Географія Эўропы/Паўднёвая Эўропа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Агульны агляд Эўропы Географія Эўропы
Паўднёвая Эўропа
Аўтар: Мікалай Азбукін
Заходняя Эўропа

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўднёвая Эўропа[правіць]

Паўднёвая Эўропа.

Як мы бачылі з агульнага агляду Эўропы, на паўднёвых паўвостравах (якіх?) нашае часткі сьвету, па берагох Міжземнага мора, пераважваюць параўнаўча маладыя зморшчавыя горы, яшчэ мала зруйнованыя ад зьменаў тэмпэратуры, мала размытыя вадой. Зрывістыя шчарбатыя пакаты высокіх гор, вострыя вярхі, апранутыя вечным сьнегам, блакітныя ледавіковыя струмені, падобныя да паснуўшых рэк, чаргуюцца з прыгожымі вазёрнымі катлінамі або нават значнымі роўнымі прасторамі ўраджайных нізін. Шпаркія рэчкі з груканьнем і гаркатаньнем сьцякаюць з гор па вузкіх цясьнінах, ствараючы вадаспады й парагі.

Клімат Паўднёвай Эўропы завецца падзваротнікавым або міжземнаморскім і адзначаецца цёплай дажджыстай зімой і сухім сьпякотным летам. Улетку дажджоў звычайна ня бывае; пыл лётае ў паветры, асядае на лістох і дадае ім шэры аднастайны выгляд; усыхаюць рэкі, гіне трава, і толькі там, дзе магчыма штучнае абвадненьне, асабліва па схілах гор ды па рэчных берагох, рунее збожжа, гародніна, сьпеюць плады. Але вось пачынаецца восень, надыходзіць зіма, настае час дажджоў. Каля палудня амаль-што кожны дзень надыходзяць хмары, выпадае буйны дождж, але хутка зноў праглядвае сонейка, зноў разыходзяцца хмары, і блішчаць нібы ўмытыя травы й дрэвы. Неба і ўзімку звычайна яснае, так што Паўднёвую, або, як яшчэ йначай завуць, Міжземнаморскую Эўропу лічаць краем вечнаяснага неба, заўсёды зіхацеючага сонца. Вельмі прыемнае ўражаньне робяць заўсёды зялёныя дрэвы Міжземнаморскай Эўропы. Каменны й корачны дубы, алейныя дрэвы, памаранцавыя ды цытрынныя гайкі грэюцца пад касулькамі паўднёвага сонца поплеч з міжземнаморскай хвояй і чорным стромкім купрэсам. На месцы павысяканых здаўна лясоў павырасталі гэтак званыя макісы — вечназялёныя хмызьнякі з ляўраў, міртаў, магноліяў і олеандраў, красуючых увясну харошымі рознакалёрнымі кветкамі. На самым поўдні, апроч таго, можа расьці нават карлавая пальма, а па самых сухіх вапняковых пакатах асталяваліся занесеныя з Амэрыкі калючыя кактусы й сталетнікі. На высокіх горах, дзе іншы раз узімку бываюсь маразы, вечназялёныя расьліны замяняюцца лясамі такіх дрэў, якія страчваюць узімку лісьце; яшчэ вышэй растуць ігластыя дрэвы; далей распасьціраюцца альпійскія лугі з рознакалёрнымі краскамі, а на самых вярхох застаюцца або голыя або пакрытыя толькі сьнегам скалы.

Насельнікі Паўднёвай Эўропы звычайна нявысокія, доўгагаловыя цёмнатварыя брунэты; параўнаўча з іншымі эўропэйцамі яны адзначаюцца рухавасьцю, бязрупатнасьцю, вясёлым норавам, любяць сьпевы ды музыку, забаўкі і ўцехі. Па рэчных далінах і наагул усюды, дзе заўсёды ёсьць прэсная вада, люднасьць жыве вельмі густа, звычайна па вялікіх вёсках. Хутары і малыя вёскі трапляюцца вельмі рэдка, хіба што ў горах, напрыклад, у Альпах, пераважна сярод тамтэйшых немцаў. Чырвоназем Паўднёвай Эўропы — даволі багатая глеба, але ўрадлівасьць яе залежыць ад паверхні, а перш за ўсё ад колькасьці вады, неабходна патрэбнай для штучнага абвадненьня зямлі. Калі няма вады, дык глеба, як у пустыні, пакрыта толькі скуднай травой, а там, дзе ёсьць вада, сеюць збожжа кіяхі, пшаніцу, часам рыс), гародніну, морву (шаўкоўніцу) і асабліва дрэвы паўднёвых пладоў ды вінаграднік. Садоўніцтва і вінаградніцтва зьяўляюцца галоўнымі заняткамі людзей. Па стромкіх горных схілах, асабліва па берагох мораў, дзе на нахіленай паверхні ня можа трымацца вада, іншы раз робяць так званыя тэрасы, пакат ператвараюць у шэраг прыступак, на якіх ужо магчыма сеяць збожжа, садзіць гародніну, дрэвы. У Альпах і Пірэнэях, дзе выпадае шмат ападкаў, па харошых і сочных лугох пасьвяць найлепшае малочнае быдла, а ў Апэнінах, Дынарах і да таго падобных вапнавых горах, дзе расьце горшая трава, трымаюць дробную жывёлу: авечак, коз. Наагул сельская гаспадарка пераважвае над іншымі заняткамі; фабрычная прамысловасьць пашыраецца вельмі марудна, а гарады зьяўляюцца хутчэй гандлёвымі, чымся прамысловымі цэнтрамі сваёй ваколіцы. У сучасны момант і гандаль, і прамысловасьць, і асьвета ў Паўднёвай Эўропе стаяць многа ніжэй, як у Паўночна-Заходняй.

Затое тутака знаходзіцца, як кажуць, калыска эўропэйскай культуры, тут ужо й тады высока стаяла гаспадарка і асьвета, калі Паўночная Эўропа нават яшчэ ня ведала ральніцтва. Да таго часу, пакуль Міжземнае мора было галоўнай морскай дарогай вядомага сьвету, пакуль яшчэ караблі не пераразалі штодзень Атлянтыку, як цяпер, да таго часу міжземнаморскія староны былі найболей багатымі, найболей магутнымі, найболей асьвечанымі ў Эўропе.

(Якія яшчэ з агляду Эўропы ведаеш асаблівасьці Паўднёва-Заходняга абшару?).

У склад Паўднёвай Эўропы ўваходзяць 4 асобныя стараны: 1) Пірэнэйскі паўвостраў, 2) Італія, 3) уклад Альпійскіх гор-зморшчаў і 4) Балканскі паўвостраў.

Пірэнэйскі паўвостраў.[правіць]

Пірэнэйскі паўвостраў.

(Адзнач па карце яго географічнае палажэньне, пералічы, якія моры яго абцякаюць).

Пірэнэйскі паўвостраў займае самы далёкі паўднёва-заходні куток Эўропы. Толькі вузкая Гібральтарская пратока аддзяляе яго ад Афрыкі, з якою ён мае шмат супольнага як у сваім абрысе, гэтак і ў выглядзе паверхні і ў клімаце. Гэта такі самы масыўны кавалак сухазем’я з роўнымі, мала зрэзанымі морам берагамі. Вялізныя плоскаўзвышшы займаюць большую сярэднюю частку паўвострава, а на поўначы і на поўдні расьцягнуліся зморшчавыя горныя ланцугі. Сярэдзінныя плоскаўзвышшы з усіх бакоў атачаюцца горставымі горамі (успомні пахаджэньне горстаў Паўночна-Заходняй Эўропы), а ад зморшчавых ланцугоў аддзяляюцца 2-ма нізінамі (Пераглядзі па карце назовы плоскаўзвышшаў, горстаў, нізін і зморшчавых ланцугоў Пірэнэйскага паўвострава). Абхопленыя з усіх бакоў горамі, плоскаўзвышшы і нізіны адзначаюцца сухім контынэнтавым кліматам, а схілы павернутыя ў бок мораў, маюць клімат больш-менш вільгатны. На паўночных схілах Кантабрыйска-Пірэнэйскіх гор дажджы выпадаюць як узімку, гэтак і ўлетку; у іншых месцах ападкі прыпадаюць выключна на зіму або на позьнюю восень і на пачатак вясны.

Горсты і іншыя горы выклікаюць утварэньне на рэках старонкі многіх парагоў, а летнія сухмені робяць гэтыя рэкі дужа плыткімі ў гэтую пару году. Такія рэкі (пералічы іх паводле карты) нявыгодны для руху параходаў. Толькі Гвадальквівір, што цячэ па роўнай Андалюскай нізіне ды жывіцца горнымі сьнягамі Гранадзкіх гор, зьяўляецца шчасьлівым выняткам.

Расьліннасьць, згодна з асаблівасьцямі клімату, на плоскаўзвышшах сухалюбная, стэпавая; на паўночных ускрайках, дзе шмат ападкаў, яна складаецца з дрэў з ападаючым лісьцем, а на ўсходніх заходніх і паўднёвых узьбярэжжах — вечназялёная.

З найболей цікавых жывёл трэба зьвярнуць увагу на маго, бясхвостую малпу, якая жыве на Гібральтарскай гары ля аднаназоўнай пратокі і на генэту, маленькага мясажэра, падобнага крышку да ката. Абедзьве гэтыя жывёлы часта сустракаюцца і ў Афрыцы, асабліва ў яе паўночна-заходняй частцы (на Атляскіх горах). Падобнасьць пірэнэйскай жывёльнасьці да афрыканскай тлумачыцца між іншым тым, што паміж гэтымі двума краямі праз доўгі час існавала сувязь, бо на месцы сучаснай Гібральтарскай пратокі быў пярэсмык, па якім жывёлы маглі перасяляцца з Афрыкі ў Эўропу і наадворот..

Сучасныя насельнікі Пірэнэйскага паўвострава належаць да 3-х асобных романскіх народаў: на захадзе жывуць португальцы, на ўсходзе — каталёнцы, пасярэдзіне — гішпанцы або кастыльцы.

Згодна з гэтым у сярэднія вякі на паўвостраве існавалі тры романскія дзяржавы: Португалія, Кастылія і Арагонія. Потым Кастылія з Арагоніяй злучыліся ў адно Гішпанскае каралеўства.

Апрача таго ў Заходніх Пірэнэях жыве некалькі сот тысяч баскаў. Яны лічацца патомкамі тубыльцаў паўвострава (ібэрыйцаў), якія захавалі ў чыстаце свае звычаі й мову.

Даўных ібэрыйцаў лічаць за блізкіх родзічаў афрыканскіх барбарыйцаў, ды й сучасныя насельнікі Пірэнэйскага паўвострава маюць шмат супольнага ў сваім абліччы з насельнікамі Паўночна-Заходняй Афрыкі. І няма ў гэтым нічога дзіўнага, бо як афрыканскія народы (перш картагенцы, потым маўры), гэтак і эўропэйскія пляменьні (латыньцы, а потым гэрманскія пляменьні: вандалы й вэстготы) лёгка перакідвалі свае войскі цераз Гібральтарскую пратоку, перасяляліся з Пірэнэйскага паўвострава на Атляс і наадварот. Сучасныя португальцы, каталёнцы й гішпанцы зьяўляюцца патомкамі даўных ібэрыйцаў, якія запазычылі романскую мову латыньцаў і памяшаліся з рознымі перасяленцамі з Эўропы і Афрыкі.

У сучасны момант большая частка Пірэнэйскага паўвострава належыць да Гішпанскага каралеўства (498000 кв. клм., 20300000 насельнікаў). Заходнія схілы сярэдзіннага (Кастыльскага) плоскаўзвышша складаюць Португальскую рэспубліку; паўночныя схілы Пірэнэйскага ланцуга належаць да Францускай дзяржавы, а Гібральтарская морская крэпасьць каля аднаназоўнай пратокі зьяўляецца ангельскай колёніяй.

Географічнае палажэньне Пірэнэйскага паўвострава на далёкім захадзе Міжземнамор’я дапамагло пірэнэйцам перш за ўсіх вынайсьці Амэрыку і зрабіць яе сваёй вялізарнай колёніяй. Гішпанскі ўрад організаваў слынную экспэдыцыю Колюмба, які ў 1492 г. дасягнуў Сярэдняй Амэрыкі. Усьлед за Колюмбам у Новы Сьвет пацягнуліся сотні й тысячы пірэнэйцаў. Многія з іх вярнуліся потым на бацькаўшчыну з вялікімі запасамі нарабаванага золата й серабра. Пірэнэйскі паўвостраў зрабіўся тады найбагацейшай стараной Эўропы, а пірэнэйскія дзяржавы апынуліся на першым месцы паміж дзяржаў сьвету і нават падзялілі між сабой усе заэўропэйскія краіны. Аднак багацьце Пірэнэйскага паўвострава было ўмоўным. Павялічыўся запас дарагіх мэталаў, але не пашыралася прамысловасьць, не паляпшалася культура. У Амэрыку павыяжджала шмат энэргічных, жыцьцяздольных людзей паўвострава, многія з іх тамака й асталяваліся і ўжо не вярнуліся ў Эўропу. Амэрыка пачала жыць сваім асобным жыцьцём, а гішпанцы й португальцы, наагул бязрупатныя й гультаяватыя, мала клапаціліся аб сваіх колёніях, глядзелі на іх толькі, як на крыніцу ўзбагачэньня. Жадасьць і бязьмерныя вымаганьні мэтрополіі выклікалі ў амэрыканскіх колёніях нянавісьць і абурэньне супроць Гішпаніі. Адна за аднэй яны паўсталі проціў мэтрополіі, аддзяліліся й зрабіліся самастойнымі рэспублікамі.

Тымчасам, у Амэрыку пачалі пасылаць сваіх эмігрантаў і іншыя староны Эўропы. Залюднілася Паўночная Амэрыка, пачаліся бойкія зносіны паміж ёй і Эўропай. Пачалі багацець і ўзрастаць тыя дзяржавы Эўропы, што ляжалі на паўночным захадзе нашае часткі сьвету, у найменшай адлегласьці ад паўночна-амэрыканскіх старон. Сусьветнае значэньне Пірэнэйскіх дзяржаў зьнікла, а ў сучасны момант ад іх вялізных колёній захаваліся толькі маленькія, убогія рэшткі[1].

Паводле асаблівасьцяй прыроды й люднасьці Пірэнэйскіх паўвостраў можна падзяліць на 7 краін: 1) уклад Пірэнэйска-Кантабрыйскіх зморшчавых гор; 2) асяродкавае Кастыльскае плоскаўзвышша; 3) Арагонская нізіна; 4) Усходняя Гішпанія; 5) уклад Гранадзкіх зморшчавых гор; 6) Андалюская нізіна і 7) Португальскае ўзгор’е.

Пірэнэйска-Кантабрыйскі ўклад зморшчавых гор займае паўночную шырокую мпаласу Пірэнэйскага паўвострава, усходняя частка якой мае назоў Пірэнэяў. Шырокай сьцяной Пірэнэі адгароджваюць Пірэнэйскі паўвостраў ад контынэнту. Зубкаватыя вярхі Пірэнэяў, як, напрыклад, Пік-Анэта ў сугор’і Маладэта (3404 мэтры над роўнем мора), дасягаюць вельмі значнай вышыні і апрануты коўдрай вечнага сьнегу. З вечных сьнягоў утвараюцца пакрысе ледавікі, ледавікі спаўзаюць па горных далінах, растаюць і даюць пачатак нязьлічаным горным струменям. Працяг Пірэнэяў — Кантабрыйскія горы — цягнуцца па беразе Біскайскай затокі, якая тутака ўразаецца ў сухазем’е тысячамі вузкіх і даўгіх буктаў, выгодных для прыстою караблёў. (Берагі, зрэзаныя такімі буктамі, як тут, завуцца рыасавымі). Паўночныя схілы Пірэнэйска-Кантабрыйскіх гор адзначаюцца панаваньнем моцных вільгатных вятроў, што дзьмуць з акіяну, з Біскайскай затокі і прыносяць шмат ападкаў. З гэтай прычыны паўночныя схілы мацней разьедзены вадой, круцей і багацей горнымі рэчкамі, чымся сухія, павернутыя ў бок сухазем’я паўднёвыя схілы ланцуга. Глыбокія горныя катліны чаргуюцца ў Пірэнэях з высокімі хрыбтамі; адвесныя, зрывістыя сьцены зьмяняюцца бяздоньнямі. У падгор’ях Кантабрыйскага ўкладу каля берагоў Біскайскае затокі і ў паўночных прыгор’ях Пірэнэяў растуць дубовыя, букавыя й каштанавыя гайкі; вышэй на схілах трапляюцца бярозы і наагул дрэвы пераважваюць такія, якія ўзімку страчваюць сваёй лісьце. Высока ў горах, ніжэй сьнегавой мяжы, распасьціраюцца багатыя горныя лугі з зялёнай, сочнай травой.

Наадварот, на паўднёвых схілах клімат сухі, ападкаў выпадае мала, лясоў бязмаль-што зусім няма, а паша скудная, гожая хіба толькі для авечак ды коз. Дзе-ні-дзе трапіш толькі каліва палыну і так званай травы-эспарто.

Паўночныя схілы паводле клімату болей падобны да Паўночна-Заходняй Эўропы, паўднёвыя — адзначаюцца тыповымі для Паўднёвай Эўропы летнімі сухменямі. На паўночных схілах, дзякуючы мернаму ды вільгатнаму клімату, бяз штучнага абвадненьня магчыма ральніцтва. У далінах і ў падгор’ях насельнікі краіны сеюць кіяхі ды пшаніцу, каля

Мал. 11. — Горная катліна ў Пірэнэях.


Мал. 11. — Горная катліна ў Пірэнэях.

хат саджаюць звычайныя эўропэйскія садовыя дрэвы: яблыні, ігрушы; з яблыкаў гатуюць сыдр (яблычнае віно). Вышэй па горных лугох красуе гадоўля добрага малочнага быдла; з малака там вырабляюць сыры, якія адгэтуль вывозяцца ўва ўсе іншыя краіны Пірэнэйскай стараны. У Кантабрыйскіх горах няма недахвату і ў карысных мінэралах: шмат у якіх месцах сустракаецца каменны вугаль, жалеза, цынк. Аднак насельнікі краіны не зварочваюць патрэбнай увагі на свае падземныя багацьці. Капальні належаць пераважна да чужаземных капіталістых: ангельцаў, французаў, якія вывозяць тутэйшую руду ў неапрацованым стане на свае ўласныя фарбыкі за межы пірэнэйскіх дзяржаў. Такім чынам фабрычная прамысловасьць не пашыраецца ў Пірэнэйска-Кантабрыйскай краіне, і толькі жалезныя гуты спатыкаюцца тут досыць часта.

Насяленьне краіны, як і заўсёды ў горных мясцовасьцях, складаецца з рознастайных пляменьняў. Ува ўсходніх і сярэдніх Пірэнэях жывуць каталёнцы (на паўднёвых схілах), і провансальцы, або паўднёвыя французы (на паўночных схілах), якія ўжываюць бязмаль-што адну й тую самую мову, хаця часта першых лічаць за гішпанцаў, а другіх за французаў. У Заходніх Пірэнэях абапал вадападзельнага ланцуга жывуць баскі, якія захавалі старасьвецкія звычаі й старадаўную мову даўнейшых тубыльцаў Пірэнэйскага паўвострава - ібэрыйцаў.

Працавітыя й працаздольныя баскі значна розьняцца ад іншых народаў паўвострава, гультаяватых, пагардлівых і цёмных. Баскі лічацца найлепшымі рыбакамі й мораходамі і добрымі, ашчэднымі й разумнымі гаспадарамі. З усіх тых эмігрантаў, якія выядждалі з Пірэнэйскага паўвострава ў Паўночную й Сярэднюю Амэрыку, баскі зьявіліся найлепшым колёністымі. У работніцкім руху ў Гішпаніі баскі граюць прыметную ролю. У 1921 г. работнікі фабрык у землях баскаў абвяшчалі агульную забастоўку супроць авантурніцкай вайны ў Мароко, якую пачаў урад Гішпаніі.

Кантабрыйскія горы залюднены гэтак званымі гальего. Яны гавораць папортугальску, але кастыльцы абвяшчаюць іх гішпанцамі.

З політычнага боку краіна Пірэнэйска-Кантабрыйскіх гор належыць да Гішпаніі. Толькі паўночны схл Пірэнэяў уваходзіць у склад Францускай рэспублікі.

У сярэдзіне Ўсходніх Пірэнэяў існуе яшчэ маленькая самастойная рэспубліка Андора, найменшая па коьлкасьці насельнікаў дзяржава Эўропы (5000 чалавек пераважна пастухоў і контрабандыстых, якія перацягваюць гішпанскія тавары ўва Францыю і, адваротна, францускія ў Гішпанію).

Асяродкам Пірэнэйска-Кантабрыйскае краіны трэба лічыць горад Більбао (114.000 нас.), галоўную прыстань Паўночнай Гішпаніі на Біскайскай затоцы з майстэрнямі караблёў і вывазам жалезнай руды.

Кастыльскае плоскаўзвышша або Мэзэта (што ў перакладзе з гішпанскай мовы азначае "стол") ляжыць на поўдзень ад Кантабрыйскіх гор і займае найвялікшую сярэднюю частку паўвострава.

Калісь у далёкую даўніну на месцы сучаснага Кастыльскага плоскаўзвышша былі два возеры, ад якіх захаваліся толькі мяккія адклады з рэшткамі вазёрных жывёл. З часам гэтыя вазёры або ўсохлі, або спусьцілі сваю ваду за дапамогай рэк, якія прабіліся адгэтуль да акіяну.

Краіна выглядае гладкай, як стол, раўнінай, абкружанай зубкаватымі горстамі, якія тут завуцца сьерамі (што азначае пагішпанску "піла"). Адна з гэтых сьераў - Сьера-Гвадарама - упоперак пераразае ўсю краіну і дзеліць яе на Старую Кастылію (на поўначы) і Новую Кастылію (на поўдні). (Паводле карты пералічы, якія "сьеры" абхапляюць Кастыльскае плоскаўзвышша з усходу ды з поўдня).

На ўсходзе Мэзэта вышэй, як на захадзе, і рэкі яе (Дуэро, Тахо, Гвадыяна) з гэтай прычыны цякуць пераважна на захад у бок Атлянтычнага акіяну, шмат у якіх месцах прабіваюцца скрозь гранітныя сьеры, цякуць па глыбокіх цясьнінах і зьяўляюцца нявыгоднымі для руху параходаў. Клімат краіны вельмі сухі, контынэнтавы. Морскія вятры, каб трапіць на плоскаўзвышша, мусяць пераваліць праз ускрайныя горсты, на якіх і пакідаюць сваю вільгаць. (Чаму вятры страчваюць сваю вільгаць, калі пераходзяць цераз горы?). Заўсёды яснае неба, улетку пыл і сьпякота, узімку сьцюджа - вось галоўныя адзнакі Кастыльскага клімату.

Горад Мадрыд, што ляжыць у сярэдзіне плоскаўзвышша, мае сярэднюю тэмпэратуру студзеня - 4,9°, а ліпеня +24,5° (паводле тэрмомэтра Цэльсія). Часамі ўзімку бываюць маразы ў - 7°, а ўлетку гарачыня ў цені дасягае аж да +39,6°.

Толькі на знадворных схілах ускрайных горстаў могуць расьці лясы або хмазьнячкі (чаму?), па раўнінах-жа недахват вільгаці перашкаджае ўзрастаньню дрэў. Хіба што ў далінах рэк пры штучным абвадненьні магчыма ўзгадаваць садок. Вялізныя прасторы раўнін паміж далінамі зьяўляюцца голым, часта саланчаковым стэпам. Маленькія салоныя вазёры ды салоныя балоты зусім бяз жаднай траўкі чаргуюцца з убогай пашай для авечак, на якой расьце скудная рэдкая сухая трава: палын, трава-эспарто, ці часам маленькія калючыя хмызьнячкі. Улетку сонца выпальвае апошнюю траву, і краіна робіцца бязмаль-што запраўднай пустыняй. Земляробства магчыма ў краіне толькі ў рэчных далінах ды дзе-ні-дзе на поўначы. Мала дзе спаткаеш поле кіяхоў або пшаніцы; большая частка зямлі або зусім не дае аніякай карысьці, або дае толькі скудную спажыву для статкаў дробнай жывёлы: авечак і коз. У невялікай колькасьці насельнікі трымаюць яшчэ сьвіней, аслоў і мулаў, але й гадоўля жывёлы дае мала карысьці. Узімку, калі зямля пакрываецца сьнегам, скаціну жывяць саломай, або часьцей гоняць яе далёка ў нізіны, за некалькі сотняў вёрст, дзе клімат цяплейшы й зямля не пакрываецца сьнегам. Траву-эспарто пастухі зьбіраюць і робяць з яе кошыкі. Там, дзе ёсьць зямля, гожая на ральлю, там яна звычайна належыць, да буйных земляўласьнікаў-шляхтуноў; сяляне-ж жывуць бедна і бязмаль-што дарма гаруюць на панскай зямлі.

46 У горах, на ўскрайках краіны, трапляюцца месцам багатыя паклады карысных мінэралаў. На поўдні ў г. зв. Сьера-Морэна каля рэчкі Рыо-Тынто ёсьць руда медзі, волава, жывога серабра. (Асаблівай славай карыстаюцца запасы жывога серабра ля месца Альмадэн). Сустракаецца й каменны вугаль. Паклады мінэралаў дазволілі пашырыцца на Кастыліі фабрычнай прамысловасьці, асабліва апрацоўцы воўны, якую даюць у дастатку мясцовыя авечкі. Але й тут, як і ў Кантабрыйскіх горах, капальні належаць галоўным чынам да чужаземцаў, і гэта значна затрымоўвае разьвіцьцё ўласнай прамысловасьці краіны.

Кастыльскае плоскаўзвышша — калыска Гішпанскай дзяржаўнасьці. Сухі клімат краіны і цяжкія варункі жыцьця зрабілі кастыльцаў найболей рухавымі і войналюбнымі сярод народаў паўвострава. Стварыўшы сваю дзяржаву ў асяродку Пірэнэйскага паўвострава, кастыльцы тым лягчэй маглі распаўсюджыць сваю ўладу й на суседнія краіны. У часы заваёваў у Амэрыцы кастыльцы галоўным чынам і зьявіліся тымі авантурнікамі-конквістадарамі, якія здабылі Сярэднюю і большую частку Паўднёвай Амэрыкі і зруйнавалі там даўную й досыць высокую культуру пэруанцаў і мэхіканцаў. Няўдалая колёніальная політыка Гішпаніі тлумачыцца галоўным чынам пыхай, жорсткасьцю, акрутнасьцю, асабліва-ж жадасьцю кастыльцаў, якія зусім не клапаціліся аб дабрабыце здабытых земляў, а рупіліся толькі аб сваім узбагачэньні. Ня гледзячы на заняпад сваёй дзяржавы, кастыльцы і да сяго часу лічаць сябе найлепшым народам, а сваю бацькаўшчыну найлепшай старонкай сьвету, грэбуюць усім чужаземным і з пыхай гавораць аб усім сваім.

Мал. 12. — Пляц у горадзе Толедо на Кастыльскім плоскаўзвышшы.


Мал. 12. — Пляц у горадзе Толедо на Кастыльскім плоскаўзвышшы.

Благое становішча прамысловацьці ды і ўсёй гаспадаркі сьведчыць аб нізкай ступені культуры ў Гішпаніі. Каля ⅔ люднасьці належыць да няпісьменых. Нявысока стаіць і сярэдняя, і вышэйшая адукацыя. Праўда, вышэйшых школ даволі многа, але як навуковыя ўстановы, гэтыя школы стаяць яшчэ вельмі далёка ад унівэрсытэтаў культурных старонак Эўропы: Ангельшчыны, Францыі або Нямеччыны. Цёмныя, але пышныя кастыльцы ўсюды, дзе толькі ім выпадала, нішчылі мясцовую культуру; усе захопленыя імі старонкі хутка прыходзілі ў заняпад.

У асяродку Кастыльскага плоскаўзвышша і ў асяродку ўсяго Пірэнэйскага паўвострава, на месцы скрыжаваньня галоўных гандлёвых чыгунак яго, ляжыць сталіца Гішпанскай дзяржавы Мадрыд (751000 насельн. у 1920 годзе). Тут жыве гішпанскі кароль і знаходзіцца парлямэнт (Гішпанія - констытуцыйная монархія). Гэта адначасна адміністрацыйны, гандлёвы й культурны асяродак Гішпаніі.

Арагонская нізіна ляжыць на ўсход ад Мэзэты ў вадазборы ракі Эбро. Усходнія ўскрайныя горы Мэзэты складаюць нібы заходнюю сьценку яе; на поўнач ад нізіны ўздымаюцца магутныя Пірэнэі; з усходу яна адлучана ад мора гэтак званымі Каталёнскімі гарамі, праз якія ў вузкай цясьніне прабіваецца Эбро. Такім чынам Арагонія, як і Мэзэта, нібы зачынена ад вільгатных морскіх вятроў і адзначаецца такім самым сухім, контынэнтавым кліматам. Аднак, лежачы на меншай вышыні над роўнем мора, Арагонія зьяўляецца крышку цяплейшай краінай, і сьнег у ёй рэдка ляжыць скрозь па палёх і пашах, як у Кастыліі. Расьліннасьць тут такая самая, што й там, але дае больш карысьці для авечак, бо яны тутака могуць пасьвіцца ў працягу ўсяго году без перарыву. У даліне Эбро па штучна абваднёных палёх добра ўзрастае вінаграднік, садовіна і ўсялякае збожжа.

