летапіс. Аўтар яго, відаць, член царкоўнага брацтва, больш за ўсё ўвагі ўдзяляе тым падзеям, аб якіх ведаў ад сваіх старэйшых сучаснікаў або сведкам якіх быў сам. Ён пісаў каля палавіны XVII ст. аб фактах мясцовай гісторыі — сяла Баркалабава (Быхаўскай акругі), Магілёва, Полацка і толькі часткова закранаў іншыя мясцовасці і больш буйныя падзеі. Ён падрабязна апісвае гаспадарчае стновішча сялянства канца XVI і пачатку XVII ст., галадоўкі сялян пачатку XVII ст. і г. д. Да сялян ён адносіцца спачувальна, да ўніятаў — духавенства і паноў — варожа. Храналагічна апісваемы ім час закранае падзеі з 1563 да 1608 гг., але затым, пасля 25-гадовага перапынку, ён апісвае падзеі 1633 г.

Да гістарычных аглядаў трэба аднесці Сінопсіс, выданы ў 1632 г. віленскім праваслаўным брацтвам. У ім змяшчаецца гістарычны агляд правоў праваслаўнай царквы, асабліва заходнерускай, у прыватнасці віленскага праваслаўнага брацтва. Сінопсіс накірован супраць царкоўнай уніі, і ў ім ёсць спроба гістарычна абвергнуць імкненні ўніятаў да апалячвання і акаталічвання праваслаўнага насельніцтва Літвы і Беларусі[13]

Гістарычныя падзеі, якія ў значнай ступені зак'ранаюць Беларусь, апісаны і ў работах польскага езуіта, рэктара Віленскай Духоўнай акадэміі Войцэха Каяловіча. У сваіх напісаных па латыні работах ён выкладае гісторыю Літвы ад старажытнейшых часоў да Люблінскай уніі (у двух частках) [14] . Апрача таго, ён напісаў (таксама па латыні) некалькі іншых гістарычных работ, у якіх закраналіся падзеі беларускай гісторыі—аб царкоўным становішчы ў Вялікім Княстве Літоўскім[15] і аб народным паўстанні палавіны XVII ст. супраць Польскага каралеўства [16] . Гістарычныя работы Каяловіча прасякнуты яркім палонафільскім і каталіцкім напрамкам. Асвятленне фактаў у яго даецца ў скажоным духу і часта нават самыя факты перадаюцца ва ўгоду яго тэндэнцыям скажона. Ён усюды ўсхваляе дзеянні езуітаў і польскіх улад. Паўстанне народных мас, якое прывяло да аддзялення Украіны ад Польшчы, ёy называе бунтам (rebillio) і бачыць у ім толькі праяўленне варожых намераў дурных і разбэшчаных людзей. Але пры крытычных адносінах да яго работ з іх усё-ж можна атрымаць карысны для гісторыкаў фактычны матэрыял.

З твораў, якія прадстаўляюць цікавасць для гісторыкаў, трэба адзначыць таксама дзённік беларускага шляхціча канца XVI і пачатку XVII ст. Феодара Еўлашэўскага. Не будучы гісторыкам, Еўлашэўскі ў сваім дзённіку спрабаваў асэнсаваць сучаснае яму гістарычнае становішча Беларусі і Літвы. Ён робіць гэта з пункту гледжання патрыятычна настроенага літоўскага шляхціча. Як і летапісцы канца XVI ст., ён настроен супраць палякаў. Усе яго сімпатыі знаходзяцца на баку літоўскіх феадалаў—князёў Слуцкіх, паноў Хадкевічаў, Сапег, Кміты і іншых. Са свайго досыць шырокага жыццёвага вопыту ён вынес перакананне, што палякі баяліся, як-бы Літва не ўступіла ў саюз з Масквой («або се Літва з Маскоўскім не паразумела»), г. зн. адзначыў той факт, што ў Літоўскім княстве існавалі моцныя сімпатыі да Масквы. Хоць Еўлашэўскі не ўказвае, ад якіх слаёў ішлі гэтыя сімпатыі, але наўрад ці ён мог не ведаць таго, што імі больш за ўсё былі ахоплены народныя масы Беларусі.[17]

