Перайсці да зместу

Грамадская дзейнасць і светапогляд Георгія Скарыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Грамадская дзейнасць і светапогляд Георгія Скарыны
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Перцаў
1948
Крыніца: Весці АН БССР - 1948 - №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзейнасць Скарыны, як і кожнага іншага выдатнага грамадскага дзеяча, нельга разглядаць асобна ад той соцыяльнай і палітычнай абстаноўкі, у якой яна працякала. Пачатак XVІ стагоддзя характарызаваўся ажыўленнем грамадскай думкі і грамадскага жыцця ў Беларусі і Вялікім Княстве Літоўскім, пад уладай якога знаходзілася тады Беларусь. У адказ на феадальны прыгнёт з боку літоўскай і беларускай шляхты і магнатаў узнікалі сялянскія хваляванні ― пакуль яшчэ не прымаўшыя пагражаючых для феадальнага ладу размераў і не перарастаючыя ў шырокія народныя паўстанні. У гэты час, у сувязі з узмацненнем гарадскога самакіравання, павялічваўся пратэст мяшчанскага насельніцтва гарадоў супроць правоў і прывілегій шляхты і супроць самавольства ваяводаў, якія парушылі правы гарадскіх жыхароў на гандаль і саматужную вытворчасць. Узмацніўся таксама і нацыянальна-рэлігійны прыгнёт беларускага праваслаўнага насельніцтва з боку палякаў і літоўцаў-католікаў. Праваслаўнае беларускае насельніцтва гарадоў усяляк абмяжоўвалася ў правах па ўдзелу ў гарадскім самакіраванні, а ў некаторых выпадках нават зусім пазбаўлялася гэтых правоў.

Пачатак XVІ стагоддзя быў і часам рэфармацыйнага руху, які, паводле азначэння Энгельса, быў адным з рашучых сражэнняў еўрапейскай буржуазіі супроць феадалізма і, незалежна ад Захада, узнік на Усходзе Еўропы ў выглядзе ерэсі стрыгольнікаў, жыдоўствуючых, несцяжацеляў. Патрабаванні рэформы царквы, узнікшыя на захадзе і на Ўсходзе, у розных выглядах і формах, знайшлі сваё адлюстраванне ў Беларусі і ў іншых месцах, дзе жыў і працаваў Скарына. Там-жа ўзніклі праяўленні і водгукі і некаторых гуманістычных ідэй-галоўным чынам праз «мірскія» літаратурныя творы ў процілегласць ранейшым творам выключна царкоўнага напрамку.

Жыццё Скарыны супала з часам, калі ў Беларусі часткова нараджалася, а часткова ўжо ішла упорная барацьба супроць феадальных сіл і супроць царквы — асабліва каталіцкай, якая выступала ў абарону правоў феадалаў.

Да гэтай барацьбы далучыўся і Скарына. Яго дзейнасць была звязана пераважна з апазіцыяй гарадскіх маёмных класаў насельніцтва супроць каталіцкай царквы і яе дамаганняў на выключнае ўладанне адукаванасцю і ведамі. Біяграфічныя звесткі аб ім вельмі бедныя. Яго літаратурная, перакладніцкая і грамадская дзейнасць нам вядома толькі часткова, але, мяркуючы па яе характару, ён быў бліжэй за ўсё да тых умераных і заможных слаёў гарадскога мяшчанскага насельніцтва, якое імкнулася вырваць манаполію на адукаванасць з рук духавенства, наблізіць першакрыніцы хрысціянскай рэлігіі да шырокіх грамадскіх колаў, даць ім у рукі найбольш папулярныя царкоўныя кнігі і гэтым самым расшырыць царкоўную адукаванасць сярод магчыма большай колькасці людзей. Гэтае імкненне да шырокага распаўсюджвання кніг — хоць бы царкоўных, і перш за ўсё бібліі, мела вялікае грамадскае і культурнае значэнне. Афіцыяльная царква імкнулася аддаліць першакрыніцу рэлігіі — біблію ад грамадства і ад народа, бо апасалася таго, што азнаямленне з ёй можа прывесці да небяспечных вывадаў, а Скарына жадаў наблізіць яе да народа, да грамадства, і ў гэтым ужо заключалася яго немалая заслуга. Ён садзейнічаў таму, каб кніга магла чытацца «простымі людзьмі» і каб грамаце навучацца мелі магчымасць усе, хто таго пажадае. Па імкненню ўзняць адукаванасць і культуру ў сваёй айчыне і па скрытай у яго дзейнасці апазіцыі да манаполіі духавенства на адукацыю ён набліжаўся нават да гуманізма, калі разумець гэтае слова ў шырокім сэнсе любві да асветы і шырокага распаўсюджвання культуры — хоць бы спачатку і царкоўнай. Распаўсюджваючы біблію, надрукаваную на мове, зразумелай для насельніцтва паўночна-усходняй Расіі, ён пракладваў гэтым шлях да культурнага збліжэння паміж насельніцтвам Маскоўскай дзяржавы і насельніцтвам Беларусі. Ён садзейнічаў таксама фарміраванню беларускай літаратурнай мовы, і гэтым уносіў свой уклад у працэс фарміравання беларускай народнасці.

Але не трэба забываць і пра абмежаванасць тых задач, якія Скарына ставіў перад сабой, і пра абмежаванасць тых колаў, з якімі была звязана яго дзейнасць. Першакрыніцы аб яго жыцці і дзейнасці не дазваляюць зрабіць вывадаў наконт яго сувязей з дэмакратычным рухам таго часу — сялянскімі паўстаннямі або рухам гарадскога плебса. Адсутнічаюць указанні і на тое, што яго дзейнасць знаходзіла водгукі ў шырокіх народных масах і выклікала ў іх пратэсты супроць феадальнага ладу або царкоўнага цемрашальства. Яго дзейнасць была звязана, галоўным чынам, з вярхамі гарадского грамадства і часткова са шляхтай, і таго размаху, які быў уласцівы дэмакратычным рухам, яна не набыла.

Тым не менш дзейнасць Скарыны была глыбока прагрэсіўнай. Яна была прагрэсіўнай па скрытай у ёй барацьбе з манапалістычнымі дамаганнямі царквы на адукацыю, па самой магчымасці для таго часу атрымаць з бібліі карысныя веды, па любві Скарыны да свайго народа і сваёй мовы, па самой сутнасці друкарскай справы, якая была патрэбна і карысна для развіцця культуры наогул.