Гандлёвы асяродак краіны Сарагоса (141000 нас.), старасьвецкая сталіца сярэднявяковага Арагонскага каралеўства, і да цяперашняга часу захавала шмат старасьвецкіх прыгожых будынкаў, сьведак слаўнай мінуўшчыны гэтага гораду.

Усходнія ўскрайкі Пірэнэйскага паўвострава, што ляжаць на ўсход ад Арагонскай нізіны і Новай Кастыліі, каля берагоў Міжземнага мора, адзначаюцца ўжо тыповым падзваротнікавым кліматам (пералічы галоўныя асаблівасьці такога клімату) і заўсёды зялёнай міжземнаморскай расьліннасьцю. Схілы Каталёнскіх гор, якія цягнуцца роўналежна берагавой лініі, апрануты прыгожымі макісамі з ляўраў, міртаў, ляўравішняў, олеандраў і магноліяў. Праўда што й тут дажджоў не хапае, але тут затое шмат маленькіх рэчак, вадой якіх карыстаюцца ў мэтах штучнага абвадненьня палёў і садоў. Штучна-абваднёныя месцы ў гэтай краіне завуцца хуэртамі і адзначаюцца надзвычайнай ураджайнасьцю. Сетка абвадняльных каналаў пераразае кожную хуэрту ды разьмяркоўвае ваду па яе палёх і садох. З палёў хуэрты зьбіраюць прынамсі 2 разы ў год ураджаі пшаніцы, кіяхоў ды іншага збожжа, а ў садох гадуюць алейнае дрэва, пэрсікі, памаранцавыя, гранатныя ды цытрынныя дрэвы, фісташкі, найлепшыя гатункі йгруш і морву, лісьцем якой жывіцца шаўкоўны вусень. Зразумела, што зямля ў хуэртах каштуе вельмі дорага. Належыць яна пераважна да буйных земляўласьнікаў, а сяляне звычайна толькі бяруць яе ў арэнду за вялікія грошы ды яшчэ плацяць вялікія падаткі. З гэтай прычыны, ня гледзячы на вялізныя ўраджаі ў багатых садох, сяляне жывуць бедна, а часамі й галадуюць. Галоўнае багацьце краіны - сады ды вінаградні, але, апроч таго, значную карысьць насельнікам узьбярэжжаў дае рыба, якой шмат ловяць у Міжземным моры. Нарэшце у Каталёнскіх горах ёсьць і падземнае багацьце - волава, серабро й жалеза. Важнае значэньне тут мае і фабрычная прамысловасьць. Гэтаму дапамагаюць выгоды гандлёвых зносін з Францыяй, Італіяй і Ўсходам, а таксама большая параўнаўча з кастыльцамі працавітасьць мясцовых насельнікаў-каталёнцаў. Толькі гэтую краіну й можна лічыць такой часткай Гішпаніі, у якой існуе буйная фабрычная прамысловасьць. Тысячы работнікаў працуюць на тутэйшых баваўняных, ваўняных і шоўкавых фабрыках, на папернях і шкляных гутах.

У зьвязку з гэтым тут утварыўся асяродак работніцкага руху ў Гішпаніі. Работнікі тутэйшых фабрык згуртаваліся ў дзьве вялікія профэсыянальныя організацыі, з якіх адна - Агульна-Работніцкі Саюз - імкнецца да супрацоўніцтва з буржуазіяй, а другая - Нацыянальная Работніцкая Конфэдэрацыя, - на чале якой стаялі анархістыя, усімі сродкамі змагаецца як з буржуазіяй, гэтак і з урадам. Гарачнасьць і палкасьць паўднёвага эўропэйца выяўляецца пры гэтым змаганьні ў тэрорыстычных актах, накірованых супроць асобных старшыняў фабрыканцкіх саюзаў. Буржуазія змагаецца з абедзьвюма організацыямі работнікаў, арыштоўвае іх членаў, забівае іх правадыроў і, каб утрымаць у паслухмянстве фабрычных працаўнікоў, звальняе ад працы сотні тысяч работнікаў, якія прымалі ўдзел у забастоўках.

Найбольш пашырана ўва Ўсходняй Гішпаніі баваўняная і шоўкавая прамысловасьць, сырыну для якой даюць плянтацыі баваўны і морвы на мясцовых хуэртах.

Асяродкам гэтай прамысловасьці і наагул найважнейшым прамысловым горадам Пірэнэйскага паўвострава зьяўляецца горад Барсэлёна (710.000 насельн.) з добрай морскай прыстаньню, у якой заўсёды таўпяцца францускія, ангельскія і італійскія караблі. Гэта і асяродак работніцкага руху ў Гішпаніі. Другая важная прыстань Валенсія (240.000 нас.), абкружаная прыгожымі багатымі хуэртамі, вывозіць віно, паўднёвыя плады і шоўк.

Да Ўсходняй Гішпаніі трэба далучыць яшчэ Балеарскія астравы, што ляжаць у Міжземным моры на ўсход ад Пірэнэйскага паўвострава і слынуць прыемным, цёплым морскім кліматам, хараством краявіду ды выдатнай красою насельнікаў.

Як у Арагоніі, гэтак і ўва Ўсходняй Гішпаніі жывуць каталёнцы, мова якіх болей падобна да мовы паўднёвых французаў, чымсь да мовы іншых пірэнэйцаў - португальцаў і гішпанцаў.

Арагонскае каралеўства, якое існавала ў сярэднія вякі, а потым злучылася з Кастыліяй у Гішпанскую дзяржаву, было нацыянальным каталёнскім гаспадарствам.

Гранадскія горы, або Сьера-Нэвада (сьнегавы хрыбет), як і Пірэнэйска-Кантабрыйскі горны ўклад, зьяўляюцца параўнаўча маладым зморшчавым ланцугом. Яны цягнуцца ад Гібральтарскай пратокі ўздоўж паўднёва-ўсходніх берагоў Пірэнэйскага паўвострава і ўжо пры першым поглядзе на карту здаюцца беспасрэдным працягам аднэй з галінак укладу паўночна-афрыканскіх Атляскіх гор. Гранадзскія горы яшчэ вышэй, чымся Пірэнэі. Вярхі іх нават улетку застаюцца пакрытымі плямамі сьнегу, а з найвышэйшай гары ланцуга - Мульхасан (3481 мэтр вышыні над роўнем мора) спаўзае нават ледавік, самы паўднёвы ў Эўропе. Схілы Гранадзкіх гор або зусім голыя, або апрануты толькі ўбогай травой ды рэдкім хмызьняком. Затое ўзьбярэжжа Міжземнага мора, засланёнае ад паўночных вятроў Гранадзкім ланцугом, адзначаецца цёплым падзваротнікавым кліматам, яшчэ цяплейшым, як ува Ўсходняй Гішпаніі. (Тут у горадзе Маляга тэмпэратура самага халоднага месяца студзеня +12,7°). Дзякуючы гэтаму, тутака добра ўзрастаюць самыя далікатныя расьліны Эўропы, нават пальмы, як дзе-небудзь у Афрыцы. Як і ўва Ўсходняй Гішпаніі, тут патрэбна штучнае абвадненьне зямлі, але ў хуэртах, апроч звычайных паўднёвых пладоў ды эўропэйскага збожжа, растуць рыс, баваўна, нават цукровая трысьціна й фінікавая пальма. Галоўным багацьцем краіны зьяўляецца вінаграднік, а галоўным прадметам вывазу - найлепшыя гатункі віна (між іншым вядомая маляга). Вінаграднік добра ўзрастае ня толькі па прыгор'ях, але й па схілах гор на такой вышыні, дзе ўжо ня могуць пасьпяваць далікатнейшыя гатункі паўднёвых пладоў. Каб лепей скарыстаць схілы гор і мець магчымасьць абвадняць іх, шмат у якіх месцах заводзяць прыступкавую культуру, ператвараючы нахіленую паверхню схілаў у шэраг паземных прыступак-тэрас. Дзякуючы штучнаму абвадненьню, гагатыя хуэрты стварыліся нават у сярэдзіне краіны, у далінах, з усіх бакоў абхопленых гарамі, дзе бяз штучнага абвадненьня магла існаваць толькі ўбогая стэпавая расьліннасьць.

Штучнае абвадненьне ў краіне было заведзена ў сярэднія вякі маўрамі, якія перасяліліся сюды цераз Гібральтарскую пратоку і стварылі тут сваю дзяржаву (каліфат), у якой высока стаялі земляробства, гандаль, навука, мастацтва і асьвета. У недаступных Гранадзкіх горах маўры доўга маглі бараніцца ад кастыльцаў, і толькі ў год вынаходкі Амэрыкі мусілі здаць сваю сталіцу гішпанскаму войску. Заўладаўшы Гранадзкай краінай, гішпанцы зьнішчылі і зруйнавалі ўсю маўрскую культуру, а саміх маўраў часткай перабілі, часткай павыганялі ў Афрыку. Да сяго часу ў краіне захавалася толькі некалькі дзесяткаў тысяч патомкаў даўных маўраў-морысаў, як іх цяпер празываюць. Затое яшчэ й цяпер там засталося шмат выдатных будынкаў, збудованых маўрамі. У сярядзіне краіны ў месьце Гранада (83000 нас.) у харошай мясцовасьці, у даліне між высокіх гор стаяць вялізныя харомы альгамбра, дзе жылі апошнія ў Эўропе маўрскія валадары — гранадзкія каліфы. Гэтыя харомы ёсьць лепшым і найпрыгажэйшым прымернікам маўрскага мастацтва ў нашай частцы сьвету.

Сучасным гандлёвым асяродкам краіны Гранадзкіх гор можна лічыць горад Малягу (151000 нас.), што ляжыць у пекнай хуэрце на беразе Міжземнага мора. З Малягі вывозяць віно, разынкі, прованскі алей і паўднёвыя плады.

У сучасны момант Гранадзкая краіна ўваходзіць у склад Гішпанскай дзяржавы і толькі Гібральтарская гара, з невялічкім местам на ёй каля выйсьця з Міжземнага мора, ля аднаназоўнай пратокі, належыць да Ангельшчыны. Гэта вельмі важнае морскае ўмацаваньне і галоўная станцыя на дарозе параходаў з Ангельшчыны ў Эгіпет і Індыю. На паўднёвым захадзе ад Гібральтару знаходзіцца самы паўднёвы выступ Эўропы — рог Тарыфа (адзнач географічную шырыню).

Мал. 13. — Палац Альгамбра ў Гранадзе.


Мал. 13. — Палац Альгамбра ў Гранадзе.

Андалюская нізіна ўразаецца між Гранадзкімі гарамі і тымі горстамі, якія адгараджваюць з паўдня Кастыльскае плоскаўзвышша (як гэтыя горсты завуцца?). Быў час, калі гэтая нізіна была затокай Атлянтычнага акіяну, але рэкі, што беглі сюды з поўначы ды з Гранадзкага ланцуга, пакрысе завалілі тую затоку сваімі адкладамі — пяском ды глеем — і перавярнулі яе ў сухаземную нізіну. Паволі, ціхамірна бяжыць па гэтай нізіне рака Гвадальквівір, што пачынаецца ў Гранадзкіх горах і жывіцца іх сьнягамі. Бязмаль-што на ўсім сваім працягу Гвадальквівір гожы для параходнага руху, а ў нізавіне яго, дзе адчуваюцца морскія прыплывы, па ім могуць плыць нават вялізныя морскія караблі. Клімат Андалюскай нізіны вільгатнейшы, як у Кастыліі або Арагоніі, але й тут у баку ад рэк пераважвае стэп з травой-эспарто ды палыном. Аднак па схілах Сьеры-Морэны сустракаюцца цэлыя гайкі корачнага дубу і іншых вечназялёных дрэў. Абапал Гвадальквівіру, па яго прытоках і каля мора ў Андалюзіі, як і на ўсходзе Гішпаніі, красуюць штучна-абваднёныя хуэрты, у якіх па 2-3 разы ў год магчыма жніво. Палі пшаніцы, кіяхоў, месцамі і рысу чаргуюцца там з вінаграднямі, плянтацыямі табакі, баваўны, цукровай трысьціны, морвы ды з прыгожымі вечназялёнымі садамі паўднёвых пладоў.

Калісь і тут, як у Гранадзкай краіне, панавалі маўры, якія з дапамогай штучнага абвадненьня зрабілі амаль усю Андалюзію бяскрайна вялікім харошым садам. Аднак, так званы, Кордоўскі каліфат, які тут тады існаваў, быў зруйнованы гішпанцамі яшчэ раней, як у Гранадзкіх горах. Калі гішпанцы павыганялі адгэтуль маўраў, дык ужо ня было каму даглядаць за абвадняльнымі прыладамі, і шмат якія з маўрскіх садоў зноў перавярнуліся на стэп, якім засталіся аж да сяго часу. Дзе даўней красавалі памаранцавыя ды гранатныя дрэвы, там цяпер іншы раз ледзь хапае скуднай спажывы для дробнай жывёлы.

У Андалюзіі пашырыліся й некаторыя галіны фабрычнай прамысловасьці, асабліва выраб цыгар, тытуну, гарбарства і шаўкоўніцтва.

Галоўны горад, у якім перарабляецца скура, Кордова (73000 нас.), даўнейшая сталіца маўрскай дзяржавы, ляжыць у асяродку краіны і слыне вялізнымі будынкамі ў маўрскім стылі. Цыгары вырабляюцца галоўным чынам у Сэвільлі (206000 нас.), старасьвецкім гішпанскім горадзе, што ляжыць у тэй частцы нізавіны Гвадальквівіра, да якой сягаюць хвалі прыплыву, а, значыць, да якой могуць даходзіць морскія караблі. Гэта прыгожы вясёлы горад гішпанскай поэзіі й старадаўных гішпанскіх забаў. У мясцовым цырку да сяго часу адбываюцца баі быкоў, улюбёная забава гішпанцаў.

Португалія на Пірэнэйскім паўвостраве ўладае толькі заходнімі схіламі Кастыльскага плоскаўзвышша ды вузкай узьбярэжнай палоскай каля Атлянтычнага акіяну. Гэтак званыя Португальскія ўзгоркі могуць разглядацца, як адзін з горстаў, абхапляючых Мэзэту, моцна размыты ды разьедзены вадой з прычыны большай вільгатнасьці клімату. Заходнія морскія вятры беспасрэдна ўплываюць на клімат Португіліі, прыносяць шмат ападкаў і робяць клімат мерна-цёплым, вільгатным, морскім, прыемным. Збожжа й садовіна тутака можа ўзрастаць нават бяз штучнага абвадненьня, бязумоўна патрэбнага ў іншых падзваротнікавых краінах Пірэнэйскага паўвострава. Па заходніх схіла Португальскіх узгоркаў трапляюцца цэлыя лясы міжземнаморскіх хвой і корачных дубоў. Насельнікі краіны, португальцы, розьняцца ад гішпанцаў большай мяккасьцю, прыветлівасьцю ды гасьціннасьцю, нахілам да краснамоўства і прыгожага пісьменства. Толькі ў мастацтве яны далёка адстаюць ад гішпанцаў і каталёнцаў. Жывучы каля мора, португальцы з даўных часоў прызвычаіліся да мораходзтва і заўсёды з ахвотай і з адвагай рашаліся на далёкую дарогу па акіяне. Утварыўшы сваю ўласную дзяржаву, португальцы падтрымалі яе перш за ўсё сродкамі, здабытымі ад морскага гандлю. Португальскія падарожнікі (Васко-дэ-Гама) першыя вынайшлі дарогу ў Індыю ў абход Афрыкі і захапілі вялізныя колёніі ў Афрыцы і Азіі.

Португальскія перасяленцы залюднілі Азорскія астравы, Мадэру і блізка паловы Паўднёвай Амэрыкі — Бразылію. Але як і гішпанцы, гэтак і португальцы не маглі захаваць большасьці сваіх колёній, бо не зразумелі, як трэба кіраваць імі, не клапаціліся аб дабрабыце іх, а глядзелі на свае заэўропэйскія ўладаньні толькі, як на спосаб узбагачэньня. Дзеля гэтага адны з колёній Португалі паўсталі ды аддзяліліся ад яе (Бразылія), другія перайшлі пад уладу дужэйшых дзяржаў, якія лепей зразумелі сэнс добрага кіраваньня колёніямі. У Афрыцы, дзе яшчэ да сяго часу захаваліся португальскія колёніі, португальцы праз доўгі час падтрымоўвалі гандаль нявольнікамі ды й Цяпер яшчэ не клапоцяцца аб асьвеце дзікіх або паўдзікіх нэграў.

Асьвета ў Португаліі стаіць нявысока, а сярод насельнікаў няпісьменных яшчэ болей, як у Гішпаніі (¾). Вышэйшая адукацыя (ёсьць унівэрсытэт у месьце Коімбра) таксама ня можа раўняцца з вышэйшай асьветай у Паўночна-Заходняй Эўропе.

Як і гішпанцы, португальцы займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай: сеюць кіяхі, пшаніцу, боб, зьбіраюць кару корачнага дуба — корак, гадуюць авечак-мэрыносаў з даўгой мяккай і каштоўнай воўнай, саджаюць вінаграднік, алейнае дрэва, памаранцавыя ды цытрынныя дрэвы, гадуюць шаўкоўнага вусеня, разводзяць ананасы й г. д. У моры яны ловяць рыбу — сардынак і тунцоў, каля мора здабываюць морскую соль; на ўзгорках капаюць мядзяную руду.

Португальская дзяржава (88740 кв. клм., 5600 тыс. насельнікаў) за некалькі гадоў перад вайной перавярнулася з каралеўства на рэспубліку. Сталіца яе Лісабон (490000 насельнікаў) у вусьцях ракі Тахо зьяўляецца важнай гандлёвай морскай прыстаньню, ад якой адыходзіць шмат параходных ліній, асабліва ў Паўднёвую Амэрыку. Дзякуючы бойкаму гандлю з Ангельшчынай, Паўднёвай Амэрыкай, Афрыкай і Індыяй, горад мае міжнародны выгляд. На вуліцах і на ўзмор’і тутака можна пачуць усялякія мовы, можна спаткаць людзей рознага колеру і ў розных вопратках, людзей, якія панаяжджалі туды з усіх канцоў зямлі. Другі важны прыморскі горад Опорто або Порто (204000 нас.) — асяродак багатага, густа-залюдненага куточка на поўначы Португаліі, вядзе буйны гандаль віном (портвэйн).

Толькі ў гэтых двох гарадох існуе некалькі прамысловых прадпрыемстваў, работнікі якіх разам з работнікамі прыстаняў пасьпелі аднак згуртавацца ў так званую Агульную Конфэдэрацыю. Аднак у політычным жыцьці рэспублікі працоўны люд, можна казаць, ня прымае ўдзелу, так што Португалія застаецца чыста буржуазнай дзяржавай, хаця і менш консэрватыўнай, як Гішпанія.

Італія.[правіць]

Італія.


(Азнач яе географічнае палажэньне, пералічы моры, якія яе абцякаюць).

Старана, у якой рашуча пераважвае італійская люднасьць, займае Апэнінскі паўвостраў, Лямбардзкую нізіну, якая аддзяляе яго ад Альп, і астравы Міжземнага мора, што ляжаць каля Апэнінскага паўвострава (якія?). Старана гэтая ляжыць у самай сярэдзіне Міжземнамор’я, у сярэдзіне таго краю, у якім нарадзілася эўропэйская культура і які ў даўныя вякі быў адзіным у Эўропе абшарам, дзе красавала мастацтва, пісьменства ды навука ўжо ў той час, калі большасьць Эўропы была яшчэ дзікім краем бадзяжных зьвералоўцаў.

Да таго часу, пакуль Міжземнае мора было галоўнай гандлёвай дарогай культурнага сьвету, пакуль у Італіі крыжаваліся найважнейшыя міжнародныя шляхі, гэтая старана была самай багатай, самай культурнай і магутнай у Эўропе. Рым, асяродак тагочаснай Італіі, зрабіўся сталіцай усяго вядомага тады сьвету, панаваў над усёй Эўропай, Паўночнай Афрыкай і Заходняй Азіяй. Нават і пасьля заняпаду Вялікай Рымскай дзяржавы Італія доўга яшчэ заставалася крыніцай культуры ў нашай частцы сьвету; Рым заставаўся рэлігійным асяродкам Эўропы: латыньская мова даўных італійцаў заставалася адзінай мовай у эўропэйскай навуцы; на чале адраджэньня пісьменства й мастацтва ў Эўропе стаялі італійскія мастакі; італійскія гарады (Гэнуя, Вэнэцыя) трымалі ў сваіх руках сусьветны гандаль.

Толькі пасьля вынаходкі Амэрыкі сусьветным гандлем пачалі кіраваць старонкі, што ляжаць каля берагоў Атлянтычнага акіяну, і сусьветнае значэньне Італіі пачало зьмяншацца. Аднак, да сяго часу Італія — галоўная з міжземнаморскіх старонак і часам выяўляе жаданьне аднавіць сваю даўнейшую магутнасьць.

Усходнія берагі Італіі маладаступныя, пескаватыя або скалаватыя і маюць мала добрых буктаў, выгодных для прыстою караблёў. Наадварот, заходнія берагі зрэзаны шмат якімі маленькімі затокамі, якія зьяўляюцца дужа добрымі буктамі.

Гэтым тлумачыцца, між іншым, тое, што заўсёды Італія мацней уплывала на Заходнюю Эўропу, чымся на Ўсходнюю. Рымска-каталіцкая вера, якая ўтварылася ў Італіі, і романскія мовы, што стварыліся пад уплывам даўна-італійскай латыньскай мовы, пашырыліся пераважна на захадзе.

Паводле будовы сваёй паверхні Італія можа быць падзелена на 2 часткі: 1) Лямбардзкую нізіну і 2) Апэнінскі паўвостраў з суседнімі астравамі. Уздоўж усяго Апэнінскага паўвострава цягнецца даўгі зморшчавы горны ланцуг — Апэнінскія горы. У сярэдняй, самай высокай частцы гэты ланцуг цягнецца каля самага ўсходняга берагу Італіі, нібы зачыняючы італійцам дарогу на ўсход.

Рым і наагул большая частка сярэдняй Італіі ляжыць на захад ад Апэнінскіх гор, што з свайго боку дапамагала шпарчэйшаму пашырэньню італійскай культуры ў заходніх старонах Эўропы.

Паводле сваёй прыроды Лямбардзкая нізіна моцна розьніцца ад іншых частак Італіі. Тут клімат халаднейшы, а дажджы, як у Паўночна-Заходняй Эўропе, выпадаюць ува ўсе поры году, асабліва ўлетку; у рэшце Італіі клімат падзваротнікавы з дажджамі ўзімку і сухменямі ўлетку. На Апэнінскім паўвостраве ды на суседніх астравох, за выняткам значных узвышшаў, пераважвае вечназялёная расьліннасьць, а ў Лямбардзкай нізіне дрэвы скідваюць узімку сваё лісьце. Люднасьць Лямбардзкай нізіны таксама мае шмат асаблівасьцяй, адзначаецца вышэйшым ростам і сьвятлейшым колерам скуры.

Аднак палажэньне Лямбардзкай нізіны, аддзеленай ад рэшты Эўропы вялізным няпрыступным горным ланцугом Альпаў, цесна злучыла яе з Апэнінскім паўвостравам. Заўсёды Лямбардзкая нізіна жыла супольным жыцьцём з рэштай Італіі, разам з ёй уваходзіла ў склад даўна-рымскай дзяржавы і разам з ёй у мінулым веку злучылася ў адзінае Італійскае каралеўства.

Наўдаўнейшымі насельнікамі Італіі лічаць лігураў на поўначы ды этрускаў, якія жылі на поўдзень ад іх. Вельмі даўно пасяліліся ў Італіі таксама італікі, што з пачатку гістарычнага часу жылі на поўдзень ад этрускаў. Крышку пазьней у Паўночнай Італі зьявіліся галы, народ кельцкага племя, а ў Паўднёвай — грэкі, якія залажылі там некалькі асад. Найболей здольным і магутным з гэтых народаў было племя італікаў. Да іх належалі слынныя латыньцы, на зямлі якіх утварылася магутная рымская дзаржава, аб’яднаўшая з часам усю Італію. Запазычыўшы грэцкую культуру, латыньцы перарабілі яе на свой лад і ўжо ў стане рымскай або латыньскай культуры распаўсюджылі па ўсёй Італіі. Насельнікі ўсёй Італіі запазычылі латыньскую мову, перанялі латыньскую культуру і ўвайшлі ў склад аднэй вялікай латыньскай, або рымскай нацыі. У часы заняпаду Рымскай дзяржавы ў Італіі асталяваліся гэрманскія пляменьні остготы ды лянгобарды, але гэта былі пляменьні з нізкім роўнем культуры, і ў хуткім часе яны запазычылі мову й культуру латыньцаў, перамяшаліся з латыньцамі і злучыліся з імі ў адну новую італійскую нацыю. Фэодальны лад сярэднявяковай Эўропы, ня гледзячы на адзінства Італійскай дзяржавы, і да сярэдзіны мінулага веку Італія складалася з многіх незалежных адна ад аднэй дзяржаў. Ня гледзячы на адсутнасьць політычнай сувязі, італійцы стварылі сваю адзіную багатую літаратуру ў жывой італійскай народнай мове, якая пакрысе выціснула латыньскую і ў італійскай навуцы. Сярэднявяковыя вучоныя ды пісьменьнікі, якія карысталіся ня толькі ў Італіі, але й па ўсёй Эўропе выключна латыньскай мовай, спачатку вельмі воража, з пагарадай сустрэлі новае італійскае краснае пісьменства. Аднак жыцьцё паказала, што простая італійская мова ня толькі ня горай за латыньскую, але адзначаецца нават яшчэ большай прыгожасьцю, большай гучнасьцю й багацьцем. Няўміручыя творы талентных нова-італійскіх пісьменьнікаў паказалі, што і ў простай мове можна даць у сусьветную скарбніцу чалавечай культуры яшчэ болей, чымся ў мове чужой, хаця-б і вельмі багатай ды добра апрацаванай. Сучасныя італійцы выявілі сябе вельмі здольнымі як да пісьменства, гэтак і да навукі, але асаблівая здольнасьць італійцаў выявілася ў мастацтве: у маляваньні, ляпеньні й музыцы. Мастакі ўсёй Эўропы лічаць за свой абавязак даведацца ў Італію, павучыцца ад італійскіх мастакоў. Нахілам да музыкі адзначаюцца ўсе станы італійцаў; на вуліцах і завулках гарадоў, на дарогах і па вёсках сярод земляробаў, на моры сярод рыбакоў, усюды ў Італіі чуваць музыку й сьпевы. Як амаль усе паўднёвыя эўропэйцы, італійцы адзначаюцца вясёласьцю, жыцьцярадаснасьцю, рухавасьцю. Запальчывасьць, адзардоўнасьць, нахіл да раптоўных захапленьняў уласьцівы італійцам ня меней, як гішпанцам. У ядзе італійцы непераборлівыя, ядуць мала; маленькая порцыя нацыянальнай стравы - макаронаў - можа задаволіць італійца на цэлы дзень. На жаль, паміж італійцаў пануюць бруд і цемра. Палова італійцаў належыць да няпісьменых; школ не хапае; унівэрсытэтаў, праўда, шмат (21), але далёка ня ўсе яны могуць раўняцца з нівэрсытэтамі Нямеччыны, Ангельшчыны або Францыі.

Зрабіўшыся вялікай дзяржавай, Італія мусіла трымаць вялікае войска й на яго ўтрыманьне зьбіраць з народу дужа вялікія падаткі. Вялікія падаткі пры малых сродках насяленьня зьявіліся бязьмерна цяжкімі для сялянства і не дазваляюць яму выйсьці з цемры і ўбоства. Зямля ў Італіі, асабліва ў Паўднёвай, належыць пераважна да буйных земляўласьнікаў, якія жывуць па гарадох і мала цікавяцца сваёй гаспадаркай. Часамі панская зямля застаецца нявырабленай пусткай у той час, як навокала безьзямельныя сяляне пухнуць з голаду. Сотні тысяч італійцаў што-год выяжджаюць за межы, пераважна ў Амэрыку, дзе поплеч з беларусамі яны наймаюцца на самую цяжкую працу.

Беднасьць італійскага пролетарыяту прымушае яго шукаць вызваленьня з-пад уціску капісталістых у змаганьні з дапамогай профэсыянальных і політычных організацый. Не гледзячы на слабое разьвіцьцё фабрычнай прамысловасьці, работніцкі рух у Італіі, асабліва на поўначы, дзе болей за ўсё фабрык і гут, можа лічыцца дасыць моцным. Профэсыянальны рух найвышэйшага разьвіцьця дасягнуў у 1919 і 1920 г. Шляхам забастовак італійскі работнікам пашанцавала тады дабіцца значнага павялічэньня заработнай платы. Аднак адзінства ў гэтым змаганьні ня было. Італійскія профэсыянальныя саюзы згуртованы ў некалькі організацый, паміж якімі няма поўнай згоды. Найвялікшай профэсыянальнай організацыяй зьяўляецца гэнэральная Конфэдэрацыя Працы. На чале яе стаяць соцыялістыя, якія трымаюцца прынцыпу супрацоўніцтва з буржуазіяй. Другая, досыца моцная організацыя - Італійскі Саюз Сындыкатаў - знаходзіцца пад уплывам анархістых. Зусім асобна стаяць саюзы чыгуначнікаў і маракоў з мяшаным партыйным складам членаў. Комуністыя ўваходзяць у склад усіх работніцкіх організацый і працуюць над аб'яднаньнем профсаюзаў у адзіны Саюз Працы.