Мемуарна-гістарычны характар носяць і Адпісы (данясенні) польскаму каралю і панам аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (канец XVI ст.). Па паходжанню Кміта-Чарнабыльскі, відаць, не быў беларусам[18] , але, доўга служачы ў Оршы і сустракаючыся з людзьмі рознага становішча (па большай частцы беларусамі), ён добра вывучыў быт беларускага народа, яго мову, на якой і пісаў з нязначнай прымессю паланізмаў. Для гісторыкаў яго Адпісы цікавыя ў двух адносінах. Па-першае, яны насычаны беларускімі прыказкамі, многія з якіх пераклікаюцца з сучаснымі прыказкамі, што распаўсюджаны ў Беларусі. Многія з гэтых прыказак узніклі ў народным асяроддзі і выражалі народную мудрасць. Аднак, перадаючы іх, Кміта, далёкі ад народных мас па свайму службоваму становішчу, часта вытлумачваў іх і не ў народным духу. Па-другое, Адпісы Кміты каштоўны як запісы назіральнага сучасніка апісваемых падзей. Займаючы відныя пасады ў пагранічных з Масквой абласцях, ён разумеў значэнне ўзрастаўшай Маскоўскай дзяржавы і адчуваў небяспеку яе для польскіх феадалаў. Нягледзячы на сваю старанную службу Польшчы (за свае заслугі ён быў прызначан у сенатары), Кміта быў прасякнуты мімавольнай павагай да Масквы і да яе цара Івана IV, якія прадстаўлялі сабой у той час грозную сілу для Польшчы[19] .

Як спроба гістарычнага асвятлення сучаснай аўтару рэчаіснасці значную цікавасць прадстаўляе «Прамова Івана Мялешкі, кастэляна Смаленскага», нібыта сказаная ім на сейме ў Варшаве ў 1589 г. [20] На самай справе такая прамова не магла быць ні дапушчана, ні сказана ні на якім сейме. Яна была складзена пазней, магчыма, у першай палавіне XVII ст. якімсьці мозырскім шляхцічам, прычым імя Мялешкі, які сапраўды быў кастэлянам Смаленскім, узята як псеўданім. «Прамова Мялешкі» мае характар памфлета, у якім ён нападаў на засілле палякаў і часткова немцаў у Беларусі. Аўтар ярка падкрэслівае, што паганыя прывычкі да раскошы, любоў да дарагіх іншаземных він захапілі і беларускае шляхецтва і павялі да заняпаду ў яго асяроддзі добрых старых нораваў. «Много тута нх такнх есть, што хоть н наша костка, однако собачьим мясом обросла и воняет». Аўтар ганьбіць польскіх каралёў за тое, што яны аддавалі перавагу немцам, а не мясцовым людзям, і процістаўляе ім караля Сігізмунда, які «немцев, як собак, не любил, и ляхов с их хитростями вельми не любил, але Литву и нашу Русь любительно миловал». У памфлеце выражаецца смутак з поваду таго, што пад згубным уплывам немцаў і палякаў зніклі ранейшая прастата быту і строгасць нораваў. Аўтар памфлета нападае пры гэтым не толькі на паказную раскошу беларускіх і літоўскіх шляхцічаў, якія паддаваліся іншаземным шкодным прывычкам, але нават і на ўсю іншаземную культуру, аж да гадзіннікаў, купленых у Кіеве, і рэкамендуе лепш правяраць час, як гэта было ў старыну, па пеўню, «што нехыбне о полночи кукарекует». У агульным сатыра Мялешкі адлюстроўвае сабой псіхалогію правінцыяльнага дваранства, якое змагалася супраць польскага засілля, прытрымлівалася старадаўніх звычаяў і няздольна было зразумець соцыяльна-эканамічны сэнс бытавых перамен, якія адбываліся ў XVI і XVII ст. ст. Але па асвятленню нораваў XVI — XVII ст. ст. «Прамова Мялешкі», гаворачы словамі акад. Карскага, «мае і гістарычную і бытавую каштоўнасць, не меншую, чым якія-небудзь мемуары і дзённікі».[21]

