Перайсці да зместу

Ганка (1929)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ганка
Драма
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1929 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЭАТРАЛЬНАЯ БІБЛІОТЭКА


УЛ. ГАЛУБОК


ГАНКА


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

УЛАДЫСЛАЎ ГАЛУБОК


ГАНКА


Драма ў 5-ці актах


Вокладка мастака
М. ГУСЕВА


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК ——— 1929

Надрукавана ў друкарні
Беларускага
Дзяржаўнага
Выдавецтва



Зак. 103.

У ліку 2.000 экз.

Галоўлітбел № 1162.

АСОБЫ

Палкоўнік, 50 г., былы ваяка Японскай вайны, бяз левай рукі, любіць выпіць — балака.
Яго жонка, 40 г., жорсткая кабета.
Студэнт Васіль, 20 г., круглы сірата — узяты з мужыцкай сям‘і.
Ганка, 18 г., пакаёўка.
Пастух, 45 г., бацька Ганкі.
Хімка, 16 г., слуга палкоўніцы.
Пясэцкая, 50 г., багатая ўдава — вар‘ятка.
Марыся, 18 г., яе дачка.
Альфонс, 35 г., зьбяднелы дваранін, заляцаецца да Пясэцкай.
Незнаёмы, 30 г., перавозьнік-падпольнік.
Дзяўчынка, 7 г., дачка Ганкі.
2 вураднікі.
Хор.



ТЫПЫ

Палкоўнік — сівы, з вялікімі вусамі, гаворыць павайсковаму, у голасе чуваць каманда.
Яго жонка — хітрая кабеціна, гаворыць павольна.
Васіль — у пачатку нясьмелы, бязвольны хлапчук, а пасьля зусім іншы.
Ганка — прыгожая дзяўчынка.
Пастух — звычайны селянін, перш з невялікай барадой, а пасьля зусім сівы, з доўгай барадой.
Пясэцкая — комічная кабеціна, на ёй старасьвецкая вопратка; сівая.
Альфонс — апрануты ў фрак гарохавага колеру, сам рыжы, валасы прылізаныя.
Незнаёмы — нібы звычайны рабочы, апрануты пасялянску: боты, сьвітка; твар аброслы, выразныя вочы, гаворыць разважна, курыць люльку.



Акт I[правіць]

AKT I

На сцэне гаспадыня сядзіць за сталом у роспачы.

Гаспадыня. Банкрот, банкрот, банкрот, — час аплаты вэксалёў, а тут, хоць запалі, грошай ані шэлега! (Звоніць). Зноў няма, і дзе яна гіне!

Убягае Ганка

Гаспадыня. Ты чаго задыхалася?

Ганка. Бегла.

Гаспадыня. Куды ты ўсё бегаеш?

Ганка. Ды нікуды, так, за гару.

Гаспадыня. Дзіўна, штодзень бегае за гару, — учора бегала, сягоньня бегала, выглядаеш каго!? (Пауза). Пакліч мне пана, а потым ідзі на панадворак і чакай. Зараз павінна пані Пясэцкая ехаць, папросіш яе да нас.

Ганка. Слухаю, пані. (Пашла).

Гаспадыня. Яшчэ адзін плян… калі ня ўдасца, усё загіне.

Уваходзіць палкоўнік

Палкоўнік (трохі падвыпіўшы). Здравія жалаю, Вэнэра Мілоская!

Гаспадыня. О, рад, вясёл, як сонца вясною… ужо пахмяліўся?

Палкоўнік. А так, чарачку гакнуў!

Гаспадыня. Яму нічога ня страх.

Палкоўнік. Наш брат вайсковы нічога на сьвеце не баіцца.

Гаспадыня. Прыдзі ты да памяці, паглядзі навокал сябе, — даўгі зарэзалі, прададуць з малатка ўсё.

Палкоўнік. Дык што-ж зрабіць загадайце? Пад мост пайсьці з нажом?

Гаспадыня. Толькі і чую жарты, жарты ды жарты. Зараз улезе ў мае пакоі мужычы лапаць, а ён байкі бае.

Палкоўнік. Ты ведаеш, баба?.. Усё можа быць магчыма — па нашых паркетах зашапаціць мужычы лапаць!

Гаспадыня. Здурнеў, дальбог здурнеў.

Палкоўнік. А цікава будзе глянуць — і дзед і прадзед нічога падобнага ня бачылі, а я — патомак іх — убачу, як мужычок прыгорне да сваіх рук нашы маёнткі.

Гаспадыня. Ну, годзе, мне не да жартаў, трэба ратавацца. Я намысьліла дзеля спасеньня адзін досыць хітры плян.