Супроць работніцкага руху буржуазія выставіла сваю баявую організацыю - фашызм. Прыцягнуўшы на свой бок частку сялянства і аб'яднаўшы самыя рознастайныя колы італійскіх капіталістых, фашыстыя пачалі адкрыта зьнішчаць усе пролетарскія організацыі, зрываць забастоўкі, руйнаваць работніцкі друк, забіваць правадыроў работніцкага руху. Яны організавалі свае профсаюзы з перапалоханых тэрорам работнікаў і з сваіх баявых аддзелаў. Нарэшце сілаю зброі фашыстыя захапілі ў свае рукі офіцыйную ўладу, так што цяпер правадыр фашыстых лічыцца старшынёй рады міністраў, а фактычна зьяўляецца поўнаўладным дыктатарам Італіі.

Італія пераважна земляробская старана, большасьць насельнікаў яе жыве па вялікіх брудных вёсках і займаецца ральніцтвам, садоўніцтвам, гадоўляй жывёлы або рыбацтвам. Карысных мінэралаў у гэтай старонцы мала, а дзеля таго не пашыраецца там і фабрычная прамысловасьць. З гэтай прычыны Італія застаецца бедным краем, а Італійская дзяржава далёка ня мае тэй сілы й тэй політычнай вагі, як Францыя або Ангельшчына. Італійская дзяржава, як і Гішпанія, зьяўляецца констытуцыйным каралеўствам, у якім законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту, а выканаўчая да рады міністраў, адказных перад гэтым парлямэнтам.

Італійская дзяржава (311000 кв. клм. і 38.840.000 насельнікаў) абымае блізка што ўсе землі, залюдненыя італійцамі. Толькі востраў Корсіка належыць да Францыі ды вельмі важныя па сваім палажэньні Мальтыйскія астравы, што ляжаць у асяродку Міжземнага мора, зьяўляюцца ангельскай колёніяй.

Да Італійскай дзяржавы належаць паўднёвыя схілы Альп і так званая Прыморская провінцыя даўнейшай Аўстра-Вугоршчыны, залюдненая пераважна славянамі. (Яе, а таксама некалькі астравоў Адрыятычнага мора, Італія здабыла пасьля вайны 1914-18 г.). Колёніямі Італіі зьяўляюцца востраў Родос ля берагоў Малой Азіі, Трыполітанія й Кірэнаіка ў Паўночнай Афрыцы, Эрытрэя й Сомалійскі паўвостраў на ўсходзе Афрыкі. Усе італійскія колёніі абымаюць прастору ў 1591000 кв. клм. з 1631000 насельн.

Лямбардзкая нізіна або Паўночная Італія, як мы ўжо бачылі, мае шмат асаблівасьцяй, якімі адразьняецца ад рэшты Італіі. Перш за ўсё гэта гладкая раўніна бяз гор і ўзгоркаў, на якіх так багаты Апэнінскі паўвостраў і суседнія астравы. Калісь Лямбардзкая нізіна была затокай Адрыятычнага мора і толькі пасьля ледавіковага часу пачала ператварацца ў сухазем'е. Перш за ўсё зрабіліся сухазем'ем тыя часткі нізіны, што ляжаць каля самых Альп. Туды яшчэ ў ледавіковую эпоху альпійскі лёд наваліў шмат морэн, з якіх цяпер складаюцца альпійскія прыгор'і. З-пад гэтых морэн цяпер выцякаюць многалічныя крыніцы (фонтанілі), якімі тамтэйшыя насельнікі карыстаюцца ў мэтах штучнага абвадненьня палёў. (Успомні, як ледавікі пераносяць і адкладаюць морэны). Калі расталі ледавікі ў Альпах ды Апэнінах, дык з гэтых гор у морскую затоку, што была на месцы сучаснай Лямбардзкай нізіны, пацяклі многалічныя рэчкі, якія несьлі шмат глею, пяску ды іншых выпятрэлых адломкаў скал, вымытых у вышнявіне гэтых рэчак у горах. Пясок і глей, прынесеныя рэчкамі, асаджваліся на дне затокі й пакрысе зусім завалілі яе, перавярнуўшы ў сухазем'е, у нізіну. Ператварэньне мора ў сухазем'е ня скончылася й да сяго часу. Рэкі, што цякуць па Лямбардзкай нізіне ды ўліваюцца ў Адрыятычнае мора, і цяпер нясуць шмат глею ды пяску. Паўзьбярэжнае хваляваньне не дае аднак гэтаму глею й пяску асесьці на дне мора, кідае іх адваротна на бераг, утварае з іх каля берагу гакі (лідо), вузкія, даўгія паўвостравы. Спачатку між берагам і гэтымі гакамі застаюцца затокі-лягуны, злучаныя з морам вузкімі пратокамі. Пакрысе й гэтыя пратокі завальваюцца пяском, лягуны зусім аддзяляюцца ад мора, робяцца паўзморскімі вазёрамі. З часам гэтыя вазёры засыпаюцца новымі адкладамі рэк, усыхаюць і ператвараюцца спачатку ў балотныя, а потым у сухія ўраджайныя кавалкі зямлі. Такім спосабам што-год каля 70 дзесяцін мора пераварачваецца на сухазем’е, а калі гэтае зьявішча будзе трываць гэтак сама й далей, дык цераз паўтары тысячы год уся Вэнэцыйская затока Адрыятычнага мора мусіць зрабіцца часткай Лямбардзкай нізіны.

У працягу гістарычнага часу шмат якія гарады, што пабудаваліся калісь каля самага берагу мора, апынуліся, дзякуючы паступоваму павялічэньню нізіны, у некалькіх вёрстах на захад ад мора. Такім чынам даўнейшыя морскія прыстані (Адрыя, Равэна і іншыя) апынуліся далёка ад морскай дарогі і страцілі сваё даўнейшае гандлёвае значэньне.

Дзякуючы роўнасьці Лямбардзкай нізіны, рэкі яе цякуць паволі, ціхамірна, так што пясок і глей асядаюць на дне іх і праз увесь час павышаюць дно. З гэтай прычыны рэкі часта выходзяць з берагоў, заліваюць ваколіцы і мяняюць рэчышчы. Каб стрымаць небясьпечныя разводзьдзі рэк, італійцы абгараджваюць іх грэблямі, так што месцам рэкі цякуць у штучным рэчышчы вышэй суседніх ніў і гародаў. У штучным паднятым рэчышчы цячэ й галоўная рака Лямбардзкай нізіны дый наагул усёй Італіі — По. Каштоўныя грэблі абапал берагоў По будуюцца й падтрымоўваюцца ў парадку пад кіраўніцтвам інжынэраў. По заўсёды мае шмат вады, бо жывіцца вечнымі сьнягамі ды ледавікамі Альп. Асабліва многа вады, ў По ўлетку, калі растаюць альпійскія сьнягі. Блізка мора По разьвільваецца на тысячы адтокаў, ствараючы вялікую дэльту, якая што-год пашыраецца ды глыбей уразаецца ў мора шырокім паўвостравам (чаму?).

У сярэднім сваім цячэньні По бяжыць бліжэй да Апэнін, чымся да Альп, бо альпійскія прытокі По, сьцякаючы з болей высокіх гор, мелі болей імпэту і прасунуліся далей на поўдзень, чымся апэнінскія прытокі на поўнач.

(Пералічы паводле карты галоўныя прытокі По. Якія альпійскія вазёры даюць сток у По? Якая рака ўліваецца ў Адрыятычнае мора побач з По і злучаецца з ёй толькі адтокамі свайго вусьця?).

Лямбардзкая нізіна з усіх бакоў абкружана гарамі і толькі з усходу адкрыта ў бок Адрыятычнага мора. Заходнія вятры, якія пануюць у Эўропе, ня могуць прынесьці ў гэтую краіну надакіянскае вільгатнае паветра. Клімат нізіны, такім чынам, мусіць быць сухім, контынэнтавым. Лета тутака гарачае, зіма параўнаўча халодная. Часамі ўзімку бываюць маразы і выпадае сьнег.

Горад Мілян у асяродку краіны мае сярэднюю тэмпэратуру ліпеня +24,7°, сярэднюю студзеня +0,5°.

Ападкаў у краіне выпадае мала, але ўлетку дажджы выпадаюць часьцей, як у Паўднёвай Італіі, і наагул клімат ня можа лічыцца падзваротнікавым. (Чым адзначаецца падзваротнікавы клімат?). Толькі ля мора і над вазёрамі альпійскіх прыгор’яў зіма цёплая, вільгатная. (Узімку над гэтымі вазёрамі ўтвараецца туман, які перашкаджае ахалоджваньню вадзяной паверхні і ніжэйшых пластоў паветра). З гэтай прычыны каля вазёр ды на ўзьбярэжжах растуць вечназялёныя дрэвы, тады як у іншых мясцовасьцях Лямбардзкай нізіны, як і ў Сярэдняй Эўропе, пераважваюць дрэвы з ападаючым узімку лісьцем.

У часы Рымскай рэспублікі Лямбардзкая нізіна звалася Цызальпінскай Галіяй, бо ў ёй у тыя часы жылі галы, народ кельцкага пахаджэньня. Аднак галы хутка запазычылі мову й культуру латыньцаў, і ў часы Рымскай імпэрыі люднасьць краіны належыла да адзінай даўна-італійскай або рымскай нацыі. У эпоху вялікага перасяленьня народаў з поўначы сюды надышлі лянгабарды, народ гэрманскага пахаджэньня, і ўтварылі тут сваю дзяржаву. Ад таго часу Лямбардзкая нізіна атрымала свой сучасны назоў. Аднак лянгабарды, як даўней галы, хутка падпалі пад уплыў болей культурных романізаваных тубыльцаў, страцілі сваю мову і ўвайшлі ў склад нова-італійскай нацыі. Праўда, насельнікі Лямбардзкай нізіны выразна розьняцца ад іншых італійцаў. Сярод іх часьцей сустракаюцца бялявыя, якіх блізка-што зусім няма паміж апэнінцаў; росту лямбардцы вышэйшага, нораву спакайнейшага, у іх болей сур’ёзнасьці, рознаважнасьці, працавітасьці, ашчэднасьці. Заходняя частка Лямбардзкай нізіны — П’емонт — можа лічыцца калыскай сучаснай італійскай дзяржаўнасьці, бо каля яе пачалі гуртавацца дробныя італійскія дзяржавы ў сярэдзіне мінулага веку, у час адраджэньня Італійскай дзяржавы.

У сучасны момант Лямбардзкая нізіна зьяўляецца найбагацейшай і найболей культурнай часткай Італіі. Нанесеныя ракой По і яе прытокамі гляістыя грунты краіны адзначаюцца надзвычайнай, вельмі высокай ўрадлівасьцю. Бадай-што ўся зямля, апроч няўсохлых балотных мясцовасьцяй у дэльце По, узорана ды апрацована. Зразумела, што ў сухім клімаце краіны нельга абыйсьціся бяз штучнага абвадненьня глебы. Але й штучнае абвадненьне тут не вымагае каштоўных прылад, бо По й некаторыя іншыя рэкі, як мы ўжо ведаем, цякуць у штучных рэчышчах паміж грэбляў, вышэй суседніх палёў. Досыць адчыніць адну з заставак у грэблях, і рэчная вада пацячэ па нівах і гародах. У гэткіх умовах гарачае лета не перашкаджае, а нават дапамагае ўзрастаньню ўсялякага збожжа, так што Лямбардзкая нізіна мае ў дастатку кіяхоў, пшаніцы й нават рысу, які нідзе болей ня можа расьці гэтак далёка ад роўніку (на 45° паўночнай шырыні). Месцам на нівах над збожжам радочкамі стаяць морвы, а па іх уецца яшчэ вінаграднік, перакідаючы з дрэва на дрэва свае тонкія гнуткія галіны. Пэрсікі, ядобныя каштаны, абрыкосы, ігрушы прыносяць вялікія ўраджаі, а плады іх разам з віном, збожжам і гароднінай вывозяцца з краіны праз Альпы ў Сярэднюю ды Паўночную Эўропу. Лісьцем морвы жывяць шаўкоўнага вусеня, капчушок якога разматваюць і перарабляюць на шоўк. Гадоўля малочнага быдла пашырылася толькі ў прыгор’ях Альп, дзе хапае сьвежай травы, дзякуючы большай колькасьці ападкаў. Падземнага багацьця — карысных мінэралаў — у Лямбардзкай нізіне няма, дзеля чаго благое становішча мела й фабрычная прамысловасьць. Нават шоўк, які зьяўляецца, можна сказаць, галоўным багацьцем краіны, трэба было перарабляць за межамі на францускіх і часткай на нямецкіх фабрыках. У апошнія гады пачалі карыстацца сілай горных рэчак, што сьцякаюць з Альп у нізіну. Рэчкі гэтыя прыводзяць у чыннасьць электрычныя станцыі, а адтуль электрычнасьць па дроце перадаецца на фабрыкі, дзе замяняе апал. Гэтак утварыліся значныя фабрыкі, што перарабляюць шоўк, салому, скуру і г. д. Побач з фабрычнай прамысловасьцю ў краіне яшчэ захавалася прамысловасьць саматужная: хатнім спосабам сяляне вырабляюць на продаж розныя музычныя прылады, вырабы з саломы і дрэва і да т. п. Надзвычайная ўраджайнасьць глебы й багацьце краіны на ўсялякае збожжа ды гародніну дазваляюць непераборлівым італійцам пражыўляцца з самага малога кавалку зямлі. Гэтым тлумачыцца вельмі густое залюдненьне Лямбардзкай нізіны. (На кожны кв. кілёмэтр тутака прыпадае 152 чалавекі, а месцам, напрыклад, каля Міляну аж 546). Хіба толькі ў Кітаі ды ў Індыі можна знайсьці мясцовасьці, у якіх за кошт мясцовых продуктаў жыве такое густое насяленьне. (У Зах. Эўропе яшчэ болей шчыльнае насяленьне жывіцца прывозным збожжам). Асьвета ў Лямбардзкай нізіне стаіць вышэй, як на Пэнінскім паўвострае, няпісьменных тутака меней. Шчыльнае залюдненьне краіны патрабавала многа палепшаных дарог, а роўная паверхня не перашкаджала іх пракладаньню. З гэтай прычыны Лямбардзкая нізіна мае вельмі густую сетку чыгунак, гусьцейшую, як ува ўсіх іншых краінах Італіі. Апроч таго, яна мае адзіную ў Італіі суднаходную раку (По), і такім чынам знаходзіцца ў найлепшых умовах для зносін. З гэтай прычыны тут моцна пашырыўся ўнутраны гандаль і было пабудована шмат багатых гандлёвых гарадоў.

У самай сярэдзіне нізіны на скрыжаваньні галоўных чыгунак ляжыць Мілян (718000 нас. у 1921 г.), другі горад Італіі па колькасьці насельнікаў, першы па багацьці і разьвіцьці фабрычнай прамысловасьці (асабліва шоўкавай) і галоўны асяродак работніцкага руху з услаўленым прыгожым саборам у готычным стылі, збудованым з белага мармуру.

У П’емонце, у заходняй частцы Лямбардзкай нізіны, каля сутокі вышняга По з альпійскай ракой Дора-Рыпарыяй раскінуўся Турын (452 тыс. насельнікаў) — старасьвецкая сталіца Сардынскага каралеўства, асяродак прамысловай ваколіцы з фабрыкамі жалезных і шоўкавых вырабаў.


Мал. 14. — Вэнэцыя. Канал замест вуліцы.


Мал. 14. — Вэнэцыя. Канал замест вуліцы.


На ўсходзе, у Адрыятычным моры, на некалькіх паўзьбярэжных астраўкох Вэнэцыйскай затокі знаходзіцца адзін з найцікаўнейшых і найпякнейшых гарадоў Эўропы — Вэнэцыя (168000 нас.). Каналы замест вуліц, чайкі-гондолы замест фурманак і калёсаў, вялікія будынкі палацу дожаў (даўнейшых кіраўнікоў Вэнэцыйскай рэспублікі), сабору сьвятога Марка, вялізныя масты праз каналы, — усё гэта так дзіўна, надзвычайна й прыгожа, што кожны падарожнік па Эўропе заўсёды імкнецца зьвярнуцца ў гэты чароўны, цудоўны куток. Вэнэцыя слыне сваімі шклянымі ды мозаічнымі вырабамі; насельнікі яе займаюцца, апрача таго, рыбацтвам і морскім гандлем, але даўней, у сярэднія вякі, вага гэтага гораду была ў шмат разоў большая.

Вэнэцыйскія караблі разьяжджалі па ўсіх морах Эўропы, вэнэцыйскія гандляры ды падарожнікі (Марко Полё) забіраліся аж у Кітай і Японію; да Вэнэцыйскай рэспублікі належалі багатыя колёніі ў Эўропе і Азіі. Заняпад Вэнэцыі, між іншым, тлумачыцца паступовым памяленьнем яе прыстані, з якім прыходзіцца змагацца з дапамогай каштоўных работ і прылад. (Чым тлумачыцца памяленьне Вэнэцыйскай затокі?)

На поўдзень ад По каля прыгор’яў Апэнін ляжыць яшчэ адзін важны горад Болёнія (190000 насельн.), які трымае ў сваіх руках гандаль Лямбардзкай нізіны з Апэнінскім паўвостравам. Горад гэты ведамы сваім унівэрсытэтам, самым старым ува ўсёй Эўропе (заложаным у XII веку).

Апэнінскі паўвостраў зьяўляецца ў адзнаку ад Лямбардзкай нізіны пераважна горнай краінай. Асновай яго зьяўляецца даўгі Апэнінскі горны ланцуг. Як і Пірэнэйскія або Гранадзкія горы, гэта — уклад параўнаўча маладых зморшчаў земнай кары, якія тутака складаюцца галоўным чынам з вапнавых пластоў. На поўначы Апэніны цягнуцца ўдоўж берагоў Гэнуйскае затокі, складаючы нібы беспасрэдны працяг Альп. Каля гораду Гэнуі яны зварачваюць на паўднёвы ўсход і ў сваёй сярэдняй частцы цягнуцца ўжо бліжэй да Адрыятычнага мора. Тутака ўздымаецца магутнае сугор’е Гран-Сасо з найвышэйшым пунктам усяго паўвострава — пакрытай вечным сьнегам гарой Монтэ-Корно (2921 мэтр увышкі над роўнем мора). На крайнім поўдні Апэніны цягнуцца ўжо проста на поўдзень па паўвострае Калябрыі, дзе ўжо складаюцца не з вапнякоў, а з гранітаў, гнэйсаў і іншых цьвёрдых скал.

У Калябрыі Апэніны складаюцца з двох асобных масываў: паўночны масыў Сыля ўдаецца ў Іонійскае мора, аддзяляючы ад яго Таранцкую затоку, а паўднёвы, Аспромонтэ, упіраецца ў Мэсынскую пратоку. З контынэнтам і паміж сабой гэтыя масывы злучаюцца нізкімі пярэсмыкамі, якія калісь былі морскімі пратокамі. Калісьці Калябрыя была падвойным востравам, які з часам далучыўся да Апэнінскага паўвострава. Мэсынская пратока, што аддзяляе цяпер Сіцылію ад Калябрыі, можа лічыцца апошняй з калябрыйскіх праток, якая захавалася да сяго часу.

Апэнінскія горы з сваімі голымі вапнавымі скаламі маюць хмуры й нудны выгляд. Сочных лугоў, якіх многа ў Альпах і Пірэнэях, тут бадай-што мала; мала й лясоў; адчуваецца недахват і ў вадзе. Горныя струмені бурляць і грукацяць толькі ўвясну або пасьля ўлеваў, але хутка затым усыхаюць. Гранітныя масывы Калябрыі маюць значна весялейшы, прыгажэйшы выгляд. У сярэдняй частцы Апэнінскага паўвострава на захадзе, а ў паўднёвай на ўсходзе ад Апэнін застаюцца шырокія палосы прыгор’яў. Заходняе або Тырэнскае прыгор’е (што ляжыць каля Тырэнскага мора) зьяўляецца асяродкам Італіі і калыскай Італійскай дзяржавы. Па ўсім гэтым прыгор’і раскіданы многалічныя рэшткі даўна-італійскіх — латыньскіх — будынкаў. На поўначы гэтага краю (у так званых Апуанскіх Альпах) знаходзяцца слынныя капальні найлепшага карарскага мармуру; на поўдзень ад акругі гэтых капальняў цягнецца шырокая даліна ракі Арно — дно даўнейшай морскай затокі; далей раскінулася невялікае Тосканскае плоскаўзвышша з досыць значнымі пакладамі карысных мінэралаў (борны квас, руды медзі, волава, серабра, цыны, жывога серабра й г. д.). Яшчэ далей на поўдзень цягнецца мясцовасьць рымскіх вульканічных адкладаў (туфаў), перарэзаная далінай Тыбру, галоўнай ракі паўвострава. Тут многа згаслых вульканаў, вялічэзныя жэралы (кратэры) якіх у некаторых месцах пазаліваліся вадой і зрабіліся вазёрамі. На паўднёвы ўсход адгэтуль, каля Нэапольскай затокі, распасьціраецца ўраджайная Кампанская нізіна з прыгожым барвістым краявідам. У паўднёвай яе частцы знаходзіцца адзіны на ўсім Эўропэйскім контынэнце чынны вулькан Вэзуві (1301 мэтр над роўнем мора), харошая стажковая гара з густа залюдненымі адхонымі схіламі.

Мал. 15. — Гран-Сасо, найвышэйшая гара ў Апэнінах.


Мал. 15. — Гран-Сасо, найвышэйшая гара ў Апэнінах.

Верх гары ахапляецца кругавым валам, які зьяўляецца краем даўнейшага жэрала Монтэ-Сомы (на вышыні 1137 м. н. р. м.). Сучасны верх з новым жэралам утварыўся з вульканічнага попелу ў час выбуху 79 г. хрысьц. эры, калі былі зруйнованы і засыпаны вульканічным попелам даўна-латыньскія гарады Помпэя і Геркулянум (гл. мал. 16).

Ад Арно да Тыбру каля берагу Тырэнскага мора цягнецца вузкая йстужка балотных нізін. Гэта так званыя марэмы, вельмі шкодныя для здароўя з прычыны распаўсюджаных тамака малярыі і трасцы, ад якіх што-год памірае каля 15000 чалавек.

Усходняе прыгор’е Апэнін ёсьць нізкае плоскаўзвышша Апулія, усходняя частка якога ў стане паўвострава ўразаецца між Адрыятычным і Іонійскім морамі.

На поўнач ад Апуліі ў Адрыятычнае мора ўдаецца яшчэ адзін невялікі паўвостраў, складзены з масыву Монтэ-Гаргано. Калі раўняць абрыс Італіі з ботам, дык Калябрыя будзе выглядаць наском, Апулія абсацам, а Монтэ-Гаргано шпорай гэтага «бота».

Уся Паўднёвая Італія, а асабліва Калябрыя, многа церпіць ад землятрасеньняў. Маленькія ваганьні грунту здараюцца там па некалькі разоў што-год, а праз кожныя 4-5 гадоў бываюць такія моцныя землятрасеньні, ад якіх руйнуюцца цэлыя гарады ды гінуць тысячы людзей.

Мал. 16. — Руіны гораду Помпэі, адкопаныя з-пад вульканічнага попелу. На заднім пляне курыцца Вэзуві.


Мал. 16. — Руіны гораду Помпэі, адкопаныя з-пад вульканічнага попелу. На заднім пляне курыцца Вэзуві.

Апэнінскі паўвостраў мае шмат прымет нясуняўшайся на ім падземнай чыннасьці. Гэтак званыя вульканы-дымнікі (сольфатары), якія выкідаюць праз жэралы і шчыліны толькі слупы дыму (напрыклад, сольфатара Поцуолі каля Нэаполю) сустракаюцца тут у вялікім ліку. Рэшткамі даўных ужо згаслых вульканаў трэба лічыць і пячоры (мофэты), з якіх выходзіць толькі газ — двутленік вугалю. Такой пячорай зьяўляецца, напрыклад, «Сабачая» каля таго-ж Нэаполю, названая так дзеля таго, што кінутыя ў яе сабакі адразу падыхаюць з прычыны недахвату тлену. Чалавек, стоячы ўва ўвесь рост, можа сьмела быць у тэй пячоры, бо двутленікам вугалю, як газам цяжкім, перапаўняюцца толькі ніжэйшыя пласты паветра.

Клімат на Апэнінскім паўвостраве значна вільгатнейшы, чымся на Пірэнэйскім: большая частка Краіны ляжыць на захад ад горнага ланцуга, а, значыць, знаходзіца пад беспасрэдным уплывам вільгатных заходніх вятроў. Усходнія схілы Апэнін і сушэй і халадней за заходнія. Тыповым падзваротнікавым кліматам адзначаюцца толькі паўднёвыя часткі паўвострава. Там дажджы выліваюцца выключна ўзімку, а лета вельмі сухое і гарачае. Часамі ўлетку там дзьме з афрыканскай пустыні Сахары асабліва сухі ды сьпякотны вецер «сіроко». Вецер гэты сушыць расьліны і прыносіць дробны пыл, які лезе ў нос, у рот, у вочы і тонкім плястком асядае на лісьце дрэў і на зямлю. Гарачае лета бывае заўсёды і ў паўночных частках паўвострава, але зіма там значна халаднейшая, і ападкі выпадаюць ня ўзімку, а ўвесну або ўвосені. Маразоў і там ніколі ня бывае, і зямля ніколі не пакрываецца сьнегам. Выняткам, зразумела, зьяўляюцца вярхі гор, дзе клімат мясцамі халадней, як на Беларусі. Таксама й расьліннасьць горных хрыбтоў складаецца з дрэў, якія страчваюць узімку сваё лісьце: дубоў, букаў, ядобных каштанаў, а вышэй — нават з ігластых дрэў. Затое на ўзьбярэжжах, у далінах рэк і падгор’ях пануе вечназялёная расьліннасьць: алейныя дрэвы, вечназялёныя дубы, олеандры, магноліі, а побач з імі купрэсы і міжземнаморскія хвоі. Калісь увесь паўвостраў быў дужа багаты лясамі. На жаль, большую частку іх даўно павысякалі; на іх месцы зьявіліся — на нізкіх месцах макісы, а ў горах голыя прасторы, гожыя хіба што на пашу для дробнай жывёлы.

Калі ў цяперашнія часы самай багатай і самай культурнай часткай Італіі зьяўляецца Лямбардзкая нізіна, дык у пачатку гістарычнага часу наадварот — гандаль, прамысловасьць, навука, прыгожае пісьменства й мастацтва красавалі галоўным чынам на Апэнінскім паўвостраве, Ня толькі Тырэнскае прыгор’е, але і ўвесь паўвостраў адзначаецца вялікім багацьцем руін даўных латыньскіх будынкаў і гарадоў, якія дадаюць асобны адбітак усяму краявіду і гавораць аб мінулым багацьці краіны. Рэзкай процілежнасьцю мінуўшчыне здаецца сучаснае жыцьцё апэнінцаў. Чым далей на поўдзень, тым болей цемры, бруду, гультайства, убоства сярод італійцаў. Аднак і там італійцы заўсёды адзначаюцца вясёлым норавам, любяць сьпевы, музыку, скокі й гульні.

Дзякуючы цёпламу карыснаму клімату, зямля пры штучным абвадненьні родзіць вельмі добра. Засевы збожжа тут, як і ў Лямбардзкай нізіне, не аддзяляюцца ад садоўніцтва. Часта па палёх пшаніцы й кіяхоў растуць алейныя дрэвы, памаранцы, фігі, цытрыны, мігдал ці іншыя дрэвы паўднёвых пладоў. Паўсюды вельмі многа вінаградняў. На ўсёй зямлі няма такога краю, дзе вінаграду зьбіралі-б болей, як тут. Віно, алей з пладоў алейнага дрэва, паўднёвыя плады — вось галоўныя продукты вывазу з краіны. Добра ўзрастае ў краіне і збожжа, нават рыс, асабліва ў марэмах, дзе на рысавых палёх аруць зямлю за дапамогай бавалаў. Аднак свайго збожжа не хапае насельнікам Апэнінскай Італіі; яго трэба сюды прывозіць з Амэрыкі ды Ўкраіны. Сяляне ядуць галоўным чынам гародніну, а ў горных лясох зьбіраюць сабе на страву ядобныя каштаны.

Сьвежую гародніну разводзяць і на вываз, асабліва ўвясну, калі ў Сярэдняй Эўропе яшчэ няма сваёй. У Апэнінскай краіне яшчэ часьцей, як у Гішпаніі, сустракаецца г. зв. прыступкавая культура, асабліва на схілах, павернутых у бок Гэнуйскае затокі і Тырэнскага мора. Там каля самага берагу на першай прыступцы сеюць рыс, вышэй — алейнае дрэва або якую-небудзь садовіну, яшчэ вышэй — вінаграднік або гародніну. Прырода краіны дае шмат мажлівасьцяй далейшага пашырэньня і разьвіцьця земляробства, але гэтаму яшчэ моцна перашкаджаюць буйная земляўласнасьць, бязрупатнасьць земляўласьнікаў, недахват асьветы і гультаваты нораў італійцаў. Часта бяз ужытку або пад пашай для дробнай жывёлы ляжаць такія кавалкі зямлі, якія пры добрым доглядзе маглі-б прынесьці вялікую карысьць.