Нарадзіўся Скарына, як відаць, у 1490 годзе ў г. Полацку ў заможнай купецкай сям'і. Па свайму паходжанню ён быў, паводле яго ўласных слоў, «рускім», г. зн. беларусам, бо слова «рускі» ужывалася тады ў Беларусі толькі ў адносінах да беларусаў, у адрозненне ад палякаў і літоўцаў. «Рускую» мову ён называе сваёй «прыроджанай мовай»; свой беларускі патрыятызм, г. зн. любоў да беларускай радзімы, ён выводзіў «найболее з той прычыны, іжэ імя міласцівы бог з таго языка (рускага) на свет пусціў». Не можа быць сумнення, што ён быў і праваслаўным па веравызнанню, бо неаднаразова падкрэсліваў, што хацеў-бы працаваць для «сваёй братиі Русі» (г. зн. беларусаў), а беларусы (за вельмі малым выключэннем) былі праваслаўнымі. Да таго-ж тыя кнігі бібліі, на пераклады якіх ён звяртаў асаблівую увагу, — Псалтыр і Апостал, ужываліся толькі ў праваслаўным, а не ў каталіцкім богаслужэнні і былі найбольш любімымі пашыранымі сярод праваслаўнага насельніцтва.

Радзіма Скарыны — горад Полацк быў багатым горадам, які падтрымліваў гандлёвыя сувязі з заграніцай і з Масквой. У 1498 годзе Полацк атрымаў самакіраўніцтва па Магдэбургскаму праву, і яго вышэйшы слой, да якога належала і сямейства Скарыны, прымаў актыўны удзел у грамадскім жыцці горада. Гэта расшырыла кругазор полацкіх купцоў і заможных рамеснікаў, выклікала ў іх цікавасць да ведаў і адукацыі. Можна меркаваць (хоць прамых падцверджанняў і няма), што гэтая цікавасць да ведаў не абышла сям'і Скарыны і прымусіла яго самога, амаль у дзіцячым узросце, пакінуць родны дом і паступіць у Кракаўскі універсітэт (у 1504 г.).

У той час, калі Скарына пакідаў Полацк, у горадзе адбывалася вострая барацьба паміж полацкім мяшчанствам, якое дабівалася свабоды у сваіх гандлёвых і рамесніцкіх справах, і полацкім ваяводам, які апіраўся на землеўласнікаў шляхецкага паходжання, жыўшых часткова ў горадзе і часткова за яго межамі. Мяшчанства Полацка, паводле Магдэбургскага права, будучы свабодным ад падпарадкавання ваяводзе ў судзе, было аднак падначалена яму ў ваенных адносінах. Апрача таго, калі мяшчане куплялі зямлю у «баяр» (дробных землеўласнікаў), то самі яны, ператвараючыся у землеўласнікаў, рабіліся падсуднымі ваяводскаму суду. З другога боку, і землеўласнікі, пражываючыя ў горадзе, павінны былі падпарадкоўвацца гарадскому суду і гарадской адміністрацыі. Але на практыцы ні мяшчане не жадалі падпарадкоўвацца суду і ўладзе ваяводы, ні землеўласнікі-шляхцічы не прызнавалі сябе падсуднымі гарадскім уладам. Адносіны яшчэ больш ускладніліся таму, што намеснікі-ваяводы, апіраючыся на распарадчую і ваенную ўладу, якая знаходзілася у іх руках, не хацелі лічыцца з ярмарачнымі правамі мяшчан і рабілі ўсякія перашкоды свабоднай дастаўцы хлеба ў Полацк з іншых месц, а таксама і іншых прадуктаў па водных шляхах, сцяснялі свабоду промыслаў і раместваў і гэтым давалі мяшчанам справядлівы повад скардзіцца на «крыўды і ўціскі, на грабяжы і на зламанне права Майборгскага». Яны звярталіся за дапамогай да вялікага князя Літоўскага, і паколькі апошняму было выгадна ў фіскальных мэтах развіваць гандаль і рамествы, то ён падтрымліваў гараджан, але рабіў гэта нерашуча, бо не жадаў сварыцца і з баярамі (шляхтай), і, падцвярджаючы прывілегіі гараджан, практычна нічога не рабіў для сапраўднай аховы іх правоў.

Узнікае пытанне, ці была прычынай гэтая даволі вострая соцыяльная барацьба, якая адбывалася тады ў Полацку, таго, што Скарына пакінуў горад? Магчыма, што яго бацьку і старэйшага брата, як багатых купцоў, і закранулі тыя абмежаванні ў гандлі і ярмарачным праве, што ішлі ад намесніка-ваяводы. Але недастатковыя даныя крыніц і, што яшчэ больш важна, агульны характар яго пазнейшай дзейнасці не дазваляюць паставіць уход яго з Полацка ў сувязь з грамадскай барацьбой. Найбольш верагодным меркаваннем аб прычынах, прымусіўшых 14-16-гадовага юнака пакінуць родны горад, застаецца тое, што ён зрабіў так, жадаючы расшырыць свой разумовы кругазор і атрымаць у другім месцы больш шырокую адукацыю, чым тую, якую мог даць яму Полацк. Прычым ён — цікаўны, але неспрактыкаваны яшчэ юнак, несумненна знаходзіўся пад уплывам чуткаў аб Кракаўскім універсітэце — адзіным універсітэце Польскай дзяржавы таго часу, ад якога ён шмат чакаў, але, як хутка пераканаўся сам, не атрымаў таго, чаго чакаў. Кракаўскі універсітэт знаходзіўся тады ў руках каталіцкага духавенства; выкладанне ў ім было схаластычным і падпарадкавалася патрабаванням богаслоўя. Нават ад медыкаў патрабавалася перш за ўсё праяўленне клопатаў аб выратаванні душы, а пасля ўжо аб лячэнні цела. Такі характар выкладання не мог задаволіць Скарыну, і ён ужо ў 1506 годзе, атрымаўшы ступень бакалаўра, пакінуў Кракаўскі універсітэт. Праз некаторы час ён пераехаў у Італію і ў Падуянскім універсітэце ў 1512 годзе атрымаў ступень «у лекарскіх навуках доктара». Падуянскі універсітэт быў у той час адным з перадавых універсітэтаў у Еўропе. У ім было добра пастаўлена выкладанне прыродазнаўчых навук, яго лічылі «прытулкам ратавання» для ерэтыкаў, у ім вывучалася медыцына, свецкае права, антычная філасофія і літаратура, сярод яго студэнтаў пераважалі не клірыкі, а свецкія асобы. У асяроддзе студэнтаў і выкладчыкаў пранікалі новыя па таму часу друкаваныя кнігі, новыя гуманістычныя веянні. Але прабыванне Скарыны ў Падуі было кароткім, і нават у спісах студэнтаў Падуянскага універсітэта яго прозвішча не ўпамінаецца, а толькі ўпамінаецца ў спісах атрымаўшых ад універсітэта вучоную ступень доктара, якая, відаць, была прысуджана яму як экстэрну. Тлумачыцца гэта тым, што паміж 1509 і 1517 гг. заняткі ў Падуянскім універсітэце былі спынены, таму, што ў 1509 годзе паміж Венецыянскай рэспублікай і Францыяй пачалася вайна.