Палкоўнік. Хітры? Прынцыпова ня слухаю.

Гаспадыня. Ды пакінь ты жарты, сэрца крывёю абліваецца, а ён…

Палкоўнік. Валі праўду, я твой, а хітрыкі гані вон.

Гаспадыня. Чакай, чакай, мілы мой, пажартуеш, калі з малатка прададуць і лес, і зямлю ды ня будзе чаго есьці.

Палкоўнік. Пайду зноў у полк і буду з салдатамі гарох есьці.

Гаспадыня. Размова скончана, будзеш слухаць ці не?

Палкоўнік. Валі праўду, я твой!

Гаспадыня. Я атрымала ліст. Сягоньня павінен прыехаць студэнт.

Палкоўнік. Сягоньня прыедзе Васіль?

Гаспадыня. Ну што-ж асаблівага! Прыедзе і будзе тут.

Палкоўнік. Рад, вельмі рад. Прыедзе мой гадунец.

Гаспадыня. Сам ведаеш, — ён нам чужы. Гэта, што мы ўзгадавалі сірату і давялі да становішча студэнта, ня прымусіць яго, каб ён нас любіў, як бацькоў, і шанаваў-бы нашу старасьць.

Палкоўнік. Э, куды хваціла! Дай мне ўспомніць як ён выглядае. Год ня бачыў.

Гаспадыня. Зноў пляце глупства!

Палкоўнік. Зусім не. Хлапца я шаную і люблю яго, як сына. Вось, як сягоньня памятаю, — мужычок бацька, мужычка маці жывуць у курнай хаце, паміраюць, застаецца дзіця, круглая сірата… А ну яго сюды! Выкручваю з зрэбных пялёнак, гадую, вучу, даю дарогу ў інстытут.

Гаспадыня. Так вось прыедзе Васіль!

Палкоўнік. Сьвята, вялікае сьвята!

Гаспадыня (грозна). Ты будзеш слухаць ці не?

Палкоўнік. А пашто крык!

Гаспадыня. Яму ўжо 18 год!

Палкоўнік. Самы грэнадэр.

Гаспадыня. Трэба яго пазнаёміць з дачкой пані Пясэцкай і…

Палкоўнік. І павесіць!

Гаспадыня. Не павесіць, але ажаніць.

Палкоўнік. Не адно ліха, — ці павесіць ці ажаніць!..

Гаспадыня. Памойму — не адно.

Палкоўнік. А на якое ліха яго жаніць?

Гаспадыня. Трэба так. Яна адна дочка, багацьце нязьлічонае. Аб тым, што ён мужычы сын, яны ня ведаюць.

Палкоўнік. Але пашто гэта ўсё!

Гаспадыня. Ажаню Васіля, возьмем вялікі пасаг, ад якога стане на ногі наша гаспадарка.

Палкоўнік. Так, плян твой хітры. Значыцца, на чужым няшчасьці хочаш будаваць сваё шчасьце! Вось мая рэзолюцыя: Васіля ня вешаць, але аддаць у вайсковую акадэмію, а цябе за хітрыкі пасадзіць у карцар на 10 дзён. (Пайшоў у бакоўку).

Гаспадыня. Ня хочаш! Як хочаш, ня буду пытацца тваёй згоды, а зраблю сама: Васіля ажаню з дачкой пані Пясэцкай, вазьму, які хачу, пасаг, а пасьля зайграю на свой лад. Яму ўсё жарты… Я хлапца выцягнула з мужычага балота, аддала ў Інстытут, плачу гэтакія грошы і буду ля мора пагоды чакаць. О, не, я буду глядзець у даль, бо, як бачу, жабракамі будзем!

Убягае Ганка з вялікай радасьцю

Ганка. Пані Пясэцкая едзе з вакзалу!

Гаспадыня. Што з табой?

Ганка. Толькі, значыць, я вышла за гару, аж убачыла…

Гаспадыня. Каго ты ўбачыла?

Ганка. Паніча нашага!

Гаспадыня. Паніч тут?

Ганка (паказваючы ў акно). Вось гляньце ў акно! (Убачыла грозныя вочы гаспадыні і панурылася).

Гаспадыня (пасьля вялікай паузы). Ну добра, але чаго ты пачырванела, як рак!

Ганка (упаўшым тонам). Нічога, гэта я бегла.

Гаспадыня. Ідзі сабе! (Ганка пашла). Якраз у пару. Хлапец спакойны, прыцісну — ажэніцца, а старая вар‘ятка раскашэліцца. Усё аддасьць яму, а ён мне.