Для мясцовай гісторыі досыць вялікае значэнне мелі і некаторыя роды царкоўнай літаратуры, якія заключалі ў сабе рад звестак гістарычнага і бытавога характару. Да твораў такога роду адносяцца «Жыція святых». Многія з іх прадстаўлялі сабой пераклады з іншых моў, але сярод іх былі і такія, што заключалі ў сабе творчы пераказ, напісаны на беларускай мове, тых або іншых арыгіналаў, г. зн. у значнай ступені самастойны прадукт беларускай творчасці. Да іх адносіцца «Жыціе віленскіх мучанікаў» (Іаана, Антонія і Еўстафія), відаць, беларусаў. Яны пакутавалі ў XIV ст., а «Жыція» іх былі напісаны ў XV ст. з пазнейшымі дабаўленнямі. У XVII ст. з'явіўся віленскі зборнік «Жыцій», апавяданні якога запазычаны з розных пацерыкаў, «Житийная повесть об Иосафате и Варлааме» і інш.

Маюць гістарычную цікавасць і сінодыкі, г. зн. кнігі памінанняў з прадмовамі. Нягледзячы на пакаянна-аскетычны характар сінодыкаў, у іх часта сустракаюцца каштоўныя звесткі аб паходах, міжусобных войнах, часам аб розных знатных асобах. У сінодыкі ўключаліся і некаторыя даныя бытавога характару; так, у іх памінаюцца жабракі і ўбогія людзі, «якія не мелі, дзе галавы прытуліці»[22].

З другой палавіны XVII ст. склаліся неспрыяльныя ўмовы для развіцця гістарычнай думкі Беларусі, таксама як і ўсёй беларускай культуры. Люблінская унія 1569 г. і Брэсцкая унія 1596 г. аблегчылі ўмовы для стварэння адзінага фронту феадалаў польскай, беларускай і літоўскай нацыянальнасцей, накіраванага на далейшае ўзмацненне феадальна-прыгонніцкага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнечання беларускага народа. Езуіты, якія дзейнічалі па ўказаннях Ватыкана, падтрымлівалі ўсімі спосабамі феадальную агрэсію на народныя масы і іх дэнацыяналізацыю. Польская мова і польскі ўплыў усё больш пранікалі ў Беларусь. На польскай мове складаліся многія творы тагачаснай літаратуры, яна пранікала і ў афіцыяльныя дакументы.

У літаратурных творах XVII — XVIII ст. ст., якія пісаліся на польскай і часткова лацінскай мовах[23], высмейваліся мова, вера і ўся культура беларускіх сялян, праводзіліся прыніжаючыя народную самасвядомасць ідэі аскетызма і пакорлівасці ўладам. Нават і абаронцы праваслаўя часта пісалі на польскай мове, асабліва свае палемічныя творы, разлічаныя на польскіх, а таксама палонафільскі настроеных чытачоў, якія паходзілі з асяроддзя беларускага шляхецтва і магнацтва. Ганенні на беларускую мову завяршыліся вядомым законам 1697 г., якім прадпісавалася, каб усе дзяржаўныя акты на тэрыторыі Літвы, Беларусі і Украіны пісаліся па-польску, а не па-руску. З гэтага часу польская мова стала дзяржаўнай мовай і для Беларусі, што, па замыслах польскіх улад, павінна было канчаткова парваць усякія сувязі Беларусі і Украіны з Масквой.

Феадальна-прыгонніцкі прыгнёт і праследаванне беларускай мовы і культуры з боку феадальных польскіх улад затрымала, але не падавіла праяўленняў беларускай думкі і свядомасці. Асабліва вялікую ролю ў справе развіцця беларускай самасвядомасці адыгралі ў другую палавіну XVI і ў XVII ст. так званыя царкоўныя брацтвы. Брацтвы складаліся за нямногім выключэннем з свецкіх людзей і валодалі значнай ступенню незалежнасці ад царкоўных улад не толькі каталіцкіх, але і праваслаўных. Брацтвы ўмешваліся ў царкоўныя справы, запрашалі духоўных асоб у цэрквы і манастыры, стваралі пры цэрквах школы, іншы раз нават набывалі правы патраната над цэрквамі. Будучы па свайму пераважаючаму складу ўплывовымі сходамі міран пры цэрквах, яны самым фактам свайго існавання супярэчылі адной з асноўных ідэй каталіцкага светапогляду—незалежнасці царквы ад свецкіх улад і прымату духавенства перад міранамі. У складзе брацтва пераважалі заможныя гараджане—купцы і майстры, хоць фармальна доступ у іх быў адкрыты і для іншых класаў; іх абаранялі многія ўплывовыя феадалы.