Дзе і як праводзіў свой час Скарына паміж 1512 і 1517 гг., мы не ведаем. Але ў 1517 годзе ён паявіўся ў Празе, дзе разгарнуў шырокую дзейнасць па перакладу і выданню некаторых біблейскіх кніг. Прагу яго прываблівала, відаць, адносная вольнадумнасць, якая трымалася гам з часу гусізма. Прабыў ён у Празе каля трох год (1517-1520), а затым, па невядомых прычынах, відавочна ў сувязі з каталіцкай рэакцыяй, якая пачалася ў Еўропе і дакацілася да Чэхіі[1]), ён пакінуў Прагу і ўзнавіў сваю выдавецкую дзейнасць у 1525 годзе ў Вільне. І ў Празе і ў Вільне ён меў матэрыяльную дапамогу з боку сваіх суграмадзян, заможных і відных членаў гарадскога самакіраўніцтва — радцы Багдана Онкава і бурмістра Якуба Бабіча, якія былі, відаць, звязаны з віленскімі брацтвамі[2]. Іх пакравіцельству Скарына быў многім абавязаны ў паспяховым разгортванні сваёй выдавецкай дзейнасці. Ёсць падстава лічыць, што Багдан Онкаў і Якуб Бабіч, як члены гарадскога самакіраўніцтва, былі членамі Віленскага «панскага» брацтва. Можа быць, што праз іх і Скарына быў звязаны з Віленскім брацтвам. Усё гэта падцвярджае думку, што ў Скарыны былі самыя цесныя сувязі з гарадскім мяшчанствам, іменна з яго заможнымі коламі, у руках якіх знаходзілася і гарадское самакіраванне. Самое выражэнне «брацці паспалітыя», на карысць якіх Скарына, паводле яго ўласных слоў, стараўся працаваць, па думцы праф. Владзімірава, адносіцца да гарадскога мяшчанства, бо ў такім-жа сэнсе яно іншы раз сустракаецца ў дакументах (напр. у грамаце 1553 г.). Тут мы маем справу з надзвычай характэрнай з'явай у дзейнасці Скарыны, якая паказвае цесную сувязь не толькі з заможным мяшчанствам Беларусі, але і з ранняй і пакуль што скрытай апазіцыяй гарадскіх жыхароў супроць царквы, супроць яе дамаганняў на манапольнае ўладанне адукацыяй і супроць яе правоў і прывілегій. У адкрытай форме гэтая барацьба супроць царквы ў Скарыны не праяўлялася, але само яго імкненне даць кнігу ў рукі «міранаў», што разглядалася тады звычайна як ерэсь, яго сувязі з віднымі і адукаванымі мяшчанамі (засведчаны крыніцамі), і амаль прамыя, хоць дакладна і не указаныя ў крыніцах, сувязі з брацтвамі і, нарэшце, асобыя, па-мірскаму, вольныя адносіны да самой бібліі, — усё гэта наводзіць на думку, што яго закранула «ерэсь гарадоў», накіраваная супроць папоў, супроць іх багацця і палітычнага становішча. Незалежна ад Захада пратэсты супроць папоўшчыны ўзнікалі і сярод беларускага насельніцтва. Яны падтрымліваліся гарадскім самакіраўніцтвам, у якім прымалі ўдзел блізкія да Скарыны па соцыяльнаму становішчу заможныя слаі горада.

Магдэбургскае права і цэхавая арганізацыя далі магчымасць сярэднім і вышэйшым слаям гарадскога грамадства прыняць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гарадоў.

У сувязі з гэтым гарадскія жыхары імкнуліся паставіць пад свой кантроль і царкву і духавенства ― спачатку незалежна ад іх прыналежнасці да той або іншай рэлігіі. Гараджане былі людзьмі рэлігійнымі і любілі праводзіць свой вольны час за чытаннем бібліі. Не праводзячы прамой барацьбы супроць духавенства, яны, аднак, хацелі, каб папы і епіскапы не трацілі грошай, збіраемых з насельніцтва і з падараваных ім маёнткаў, на распуснае жыццё і п'янства; яны патрабавалі, каб духавенства не прасмыкалася перад панамі і шляхтай і каб духоўныя асобы, як гэта (быццам) было ў старыну, выбіраліся і назначаліся гарадскімі ўладамі. Яны хацелі правяраць і рэвізаваць царкоўную маёмасць[3] «каб наклады царкоўныя (тут наклад-скарб царкоўны) без ведама не гінулі»..., «іно шкода немалая во цэркві бывала»[4]. Гэтыя патрабаванні былі накіраваны ў бок абмежавання правоў і прывілегій царквы, супроць яе так званай «порчы», супроць падпарадкаванасці царкоўных асоб феадалам, якія мелі над ёй права патраната. Яны былі блізкімі да тых патрабаванняў «дзяшовай царквы», якія зыходзілі ад умераных гарадскіх колаў у іншых частках Еўропы, хоць і узнікалі зусім незалежна адны ад другіх. Нападам пры гэтым, асабліва спачатку, да польска-каталіцкай агрэсіі, падвяргалася і праваслаўнае духавенства, сярод якога таксама было шырока развіта невуцтва, распуста і ўгодлівасць перад буйнейшымі феадаламі, што не падабалася гарадскому грамадству. Духавенства (спачатку і праваслаўнае) упорна змагалася з такім умяшаннем гараджан у царкоўныя справы, спасылаючыся на святых айцоў, у якіх «таго нет, абы мірскія людзі касаліся ка ўсялякаму царкоўнаму іспраўленню, або царквой валодалі». Але ў тых выпадках, калі духавенства было каталіцкім, барацьба супроць прывілегій царквы набывала больш востры характар і прыцягвала да сябе сімпатыі больш шырокіх народных мас. Асабліва вострыя формы гэтая барацьба атрымала з таго часу, калі ў другой палавіне XVІ стагоддзя ўзмацнілася польска-каталіцкая агрэсія, якая прынесла з сабой для народных мас не толькі рэлігійныя спрэчкі, але ўзмацненне соцыяльнага прыгнёту. Барацьба гараджан супроць правоў царквы з гэтага часу пачала праходзіць пад сцягам абароны праваслаўнай веры ад каталіцызма (і пазней уніяцтва). Абараняючы правы праваслаўных, да якіх належала асноўная маса гарадскога насельніцтва і амаль усё сялянства, гарадское мяшчанства абараняла гэтым самым інтарэсы народных мас.

