Географія Эўропы (1924)/Усходняя Эўропа/Урал
← Паўночная Маскоўшчына | Урал Падручнік Аўтар: Мікалай Азбукін 1924 год |
Паўднёвая Маскоўшчына → |
Урал.
(Азнач паводле карты географічнае палажэньне Уральскага горнага укладу. Якія астравы Ледаватага мора лічыш магчымым прызнаць за працяг Уральскіх гор контынэнту? Якія моры ― часткі Ледаватага ― атачаюць гэтыя астравы? Якія пратокі аддзяляюць гэтыя астравы адзін ад аднаго і ад контынэнту?)
Уральскі горны ланцуг зьяўляецца найдаўжэйшым горным укладам нашае часткі сьвету. Пачынаецца ён пад вечным лёдам Ледаватага мора і цягнецца аж да напаленых сонцам пустынь Арала-Касьпійскай катліны. Спачатку (на астравох Новай зямлі) ён выгінаецца на захад, потым (на поўнач ад падканцавоснага кола) выгінаецца на ўсход, далей-зной на захад і нарэшце (на поўдні) - зноў на ўсход. На ўсім сваім працягу ён мае аднальковую геолёгічную будову. Пасярэдзіне цягнецца пас крышталічных спрадвечных скал: гранітаў, гнайсаў, крышталічных лупнякоў; абапал гэтага пасу цягнуцца йстужкі пазьнейшых, пераважна пластовых адкладаў: вапнякоў, маргляў. Урал мае выразную будову зморшчавых гор. але зморшчыліся тут толькі самыя даўныя пласты (азойскай і палеозойскай эр да каменна-вугальнай эпохі ўключна), а пазьнейшыя адклады ляжаць паземна. Адгэтуль відаць, што Урал утварыўся вельмі даўно, калі яшчэ ня было пазьнейшых адкладаў, бо йначай і яны склаліся-б у маршчыны.
Зморшчы, з якіх складаецца Уральскі ланцуг, цягнуцца роўналежна з поўначы на поўдзень. Усходнія з іх моцна сьціснуты з бакоў, адзначаюцца большай вышынёй і стромкасьцю, чымся заходнія. Шмат у якіх месцах яны патрэскаліся, а з шчылін, якія такім спосабам утварыліся, павылівалася цякучая лява. З гэтай лявы стварыліся жылы і цэлыя горы выбуховых скал, у якіх галоўным чынам і залягаоць багатыя паклады карысных мінэралаў, якімі славяцца ўсходнія пакаты Уралу. Заходнія зморшчы нявысокія, шырокія і адхонныя, пакрысе яны пераходзяць у асобныя парослыя лесам плоскаўзвышшы, так званыя пармы, пакрытыя паземнымі пластамі маргляў і пескавікоў.
Здаецца дзіўным самотнае палажэньне Уралу, адсутнасьць сувязі з іншымі зморшчавымі гарамі, бо звычайна зморшчавыя ланцугі становяць працяг адзін аднаго, пераходзіць адзін у другі. Аднак дакладнае азнаямленьне з Уралам паказвае, што гэта толькі руіны магутнага горнага укладу. Самыя ўсходнія зморшчы Уралу зьнішчаны нядаўна, параўнаўча з узростам Уралу, размыты вадой мора, што існавала на месцы сучаснай Заходня-Сібірскай нізіны. Некаторыя вучоныя гавораць, што даўней Урал цягнуўся далёка на поўдзень, быу злучаны з Цянь-Шанем і іншымі гарамі Азіі. Як старадаўны, моцна размыты і выпятрэлы ланцуг, Урал мала дзе дасягае значнай вышыні. Найвышэйшая гара яго (Тэльпос-Іс) дасягае 1656 м. н. р. м., праходы ляжаць паўсюды нізка, а у сярэдняй частцы уздымаюцца толькі на 300 м. н. р. м. і побач з суседнімі плоскаўзвышшамі Усходняй Эўропы маюць выгляд невялікіх узгоркаў. Вадападзел між рэкамі Эўропы і Сібіру праходзіць па сярэднім крышталічным пасе ланцуга. На усход ад вадападзелу ўсходні схіл (складзены з стромкіх, моцна сьціснутых зморшчаў) стромка спадае ў бок роўнай Заходня-Сібірскай нізіны; заходні схіл наадварот-павольна зьніжаецца, так што трудна прымеціць, дзе канчаецца ўсходня-Эўропэйская раўніна і пачынаюцца першыя ўзгоркі Уральскага ўкладу. З гэтае прычыны Урал звычайна далучаюць да Эўропы, а не да Азіі, ад якой ён выразна адмяжоўваецца. Аднак і ўсходні схіл Уралу можна толькі ўмоўна лічыць мяжой Эўропы і Азіі. Па той бок яго пануюць такія-ж прыродныя варункі, як і ў Эўропе. Уральскі ланцуг занізкі нават для таго, каб затрымаць усю вільгаць заходніх вятроў, якія пануюць абапал яго. Праўда, на яго схілах выпадае болей ападкаў, чымся ў суседніх старонках, але й Заходні Сібір абвалняецца галоўным чынам тымі дажджамі, якія пераходзяць цераз Урал з захаду.
