Гродзенская Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1793 г. («Prawa Kardynalne»)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гродзенская Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1793 г. («Prawa Kardynalne»)
Аўтар: Рэч Паспалітая
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/grodzenskaya-kanstytutsyya-rechy-paspalitay-1793-g-prawa-kardynalne-/


Абвешчана 23 лістапада 1793 года
Гродзенская Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1793 г.
(«Prawa Kardynalne»)

Артыкул 1. Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае з усімі княствамі, ваяводствамі, землямі і паветамі... у адно нераздзельнае цэлае як бы спаянае, так павінна быць на заўсёды нераздзельнаю Рэччу Паспалітаю, вольнаю і ні ад каго незалежнаю; найвышэйшая ўлада і заканадаўства каторай знаходзяцца ў сойме, на чале якога знаходзіцца Кароль; сойм складаецца з сената і прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя... Толькі сам сойм можа ўхваляць падаткі і імі распараджацца, войска для агульнай абароны падпарадкаванае і вернае сойму будзе ўтрымлівацца ў падпарадкаванні ўладзе, якая над тым войскам будзе ўстаноўлена. Толькі сойм будзе правамоцны абвяшчаць вайну, заключаць мір і ўсялякія трактаты, утвараць і паляпшаць дзяржаўныя ўстановы, вызначаць час іх дзейнасці, прызначаць асабовы склад у вышэйшыя ўстановы, выбіраць вялікіх паслоў, а таксама вызначаць парадак іх выбару... Заканадаўчая ўлада будзе заўседы аддзелена ад выканадаўчай улады... Ніводная выканаўчая ўлада не будзе мець моцы нікому загадваць і прымушаць для іх выканання, чаго права не загадвае, а таксама не можа дазваляць сабе і нікому нерабіць або ігнараваць тое, чаго патрабуе выконваць закон.

Артыкул 2. Феадальнае права на ўласнасць у Рэчы Паспалітай ніколі не можа быць падарвана і ўладнае верхавенства Рэчы Паспалітай над такімі феодамі вечна і неадменна будзе захавана.

Артыкул 3. У каралеўстве Польскім І Вялікім княстве Літоўскім с(вятая) каталіцкая рымская вера абодвух абрадаў, з усімі правамі с(вятому) касцёлу служачымі, вечна будзе пануючай і так павінна ў публічных актах называцца.

Артыкул 4. Пераход з рымскага каталіцкага касцёла абодвух абрадаў у якое-небудзь іншае вызнанне будзе заўсёды разглядацца як крымінальнае злачынства... пакараннем за гэта будзе выгнанне з дзяржаў Рэчы Паспалітай...

Артыкул 5. Каралем Польшчы і вялікім князем Літоўскім можа быць ніхто іншы, як толькі рымскі католік, каралева таксама павінна быць рымскай каталічкай...

Артыкул 6. Вялікае княства Літоўскае злучанае вечнай уніяй з Польшчай, згодна з умовамі складаюць адну цэлую Рэч Паспалітую ... Правы і прывілеі, законна выдадзеныя асобам будуць захоўвацца ў цэласці. Канцлеры абодвух народаў павінны ажыццяўляць за гэтым строгі нагляд.

Артыкул 7. ... (не адносiць да Беларусі).

Артыкул 8. Не дазваляецца якой-небудзь краёвай уладзе, нават і заканадаўчай заключаць пагадненні аб уступцы часткі тэрыторыі і адаравання іх ад Рэчы Паспалітай, а ўсялякія такім спосабам адарваныя, аддаленныя або абмежаваныя часткі тэррыторыі, як належачыя да Рэчы Паспалітай непахісна будуць ёй належаць ... кожны хто будзе ўдзельнічаць у такіх дагаварах будзе абвешчаны як вораг бацькаўшчыны.

Артыкул 9. Свабодныя выбары караля згодна з пастановай гэтага сойма застануцца ў сваёй поўнай сіле.

Артыкул 10. Правы каралёў, выкладзеныя ў Пактах канвента на цяперашнім сойме, як з боку адносін народа да караля, так і ад караля да народа павінны дакладна захоўвацца на вечныя часы і згодна з імі Каралі Рэчы Паспалітай павінны баючыся Бога ўсё здзяйсняць, а народ павінен выказваць каралям паслухмянасць. У выпадку, калі б каралі што-небудзь з кардынальных правоў Рэчы Паспалітай або Пактаў канвента дадзеных пад прысягай парушылі, у такім выпадку Пастаянная рада павінна склікаць надзвычайны сойм. Такі сойм будзе мець права большасцю галасоў у дзве трэці абвясціць народ вольным ад падпарадкавання каралю...