Найбольш арганізаваным органам, з дапамогай якога гарадское мяшчанства вяло барацьбу супроць царкоўных прывілегій, асабліва прывілегій і засілля каталіцкай царквы, з'яўляліся так званыя брацтвы, г. зн. аб'яднанні мяшчан вакол прыходскай царквы або манастыра.

Стварэнне гэтых аб'яднанняў палягчалася і нават стымулявалася існаваннем гарадскога самакіравання (па Магдэбургскаму праву) і цэхавай будовай. Самыя назвы многіх брацтваў указваюць на іх сувязь з гарадскімі цэхавымі арганізацыямі; напрыклад, Віленскія брацтвы маюць назвы: кушнерскае, кажамяцкае, кавальскае. Вельмі часта было так, што за пратэстамі супроць духавенства, зыходзіўшымі ад крамнікаў і радцаў, скрываліся самі брацтвы, бо адны і тыя-ж асобы ўваходзілі ў склад брацтваў і ў склад органаў гарадскога самакіравання.

Фармальных абмежаванняў для уступлення ў брацтва не было. Да іх маглі прыпісацца ўсе жадаючыя, і былі выпадкі, калі ў брацтвы запісваліся жыхары вёсак і нават магнаты. Іншым разам у брацтва ўступала і ніжэйшае духавенства, больш блізкае па свайму становішчу да радавога мяшчанства. Але вышэйшае духавенства, супроць якога асабліва была пакіравана дзейнасць брацтваў, заўсёды адносілася да іх варожа. Як правіла, брацтвы з'яўляліся аб'яднаннямі тых слаёў гарадскога мяшчанства, якім адкрывала шлях да гарадскога самакіравання Магдэбургскае права, г. зн. сярэдніх і вышэйшых слаёў.

Наогул дзейнасць брацтваў была цесна звязана з Магдэбургскім самакіраўніцтвам, і ў сваёй барацьбе з духавенствам брацтвы апіраліся на яго органы. Гэтая сувязь з гарадскім самакіраўніцтвам прыдавала брацтвам сілу і надавала іх дзейнасці вельмі разнастайны характар. Яны выбіралі сваіх службовых асоб, часта збіраліся на сходкі, прымалі членскія ўзносы, мелі сваю даволі значную казну, карысталіся правам патраната над той царквой, пры якой знаходзіліся. У іх былі свае багадзельні, дамы для падарожнікаў і іншыя дабрачынныя ўстановы. Займаючыся такога роду дабрачыннай дзейнасцю, яны маглі ўмацаваць свой уплыў на гарадское насельніцтва наогул, а часткова і некаторыя слаі сельскага насельніцтва — галоўным чынам на небагатае шляхетства. Брацтвы энергічна змагаліся супроць усякіх спроб акаталічвания беларускага насельніцтва. Яшчэ ў 1458 годзе, калі ў Літву быў пасланы прыняўшы унію мітрапаліт Грыгоры Балгарын, брацтвы разгарнулі шырокую агітацыю і, галоўным чынам, дзякуючы ім, гэтая першая спроба уніі ў Літоўскай дзяржаве правалілася. Такой-жа няўдачай скончылася і дзейнасць манахаў Бернардскага ордэна, якія з'явіліся некалькі пазней (у 1469 г.) у Літву з мэтай барацьбы супроць праваслаўя. З развіццём кнігадрукавання брацтвы пачалі распаўсюджваць друкаваныя кнігі — галоўным чынам богаслужэбныя і біблію на зразумелай народу мове.

З гэтымі брацтвамі быў звязан і Скарына. Ён стаяў блізка да іх не толькі па соцыяльнаму зродству, па аднолькавай з іх членамі належнасці да адукаванага, закранутага ўжо новымі ідэямі і да пэўнай ступені апазіцыйнага ў адносінах да старой, нерэфарміраванай царквы, гарадскога заможнага мяшчанства, пераважна купецтва, але і па сваіх духоўных інтарэсах, па любві да царкоўнай кнігі, да чытання, пошукаў ведаў і адукацыі.

Ад членаў брацтва Скарына атрымліваў дапамогу ў сваёй выдавецкай дзейнасці. Але, відаць, гэтая дапамога была недастатковай. Па крайняй меры, у Вільне Скарына выдаваў кнігі толькі два гады і затым павінен быў спыніць работу. Хоць дакладна аб прычынах яе спынення мы не ведаем, але відавочна асноўнай прычынай гэтаму быў недахоп матэрыяльных сродкаў, бо друкарская справа каштавала дорага і ў тых умовах не магла сябе акупіць. Дапамога-ж з боку багатых людзей і пакравіцеляў не можа быць працяглай. Ёсць даныя, што ў Скарыны была непадзельная з яго братам Іванам маёмасць (у Полацку). Але маёмасныя справы Івана Скарыны, які да таго-ж у хуткім часе памёр, былі заблытаны. У такім-жа заблытаным становішчы знаходзіліся і маёмасныя справы жонкі Скарыны-Маргарыты, удавы радцы Адверніка, на якой Скарына жаніўся пасля 1525 года. Яе сваякі хацелі адабраць маёмасць, і судовая цяжба з імі прывяла ў поўны заняпад маёмасныя справы Скарыны. Вядома, што у час цяжбы маёмасць Скарыны была канфіскавана за даўгі, і хоць кароль сваёй граматай ад 1552 года і вызваліў яго ад уплаты даўгоў, выкліканых судовай цеганінай, тым не менш ён быў даведзен да беднасці. Далейшыя звесткі з біяграфіі Скарыны надзвычай няпоўныя. У 1530 годзе яго запрасіў да сябе ў Кенігсберг герцаг прускі, відаць, з мэтай выкарыстаць яго друкарскія веды. Герцаг высока цаніў Скарыну, называючы яго «выдатным і вялікай вучонасці мужам», чалавекам «непараўнальнага розуму» і т. п. Але прабыванне Скарыны ў Кенігсбергу было вельмі кароткатэрміновым. Ён пасварыўся з герцагам (можа быць з прычыны адказу друкаваць лютэранскія кнігі) і ў тым-жа 1530 годзе выехаў з Кенігсберга. З Кенігсберга ён тайна ўвёз аднаго яўрэя-друкара, мяркуючы, відаць, прадаўжаць займацца ў Вільне выдавецкай справай. Аднак далейшая дзейнасць Скарыны пасля 1530 года застаецца невядомай. З аднаго дакумента відаць, што ён у 1535 годзе жыў яшчэ ў Вільне, але ўмовы выдавецкай дзейнасці складаліся для яго неспрыяючыя: магчыма, што ў яго нехапала матэрыяльных сродкаў. Можна думаць, што канчаткова падарваў яго добрабыт страшэнны пажар 1530 года ў Вільне, які знішчыў ⅔ горада, у тым ліку, магчыма, і друкарню Скарыны. Калі ён памёр, нам невядома. Наурад ці дажыў ён да росквіту рэфармацыі ў Беларусі і Літве ў 1550 годзе. Пры усёй сваёй дзейнай натуры ён не змог-бы не выказаць свае адносіны да яе.