Уваходзіць студэнт Васіль у закураных ботах, з клумкам у руках.

Студэнт. Добры дзень, цётачка! (Шапку трымае ў руках).

Гаспадыня. Ну, мой каласок, прыехаў!

Студэнт. Прышоў.

Гаспадыня. Рада, вельмі рада! Год ня бачыла! Ну, сядзь! Як навука, перайшоў на другі курс?

Студэнт. Перайшоў.

Гаспадыня. Выбачай, дзеткі, мала пасылала грошай: бяда за бядой, дзядзька на вайне руку як страціў, гаспадарку апусьцілі. (Глядзіць яму на ногі). Што-ж ты гэтак закурыўся?

Студэнт (стукаючы шапкай па халявах ботаў). У дарозе, цётачка.

Гаспадыня (адвярнулася нездаволена). Пехатой, бядак, з вакзалу пракульгаў? Ну, што-ж — маладому сем міль не ў наклад. Прабег і не заўважыў.

Студэнт. Як здароўе дзядзькі?

Гаспадыня. Меле языком, як цэпам. Зараз убачыш. Ганка! (Кліча. За сцэнай аказалася Ганка).

Студэнт (пачуўшы голас Ганкі, крута павярнуўся).

Гаспадыня (убачыла гэта, зразумеўшы). Пакліч пана, прыгатуй панічу вады! (Пауза). Прыгожы ты хлапчук і вучышся добра, толькі бяда наша — ня зможам памагаць табе больш.

Студэнт. Як? Што?

Гаспадыня. А так, прыдзецца распродаць усю маемасьць — і гайда заграніцу.

Студэнт. Заграніцу? А мяне?

Гаспадыня. Як ні шкада, а прыдзецца тут пакінуць.

Студэнт. Цётачка, што вы?

Гаспадыня. Нічога дзіўнага! Калі нам толькі хто не дапаможа, я гаспадарку прадаю і гайда заграніцу!

Студэнт. Ад каго залежыць помач?

Гаспадыня (хітра). Вось ад каго!

Студэнт. Цётачка, скажэце, што зрабіць? Я гатоў на ўсё.

Гаспадыня. Ну, ну, пабачым!

Студэнт. Усё, што загадаеце — зраблю.

Гаспадыня. Гэта мяне радуе!

Студэнт. Дык скажэце, цётачка, ня мучце!

Гаспадыня. Ну, добра, скажу, але раней памыйся і прыходзь!

Студэнт (пашоў).

Гаспадыня. Здаецца, усё будзе добра. Мужычая натура — што лаза: гні, як хочаш і куды хочаш.

Уваходзіць Ганка

Ганка. Пані Пясэцкая тут!

Гаспадыня. Ага, пабягу прыму (Вышла).

Ганка. О, што са мной? Трасуцца рукі, заныла сэрца, як убачыла, што вышаў з-за гары. Убачыў мяне і пытае: „Ганачка, ці памятаеш мяне?“ Я сказаць нічога не магла, іскры пасыпаліся з вачэй, ці помню я… Год як быў тут і штодня сустракаліся за гарой. Эх, шчасьцю нашаму ня было канца. А пасьля паехаў, а ад‘яжджаючы казаў: „Ганка, я прыеду, не запомні!“ І вось год, як выходжу за гару і ўглядаюся, ці ня едзе мой сакалок. І здавалася мне, што ўжо пакінуў, ня прыедзе… Аж не. Ён тут, я жыву! (Пры гэтых словах увашоў студэнт і напалову гэты монолёг чуў).

Студэнт. Ганачка!

Ганка (спалохаўшыся, але радасна). Ах, як вы спалохалі мяне!

Студэнт. Ну, чаго-ж ты спалохалася? Я-ж той самы, ты-ж мяне памятаеш?

Ганка. Памятаю!

Студэнт. Ганачка, як у вёсцы добра, вачэй не адарваць! А там у пушчы нешта нязвычайнае, — птушкі заліваюцца, а сонца-ж сьвеціць як!

Ганка. Я чую, як пяюць птушкі, і часта слухаю, як лес шуміць.

Студэнт. Шчасьлівая ты, Гануся, што можаш слухаць казкі векавога лесу. А я, жывучы ў горадзе, засумаваў па табе. Скажы, Гануся, у пушчы ты бываеш часта?

Ганка. Бываю рэдка.

Студэнт. А за гарой?

Ганка. Штодзень.

Студэнт. Адна?

Ганка (з жалем). Адна!

Студэнт. Скажы, памятаеш усё?

Ганка. Усё памятаю, год чакала.

