Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паветы Беларусі I. Полацкае Наддзьвіньне
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
II. Віленскі край

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паасобныя краіны Беларусі.


Паяс заходніх узгор‘яў.


Паасобныя краіны Беларусі.


Паяс заходніх узгор‘яў.


І. Полацкае Наддзьвіньне.

Гэтая краіна складаецца з 7-х паветаў — Дзісьненскага, Дрысенскага, Полацкага, Лепельскага, Іллукштанскага, і Дзьвінскага (Дынэбургскага). Большая часьць гэтых паветаў належыла да Віцебскае губэрні, але Дзісьненскі пав. належыў да Віленскае, Брацлаўскі да Ковенскае, а Іллукштанскі да Курляндзкае.

Уся краіна ёсьць як-бы шырокім логам, абнятым з паўначы Задзьвінскімі, а з паўдня Завялейскімі ўзгор‘ямі і нахіленым у бок Балтыцкага мора. Заходні бок гэтага логу адкрыты — тут ён зьліваецца з Надбалтыцкай Нізінаю.

Пасярод гэтае краіны цячэ р. Дзьвіна з сваймі прытокамі — Дзісенкаю, Дрысаю і Полатаю. Дзьвіна тут ужо шырокая і судаходная. Але як раз тутака на ёй спатыкаецца найбольш парагоў, якія перашкаджаюць судаходзтву.

Па абодвух берагох Дзьвіны параскідана бяз ліку вазёраў. Найбольш іх аднак у трох гнёздах. 1) у пав. Браслаўскім — дзе паміж дзесяткаў дробных азёраў, ляжаць і такія вялізазныя вазёры, — як Снуды, Дрысьвяты і Дрывяты, 2) Лепельскім пав. і 3) ў Дзьвінскім. Паверхня гэтых паветаў проста зрэзана вазёрамі. Мяйсцовасьць мае найбольш чыста марэнны характар, аб якім мы пісалі на стр. 9. Усюдых разсыпаны марэнныя ўзгоркі, то выцягнутыя, то абкругленыя, як бохан хлеба.

На ўсходзе краіны ў Лепельскім павеце мяйсцовасьць ужо моцна паднята; узгоркі там ужо ідуць вялікімі гнёздамі і ланцугамі і маюць значную вышыню. Асабліва гэта трэба сказаць аб Пышнагоры, высокім узгор‘і, якое ляжыць на захад ад Лепеля. Так сама моцна паднята сумежная з Лепельскім частка Дзісьненскага павету.

Найбольш пашыраны ў краіне досіць ураджайныя суглінкі і супяскі. Толькі ў Полацкім павеце, побач з добраю гляістаю зямлёю, ляжаць значныя прасторы падзолу і пяшчанага грунту. Так сама і ў Брацлаўскім, асабліва-ж у Іллукштанскім пав. пераважаюць бедныя пяшчаныя грунты.

У Полацкім павеце значныя прасторы займаюць балоты, што ляжаць між рэкамі Дрысаю і Полатаю. Досіць вялікае балота ёсьць і ў Дзісьненскім павеце, на захад ад Дзісны. Балоты тут найбольш імховыя, сфагнавыя.

Полацкае Наддзьвіньне ляжыць найбліжэй з усіх краёў Беларусі да мора. Ад Рыжскае затокі да Іллукшту ўсяго 170 вёрст. Да таго-ж яно яшчэ і зьніжаецца ў кірунку да мора і дзеля таго вільготны і мягкі морскі клімат без перашкод уразаецца ўздоўж Дзьвіны далёка на ўсход. Сярэдняя гадавая тэмпэратура каля , ападаў за год бывае каля 600 міллімэтраў, неба па большай часьці закрыта воблакамі.

Лесу ў Наддзьвіньні нямнога. З даўніх часоў сядзіць тут народ досіць густа і дзеля таго лепшыя землі парасьцярэбліваны і ўзараны. Толькі на пяскох, у Полацкім павеце, затрымаліся значныя лясныя прасторы, ды досіць лясісты захад Дзісьненскага пав.

На полі сеюць звычайнае збожжа — жыта, а з ярыны — авёс, ячмень. Ячменю сеюць досіць многа, асабліва, ў Лепельскім і Дзьвінскім паветах. Па засеву ячменю гэты край займае другое мейсца пасля Задзьвінскага ўзгор‘я. Ячмень часткаю вывозіцца, часткаю на мейсцы перакуруецца на піва. Досіць многа садзяць бульбы і сеюць лёну. Ураджаі бываюць сярэднія.

Вясковае насяленьне займаецца гаспадаркаю; толькі дзе-ня-дзе ў лясістых мяйсцовасьцях зарабляюць яшчэ і ў лесе, ды ўзьбярэжныя жыхары займаюцца сплавам дрэва, будаваньнем чаўноў і інш. Апроч таго ў Наддзьвіньні шмат хто займаецца рыбацтвам у вазёрах і рэках.