- Урал, аднак, можна лічыць усходняй мяжой уплывау Гольфштрому. На захад ад Уралу сярэдняя тэмпэратура году пад уплывам Гольфштрому вышэй, чымся ў іншых мясцовасьцях, лежачых на такой самай шырыні. На ўсход ад Уралу тэмпэратура году ніжэй за сярэднюю тэмпэратуру усіх мясцовасьцяй, лежачых на такой самай шырыні. Урал, як кажуць, ляжыць на ізоаномале 0°. На захад ад яго ляжаць нібы перагрэтыя краіны, на усход ― нібы перасьцюджаныя.
Расьлінныя згуртаваньні мясцовасьцяй, што ляжаць абапал Урану, бязмаль аднальковыя. Пасы гэтых згуртаваньняў у Сібіры складаюць працягі адпаведных пасаў Эўропы. Толькі самы хрыбет Уралу адразьняецца ад суседніх старонак расьліннасьцю, тыповай для вышэйшых шырынь. (Чаму?)
Народы Эўропы і Сібіру лёгка пераходзілі цераз Уральскія нізкія праходы. Як ува Усходняй Эўропе, гэтак і у Заходнім Сібіры абапал Уралу цяпер жывуць пераважна маскоўцы, якія патроху выціскаюць першапачатковых насельнікаў, належачых да фінскіх і туркскіх пляменьняў. Абапал Уралу на аднальковай шырыні, у аднальковых расьлінных пасах пануюць і аднальковыя заняткі насельнікаў. Толькі самы ланцуг і яго прыгор'і, дзякуючы вялізным запасам мінэральнага багацьця, зьяўляецца старонкай, у якой побач з сельскімі заняткамі пашырыліся нетракапальная і фабрычная прамысловасьць і гандаль.
У XVІІІ веку Урал, як край, багаты жалезнай рудой і дрэўным апалам, быу галоўным жалезаздабывальным краем Эўропы. Ад таго-ж часу, як жалеза пачалі выплаўляць за дапамогай каменнага вугалю, значэньне Уралу зьменшылася, бо каменнага вугалю тутака мала, а колькасьць лясоу што-год зьмяншаецца. Апрача таго, Уралу шкодзіць яго далячыня ад культурных краëў Эўропы.
Адзіны з геолёгічнага погляду, Урал можа быць падзелены на 4 географічныя краіны ў залежнасьці ад географічнай шырыні, клімату, колькасьці падземных багацьцяў і іншых прыродных асаблівасьцяй: 1) астравы Новая Зямля і Вайгач разам з грудом Пай-Хой на контынэнце могуць разглядацца, як першая з гэтых краін Падканцавосны Урал; 2) ад Карскага мора да 60° паўночн. шыр. цягнецца так зв. Паўночны Урал; 3) далей да шырыні 55½° ― Сярэдні або Рудны Урал і 4) адтуль на поўдзень ― Башкірскі або Паўднёвы Урал.