Студэнт. Ну, то добра! А мы з табою пойдзем зноў туды ў пушчу, каб паслухаць, аб чым цяпер яна будзе нам шаптаць. Ну, скажы, пойдзем?

Ганка. Скажаце — пайду.

Студэнт. Гануся, мая родная! Як я рады, што маю шчасьце бачыць твае блакітныя, як неба, вочы! Яны, як васількі з каласістага жыта, паглядаюць на мяне і запаляюць іскру былога каханьня. Ганачка, ці верыш ты, што я таксама, як і раней, люблю цябе? (Пауза). Ну, скажы, мая зорка! (Ганка маўчыць). Я зразумеў цябе… ня месца тут. Заўтра ўвечары за гарой ты мне скажаш, а цяпер бяжы, мая каханая! Чую — цётка надыходзіць. (За сцэнай чуваць гоман). Што-ж, Гануся, будзеш?

Ганка. Буду, мой даражэнькі, буду! (Абое пашлі ў бакоўку).

Уваходзіць гаспадыня і Пясэцкая

Гаспадыня. Выбачай, даражэнькая, што затрымала на дарозе.

Пясэцкая. Я сама прасіла, калі прыедзе студэнт, паведаміць мяне.

Гаспадыня. Прыехаў, толькі што з дарогі.

Пясэцкая. Дык дай-жа мне яго, пакажы!

Гаспадыня. Зараз паклічу!

Пясэцкая. Я на яго гляну і зараз скажу, ці будзе да спадобы ці не, бо Марыся пакладаецца на мяне.

Гаспадыня. Будзе да спадобы, будзе!

Пясэцкая. Я многа не хачу: зяць павінен быць дваранін, любіць прыроду, любіць Марысю і мяне.

Гаспадыня. Усё гэта будзе.

Пясэцкая. Век мой кароткі, усё ім здам на рукі, а сама буду жыць (уздыхнула) з прыродай.

Гаспадыня. Ці варта аб гэтым казаць?

Пясэцкая. А я і забылася, з каго паходзіць студэнт. Ён дваранін?

Гаспадыня. А то як-жа! Самай чыстай крыві дваранін, патэнтаваны дваранін!

Пясэцкая. Ну, калі-ж ён выйдзе? Я чакаю!

Гаспадыня. А вось зараз. (Кліча: Васіль! Васілёчак!)

Уваходзіць Васіль з закасанымі рукавамі, з расшпіленым каўняром і з ручніком у руках

Гаспадыня (не пабачыўшы яго). Васілёк! Гэта пані Пясэцкая, пазнаёмся! (Глянула на яго). Няўжо-ж ты яшчэ не памыўся?

Студэнт. Яшчэ не пасьпеў.

Пясэцкая. А ці ня вас я спаткала на дарозе?

Гаспадыня (засланіла сабой студэнта, дае знак, каб ён вышаў).

Студэнт. Так, гэта быў я.

Пясэцкая. Няўжо-ж вы пехатой ішлі?

Студэнт. Э, не пяршыня!

Гаспадыня. Ён у нас такі, любіць прыроду. (Ня ў знак павярнула яго і выпхнула вон).

Пясэцкая (не пабачыўшы гэтага). Першы раз бачу, каб так любіў прыроду, пехатой сем міль.

Гаспадыня. Маладыя ногі.

Пясэцкая. І моцныя нэрвы. Гэткія людзі радуюць мяне. Для іх прырода тое, што і для мяне. Прырода для мяне — найвялікшая асалода жыцьця. Вясной ажывае прырода, ажываю і я. Зімой памірае прырода, паміраю і я. А скажэце мне, пан студэнт… (Пауза). Дзе-ж ён?

Гаспадыня. Засароміўся, уцёк, маладзёнак яшчэ!

Пясэцкая. А шкада, я хацела пагутарыць а прыродзе. Прыгожы хлапчына, дваранская постаць, нос, падбародак, вочы, ну і наогул усё такое! Ну, што-ж, будзем гаварыць з Марысяй! А я згодна, ён мне спадабаўся.

Гаспадыня. І Марыся будзе згодна.

Пясэцкая. Для сваіх дзяцей душу аддам. Век мой кароткі, жыву, пакуль прырода. Ну, мая дарагая, я павінна ехаць. Марыся адна сумуе.

Гаспадыня. Ай, ай, як хутка! Ну, буду прасіць разам з Марысяй. Трэба пазнаёміць маладых.

Пясэцкая. Пазнаёмім і ажэнім! (Кажуць гэта некалькі разоў, цалуюцца і са сьмехам выходзяць).

