Гогалю (Шаўчэнка/Колас)
Выгляд
Гогалю Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1844 Пераклад: Якуб Колас Крыніца: https://knihi.com/Taras_Saucenka/Hohalu.html |
На дадзенай старонцы сабраныя ўсе варыянты гэтага твора, якія ёсьць на Вікікрыніцах. Іншыя пераклады гэтага твора: Гогалю (Шаўчэнка). |
За думаю дума роем вылятае:
Адна цісне сэрца, тая раздзірае,
А трэцяя ціха, ціхусенька плача
У саменькім сэрцы — можа й Бог не бачыць.
Каму ж яе пакажу я,
І хто тую мову
Прывітае, угадае
Вялікае слова?
Усе глухі. У кайданы
Закованы ў сцюжу!..
Ты смяешся, а я плачу,
Вялікі мой дружа.
А што ўродзіць з таго плачу?
Дурнап’ян пракляты…
Не заравуць на Ўкраіне
Вольныя гарматы.
Не зарэжа бацька сына,
Роднае дзяціны,
За чэсць, славу, за братэрства,
За волю Ўкраіны.
Не зарэжа: выкахае
Дый прадасць з кахання
Маскалю ўраздроб. То, бачыш,
Ўдовіна даянне
Цару-бацьку, і айчыне,
І нямчуры плата.
Няхай, браце!
А мы будзем
Смяяцца ды плакаць.
30 снежня 1844
С.-Пецярбург