Падканцавосны Урал зьяўляецца нібы адгор'ем галоўнага ланцуга. Каля 68° паун. шырыні ад Уралу аддзяляецца ў кірунку на паўночны захад груд Пай-Хой. Працягам гэтага груду ёсьць горы вострава Вайгач. Гэта паўднёвая частка Ладканцавоснага Уралу, вярхі якой нідзе не дасягаюць вышыні сьнегавой мяжы. Зусім іншы выгляд маюць горы Новай зямлі, якая можа лічыцца працягам Вайгачу. Там, асабліва на паўночным востраве Новай Зямлі, вярхі гор дасягаюць 1400 і болей мэтраў увышкі. Горы выглядаюць хмурымі і дзікімі, завінуты хмарамі, а па вярхох пакрыты вечным сьнегам. Магутныя ледавікі спаузаюць адтуль беспасрэдна у Карскае і Баронцава моры. Вялізныя адломкі такіх ледавікоў, цэлыя лёдавыя горы заусёды плаваюць па Карскім моры. іншы раз, нават улетку, з-за іх нельга праехаць па гэтым моры. Наадварот, заходнія берагі Новай Зямлі знаходзяцца яшчэ пад слабым уплывам Гольфштрому і ўлетку не замярзаюць. Заходнія берагі Новай зямлі пашматаны слыбокімі вузкімі затокамі, вельмі падобнымі да фіордау Норвегіі, усходнія-зрывістыя, недаступныя, заўсёды забітыя лёдам.
Клімат краіны вельмі халодны (сярэдняя гадавая тэмпэратура каля пратокі Маточкін Шар ― 8°), так што мала якія расьліны могуць вытрымаць тамтэйшыя маразы. Здалёку скалы Новай Зямлі, ніжэй сьнегавой мяжы, здаюцца зусім голымі, але там яшчэ трапляюцца ліша), мох ды паузучая падканцавосная нічая лаза. Жывёлы краіны трымаюцца каля мора, дзе яны могуць жывіцца рыбай. Туды часта заходзіць белы мядзьведзь, забягае блакітны ліс, а заўсёды там жывуць толькі многалічныя морскія птушкі.
У канцы мінулага веку на Новай Зямлі пасялілася некалькі сямей самаедаў, якія там займаюцца рыбацтвам і паляваньнем, а продукты свае мяняюць на збожжа, якое скоды прывозяць час ад часу архангельскія паморы.
Паўночны Урал пачынаецца у 30 вёрстах ад Карскага мора. (Там знаходзіцца гара Константынаў Камень 520 м. увышкі). Спачатку Паўночны Урал цягнецца "на паўднёвы захад, а каля 64½° паўн. шыр. (каля гары Саблі) зварочвае проста на поўдзень. Найвышэйшыя горы краіны, так званыя там "Камені", дасягаюць значнай вышыні і здалёку выглядаюць, запраўды як голыя вялізныя камені, паднятыя над зялёнымі прасторамі суседніх тундр і тайговых лясоў. Вярхі некаторых тутэйшых гор дасягаюць вышыні 1500 і болей мэтраў, так што гэтая краіна зьяўляецца самай высокай часткай Уралу.
Ледавікоў у межах краіны бязмаль-што зусім няма, хаця шмат якія горы дасягаюць сьнегавой мяжы. Аднак у ледавіковы пэрыод ледавікі пакрывалі краіну, як і ўсю Паўночную Эўропу. Сучасны клімат Паўночнага Уралу вельмі жорсткі, сухі, адзначаецца малой колькасьцю ападкаў і марознай зімой.
- Нават на крайнім поўдні краіны паселішча Багаслоўскі завод мае сярэднюю температуру году -1,3°, ліпеня +17°, студзеня -19,4°.
У паўднёвай частцы краіны па схілах гор сустракаюцца ігластыя лясы з сібірскіх кядровых хвой, ельніцы і мадрын. Асабліва-ж багаты на лес плоскаўзвышшы ― пармы, якія цягнуцца удоўж заходняга схілу Уральскага ланцуга.
Пауночны Урал яшчэ мала асочаны, але, агулам кажучы, гэта бедны і убогі куток Эўропы. Паляваньне на тайговых зьвяроў ды рыбацтва, а на поўначы яшчэ гадоўля паўночных аленяў даюць магчымасьць існаваць рэдкаму насяленьню краіны. Жывуць тут пераважна фінскія пляменьні: на поўначы-самаеды, на поудці-зыране, асьцякі, вагулы. Толькі на крайнім поўдні вялікарусы пасьпелі пабудаваць некалькі паселішчаў, але й там не пашырылася ральніцтва, бо й там у час кароткага лета не дасьпявае часамі ня толькі збожжа, але нават і гародніка. Вялікарусы займаюцца там пераважна гандлем, купляюць хутры ая зыран і вагулаў, а ім дастаўляюць збожжа, соль, крамніну, гарбату.