Якія-ж мэты ставіў Скарына сваёй дзейнасцю?

Перш за ўсё ён хацеў даць сваім суайчыннікам-беларусам кнігу на зразумелай для іх мове. Яго нельга лічыць асветнікам у звычайным сэнсе гэтага слова, бо ён прытрымліваўся таго погляду, што біблія з'яўляецца галоўным і асноўным сродкам адукацыі, і не ставіў сабе мэтай распаўсюджвання новых і апазіцыйных у адносінах да феадальнага ладу і царкоўнага светапогляду ідэй. Свае пераклады біблейскіх кніг ён забяспечыў прадмовамі і пасляслоўямі, з якіх відаць, што біблію ён лічыў крыніцай усякіх ведаў і быў перакананы, што яна адкрывае «вялікія тайны» (прадмова да Кнігі Іова), што ў ёй захавана ўсялякая мудрасць (прадмова да Кнігі Прытчаў Саламона) і што без пачарпання з яе «страху божыя», мудрасці і добрых звычаяў «не ёсць мошчна пачасціва (г. зн. чэсна) жыці людзем паспаліце на землі». У гэтых адносінах яго погляды зусім адпавядалі ўмераным поглядам заможнага мяшчанства таго часу, якое любіла за чытаннем бібліі праводзіць свае вечары і чэрпаць адтуль добрыя мыслі, неабходныя для «душнага (душы) спасення».

Але нават у адносінах да царкоўных кніг у Скарыны былі новыя тэндэнцыі, характэрныя для прагрэсіўных гарадскіх колаў таго часу. Перш за ўсё, для «душнага спасення» і «размнажэння мудрасці» Скарына звярнуўся да першакрыніцы рэлігіі бібліі, а не да такога цёмнага і супярэчлівага матэрыялу, як богаслоўская і схаластычная сярэдневяковая літаратура. Як вядома, каталіцкая царква лічыла небяспечным даваць біблію ў рукі простых людзей без адпаведных тлумачэнняў афіцыяльнай царквы. Рэлігійныя «ісціны» павінны былі паведамляцца веруючым у апрацаваным царквой выглядзе, ім унушалася думка, што самі яны без дапамогі царквы і яе прызнаных аўтарытэтаў зразумець і засвоіць біблейскую мудрасць не могуць. У дарэфармацыйны перыяд, з часу Гуса, па адносінах да бібліі, г. зн. у залежнасці ад таго, ці давалі яе міранам у рукі ці не давалі, адрознівалі ерэтыкаў ад прававерных. Такім чынам, у імкненні Скарыны пазнаёміць шырокія колы гараджан з самой бібліяй, а не з яе тлумачэннямі, адлюстроўваўся ўплыў на яго ерэтычных мыслей, выказаных яшчэ Гусам за сто год да Скарыны.

Недарма месцам сваёй перакладніцкай і друкарскай дзейнасці Скарына выбраў спачатку Прагу. У Празе яшчэ былі моцныя настроі гусізма і было больш бяспечна ў адносінах праследванняў з боку прадстаўнікоў каталіцкай улады. Апрача таго ў Чэхіі быў ужо зроблен поўны пераклад бібліі на народную чэшскую мову і выдадзен у друкаваным выглядзе. У Празе-ж існавалі і абшчыны багемскіх братоў прадаўжальнікаў Гуса, якія вялі барацьбу супроць каталіцызма і ад якіх Скарына мог атрымаць абарону. Нарэшце ў Празе можна было знайсці і больш шырокія тэхнічныя магчымасці для кнігадрукавання, таму што друкарская справа тут навіной не з'яўлялася. Як бы там ні было, але выбар Скарыной Прагі месцам друкавання і перакладу бібліі гаворыць аб тым, што яшчэ да рэфармацыі ў Германіі і, відаць, пад уплывам гусізма ён ступіў на шлях, варожы каталіцкай царкве, на шлях, блізкі да ерэтычных дзеянняў і мыслей, хоць гэтыя мыслі і не выказваліся ім у пэўнай апазіцыйнай форме.

Другой прагрэсіўнай рысай Скарыны ў яго адносінах да царкоўнай літаратуры было тое, што ў бібліі ён шукаў не столькі сцвярджэння ў рэлігійных перакананнях, не столькі адкравенняў рэлігійных «ісцін», колькі ведаў па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўству, астраноміі і іншых навук. У сваіх заўвагах, дадзеных да перакладу бібліі, ён ніколі не выказваў цікавасці да пытанняў веравызнання і не імкнуўся на аснове бібліі абгрунтаваць тое ці іншае хрысціянскае веравызнанне. «Як бо Еўга (Ева) маці ўсіх людзей з косці спяшчага ў раі Адама створана есць, тако і цэркаў Хрыстова-маці ўсіх хрысціян з боку вісячага на крэсце сына божыя совершэна есць, тако і ад цэрквы... веру ласкі і сілы крэшчаючэся прыімуем» (прадмова да «Песні песней»). На царкву ён глядзеў, як на агульную маці ўсіх хрысціян незалежна ад іх веравызнання і ў адносінах дагматычнай розніцы паміж каталіцтвам і праваслаўем праяўляў поўнае раўнадушша, нягледзячы на тое, што быў сам праваслаўным. У прадмове да кнігі «Прамудрасць Ісуса сына Сірахава» ён пісаў: «Еліка крат у ней будзешы чэсці (чытаць), по кажном чценіі новага нечта навучышся чэго ж чэсць прэд цем не ўмел. Уся бо Саламонова і Арыстоцелева бажесцвенная і жыцейская мудрасць у сей кнізе краткімі словы замкнена ест». Аб прытчах Саламона ён кажа, што ў іх можна знайсці «размолвение (разважанне) аб прыраджэнні дрэў і былін... звяроў, птушак, гадаў і рыб», г. зн. звесткі па батаніцы і заалогіі, з розных месц бібліі можна атрымаць веды па сямі вольных навуках («навучэнне седмі навук вызваленых»), паняцце аб якіх Скарына першы даў беларускім чытачам. Пісменнасці можна навучыцца па псалтыру, логіцы — па кнізе Іова або пасланням апостала Паўла, рыторыцы — па кнігах Саламонавых і т. п. Разам з тым Скарына і сам, карыстаючыся той-жа бібліяй і да некаторай ступені вядомымі яму каментарыямі блаж. Іероніма[5] і Ніколы Ліранскага[6], дадаў да сваіх перакладаў шматлікія прадмовы і заўвагі, у якіх папрабаваў даць чытачам некаторыя навуковыя звесткі. Так ён у прадмове да «Кнігі царстваў» указваў, што, апрача законаў, аб якіх паведамляецца ў бібліі, былі ў людзей яшчэ і другія законы, напрыклад, у афінян законы, дадзеныя ім Саламонам, у лакедаманян — законы Лікурга, у рымлян — законы Нумы Пампілія і «ініі дары і людзі мудры некі... уставы або закон оставілі суць». У розных месцах ён дае гістарычныя звесткі; напрыклад, у прадмове да кнігі Юдзіфі ёсць апавяданні аб асірыйскім, мідзянскім і персідскім царствах, геаграфічныя апісанні, напрыклад «зямлі абетаванай» (г. зн. Палесціны ў прадмове да кнігі Ісуса Навіна), і т. п. Наогул Скарына праяўляў вялікую павагу да навукі і з вялікай пашанай адзываўся аб егіпецкім цары Пталамеі, які заклікаў 70 тлумачоў[7] для перакладу бібліі на грэкскую мову. «Такавы быў міласнік навукі і мудрасці, — гаворыць аб ім Скарына, — іжэ болей ізбраў аставіць у навуцы і кнігах вечную славу і памяць сваю, нежелі во тленных царскіх сакровішчах». Але пашана да навукі спалучалася у Скарыны з наіўнай верай у поўную праўдзівасць усяго таго, што паведамлялася ў бібліі, з адсутнасцю ўсякіх крытычных адносін да яе.

