Перайсці да зместу

Географія Эўропы (1924)/Усходняя Эўропа/Казацкія стэпы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крым Казацкія стэпы
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Прыкасьпійскі стэп

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Казацкія стэпы.

(Азнач паводле карты географічную шырыню і даўжыню. Якія старонкі мяжуюцца з Казацкімі стэпамі?)

Стэпы Паўднёвай Украіны працягваюцца на ўсход у вадазбор Дону і дасягаюць да груду узгоркаў Эргеняў, што ляжаць на вадападзеле Азоўскага і Касьпійскага вадазбораў. Дон у сваёй вышнявіне (у межах Паўднёвай Маскоўшчыны) цячэ з поўначы на поўдзень, потым зварочвае на паўднёвы усход і падходзіць блізка да царыцынскага калена Волгі.

Каля Царыцыну пярэсмык паміж Донам і Волгай мае толькі 60 верст ушыркі і ўжо даўна расійскі ўрад меў замер пракапаць тутака суднаходны канал, каб злучыць галоўную раку Маскоўшчыны з Чорным морам. Аднак Дон цяча на 20 сажняў вышэй за Волгу і толькі ўвясну мог-бы даваць ваду у канал у дастатнай колькасьці. Пры сучасным становішчы тэхнікі гэтую перашкоду можна перамагчы, але яна затрымала ажыцьцяўленьне проэкту злучэньня рэк.

Пачынаючы ад свайго ўсходняга калена, Дон цячэ ўжо на паўднёвы захад, далей на захад і нарэшце ўліваецца некалькімі вусьцямі ў Таганрогскую затоку Азоўскага мора. Левы бераг Дону нізінны, лугавы; правывысокі, зрывісты.

Нізіна, што працягнулася удоўж левага берагу Дону, на поўдзень ад Донскай нізавіны, пераходзіць у Заазоўскую нізіну, па якой працякае рака Кубань. Гэтая рака пачынаецца ў горах Каўказу, жывіцца горным сьнегам і разьліваецца як увясну, гэтак і ўлетку, у час шпаркага раставаньня каўкаскіх сьнягоў. У нізавіне сваëй Кубань цячэ павольна, ціхамірна, нарэшце разьдзяляецца на дзьве адтокі, з якіх адна цячэ ў Азоўскае, а другая у Чорнае мора. Берагі абодвух гэтых вусьцяў Кубані багаты балотамі, густымі зарасьнікамі чароту і трысьцінаў, у якіх хаваюцца дзікі ды іншыя зьвяры і гняздуюць розныя балотныя птушкі. Між кубанскіх вусьцяў застаецца ўзгаркаваты Таманскі паўвостраў, які цягнецца між Азоўскім і Чорным морам насустрэч Керчанскаму паўвостраву Крыму.

На усходзе Заазоўская нізіна павышаецца і пераходзіць у так званае Стаўрапальскае плоскаўзвышша, за якім пачынаецца ўжо Прыкасьпійскі стэп. Толькі на поўнач ад Стаўрапальскага плоскаузвышша, між ім і грудом Эргеняў, Заазаўская нізіна злучана з Прыкасьпійскай так званай Кума-Маныцкай лагчынай. Па гэтай лагчыне працякае прытока Дону Маныч. Улетку гэтая рака ўсыхае і пераварачваецца ў шэраг саланаватых вазёр, а ўвясну напаўняецца вадой, разьвільваецца і нясе сваю ваду па адной адтопы на захад у Дон, а па другой — на усход у бок Кумы, якая ўліваецца ў Касьпійскае возера. Кума-Маныцкая лагчына зьяўляецца рэшткай, усохлым дном даўнай пратокі, што злучала Касьпійскае вазера з Азоўскім і Чорным морамі. Калі-б ровень валы ў Чорным моры падняўся толькі на 25 мэтраў, дык яно заліло-б Кума-Маныцкую лагчыну і зноў злучылася-б з Касьпійскім возерам.