У Апэнінскіх горах значная частка насельнікаў займаецца гадоўляй дробнай жывёлы: авечак ды коз. Аднак недахват сьвежай, сочнай травы прымушае пастухоў вандраваць з сваімі статкамі па вялікіх прасторах.

(У Апуліі ды Калябрыі гэтым займаюцца альбанцы, што ў XV і XVI вякох паўцякалі сюды з Балканскага паўвострава ад туркаў).

Каля мора насельнікі Апэнінскага паўвострава займаюцца рыбацтвам: ловяць рыбу — тунцоў, сардынак ды анчоўсаў, гадуюць ядобных сьлімакоў-вустрыц, шукаюць морскіх ракаў-гомараў і зьбіраюць розныя падарункі мора ў час адплыву.

Нетракапальная прамысловасьць, як і ў Лямбардзкай нізіне, ня мае вялікага значэньня на паўвостраве. Апрача ня вельмі значных запасаў руды ў Тосканскім плоскаўзвышшы ды карарскага мармуру, няма блізка ніякіх карысных мінэралаў. Зусім няма каменнага вугалю, вельмі мала і бурага, а дзеля таго ў кепскім становішчы знаходзіцца і фабрычная прамысловасьць. Толькі па берагох Гэнуйскае затокі ёсьць некалькі фабрык жалезных вырабаў і машын. Затое яшчэ ня страцілі свайго значэньня саматужныя промыслы. Паўсюды сяляне саматугам вырабляюць кашы, капялюшы, посьцілкі, пальчасткі, карункі, музычныя прылады і розныя цацкі з караляў, саломы і інш. Усё гэта прадаецца падарожнікам, якіх прынаджваюць сюды прыемны клімат, прыгожы краявід, багатыя рэшткі мінуўшчыны, слынныя, харошыя помнікі мастацтва.

Што-год надта многа падарожнікаў наяжджае ў Італію; адны едуць туды лячыцца, другія вучацца там мастацтву, трэція прыяжджаюць туды проста паглядзець на выдатныя асаблівасьці гэтай старонкі.

Асаблівай прыгажосьцю адзначаецца гэтак званая Італійская Рывьера, што ляжыць каля берагоў Гэнуйскай затокі пад забаронай паўночна-заходніх Апэнін. Асяродкам гэтага чароўнага куточка зьяўляецца Гэнуя (300.000 насельнікаў), лепшая морская прыстань Італіі, вядомая буйным гандлем з Лямбардзкай нізінай, Швайцарыяй і Францыяй.

У сярэднія вякі гэнуйская рэспубліка побач з вэнэцыяй была аднэй з найбагацейшых гандлёвых дзяржаў сьвету, а гэнуйскія падарожнікі карысталіся сусьветнай славай. (Гэнуйцам быў Колюмб).

Мал. 17. — Флёрэнцыя. Прэторыйскі палац.


Мал. 17. — Флёрэнцыя. Прэторыйскі палац.

Гэнуя — прыгожы горад з многалічнымі харошымі сучаснымі і старасьвецкімі будынкамі з найлепшага мармуру, з садамі вечназялёных дрэў і буйной фабрычнай прамысловасьцю (жалезныя ды шоўкавыя вырабы).

У Гэнуі знаходзіцца адзін з найцікавейшых могільнікаў Італіі, які можа лічыцца запраўдным музэем паводле багацьця, пастацкіх помнікаў з мармуру і бронзы (мосензу).

У даліне ракі Арно ляжыць Флёрэнцыя (250000 насельнік.), якая ў сярэднія вякі была багатай самастойнай рэспублікай і ад таго часу слыне асяродкам італійскага мастацтва. Тутака многа прыгожых харомаў, палацаў, помнікаў і музэяў з творамі лепшых італійскіх мастакоў.

На Тыбры амаль-што ў самай сярэдзіне Італіі на 11 узгорках (даўней на 7) ляжыць Рым (689000 нас. у 1921 г.) - сучасная сталіца Італійскага каралеўства, гаспода рымска-каталіцкіх папаў, а даўнейшая сталіца ўсяго вядомага сьвету. Побач з каралеўскімі харомамі, парлямэнтам ды іншымі сучаснымі будынкамі тутака захавалася шмат руін слаўнай мінуўшчыны. (Форум або пляц, на якім зьбіраліся сходы даўна-рымскіх грамадзян; цырк Колізэй, дзе калісь адбываліся бойкі глядыятараў; тэрмы або лазьні; трыумфальныя аркі, збудованыя калісь у часы ўрачыстых уездаў даўна-рымскіх правадыроў і т. д.).

Вялізны сабор сьв. Пётры, руіны даўна-хрысьцянскіх пячораў-катакомбаў, багаты папскі палац Ватыкан сьведчаць аб вялікай ролі, якую граў у росквіце хрысьцянскай веры.

Мал. 18. — Рым. Руіны Колізэя.


Мал. 18. — Рым. Руіны Колізэя.

Далей, у Кампанскай нізіне блізка вулькану Вэзувія, на беразе Нэапольскай затокі стаіць Нэаполь (780000 насельн.), самы вялікі горад Італіі. Па разьвіцьці свайго морскага гандлю Нэаполь займае другое месца ў Італіі (спушчае толькі Гэнуі), але па культурнай вазе стаіць даволі нізка. Нэаполь - тыповы італійскі горад, а ў насельніках яго болей як дзе выяўляюцца асаблівасьці італійскай нацыі. Нэапольцы - вясёлыя, рухавыя, здольныя, але гультаяватыя і неасьвечаныя людзі. Ваколіцы Нэаполю адзначаюцца надзвычайнай прыгожасьцю.

На ўсходніх схілах Апэнін мала значных гарадоў і наагул люднасьць жыве значна радзей, асабліва па пустынных вапнавых прыгор'ях.

На мяжы з Лямбардзкай нізінай у паўночна-ўсходніх прыгор'ях Апэнін захавалася апошняя з маленькіх сярэднявяковых самастойных італійскіх дзяржаў - рэспубліка Сан-Марыно (12000 насельнікаў), якая да сяго часу не пажадала злучыцца з Італійскім каралеўствам, хаця з усіх бакоў яе атачаюць землі гэтага каралеўства.

Да Апэнінскай краіны можна далучыць некалькі маленькіх астравоў Тырэнскага мора і між імі востраў Эльбу з значнымі запасамі жалезнай руды.

Сіцылія разам з некалькімі суседнімі драбнейшымі астравамі можа лічыцца за беспасрэдны працяг Апэнінскага паўвострава, за рэштку маста між Эўропай і Афрыкай. Параўнаўча ня дужа даўно (з геолёгічнага погляду) на месцы сучаснай Мэсынскай пратокі, што аддзяляе Сіцылію ад Калябрыі, існаваў пярэсмык; такі самы пярэсмык існаваў калісь і між Сіцыліяй і Афрыкай, так што Сіцылію трэба лічыць востравам контынэнтавым, які нядаўна страціў сувязь з суседнім сухазем’ем.

Мал. 19. — Рым. Сабор сьв. Пётры.


Мал. 19. — Рым. Сабор сьв. Пётры.

У Паўночна-Ўсходняй Сіцыліі ўздымаюцца такія самыя гнэйсавыя горы, як і ў Калябрыі, а на захадзе, як у Сярэдняй Італіі, горы вострава складаюцца пераважна з вапнякоў. На ўсходнім беразе Сіцыліі ўзвышаецца вялічэзны вулькан Этна (3274 м. над р. м.), на версе якога бязмала заўсёды ляжаць сьнягі, а з шчылін на схілах часамі выліваецца агнёва-цякучая лява.

Яшчэ часьцей вульканічныя выбухі бываюць на Ліпарскік астравох, што ляжаць на поўнач ад Сіцыліі. Адзін з гэтых астравоў-вульканаў Стромболі рытмічна выкідае ляву, можна сказаць, бязупынна.

Па ўсёй Сіцылійскай краіне, асабліва на Ўсходзе, вельмі часта адбываюцца землятрасеньні. (У 1908 г. адно з іх дашчэнту зьнішчыла багаты горад Мэсыну).

Мал. 20. — Рым. Замак сьв. Анёла. Зьлева сабор сьв. Пётры.


Мал. 20. — Рым. Замак сьв. Анёла. Зьлева сабор сьв. Пётры.

Клімат Сіцыліі чыста міжземнаморскі з частымі дажджамі ўзімку і страшэннымі сухменямі ўлетку. Калі з Афрыкі дзьме сухі сіроко, дык тэмпэратура паветра дасягае аж да 50°Ц., і сьмягне ды гіне, часова аж да зімы, уся расьліннасьць краіны.

Сярэдняя тэмпэратура году ў горадзе Палермо +18,2°, сярэдняя студзеня +11,0°. Значыць студзень у Сіцыліі цяплейшы за наш травень або верасень.

Узімку амаль-што ўся Сіцылія зьяўляецца вялізным багатым полем, на якім добра ўзрастае пшаніца ды іншае збожжа. Затое ўлетку сонца выпальвае ральлю і пераварачвае яе ў голую пустыню. Толькі ў прыгор’ях і ў рэчных далінах, дзе цэлы год магчыма штучнае абвадненьне зямлі, заўсёды зелянеюць гайкі памаранцавых, алейных, цытрынных і гранатных дрэў, мігдал, фісташкі, смакоўніцы, салодкія ражкі і г. д. Нават пальмы добра ўзрастаюць па ўзьбярэжжах Сіцыліі.

Магутныя горныя масывы, вечна-яснае блакітнае неба ды вечная зеляніна дрэў на ўзьбярэжжах ствараюць такі чароўны краявід, што й сюды, як у Тырэнскае прыгор’е Апэнін, што-год зьяжджаюцца тысячы багатых людзей дзівіцца на павабную красу прыроды.

Зусім іншы выгляд маюць сярэднія часткі Сіцыліі, асабліва тыя мясцовасьці, дзе здабываюць серку, на якую вельмі багата краіна. Пыл, смурод серкі, голая глеба, якая аж патрэскалася ад гарачыні, — вось што можна ўбачыць у той няпрынаднай мясцовасьці.

Мал. 21. — Рым. Мост Эліо і замак сьв. Анёла.


Мал. 21. — Рым. Мост Эліо і замак сьв. Анёла.

У Сіцыліі жыве густое (150 чал. на 1 кв. клм.), але ня дужа заможнае насяленьне. Серка, віно, паўднёвыя плады і іншае багацьце краіны дае карысьць перш за ўсё буйным земляўласьнікам і гандляром, таго часу як сялянства жыве ў беднасьці, як і ўсюды ў Італіі.

Вельмі цяжка адбіўся на становішчы сіцылійскага пролетарыяту крызіс серкавай прамысловасьці ў апошнія дзесяцёхгодзьдзі. Даўней серка на сусьветны рынак дастаўлялася галоўным чынам з Сіцыліі, а цяпер шмат серкі пачалі здабываць у Амэрыцы. У зьвязку з гэтым сіцылійская серка не знаходзяць сабе збыту, і серкавая прамысловасьць на вострае занепадае. Яшчэ ў 1905 г. тут здабывалася 600000 тон серкі, а ў 1920 — ужо толькі 200000. З гэтай прычыны каля 20000 работнікаў на серкавых капальнях засталіся бяз працы.

Прыродныя багацьці і выгоднае географічнае палажэньне Сіцыліі ў асяродку Міжземнага мора заўсёды прынаджвалі да яе магутных суседзяў. Няма нічога дзіўнага, што з даўных часоў за Сіцылію біліся між сабой галоўныя міжземнаморскія народы: спачатку грэкі, картагенцы і латыньцы, потым маўры, гішпанцы, норманы, французы.

Мал. 22. — Нэаполь і Вэзуві.


Мал. 22. — Нэаполь і Вэзуві.

У сучасны момант Сіцыліся і большасьць дробных суседніх астравоў належаць да Італійскай дзяржавы, а Мальтыйскія астравы (Мальта, Гоцо і Коміно) на поўдзень ад Сіцыліі — да Ангельшчыны.

Галоўная морская прыстань і найвялікшае места Сіцыліі — Палермо (350 тыс. нас.), так званая «Залатая Пэрла», на паўночным захадзе вострава. Гэта прыгожы горад з найпякнейшымі ваколіцамі, з харошымі будынкамі, дзіўнымі старасьвецкімі саборамі і г. д.

Другі вялікі горад Катанія (217 тыс. нас.) ляжыць на ўсходзе вострава, на поўдзень ад Этны. Абодва гарады вывозяць збожжа, плады і віно.

Трэці значны горад краіны, — Мэсына (150000 нас.), разбураная землятрасеньнем 1908 году, — ужо пасьпела адбудавацца і бойка гандлюе дзякуючы свайму Палажэньню на Мэсынскай пратоцы насупроціў Калябрыйскага берагу.

Тырэнскія астравы — Сардынія ды Корсіка — зьяўляюцца пераважна краінай такіх-жа горстаў, якія мы бачылі навокал Кастыльскага плоскаўзвышша на Пірэнэйскім паўвостраве. Гэтым яны адразьняюцца ад Сіцыліі і Апэнінскага паўвострава, дзе пераважваюць навейшыя зморшчавыя горы. Тырэнскія астравы таксама, як Сіцылія, былі калісь злучаны з контынэнтам, але было значна раней, калі яшчэ ня было Тырэнскага мора, а на яго месцы існавала сухазем’е. Корсіка і Ўсходняя Сардынія — горныя, хмурыя, змрочныя і маладаступныя землі. Заходняя Сардынія парэзана прадоўжнымі і папярочнымі далінамі, па якіх лёгка прайсьці ўглыб краіны. Наагул кажучы, астравы зьяўляюцца параўнаўча беднымі, дзікімі і адзначаюцца недахватам выгодных дарог. Улетку перасыхаюць усе рэкі, і краіна выглядае, як пустыня. Толькі ў цясьнінах застаюцца кавалкі лесу вечназялёных макісаў. На абодвух астравох яшчэ захаваліся муфлоны або горныя бараны, якіх яшчэ паляюць мясцовыя насельнікі — італійцы па мове і пахаджэньні.

Галоўным заняткам насельніцтва зьяўляецца гадоўля дробнай жывёлы і рыбацтва, а на Сардыніі — яшчэ нетракапальная прамысловасьць. Сардынію можна лічыць з гэтага боку галоўнай прамысловай мясцовасьцю ўсёй Італіі, бо з даўных часоў тутука здабываюць шмат волава, цынку, жалеза і іншых мэталаў. Пры штучным абвадненьні ўзрастае вінаграднік, алейнае дрэва і паўднёвыя плады. Сардынія належыць да Італійскай дзяржавы, Корсіка — да Францыі.

Альпы.[правіць]

Альпы.

(Азнач географічнае палажэньне Альпійскага горнага ўкладу: Вылічы адлегласьць заходняга канца Альпійскай дугі ад усходняга канца. Вылічы даўжыню ўнутранага і знадворнага краёў дугі).

Найвышэйшыя горы Эўропы — Альпійскія горныя зморшчы — шырокай дугой абхапляюць з поўначы Лямбардзкую нізіну і такім чынам аддзяляюць Італію ад паўночна-заходняга географічнага абшару нашае часткі сьвету. Як і ўсе галоўныя горныя ланцугі Паўднёвай Эўропы, Альпы ўтварыліся параўнаўча ня вельмі даўно, і зморшчавую будову іх лёгка можна прасачыць. Гэтым Альпы адразьняюцца ад спрадвечных зруйнованых ужо гор і плоскаўзвышшаў Паўночна-Заходняй Эўропы (а таксама ад горстаў Кастыліі, Сардыніі, Корсікі).

Аднак, лежачы далёка на поўнач ад іншых паўднёва-эўропэйскіх старонак (якіх?), Альпы маюць шмат супольнага з суседнімі заходня-эўропэйскімі краінамі і могуць лічыцца пераходным краем між Паўднёвай і Паўночна-Заходняй Эўропай.

У ледавіковую эпоху, калі пад тоўстым пластом лёду хавалася ўся Паўночная Эўропа, у Альпах вялізныя сьнягі ды ледавікі займалі многа болей прасторы, як цяпер. Ледавікі пакрывалі ўсе горы і даліны Альпійскага ўкладу, трымаліся нават на падгор’ях ланцуга. Ад тых часоў засталіся паўсюды раскіданыя лёдам морэны, ад тых-жа часоў захаваліся ў Альпах вазёры. (На высокіх горах, дзе ледавік цярушыў скалы, вазёрамі зрабіліся яміны, вышчарбленыя лёдам; у прыгор’ях вазёрамі зрабіліся яміны між морэнавых грудоў і ўзгоркаў).

Цяпер вечныя сьнягі ляжаць толькі на самых высокіх горах (вышэй за 2500—3200 мэтраў над роўнем мора).

На паўночных і заходніх схілах сьнегавая мяжа ляжыць значна ніжэй, чымся на цёплых і сухіх схілах паўднёвых (чаму?).

На высока лежачых катлінах сьнягі пакрысе ператвараюцца ў зерналёд, той з свайго боку — у лёд, а лёд спаўзае па горных далінах на ніз, значна ніжэй сьнегавой мяжы і растае аканчальна толькі там, дзе ўжо сьпее збожжа і растуць лясы. Там, дзе канчаюцца ледавікі, з расталага лёду ўтвараюцца рэчкі ды рэкі, шпаркія, бурныя, багатыя на вадаспады і парогі. Паволі, але бязупынна ледавікі ды рэчкі руйнуюць вярхі гор і пераносяць адломкі скал на ніз у суседнія раўніны.

Мал. 23. — Краявід у Бэрнскіх Альпах.


Мал. 23. — Краявід у Бэрнскіх Альпах.

Апроч гэтых павольных зьмен у выглядзе паверхні, часамі адбываюцца раптоўныя зьмены, якія ня мала шкодзяць насельнікам стараны. Такімі раптоўнымі зьявішчамі бываюць сьнегазвалы (лавіны), або неспадзяваныя абвалы брыл горнага сьнегу; муры, або страшэнныя струмені гразі, жарствы і каменьня, якія сьцякаюць з гор пасьля ўлеваў; нарэшце горныя абвалы вялізных скал, ужо раней падмытых вадой або падточаных лёдам. Гэтыя раптоўныя звалы сьнегу або адломкаў скал іншы раз засыпаюць даліны рэк, перагараджваюць ім дарогу і прымушаюць іх разьлівацца ў вазёры. Сьнегазвалы і абвалы інўы раз засыпаюць цэлыя вёскі разам з іх насельнікамі і жывёлай.

Усе гэтыя зьявы, а асабліва чыннасьць лёды і вады, моцна паразьядалі вярхі ды схілы Альп, пераважна там, дзе яны складаліся з мяккіх пластоў. Альпійскі краявід адзначаецца вялікай рознастайнасьцю. Высачэнныя вострыя вярхі чаргуюцца з нізкімі праходамі, выгоднымі для зносін насельнікаў абапал лежачых раўнін. Гэтым Альпы адразьняюцца ад сьценападобных Пірэнэяў і Каўказу.

Зьмена высокіх гор глыбокімі вузкімі цясьнінамі, белыя бліскучыя сьнягі, блакітныя ледавіковыя струмені, кволая зеляніна горных лугоў над цёмным зелянівам лясоў, хмурыя голыя скалы над гладкай паверхняй глыбокіх праглядных вазёр, ля якіх красуюць сады ды сьпе збожжа, — усё гэта робіць вельмі прыемнае ўражаньне і вабіць сваёю красой і прыгожасьцю.

Мал. 24. — Рывьера.


Мал. 24. — Рывьера.

Клімат Альп, як і заўсёды ў горных старонках, такі самы рознастайны, як і краявід. Пад забаронай Альпійскіх ланцугоў паўднёвыя схілы Альп, напрыклад, берагі паўднёва-альпійскіх вазёр (Гарда, Комо, Маджорэ), а таксама ўзьбярэжжа Міжземнага мора, гэтак званая Рывьера, карыстаюцца цёплым падзваротнікавым кліматам, такім, як у Сярэдняй і Паўднёвай Італіі.

Горад Ніца ў Рывьеры мае сярэднюю тэмпэратуру году +15,7° па Ц., сярэднюю ліпеня +23,9°, студзеня +8,4°.

Паўночныя прыгор’і, наадварот, маюць запраўдны заходня-эўропэйскі клімат з прахалодным летам, ня вельмі сьцюдзёнай зімой і багатымі ападкамі ўва ўсе поры году. Зіма тамака цяплейшая за беларускую, але значна халадней, чымся ў Рывьеры, а лета халаднейшае нават як у нас на Беларусі.

Сярэдняя тэмпэратура году ў Цюрыху +8,5°, сярэдняя ліпеня +18,4°, студзеня −1,6°

У замкнутых горных далінах, акружаных горамі, клімат досыць цёплы, сухі (чаму?). Розьніца між летам і зімой тамака вельмі значная.

Места Боцэн мае сяр. тэмп. году +12°, ліпеня +23°, студзеня 0°.

На горных схілах клімат тым халаднейшы, чым вышэй мясцовасьць над роўнем мора. На вярхох клімат зусім халодны, як у падканцавосных краёх.

На гары Сэнтыс у Паўночных Альпах на вышыні 2470 м. н. р. м. сяр. тэмп. году −2,1°, ліпеня +5,2°, студзеня −8,3°.

Па самых высокіх вярхох (вышэй за 3200 м.) нават у ліпені сярэдняя тэмпэратура дня заўсёды ніжэй 0°.

Уздымаючыся ўгару па схілах Альп, паветра, прынесенае ветрамі, шпарка ахалоджваецца, дзеля таго ня можа зьмяшчаць у сабе тэй пары, што зьмяшчала раней, і выдзяляе яе ў стане ападкаў. З гэтай прычыны паўсюды, а асабліва на заходніх схілах (чаму?), у Альпах выпадае вельмі многа ападкаў. (У Цюрыху 1100 м., у Сэн-Галене 1250, у Тольмэцо 2420 мм.). Альпійскай вадой жывяцца галоўныя рэкі Заходняй Эўропы: Рэн, Рона, прытокі Дунаю і шмат іншых.

Дзякуючы Альпам, гэтыя рэкі ўлетку маюць яшчэ болей вады, як у іншыя поры году, бо ўлетку асабліва шпарка растаюць альпійскія сьнягі і ледавікі і даюць рэкам вельмі многа вады.

(Пералічы ўсе адзначаныя на карце рэкі, якія пачынаюцца ў Альпах. Праз якія альпійскія вазёры яны працякаюць?).

Асаблівасьцю альпійскага клімату зьяўляецца фэн, гарачы і сухі вецер, які дзьме з паўдня, з гор. Гэты вецер раптам падвышае тэмпэратуру паветра ступеняў (градусаў) на 17 па Цэльсію. У час фэну ўзімку растаюць сьнягі, з гор валяцца сьнегазвалы, а ўвосені хутчэй дасьпявае вінаград.

Расьліннасьць Альпійскай старонкі адзначаецца такой самай рознастайнасьцю, як і клімат, і залежыць галоўным чынам ад вышыні месца над роўнем мора. Вечназялёныя паўднёва-эўропэйскія дрэвы растуць толькі ў Рывьеры ды па берагох вазёр на паўднёвых схілах (там, дзе падзваротнікавы клімат). Па паўночных прыгор’ях і ў ніжняй частцы горных схілаў растуць мяшаныя, пераважна ліставыя лясы, якія складаюцца на поўначы з дубоў, букаў, ельніц і елак, а на поўдні — з ядобных каштанаў. Вышэй (пачынаючы ад вышыні 1300—1700 мэтраў) ліставыя гатункі дрэў зьнікаюць, і застаюцца толькі хвоя, мадрына і кядровая хвоя. Затое там побач з лясамі і вышэй за іх (самыя непераборлівыя дрэўныя расьліны могуць расьці да вышыні 2300 м.) распасьціраюцца багатыя сочныя лугі з густой травой і прыгожымі рознакалёрнымі краскамі. Яшчэ вышэй на зрывістых, не пакрытых сьнегам схілах трапляюцца адны толькі лішаі. У недаступных альпійскіх лясох і лугох захавалася ячшэ многа розных дзікіх жывёл, адны з якіх, як ваўкі, мядзьведзі, ужо зьніклі ў суседніх раўнінах, другія, як серна, бабак, — заўсёды жылі толькі ў горных мясцовасьцях.

Лежачы на мяжы Паўднёвай і Паўночна-Заходняй Эўропы, Альпы зьяўляюцца граніцай розных народаў, якія з даўных часоў біліся паміж сабой за панаваньне ў гэтай старонцы.

З пачатку гістарычных часоў на паўночных схілах Альп жылі кельты, на паўднёвых - лігуры, а на ўсходзе, апроч таго, - яшчэ рэты. У часы сусьветнай Латыньскай (Рымскай) дзяржавы ўсе тутэйшыя пляменьні падпалі пад уплыў латыньцаў, запазычылі ад іх культуру і мову. У часы вялікіх перасяленьняў сюды надышлі розныя гэрманскія пляменьні, з якіх алеманы асталяваліся на поўначы, бургунды - на захадзе, лянгабарды - на поўдні. З часам два апошнія народы зьліліся з тубыльцамі, латынізаваліся і ўвайшлі ў склад францускай (на захадзе) і італійскай (на поўдні) нацый. Наадварот, алеманы, на зямлі якіх латыньскія ўплывы былі слабейшымі, захавалі гэрманскую мову і ўвайшлі ў склад нямецкага народу. Як і заўсёды ў горных старонках, у Альпах захаваліся і рэшткі тубыльцаў. Гэта рэтороманцы або лядыны, патомкі латынізаваных рэтаў. Пасьля ўсіх на паўднёвым усходзе асталяваўся славянскі народ - славенцы.

З сучасных народаў Альпійскай старонкі італійцы (і рэтороманцы) пераважваюць на паўднёвых схілах, французы - на заходніх, немцы - на паўночных, славенцы - на крайнім паўднёвым усходзе. Згодна з гэтым паўднёвыя схілы належаць да Італійскага каралеўства, заходнія - да Францускай рэспублікі, на паўднёвым усходзе пачынаюцца ўладаньні Паўднёвай Славяншчыны, а на нямецкіх землях утварыліся 2 дзяржавы: Аўстрыя (на ўсходзе) і Швайцарыя, у склад якой уваходзяць часткай землі, залюдненыя і французамі, і італійцамі ( і рэтороманцамі).

Сярод заняткаў люднасьці пераважвае паўсюды сельская гаспадарка, асабліва гадоўля жывёлы, для якой па горных лугох хапае найлепшай сочнай спажывы. Добра стаіць тамака малочная гаспадарка, выраб сыраў, масла, згушчанага малака. У горах гадоўля жывёлы мае так званы альпійскі пастухоўскі характар. Узімку жывёлу трымаюць у хлявох па далінах; увясну гоняць угару і пасьвяць у пасе лясоў. Улетку, па меры таго, як растаюць сьнягі у вышэйшых пасох, гоняць жывёлу яшчэ вышэй - у горныя лугі, дзе кожная вёска даліны мае пуні ды хаты (так званыя шале) для сваіх пастухоў. Увосені статкі пакрысе спускаюцца на ніз, пакуль ня вернуцца ў даліны на вёскі. Земляробства магчыма толькі ў ніжэйшых пасох. Там сеюць кіяхі, пшаніцу, саджаюць вінаграднік, яблыні, ігрушы, а на поўдні, апроч таго, морву ды алейнае дрэва (апошняе толькі ў Рывьеры ды на берагох вазёр Комо і Гарда). Фабрычная прамысловасьць пачала красаваць толькі ў апошнія гады, дзякуючы карыстаньню сіл горных рэчак. Раней тут панавалі выключна саматужныя промыслы - выраб гадзіньнікаў, апрацоўка шоўку і г. д. Затое гандаль з даўных часоў мае вялікую значнасьць. Альпійскія праходы вельмі выгодны для зносін. З даўных часоў праз іх пралягаюць важныя гандлёвыя дарогі, а ў апошнія часы праз гэтыя праходы прабілі тунэлі ды праклалі чыгункі. Па прадоўжных далінах таксама праходзяць лепшыя сучасныя дарогі, а па значных вазёрах адбываецца бойкі параходны рух. Хараство краявіду і дастатнасьць добрых дарог вабіць сюды многа падарожнікаў з усёй Эўропы. Што-год сюды наяжджае шмат багатага люду, ад якога мясцовая люднасьць мае значную карысьць.

Паводле асаблівасьцяй прыроды і люднасьці Альпійскую старонку можна падзяліць на 5 асобных краін: 1) Заходнія Альпы, 2) Юру, 3) Швайцарскае ўзгор'е, 4) Швайцарскія Альпы, 5) Усходнія Альпы.