У перыяд ганення на праваслаўную рэлігію і на беларускую культуру (XVI — XVIII ст. ст.) брацтвы адыгралі прагрэсіўную ролю. Яны адстойвалі правы беларускага народа на самастойнае культурнае развіццё, хоць і баяліся закранаць класавыя прывілеі феадалаў. У ствараемых імі школах часта ставіліся драматычныя інсцэніроўкі, у большасці на беларускай мове. У гэтых школьных п'есах высмейваліся папы, католікі і схаластычная вучонасць. Стыль і змест гэтых п'ес былі цесна звязаны з народнай творчасцю і з'яўляліся адлюстраваннем народных сімпатый да беларускай мовы і быту, да ўсёй беларускай культуры. Брацтвы і ствараемыя імі школы многа зрабілі для захавання ў беларускім народзе веры ў свае сілы і для ўсведамлення народам самастойнасці яго культуры. У гэтым сэнсе яны садзейнічалі правільнаму развіццю гістарычных поглядаў беларускага народа на яго мінулае, сучаснае і будучае.

Не згасала грамадская самасвядомасць беларускага народа і ў творах народнай творчасці. У ёй знайшлі сваё адлюстраванне і некаторыя гістарычныя факты і з'явы перыяду ад XVI да XIX стагоддзяў. У народнай творчасці гэтага часу мы бачым зусім асэнсаванае разуменне тых перамен, якія адбыліся ў становішчы сялянства Беларусі з XVI ст. і выразіліся ва ўзмацненні паншчыны і іншых павіннасцей (другое заняволенне сялян, па выказванню Энгельса). К XVI — XVIII ст. ст. адносяцца песні аб «цяжкіх прыгонах» (паншчыне), якім падвяргалі сялян «з панядзелку да суботы». Але і гэтымі днямі паншчына не канчаецца, бо народ гоняць і «ў суботу на работу, а ў нядзелю на варту». К канцу XVI або пачатку XVII ст., г. зн. к часу ўзмацнення паншчыны, адносіцца песня, у якой менш цяжкае мінулае, калі «паншчына» была параўнальна невялікай («за старым было панам лёгка на работу»), параўноўваецца з новымі парадкамі, пры якіх жыць стала горш і «паншчына» стала асабліва цяжкай («цяпер за маладым панам цяжка на работу, увесь тыдзень на паншчыне, шарварка ў суботу»). У песнях адзначаецца, што ў гэты час узмацняецца нагляд за работамі на панскім полі («…прыгонятые лихи: дамоў рано не пущаюць, на постаци загоняюць»). У XVІІ-жа ст., у перыяд нацыянальна-вызваленчай вайны супраць польскіх паноў, узнікалі песні, у якіх адлюстроўвалася расправа сялян над памешчыкамі: «А нашего пана вядуць вешаць; нехай-жа ён праветрае, можа заўтра палепшае». Да змрочных матываў, якія характарызуюць народную няволю, фальклор дабаўляе і рэволюцыйную надзею па лепшае будучае, якое будзе дасягнута шляхам крывавай барацьбы з прыгнятальнікамі. А. М. Горкі правільна ўказваў, што фальклору быў чужды песімізм і што пры ўсёй цяжкасці бяспраўнага і безабароннага жыцця народу была ўласціва ўпэўненасць у перамозе над усімі варожымі яму сіламі. Адпаведна з гэтым песня аб «ліхіх прыганятых» канчаецца словамі:

«А мы постати сожнем, пригонятых—рожном».

У некаторых народных песнях выказваюцца спачувальныя адносіны беларускага народа да яго ўз'еднання ў канцы XVIII ст. з вялікім рускім народам. Песня дае параду генералу Касцюшка, які быў добра вядомы беларускаму народу, не ваяваць з рускімі, бо рускія:

«Вялікую сілу маюць,
Вам яе не ўзяці».

[24]

Такім чынам, у народных песнях, якія ствараліся ў адзін з самых змрочных перыядаў беларускай гісторыі, гістарычная самасвядомасць беларускага народа працягвала працаваць у прагрэсіўным напрамку. Правільна ацэньваючы цяжкае становішча беларускіх сялянскіх мас XVI — XVIII ст. ст., народная песенная паэзія ў той-жа час клікала сялян да барацьбы за лепшае жыццё і выказвала ўпэўненасць, што пры дапамозе вялікага рускага народа гэтая барацьба прывядзе да крушэння феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў. Гэтым самым народная творчасць рысавала правільную гістарычную перспектыву і выяўляла правільную ацэнку ходу гістарычнага развіцця беларускага народа.