Артыкул 11. Усе грамадзяне Рэчы Паспалітай шляхецкага саслоўя і ўсякага грамадскага стану, а таксама іншаземцы, што прыбылі і якім-небудзь спосабам пражываюць у дзяржавах Рэчы Паспалітай, карыстаюцца пісаным мясцовым правам і каторае потым у Рэчы Паспалітай будзе ухвалена... Аднастайна будуць мець прававую апеку і карыстацца з права асабістай бяспекі і ўласнасці, якія агульна ўсім дазволены. Аднак аб'ём правоў шляхты адносна гонару, годнасці і пасад духоўных і свецкіх, толькі адной мясцовай шляхце павінен служыць. Біскупствы і міністэрскія пасады толькі радавітыя шляхціцы будуць мець. Роўнасць правоў саслоўя шляхты будзе захоўвацца непарушна так, што гэтыя роўнасці ніякія тытулы, ані ў чым перашкаджаць не будуць магчы,

Артыкул 12. Кожны шляхціц, мешчанін або чужаземец пастаянна пражываючы і які мае нерухомую маёмасць у краінах Рэчы Паспалітай, без папярэдняга разгляду справы ў судзе не можа быць арыштаваны і права "ніхто не можа быць арыштаваны без судовага разгляду" павінна служыць ім заўсёды, за выключэннем выпадкаў пры ўчыненні злачынстваў прадугледжаных законам.

Артыкул 13. Цэласнасць верхавенства і ўласнасці шляхецкага саслоўя, і земляўладальнікаў над спадчынымі маёнткамі і падданымі ў іх, згодна з статутовым заканадаўствам ніколі не будзе скасаванае і не зменшанае. Аднак права пазбаўлення жыцця над падданымі не можа знаходзіцца ў руках памешчыка, аднак падданы, які ўчыніў крымінальнае злачынства павінен быць адданы належнаму суду і пасля разгляду ўсіх доказаў суд вырашыць справу. За забіццё селяніна не выпадкова, а наўмысна і дабравольна, па даносу каго-небудзь у судзе пры належных доказах, нават гаспадар можа быць пакараны смерцю.

Артыкул 14. Свабода думкі і слова ўрачыста забяспечваецца на сойміках кожнаму шляхціцу і дэпутатам на сойме... Публічные пісьмы і друкі, якія прызываюць да абвяржэння рэлігіі або кардынальных правоў, што прынятыя цяпер не будуць дазволены.

Артыкул 15. Усялякія пасады, дастойнасці, чыны духоўныя і свецкія аднойчы наданыя, дазволеныя згодна з правам, каралеўскімі прывілеямі будуць кожным спакойна ўжывацца, ніколі ні пад якой зачэпкай не будуць адбірацца, і ні кім пры карыстанні чужым правам не могуць быць ануляваны, хіба хто будзе пазбаўлены судовай пастановай.

Артыкул 16. Кардынальныя правы ў Рэчы Паспалітай будуць трываць на векі, святыя, заўсёды непарушныя, ніколі ні ў чым не могуць быць парушаныя, пашкоджаныя і зневажаныя. Ніякі сойм, ніякая ўлада, і сход іх адмяняць, зменшаць, пераіначваць не могуць.

СОЙМЫ

Чарговы сойм Рэчы Паспалітай, на чале якога стаіць Кароль, складаецца з сената і рыцарскага стану. Рыцарскі стан складаецца з дэпутатаў, выбраных на сойміках ,.. збірацца сойм будзе адзін раз у 4 гады.

Паседжанні чарговых соймаў будуць адбывацца два разы ў Варшаве і трэці раз у Гародне. Чарговы сойм будзе засядаць 8 тыдняў, з 1 кастрычніка да канца лістапада...

Ад гатага часу не будзе асобных двух палат, як да гэтага было палата сената і пасольская палата, але абедзве палаты будуць засядаць разам, абмяркоўваць, соймаваць і разам прымаць законы для народа.

Пастаянная Рада

Пастаянная Рада, што была ўтворана на сойме 1775 г. замест сенатскай камісіі, будзе складацца з Караля як галавы народа, з сенатараў і асоб рыцарскага стану. У складзе Рады пры Каралі будуць: два біскупы (адзін ад Польшчы, другі ад Вялікага княства Літоўскага), 4 свецкіх сенатары, 4 міністры (па два ад Польшчы і па два ад Вялікага княства Літоўскага) і 14 з рыцарскага стану (8 ад Польшчы і 6 ад Вялікага княства Літоўскага) (Усяго 24 асобы: 13 ад Польшчы і 11 ад Вялікага княства Літоўскага).

Цытуецца ў адпаведнасці з тэкстам дакумента, змешчаным у выданні:

Volumina Legum. Роznan. 1952. Т. 10. 8. 110-156

Васілевіч, Р.А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі / Р.А. Васілевіч, Т.І. Доўнар, І.А. Юхо; Бел. дзярж. ун-т. Юрыд. фак.- Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2001.- С. 121—123.

У адпаведнасці з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 1996 года № 370-XІІІ «Пра аўтарскае права і сумежныя правы» афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі і знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскіх праў.