Заходнія Альпы цягнуцца з паўдня на поўнач ад берагоў Міжземнага мора да Леманскага (Жэнэўскага) возера. Гэтая частка Альпійскага ўкладу складаецца з трох роўналежных ланцугоў. Самы ўсходні з іх складзены з гранітаў і іншых цьвёрдых крышталічных скал, зьяўляецца вадападзелам між рэкамі, што сьцякаюць на ўсход у По і на захад у Рону. (Назаві гэтыя рэкі паводле карты). Па хрыбце гэтага ланцуга праходзіць мяжа Францускай і Італійскай дзяржаў. З паўдня і з захаду гэты

Мал. 25. — Монблян.


Мал. 25. — Монблян.

ланцуг ахапляецца другім, сярэднім, таксама складзеным з крышталічных скал. Сярэдні ланцуг Заходніх Альп спачатку цягнецца, нібы працяг Апэнін, каля самага берагу Міжземнага мора. Пад забаронай гэтай часткі сярэдняга ланцуга прытулілася прыгожае ўзьбярэжжа, гэтак званая Рывьера, з прыемным падзваротнікавым кліматам і багатай вечназялёнай расьліннасьцю. Гэта — беспасрэдны працяг Апэнінскй Рывьеры. Зьвярнуўшы на поўнач, сярэдні ланцуг дасягае найвялікшай вышыні. Тут, ужо блізка ад Леманскага возера, знаходзіцца магутнае сугор’е Монблян, верх якога зьяўляецца найвышэйшым пунктам усяго Альпійскага ўкладу і ўсёй Эўропы, бо дасягае вышыні каля 5 вёрст (4810 мэтраў) над роўнем мора. Вялічэзныя палі зерналёду апранаюць гэтую вялізную гару, магутныя ледавікі спаўзаюць па яе схілах у суседнія даліны.

Трэці, самы заходні ланцуг Заходніх Альп складаецца ўжо з вапнавых пластоў і зьяўляецца значна ніжэйшым за два першыя.

Насельнікі Заходніх Альп пераважна італійцы, або (на захадзе) блізкія да іх паўднёвыя французы, займаюцца гадоўляй дробнай жывёлы, у далінах дзе-ні-дзе сеюць збожжа, але жывуць бедна, па ўбогіх, далёка раскіданых адна ад аднэй вёсках.

Мал. 26. — Надбярэжжа Ў Ніцы.


Мал. 26. — Надбярэжжа Ў Ніцы.

Выняткам зьяўляецца Рывьера, дзе люднасьць жыве густа, дзякуючы падзваротнікаваму клімату, займаецца вінаградніцтвам, садоўніцтвам і ральніцтвам. Тутака добра ўзрастаюць паўднёвыя пладовыя дрэвы, алейнае дрэва і морва. Сюды ў чароўна абстаўленыя здароўніцы-курорты зьяжджаюцца лячыцца хворыя на грудзі з усіх краёў сьвету; тутака шукаюць адпачынку і ўцех багатыры ўсёй Эўропы.

Асяродкам гэтага харошага куточка можа лічыцца Ніца (150 тыс. нас.) прыгожы горад раскошы, кветак і шыкоўных готэляў для багатых падарожнікаў. Яснае неба, цёплае паветра і вечная зеляніна дрэў асабліва вабяць сюды насельнікаў туманнай Паўночнай Эўропы і ў тым ліку хворых на сухоты, якія лечацца ў ваколічных здароўніцах.

На усход ад Ніцы ляжыць самая маленькая паводле прасторы дзяржава Эўропы - княства Монако (21 кв. клм., 23000 насельнікаў, у склад якога ўваходзяць толькі 3 маленькіх мястэчкі. Адно з іх - Монтэ-Карлё слыне сваім домам гульні ў рулетку, дзе чужаземныя багатыры прагульваюць свае грошы на карысьць маленькай дзяржавы. (Грамадзянам Монакскага княства гуляць у рулетку забараняецца). У Монако знаходзіцца адна з лепшых біолёгічных морскіх станцый, дзе можна ўбачыць усякія морскія дзівы Міжземнага мора.

У паўночнай частцы краіны на рацэ Ізэр ляжыць места Грэнобль (77.000 насельнікаў), культурна-экономічны асяродак краіны, з слынным унівэрсытэтам, вырабам скуры і пальчатак і бойкім гандлем з Італіяй праз альпійскія праходы.

Юра можа разглядацца, як працяг заходняга ланцуга Заходніх Альп. Гэта шэраг невысокіх (найвышэйшы верх Крэт-дэ-ля-Нэж дасягае 1700 м. н. р. м.) раўналежных горных зморшчаў, якія выцягнуліся з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Удоўж іх праходзіць мяжа францускай і Швайцарскай рэспублік. Як і заходні ланцуг Заходніх

Мал. 27. — Ніца. Пячоры ў гарадзкім садзе.


Мал. 27. — Ніца. Пячоры ў гарадзкім садзе.

Альп, Юрскія зморшчы складаюцца пераважна з вапнякоў. Вільгатны і досыць прахалодны клімат гэтай краіны, а таксама няўродлівыя вапнавыя грунты перашкаджаюць пашырэнню ральніцтва. Па скуднай пашы і горных схілах наслеьнікі краіны пасьвяць авечак і коз, а ў падгор'ях вырабляюць дзе-ні-дзе віно. З даўных часоў тутэйшая люднасьць шукала пабочных заработкаў, і здаўна тут тысячы гаспадароў займаюцца саматужным вырабам гадзіньнікаў. Насельнікі краіны гавораць пераважна пафранцуску, і толькі на паўночна-ўсходніх прыгор’ях — панямецку.

Заходняя частка краіны належыць да Францускай дзяржавы; усходнія часткі ляжаць у межах Швайцарыі і складаюцца з некалькіх самаўрадных акруг — так званых кантонаў.

У залюдненай немцамі частцы на Рэне ляжыць важны гандлёвы горад Базэль (пафранцуску Баль, 140 тыс. насельн.), у якім крыжуюцца сухаземныя дарогі з Вугоршчыны ўва Францыю і з Італіі ў Заходнюю Нямеччыну праз Альпы. Адгэтуль пачынаецца параходны рух па Рэне. Базэль зьяўляецца самаўрадным швайцарскім кантонам.

Швайцарскія Альпы цягнуцца з захаду на ўсход і складаюцца з двох роўналежных ланцугоў. Абодва гэтыя ланцугі складаюцца пераважна з крышталічных скал і аддзяляюцца адзін да аднаго прадоўжнай далінай, па якой на захад цячэ Рона, а на ўсход — вышні Рэн.

Паўднёвы ланцуг зьяўляецца працягам усходняга ланцуга Заходніх Альп, але дасягае большай вышыні, бо найвышэйшыя вярхі яго — Монтэ Роза (4640 м н. р. м.) і стромкі недаступны Матэргорн (4505 м.) — па сваёй вышыні спушчаюць толькі Монбляну. Найніжэйшы праход у гэтым ланцугу — Сымплёнскі (2010 м н. р. м.) — перарэзаны тунэлем, па якім праходзіць чыгунка з даліны Роны ў бок возера Маджорэ. Гэты тунэль цягнецца на 19 вёрст і лічыцца найдаўжэйшым на ўсім сьвеце. На ўсход адгэтуль праз Сэн-Готардзкае зьніжэньне пракопаны яшчэ болей вядомы чыгункавы тунэль (з даліны Рэйсу ў даліну Тычыно).

Паўночны ланцуг Швайцарскіх Альп мусіць лічыцца за працяг сярэдняга ланцуга Заходніх Альп і пачынаецца блізка Леманскага возера пад назовам Бернскіх Альп. Хараство краявіду прынаджвае сюды асабліва многа падарожнікаў. Вострыя, апранутыя белымі сьнягамі вярхі па-над хмарамі, магутныя ледавікі, прыгожыя горныя лугі ды цёмныя лясы горных схілаў складаюць запраўды цікавае дзіва і могуць лічыцца лепшай аздобай Швайцарыі. На самыя прыгожыя з Бэрнскіх гор пракладзены асаблівыя чыгункі з зубкаватымі рэйкамі (напрыклад, на слынную прыгожую гару Юнгфрау (4197 м.). З аднэй гары (Вэтэргорн 3708 м.) спаўзае самы доўгі ледавік Эўропы, так званы Алечглетчэр (24 клм. удоўжкі), што дае ваду пачаткам Роны. Працяг Бэрнскіх Альп пад назовам Фірвальдштэцкіх упіраецца ў аднаназоўнае возера. Каля гэтага возера ляжаць тыя землі, якія могуць лічыцца калыскай Швайцарскай дзяржаўнасьці.

Насельнікі гэтай ваколіцы першыя паднялі штандар паўстаньня супроць уціску нямецкай улады і паноў і абвясьцілі незалежную Швайцарскую рэспубліку, у склад якой спачатку ўвайшлі толькі 4 кантоны, з часам далучылася яшчэ некалькі сялянскіх суполак і вольных мест і, нарэшце, усе землі краіны Швайцарскіх Альп, Швайцарскага ўзгор’я ды частка Юры. Швайцарская рэспубліка (41300 кв. клм., 3900 тыс. нас.) лічыцца фэдэрацыйнай і складаецца з асобных маленькіх рэспублік — кантонаў. Кожны кантон мае свае законы, свой урад і свае парадкі. Толькі вайсквыя, загранічныя, чыгункавыя ды паштовыя справы знаходзяцца пад кіраўніцтвам супольнага хаўруснага ўраду. Гэты ўрад складаецца з палаты народных прадстаўнікоў, абабраных ад усяго насяленьня дзяржавы, рады паслоў (па адным ад кожнага кантону) і хаўруснай рады з старшынёй на чале, абабранай дзьвюма першымі ўстановамі. Усе мовы, веры і партыі карыстаюцца поўнай свабодай у Швайцарыі, і шмат так званых політычных злачынцаў з усіх дзяржаў Эўропы хаваецца тут ад прасьледаваньняў сваіх урадаў. Сярод дзяржаў Заходняй Эўропы Швайцарская рэспубліка зьяўляецца найболей дэмократычнай. Важнымі асаблівасьцямі яе констытуцыі зьяўляюцца: усенароднае галасаваньне галоўных законаў і права ўсіх грамадзян падаваць свае законапроэкты за належнай колькасьцю подпісаў на разгляд законадаучай установы (парлямэнту).

Мал. 28. — Зубкаватая чыгунка на гару Рыгі ў Швайцарыі.


Мал. 28. — Зубкаватая чыгунка на гару Рыгі ў Швайцарыі.

Асьвета ў Швайцарыі стаіць вельмі высока. Няпісьменых бязмаль-што зусім няма; для вышэйшай адукацыі існуе аж 7 унівэрсытэтаў, у якіх навучаецца між іншым шмат чужаземцаў. У Швайцарскіх Альпах мала прыгоднай для гаспадаркі зямлі, а дзеля таго гушчыня залюдненьня тут невялікая (каля 50 ч. на кв. клм., а месцам толькі 15). Народ жыве небагата, але вольна, адзначаецца сумленнасьцю, працаздольнасьцю і чыстатой старасьвецкіх поглядаў і звычаяў. На поўдні краіны жывуць італійцы, на паўднёвым усходзе захавалася старадаўная рэтороманская мова, на поўначы - нямецкая. Аднак усе швайцарцы адчуваюць сябе грамадзянамі аднэй дзяржавы і ня імкнуцца да злучэньня з суседнімі аднамоўнымі вялікімі дзяржавамі.

Як і паўсюды ў Альпах, галоўным заняткам люднасьці краіны зьяўляецца гадоўля малочнага быдла. Па багатых горных лугох скаціна знаходзіць найлепшую спажыву ў працягу ўсёй вясны, лета і восені; узімку яе трымаюць у далінах па вёсках у хлявох. Сыр, масла, згушчанае малако і чакаляда - галоўныя продукты вывазу з краіны. Важны даход насельнікам даюць чужаземныя падарожнікі, што зьяжджаюцца сюды любавацца прыгожай прыродай. Зато швайцарцы налягаюць, каб даць гэтым падарожнікам як мага болей выгод. Па усіх найболей цікавых мясцовасьцях пабудованы найлепшыя готэлі; усюды, дзе было магчыма, праложаны найлепшыя дарогі; на вярхі гор шмат дзе вядуць чыгункі з зубкаватымі рэйкамі. Ня гледзячы на цяжкія прыродныя перашкоды, швайцарская чыгункавая сець належыць да гусьцейшых у Эўропе. Тунэлі і масты швайцарскіх чыгунак могуць лічыцца дзіўнымі па цяжкасьці іх пракладаньня і чароўнымі па сваёй красе.

Мал. 29. — Дарогі ў Швайцарскіх Альпах.


Мал. 29. — Дарогі ў Швайцарскіх Альпах.

Малая колькасьць добрай зямлі прымушае швайцарцаў сяліцца хутарамі або фольваркамі каля тых кавалачкаў удобнай зямлі, якія раскіданы далёка адзін ад аднаго па далінах і пакатах гор. Толькі на поўдні сярод швайцарскіх італійцаў трапляюцца значныя вёскі. Гарадоў, больш-меньш выдатных, зусім няма, бо сельская гаспадарка рашуча пераважвае ў краіне.

Інтэрлякэн, у які зьязжджаюцца падарожнікі, што жадаюць узьбірацца на Юнгфраў, зьяўляецца маленькім мястэчкам. Поўны чужаземцаў гандлёвы горад Люцэрн (44000 н.) ляжыць каля выйсьця р. Рэйсу з Фірвальдштэцкага возера ўжо на мяжы краіны. (Гл. мал. 31).

Швайцарскае ўзгор'е ляжыць між Юрой і Швайцарскімі Альпамі. Яно выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад Леманскага да Бодэнскага вазёр. У ледавіковую эпоху магутныя альпійскія ледавікі, спаўзаючы з паўночных схілаў Альп, патроху пакрылі грубым пластом усю гэную краіну, падняліся на Юру і нават перакінуліся праз яе. З таго часу на Швайцарскім проскаўзвышшы засталіся пласты ледавіковага навалу, з якіх і складаюцца тамтэйшыя ўзгоркі і груды. У тых месцах, дзе адклалася мала гэтага навалу, утварыліся яміны-катліны, якія з часам зрабіліся вазёрамі. Асабліва вялікія вазёры стварыліся на ўскрайках краіны: Бодэнскае возера, праз якое працякае Рэн, на паўночным усходзе, і Леманскае, праз якое цячэ Рона, на паўднёвым захадзе. (Якія яшчэ вазёры адзначаны на карце? Якія рэкі праз іх працякаюць?). Клімат краіны вільгатны, заходня-эўропэйскі: лета прахалоднае, маразоў узімку бязмаль-што ня бывае, ападкаў заўсёды хапае.

Мал. 30. — Мястэчка Інтэрлякен каля гары Юнгфраў у Бэрнскіх Альпах.


Мал. 30. — Мястэчка Інтэрлякен каля гары Юнгфраў у Бэрнскіх Альпах.

Грунты пераважна дзярнова-падзольныя, неўраджайныя, але, дзякуючы дастатнай колькасьці ападкаў, пры добрым угнойваньні даюць даволі значныя ўраджаі збожжа. Калісь краіну пакрывалі густыя мяшаныя лясы, але даўно ўжо большую частку іх павысякалі ды ўзаралі. Спачатку сеялі шмат жыта, аўсу, ячменю, пшаніцы ды іншага збожжа, але потым завялі шматпалёўку і цяпер большую частку ральлі засяваюць кармавымі травамі ды корань-плодамі. Свайго збожжа цяпер не хапае, але затое сяляне маюць шмат корму для жывёлы, гадоўля якой зьяўляецца адным з галоўных заняткаў.

За дапамогай моцна разьвітай сельска-гаспадарчай коопэрацыі сяляне вырабляюць свае тавары на падставе прынцыпу падзелу працы. Дзякуючы гэтаму продукцыйнасьць сельскай гаспадаркі на Швайцарскім узгор'і многа большая, як у іншых краёх Эўропы.


Малюнак


Па берагох швайцарскіх вазёр многа садоў і вінаградняў, а па местах існуе шмат фабрык, якія замест апалу карыстаюцца сілай горных рэк. З даўных часоў на Швайцарскім узгор'і, як і ў Юрскай краіне, красуюць саматужныя промыслы, асабліва выраб гадзіньнікаў. У цяперашнія часы аднак фабрычная прамысловасьць мае значна большую вагу, як саматужніцтва. Можна сказаць, што Швайцарскае ўзгор'е належыць да вельмі прамысловых краёў сьвету. Сярод мясцовых фабрык пераважваюць буйныя з вялікім лікам работнікаў.

Гэта дапамагае работнікам гуртавацца дзеля супольнага змаганьня за свае інтарэсы. Забастоўкі работнікаў дзеля павялічэньня заработнай платы тут здараліся ўжо гадоў 70 назад. Цяпер профэсыянальным работніцкім рухам кіруе Цэнтральны Саюз профорганізацый, які аб’яднаў сотні тысяч работнікаў. Пакуль што гэты Саюз знаходзіцца пад уплывам соцыялістычнай партыі, якая дапушчае супрацоўніцтва з буржуазіяй, аднак сярод фабрычных работнікаў пачынае ўсё большымі сымпатыямі карыстацца ўтвораная ў 1921 г. комуністычная партыя.

Галоўныя фабрыкі краіны вырабляюць крамніну, трыкотаж, чакаляду, фарбы, апрацоўваюць шоўк, баваўну. Гэтыя продукты зьяўляюцца і галоўнымі продуктамі вывазу з Швайцарскай рэспублікі. Такім чынам, калі Швайцарскія Альпы зьяўляюцца найболей прыгожай і тыповай краінай Швайцарскай дзяржавы, дык Швайцарскае ўзгор’е можа лічыцца асновай яе дабрабыту.

Насельнікі гэтай краіны, як сяляне, гэтак і фабрычныя працаўнікі, жывуць заможна; процілежнасьць між багатымі і беднымі тут значна меншая як у іншых эўропэйскіх краёх. На паўднёвым захадзе насельнікі краіны гавораць пераважна пафранцуску, у іншых месцах — панямецку.

Асяродкам францускай Швайцарыі зьяўляецца горад Жэнева (135000 насельнік.), што ляжыць каля выйсьця Роны з Леманскага возера ў харошай вясёлай мясцовасьці. Горад вядомы сваім унівэрсытэтам, бойкімі гандлёвымі зносінамі з Францыяй і вырабам гадзіньнікаў, розных залатых і срэбных цацак.

На паўночным беразе Леманскага возера ляжыць Лёзана (69000 нас.) таксама з францускім унівэрсытэтам, вядомая вырабам чакаляды.

На Аары ў сярэдзіне краіны ляжыць сталіца Швайцарскай дзяржавы Бэрн (104000 нас.) з галоўнымі дзяржаўнымі ўстановамі і нямецкім унівэрсытэтам.

Аднак самым вялікім і важным горадам краіны дый усёй Швайцарскай дзяржавы ёсьць Цюрых (207000 насельн.), што ляжыць ля аднаназоўнага возера і кіруе гандлем з Італіяй і Аўстрыяй. Тут гуртуюцца баваўняныя і шоўкавыя фабрыкі, а таксама фабрыкі машын, так што гэта галоўны прамысловы асяродак Швайцарыі. Гэта адначасна і культурны асяродак нямецкай Швайцарыі з унівэрсытэтам і політэхнічным інстытутам.

Усходнія Альпы на першы погляд здаюцца беспасрэдным працягам Швайцарскіх, аднак маюць шмат асаблівасьцяй.

З геолёгічнага погляду Ўсходнія Альпы зьяўляюцца зусім асобным укладам гр, асобнай дугой горных зморшчаў, якая толькі стыкаецца з Швайцарскімі Альпамі. Так званыя Паўднёва-Ўсходнія Вапнавыя Альпы лічацца зусім асобным, трэцім горным укладам і паводле сваёй будовы маюць болей супольнага з Дынарскімі гарамі, чым з Альпамі. Заходнія і Швайцарскія Альпы складаюцца з зморшчаў, выгіны якіх накірованы на поўнач; зморшчы Ўсходніх Альп павернуты сваімі выгінамі на поўнач і на поўдзень адначасна, - значыцца маюць болей сымэтрычную будову; Паўднёва-Ўсходнія Альпы, як і Дынарскія горы, накіраваны выгінамі сваіх зморшчаў на паўднёвы захад у бок Адрыятычнага мора.

У склад Усходніх Альп уваходзіць некалькі прадоўжных ланцугоў, аддзеленых адзін ад аднаго прадоўжнымі далінамі. Паўночны з гэтых ланцугоў складаецца пераважна з вапнавых, а таксама і іншых пластовых земных парод і цягнецца ад Бодэнскага возера на захад аж да Вены і Дунаю. Там, дзе гэтыя горы складаюцца з пескавікоў, лупнякоў аб зьлепнякоў, там яны адзначаюцца адхоннымі схіламі, мяккімі абрысамі, зялёнымі лугамі і сенажацямі, па якіх пасьвіцца найлепшае малочнае быдла (Альгэйскія Альпы). Наадварот, там, дзе пераважваюць вапнякі, расьліннасьць убогая, схілы голыя, стромкія і хмурыя. (Значныя часткі Баварска-Тырольскіх Альп). У трох месцах праз паўночны ланцуг прабіваюцца ў вузкіх далінах бурныя Альпійскія рэкі (Ін, Зальцах, Энс). Яны ў сваёй вышнявіне цякуць па шырокай прадоўжнай даліне, на поўдзень ад якой узвышаюцца высокія горы сярэдняга ланцуга. Сярэдні ланцуг складаецца з гранітаў, гнэйсаў і іншых крышталічных цьвёрдых скал і цягнецца ад паўднёва-альпійскіх вазёр (Маджорэ, Комо і інш.) спачатку на паўночны ўсход, а пасьля проста на Захад роўналежна паўночнаму. Клімат тут, як і паўсюды ў Альпах, вільгатны, а з гэтай прычыны вярхі гор заўсёды ўвінуты хмарамі, з якіх улетку льлецца дождж, а ўзімку падае сьнег. Найвышэшыя вярхі ланцуга: Ортлер (3900 м. н. р. м.), Грос Глёкнэр (3798 м.) і іншыя апрануты вечнымі сьнягамі, з якіх пачынаюцца магутная ледавіковыя струмені. Па схілах ніжэй сьнегавой мяжы растуць прыгожыя сочныя лугі, а яшчэ ніжэй - густыя лясныя пушчы. Праходы праз сярэдні ланцуг, напрыклад, Брэнэр між Эцтальскімі Альпамі і Высокім Таўэрнам (1370 м.) ляжаць нявысока і выгодны для зносін.

Прадоўжная даліна, па якой працякае рака Драва, аддзяляе сярэдні ланцуг ад так званых Паўднёва-Ўсходніх Альп, якія складаюцца пераважна з вапнякоў, лёгка прапускаючых ваду. Горы там маюць выгляд дзіўных веж, зубцоў, слупоў і г. д. і звычайна пазбаўлены лесу і сочных лугоў. Толькі там, дзе вапнякі замяняюцца лупнякамі і марглямі, зелянеюць лугі і сустракаюцца гаі.

Усходнія Альпы адразьняюцца ад Заходніх і Швайцарскіх між іншым сваім багацьцем на розныя карысныя мінэралы. У Паўночна-Ўсходніх Вапнавых Альпах трапляецца соль, месцам жалезная руда і вугаль; сярэдні ланцуг зьмяшчае яшчэ болей жалеза, а апроч таго крыху золата і серабра; у Паўднёва-Ўсходніх Альпах знаходзяць волава і жывое серабро.

Праўда, здабываньне солі ў апошнія часы зьменшылася, а дарагіх мэталаў цяпер і зусім не здабываюць, але жалезнай руды знаходзяць вельмі многа, так што краіну можна лічыць прамысловай. Жалезная руда перарабляецца на мясцовых гутах і фабрыках. Сярпы, нажы, косы і іншыя жалезныя выбары ў значнай колькасьці вывозяцца адгэтуль за межы. Да вайны іх вывозілі між іншым і ў Беларусь і ў Расію. Аднак і сельская гаспадарка ў краіне стаіць ня горай, чымся ў Швайцарыі. У прадоўжных далінах Усходніх Альп і ў Венскай нізіне каля Дунаю шмат ураджайных куточкаў, па якіх добра ўзрастае збожжа, садовіна і вінаграднік. У паўднёвых далінах пад забаронай гор расьце морва, лісьцем якой жывіцца шаўкоўны вусень. Нарэшце каля вазёр Комо, Маджорэ і іншых сьпеюць паўднёвыя плады і растуць вечназялёныя дрэвы. (чаму?) Як і ў Швайцарыі, гэтак месцам і ўва Ўсходніх Альпах па горных лугох пасьвяць найлепшую малочную жывёлу, а па рэках сплаўляюць горны лес у бязьлесныя Дунайскія нізіны.

На поўначы краіны жывуць пераважна немцы, на паўднёвым усходзе — славенцы, на паўднёвым захадзе — італійцы (ірэтороманцы або лядыны).

Мал. 32. — Места Зальцбург ва Ўсходніх Альпах.


Мал. 32. — Места Зальцбург ва Ўсходніх Альпах.

Немцы Ўсходніх Альп паходзяць ад гэрманскага племя баювараў, якое жыло і далей на поўнач у Нямеччыне. З даўных часоў Паўночна-Ўсходнія Альпы Венская нізіна мелі сувязь з Нямеччынай. Аднак прыродныя варункі ў Альпых маюць мала падобнасьці да прыродных варункаў Нямеччыны, інтарэсы альпійцаў і насельнікаў Нямеччыны маюць мала супольнага, а дзеля таго й сувязь паміж імі ня была трывалай. З нямецкіх зямель ува Ўсходніх Альпах была ўтворана асобная дзяржава — Аўстрыя, якой пашанцавала злучыць пад сваёй уладай вялізныя прасторы Сярэдняй Эўропы. Да гэтай дзяржавы былі далучаны Чэхія, Славенскія землі і рознастайныя краіны з польскім, украінскім, румынскім і сэрбскім насяленьнем. Злучыўшыся з Вугоршчынай, якая ляжыць у Сярэдня-Дунайскай нізіне, Аўстрыя набыла назоў Аўстра-Вугоршчыны і зрабілася вялікай дзяржавай, ядром якой былі нямецкія землі ўва Ўсходніх Альпах. Сувязь краін, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны і мелі паміж сабой вельмі мала супольнага, заўсёды была штучнай і лёгка парвалася ў час вялікай вайны 1914-18 гадоў. Ад вялікай Аўстра-Вугоршчыны засталіся пад кіраўніцтвам Аўстрыі толькі нямецкія землі ўва Ўсходніх Альпах ды й то частка іх у сярэднім ланцугу адышла да Італійскага каралеўства.

У сучасны момант так званая Нямецка-Аўстрыйская рэспубліка ўладае паўночным ланцугом і часткай сярэдняга ланцуга (84000 кв. клм., 6450 тыс. насельн.); паўднёвая частка краіны належыць да Італіі; паўднёва-ўсходнія ўскрайкі - да Паўднёва-Славянскай дзяржавы; паўночны край - да Нямеччыны.

На мяжы Нямецкай Аўстрыі і Швайцарыі каля Рэну захавалася маленькая карлавая дзяржава Ліхтэнштэйн з 8000 насельнікаў. Пасьля разбурэньня Аўстра-Вугоршчыны Ліхтэнштэйн пачаў перагаворы з Швайцарскім урадам наконт злучэньня ў адну дзяржаву.

Нямецкая Аўстрыя абымае найбагацейшыя часткі краіны. у якіх высока стаяць гандаль і прамысловасьць. Пасьля вайны аднак гэтая частка вельмі зьбяднела.

Пасьля вайны Нямецкая Аўстрыя згодна мірнай умове ў Сэн-Жэрмэне (ува Францыі) мусіла ўзяць на сябе абавязак заплаціць Антанце за ўсю тую шкоду, якую ў час вайны зрабіла Аўстра-Вугоршчына дзяржавам Антанты. Але з тэй прычыны, што маленькая Аўстрыя зрабіць гэтага не магла, уся яе продукцыя і фінансы былі пастаўлены пад нагляд асаблівай Міжнароднай Рэпарацыйнай Комісіі. Фактычна Аўстрыя зрабілася колёніяй дзяржаў Антанты. Працоўны люд Аўстрыі апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. Каб трохі палепшыць гэтае становішча, работнікі шчыльней гуртуюцца ў профсаюзы. У 1918 г. тут было 295 тысяч членаў профсаюзаў, а ў 1921 - ужо 1000000. Побач з узрастаньнем профэсыянальных організацый узмацняюцца і політычныя партыі работнікаў. Побач з узрастаньнем профэсыянальных організацый узмацняюцца і політычныя партыі работнікаў. Пашырэньню комуністычнага руху спрыяў між іншым зварот пасьля вайны палонных аўстрыйцаў, асабліва тых, якія былі ў Расіі. Пакуль-што большасьць фабрычных работнікаў знаходзіцца яшчэ ў шэрагах соц.-дэм. партыі, а сялянствам кіруе партыя так званых хрысьцянскіх соцыялістых. Аднак уплыў комуністых на працоўны люд павялічваецца.