Аднак ужо адно тое, што ён шукаў у бібліі ведаў і адносіўся з павагаю да ўсякіх ведаў, было прагрэсіўнай рысай для таго часу. Трэба пры гэтым адзначыць, што Скарына быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу і па адукацыі ён стаяу не ніжэй вучоных людзей Заходняй Еўропы. Ён ведаў грэкскую, лацінскую, яўрэйскую, чэшскую, польскую і стараславянскую мовы, быў знаёмы з класічнай літаратурай, са свецкімі аповесцямі (аб Троі, Александрыі), са славутым помнікам нямецкага права ХІІІ стагоддзя — «Саксонскім Зерцалам», не гаворачы ўжо аб тым, што яму добра была вядома ўся «біблейская мудрасць» у розных перакладах.

Значная адукацыя ў Скарыны спалучалася з вялікім гарачым патрыятызмам, са шчырым жаданнем служыць свайму народу. Любоў да радзімы была кіруючай сілай ва ўсёй яго дзейнасці. У прадмове да «Юдзіфі» ён пісаў: «Панежэ ад прыраждзення зверы, хадзяшчыя ў пустыні, знают ямы свая, пціцы, летаюшчыя па воздуху, ведают гнезда свая, рыбы, плаваюшчыя па мору і ў рэках чуюць віры свая, пчолы і тым падобная бароняць ульёў сваіх, також і людзі, і гдзе зрадзіўся і ўскормлены суць па бозе, к таму месту вялікую ласку імеюць».

Скарына хацеў, каб яго пераклады бібліі атрымалі самае шырокае і найбольш карыснае, як ён яго разумеў, распаўсюджанне і прытым у найбольш поўным выглядзе. Попыт на біблію надзвычай вялікі, але, па-першае, да Скарыны ў Заходняй Русі, да якой геаграфічна адносілася Беларусь, існавалі пераклады яе на мала зразумелай для беларускага насельніцтва стара-славянскай мове, па-другое, пераклады былі нешматлікія, і па-трэцяе, далёка не ўся біблія была перакладзена; асабліва было мала перакладаў кніг старага завета, асветнае значэнне якіх Скарына ставіў асабліва высока. Усе гэтыя недахопы Скарына хацеў выправіць сваёй перакладніцкай дзейнасцю. Маючы пад рукамі стараславянскі і чэшскі пераклады (1506 г.) біблейскіх кніг, ён імкнуўся наблізіць іх да народнай мовы, і ў тых выпадках, калі знаходзіў якое-небудзь слова або выраз незразумелым для сваіх беларускіх чытачоў, ён іх перакладаў адпаведнымі зразумелымі для простага насельніцтва словамі. Сам ён аб гэтым піша так: «Палажыл есмі на боцэх некаторы словы для людзей простых рускім языком, што каторае слова знаменуець». У выніку атрымаўся пераклад, які быў добра зразумелы для беларускага чытача.

Карыстаючыся друкарскім станком, Скарына мог садзейнічаць і большаму распаўсюджванню біблейскіх перакладаў. Выдаваемым кнігам ён стараўся надаць такі выгляд, каб імі больш зручна і прыемна было карыстацца. У Празе ён выдаваў свае пераклады, як ён сам адзначае, «малымі кніжкамі», г. зн. у чвэрць аркуша, а не ў аркуш, як тады было заведзена. У Вільне-ж, куды ён пераехаў у 1525 годзе, яго выданні мелі яшчэ меншы фармат — усяго ў ⅓ аркуша — 20 радкоў у старонцы і 33 літары ў радку замест 50-60 радкоў у старонцы і 50-60 літар на радок у сучасных яму кнігах. Адно з сваіх віленскіх выданняў (расшыраны псалтыр) ён назваў «Малой Падарожнай Кніжыцай». Гэтая назва ўказвае, на каго кніга была разлічана: падарожнікамі ў той час галоўным чынам былі купцы, г. зн. клас, з якім Скарына быў звязан з юнацтва і інтарэсы якога былі яму, відаць, блізкімі.

Знешні выгляд выданняў Скарыны быў выдатным. Гэта сведчыць аб жаданні Скарыны надаць кнігам па магчымасці такі выгляд, які прывабліваў-бы чытачоў. Яго кнігі пераўзыходзілі ўсе іншыя славянскія выданні таго часу. Апрача таго, па сваіх друкарскіх якасцях яны стаялі вышэй і наступных славянскіх выданняў другой палавіны XVІ стагоддзя, усяго XVІІ і нават першай палавіны XVІІІ стагоддзяў, калі іх стараліся толькі пераймаць, хоць і не заўсёды з поспехам. Пры гэтым выданні Скарыны былі мастацка ўпрыгожаны застаўкамі і рысункамі пры вялікіх літарах і ў рамках.