Уся прастора Прыдонскіх і Заазоўскіх раўнін пакрыта грубым пластом лезсу і лёэсавых глін, вышні слой якіх складае ўраджайную чорназемную глебу.

Клімат гэтага краю яшчэ сушэйшы, як у Паўднёвай Украіне. Толькі на поўдзень ад Кубані, у прыгор'ях Каўказу, колькасьць ападкаў значна ўзрастае, павялічваецца з 300 да 900 міліметраў. Бязьлесны стэп, такі самы, як у Паўднёвай Украіне, распасьціраецца па ўсім гэтым краі. Увясну гэты стэп стрыкаціць туліпанамі, півоніямі, касачамі, улетку шарэе ад кавылю ды іншых стэпавых траў, увосені выпальнаецца сонцам, набывае жоўты і нарэшце чорна-жоуты колер. Нечаланых стэпаў тут захавалася яшчэ значна болей, як на Ўкраіне, але й тут што-год павялічваецца плошча ральлі, а нечапаны стэп робіцца рэдкасьцю.

Люднасьць прыдонскіх і Падкаўкаскіх стэпаў складаецца пераважна з казакоў, якія ўладаюць вялікімі надзеламі і жывуць параўнаўча багата.

Казакі былі падзелены на 3 "войскі": донскае, кубанскае і тэрскае. Казакі карысталіся некаторым самаўрадам. На чале кожнага "войска" стаяў абраны прадстаўнікамі казакоў "наказны атаман"; краіна кожнага войска" была падзелена на акругі, акругі на станіцы і ў кожнай такой адзінцы казакі мелі права абіраць сваё начальства. Затое казак былі абавязаны агульнай вайсковай службай, і кожны дарослы казак па першым закліку расійскага ўраду мусіў з сваім канём ісьці ваяваць, куды-б яго ні пагналі.

Паводле сваёй мовы казакі належаць да украінцаў і да маскоўцаў. Да першых належыць большасьць кубанцаў, якія зьяўляюцца патомкамі пераселеных сюды запарожцаў, і частка донскіх. Большасьць донскіх казакоў складаецца з маскоўцаў.

З пачатку гістарычных часоў па сучасных казацкіх стэпах вандравалі розныя туркскія і іншыя народы: скіты, сарматы, аланы, хазары, печанегі, полаўцы, татары. Ад усіх гэтых народаў засталіся толькі могілкі-курганы, паўсюды раскіданыя па стэпе. З гор Каўказу ў Кубанскі стэп час-ад-часу спускаліся чаркесы, якія пасьвілі тут свае коні і здабывалі соль у вазёрах Манычкай лагчыны.
У XVІ в. на Дон пачынаюць надыходзіць уцекачы з Маскоўшчыны, якія не маглі сьцярпець уціску маскоўскіх баяр і ўраду. Тут яны асядаюць па магчымасьці далей ад сваёй бацькаўшчыны, селяцца дзе-небудзь каля рэчкі, дзе ёсьць рыба, трава для жывёлы і вада для піцьця. У выпадку варожых нападаў яны хаваюцца па балотных астравох ракі Дону. З цягам часу лік гэтых уцекачоў павялічваецца, яны элучаюцца ў адзіную вайсковую організацыю, як украінскія казакі Запарожжа. Для барацьбы з вандроўнікамі яны будуюць гарады-крэпасьці, пад заслонай якіх займаюцца гадоуляй жывёлы і рэльніцтвам. Як і запарожцы, тутэйшыя ўцекачы завуць сябе казакамі і з ахвотай прымаюць у сваю сям'ю новых і новых уцекачоў ад маскоўскага прыгняценьня. Сюды прыходзяць уцекачы-стараверы, якія ня вытрымалі рэлігійнага ўціску, і сяляне, што ўцякалі ад прыгону. У 1570 г. донскія казакі прызналі над сабой уладу маскоўскага цара, але захавалі свае вольнасьці: права абіраць начальнікаў і вечавы парадак (казацкі круг). Расійскі ўрад карыстаўся казакамі, як заслонай проціу вандроўнікаў, але часамі імкнуўся зьменшыць казацкія вольнасьці. Некалькі разоў казакі падымалі паўстаньні, абурваліся на расійскія гарады ў Прыволжы, пагражалі нават Маскве, але маскоўскі ўрад кожны раз перамагаў, нішчыў паўстаньні і часамі акрутна караў казакоў. Петра І пасьля аднаго з паўстаньняў разбурыў усе непакорныя станіцы, а па Доне пусьцій плыты з шыбеніцамі, на якіх віселі правадыры паўстанцаў. Пасьля гэтага руйнаваньня многа казакоў уцякло з Прыдонскага стэпу ў Заазоўскі, дзе ўжо ў XVІ веку зьявіліся першыя перасяленцы з Дону, якія не жадалі скарацца маскоўскаму цару. Там яны спакойна жылі побач з сваімі суседзямі-чаркесамі, кабардынцамі і чачэнцамі, займаліся ральніцтвам і гадоўляй жывёлы. Горшыя варункі стварыліся там пасьля таго, як пры Кацярыне ІІ маскоўцы сілком пасялілі на чаркескіх землях рэшткі запароскага войска. Чаркесы пачалі бараніць свае землі, і пачалася ўпартая барацьба, якая цягнулася да таго часу, пакуль расійскія войскі не заўладалі Заходнім Каўказам і не павыганялі большую частку чаркесаў у Турэччыну.