У межах Нямецкай Аўстрыі знаходзіцца сталіца былай Аўстра-Вугоршчыны, адзін з найвялікшых гарадоў Эўропы (4-ты паводле велічыні) Вена (1842 тыс. насельнікаў). Горад гэты ляжыць на Дунаі ля самых усходніх адгор'яў Альп у асяродку так званай Венскай нізіны. Дунай зьяўляецца лепшай дарогай з Нямеччыны ў Вугоршчыну і наагул на паўднёвы ўсход Эўропы ды ў Малую Азію. З другога боку ў Вене крыжуюцца вельмі важныя чыгункі з Расіі, Беларусі і Польшчы ў Італію, а з Нямеччыны і Чэхіі ў Вугоршчыну і на Балканскі паўвостраў. У Вене сходзяцца галоўныя чыгункі Нямецкай Аўстрыі, якія цягнуцца па прадоўжных далінах Усходніх Альп. Усе гэтыя выгоды палажэньня тлумачаць вялікае гандлёвае значэньне Вены, а таксама і гістарычны лёс яе, як сталіцы Аўстра-Вугоршчыны.

У Вене гуртуецца большасьць фабрык краіны. Тут апрацоўваюць скуру, шоўк, вырабляюць машыны, мэблю, розныя мастацкія тавары і г. д. Вялізныя прыгожыя будынкі ўсялякіх палацаў, сабораў, тэатраў і кола бульвараў і паркаў, акружаючых асяродак гораду, робяць Вену адным з

Мал. 33. — Вена.


Мал. 33. — Вена.

найпякнейшых гарадоў Эўропы. Дзякуючы сваім унівэрсытэту, тэхнічнай і іншым вышэйшым школам, а таксама музэям і розным культурна-асьветным установам, Вена мусіць лічыцца адным з галоўных культурных асяродкаў нашае часткі сьвету.

На чыгункі з Вены да берагоў Адрыятычнага мора на р. Мур ляжыць другі горад краіны па колькасьці насельнікаў — Грац (157000 нас.) з унівэрсытэтам і буйной жалезнай прамысловасьцю.

Запраўдным альпійскім горадам зьяўляецца Інсбрук (57000 нас.), што ляжыць у даліне р. Ін у чароўнай мясцовасьці між паўночным і сярэднім ланцугамі Ўсходніх Альп. Гэта культурны асяродак так званага Нямецкага Тыролю, горнага краю, падобнага па сваёй прыродзе да Швайцарскіх Альп. Тут таксама ёсьць унівэрсытэт, але горад болей вядомы, як месца збору падарожнікаў, якія прыяжджаюць любавацца краявідам Усходніх Альп.

Мал. 34. — Горад Інсбрук.


Мал. 34. — Горад Інсбрук.

У так званым Паўднёвым Тыролі, залюдненым італійцамі (і рэтороманцамі) і забраным Італіяй ад Аўстрыі ў час вялікай вайны, ляжыць Трэнтыно (панямецку Трыент, 30000 нас.), асяродак шоўкавай прамысловасьці. На паўднёвых схілах Усходніх Альп у ваколіцы, якая здаўна належала да Італіі, ляжыць яшчэ некалькі значных гарадоў, вядомых вырабамі з шоўку. Найвялікшы з іх Вэрона (86000 насельн.).

Балканскі паўвостраў.[правіць]

Балканскі паўвостраў.

(Азнач яго географічнае палажэньне. Пералічы паводле карты, якія моры яго атачаюць? Які выгляд маюць яго берагі? Якія другарадныя паўвостравы ўваходзяць у склад Балканскага? Якія астравы ляжаць у морах, што атачаюць Балканскі паўвостраў? За дапамогай якіх пратокаў і якога мора Чорнае мора злучаецца з Эгэйскім?)

Балканскі паўвостраў ня мае такой выразнай паўночнай мяжы, як Пірэнэйскі паўвостраў або Італія, якія адмяжоўваюцца ад рэшты Эўропы магутнымі горнымі ланцугамі (якімі?). За паўночную мяжу Балканскага паўвострава лепей за ўсё прымаць раку Дунай і яго прытоку Драву.

Нават тыя часткі Альп, што ляжаць на поўдзень ад вышняй Дравы, так званыя Паўднёва-Ўсходнія Вапняковыя Альпы, можна быо-б далучыць да Балканскага паўвострава, бо й паводле сваёй будовы і водлуг асаблівасьцяй насяленьня яны вельмі падобны да Дынарскіх гор, якія ляжаць на Балканскім паўвостраве, далей на паўднёвы ўсход.

На захадзе Балканскага паўвострава ўдоўж берагоў Адрыятычнага мора цягнуцца роўналежныя ланцугі Дынарскіх горных зморшчаў, складзеных пераважна з вапнякоў. На ўсходзе знаходзіцца ўклад Балканскіх горных зморшчаў, а імя якіх атрымаў свой назоў увесь паўвостраў. Паміж гэтых двох укладаў маладых зморшчавых гор, па сярэдзіне паўвострава захаваліся магутныя старадаўныя горсты, падобныя да горстаў Паўночна-Заходняй Эўропы, або да гор, што атачаюць Кастыльскае плоскаўзвышша.

Клімат Балканскага паўвострава параўнаўча сухі, асабліва ў сярэдзіне і на ўсходзе. Зіма там халодная, сьнежная, лета сухое, сьпякотнае. Толькі па ўзьбярэжжах, пер за ўсё на ўзьбярэжжах Адрыятычнага ды Эгэйскага мораў, клімат запраўды падзваротнікавы, з цёплай дажджыстай зімой. Па гэтых узьбярэжжах растуць макісы і вечназялёныя дрэвы. (Успомні, якія вечназялёныя расьліны трапляюцца ў Паўднёвай Эўропе). Раўніны ўнутраных частак паўвострава пакрыты стэпавай расьліннасьцю, схілы гор - лясамі, а вярхі гор - лугамі, сочнымі на гранітах і лупнякох, убогімі на вапнавых скалах.

У горных лясох краю захавалася шмат розных дзікіх жывёл, якіх ужо мала засталося на захадзе нашае часткі сьвету: мядзьведзяў, ваўкоў, серн і г. д.

Мал. 35. — Народы Балканскага паўвострава.


Мал. 35. — Народы Балканскага паўвострава.

Блізкасьць Балканскага паўвострава да Азіі адбіваецца на яго расьлінным і зьвярыным сьвеце, усё роўна як блізкасьць Афрыкі адбіваецца на стварэньнях Пірэнэйскага паўвострава. Між іншым тут сустракаюцца шакалы і гіэны, тыповыя зьвяры пустынь Заходняй Азіі.

Аддзелены ад Азіі толькі вузкімі пратокамі, лежачы на самай кароткай дарозе з Заходняй Азіі толькі вузкімі пратокамі, лежачы на самай кароткай дарозе з Заходняй Азіі ў Заходнюю Эўропу, Балканскі паўвостраў адразьняецца ад Пірэнэйскага і Апэнінскага перш за ўсё рознастайнасьцю свайго насяленьня. Дзесяткі народаў пераходзілі праз гэтую старану, мяшаліся з тубыльцамі і пакідалі тут свае ўплывы. Рознастайная паверхня паўвострава дапамагала захаваньню пляменьневых асаблівасьцяй тутэйшых народаў і ўтварэньню асобных невялікіх самастойных дзяржаў. Паводле пахаджэньня сучаснай люднасьці і яе асаблівасьцяй Балканскі паўвостраў можна падзяліць на 6 краін: 1) Славеншчыну, 2) Сэрбію, 3) Альбанію, 4) Балгарыю, 5) Грэцыю і 6) краіну пратокаў з мяшанай люднасьцю, у склад якой уваходзяць туркі, грэкі, балгары і іншыя народы. Згодна з гэтым тут утварылася 5 асобных дзяржаў: Паўднёва-Славяншчына або Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства з перавагай сэрбска-славенскай люднасьці, Альбанія, Балгарыя, Грэцыя і Турэччына, да якой калісь належаў амаль-што ўвесь паўвостраў, а цяпер належыць толькі паўднёва-ўсходні куток паўвострава. Межы сучасных балканскіх дзяржаў аднак ня сходзяцца з межамі адпаведных балканскіх народаў. Балканскія дзяржавы пакуль-што бязупынна змагаюцца паміж сабой, адбіваюць адна ад аднэй кавалкі зямлі, часта ня лічачыся з тым, якая люднасьць жыве на гэтых кавалках і да каго яна імкнецца. У сучасны момант самай магутнай з балканскіх дзяржаў зьяўляецца Паўднёва-Славяншчына. Апрача балканскіх дзяржаў кавалкамі Балканскага паўвострава ўладаюць Румынія (на паўночным усходзе) і Італія (часткай заходняга ўзьбярэжжа).

Усе балканскія краіны, як і наагул уся Паўднёвая Эўропа, адзначаюцца перавагай сельскай гаспадаркі над фабрычнай і нетракапальнай прамысловасьцю. На ўзьбярэжжах галоўную ролю грае садоўніцтва і вінаградніцтва, на раўнінах у сярэдзіне паўвострава - ральніцтва, у горах - гадоўля жывёлы.

Славеншчына ляжыць на крайнім паўночным захадзе Балканскага паўвострава і абымае плоскаўзвышша Карст, якое злучае Паўднёва-Ўсходнія Вапнавыя Альпы з укладам Дынарскіх гор.

Апроч таго да Славеншчыны можна было-б далучыць і самыя Паўднёва-Ўсходнія Альпы.

Плоскаўзвышша Карст складаецца з вапнякоў і асабліва вядома цікаўнымі, так званымі карставымі зьявамі. Рэкі там цякуць часткай на паверхні, часткай пад зямлёй у пячорах; часта сустракаюцца часовыя вазёры (напрыклад, Цыркніцкае) з падземным стокам і г. д.

Вада, асабліва такая, што зьмяшчае ў сабе двутленік вугалю (CO2), распускае вапну, прамывае ў ёй падземныя ходы-пячоры, па якіх уходзіць глыбока ў зямлю, дзе ўтварае сець падземных рэк, падземных вазёр і г. д. Гэтым і тлумачацца карставыя зьявы. Звычайна рэкі пачынаюцца на паверхні, але як толькі даходзяць да вапнавага груда, дык зьнікаюць, вада іх уходзіць пад зямлю ў пячоры. Пячоры Славеншчыны, напрыклад, слынная Адэльсбэргская пячора (каля мястэчка Адэльсбэрг), часамі маюць па некалькі вёрст удоўжкі. Часта ў гэтых пячорах вада прасачваецца з столі і стропаў у стане дробных капак, якія паруюць, пакідаючы на сваім месцы маленькія крошачкі вапны, што былі ў іх распушчаны. З гэтых крошачак пакрысе ўтвараюцца гэтак званыя нацёкі вапны (сталяктыты), якія зьвешваюцца з столі, нібы лядзяныя сусолкі з страхі. Калі капкі вады, перш як выпарыцца, падаюць на падлогу пячоры, дык крошачкі вапны застаюцца ад іх на падлозе, а з гэтых крошачак складаюцца накапкі вапны (сталягміты), якія нарастаюць з падлогі насустрэч нацёкам і часамі зрастаюцца з нацёкамі ў адзін слуп.

Большасьць насельнікаў краіны - славенцы. Гэта асобны паўднёва-славянскі народ, кроўны сэрбам, здольны і працавіты. Ён ужо стварыў досыць багатую прыгожую літаратуру. На поўдні краіны, на паўвостраве Істрыя, жыве многа сэрбаў-каталікоў (харватаў), а па ўзьбярэжжах і ў гарадох, напрыклад, у Трыесьце, дзе даўней большасьць насельнікаў лічыла сябе італійцамі, штогод мацней адчуваецца адраджэньне славян. Тыя, што раней лічылі сябе італійцамі, у апошнія гады пачынаюць сьвядома зваць сябе славенцамі або харватамі.

Мал. 36. — Адэльсбэргская пячора з вапнавымі нацёкамі.


Мал. 36. — Адэльсбэргская пячора з вапнавымі нацёкамі.

Пасьля разбурэньня Аўстрыі, да якой перад сусьветнай вайной належала краіна, значная частка залюдненых славенцамі ды харватамі земляў (Горыца, Трыест, Істрыя) адышла да Італійскай дзяржавы і толькі ўнутраныя землі (галоўным чынам даўна-аўстрыйская провінцыя Крайна) увайшлі ў склад Паўднёва-Славянскага каралеўства.

Насельнікі ўзьбярэжжаў Славеншчыны займаюцца рыбацтвам, вінаградніцтвам, здабываньнем морскай солі і зьбіраньнем пладоў алейнага дрэва. У сярэдзіне краіны сеюць збожжа, гадуюць авечкі, а на захадзе плоскаўзвышша Карст (каля места Ідрыі) распрацоўваюць багатыя паклады жывога серабра. Асяродкам земляў, залюдненых славенцамі, лічыцца Любляна (60 тысяч насельнікаў), галоўнае места тэй часткі краіны, якая ўваходзіць у склад Паўднёвай Славяншчыны.

Без параўнаньня большую вагу мае Трыест (162 тыс. насельнікаў), найвялікшы горад, здабыты Італіяй у час агульна-эўропэйскай вайны. Гэта - галоўная морская прыстань на Адрыятычным моры, праз якую вывозяць свае тавары ня толькі Славеншчына, але і Аўстрыя, Чэха-Славаччына і Паўднёвая Нямеччына[2].

На крайнім поўдні паўвострава Істрыі ляжыць яшчэ лепшая прыстань Пола (70 тыс. насельнікаў), даўней аўстрыйская, цяпер італійская морская крэпасьць.

Сэрбія абымае прастору, што ляжыць на паўднёвы ўсход ад Славеншчыны аж да рэк Дрыну, вышняга Вардару і Маравы. (Адшукай па карце, куды ўліваюцца гэтыя рэкі?). На захадзе гэтай краіны ўдоўж берагоў Адрыятычнага мора цягнуцца роўналежныя ланцугі Дынарскіх зморшчавых гор. Самыя заходнія з гэтых ланцугоў, як відаць, апусьціліся ніжэй роўня мора, так што ад іх засталіся толькі вярхі, з якіх складаецца ланцуг вузкіх даўгіх астравоў, аддзеленых ад сухазем'я такімі-ж вузкімі пратокамі, - затопленымі прадоўжнымі горнымі далінамі. Месцам горныя ланцугі яшчэ ня зусім адлучыліся ад контынэнту і маюць выгляд паўвостраваў, злучаных з контынэнтам вузкімі пярэсмыкамі. Шмат бухтаў і затокаў уразаецца тут у контынэнт[3].

Хаця вышыня Дынарскіх гор і ня вельмі вялікая (ня болей 2600 мэтраў над роўнем мора), але яны паўсюды зьяўляюцца вялікай перашкодай для зносін насельнікаў Балканскага паўвострава з узьбярэжжам Адрыятыкі. Тут няма такіх выгодных праходаў, якімі адзначаюцца Альпы; мала рэк, пераразаючых горы, а калі й сустракаецца рэкі на паверхні, дык яны маюць вельмі глыбокія вузкія даліны з няпрыступнымі зрывістымі сьценкамі і мала дапамагаюць зносінам праз горы. Няма тут і тэй рознастайнасьці, таго багацьця колераў, якое лічыцца найлепшай аздобай Альп. Паўсюды на паверхню выходзяць голыя вапняковыя скалы, няпрынадныя, змрочныя, няпрыступныя. Асабліва няпрыступнай лічыцца паўднёвы куток - так званая Чорнагорыя, у якой знаходзяцца й найвышэйшыя горы Дынарскага ўкладу (Дурмітор 2528 мэтр над р. м.). Як і ў Славеншчыне, тут вельмі часта сустракаюцца карставыя зьявы: зьнікаючыя рэкі, пячоры з нацёкамі, часовыя вазёры і г. д.

Часовыя вазёры, з якіх вада сьцякае пад зямлю праз прыродныя калодзежы, маюць вялікую вагу ў Дынарскіх горах. У сухую пару гэтыя вазёры ўсыхаюць, а на іх месцы застаюцца так званыя "польі" - катліны, угноеныя вазёрным глеем і дзеля таго вельмі ўраджайныя. Толькі сухія кусткі ды ўбогая рэдкая травіца могуць расьці на вапнякох Дынарскіх гор.

На паўночным усходзе Дынарскага ўкладу, у так званых Босьнійскіх Рудных горах, з-пад вапнякоў высоўваюцца крышталічныя лупнякі. Там горы маюць болей адхонныя схілы, рэкі спатыкаюцца часьцей і маюць болей адхонныя берагі. Там і расьліннасьць багацейшая - на схілах гор растуць густыя дубовыя ды букавыя лясы.

Яшчэ далей на поўнач і ўсход, па-за рэкамі Савай і Дрынай[4], пакрысе зьнікаюць зморшчавыя горы Дынарскага ўкладу і замяняюцца старавечнымі горстамі, складзенымі з гранітаў ды гнэйсаў і пакрытымі багатай лясной расьліннасьцю.

Горы з мяккімі абрысамі, адхоннымі схіламі і акругленымі вярхамі чаргуюцца тамака з ураджайнымі нізінамі, пакрытымі лёэсам. Між Савай і Дравай ляжыць асабліва вялікая багатая нізіна, над якой дзе-ні-дзе ўздымаюцца асобныя вапняковыя або лупняковыя ўзгоркі. Ува ўсходняй Сэрбіі найлепшымі куточкамі зьяўляюцца даліны рэк Маравы і вышняга Вардару, пакрытыя тлустай чорназемнай глебай.

Мы ўжо ведаем, што на Балканскім паўвостраве клімат можа лічыцца падзваротнікавым толькі па ўзьбярэжжах. Такім падзваротнікавым кліматам адзначаецца і сэрбскае ўзьбярэжжа Адрыятычнага мора. Дынарскія горы засланяюць гэтае ўзьбярэжжа ад халодных паўночных вятроў, так што там зіма цёплая і вільгатная. Аднак і там часта з Дынарскіх гор дзьмуць халодныя паўночна-ўсходнія вятры, вядомыя пад назовам "бора". Ападкаў на ўзьбярэжжы выпадае вельмі многа (каля бухты Катаро выліваецца каля 4360 мілімэтраў дажджу што-год). Дзякуючы цёплай зіме ды вялікай колькасьці ападкаў, там могуць расьці, абы толькі была глеба, вечназялёныя макісы і гайкі алейных дрэў.

Сярэдняя тэмпэратура студзеня ў мястэчку Дуброўніку (Рагузе) +8,8°, сярэдняя ліпеня +25,5°.

На ўсход ад узьбярэжжа клімат сушэйшы і халаднейшы. Лета, праўда, бязмаль такое-ж гарачае, але зіма марозная.

Нават ужо ў месьце Цэтынье, якое ляжыць блізка ад мора, але акружана гарамі, сярэдняя тэмпэратура студзеня - 1,4°, а ліпеня +22,6°.

Дрэвы ў сярэдзіне Сэрбіі мусяць скідаць сваё лісьце ўзімку, вечна-зялёных расьлін там ужо няма. Ападкаў там выліваецца значна меней, але расьліннасьць залежыць ня столькі ад колькасьці ападкаў, колькі ад грунтоў. Дзе паверхня складзена з вапнякоў, там вада ўходзіць пад зямлю, а на паверхні вады не хапае, і расьліннасьць там кепская. Наадварот - там, дзе грунт лупняковы або камяністы, вада трымаецца ў глебе, а расьліннасьць складаецца з прыгожых густых лясоў. На паўночным усходзе па чорназемнай глебе на лёэсе трапляецца нават стэп. Насельнікі Сэрбскай краіны - сэрба-харваты або проста сэрбы - належаць да паўднёвых славян і, як тыповыя славяне, адзначаюцца беспасрэднасьцю, прыветлівасьцю, простасьцю і гасьціннасьцю. Большасьць іх жыве пастарасьвецку, пераважна па вёсках вялікімі сем'ямі, часта па некалькі дзесяткаў чалавек у кожнай сям'і.

Звычайна сэрбаў дзеляць на ўласна-сэрбаў і харватаў, але паміж імі амаль-што ніякай розьніцы няма, апрача таго, што харваты - каталікі і пішуць латыньскімі літарамі, а ўласна-сэрбы - праваслаўныя і карыстаюцца кірыліцай. Адзіная агульная мова (якая між іншым мае шмат супольнага з беларускай) і агульная літаратура злучае харватаў і сэрбаў у адзін народ. Апрача праваслаўных і каталікоў ёсьць яшчэ сэрбы-магомэтане.

Мал. 37. — Сэрбы-чорнагорцы.


Мал. 37. — Сэрбы-чорнагорцы.

Калісь паміж сэрбамі розных вер адбываліся ўпартыя рэлігійныя змаганьні, але цяпер гэтыя змаганьні можна лічыць аканчальна зьнікшымі ў зьвязку з агульным павялічэньнем абыякіх адносін да рэлігіі. Зразумела, што сярод запісаных праваслаўнымі або магомэтанамі ці каталікамі шмат атэістых, якія ня трымаюцца аніякай рэлігіі.

Сэрбы стаяць яшчэ нізка паводле сваёй культуры. Большасьць іх ня ўмее пісаць і чытаць, мала хто з іх атрымоўвае сярэднюю і вышэйшую асьвету. Аднак у іх ёсьць 2 унівэрсытэты (у Заграбе і ў Белградзе), каля якіх гуртуюцца лепшыя навуковыя сілы.

Апрача сэрбаў на ўзьбярэжжах і астравох Адрыятычнага мора жыве некалькі тысяч італійцаў ды й то пераважна ў гарадох. У сярэднія вякі сэрбы ўжо стварылі магутную дзяржаву, якая існавала да 1389 г., калі яе перамаглі і зруйнавалі туркі. 440 гадоў большасьць сэрбаў заставалася пад цяжарам турэцкага панаваньня, і толькі самы паўднёвы куток краіны - Чорнагорыя, дзякуючы няпрыступнасьці сваіх гор, упарта баранілася ад туркаў, адбівалася ад альбанцаў, вэнэцыйцаў і французаў і заставалася незалежнай аж да часу апошняй сусьветнай вайны.

У 1829 годзе атрымала самаўрад, а ў 1878 годзе зрабілася самастойнай дзяржавай яшчэ Ўсходняя Сэрбія, што ляжыць у вадазборы ракі Маравы. Аднак большая частка Сэрбіі заставалася яшчэ пад ярмом чужынцаў. Яшчэ паўночная частка краіны, так званыя Харвація й Славонія, якія належалі да Вугоршчыны, карысталіся некаторым самаўрадам, мелі свой сойм і нават унівэрсытэт з выкладаньнем навук у сэрбскай мове. Заходняя-ж паўзьбярэжная паласа (Дальмацыя) належала спачатку да Вэнэцыі, а потым да Аўстрыі, а сярэдзіна краіны - Босьнія, Гэрцэгавіна і Старая Сэрбія - заставаліся пад Турэччынай, ня гледзячы на многаразовыя паўстаньні мясцовых насельнікаў. У 1877 годзе Босьнію й Гэрцэгавіну окупавалі, а ў 1908 г. абвясьцілі сваёй уласнасьцю аўстра-вугорцы. Такім чынам Сэрбія была падзелена штучнымі межамі на 6 частак, з якіх тры (Харвація з Славоніяй, Дальмацыя і Босьнія з Гэрцэгавінай) належалі да Аўстра-Вугоршчыны, адна (Старая Сэрбія) - да Турэччыны і дзьве ( Чорнагорыя і Ўсходняя Сэрбія) былі самастойнымі. Аднак усе сэрбы захавалі ў чыстаце сваю мову, свае норавы ды звычаі і заставаліся адзіным народам.

У 1912 годзе Ўсходняя Сэрбія і Чорнагорыя ў вайне з Турэччынай здабылі і падзялілі паміж сабой Старую Сэрбію, а пасьля сусьветнай вайны 1914-18 гадоў з імі злучыліся бязмаль-што ўсе землі, залюдненыя ня толькі сэрбамі, але й славенцамі і належаўшыя раней да Аўстра-Вугоршчыны. Такім чынам утварылася нарэшце досыць вялікае Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства, або Паўднёва-Славянская дзяржава (246000 кв. клм., 12500 тыс. насельнікаў). Апрача Славеншчыны і Сэрбіі ў склад гэтай дзяржавы ўваходзіць частка Македоніі з перавагай балгарскай люднасьці. Гэтую частку Македоніі здабыла яшчэ Ўсходняя Сэрбія ў 1912 і 1913 гадох у час войнаў з Турэччынай і Балгарыяй.

Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства лічыцца констытуцыйнай монархіяй, у якой політычныя правы належаць да ўсіх дарослых мужчын. Аднак фактычна ў гэтай дзяржаве пануе поўнае бяспраўе для тых, хто адкрыта змагаецца з буржуазіяй. Забастоўкі тут спыняюцца за дапамогай войска, супроць комуністых выдаюцца асаблівыя законы, так што комуністычная партыя цяпер там існуе нелегальна. У 1921 г. нават з парлямэнту павыганялі комуністых, хаця іх там было 59 чал. Ня гледзячы на прасьледаваньні, комуністычны рух у Сэрбіі пашыраецца, так што пад моцным уплывам комуністых знаходзіцца большасьць профсаюзаў. У зьвязку з гэтым буржуазны ўрад Паўднёва-Славянскай дзяржавы распусьціў ня толькі ком. партыю, але таксама і профсаюзы. Пасьля вайны 1914-18 г., калі дзялілі ўладаньні Аўстра-Вугоршчыны, да якой належалі ўзьбярэжжы Сэрбіі, урад Італійскай дзяржавы марыў захапіць усе лепшыя сэрбскія прыстані. Аднак большая частка іх, як і ўсе іншыя землі краіны, засталіся за Паўднёва-Славянскім каралеўствам.

Ува ўсіх частках Сэрбіі сельская гаспадарка пераважвае над іншымі заняткамі. Аднак і для сельскай гаспадаркі ў заходняй вапняковай Сэрбіі варункі благія. Нават на ўзьбярэжжы мала гожай для вырабу зямлі, але там ўсё-ж сустракаюцца кавалкі, пакрытыя глебай, дзе, дзякуючы цёпламу і вільгатнаму падзваротнікаваму клімату, добра ўзрастае вінаграднік, з якога гатуюць найлепшыя гатункі віна. Апроч таго, так красуе рыбацтва і іншыя морскія промыслы. На ўсход ад узьбярэжжа па бязводных вапняковых скалах Дынарскіх гор люднасьць жыве вельмі бедна. Там бязмаль-што зусім ня можа расьці збожжа, няма ані лесу, ані альпійскіх лугоў. Убогай траўкі хапае хіба што на корм самай нягрэблівай жывёле. Галоўным заняткам рэдкай люднасьці зьяўляецца гадоўля авечак і коз.

Толькі ў так званых "польях", угноеных вазёрным глеем, пасьля ўсыханьня іх добра ўзрастае і хутка пасьпявае ўсялякае збожжа.

Месцам, каб скарыстаць роўны кавалак зямлі, сяляне кашамі цягаюць зямлю ды гной на амаль няпрыступныя скалы. Але ніякая праца не дае магчымасьці выбіцца з убоства й нядолі. Шмат беднага люду што-год выяжджае адгэтуль у Амэрыку шукаць заработкаў і хлеба.

Лепшыя варункі для жыцьця знаходзіць чалавек на ўсходзе Дынарскага ўкладу, у Босьнійскіх Рудных горах, дзе на паверхню высоўваюцца пакрытыя глебай лупнякі. Там болей ураджайных кавалкаў зямлі, па якіх сеюць кіяхі ды пшаніцу, саджаюць табаку, вінаграднік, садовіну. Па дубовых гаёх там пасьвяць тлустых сьвіней, часта трымаюць і малочнае быдла. Апрача таго ў Босьнійскіх горах здабываюць многа карысных мінэралаў: соль, буры вугаль, руду (жалеза, волава, серабра, медзі, мангану, хрому і г. д.). Яшчэ замажней жыве люднасьць па берагох Савы і Дравы ў нізінах, пакрытых лёэсам і чорназемнай глебай. Калісь гэтыя нізіны былі пакрыты стэпам, але даўно ўжо ўзораны і перавярнуліся на нівы кіяхоў, пшаніцы і рознага іншага збожжа. Апроч ральніцтва насельнікі займаюцца садоўніцтвам, вінаградніцтвам, шаўкоўніцтвам. Вельмі ўраджайным куточкам зьяўляецца й даліна аравы, пакрытая скрозь садамі ды нівамі. Гэтая даліна мае вялікую вагу яшчэ з тэй прычыны, што па ёй пралягае галоўная чыгунка з Бэрліну ў Царгорад, якая злучае Балканскі паўвостраў з Заходняй Эўропай. Марава складаецца з дзьвёх рэк - Балгарскай і Сэрбскай Маравы. Апошняя з іх дзеліць Усходнюю Сэрбію на 2 часткі. На поўнач ад Сэрбскай Маравы горсты маюць выгляд нявысокіх адхонных узгоркаў, пакрытых ураджайнай чорназемнай глебай. Там вельмі добра ўзрастаюць кіяхі, пшаніца, табака і садовіна, асабліва сьліва, якая нідзе ў Эўропе не дае гэтак многа пладоў, як тут. На поўдзень ад Сэрбскай Маравы горсты робяцца вышэйшымі, маюць выгляд значных гор, пакрытых густым цёмным лубовым лесам. Там сярод заняткаў люднасьці большую вагу набывае гадоўля дробнай жывёлы, асабліва сьвіней, якіх жывяць дубовымі жалудамі.

Як у тыповай сельска-гаспадарчай старонцы, у Сэрбіі мала гарадоў. Галоўная морская прыстань - Рэка (Фіумэ 50000 насельн.). Гэты горад ляжыць на крайнім захадзе на беразе затокі Кварнэро. Тут будуюць караблі, вырабляюць вяроўкі і паперу.