Шчыльнасьць вясковага насяленьня ў Наддзьвіньні большая, чымся ў акалічных краёх, дзякуючы лепшым грунтам і палажэньню ля вялікае ракі. Вёскі ў Наддзьвіньні не вялікія — на 1 вёску прыходзіцца чалавек 50-60. У Іллукштанскім і Брацлаўскім пав. вёскі яшчэ драбнейшыя.

Наддзьвіньне мусіць было заселена яшче ў дагістарычныя часы. Гісторыя знаходзіць тут ужо моцны і багаты Полацак, які вядзе значны гандаль з Усходам і Заходняю Эўропаю. Палачане пазакладалі і ўсе важнейшыя гарады Наддзьвіньня: Дзісну, Брацлаў, Герсіку (быў даўней над Дзьвіною, ніжэй Дзьвінску, цяпер — толькі руіны), Дрысу, Друю і інш. Усе гэтыя гарады былі праз увесь час вельмі цесна зьвязаны з Полацкам, мелі супольных з ім князёў, а пасьля ваяводаў.

На захадзе Дзьвінскага пав. жывуць ужо найбольш латышы з невялікаю толькі прымешкаю беларусоў. Зямля іхная не захавала шмат сьлядоў панаваньня лівонскіх рыцароў. Яны пазакладалі некалькі гарадоў і замкаў, напр. Крэйцбург, Дзьвінск, у руках іхніх патомкаў ёсьць цяпер яшчэ двары. Закладалі там гарады і Палачане (Герсіка, Кокенгаўзен), але пасьля імі заваладалі рыцары.

Найбольшыя месты ў гэтым краю — Полацак і Дзьвінск. Але ёсьць шмат драбнейшых мест і мястэчак.


Полацак — старэйшае з мест беларускіх, сталіца незалежных беларускіх князёў, ляжыць ля Дзьвіны, на правым яе беразе пры ўтоку р. Полаты. Даўней гэта быў вельмі багаты горад. Яшчэ ў XII веку ён вёў шырокі гандаль з нямецкімі краямі (напр. з Гатляндам, пасьля з Рыгаю). У XVI веку Полацак меў больш за 100 тысяч жыхараў і славіўся сваім багацьцем.

Было тады ў Полацку два замкі — верхні і ніжні. Стаялі яны на ўзгорку на левым беразе Полаты пры яе ўтоку. У верхнім замку былі княжыя палацы, стаяў старасьвецкі сабор Сьв. Софіі (ён і цяпер стаіць).

Полацку прышлося шмат перацярпець за свой даўгі век. Ня раз зьніштажалі яго пажары, ня раз пусьцеў ён ад чумы ды халеры, ад голаду, а найгорш даводзілася яму ў часы маскоўскіх нападаў. Тады разам ішлі ўсе гэтыя беды і да іх яшчэ дадаваліся няміласэрныя звычаі вайны. У канцы Полацак так змалеў, што ў 1780 годзе ў ім заставалася ўсяго каля 1000 жыхараў.

Пасля таго Полацк яшчэ некаторы час быў аджыў — гэта калі ў 1812 гаду там была адкрыта вышэйшая школа — акадэмія. Але акадэмія істнавала ўсяго 8 гадоў. Па яе закрыцьці Полацак зрабіўся самым звычайным паветавым местам, якім ён і астаецца дагэтуль. Жыхараў у ім каля 30 тыс. чалавек, хвабрык і заводаў вялікіх няма.

Ад старыны засталося мала. Ад замку засталіся толькі равы, якія яго абкружавалі ды сабор сьв. Софіі, якога праўда перабудавалі ў XVIII веку. Гэта аб гэтым саборы кажацца ў „Слове аб полку Ігораве“; яго званы чуў князь Усеслаў седзячы ў далёкім Кіеве... Але найцікавейшы будынак у Палацку — гэта старасьвецкая царква — Хрыста-Спаса, якую пабудавала

Полацак, калі на яго глядзець з заходняга боку.

ў XII веку Сьвятая Еўфрасіньня, княжна полацкая. — У вялізных мурох, дзе ўперад зьмяшчалася акадэмія — цяпер ваенная школа.

Харошыя і любыя, а разам з тым балючыя ўспаміны абуджае Полацак у сэрцы беларускім. Горад гордае Рагнеды, якая не хацела разуць нагі кіеўскаму князю, горад Усеслава Чарадзея, найслаўнейшага з князёў беларускіх, горад вялікай багамоліцы — сьвятое Еўфрасіньні заснуў на даўгія вякі. Ня збіраецца шумнае веча, ня плывуць чаўны беларускіх купцоў полацкіх у варажское мора; ды і купцоў беларускіх у Полацку ўжо даўно няма. А званоў Сьв. Софіі даўно ўжо ніхто ня чуў, ня то што ў Кіеве, а навет куды бліжэй — па мястох і вёсках беларускіх.

