Гутарка і шрыфт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гутарка і шрыфт
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 30 чэрв.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цяпер, калі крышацца старыя асновы жыцьця, калі трэба яшчэ гэтак многа зрабіць дзеля таго, каб збудаваць новае жыцьцё, — не пара занімацца пытаньнямі аб тым, якая гутарка беларускай мовы будзе будзе станавіць аснову разьвіваючайся літаратурнай мовы нашай. І мы бы не закранулі гэтай справы, калі б не прачыталі даволі цікавай стацьці ўроцлаўскага прафэсара Абіхта.

Гледзячы здалёку на беларусаў, гэты нямецкі філёляг-славіст акурат затрымаўся на гэтым пытаньні, каторае для нас не было дагэтуль такім пільным. Само сабой разумеецца, што яно для нас мае вялікую вагу, і пагляды прафэсара і зробленая ім работа — цэнны і патрэбны. Можам толькі цешыцца з гэтага і, пакуль ня прыйдзе час зрабіць аканчацельны выбар тэй ці іншай гутаркі, пазнаёмім чытачоў з вывадамі прафэсара. Вось, разьбіраючы першыя спробы беларускай літаратуры і яе навейшыя творы, прафэсар даходзіць да пераконаньня, што яна мае найбольш характэрных асобеннасьцей, супольных з ваўкавыскай гутаркай, ды на гэтым грунце выводзіць думку, што ваўкавыская гутарка ляжыць у аснове беларускай літаратурнай мовы, каторая далей і будзе разьвівацца, карыстаючыся найбольш ею.

Як мы ўжо казалі, цяпер яшчэ беларусам трудна зрабіць аканчацельны выбар тэй ці іншай гутаркі, — гэтаксама трудна, як выбраць тыя або іншыя літары. І мы, адзначыўшы толькі, што дагэтуль у беларускай літаратуры пераважываў слуцкі кірунак, затрымаемся на другім пытаньні — больш блізкім, больш сучасным для нас, таксама закранутым уроцлаўскім прафэсарам.

Справа ідзе аб літары — аб шрыфт, якім павінны пісаць беларусы. Тут ёсьць два або нават і тры выхады: два — калі будзем рабіць выбар між старабеларускім шрыфтам («рускімі» літарамі) і шрыфтам лацінскім; тры — калі яшчэ затрымаемся на пытаньні, ці ў лацінскім шрыфце апірацца на польскім ці на чэскім правопісьме.

Беларусы ўстроенай «Нашай Нівай» анкетай выказалі свой пагляд на першую часьць пытаньня. Апіраючыся на гістарычнай традыцыі, на тым факце, што беларусаў-праваслаўных, каторыя знаюць «рускія» літары, утрая больш за каталікоў, чытаючых пераважна лацінскімі літарамі, — урэшце, што расейская школа не дае праваслаўным магчымасьці надалей знаёміцца з лацінскім шрыфтам, аграмадная большасьць галасоў была пададзена за «рускія літары», каторымі «Наша Ніва» з таго часу і друкавалася. Але гэта яшчэ зусім не разьвязала пытаньня, і ўсялякія кніжкі — як да чытаньня, так і да навукі — друкаваліся найбольш і такімі, і сякімі літарамі. Поруч з гэтым і «лаціністы» дзеляцца на два кірункі: адны пішуць гэтаксама, як палякі, апіраючыся на тым, што многа нашых беларусаў-каталікоў, каб маліцца з польскіх малітвеньнікаў (беларускіх ажно да апошняга часу не было), вучыліся чытаць сьпярша па-польску; другія, уважаючы, што пры навуцы чытаньня вымова двайных літар cz і sz — гэта чыстае мучэньне для дзяцей, што наагул з пэдагагічнага пагляду кожнаму зыку павінен адпавядаць свой асобны знак, пішуць правопісмом чэскім, — значыць, замест cz ужываюць u, замест sz — љ. Гэтае апошняе пытаньне — чэхізмы чы палянізмы — часьцю ўжо разьвязана: усе кніжкі для школы, значыць, для тых, каго трэба навучыць чытаць, друкуюцца чэскім правопісмом, ды гэтаксама літаратурныя творы; затое публіцыстыка, каторая мае мэту дайсьці да тых, хто ўжо ўмее чытаць, ды пры гэтым да людзей сталых, карыстаецца найбольш польскім правопісмом. Але асноўнае пытаньне: латыніка ці «гражданка», хаця ў занятых землях землях апошняя забаронена, не разьвязываецца так лёгка.

Трэба думаць, што забарона друку рускімі літарамі скончыцца разам з вайной, і тады пытаньне аб шрыфце прыйдзецца так ці гэтак разьвязаць. Але нават і тады яшчэ ня будзе пэўнасьці, што зроблены выбар будзе пацьверджан жыцьцём.

Цікавы прыклад дае нам Румынія. І там, як у нас, здаўна былі два шрыфты. Каля палавіны мінуўшага сталецьця пераважыў шрыфт «рускі», і ўсё ў Румыніі друкавалі «кірыліцай». Але за апошнія 50—60 гадоў «кірыліцу» выціснула зусім латыніка, — і здавалася, што гэтак ужо будзе на вечныя часы. Ажно вось цяпер — у часе вайны — у Румыніі ізноў робяцца спробы вярнуць «кірыліцу», і ўжо адна газэта друкуецца «рускімі» літарамі.

Гэты прыклад паказвае найлепей, якое цяжкое пытаньне стаіць перад беларусамі. І як бы мы ні разьвязалі яго цяпер, разьвязка будзе вымагаць зацьверджаньня жыцьцём, каторае паправіць абмылку, калі яна зроблена.