Выходзіць палкоўнік і студэнт з бакоўкі

Палкоўнік. Цяпер ты наш! Ад гэтага дня лічу цябе палонным, адбяру аружжа і пастаўлю вартавых, каб ня ўцёк.

Студэнт. Які суровы загад!

Палкоўнік. Так, брат, суровы! Сядзі да самай восені ў нашых межах!

Студэнт. Пабуду тут ня вельмі многа.

Палкоўнік. О не, я ня згодзен, ты павінен адпачыць, а потым з новымі сіламі да навукі. Навука любіць людзей здаровых. Ты думай сабе, што мы з табой на бівуаку. Ноч… лягер наш… і вораг сьпіць. Адны вартаўнічыя ўглядаюцца ўдаль. (Пры гэтых словах увашла гаспадыня).

Гаспадыня. Пачаў ужо сваю валачобную!

Палкоўнік. Я так і ведаў, сарвала ў мяне думку.

Гаспадыня. Твая размова мала цікавая, можна і пасьля!

Палкоўнік. Што каму: бабе — сырадой, а салдату — вайна на першым пляне. Кажы! Слухаю!

Гаспадыня. Скажы мне, Васілёк, як навука ішла?

Студэнт. Кульгаючы.

Палкоўнік. Ха, ха, ха! Жартаўлівы хлапец, адразу відаць! Калісь, у даўныя часіны, быў у мяне салдацік жартаўлівы. Бывала, вернецца з выведкі і такіх вестак паднясе, такіх вестак… Дзівіцца трэба. Ваша благародзьдзе, грыт…

Гаспадыня. Пачаў ужо!

Палкоўнік. Але, ваша благародзьдзе, грыт… Залеглі мы ў кустох і бачым — двое масурман ідуць. Стаіліся. Мой салдацік з вунцерам за кустом і сядзяць, а пасьля калі гаркнуць: „Стой!“ (Моцна крыкнуў).

Гаспадыня (спалохаўшыся). Ах, з ім жыць мог-бы толькі салдат.

Палкоўнік. Ты сказала праўду! Душу салдата можа зразумець толькі салдат. Значыць — стой! Японцы ад страху, як салома, паляглі, а пасьля як убачылі, што нашых двое, хапіліся за стрэльбы. Эге-ге, братцы мае! Вось мой салдацік на хітрыкі пашоў. — „Стой, — кажа, — басурманская шэрсьць! Пашто нам кроў дарэмна праліваць? Давай лепш толкам разьбярэмся, каму палонным быць?“ — „Давай“, — адказалі японцы, і наважылі барокацца вось гэткім спосабам. (Схапіў упол студэнта).

Гаспадыня. Чакай, чакай, ты памяць страціў?

Палкоўнік. Ды я хацеў паказаць, як мой фэльдфэбэль японцу косьці пакрамсаў. Вось, значыць, пачалі. Фэльдфэбэль гне сабе, а японец — сабе. Гляджу я на барцоў і думаю — хто-ж каго? Аж бачу — захістаўся японец, затупаў, як казёл, нагамі і расьцягнуўся на траве.

Гаспадыня. Вось і салгаў! Цябе-ж там ня было.

Палкоўнік. А ты слухай і маўчы! (Пауза). І так фэльдфэбэль расплытаў японца, а другі палажыў майго унцера.

Студэнт. Палажыў?

Палкоўнік. І так палажыў, што той ня важыўся ўставаць. Я памог на ногі паставіць.

Студэнт. Ну, і што было?

Палкоўнік. А было тое, што фэльдфэбэль прывёў да мяне японца, а унцера павялі ў Японію… А цяпер яшчэ адно здарэньне.

Гаспадыня. Але дай-жа мне з ім гаварыць.

Палкоўнік. Будзь ласкава, прашу. Ты ня дзівіся! Вайсковая душа на волю рвецца, атакі, баталіі ды канонады сьняцца.

Гаспадыня. Скажы мне, Васілёк, як скончыш навуку — на каго ты пойдзеш?

Студэнт. На агронома.

Палкоўнік. Падавайся ў вайсковыя!

Студэнт. А ці-ж добра будзе?

Палкоўнік. Будзеш грозны для ворага і мілы для салдата, скончыш акадэмію… поле для працы ну, дасі гарту ворагу! Паміраючы будзе ўспамінаць. Прыкладам, пойдзеш ты ў атаку, ты ведаеш, што такое атака.

Студэнт. 3 большага.