  1. Лепшай работай, прысвечанай жыццю і дзейнасці Скарыны, з'яўляецца кніга праф. Владзімірава „Доктор Франциск Скарина". СПБ, 1888.
  2. Першае выданне выйшла ў 1577 г, другое— у 1590 г. Надрукавана ў XII т. „Рускай гістарычнай бібліятэкі".
  3. Пералік і выкладанне зместу палемічных твораў XVI ст. ёсць у Карскага («Беларусы», т. III, 2, стар. 172—209). Гл. таксама Завітневіч. Палінодыя Захарыя Капысценскага (Варшава, 1883). У гэтай рабоце ёсць гістарычны нарыс палемікі, узнікшай у сувязі з царкоўнай уніяй.
  4. К. Харлампавіч . Заходнерускія праваслаўныя школы XVI і пачатку XVII ст. Казань, 1898.
  5. Твор Хрыстафора Філарэта паявіўся ў 1597 г. пад назвай «Апакрысіс».
  6. «Перастрога» надрукавана ў актах Заходняй Расіі, IV, № 149.
  7. Іаан Вішэнскі быў украінцам па месцу жыхарства, але звяртаў свае прамовы і пасланні і да ўкраінскага, і да беларускага народаў і таму па праву павінен лічыцца дзеячом і ўкраінскай, і беларускай культуры. Найбольш яркія з яго твораў надрукаваны ў «Актах Поўднёва-Заходняй Русі», т. II, а таксама ў «Архіве Поўднёва-Заходняй Расіі», ч. I, т. VII, стар. 19—48.
  8. Карскі . Беларусы, т. III, 2, стар. 201.
  9. Выдана ў Вільні ў 1610 г.
  10. Катэхізіс С. Буднага ва ўрыўках надрукаваны у Археаграфічным зборніку дакументаў, якія адносяцца да Поўночна-Заходняй Русі, т. VII, прадмова, стар. 16—24
  11. Евангелле ў перакладзе Цяпінскага гл. у «Киевской Старине», 1889, студзень, дадатак.
  12. «Пасланне на зламудрые Касога і іжэ з ім» інака Зіновія Отэнскага (Чытанні ў Таварыстве Гісторыі старажытнасцей Расійскіх пры Маскоўскім універсітэце, 1880, № 2)
  13. Архіў Поўднёва-Заходняй Расіі, ч. I, т. VII, стар. 533—649
  14. Historiae Lithauniae, pars prima (1650) i Historiae Lithauniae, pars altera (1869)
  15. Miscellanea rerum ad Statum ecelesiasticum eceleriasticum in Magno Lithaniae Ducato pertinentum, 1650
  16. De rebus anno 1648 et 1649 contra Zaporovios cosacos gestis, 1651.
  17. Дзённік Еўлашэўскага надрукаваны ў «Киевской Старине» (1886 г., студзень, стар. 124—160).
  18. Е. Ф. Карскі . Беларусы, т. III, 2, 1910, стар. 110.
  19. Адпісы Кміты-Чарнабыльскага выданы са значнымі скарачэннямі ў «Актах, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», т. III, стар. 164—177.
  20. Надрукавана ў «Актах. якія адносяцца да гісторыі Поўднёвай і Заходняй Расіі», т. II, СПБ, № 158.
  21. Е. Ф. Карскі . Беларусы, т. III, в. 2, стар. 115
  22. Там-жа, стар. 141. Падрабязней аб іх гл. у «Чытаннях Таварыства гісторыі і старажытнасцей Расійскіх», 1910, № 3: «Да гісторыі Мінскага края».
  23. Да апошніх адносяцца работы Войцэха Каяловіча, аб якім гаварылася вышэй
  24. Народныя песні ў гэтым месцы цытуюцца галоўным чынам па кнізе акад. Е. Ф. Карскага «Беларусы» (т. III, в. I, стар. 371 —372) і часткова па зборніку Р. Шырмы «Беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі», Мінск, 1947.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.