Гора (Тургенеў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гора
Паэзія ў прозе
Аўтар: Іван Тургенеў
1878 (пераклад 1921)
Крыніца: Родны край : трэцяя і чацьвертая пасьля лемантара кніжка да чытаньня.
Уклала Леаніла Гарэцкая, рэдактар Янка Станкевіч. Вільня, друкарня Клецкіна, 1921 г. Перакладчык не названы. Арыгінальная назва: «Щи» (Капуста).
У друку паслядоўна стаіць націск на «е» — é . Адзін брак друку (вочэй) выпраўлены прама ў кнізе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У бабы-удавы памёр сын-адзінак, дваццацёх гадоў, першы рабачай на сяле.

Паня з двору, пачуўшы аб гэтакім няшчасьці бабы, пайшла яе даведацца ў дзень пасьля хаўтураў.

Баба была дома. Яна стаяла ля стала і, ня сьпяшаючыся, роўным рухам правае рукі (левая вісела бяз сілы) чэрпала капусту са дна закапцелага гаршка і ела лыжку за лыжкай.

Баба спала з твару і пацямнела; вочы пачырванелі і запухлі. Але яна дзяржалася проста, усё роўна, як у царкве.

— Божа мой! — падумала паня. Яна можа есьці ў гэткую часіну… Якія ў іх усіх недалікатныя ўчуцьці!

Паня спомніла, як некалькі гадоў таму назад у яе памёрла дачка дзевяцёх месяцаў і як яна з бяды адмовілася жыць на прынадным лецішчы[1] ля Пецярбургу — і пражыла цэлае лета ў месьце!… А баба ўсё сёрбала капусту.

Паня ня ўдзержылася, урэшце.

— Тацяна! — сказала яна… я дзіўлюся табе! Ці-ж ты свайго сына ня любіла? Як ты можаш цяпер есьці?

— Памёр мой Васілёк, — ціха адказала баба, і сьлезы пасыпаліся з яе вачэй. — Значыцца і мне канец: з жывое галаву скінулі… А капусьце няма чага прападаць: яна-ж пасоленая.

Паня паціснула плячмі — і вышла. Ёй соль даставалася танна.

_____

  1. Дача.