Палкоўнік. Атака — гэта гураганны налёт на ворага… Думай сабе, што гэта сьцяна — наш вораг, а загад кажа з бою ўзяць усё. Ну, і пашла рваць дружына! Толькі пыл ды дым. Сьмерць косіць направа і налева. Ні сваяк, ні знаёмы не пападайся пад рукі, усе на валасок ад сьмерці. Вораг бяжыць, а мы з крыкам „ура!“… (Моцна крычучы ды ідучы па пакоі).

Гаспадыня. Стой! Стой!

Палкоўнік. Стаю. У, як трапечацца сэрца. Я, брат, часамі забываюся, што я ў хаце. Мне здаецца, што я на вайне. Ну, цяпер ты зразумеў атаку?

Студэнт. Зразумеў.

Палкоўнік. Цяпер ты гавары з цёткай, а я хвілінку адпачну.

Гаспадыня. Усё роўна ня дасьць нічога сказаць.

Палкоўнік. Даю, будзь ласкава, даю!

Гаспадыня. Скончыўшы Інстытут, будзеш агроном?

Палкоўнік. Гэта пытаньне… вайсковая акадэмія на дарозе стаіць.

Гаспадыня. Ня ўцерпеў такі!

Студэнт. Так, цётачка, пайду (Глянуў на палкоўніка).

Палкоўнік. Васіль!

Студэнт (глянуў на гаспадыню, убачыў яе суровыя вочы). Пайду на гаспадарку.

Палкоўнік. Прапаў адзін генэрал!

Гаспадыня. Ды не прапаў гаспадар, будзеш мець свой хлеб, гаспадарку на слуг здаць нельга, слуга ніколі ня спрыяе пану.

Палкоўнік. Ну, ясна, тады трэба жаніцца.

Гаспадыня. А хто цябе за язык цягне?

Палкоўнік. Выбачай, вайсковага за язык не пацягнеш, бо ён зубам калі хваціць, як мяне аскепкам гранаты.

Гаспадыня. Ну, будзь ласкаў, не ўспамінай! Я бяз болю ў сэрцы не магу перанесьці.

Палкоўнік. А я перанёс. Рука адляцела, што лісток з дрэва, нават і ня чуў.

Гаспадыня. Хвалішся, мой родны.

Палкоўнік. Кажу праўду. Добры салдат і на галаву не зьвяртае ўвагі, калі яна коціцца з плеч. А ты, браце, жаніцца не сьпяшайся. Нагуляйся добра, а пасьля… Я супраць жаненьня, калі яно не ў пару.

Гаспадыня. Я цябе не разумею. Ты ня ведаеш, у чым справа, пачынаеш плесьці глупства.

Палкоўнік. Мілая і дарагая жонка, я добра ведаю, у чым справа… не старайся атакаваць хлапца, бо ён дасьць адпор.

Гаспадыня. Я прашу — не перапыняй размову.

Палкоўнік. Студэнту не патрэбна жонка, але навука.

Гаспадыня. Я сама ведаю, што яму патрэбна.

Палкоўнік. Студэнт, бяз бойкі не здавайся, ведай сабе тое, што муж — гэта вярблюд, які цягне праз усё сваё жыцьцё паклажу і сам ня ведае за што. Твая мэта — вайсковая акадэмія, атака, канонада, баталіі, а бабу — фіць!.. Хадзем піць гарбату! (Пашоў).

Гаспадыня. Намалаціў, намалаціў і пашоў.

Студэнт. Як мне здаецца, дзядзька праўду кажа.

Гаспадыня. Слухай ня дзядзьку, а мяне. Ты-ж добра ведаеш, праз каго ты студэнт і хто аплачвае права навукі.

Студэнт. Ведаю… за гэта вечна ўдзячны.

Гаспадыня. Наша становішча найгоршае. Гаспадара няма, а дзе гаспадара няма — гіне ўсё. Парабкі зладзеі, а я адна. Так вось, баючыся таго, каб наша дабро не дасталося ў рукі мужыкоў, я апісала ўсё табе.

Студэнт. Мне? За што такая міласьць?!

Гаспадыня. Ты наш выхаванец, усё роўна, што наш сын.

Студэнт. Я хацеў іначай жыць.

Гаспадыня. Як іначай? Няўжо разам з мужыкамі? Ну, аб гэтым пакінем… І вось я хачу, каб гаспадарку ўзяў у рукі ты, каб на маіх абшарах красаваўся наш шляхоцкі герб, каб ты не дазволіў па нашай сьмерці таптацца мужыку з бруднымі нагамі. Дзядзька на ўсё глядзіць скрозь пальцы. Я сіл ня маю, а гаспадарка патрабуе моцнай рукі, і вось, пакуль ты тут, трэба ўзяцца за працу.

Студэнт. Я згодзен хоць зараз!