Сярэдні Урал завецца йначай Рудным, бо адзначаецца вялікім багацьцем на усялякія карысныя мінэралы. Асабліва тутака многа жалезнай руды, з якой месцам складаюцца цэлыя горы (напр., гара Благадаць і Высокая з магнэзавага жалезьняку). Болей за ўсё жалеза на ўсходніх схілах Сярэдняга Уралу у выбуховых скалах, якія калісь выліліся там на паверхню у стане цякучай лявы праз шчыліны земнай кары. Апрача таго, тамака у жылах і золатародных пяскох знаходзяць золата і плятыну ў такой колькасьці, як нідзе у Эўропе. Плятына сустракаецца вельмі рэдка, але гэта наагул вельмі рэдкі каштоўны мэтал, так што й на ўсім сьвеце яго не знаходзяць столькі, як на Урале. Далей у Сярэднім Урале трапляецца маляхіт і іншыя мядзяныя руды, руды волава і серабра, мангану, нікелю, жывога серабра, ёсьць шмат мінеральных крыніц, з якіх здабываюць соль. Ёсьць тут і дарагія камені: топазы, амэтысты, бэрылы, горны крышталь, смарагд, ёсьць і каштоўныя будаўнічыя камені: апрача маляхіту ― мармур, яшма і г. д. Сустракаецца й каменны вугаль, але ня вельмі добрага гатунку.
У адзнаку ад Паўночнага Уралу, параўнаўча высокага, Урал Сярэдні складаецца з нявысокіх узгоркаў і грудоў, да самага верху пакрытых лясамі кедравых хвой, ельніц, мадрын і г. д. Праходы ляжаць тутака на вышыні 300 і меней мэтраў над роўнем мора, так што гэта найніжэйшая частка Уральскага ланцуга ― нібы брама з Эўропы ў Азію, брама, цераз якую з дауных часоў пераходзілі з аднай часткі сьвету ў другую. Нават пракладаньне чыгунак праз Сярэдні Урал не вымагала пракопваньня тунэляў.
Зразумела, што ў Сярэднім Урале нельга спадзявацца знайсьці вечных сьнятоў або ледавіковых струменяў. Нават у ледавіковую эпоху, дзякуючы сухому клімату, тут існаваў параўнауча тонкі лёдавы насьціл, і ледавіковы навал тут ня кідаецца ў вочы.
Сухі, контынэнтавы клімат пануе й цяпер у гэтай краіне. Уплывы Гольфштрому адчуваюцца тут вельмі слаба, і сярэдняя тэмпэратура году тут ніжай, як у іншых месцах Эўропы, што ляжаць на тэй самай шырыні. Зіма вельмі сьцюдзёная, лета гарачае, але часамі нават у летнія ночы здараюцца маразы. Садовіна тут расьці ня можа, дый збожжа часамі церпіць ад недахвату цяплыні. Глебы тут падзольныя, неураджайныя; толькі на крайнім поўдні сустракаецца чорназем. З гэтай прычыны на поўдні чалавек расьцерабіў лясы, займаецца ральніцтвам і задавальняе збожжам усю краіну. На поўначы ральніцтва дае мала карысьці: там захавалася многа лясоў, а сяляне побач з ральніцтвам займаюцца ляснымі промысламі, валяць і сплаўляюць па рэках дрэва, гоняць смалу, выпальваюць дрэўны вугаль. Але большую карысьць даюць мінэральныя багацьці краіны. Паўсюды, асабліва-ж на ўсходніх схилах, тысячы працоўных людзей капаюць жалезную руду, працуюць на фабрыках, гутах, гісэрнях. Даўней па колькасьці здабыванага железа крайна займала першае месца ўва ўсходняй Эўропе. Цяпер Урал застаўся з гэтага боку ззаду украінскай Крывароскай акругі, але й цяпер тут існуе буйная жалезаапрацоўчая прамыслонасьць. Каменны вугаль здабываюць абапал ланцуга, і хаця яго тут ня дужа многа, але ён грае важную ролю, як апал для тутэйшых гут і фабрык. Так званыя, старацелі саматугам здабываюць золата і влятыну. Гэта дробныя прамыслоўцы, якія шукаюць дарагіх мэталаў на скарбовай зямлі і здабытак аддаюць за грошы прадстаўнікам ураду.