Апрача казакоў у Прыдонскіх і Падкаўкаскіх стэпах жыве шмат сялян, пераважна ўкраінцаў, часткай расійцаў і нават беларусоў, якія працавалі, як парабкі, на казацкай зямлі. Самі казакі спачатку грэбавал! ральніцтвам і займаліся болей рыбацтвам, гадоўляй жывёлы і паляваньнем. Павялічэньне гушчыні залюдненьня ў краіне прымусіла і іх зьвярнуць увагу на зямлю, і цяпер ральніцтва зьяўляецца галоўным заняткам насельнасьці. Для апрацоўкі зямлі ўжываюць палепшаныя сельска-гаспадарчыя прылады, але спосабы ральніцтва старыя-дзірванны і трохпалёўка. Сеюць тут пераважна пшаніцу, значна меней жыта, многа ячменю, проса, кіяхі. Дзеля алею сеюць рапс, сонечнік, каноплі, лён: на баштанах саджаюць кавуны, дыні, гуркі; у далінах рэк — садовіну і вінаграднік. На Донскай нізавіне з вінаграду вырабляюць моцныя шыпячыя віны, на Тэраку слынуць моздоцкія і кізьлярскія віны.

Коні, быдла і авечкі былі калісь галоўным багацьцем краіны, але яшчэ й цяпер параўнаўча з іншымі старонкамі Эўропы казацкія стэпы лічацца вельмі багатымі на жывёлу.

Найболей пашыраныя паселішчы краю — казацкія станіцы — лічацца паселішчамі вясковага тыпу, хаця некаторыя з іх, дзякуючы выгодам палажэньня, маюць выгляд запраўдных гарадоў. Другія з станіц болей падобны да слабод Слабажаншчыны або да украінскіх сëл з прыгожымі бельмі ляпянкамі. Трэція — у казакоў вялікарусаў — складаюцца з драўляных хат і нагадваюць вёскі Паўднёвай Маскоўшчыны. Гарадоў у краі параўнаўча мала. У Доншчыне яны згуртаваліся каля вусьцяў Дону, дзе жывуць так званыя гандлёвыя казакі.

На прытоцы Дону Аксаі ляжыць сталіца Донскага казацкага войска — Новачаркаск (43 тыс. нас.) з політэхнічным інстытутам і шэрагам іншых культурна-асьветных устаноў.