Гаспадыня. Ты-ж не падумай, што я цябе хачу ўпрэгчы ў саху. Зусім не! Я хачу, каб людзі працавалі, а тваё вока было-б усюды.

Студэнт. Дрэнны з мяне наглядач.

Гаспадыня. У гэтым-то і бяда. Вось дзеля чаго і сам пехатой па 7 міль ходзіш, і права навук яшчэ не аплочана. А чаму? Бо ў нас няма грошай. А потым я хачу цябе… ажаніць.

Студэнт. Мяне?

Гаспадыня. Чаго-ж так спалохаўся? Ажаніць — самая звычайная рэч. Ажаніць з багатай паненкай.

Студэнт. О, не, цётачка, баюся і памысьліць!

Гаспадыня. Зноў раблю гэта для таго, каб у тваю адсутнасьць гаспадарка апіралася на моцныя плечы. Табе трэба вучыцца, а мне трэба глядзець, каб быў хлеб і для цябе, і для мяне.

Студэнт. О, не, цётачка! Непатрэбны мне ні жонка, ні грошы.

Гаспадыня. А ты-ж абяцаў мяне слухаць. Твая адзінота, як і наша адзінота, прывядзе наша шляхоцкае гняздо да заняпаду. Паміраем мы: хто намесьнік? Ты. І што-ж ты зробіш адзін? Ці табе будзе ў галаве гаспадарка? Будзеш ты ў сталіцы куціць направа і налева, а ў нашых пакоях засядзе лапаць, мужычая руда.

Увайшла Ганка

Гаспадыня. Ты павінен ажаніцца з дачкой пані Пясэцкай! Прыгожая паненка! (Ганкі ня бачыць).

Студэнт (убачыўшы Ганку). О, не, цётачка, гэтага не абяцаю!

Гаспадыня. Ну, хіба захочаш пайсьці супраць нас? Але павінна напомніць табе, што ад гэтага будзе дрэнна, — кіну памагаць і будзеш зноў голы студэнт. (Павярнулася і ўбачыла Ганку). А ты чаго тут?

Ганка (з болем). Пан просіць, каб ішлі. Чакае…

Гаспадыня. (нездаволена). А я і забылася. Хадзі, дзетка, я пакармлю цябе. (Адыходзіць і ўбачыла, што студэнт хоча спыніцца з Ганкай; грозна). Васілёк! (Пайшлі).

Ганка (адна). Так, вось і паненку панічу сватаюць багатую, вучоную дваранку. Не зайздрошчу, але радуюся шчасьцю людзей. Абы ім добра было. Толькі ў мне нічога лепшага ў будучыне няма. Мужычка я, бедная батрацкая дачка, ня маю права думаць ні аб шчасьці, ні аб долі і сказаць нікому не магу, што ў маім сэрцы жыве. Павінна маўчаць і маўчыць. О, доля батрачкі! о, шчасьце наймічкі! Дзе-ж ты? (Плача, прыпаўшы к сталу).

ЗАСЛОНА

Акт II[правіць]

Барэновіч. Што нам рабіць, Ніколя? Навучы, організуй! Пакажы прыклад усім памешчыкам.

Мікола. Я і прыехаў… Агледжуся… Орыентуюся… Перш за ўсё мы павінны мець сувязь з штабам, са стаўкай… па- другое, быць усе ўзброены з галавы да ног… Я наконт апошняга крыху паклапаціўся… Па-трэцяе, генэрал Карнілаў, які зараз…

ЗЬЯВА ІХ
Тыя-ж і матрос Барыка

Барыка. Прабачайце, магу я бачыць капітана Бараловіча?

Барэновіч. Вы хочаце сказаць — Баррэновіча?

Барыка. Я кажу, звычайна, тое, што хачу… а ў фаміліі можа і мыляюся…

Мікола. Ня важна, папаша! Я капітан, што вам угодна ээ… таваішч?

Барыка. Я матрос бальтфлёту і член матроскага камітэту з „Аўроры“.

Мікола. Бачу. Надта прыемна. Я член палкавога камітэту.

Барыка. Ведаю… Тут на адпачынку, пасьля кантузіі…

Мікола. У наступленьні 19-га чэрвеня… Але вы надзвычайна добра асьвядомлены… ээ…

Барыка. Дзіва! Я родам з нашага павятовага гарадку а вы тут усім вядомы, як…

Мікола. Ну так! Дык чым магу быць карысны?

Барыка. Карысны? Цяжка пакуль сказаць. Проста, я, даведаўшыся, усё-ж член палкавога камітэту — недалёка, тут схадзіць… ну, дык вось…

Мікола. А, так! Ну, што-ж, проша! Таксама ў адпуску?