Як заціх і замёр Полацк, так заціхла і замёрла жыцьцё на ўсёй Беларусі. Калі-ж яно адродзіцца і Беларусь стане на свае ногі, пэўне, зусім іначай будзе выглядаць і Полацк.

У Полацку цяпер крыжуюцца дзьве чыгункі (адна з іх нядаўна пабудавана) і ёсьць параходная прыстань на Дзьвіне. Дзеля гэтага трэба спадзявацца, што гэтае адвечнае места йзноў пачне шыбка расьці і разьвівацца.

Полацкі павет ляжыць блізка ўвесь на правым беразе Дзьвіны. Грунты яго найбольш неўраджайныя. Затым-жа ў павеце шмат лясоў і балотаў, а насяленьне рэдкае.

Пры Лепельскім возеры, ля р. Уллы — ляжыць места Лепель. Р. Улла, як ведама, ёсьць часткай сыстэмы Бярэзінскіх каналаў. Ня гледзячы на гэта Лепель мае вельмі малое промысловае і тарговае значэньне. Такое значэньне маюць за тое мястэчкі Лепельскага павету, якіх ёсьць больш дзесятка. Сярод іх найболыш адзначаюцца два: Бешанковічы і Чашнікі.

Бешанковічы досіць вялікае, (каля 5000 чал.) бойкае тарговае мястэчка, на высокіх берагох Дзьвіны там, дзе яна крута заварочуецца на паўночны захад.

Мястэчка мае добры выгляд, усё брукаванае. На Дзьвіне ёсьць бойкая параходная прыстань. Навакол Бешанковіч ляжыць добрая ўроджайная зямля і гаспадарка вядзецца добра. Дзеля гэтага ў Бешанковічах прадаецца шмат збожжа. У мястэчку шмат рамяснікоў (мылавараў, ганчароў і інш.)

Чашнікі старасьвецкяе мястэчка, ля р. Уллы, слаўнае гістарычнымі ўспамінамі. У сярэдзіне XVI в. беларускія ваяводы мелі тут дзьве вялікія ваенныя перамогі. Мікалай Радзівіл Чорны разбіў тут у 1565 гаду маскоўскае войска, а цераз два гады, Сэнгушка разьбіў татараў. Цяпер Чашнікі вялікае тарговае мястэчка, маюць да 7 тыс. жыхараў, спаміж каторых шмат рамясьнікоў.

Пад Чашнікамі у фольв. Скіне ёсьць хвабрыка паперы Валадковіча, на якой працуе больш 500 работнікаў. Паперы ў год вырабляецца больш 200 тыс. пудоў.

У Лепельшчыне ёсьць некалькі мінэральных крыніцаў — у Боркаўшчыне (каля Ушача) серна-зялезная, у Вішковічах (пад Чашнікамі) серныя і інш. Хаця яны ўлечуюць хворых, аднак застаюцца ня выкарыстанымі.

Лепельскі павет належыць да найгусьцей заселеных паветаў Беларусі. У ім шмат шляхоцкіх засьценкаў. Грунты ў ім ляжаць гляістыя, ураджайныя. Сеюць шмат ячменю. У мястэчках шмат рамясьнікоў.

Маладзіца-мяшчанка з Лепельшчыны.

Дрыса, ля Дзьвіны, пры ўтоку р. Дрысы, даўнейшае прадмесьце Полацку, — цяпер гэта невялікае места.

У паўночнай часьці Дрысенскага пав. ёсьць возера Асьвей з вялікім востравам пасярод. На гэтым востраве ўперад была капліца з вядомым ўва ўсёй Беларусі цудоўным абразом Багародзіцы. Возера злучана з р. Дрысаю каналам, па якому сплаўляецца шмат дрэва. На беразе возера ляжыць тарговае м-ка Асьвей. Ля Дрысы ляжыць м-ка Валынцы, дзе ўперад была гімназія, якую пасьля расейцы закрылі. У гэтым мястэчку ёсьць гарбарня, бровар.

Дзісна так сама, відаць, была пабудавана палачанамі; праз даўгі час яна належыла да полацкіх архірэяў. Ляжыць ля Дзьвіны, за дзьве мілі ад чыгункі. У Дзісьненскім павеце ёсьць тры важных мястэчкі: Глыбокае, Паставы і Друя. М-ка Глыбокае ляжыць на паўдні павету, сярод двох вазёраў. Мае каля 7 тыс.