Лежачы на межах Эўропы і Азіі, маючы шмат выгодных праходаў, Сярэдні Урал мае вялікую гандлёвую вагу. З Маскоўшчыны па Каме, з Сібіру па прытоках Обі, адусюль па чыгунках сюды вязуць сырыну, крамніну, збожжа, адгэтуль ува усе бакі вывозіцца сталь, чыгун, бляха, іншыя жалезныя вырабы і асабліва зброя.
Першапачатковыя насельнікі краіны-пермякі, якія разам з зыранамі і вацякамі належаць да прыуральскіх фінаў, захаваліся толькі у невялікім ліку ў вадазборы Камы, значная частка іх зусім аславянілася, і пакрысе іх выціскаюць вялікарусы, якія паўсюды складаюць большасьць і уладаюць бязмаль усёй зямлёй, усімі капальнямі, руднямі, гутамі.
- Ужо ў XІV в. сюды надышлі ноўгародцы. У ХV в. краіна была далучана да Маскоўшчыны, а ў XVІ в. большая яе частка
была аддадзена гандляром Строгававым, якія адчынілі тутака саляварні. З таго часу пачалася шпаркая колёнізацыя краю. Сяляне-ўцекачы ад паноў, стараверы і звычайныя бараягі з Маскоўшчыны пачалі сяліцца сярод тутэйшых фінаў і мяшацца з імі. У часы Пётры Першага тут пабудавалася першая жалезная гута ("Няўянскі завод"), і залюдненьне Сярэднага Уралу пачало хутка пасоўвацца наперад. Часамі сялян Сярэдняй Маскоўшчыны сілком перасялялі на Урал і прымушалі працаваць на руднях і гутах. Пакрысе фінскія тубыльцы ― пермякі, часткай ваЦякі і зыране (на поўначы) бязмаль-што зусім разышліся ў грамадзе маскоўскага люду.
Значная частка уральскіх вялікарусаў жыве па так званых заводах. Гэта мястэчкі і пасёлкі, якія пабудаваліся каля рудняў, капальняў, гут фабрык і іншы раз маюць выгляд запраўдных гарадоў. Часта ў такіх заводах" жыве колькі дзесяткаў тысяч насельнікаў, ёсьць па некалькі фабрык, шмат крам і г. д.
- У драбнейшых "заводах" заўсёды ў асяродку стаіць гута або фабрыка, каля якой гуртуюцца булынкі шпіталю, аптэкі, палац уласьніка фабрыкі, царква. Ад асяродку ўва ўсе бакі разыходзяцца простыя, даўгія, досыць частыя і шырокія вуліцы, абапал якіх стаяць маленькія, але прытульныя хаты працоўнага люду. Асабліва многа такіх заводаў на ўсходніх схілах ланцуга (чаму?).
У асяродку самай багатай прамысловай акругі ляжыць і самы вялікі горад краіны Кацярынбург (97 тыс. насельнікаў), злучаны чыгункамі з Сібірам, Паўднёвым Уралам і Паўночнай Маскоўшчынай. Гэта галоўны асяродак нетракапальнай прамысловасьці ў землях, залюдненых маскоўцамі і самы важны фабрычны горад краіны. У ім знаходзіцца буйная дзяржаўная фабрыка шліфаваньня дарагога каменьня і галоўныя ўстановы, што кіруюць ветракапальнымі промысламі, а ў адным з прадмесьцяў (Верх-Ісецкім заводзе) ёсьць адна з найвялікшых гісэрань. Навокала Кацярынбургу існуюць сотні "заводаў", з якіх некаторыя й цяпер ужо атрымалі назоў гарадоў. Самы вялікі з іх Ніжнятагільск (27000 нас.) пасьля рэволюцыі абвешчан горадам. Вялізныя гуты гэтага места апрацоўваюць жалезную руду, якую здабываюць побач у гары Высокай. У ваколіцах Ніжнятагільску ёсьць багатыя паклады мядзяных руд.