Рэка ляжыць у межах Харваціі, якая да вайны належала да Вугоршчыны, але карысталася самаўрадам. Аднак Рэка лічылася ў беспасрэдным валаданьні Вугоршчын і не залежала ад харвацкага сойму, як горад, патрэбны для ўсёй Вугорскай дзяржавы, тавары якой праз яго вывозіліся на сусьветны рынак. Горад залюднены напалову італійцамі і з гэтай прычыны пасьля вайны выклікаў вядомыя спрэчкі між італійцамі і сэрбамі. Потым ён быў зроблены вольным местам, асобнай незалежнай рэспублікай, якая знаходзіцца пад уплывам Італіі.

На паўднёвы ўсход ад Рэкі на беразе Адрыятычнага мора ляжаць прыстані: Задар (Зада, 40 т. нас.), Дуброўнік (Рагуза), які ў канцы XVIII веку быў незалежнай рэспублікай, і Катаро, лежачы каля аднэй з найлепшых бухтаў (Бока-ды-Катаро).

Прыблізна ў самым асяродку Сэрбіі, у прыгор'ях Босьнійскіх Рудных гор, ляжыць Сараева (50 тыс. нас.) з значнай жалезнай і скураной прамысловасьцю і вырабам прыгожых дываноў. Асяродкам Харваціі зьяўляецца Загрэб (павугорску Аграм, 80000 нас.), ціхі, прыгожы горад з харвацкім унівэрсытэтам. Прамысловасьць гэтага гораду абмяжоўваецца апрацоўкай мясцовага шоўку.

Але самы вялікі горад і сталіца Сэрбіі Белград (120 тыс. нас.) ляжыць ля сутокі Савы і Дунаю на крайнім паўночным усходзе краіны. Лежачы на галоўнай чыгунцы, якая злучае Балканскі паўвостраў з рэштай Эўропы, Белград мае вялікую гандлёвую значнасьць. Каля белградзкага ўнівэрсытэту гуртуюцца лепшыя навуковыя сілы сэрбскага народу.

Альбанія ляжыць на поўдзень ад Сэрбіі ўдоўж тэй часткі Адрыятычнага берагу, якая цягнецца проста з поўначы на поўдзень ад вусьцяў Дрыну да Отранцкай пратокі. У адзнаку ад Заходняй Сэрбіі, дзе сухаземныя даліны і горныя ланцугі часткай зьнізіліся ніжэй роўня мора і перавярнуліся на пратокі ды астравы, у Альбаніі наадварот, - мора павольна, ледзь прыметна ў працягу вякоў адступае на захад, так што частка яго ператварылася ў вузкую нізінную йстужку ўзьбярэжжа. Гэтае ўзьбярэжжа, плоскае й балотнае, ведама шкодным для здароўя кліматам і небясьпечнымі трасцамі, ад якіх што-год памірае много людзей. Ад мора нізіннае ўзьбярэжжа аддзелена выдмамі. За вузкай палоскай узьбярэжжа ў Альбаніі зараз пачынаюцца такія-ж вапнавыя зморшчавыя горы, як і ў Заходняй Сэрбіі. Гэта тыя самыя Дынарскія горы, голыя, няпрыступныя, змрочныя, багатыя карставымі зьявамі.

Аднэй з асаблівасьцяй Альбаніі зьяўляюцца вазёры, якія ляжаць у вульканічных правальлевых катлінах, пераважна на ўскрайках краіны. Па берагох гэтых вазёр і ў яшчэ большай меры на багатым ападкамі цёплым узьбярэжжы мора, на ўраджайнай глебе магчыма земляробства, але насельнікі краіны - альбанцы - трымаюцца галоўным чынам у скудных, але болей здаровых узвышшах, дзе займаюцца гадоўляй авечак і коз.

Альбанцы або шкілітары (горныя арлы), як яны самі сябе называюць, лічацца тубыльцамі краіны, патомкамі даўных ілірыйцаў. Да сяго часу яны яшчэ падзяляюцца на пляменьні і роды, як нашыя продкі тысячу гадоў назад. Асобныя пляменьні і роды заўсёды ваююць паміж сабой. Звычай крывавай помсты, да сяго часу пашыраны ў Альбаніі, вымагае, каб кожная абраза была змыта крывёю, і з гэтай прычыны ня толькі розныя роды, але нават розныя сем'і аднаго й таго самага роду заўсёды б'юцца паміж сабой, забіваючы забойцаў сваіх родзічаў. Паляваньне і вайна - галоўныя заняткі мужчын. Гаспадарка знаходзіцца ў кепскіх становішчы і цалком ляжыць на кабетах.

У сваіх няпрыступных горах альбанцы ў чыстаце захавалі сваю старадаўную мову, норавы і звычаі. Праз доўгі час яны ўпарта бараніліся ад туркаў і чорнагорцаў. Фактычна Альбанія заўсёды была незалежнай, і ўлада туркаў, якія лічыліся валадарамі краіны да 1913 году, існавала толькі на паперы. Цяпер Альбанія абвешчана самастойнай дзяржавай (28000 кв. клм., 1400 тыс. насельн.), але знаходзіцца пад вялікім уплывам Італіі. (Захапіць Альбанію адначасна імкнецца Паўднёва-Славяншчына).

Балгарыя, пад якой мы цяпер будзем разумець усю краіну, залюдненую балгарамі, займае ўсходнюю частку Балканскага паўвострава ад ніжняга Дунаю да Эгэйскага мора, ад Маравы і вазёр Усходняй Альбаніі да Чорнага мора.

Дунай прабіваецца між Карпатамі і Балканамі ў вузкай цясьніне, у так званай Жалезнай Браме.

Дунай ужо існаваў, калі на яго дарозе пачалі ўтварацца Балканска-Карпацкія зморшчавыя горы. Вада Дунаю паступова размывала горны парог, які падымаўся папярок яго дарогі, і такім чынам прамыла сучасную Жалезную Браму. Гэта глыбокая вузкая цясьніна, па якой Дунай цячэ асабліва шпарка. Даўней падводныя скалы перашкаджалі тут руху параходаў, але каб зрабіць раку суднаходнай, чалавек за дапамогай дынаміту зьнішчыў найболей небясьпечныя з іх.

Ад Жалезнай Брамы Дунай цячэ ў агульным кірунку на ўсход, але, не дасягнуўшы якіх 50 кілёмэтраў да мора, зварочвае на поўнач і абцякае з захаду і з поўначы старадаўны нізкі масыў Дабруджу. Пры сваім упаданьні ў Чорнае мора Дунай распадаецца на некалькі вусьцяў і ўтварае вялізную балотную дэльту, багатую старарэччамі, вазёрамі і непраходнымі хмызьнякамі. У сваёй дэльце Дунай адкладае шмат глею і пяску, якімі завальвае паўзьбярэжныя часткі Чорнага мора. З гэтай прычыны дунайская дэльта што-год нарастае і ўжо ўразаецца ў Чорнае мора нібы паўвостравам. Пясок утварае мяліны ў вусьцях Дунаю, так што толькі сярэдняе з іх, так званае Сулінскае горла, даступна для морскіх караблёў. Паўночнае вусьце (Кілійскае) і паўднёвае (Сьвятога Юрыя) гожы адно для плаваньня рыбацкіх лодак і невялікіх бярлін.

На поўдзень ад дэльты Дунаю ў Дабруджы сустрэнем узгаркаваты стэп, пакрыты грубым пластом лёэсу. Беспасрэдным працягам Дабруджы зьяўляецца так званае Балгарскае плоскаўзвышша, гладкая, ня вельмі высокая раўніна, нахіленая з поўдня на поўнач ад Балканскіх гор да Дунаю. Глыбокія вузкія даліны рэк, што сьцякаюць з Балкан у Дунай, пераразаюць гэтую раўніну шмат у якіх месцах і парушаюць аднастайны выгляд гэтага куточка Балгарыі. Як і Дабруджа, Балгарская раўніна пакрыта лёэсам, вышні пласт якога, багаты перагнілымі рэшткамі стэпавых расьлін, зрабіўся ўраджайнай чорназемнай глебай. Як і ў Дабруджы, тут рэдка сустракаюцца дрэвы; толькі па мяжы з Дабруджай расьце значны лес. Морскія берагі Дабруджы і Балгарскага плоскаўзвышша пескаватыя, роўныя, пазбаўленыя выгодных бухтаў.

Аднастайнасьць - тыповая адзнака ўсёй Паўночнай Балгарыі, лежачай удоўж правага берагу Ніжняга Дунаю. Тым болей рознастайнымі здаюцца Балканскія зморшчавыя горы, якія абхапляюць дугой з паўдня Паўночную Балгарыю. У адзнаку ад Дынарскага горнага ўкладу Балканы складаюцца пераважна з непрапускальных для вады земных парод, асабліва з лупнякоў. З гэтай прычыны тут адсутнічаюць карставыя зьявы, а на паверхні вады болей і расьліннасьць лепшая. Ад Жалезнай Брамы Дунаю Балканскія горы (якія там завуцца Сэрбскімі Руднымі, бо цягнуцца па зямлі Сэрбскай дзяржавы) кіруюцца спачатку (між прытокамі Дунаю: Маравай і Тымокам) на паўднёвы захад. Гэтая самая заходняя частка Балканскага горнага ўкладу багата рознымі карыснымі мінэраламі: рудамі медзі, волава, серабра, жалеза; ёсьць там і буры вугаль і нават золата. Каля пачаткаў ракі Тымок[5]. Балканы крута зварочваюць на ўсход, у сярэдняй сваёй частцы разгаліньваюцца на некалькі асобных роўналежных ланцугоў, якія паволі зьніжаюцца і ўпіраюцца ў Чорнае мора. Найвялікшай вышыні (2375 м. н. р. м.) дасягаюць гранітныя вярхі сярэдняй часткі Балканскага ўкладу, але там найвышэйшыя горы не дасягаюць і паловы тэй вышыні, да якой сягаюць вярхі Альп. Параўнаўча з вышынёй вярхоў зьніжэньні хрыбта Балкан, так званыя праходы, ляжаць ня вельмі нізка (ня ніжэй за 949 м. н. р. м.). Узімку гэтыя праходы, як і ўвесь хрыбет, пакрываюцца пластом сьнегу, і тады перайсьці цераз іх досыць цяжка. Балканы зьяўляюцца важнай абарончай мяжой у час варожых навальніц. З вялікімі стратамі мусілі расійцы забіраць там кожны кавалак зямлі ў час расійска-турэцкай вайны ўзімку 1877 году.

Аднак для зносін насельнікаў абодвух схілаў прынамсі ўлетку Балканы не становяць перашкоды. Няма нічога дзіўнага, што балгарская люднасьць жыве абапал гэтых гор. Дунай, які становіць мяжу між балгарамі і румынамі, з сваімі лярэчнымі балотамі, болей перашкаджаў пераходам народаў.

На поўдзень ад сярэдніх Балкан роўналежна ім цягнуцца нібы прыгор’і іх, так званыя Сярэднія горы, аддзеленыя ад галоўнага ланцуга шырокай ураджайнай далінай р. Тунджы.

Яшчэ далей на поўдзень пралягае шырокая лагчына, па якой працякае найвялікшая пасьля Дунаю рака Балканскага паўвострава — Марыца. Па гэтай-жа лагчыне пракладзена й галоўная чыгунка паўвострава, якая злучае Бэрлін праз Белград з Царгорадам. Рака Марыца ў сваёй вышнявіне цячэ з захаду на ўсход па ўраджайнай Усходня-Румэлійскай нізіне. Злучыўшыся з сваёй галоўнай прытокай Тунджай, Марыца зварочвае на поўдзень і абцякае з захаду нізіну Ўсходняй Тракіі. У адзнаку ад Усходняй Румэліі Ўсходняя Тракія выглядае ўбогім стэпам, па якім дзе-ні-дзе растуць рэдкія хмызьнячкі.

Ад Чорнага мора Ўсходня-Тракійская нізіна аддзелена нявысокім узгор’ем Істранджой.

На захад ад Марыцы да р. Вардару зноў узвышаюцца горы. Гэта старавечныя гранітныя горсты, выцягнутыя ў розных кірунках і дасягаючыя нават большай вышыні, чымся Балканскія і Дынарскія зморшчавыя горы (2930 м. н. р. м.). Даліны рэк падзяляюць уклад гэтых горстаў на шэраг асобных масываў (Дэспото-Даг, Пэрым-Даг, Рыла-Планіна, Вітош), пакрытых па схілах густым лесам, а па вярхох — сочнымі лугамі.

На захад ад ураджайнай даліны Вардару горсты замяняюцца вапнавымі зморшчавымі гарамі, якія належаць ужо да Дынарскага ўкладу.

Клімат Балгарскай краіны, агулом кажучы, сухі, контынэнтавы, з гарачым летам і сьнежнай даволі халоднай зімой.

Горад Софія мае сярэднюю тэмпэратуру году +10,3°, сярэднюю ліпеня +21,9°, студзеня — 2,1°. Часамі ўзімку бываюць маразы аж у -31,2°, паводле тэрмомэтра Цэльсія.

Толькі па ўзьбярэжжах Эгэйскага і Чорнага мораў зіма цёплая, і клімат можа лічыцца падзваротнікавым. З гэтай прычыны толькі па ўзьбярэжжах могуць расьці некаторыя вечназялёныя дрэвы. З другога боку й некаторыя заходня-эўропэйскія расьліны ня могуць вытрымаць сухменяў, якімі адзначаецца ў Балгарыі канец лета. На плоскаўзвышшах і нізінах пануе голы бязьлесны стэп. Па схілах гор, дзе ападкаў выліваецца болей, растуць лясы дубоў і грэцкіх арэхаў, вышэй цямнеюць ігластыя лясы елак ды хвой, а па горных вярхох сустракаюцца альпійскія лугі, не такія раскошныя, як у Альпах, але, бязумоўна, значна багацейшыя, чымся ў Дынарах. (Чаму?).

Даўнейшыя насельнікі Балгарскай краіны — тракійцы і македонцы — зусім аславяніліся ўжо ў час вялікіх перасяленьняў, калі сюды надышлі горды славянскіх пляменьняў. З часам сюды надыходзілі яшчэ новыя заваявальнікі туркскага племя — камскія балгары, якія раней жылі ўва Ўсходняй Эўропе каля сутокі Камы і Волгі. Камскія балгары прышлі аднак на Балканскі паўвостраў у невялікім ліку, расплыліся тут у грамадзе славянскага люду, хутка страцілі сваю мову і звычаі. Затое імя балгараў перайшло на ўсіх славянскіх насельнікаў краіны, якія стварылі ў сярэднія вякі магутную Балгарскую дзяржаву. Гэтая дзяржава білася то з Бізантыяй, то з сэрбамі і нарэшце падпала пад панаваньне Турэччыны. Яшчэ даўжэй, як сэрбы, балгары заставаліся пад цяжарам чужаземнага ўціску, і толькі пасьля расійска-турэцкай вайны 1877 г. частка Балгарыі атрымала самаўрад і фактычна зрабілася незалежнай дзяржавай. У 1885 г. да новай Балгарскай дзяржавы далучылася акруга Ўсходняя Румэлія, што ляжыць на поўдзень ад Балкан у вадазборы вышняй Марыцы. У 1912 г. Балгарыя з Сэрбіяй і Грэцыяй адваявалі ад туркаў бязмаль-што ўсе землі, залюдненыя балгарамі. Аднак у 1913 г. ў вайне з сваімі былымі саюзьнікамі — сэрбамі і грэкамі — балгары былі разьбіты, і Балгарская дзяржава страціла Македонію (вадазбор Вардару), Усходнюю Тракію, якую зноў захапілі туркі, ды яшчэ частку Старой Балгарыі, якую забралі румыны. У сусьветную вайну 1914-18 г за дапамогай немцаў Балгарыя часова зьвярнула ўсе свае страты, але канец вайны быў нешчасьлівым для Балгарыі, і яна мусіла адмовіцца ад большай часткі сваіх заваёваў.

Сучасныя балгары гавораць на аднэй з паўднёва-славянскіх моў, але знаходзяцца ў даволі варожых адносінах з Паўднёва-Славяншчынай, у якой пануе сэрбская мова. Асьвета сярод балгараў (асабліва ў Балканскіх горах і на Балгарскім плоскаўзвышшы, якія раней атрымалі незалежнасьць) стаіць значна вышэй, як у сэрбаў; няпісьменных тут многа меней. Балгары выглядаюць нязграбнымі й маруднымі, але цьвяроза глядзяць на жыцьцё і зьяўляюцца ўпартым, працавітым і здольным народам. У тых частках краіны, якія належаць да Балгарскай дзяржавы, балгары жывуць заможна і валадаюць значнымі надзеламі зямлі.

Насельнікі вадазбору Вардару — македонцы — часамі лічацца за асобны славянскі народ, але балгары лічаць іх мову найболей чыстай з балгарскіх гаворак, ды й самая культура балгарская нарадзілася ў Македоніі.

Апрача балгараў у Балгарскай краіне жыве шмат туркаў (асабліва на ўсходзе), румынаў (у Заходніх Балканах і ў Дабруджы), грэкаў (па ўсіх гарадох і асабліва на ўзьбярэжжах), сэрбаў (у вадазборы Вардару і ў заходніх Балканах), жыдоў. Асабліва многа розных народнасьцяй жыве ў Дабруджы, дзе апрача балгараў, туркаў і румынаў сустрэнем шмат украінцаў і маскоўцаў-старавераў (уцекачоў з Расіі), цыганоў, нагайскіх татараў і г. д. Таксама ў вадазборы Вардар, апрача балгараў, сэрбаў і грэкаў, жывуць і туркі, і жыды, і альбанцы, і так званыя куцавалахі, блізкія родзічы румынаў. Да Балгарскай дзяржавы (105300 кв. клм., 4900000 насельнікаў) у сучасны момант належыць толькі Балгарскае плоскаўзвышша, Балканскі ланцуг за выключэньнем сваёй заходняй часткі, нізіна вышняй Марыцы і паўночная частка акругі горстаў. Дабруджа ўваходзіць у склад Румыніі; Заходнія Балканы і паўночная частка вадазбору Вардару (Паўночная Македонія) належыць да Паўднёва-Славяншчыны; Паўднёвая Македонія - да Грэцыі. Усходняя Тракія зьяўляецца спрэчным краем, з-за якога і да сяго часу змагаюцца Грэцыя з Турэччынай. Большая яе частка цяпер належыць да Турэччыны.

Балгарская дзяржава лічыцца констытуцыйнай монархіяй, у якой законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту ("Народнага Сабраньня").

Сярод політычных партый наймацнейшымі зьяўляюцца сельска-гаспадарчая (сялянская) і комуністычная, якая пад імем Цеснай Соцыялістычнай партыі існуе з 1903 г. Партыі правых соцыялістых не карыстаюцца давер'ем працоўнага люду. У 1920 г. з 229 дэпутатаў парлямэнту 56 было комуністых. Гарадзкія самаўрады знаходзяцца цалком пад уплывам комуністых. Профсаюзы таксама маюць на чале комуністых і згуртованы ў моцную адзіную організацыю, якая зьяўляецца аднэй з тых, што залажылі ў Маскве Чырвоны Профінтэрн. Галоўным заданьнем балгарскіх комуністых зьяўляецца падтрыманьне сувязі з компартыямі іншых балканскіх дзяржаў. Компартыі балканскіх дзяржаў маюць у Балгарыі асяродак так званай Балканскай Комуністычнай Фэдэрацыі, якая змагаецца з буржуазіяй усяго Балканскага паўвострава і мае на мэце стварэньне Балканскай С. Ф. С. Р.

З дзяржаў Балканскага паўвострава Антанта мела на ўвазе зрабіць такога эўропэйскага жандара, які мог-бы распачаць вайну з Саюзам Савецкіх Рэспублік. Галоўнай перашкодай на шляху да выкананьня гэтага пляну зьяўляецца Балканская Комуністычная Фэдэрацыя і балгарская компартыя, якая прыкладае ўсе свае сілы, каб не дапусьціць балканскія дзяржавы да паходу на Савецкі Саюз. У апошнія часы буржуазія ўступіла на шлях рашучай барацьбы з комунізмам у Балгарыі, сілай захапіла ўладу ў гэтай дзяржаве, адхіліла ад улады ня толькі комуністых, але й сялянскую сельска-гаспадарчую партыю і пачала арыштоўваць і кідаць у турмы комуністых.

Большасьць насельнікаў Балгарскай краіны займаецца сельскай гаспадаркай: сеюць пшаніцу, кіяхі, ячмень, табаку, гадуюць шаўковых вусеняў, саджаюць баваўну. Вельмі вялікія ўраджаі збожжа зьбіраюць на чорназемных глебах Дабруджы і Балгарскага плоскаўзвышша. У даліне Тунджы і па вышняй Марыцы пад забаронай Балканскіх гор добра ўзрастаюць розныя далікатныя расьліны. Асабліва многа там саджаюць пладовых дрэў і рож, з кветак якіх выціскаюць каштоўны рожавы алей. Таксама вельмі добрыя варункі для земляробства ў даліне Вардару ў Македоніі. Праўда, сухі клімат замкнутых катлін Македоніі вымагае штучнага абвадненьня палёў і садоў, але пры штучным абвадненьні там вельмі добра растуць далікатныя гатункі садовіны, вінаграднік, найлепшыя гатункі табакі (македонская табака карыстаецца сусьветнай славай), нават рыс. Дэльта Дунаю славіцца рыбай, асабліва асятрамі і селядцамі, а па берагох гэтай дэльты на поплавах пасьвіцца найлепшая жывёла. Значную вагу ў гаспадарцы маюць горныя лясы як у Балканах, гэтак і ў горстах Македоніі. Апрача таго горы зьмяшчаюць у сваіх нетрах досыць многа падземнага багацьця — вугалю, руды медзі, жалеза і г. д. Фабрычная прамысловасьць пакуль-што не пашырана, але сяляне ў падгор’ях з даўных часоў карыстаюцца сілай шпаркіх горных рэчак, якія прыводзяць у чыннасьць шмат дробных саматужных станкоў, на якіх апрацоўваюць скуру, баваўну, шоўк, мэталы.

Мал. 38. - Зьбіраньне рож у Балгарыі.


Мал. 38. - Зьбіраньне рож у Балгарыі.

З прычыны недахвату вады на раўнінах вясковая люднасьць гуртуецца па рэчных далінах, дзе вёскі стаяць блізка адна ад аднэй і часамі зьліваюцца ў вялікія паселішчы вясковага тыпу па некалькі тысяч насельнікаў у кожным. У далінах рэк і па ўзьбярэжжах пабудованы й галоўныя гарады краю.

На Чорным моры ў Дабруджы румыны пабудавалі морскую прыстань Констанцу, злучаную чыгункай з асяродкам Румыніі. Каля ўсходніх адгор’яў Балкан існуе значна лепшая чорнаморская прыстань Варна (51 тысяча нас.), праз якую вывозяцца галоўныя продукты Балгарскай дзяржавы. У асяродку Ўсходняй Румэліі на вышняй Марыцы ляжыць Пловдыв (Філіпополь, 63000 нас.) на дарозе Белград-Царгорад. Тут пашырыўся выраб паперы, шоўку і скуры і гандаль рожавым алеем. Ніжэй, каля сутокі Марыцы й Тунджы, на тэй самай дарозе ляжыць асяродак Усходняй Тракіі - Одрын (Адрыянополь, 50 тыс. нас.). Гэта даўнейшая сталіца, а потым магутная крэпасьць Турэччыны, у якой да сяго часу захавалася шмат старасьвецкіх турэцкіх будынкаў і магомэтанскіх мячэцяў. Одрын вырабляе рожавы алей, шоўк скуру. Ніжэй яго па Марыцы пачынаецца параходны рух. Пасьля доўгіх спрэчак і дзесяцёхгадовых войн між Балгарыяй, Турэччынай і Грэцыяй Одрын застаўся за Турэччынай.

Сталіца Балгарскай дзяржавы Софія (154 тыс. насел.), як Пловдыв і Одрын, ляжыць на чыгунцы Белград-Царгорад у тым месцы, дзе сходзяцца пачаткі важных балгарскіх рэк (каля падставы масыву Вітош). Гэта політычны, культурны і прамысловы асяродак усёй Балгарыі з парлямэнтам, унівэрсытэтам і значнымі фабрыкамі шоўкавых, ваўняных і скураных вырабаў.

У Македоніі каля аднаназоўнай затокі Эгэйскага мора ляжыць вельмі важная прыстань Салёнікі (або Солунь, каля 170 т. нас.). Гэты горад належыць да Грэцыі, але мае большую вагу для Македоніі і Ўсходняй Сэрбіі, з якімі ён злучан чыгункай і продукты якіх ён вывозіў на сусьветны рынак яшчэ ў час панаваньня туркаў (да 1912 году).

У ваколіцах Салёнікаў у дэльце Вардару знаходзіцца досыць вялікая нізіна, якая ў даўныя вякі славілася сваёй ураджайнасьцю. За час панаваньня туркаў гэтая нізіна часткай перавярнулася ў балоты, часткай зрабілася сухім стэпам, гожым адно на пашу для авечак.

Паўднёва-ўсходнія ўскрайкі Балканскага паўвострава, галоўным чынам другарадныя паўвостравы Босфорскі й Дарданэльскі, што ляжаць на эўропэйскім беразе аднаназоўных пратокаў, можна вылучыць у асобную "краіну пратокаў".

Да гэтай краіны можна далучыць і паўвостравы Скутарыйскі ды Трояду, якія ляжаць на азійскім беразе пратокаў і мала чым адразьняюцца ад суседніх частак Эўропы.

Дарданэльская пратока, што злучае Мармурнае мора з Эгэйскім, і Босфор, які злучае тое самае Мармурнае мора з Чорным, маюць выгляд шырокіх лучыстых рэк.

Быў такі час, што й запраўды гэтыя пратокі былі далінамі рэк, а на месцы іх была сухаземная сувязь Эўропы з Азіяй.

Берагі пратокаў адзначаюцца падзваротнікавым кліматам. Праўда, тут яшчэ кепска ўзрастае алейнае дрэва, мала й макісаў (успомні, што такое макісы і дзе яны сустракаюцца), але купрэсы, ляўры й мірты трапляюцца паўсюды. Люднасьць краіны мяшаная. На Дарданэльскім паўвостраве пераважваюць грэкі, а на Босфорскім апроч іх жыве шмат туркаў, балгараў, жыдоў, армянаў, чаркесаў, якія пасяліліся тут з таго часу, як Расія заўладала Каўказам, цыганоў і г. д.

Лежачы на скрыжаваньні сухаземнай дарогі з Эўропы ў Азію і морскага шляху з Чорнага мора ў Міжземнае, краіна пратокаў мае вялікую гандлёвую й вайсковую вагу. Збожжа з Украіны й Румыніі, лес, што сплаўляецца па Дняпры з Беларусі, нафта з Каўказу могуць трапіць на сусьветны рынак толькі праз гэтыя пратокі. Аднак валадары пратокаў заўсёды мелі магчымасьць "зачыняць" пратокі - не прапускаць праз іх чужаземных караблёў. Так было, напрыклад, у час італійска-турэцкай вайны. Туркі, якія ўладалі пратокамі, адмаўляліся прапускаць з Чорнага мора расійскія караблі, а гэта цяжка адбівалася на расійскім гандлі.

Зразумела, што краіна пратокаў з даўных часоў была смачным кавалкам, аб валаданьні якім марылі ўрады ўсіх суседніх дзяржаў. У сярэдзіне XV веку краіну захапіла Турэччына, якая адгэтуль распаўсюджвала сваю ўладу па ўсім Балканскім паўвостраве і нават па паўночным беразе Чорнага мора. Здаўна заўладаць пратокамі імкнуўся і расійскі ўрад, і многа разоў Расія білася за іх з Турэччынай. У час першай балканскай вайны 1912 г. заўладаць краінай марыла Балгарыя; потым, у час сусьветнай вайны, - Расія, потым - Грэцыя. Пасьля сусьветнай вайны краіну пратокаў вылучылі з уладаньняў Турэччыны і паставілі пад нагляд Антанты. На чале краіны, як раней, стаяў турэцкі султан. Аднак турэцкія нацыяналістыя ня прызналі пастаноў пераможцаў і стварылі асобны ўрад у асяродку Малой Азіі ў Ангоры. Гэты ўрад пачаў змаганьне з алепшыя для туркаў мірныя ўмовы. Жадаючы дабіцца вольнага пропуску для сваіх вайсковых караблёў праз пратокі, Вялікабрытанія падтрымала грэкаў, якія занялі ўзьбярэжжа Малой Азіі і пайшлі на Ангору, каб зьнішчыць непакорны ангорскі ўрад. Аднак туркі перамаглі грэкаў, выціснулі іх з з Малой Азіі і дабіліся беспасрэднага валаданьня краінай пратокаў і Ўсходняй Тракіяй. Разам з гэтымі валаданьнямі Турэччына абымае ў Эўропе прастору каля 27000 кв. клм. з 1600000 насельн. У Азіі знаходзіцца ядро Турэччыны (Малая Азія) з прасторай каля 710000 кв. клм. і 9 мільёнамі насельн. Да вайны 1914-18 г. апроч таго да Турэччыны належалі вялізныя прасторы Арабіі, Мэсопотаміі і Сірыі, з якіх цяпер утворана некалькі самастойных дзяржаў пад протэктарствам дзяржаў Антанты.