Надзвычайнай асаблівасцю выданняў Скарыны, вельмі рэдкай для таго часу, былі гравюры, выкананыя на некаторыя біблейскія сюжэты. Гравюры мелі тую-ж самую мэту-давесці змест бібліі да разумення простых людзей, якую ён сабе заўсёды ставіў. Паведаміўшы ў прадмове аб тым, што да кнігі прыкладзена тая ці іншая гравюра, Скарына растлумачваў: «А то для таго, абы брація мая — Русь людзі паспалітыя — чтучы маглі лепей разумець» (кніга Царстваў, 119 б). Такім чынам, выдаваемая кніга па яго намерах павінна быць даходчывай да чытачоў, і гэтаму ён надаваў асабліва важнае значэнне.

Трэба адзначыць, што ў некаторых гравюрах Скарыны прыкметны адыход ад мёртвага іконапіснага стылю царкоўнага жывапісу і імкненне надаць біблейскім фігурам больш жывы і рэалістычны характар. Так, у гравюры «Майсей перад народам» слухачы Майсея паказаны ў выглядзе рамеснікаў XV-XVІ стагоддзя, а ў гравюры «Дачка фараона і Майсей» сама егіпецкая царэўна і яе спадарожніцы вельмі падобны на багатых гараджанак таго часу. Тут Скарына быў на ўзроўні жывапіснай культуры рэнесанса і паказаў сябе чалавекам, здольным асвоіць усё лепшае, што давала тады гэтая культура. Гэта з'яўляецца таксама адным з падцверджанняў таго, што Скарына стаяў у радах найбольш адукаваных людзей свайго часу.

Сваімі друкаванымі выданнямі Скарына садзейнічаў збліжэнню беларускай культуры з культурай рускай, а значыцца, і беларускага народа з народам рускім. Яго выданні атрымалі шырокае распаўсюджанне далёка за межамі Беларусі і, перш за ўсё, у Маскоўскай дзяржаве, даючы ўзоры для пазнейшых друкароў. Прадмовы і пасляслоўі Скарыны перакладаліся ў паўночна-ўсходняй Русі ужо ў хуткім часе пасля выхаду іх у свет (напр. у поўным спісе Генадзеўскай бібліі XVІ стагоддзя). Ёсць падставы сцвярджаць, што ўсе друкаваныя выданні Скарыны былі вядомы ў Маскве у першай палавіне XVІ стагоддзя і аказвалі ўплыў на літаратурную мову і нават у некаторых адносінах на грамадскую думку паўночна-ўсходняй Русі, спрыяючы развіццю ў ёй ведаў і імкненняў атрымаць зерні гэтых ведаў з бібліі. Таму мы маем поўнае права прыпісаць Скарыне заслугу ў тым, што ён садзейнічаў збліжэнню Беларусі з Поўночна-Усходняй Расіяй, і бачыць у ім да некаторай ступені змагара за адзінства заходняга славянства, хоць ён сам гэтай сваёй заслугі яшчэ і не усведамляў, бо агульнаславянскія вынікі яго дзейнасці выявіліся толькі пасля яго смерці — з другой палавіны XVІ стагоддзя.

Увага Скарыны да практычных патрэб сучасных яму людзей выразілася ў тым, што ён імкнуўся выдаваць такія часткі бібліі, на якія ў той час быў найбольшы попыт.

Сваю выдавецкую дзейнасць у Празе ён пачаў з выдання перакладу Псалтыра. Псалтыр, як ужо ўказвалася, быў найбольш пашыранай сярод беларускага насельніцтва кнігай. Попыт на яе быў большы, чым на другія царкоўныя кнігі, і Скарына іменна гэты попыт і хацеў задаволіць. Псалтыр быў кнігай, неабходнай пры богаслужэнні, яе чыталі на вечарах у мяшчанскіх і шляхецкіх дамах, яе бралі з сабой нават у падарожжы. Ад яе чакалі збавення ад хвароб, яе чыталі над памершымі; асобныя яе часткі нават увайшлі ў прыказкі і народны фальклор.

Скарына ведаў аб гэтым і ў сваёй прадмове падкрэсліваў высокія з яго пункту гледжання якасці Псалтыра, указваючы, што ў той час як кожная з царкоўных кніг змяшчае ў сабе толькі адно што-небудзь важнае, Псалтыр аб'ядноўвае ў сабе ўсё асноўнае, што патрэбна для добрых людзей. Гэта сведчыць аб тым, што Скарына жыва цікавіўся духоунымі патрэбнасцямі тагочаснага пісьменнага грамадства і хацеў задаволіць іх.

Сярод гэтых патрэбнасцей асоба важнае месца займала патрэбнасць у дапаможніку па навучанню грамаце. У сувязі з гэтым Скарына ўказвае і на тое, што Псалтыр з'яўляецца і «дзецям малым пачатак усякія добрыя наукі», г. зн. што яна была асноўным падручнікам. Пераклад Псалтыря на мову, зразумелую для беларускага насельніцтва, меў таму, у сэнсе пашырэння пісьменнасці сярод насельніцтва, вялікае значэнне.

З той-жа мэтай прыцягнення ўвагі чытачоў да кнігі Скарына іншым разам ажыўляў свае выданні вольнымі перакладамі бібліі ў вершаванай форме, што было уступкай шырокім настроям і свецкім інтарэсам і яўным адыходам ад мёртвых, схаластычных адносін да бібліі.

Трэба адзначыць яшчэ, што Скарына даў пераклады бібліі ў больш поўным выглядзе, чым яны былі вядомы ў славянскіх краінах да яго. Ён хацеў даць сваім беларускім чытачам усю біблію ў перакладзе на «рускую» мову, спадзеючыся, узняць гэтым, у духу таго часу, адукаванасць сваіх чытачоў. Калі ён гэта і зрабіў, то ўсе перакладзеныя ім кнігі да нас не дайшлі. Ва ўсякім выпадку, намеры ў Скарыны былі вельмі шырокія, і не яго віна, калі ён іх поўнасцю і не ажыццявіў.

Скарына перакладаў, маючы перад сабой тэксты свяшчэнных кніг, апрацоўваў гэтыя тэксты ў зразумелым для простага народа духу, пісаў прадмовы і тлумачэнні і сачыў за друкаваннем. Сам ён друкаром не быў; яго выданні друкаваліся па яго загаду; так, у прадмове да кнігі «Эсфір» сказана: «Вылажэна працаю і выцеснена павеленнем Скарыны», у прадмовах да другіх кніг Скарына гаворыць аб сабе: «Казал есмі ціснуці, но не яго рукамі».

На падставе ўсяго сказанага можна зрабіць наступныя вывады адносна агульнага характару дзейнасці Скарыны.

