Генрых (Гейнэ/Багдановіч)
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Генрых Верш Аўтар: Генрых Гейнэ 1844 / 1909 Арыгінальная назва: Heinrich Пераклад: Максім Багдановіч Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 373 |
У Каносе, перад замкам,
Ноччу цёмнай і дажджлівай,
На дварэ стаіць цар Генрых,
Босы, у адной кашулі.
На яго ў акно хтось двое
Пазіраюць… Месяц глянуў,
Асвяціў Рыгора папы
Брыты чэрап і Мацільду.
Пабялеўшымі губамі
Генрых «Ойча наш» шапоча,
Але злуе яго сэрца,
Нешта іншае гаворыць:
«Там далёка, ў краю родным,
Горы цвёрдыя паднялісь;
У глыбі тых гор жалеза
Пахавана на сякеру.
Там далёка, ў краю родным,
Ёсць лясы з дубоў вялізных:
3 самаго старога дуба
Для сякеры выйдзе ручка.
Край мой родны! Край мой верны!
Зродзіш, край, ты чалавека,
Што змяю майго мучэння
Ўраз заб’е сякерай вострай».
(1844 / 1909)