У будучыне прамысловасьць Сярэдняга Уралу мусіць карыстацца электрычнай энэргіяй, якая будзе вырабляцца на электрычных станцыях у Ягоршчыне каля Кацярынбургу і на р. Чусавой. Гэтыя станцы будуць ка рыстацца замест апалу сілай цякучай вады.
Заходнія схілы Сярэдняга Уралу маюць значна меней гарадоў і заводаун, чым усходнія. Нетракапальныя промыслы там адыходзяць на другі плян, затое большую вагу маюць лясныя заняткі. Галоўным горадам там зьяўляецца Перм (68000 нас.), які ляжыць на Каме ніжэй сутокі гэтай магутнай ракі з сваёй уральскай прытокай ― Чусавой. Дзякуючы параходнаму руху па каме і чыгункам, што злучаюць горад з Ленінградам і Кацярынбургам, Перм зьяўляецца галоўным гандлёвым асяродкам Руднага Уралу. У час вайны тут адчыніўся унівэрсытэт, дый наагул гэта важны культурны цэнтр Уралу. У некалькіх верстах ад гораду знаходзіцца Мотовіліхінскі "завод" з вялізнымі гісэрнямі і фабрыкамі зброі.
- Вышэй Пермі каля Камы ляжыць некалькі мястэчак, слынных здабываньнем солі з салоных крыніц. Да іх належаць Солікамск, Усольле, Ленва і Дзядзюхін. У Усольскім павеце знаходзяцца и галоўныя капальні каменнага вугалю на Урале каля мястэчка Луньнеўкі. Там будуецца вялікая электрычная станцыя, якая будзе задавальняць электр. энэргіяй ваколічныя капальні.
Паўднёвы або Башкірскі Урал складаецца з асобных ланцугоў, якія вахляром разыходзяцца з поўначы на паўднёвы усход, на поўдзень паўднёвы захад, і дасягае значна большай вышыні, чым Сярэдні.
- На крайнім усходзе цягнуцца нявысокія ільменскія горы; бязмаль роўналежна ім цягнецца вадападзельны ланцуг Урал-Таў; далей на захад уздымаюцца яшчэ вышэйшыя ланцугі: Ірамель (1599 м. выш. над роўнем мора), Яман-Гаў (1642 м. н. р. м.), Зігальга, Урэнга і Таганай, з захаду да Паўднёвага Уралу прыгарнулася УФімскае плоскаўзвышша, на поўдні так званыя Губэрлінскія горы і плоскаузвышша р. Сакмары, на паўднёвым усходзе Паўднёвы Урал мае свой працяг ― Мугоджарскія горы,
якія пакрысе зьнікаюць у стэпе Арала-Касьпійскай нізіны. Між асобнымі ланцугамі Паўднёвага Уралу ў шырокіх прадоўжных далінах працякаюць важныя рыбныя рэкі, а на поўначы краіны знаходзіцца важны рэчны вузел, дзе сваімі пачаткамі сходзяцца рэкі Касьпійскага ды Обскага вадазбораў. На захад адтуль бяжыць прытока Камы Белая з сваёй прытокай Уфой, на поўдзень ― Урал, на ўсход у Заходні Сібір ― рэкі Обскай рэчнай сеці.
Клімат тутака трохі цяплейшы, але яшчэ сушэйшы, як у Сярэднім Урале. Марозная зіма тутака трывае месяды гры, цёплая пара (з сярэдняй тэмпэратурай ночадзеньня вышэй за+-100) цягнецца 4-5 месяцаў, а у ліпені стаіць надзвычайная сьпякота (з сярэдняй тэмпэратурай ночадзеньня вышэй за +20°, як у Паўднёвай Эўропе).
- Оренбург, на поўдні краіны, мае сярэднюю тэмпэратуру года +3,3°, сярэднюю студзеня -15,4°, сярэднюю ліпеня +21,6°.