Селянін з Лепельшчыны.

насяленьня, якое займаецца найбольш гандлем. За возерам знаходзіцца м-ка Беразьвеч — з манастыром, пры вузкакалойнай чыгунцы з Сьвянцян, якая йдзе паўднёвым краем Дзісьненскага пав. Пры гэтай так сама дарозе ляжыць м-ка Паставы. Некалісь Паставы належылі да Тызенгаўза, вядомага асьветнага і эканаміцкага дзеяча, які жыў у XVIII в. Тызенгаўз быў пабудаваў тут некалькі хвабрыкаў — палатняную, паперню, гарбарню і інш. Быў тут даўней і багаты музэй, які пасьля быў перанесены ў Вільню. Цяпер Паставы маюць каля 3 тыс. жыхараў.

Друя — значная прыстань на Дзьвіне. Лічыцца местам, мае каля 6 тыс. жыхараў.

Дзісьненскі павет ляжыць на добрых грунтох і досіць густа заселяны, апроч заходняе яго часткі, дзе цягнуцца вялікія хваёвыя бары, на пяшчаных грунтох.

Беларускія часткі паветаў Іллукштанскага і Брацлаўскага (Ново-Аляксандраўскага) ляжаць на бедных пяшчаных грунтох. Прасторы гэтых паветаў засеяны сотнямі вазёраў, між якіх ёсьць і такія вялікія, як Снуды (22 кв. в.), Дрысьвяты (41 кв. в.), Дрывяты і інш. Лясоў тут мала. Насяленьне займаецца, апрача гаспадаркі, рыбалоўствам на вазёрах.

Ля воз. Дрывяты стаіць стары горад Брацлаў (або Братыслаў) — равесьнік Полацка, даўнейшае паветавае места. Цяпер гэта невялікае мястэчка. Паветовым местам зрабілі былі пасьля Езёросы, якое назвалі Ново-Аляксандраўскам. Езёросы ляжаць на мяжы паміж, Беларусяй і Літвою. На гэтай-жа мяжы ляжаць на яшчэ Іллукшты, другое паветавае места і Відзы — значнае мястэчка, вядомае з сваіх мінэральных крыніцаў.

Дзьвінск (або Дынабург) заложаны быў, у XIII веку, лівонскімі рыцарамі. Гадоў сто назад, тут расейцы пабудавалі крэпасьць. Горад ляжыць у нізініе, ля Дзьвіны, і займае вялікі прастор. З Дзьвінску разыходзяцца ў 5-х кірунках чыгункі і некалькі шосаў. Па Дзьвіне ходзяць параходы да Полацка і Віцебска. Дзякуючы гэткаму свайму палажэньню, Дзьвінск вырас у вялікі горад: у ім да 100 тыс. насяленьня. Насяленьне мяшанае: найбольш жыдоў, шмат беларусоў, латышоў і старавераў — расейцаў.

Дзьвінск — прамысловы горад. Асабліва многа ў ім гарбарняў, якія да таго-ж маюць, добрае ўстройства і вырабляюць лепшыя сарты скуры. У Дзьвінску каля 2000 хвабрычных работнікаў.

За мілю ад Дзьвінска, ля Дзьвіны, ёсьць курорт Пагулянка. У харошай мяйсцовасьці, у адвечным хваёвым бары пабудаваны мураваныя вадзяныя і кумысовыя лячэбніцы, дзе хворыя маюць усякія выгоды і камфорт. Хворых сюды зьяжджаецца досіць многа. З Дзьвінску сюды ходзяць параходы.

У харошай мяйсцовасьці, ля Дзьвіны, за 6 міль ад Дзьвінску, ляжыць Краслаўка, прамысловае і гандлёвае мястэчка. Пабудавана яно вельмі даўно. Кажуць, што ў ім жыла Сьв. Еўфрасіньня Полацкая (XII век.) Краслаўка даўно славілася сваймі дыванамі, аксамітамі, сукнамі, броняю, срыбнымі, залатымі і іншымі вырабамі краслаўскіх рамясьнікоў. Цяпер у Краслаўцы найбольш разьвіта гарбарства.

Краевід у азёрным краю.

У Краслаўцы ёсьць вельмі харошы касьцёл і палац з вялізазным паркам, якія пабудаваў краслаўскі дзедзіч, гр. Зібэрк-Плятэр.

Краслаўка.

У Дзьвінскім павеце беларусы жывуць перамешанымі з латышамі. Чыста беларускімі трэба лічыць толькі ваколіцы Дзьвінску і наагул узьбярэжны пас, уздоўж Дзьвіны, ад Дзьвінску да Друі. У гэтай часьці павету грунты ураджайныя, народ жыве багата.

У Дзьвінскім і суседніх паветах жыве шмат старавераў.