Скарына быў блізкім да таго ўмеранага і заможнага слоя гарадскога мяшчанства, які быў апазіцыйна настроены ў адносінах да царквы; апошняя імкнулася трымаць у сваіх руках манаполію на сродкі «выратавання душы» і адукацыі. Гэты слой, нягледзячы на яго заможнасць, не належаў да пануючага класа, не быў зацікаўлен у захаванні феадальных парадкаў і быў настроены рэзка апазіцыйна ў адносінах каталіцкай царквы, бласлаўляўшай увесь феадальны лад, але не вёў рэволюцыйнай барацьбы з феадальнымі парадкамі, як вялі яе сяляне і нізы гарадскога насельніцтва ў XVІ і XVІІ стагоддзях. Належачы да гэтага слою, Скарыла хацеў пашырыць адукаванасць у сваёй бацькаўшчыне і даць кнігу, хоць-бы царкоўную, шырокім колам свайго народа. У гэтым ён бачыў патрыятычную задачу свайго жыцця. Усё-ж Скарына, калі меркаваць па дайшоўшых да нас яго ўводзінах, пасляслоўях заўвагах да перакладаў бібліі, быў звязан абмежаванасцю і вузасцю імкненняў таго класа, да якога ён належаў. Гараджане Беларусі, як і усяго Вялікага княства Літоўскага, у той час яшчэ не сфарміраваліся ў буржуазію, гатовую падняць сцяг буржуазнай рэволюцыі, і менш за ўсё маглі ўзяць на сябе кіраўніцтва ў барацьбе супроць феадальных парадкаў. Яны маглі быць і былі нездаволены прывілегіямі феадальных класаў — шляхты, паноў, якія закраналі гандлёвыя і прамысловыя інтарэсы гараджан. Яны былі здольны пратэставаць супроць выключнай ролі духавенства ў справах веруючага насельніцтва, але далей патрабавання асобных уступак, хоць часам і значных, не ішлі. Павесці-ж за сабой на рэволюцыйную барацьбу сялян і плебейскія масы гарадоў яны не хацелі і не маглі. Скарына быў арганічна звязан іменна з гэтай часткай гараджан.

Галоўным прагрэсіўным бокам яго дзейнасці была скрытая ў ёй апазіцыя адукаванага міраніна супроць дамаганняў царквы на манапольнае ўладанне «божаскай ісцінай», ведамі. Апорай гэтай апазіцыі з'яўляліся брацтвы і органы гарадскога самакіравання, якія ўнушалі мяшчанству веру ў свае сілы, але веру недастатковую, таму што іх соцыяльная база была вузкай і прадстаўляла сабой абмежаванае кола заможных гараджан купцоў і часткова рамеснікаў. Гэтыя гараджане як і сам Скарына, прытрымліваліся яшчэ сярэдневяковага погляду, што ісціна і веды заключаны ў святым пісанні і што крыніца іх — біблія. Пры ўсёй сваёй абыякавасці да канфесіянальных пытанняў Скарына не праявіў ніякіх крытычных адносін да бібліі і не шукаў ведаў нідзе, апрача яе. Такім чынам, пошукі ведаў у бібліі не выводзілі яго на шырокі шлях атрымання ведаў за межамі бібліі. К дамаганням і прывілегіям царквы ён адносіўся адмоўна, падыходзячы да іх з пазіцыі адукаванага гараджаніна, ужо закранутага гуманістычнай верай у сілу асветы і адукацыі. Але акалічнасці склаліся так, што ў яго распараджэнні не было іншых сродкаў адукацыі і іншых крыніц ведаў апрача царкоўных кніг.

Усё гэта, вядома, ніколькі не выключае таго, што дзейнасць Скарыны была прагрэсіўнай, паколькі яна вырывала з рук духавенства манаполію быць адзіным адукаваным класам у Беларусі, рабіла біблію кнігай, якая служыла не толькі для царкоўнага ўжывання, але і для свецкага чытання і садзейнічала гэтым распаўсюджанню пісьменнасці і кнігі сярод шырокіх колаў беларускага насельніцтва на зразумелай для яго мове.

Дзейнасць Скарыны дапамагала і развіццю беларускай літаратурнай мовы, бо ў далейшых літаратурных творах XVІ-XVІІ стагоддзяў яна ўсё больш вызвалялася ад старацаркоўных слоў і выразаў і ўсё больш набліжалася да жывой народнай мовы. У гэтым набліжэнні да народнай мовы была заслуга і Скарыны. Толькі пазней — з другой палавіны XVІІ стагоддзя, пад уплывам націску на беларускую мову з боку польска-каталіцкай агрэсіі, літаратурная мова Беларусі пачала паланізавацца, а жывая народная мова пачала разглядацца, як мова ніжэйшых класаў грамадства.

У сілу ўсяго гэтага мы маем права высока ставіць Скарыну ў радзе дзеячоў беларускай культуры. Яго заслуга, як абаронцы беларускай адукаванасці, хоць бы і абмежаванай рамкамі бібліі, як друкара, які садзейнічаў вытворчасці і пашырэнню такога магутнай сілы сродка, як друкаваная кніга, як беларускага патрыёта, горача любіўшага свой народ, як аднаго з дзеячоў у галіне фарміравання беларускай мовы, — надзвычайна вялікія.

Радзіма будзе заўсёды помніць яго, як выдатнейшага свайго дзеяча.


  1. Магчыма, што Скарына пакінуў Прагу з прычыны ўзнікшай у ёй у 1520 годзе чумы, ад якой памірала ў дзень да 150 чалавек.
  2. У Псалтыры 1517 года ёсць прыпіска: «атося стала накладам Багдана Онкава сына, радцы месца Віленскага», а калі ён пераехаў у Вільна, то яго друкарня змяшчалася «у даму пачцівага (пачотнага) мужа Якуба Бабіча, найстарэйшага бурмістра слаўнага і вялікага месца Віленскага». Гэта ўказвае на тое, што ў Скарыны былі зусім пэўныя сувязі з заможнымі гарадскімі коламі ì, магчыма, ён сваю выдавецкую дзейнасць развіваў часткова па іх заказу. Па крайняй меры, выданне «Малай падарожнай кніжыцы» як нельга больш задавальняла патрэбнасцям іменна падарожнічаючых купецкіх дамоў. Недарма ў 1509 годзе віленскае «панскае» або мясцовае брацтва схадатайнічала ад канстантынопальскага патрыярха права трымаць так званы рухомы антымінс.
  3. Акты Зах. Русі, т. ІІ, стар. 308, № 231.
  4. Віленскі археаграф. зборнік, т. VІ, № 4.
  5. Блаж. Іеронім (у католікаў святы, 330-419), першы пераклаў біблію на лацінскую мову (пераклад т. зв. Вульгата) і даў шмат да яе тлумачэнняў.
  6. Нікола Ліранскі—вучоны схаласт (XІV), які напісаў да лацінскага выдання бібліі вялікую колькасць каментарыяў.
  7. Гэта — прызнаны апокрыф.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.