Па схілах гор тут яшчэ пераважваюць лясы, але ужо рэдка ігластыя, хіба толькі па вярхох гор, а часьцей ліставыя, складзеныя з ліп, бярэзін і дубоў. Па падгор'ях, а на поўдні нават і па самых горах, растуць толькі травы тыповага кавыльнага стэпу. Згодна з гэтым там глебы пераважна чорназемныя, вельмі ураджайныя, што ў зьвязку з цёплым кліматам дазваляе зьбіраць багатыя ўраджаі пшаніцы і рознага іншага збожжа, якое адгэтуль вывозіцца ў Паўночную Маскоўшчыну і ў Кіргіскі стап на поудзень. Саджаюць тут казуны, дыні, гарбузы, гуркі; займаюцца і гадоўляй жывёлы, бо спажывы тут для яе хапаe як у стэпе, гэтак і на поплавах у рэчных далінах. Даўней кожны гаспадар тут трымаў па некалькі тысяч коняй; цяпер ужо няма такіх статкаў, але гадоўля коняй і авечак і да гэтага часу зьяўляецца адным з важнейшых заняткаў люднасьці. Як і ў Сярэднім Урале, тут сустракаюцца багатыя паклады жалезнай руды (Бакальская рудня, гара Магнэзавая), дарагіх мэталаў і каштоўных каменяў. Апрача таго, на поўдні краіны знаходзяцца вялікія запасы падземнай каменнай солі. Дзякуючы гэтаму, і тут пашырылася нетракапальная пра мысловасьць; усюды зьявіліся гуты і фабрыкі; але ўраджайнасьць глебы адцягвае працоўны люд ад нетракапальных і фабрычных заняткаў.
Як і ў Сярэднім Урале, першапачатковымі насельнікамі краіны былі розныя фінскія народы, але ўжо ў ІX веку іх выціснулі адгэтуль горды башкіраў, якія прышлі сюды з Азіі і пачалі вандраваць па прыуральскім стэпе з сваімі статкамі без перашкод, пакуль краіну не захапілі маскоўцы. З маскоўцамі башкіры ўпарта змагаліся за сваю незалежнасьць і некалькі разоў паўставалі супроць маскоўскага ўраду. Змаганьне было бязьлітасным. Часамі башкіры выкапвалі з магíл расійскіх нябожчыкаў, каб на башкірскай зямлі не заставалася ані жывых, ані памершых чужынцаў. Але кожны раз маскоўцы перамагалі башкіраў, і ў ХVІІІ в. паўстаньні апошніх спыніліся. Расійцы пачалі й тут будаваць свае гуты, фабрыкі, гарады, занесьлі сюды земляробства. Аднак да цяперашняга часу башкіры складаюць значны процант тутэйшай люднасьці, а ў шмат якіх месцах пераважваюць над расійцамі. Башкіры адзначаюцца шырокім плоскім тварам, плескаватым носам, круглай галавой і сярэднім ростам. Яны лічаць сябе за патомкаў ногайскіх татар і звычайна разглядаюцца, як народ туркскага племя. (Некаторыя дасьледчыкі аднак лічаць башкіраў за ататараных тубыльцаў Уралу-фінаў).
- Башкіры, прынамсі да прыходу маскоўцаў, былі простымі, сумленнымі і лёгкавернымі людзьмі. Гэтым часта карысталіся расійцы, каб ашукаць іх і купіць за нівошта вельмі каштоўныя землі, на якіх сустракаліся карысныя мінэралы.
Уладаўшы калісь неагляднымі статкамі жывёлы, башкіры пад уладай маскоўскіх цароу хутка зьбяднелі і часта галадавалі каля складаў збожжа. сабранага расійцамі з башкірскай зямлі, бо самі не навучыліся добра вырабляць зямлю. Цяпер яны жывуць асела, займаюцца ральніцтвам, але ня любяць гэтага занятку. Польную працу вядуць кабеты, а мужчыны, ледзь пачнецца вясна, кідаюць свае вёскі і разам з сваёй жывёлай перабіраюцца на пашу, дзе жывуць у часовых хатах-берасьцяных або лямцовых палатках, якія там завуцца кібіткамі. Тут на сочнай траве аджывае башкірская жывёлаконі ды авечкі, аджываюць і самі башкіры. Кумыс-кабыльле малако, якім жывяцца там башкіры-вельмі карысны для здароўя, і за лета башкір пасьпее раздабраць і набрацца сіл для наступнай зімы. Увосені башкіры зварачваюцца ў свае вёскі, і такім чынам вядуць да цяперашняга часу напалову вандроўны, напалову аселы спосаб жыцьця.