Усе выгоды географічнага палажэньня краіны злучаны ў сталіцы яе, у так званым Царгорадзе або Константынополі (больш за мільён насельнікаў), які ляжыць на эўропэйскім беразе Босфору абапал вузкай і даўгой бухты Залаты Рог, вельмі выгоднай для прыстою караблёў. Дзякуючы свайму палажэньню, ужо з пачатку сярэдніх вякоў Царгорад зрабіўся сусьветнай сталіцай, роўнай па сваёй вазе Рыму. Таго часу, як Рым быў асяродкам каталіцтва й латыньскай культуры, Царгорад, які зваўся тады Бізантыяй, быў сталіцай Бізантыйскай або Ўсходня-Рымскай імпэрыі, распаўсюджваў праваслаўную веру і грэцкую культуру. Пад культурным уплывам Бізантыі ўзгадаваліся славянскія, асабліва паўднёва і ўсходня-славянскія народы: сэрбы, балгары, украінцы, беларусы, маскоўцы. У сярэдзіне XV в. Бізантыю захапілі туркі і зрабілі сваёй сталіцай, якой яна лічыцца й да сяго часу.

Мал. 39 — Царгорад і Босфорская пратока. Зьлева — бухта Залаты Рог, за якой прадмесьці Пэра і Галата.


Мал. 39 — Царгорад і Босфорская пратока. Зьлева — бухта Залаты Рог, за якой прадмесьці Пэра і Галата.

Галоўная частка гораду ляжыць на поўдзень ад Залатога Рогу каля самай сутокі Босфору з Мармурным морам. Гэта так званы Стамбул, залюднены пераважна туркамі, тыповы азійскі горад з многалічнымі магомэтанскімі мячэцямі, вежы якіх, так званыя мінарэты, дадаюць гораду асаблівае хараство (гл. мал.). Між іншым тут знаходзіцца слынная мячэць Айя-Софія, даўнейшы праваслаўны сабор сьвятой Зоф’і, лепшы помнік бізантыйскага мастацтва. На паўночным беразе Залатога Рогу ляжаць прадмесьці Пэра і Галата, злучаныя з Стамбулам плывучымі мастамі. Там жывуць пераважна хрысьцяне: грэкі, армяне і розныя чужаземцы. Сярод будынкаў там выдаюцца палацы чужаземных прадстаўнікоў, гандлёвыя ўстановы і іншыя будынкі сучаснага эўропэйскага тыпу.

На азійскім беразе Босфору насупроць Царгораду ляжыць горад Скутары, які можа лічыцца прадмесьцем турэцкай сталіцы. У Скутары знаходзіцца могільнік, на якім хаваюць царгорадзкіх мусульманаў.

Мал. 40. - Царгорад. Мячэць Ахмэдые


Мал. 40. - Царгорад. Мячэць Ахмэдые

Грэцыяй завецца краіна, у склад якой уваходзяць Грэцкі ды Халькідзкі паўвостравы, што аддзяляюцца ад Балканскага ў паўднёвай яго частцы, і сотні астравоў, лежачых абапал Грэцкага паўвострава часткай у Іонійскім, але пераважна ў Эгэйскім моры. Уся гэтая краіна залюднена пераважна грэкамі, уся адзначаецца тыповым падзваротнікавым кліматам і горным краявідам. Дынарскія зморшчавыя горы, што цягнуцца роўналежна берагам Адрыятычнага мора, пераходзяць з Альбаніі ў Грэцыю, разгаліньваюцца там і даюць многа адгор’яў, якія з контынэнту пераходзяць на суседнія астравы, так што ўжо пры першым поглядзе на карту астравы, раскіданыя па Эгэйскім моры, здаюцца беспасрэдным працягам Грэцкага паўвострава, як-бы разарваным мастом паміж Эўропай і Азіяй. Уся Грэцыя належыць да аднаго горнага ўкладу, частка якога апусьцілася ў ваду мора, так што над роўнем мора засталіся толькі горныя вярхі ў стане сотняў астравоў.

Як на месцы сучаснай Гібральтарскай пратокі існаваў калісь пярэсмык між Эўропай і Афрыкай, гэтак і тут, на месцы сучаснага Эгэйскага мора, быў калісь пярэсмык між Эўропай і Азіяй. Некаторыя часткі гэтага пярэсмыку апусьціліся ў мора параўнаўча нядаўна - у гістарычныя часы, калі на іх ужо жылі досыць культурныя людзі, меўшыя свае гарады і палацы. Яшчэ й цяпер у час зацішша іншы раз можна ўгледзець пад прагляднай вадой Эгэйскага мора рэшткі залітых морам даўных будынкаў. Магчыма, што павольнае апусканьне Грэцкай краіны ня скончылася яшчэ й да сяго часу. Землятрасеньні яшчэ й цяпер што-год руйнуюць значныя прасторы гэтага краю і сьведчаць аб тым, што дзейнасьць падземных сіл пакуль-што ня спынілася.

Галоўнай асаблівасьцю Грэцыі трэба лічыць надзвычайнае разьвіцьцё яе берагавой лініі. Мала ёсьць на сьвеце такіх краёў, берагі якіх былі-б гэтак зрэзаны, пакроены, пашматаны морам, як у Грэцыі. Паўсюды ў грэцкія берагі ўразаюцца затокі і бухты, у якіх морскія караблі знаходзяць прытулак у час навальніцы на моры.

Пашматованасьць берагоў Грэцыі і вялікі лік астравоў, што ляжаць каля гэтых берагоў, маюць вялікае гістарычнае значэньне. З пачатку гістарычнага часу мора лічылася перашкодай для зносін, бо благенькія чаўны первястковага чалавека не маглі доўга змагацца з хвалямі мора, і насельнікі ўзьбярэжжаў баяліся адплываць далёка ад сухазем'я. Аднак у Грэцыі шмат у якіх месцах ледзь човен адплываў ад берагоў, як перад ім паказваўся ўжо бераг суседняга вострава. Грэкі хутка навучыліся пераяжджаць з контынэнту на гэтыя астравы і далей з вострава на востраў аж да самой Малой Азіі. Дзякуючы гэтаму, грэкі перасталі лічыць мора за перашкоду для зносін, зрабіліся добрымі маракамі і пасярэднікамі ў гандлі Эўропы з Усходам, і першыя перанесьлі высокую ўсходнюю культуру ў Эўропу.

Глыбока ўрэзаныя ў сухазем'е затокі разьдзяляюць Грэцыю на цэлы шэраг дробных другарадных паўвостраваў, злучаных паміж сабой няпрыступнымі горнымі пярэсмыкамі. Уся Грэцыя складаецца з асобных акруг, сувязь паміж якімі вельмі малая.

Такая будова Грэцыі перашкаджала ўтварэньню ў ёй у даўныя часы адзінай вялікай дзяржавы. Даўная Грэцыя складалася з маленькіх асобных дзяржаўных адзінак, і толькі тады, як чужынцам пашанцавала заўладаць краінай, усе гэтыя адзінкі злучыліся ў адну дзяржаву. Цяпер мора зьяўляецца найлепшай дарогай з адных частак Грэцыі ў другія. Паўночная частка Грэцкага паўвострава складаецца з дзьвёх акруг: Эпіру на захадзе, каля берагоў Іонійскага мора, і Тэсаліі на ўсходзе, каля Эгэйскага мора.

Эпір ёсьць горная краіна, складзеная з роўналежных зморшчавых горных ланцугоў - працягаў Дынарскага ўкладу.

Мал. 41. — Выгляд зьлепняковых скал у Тэсаліі.


Мал. 41. — Выгляд зьлепняковых скал у Тэсаліі.

Сярод пустынных вапнавых узвышшаў, люднасьць якіх займаецца толькі гадоўляй авечак, тут зусім рэдка сустракаюцца ўрадлівыя даліны рэк, або катліны, гожыя для ральніцтва. Наадварот, Тэсалія, абваднёная р. Салямврыяй, зьяўляецца ўраджайнай роўнай катлінай, на якой добра ўзрастаюць кіяхі ды пшаніца, вінаграднік і пладовыя дрэвы. З усіх бакоў горы атачаюць Тэсалію. На поўначы ўздымаецца магутны Олімп (2985 м.), самая высокая гара на Балканскім паўвостраве, на якой, па поглядах даўных грэкаў, жылі іхнія багі; на ўсходзе ўздымаюцца прыгожыя гранітныя горы Оса і Пэліон. Па сваім пахаджэньні гэтыя тры гары падобны да горстаў Македоніі. Наадварот, ланцуг Пінд, які аддзяляе Тэсалію ад Эпіру, а таксама яго адгор'е, ланцуг Отрыс, што ляжыць на мяжы Тэсаліі і Сярэдняй Грэцыі, як і ланцугі Эпіру, належаць да Дынарскага ўкладу, складаюцца з вапнавых пластоў, адзначаюцца карставымі зьявамі, глыбокімі правальлямі і няпрыступнымі цясьнінамі.

Сярэдняя Грэцыя аддзяляецца ад Паўночнай дзьвюма глыбока ўрэзанымі ў сухазем'е затокамі (Лямійскай на ўсходзе і Артайскай на захадзе). Шырокі пярэсмык між гэтымі затокамі запоўнены няпрыступнымі гарамі, так што з Тэсаліі ў Сярэднюю Грэцыю вядзе толькі адзін вузкі праход (услаўленыя ў даўныя вякі Тэрмопілі). Вапнавыя, пескавіковыя, а месцам і крышталічныя горы Эпіру пераходзяць і ў Сярэднюю Грэцыю. на крайнім усходзе на паўвостраве Аттыцы гэтыя горы багаты мармурам, срэбнай і валавянай рудой. Прыблізна ў сярэдзіне Сярэдняй Грэцыі над руінамі старадаўнага места Дэльфы ўздымаецца прыгожая гара Парнас (2459 м.), на якой, па поглядах даўных грэкаў, жылі музы і душы памершых поэтаў.

Горныя ланцугі Сярэдняй Грэцыі ўпіраюцца ў Корынцкую пратоку і аднаўляюцца ўжо па той бок яе ў паўднёвай частцы Грэцкага паўвострава, у так званым Пэлёпонэсе або Морэі.

Корынцкая затока Іонійскага мора і Эгінская затока Эгэйскага мора блізка-што зусім аддзяляюць Пэлёпонэс ад Сярэдняй Грэцыі; між імі застаецца толькі вузкая шыйка - Корынцкі пярэсмык, праз які ўжо пракапалі суднаходны морскі канал. Галоўныя горныя ланцугі Пэлёпонэсу цягнуцца роўналежна з поўначы на поўдзень і ўразаюцца ў Міжземнае мора трыма выступамі.

Найвышэйшы з гэтых ланцугоў - крышталічны Тайгет (2409 м. н. р. м.) - праходзіць па сярэдзіне Пэлёпонэсу і канчаецца рогам Матапан, самым паўднёвым выступам Балканскага паўвострава. (Азнач яго географічную шырыню).

Прадоўжныя даліны між горнымі ланцугамі Пэлёпонэсу каля мора пашыраюцца і пераходзяць у ўрадлівыя нізіны, па якіх растуць гаі алейнага дрэва, фігавых, памаранцавых і іншых вечназялёных пладовых дрэў, а таксама розныя гатункі вінаградніку.

Такі характар маюць, напрыклад, Ляконіка, што ляжыць на ўсход ад Тайгету, і Мэсэнія на захад ад гэтага ланцуга.

Самы заходні з ланцугоў Грэцкага паўвострава адлучыўся ад контынэнту, апусьціўся часткай ніжэй роўня мора і перавярнуўся такім чынам у ланцуг Іонійскіх астравоў, якія ляжаць у аднаназоўным моры. Іонійскія астравы адзначаюцца кліматам вільгатнейшым і прыямнейшым, як у рэшце Грэцыі; грунты тамака лепшыя, расьліннасьць багацейшая, люднасьць жыве гусьцей (108 чал. на 1 кв. клм.). Іонійскія астравы ніколі не належалі да туркаў. У час заняпаду Бізантыі яны падпалі пад уладу Вэнэцыйскай рэспублікі, а ў XIX в. часова былі самастойнай дзяржавай пад протэктарствам Ангельшчыны, пакуль ня злучыліся з Грэцыяй. Параўнаўча з рэштай Грэцыі Іонійскія астравы значна меней пацярпелі ад чужаземнага ўціску.

Астравы, што ляжаць на ўсход ад Грэцкага паўвострава, у Эгэйскім моры маюць агульны назоў Грэцкага згуртаваньня астравоў або Архіпэлягу. Яны зьяўляюцца працягам горных ланцугоў Сярэдняй і Паўднёвай Грэцыі і раскіданы па Эгэйскім моры пяцьма асобнымі групамі. Першая група цягнецца дугой ад паўднёвых выступаў Пэлёпонэсу на ўсход да берагоў Малой Азіі і аддзяляе Эгэйскае мора ад Міжземнага. Да гэтай групы належаць вялікія астравы Крэт і Родос. Горы іх, як і горы Пэлёпонэсу, пакрыты толькі благенькай пашай, але побач з гарамі ўва ўраджайных нізінах добра ўзрастаюць вечназялёныя дрэвы і сьпеюць далікатныя гатункі рознай садовіны. Другая група ляжыць на захадзе Эгэйскага мора каля берагоў Сярэдняй Грэцыі. Сюды належыць востраў Эўбэя, горы якой разглядаюцца, як працяг Отрысу. Толькі вузкая пратока, цераз якую нават пабудован мост, аддзяляе Эўбэю ад Сярэдняй Грэцыі. Трэцяя група кучай ляжыць у самай сярэдзіне Эгэйскага мора і мае назоў Кіклядзкіх астравоў.

Сярод Кіклядзкіх астравоў ёсьць адзін дзейны востраў-вулькан Санторын або Тыра. Некаторыя з Кіклядаў багаты на мармур (Парос), на другіх (Сэрытос) здабываюць жалезную руду, на трэціх (Наксос) - наждак.

Чацьвертая група Эгэйскіх астравоў ляжыць на ўсходзе, каля берагоў Малой Азіі. Гэтыя астравы, так званыя Спорады, лічацца адломкамі малаазійскіх гор.

Большасьць з іх, напрыклад, ураджайныя Хіос і Лесбос, заняпалі ў часы турэцкага панаваньня. Толькі Самос, які карыстаўся самаўрадам, адзначаецца заможнасьцю сваіх насельнікаў.

Апошняя пятая група астравоў Эгэйскага мора ляжыць на поўначы, каля берагоў Тракіі і завецца групай Тракійскіх астравоў. Па сваім пахаджэньні гэтыя астравы лічацца адломкамі масыўных Македонскіх горстаў.

Ад Македоніі бязмаль-што зусім адлучыўся і Халькідзкі паўвостраў (аддзелены ад Македоніі нізінай з вялікім Бэшыкскім возерам). Гэты паўвостраў уразаецца ў Эгэйскае мора трыма вузкімі і даўгімі выступамі. Горы паўвострава лічацца працягам Олімпу, складаюцца з мармуру й крышталічных скал і багаты лясамі. Ува ўсходняй частцы іх сустракаюцца паклады жалеза, серабра і волава.

На паўднёва-ўсходнім выступе Халькідзкага паўвострава знаходзіцца гара Атон (Афон), на якой у 30 манастырох жыве некалькі тысяч праваслаўных чарняцоў. З Расіі, Украіны і іншых краёў, залюдненых праваслаўнымі, сюды ў перадваенныя часы наяжджала шмат богамольцаў, якія тут куплялі розныя крыжыкі, абразкі і да таго падобныя рэчы, пакідаючы ўзамену значныя даходы мясцовым чарняцом.

Усе часткі Грэцкае краіны адзначаюцца цёплым падзваротнікавым кліматам. Неба тут вечна яснае, бязвоблачнае; улетку дажджу блізка-што зусім ня бывае; зіма дажджыстая, але дажджы выліваюцца раптам, улевамі, пасьля якіх цераз гадзіну хмары зьнікаюць і неба зноў робіцца чыстым.

Прыблізна ў самым асяродку краіны ў Атэнах сярэдняя тэмпэратура году +17,9°, сярэдняя ліпеня +27,7°, студзеня +8,5°. Ападкаў там выліваецца каля 406 мілімэтраў. На захадзе, напрыклад, на востраве Корфу (адзін з Іонійскіх) ападкаў значна болей (каля 1580 мілім.).

Дзякуючы такому клімату ўсюды, дзе ёсьць глеба на скалах і вада, добра ўзрастаюць вечназялёныя дрэвы й хмызьнякі. Асабліва прыгожа выглядаюць гэтыя расьліны ўзімку, у пару дажджоў, і ўвясну, у час красаваньня. Стромкія чорныя купрэсы, прыгожыя міжземныя хвоі, харошыя буйныя кветкі магнолій і олеандраў робяць вельмі прыемнае ўражаньне. Наадварот, улетку сухі вапнавы пыл апранае лісьце вечназялёных дрэў, а веснавая трава гіне пад гарачымі праменямі сонца. Схілы крышталічных ланцугоў пакрыты лясамі, а па вапнавых скалах, як у Дынарскіх горах, пераважвае ўбогая расьліннасьць, так што некаторыя мясцовасьці маюць выгляд голай сухой пустыні.

Блізкасьць Грэцыі да здаўна культурных абшараў Заходняй Азіі і Эгіпту, выгодная будова яе берагоў і лёгкасьць зносін з Азіяй зрабілі Грэцкую краіну культурнай пасярэдніцай паміж Эўропай і Ўсходам. Здольныя й рухавыя даўныя грэкі першыя з эўропэйцаў запазычылі высокую культуру Ўсходу, перапрацавалі яе на свой лад і пачалі распаўсюджваць па нашай частцы сьвету. Мастацтва, пісьменства й навука красавалі ў даўнай Грэцыі ўжо ў тыя часы, калі рэшта Эўропы, і ў тым ліку нават Італія, была дзікім краем барбарскіх народаў. Большасьць сучасных навук - прыродазнаўчых, матэматычных і грамадзянскіх - нарадзіліся ў даўнай Грэцыі. Даўна-грэцкае ляпеньне і будаўніцтва лічацца найлепшым узорам яшчэ й для сучасных мастакоў. Поэты ўсіх эўропэйскіх народаў вучыліся ад даўна-грэцкіх пісьменьнікаў, часамі запазычалі ад іх форму і зьмест сваіх твораў. Пад грэцкім уплывам утварылася латыньская культура; ува ўсе эўропэйскія мовы ўвайшло шмат даўна-грэцкіх слоў. Калі чужынцам шанцавала заўладаць Грэцыяй, яны хутка падпадалі пад культурны ўплыў грэкаў і самі рабіліся грэкамі. Так было, напрыклад, з македонцамі, калі яны захапілі Грэцкую краіну. Нават пад уладай латыньцаў у грэцкіх землях, як і раней, панавала грэцкая культура. У час заняпаду Рымскай дзяржавы Грэцыя зрабілася незалежнай пад імем Бізантыйскай або Ўсходня-Рымскай імпэрыі, якая існавала аж да сярэдзіны XV веку, калі і ўвесь Балканскі паўвостраў падпаў пад панаваньне туркаў. Пад турэцкім заборам заняпала грэцкая культура, але грэкі яшчэ помнілі сваю слаўную мінуўшчыну і імкнуліся да самастойнасьці. У канцы XVIII в. і з пачатку XIX, калі аслабла магутнасьць Турэччыны, грэкі многа разоў паўставалі супроць туркаў, і нарэшце ў 1829 годзе Грэцкая дзяржава аднавілася ў стане самастойнага констытуцыйнага каралеўства. Пакрысе да гэтай дзяржавы далучаюцца ўсе землі, залюдненыя грэкамі. Грэцыя ўжо пасьпела захапіць некаторыя землі з балгарскім насяленьнем (Паўднёвую Македонію).

Цяпер Грэцыя абымае прастору прыблізна ў 125000 кв. клм. з 5 мільёнамі насельнікаў. Грэцыя лічыцца констытуцыйнай монархіяй прычым законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту. Галоўную ролю ў парлямэнце граюць заможныя клясы мясцовай люднасьці. Работніцкая комуністычная партыя ў парлямэнце ня мае сваіх прадстаўнікоў. Затое ком. партыя карыстаецца прыхільнасьцю нямногалічнага работніцкага насельніцтва краіны. Пад кіраўніцтвам яе працуюць і грэцкія профсаюзы, у склад якіх уваходзіць каля 100000 работнікаў. У апошнія гады профсаюзы дзейна змагаліся за павялічэньне заработнай платы, але забастоўкі работнікаў душыліся ўрадам.

Сучасныя насельнікі Грэцыі, гэтак званыя нова-грэкі, утварыліся з тубыльцаў краіны — даўных грэкаў і значнай прымешкі пазьнейшых перасяленцаў: славянаў, альбанцаў, туркаў і куцавалахаў. Патомкі гэтых перасяленцаў жывуць і да сяго часу побач з грэкамі. Так, у Тэсаліі жыве досыць многа туркаў, а ў Эпіры ды ў Сярэдняй Грэцыі гадуюць свае статкі альбанцы і куцавалахі. Аднак паўсюды рашуча пераважваюць грэкі.

Як і ўсе паўднёва-эўропэйскія народы, грэкі гаманлівы і рухавы народ. Блізкасьць мора зрабіла іх спрытнымі мораходцамі і практычнымі гандлярамі. Зваротлівыя, самапэўныя і азардоўныя, грэкі вельмі любяць спрачацца наконт політыкі, любяць грамадзянскае жыцьцё, з ахвотай марнуюць час у кавярнях за гутаркай з сярбамі або слухаючы казкі баечнікаў. Ад італійцаў і гішпанцаў грэкі адразьняюцца болей сталымі поглядамі на жыцьцё, адсутнасьцю бязрупатнасьці і нядбаласьці. Грэк заўсёды асьцерагаецца ашуканства, баіцца страціць паважнасьць, заўсёды асьцерагаецца ашуканства, баіцца страціць паважнасьць, заўсёды заклапочаны рознымі справамі, задуманы нават у час сядзеньня ў кавярні. Шматвяковае панаваньне малакультурных чужынцаў адбілася цяжка на дабрабыце грэкаў. Цяпер Грэцыя далёка не такая багатая і не такая культурная краіна як у даўныя вякі. Прышлі ў заняпад і асьвета, і мастацтва, і навука. Чужаземнае панаваньне адбілася і на мове, у якую ўвайшло шмат чужаземных слоў, асабліва славянскіх і турэцкіх, і на норавах ды звычаях. Аднак, дзякуючы апецы грэцкіх пісьменьнікаў і вучоных, у апошнія часы сучасная грэцкая мова патроху вызваляецца ад барбарызмаў. Становішча асьветы таксама цяпер ужо лепшае, як у часы турэцкага панаваньня. Ужо цяпер процант няпісьменных у Грэцыі меншы, як у Гішпаніі або Італіі. У унівэрсытэце навучаньне адбываецца безаплатна. Па ўсёй Грэцыі чалавек пільнуецца ўзьбярэжжаў, якія звычайна зьяўляюцца найболей ураджайнымі куточкамі краіны. Толькі тут, каля мора, сустракаюцца гожыя для земляробства нізіны, па якіх грэкі саджаюць вінаграднік, паўднёвыя плады і сеюць збожжа ды табаку. Вінаграднік — галоўнае багацьце Грэцыі. З яго вырабляюць віно, якое зьяўляецца галоўным народным піцьцём, а часткай і вывозіцца за межы; з яго гатуюць разынкі, у тым ліку дробныя разынкі (корынку), якія вырабляюцца толькі ў Грэцыі. Вывозіцца з Грэцыі, апрача таго, прованскі алей і плады алейнага дрэва, якое добра ўзрастае па ўзьбярэжжах, фігі, памаранцы, цытрыны, добрыя гатункі табакі. Наадварот, свайго збожжа грэкам не хапае, бо яго за недахватам зямлі сеюць мала. Каля мора грэк знаходзіць іншыя спосабы пражывіцца: у моры ловяць рыбу, а галоўным чынам зьбіраюць губкі; мора зьяўляецца галоўнай дарогай паміж асобнымі часткамі Грэцыі; па моры адбываецца гандаль, які дае заработкі тысячам людзей.

Мал. 42. — Атэны. Пасярэдзіне на ўзгорку Акрополь


Мал. 42. — Атэны. Пасярэдзіне на ўзгорку Акрополь

.

У горах, далёка ад мора, люднасьць жыве рэдка. Убогая паша ледзь дазваляе там пражывіць статкі дробнай жывёлы, гадоўля якой там і зьяўляецца галоўным заняткам. Значная частка горных схілаў належыць да няўжыткаў і не дае ніякай карысьці. Нетракапальныя промыслы ў апошнія часы пачалі пашырацца, але руда вывозіцца за межы ў неапрацованым стане, і фабрычная прамысловасьць не разьвілася.

У даўныя вякі ў Грэцыі было вельмі многа багатых гандлёвых гарадоў, большасьць з якіх у свой час зьяўлялася асяродкамі маленькіх, але багатых і культурных рэспублік. Раскопкі ў розных мясцовасьцях краіны выявілі, што яшчэ за многа вякоў да хрысьцянскай эры там існавалі буйныя багатыя гарады (Мікены, Тырынт), у якіх ужо тады высока стаяла мастацтва. Ад некаторых засталіся толькі руіны; другія (Спарта, Корынт) у часы заняпаду Грэцыі перавярнуліся ў маленькія ўбогія мястэчкі і вёскі.

Толькі адзін з старадаўных грэцкіх гарадоў і цяпер зьяўляецца багатым і вялікім. Гэта сталіца Грэцкае дзяржавы, да якой належыць уся краіна, - Атэны (301 тыс. насельн.). Дзякуючы свайму палажэньню ў сярэдзіне паўвострава Аттыкі, у самым асяродку Грэцыі, Атэны заўсёды кіравалі гандлем і культурным жыцьцём краіны. У часы турэцкага панаваньня Атэны прыходзілі ў заняпад, але ад часу адраджэньня Грэцкай дзяржавы зноў закрасавалі. Цяпер тут знаходзяцца галоўныя дзяржаўныя ўстановы і лепшыя школы краіны, у тым ліку ўнівэрсытэт. Аднак яшчэ й цяпер Атэны не дасягнулі таго разьвіцьця, якога дасягалі ў даўныя вякі. Аб слаўнай мінуўшчыне гораду сьведчыць старадаўная крэпасьць "Акрополь", пабудованая на высокім узгорку над горадам. Сьцены й колюмны некаторых мармуровых будынкаў Акрополю захаваліся яшчэ досыць добра і зьяўляюцца лепшым прымернікам даўна-грэцкага мастацтва (Партэнон, храм багіні Атэны-Нікэ і інш.).

Морскай прыстаньню грэцкай сталіцы зьяўляецца Пірэй (133 тыс. насельн.), бойкі гандлёва-прамысловы горад на беразе Эгінскае затокі, у 8 клм. ад Атэн. Сюды прывозяць з-за межаў большую частку тавараў, накірованых у Грэцыю; тут будуюць караблі, гатуюць віны, фабрыкуюць жалезныя вырабы.

У Паўднёвай Грэцыі найвялікшым горадам зьяўляецца Патрас (52 тыс. насельн.), які ляжыць каля выйсьця Корынцкае затокі (каля так званай Патраскай затокі). Гэта асяродак вывазу з Грэцыі лепшых гатункаў віна і разынак (асабліва корынкі).

На адным з Іонійскіх астравоў (Корфу) ляжыць места Корфу (30 тыс. насельн.) сярод прыгожых вінаградняў і гайко алейнага дрэва.


  1. У цяперашнія часы да Гішпаніі належаць у Афрыцы Рыо-дэ-Оро, або заходняе ўзьбярэжжа Сахары; паўночны бераг Мароко насупроціў Паўднёвай Гішпаніі; Канарскія астравы; Рыо-Муні ў Ніжняй Гвінэі, востраў Фэрнандо-По ў Гвінэйскай затоцы. (Разам каля 320.000 кв. клм. з 1105 тыс. насельн.). Да Португаліі належаць астравы Мадэра і Азорскія ў Атлянтычным акіяне, а-вы Зялёнага Рогу і Бісагос каля заходняга берагу Афрыкі, Португальская Гвінэя, Португальскі Конго, астравы Сан-Томы і Прынчыпэ ў Гвінэйскай затоцы і значныя колёніі ў Паўднёвай Афрыцы: Мозамбік на захадзе і Ангола на ўсходзе. У Азіі португальцы валадаюць маленькімі мястэчкамі — гандлёвымі станцыямі ў Індыі (Гоа, Даман, Дыу), горадам Макао ў Кітаі ды паловай вострава Тымора ў Малайскім згуртаваньні астравоў. (Усяго 2083 тыс. кв. клм. і 9210 т. нас.).
  2. Гандлёвы абарот Трыесту да вайны дасягаў 512 міліёнаў рублёў золатам.
  3. Берагі такога выгляду, як тут, завуцца дальмацкімі па імю тутэйшай паўзморскай провінцыі Дальмацыі.
  4. Адшукай іх на карце. Асьцерагайся, каб не пераблытаць Дрыну і Дрын. Куды цячэ Дрына? Куды Дрын?
  5. Шукай на карце. Па якім плоскаўзвышшы ён працякае? Якія яшчэ прытокі Дунаю пераразаюць Балгарскае плоскаўзвышша?