Ніжэй сутокі Дону з Аксаем ляжыць вялікі горад Растоў-на-Доне (181 тыс. нас.), з якім ужо зьліўся другі горад Нахічавань, заложаны армянамі-перасяленцамі з Закаўказьзя. Растоў — даступны для дробных морскіх караблёў і зьяўляецца галоўнай прыстаньню казацкіх стэпаў. Адгэтуль у Заходнюю Эўропу вывозілася шмат збожжа і іншых мясцовых і прыволскіх тавараў. (Гандлёвы абарот прыстані перад вайной дасягаў 96 мільёнаў рублёў золатам). Людзі ўсіх станаў і розных нацый — расійцы, украінцы, грэкі, армяне, жыды, татары — мітусяцца па вуліцах гэтага гандлёвага места, купляюць, прадаюць, гамоняць і дадаюць Растову падобнасьць да Адэсы. Як у прамысловым асяродку Доншчыны, тут існуюць вялізныя паравыя МЛЫНЫ і табачныя фабрыкі. У час вайны ў Растоў перавялі расійскі унівэрсытэт з Варшавы.

Пярэдняй прыстаньню Растову можна лічыць Таганрог (100 тыс. нас.), што ляжыць на аднаназоўнай затоцы Азоўскага мора, але ужо у межах Украінскай С.С.Р. (Гандлёвы абарот да вайны — 46 мільёнаў рублёў золатам).

У самым вусьці Дону ляжыць асяродак рыбацтва Азоў. Асяродкам Кубанскай зямлі зьяўляецца даўнейшы Кацярынадар, цяпер Краснадар (143000 нас.) па сярэдняй Кубані. Гэта важны асяродак гандлю пшаніцай з буйнымі млынамі.

У Краснадары будзе пабудована вялікая электрычная станцыя, якую спачатку будуць апальваць нафтай з суседняга багатага нафтай гораду Майкапу. Потым спадзяюцца замяніць апал сілай падаючай вады з ракі Белай. Гэтая станцыя можа электрызаваць мясцовыя млыны і алейні. Сілай гэтай станцыі можа карыстацца нават Новарасійск (гл. ніжэй) і іншыя прыстані Чорнага мора.

На Стаўрапальскім плоскаўзвышшы ляжыць губэрскі горад Стаўрапаль (53000 нас.), а у Тэршчыне ў падгор'ях згаслых вульканаў Машука і Бештау пабудаваліся вясёлыя і прыгожыя здароўніцы, слынныя сваімі мінэральнымі крыніцамі: Пяцігорск (40000 нас.) з серкавымі крыніцамі, Кіславодзк (22000 нас.) з вуглятленістымі крыніцамі, Эсэнтукі (20000 нас.) з лугавымі крыніцамі, Жалезнаводзк з жалезістымі крыніцамі.

Прыемны, карысны для здароўя клімат і лячэбныя крыніцы прывабліваюць сюды мноства хворых.

Значная частка тавараў Заазоўскага стэпу вывозіцца за межы па чыгунках, якія пераразаюць Заходні Каўказ і злучаюць кубанскія гарады з каўкаскімі прыстанямі на Чорным моры. Такім чынам частка Закаўказьзя, што ляжыць на паўночна-усходнім узьбярэжжы Чорнага мора, цесна злучана з экономічнага боку з Кубаншчынай. Гэтае ўзьбярэжжа, забароненае гарамі з паўночнага ўсходу, адзначаецца прыемным падзваротнікавым кліматам і багатай міжземнаморскай расьліннасьцю. (3 гэтай прычыны гэтую акругу часамі завуць Расійскай Рыв'ерай).
Галоўная прыстань там Новарасійск (49 тыс. вас., гандлёвы абарот да вайны — 80 міл. руб.) Недахватам Новарасійску зьяўляюцца моцныя паўночна-ўсходнія вятры "бора“, такія, як у Дальмацыі.