- Зімовыя хаты башкіраў пабудованы келска, маюць выгляд няскончаных або зруйнованых і сьведчаць аб тым, як мала цікавіць башкіра яго сталае месца жыцьця. Хаты будуюцца ня ўдоўж вуліц, як у нас ці ў маскоўцаў, а без парадку; на славяніна башкірская вёска наганяе смутак і жаль.
Пасьля рэволюцыі часткі башкірскага стэпу, у якіх башкіры да гэтага часу складаюць большасьць, былі вылучаны з даўнейшых Уфімскай і Орэнбурскай губэрняў і абвешчаны самаўраднай Башкірскай рэспублікай (2573000 насельн.).
- Апрача расійцаў і башкіраў у межах Паўднёва-Уральскай краіны жывуць народы фінскага племя ― мешчаракі і цепцяры, якіх лічаць уцекачам з Паволжа і Казаншчыны. Яны ўжо моцна абашкірыліся і разам з башкірамі трымаюцца магомэтанскай веры. У час башкірскіх паўстаньняў мешчаракі разам з башкірамі біліся за незалежнасьць Башкірскага Уралу, а цепцяры, наадварот, падтрымоўвалі маскоўцаў. З гэтай прычыны маскоўцы пасьля перамогі над башкірамі надзялілі цепцяроў зямлёй, а мешчаракоў і башкіраў прасьледвалі і ганьбілі аж да апошняга часу.
Маскоўцы Паўднёвага Уралу жывуць як па вёсках, гэтак і па гарадох і "заводах", падобных да "заводаў" Сярэдняга Уралу.
Дзякуючы прыродным багацьцям краіны, гарады тутака шпарка растуць, адзначаюцца вялікім разьвіцьцём прамысловасьці і бойкім гандлем. Асабліва бойка гандлююць тыя гарады, што ляжаць на вялікай чыгунцы з Маскоўшчыны ў Сібір (так званай Вялікай Сібірскай чыгунцы). Таксама бойкі абмен тавараў адбываецца і ў тых гарадох, якія пабудаваліся на межах Паўднёвага Уралу і Кіргіскага стэпу (Арала-Касьпійскай катліны).
Самы важны з гэтых гарадоў ― Орэнбург (106000 насельн.) ляжыць на рацэ Урал у тым месцы, дзе яе пераразае чыгунка з Маскоўшчыны ў Туркестан (на Ташкент). Горад зьяўляецца пасярэднікам у гандлі Маскоўшчыны з Кіргіскім стэпам усёй Сярэдняй Азіяй. Пасьля рэволюцыі Оренбург зроблены сталіцай Кіргіскай самаураднай рэспублікі.
Даўней гандаль Маскоўшчыны з Кіргіскім стэпам гуртаваўся ў Троіцку (25000 насельнікаў). Яшчэ й цяпер тут што-год адбываецца вялікі кірмаш, на які на вярблюдах прывозяцца вырабы Кіргіскага стэпу і Туркестану: шэрсьць вярблюдау, баваўняная і шоўкавая сырына, мігдал, Фісташкі, абрыкосы і іншыя плады з-пад гор Сярэдняй Азіі. У замену Маскоўшчына сюды пасылае крамніну, а Урал ― жалеза, збожжа, медзь.
Каля Вялікай Сібірскай чыгункі ляжаць: Уфа (84000 нас.), важны гандлёвы горад на сутоцы рэк Белай і Уфы; Златавуст (34000 нас.) у тым месцы, дзе чыгунка падымаецца на уральскі хрыбет з вялікай фабрыкай, на якой вырабляюцца нажы, шаблі і іншыя сталёвыя вырабы; Міас (23000 нас.), асяродак нетракапальнай прамысловасьц Паўднёвага Уралу, і Чалябінск (54000 насельн.), багаты, гандлёвы горад, асяродак важнай золатароднай акругі, з вялікімі паравымі млынамі, на якіх апрацоўваюць мясцовае і сібірскае збожжа.
У Чалябінску мусіць быць заложана вялікая электрычная станцыя, якая будзе карыстацца мясцовымі пакладамі бурага вугалю. Гэтая станцыя будзе абслужваць як чалябінскія фабрыкі, гэтак і нетракапальны раëн Златавусту.