(Барэновіч і сьвяшчэньнік ідуць у пакой).

Барыка. Я ранены.

Мікола. Флёт, здаецца, даўно ня прымаў удзелу…

Барыка. На моры, а на вуліцах, з вінтоўкай.

Мікола. Ах, на вуліцах… У лютым?

Барыка. Крыху пазьней…

Мікола. 4—5-га ліпня ў Петраградзе?

Барыка. Можа і там.

Мікола. Разумею… так, так. Вы бальшавік?

Барыка. Я матрос бальтфлёту.

Мікола. Ах, вы ня хочаце быць са мной шчырым… у такім разе не разумею вашага візыту, гаспадзін бальтыец!

Барыка. Проста цікава было, што было, што за член палкавога камітэту. Так як у нас, ці не… Калі гэта вас нэрвуе, калі ласка: маёнтак ваш!

Мікола. Дадайце яшчэ слова: „пакуль што ваш“. Ха!

Барыка. Можа і так… Дзіўна, як гэта лёгка расхваляваць пана!

Мікола. Пана? Пры чым тут „пан“! Я перш-на-перш — салдат!

Барыка. Хоць і ў залатых пагонах…

Мікола. Хаця-б сабе і ў залатых пагонах, — калі для вас гэта так важна!

Барыка. Нам ня важна, мы іх ня носім!

Мікола. Салдат-франтавік — тры гады на фронце, у акопах… гэта таксама для вас ня важна? Вас дзівіць, што я нервуюся?

Барыка. Што лёгка ўзрушыць вас…

Мікола. У кожнага культурнага чалавека ёсьць нервы гаспадзін матрос!

Барыка. А ў матросаў нэрваў гэтых самых — няма вядома!

Мікола. Я гэтага не кажу.

Барыка. Але думаю! Ну, добра. Болей мне нічога не патрэбна тут… бывайце.

Мікола. Цікава! Прышлі „паглядзець“, як сябе адчуваюць зараз „паны“!

Барыка. Ясна, што цікава — асабліва тыя, што хочуць іграць яшчэ нейкую ролю…

Мікола. І сыграюць, будзьце пакойны!

Барыка. Вось-жа і цікава пабываць на рэпэтыцыях… бывайце!

ЗЬЯВА X
Тыя-ж, затым Софі, Генадзі, Манюня

Софі. Манюня вечна ідэалізує: Тацяна — звычайная вясковая дзяўчына, ня болей.

Манюня. Але і ня меней!

Барыка. Гэта добра сказана! Нават дзіўна, што вы не вясковая, як відаць… Бывайце! (Зьнікае).

Манюня. Хто гэты матрос?

Мікола. Большавік, нахал! Помесь францускага санкюлёта з тутэйшым паўстанцам! Прышоў на вылазку з сваіх бальшавіцкіх акопаў: выведаць, як адчуваюць сябе „паны“!

Софі. Чаму вы не арыштавалі яго, Ніколя?

Генадзі. Цяпер! Што вы, цёця? Мы ня маем права! Мы цяпер толькі жывем!

Мікола. У пэрыод революцыі правы і законы ня пішуцца, а бяруцца сілком і высякаюцца шаблямі на чарапох! Можа быць Соф‘я Пятроўна і мае рацыю. Ва ўсякім разе трэба наглядаць за ім!

Манюня. А ўсё-ж вочы ў яго выразныя і сам…

Генадзі. Захапіліся? Кузіна Манюня, захапіліся? Праўда!

Мікола. Што-ж, гэта ў характары Манюні! Якая розьніца: матрос, афіцэр!

Манюня. Розьніца ёсьць, кузэн Мікола! (Уваходзіць у дом).

Софі. Манюня з яе выхаваньнем часам робіцца… проста… няпрыемнай…

Генадзі. Яна можа выйсьці замуж за… за… проста за якога-небудзь… Хаця і гэта ня важна! Што важна цяпер!

Мікола. Не твае разважаньні, ва ўсякім разе!

Софі. Я бачу, што Ніколя ня ў гуморы, Генадзі, пакажэце мне, як прайсьці на возера.

Генадзі. З вялікай ахотай, цёця Соня! Там лебедзі, праўда, толькі пара. (Выходзяць). (Мікола аглядае свой рэвольвер і ідзе ў другі бок саду).

ЗЬЯВА XI
Барыка, Сысой, Тацяна

Барыка (зірнуўшы на балькон). Аа, нікога! Як разагнаў хто! Не, нехта іграе там, у пакоях…

Тацяна. Гэта Манюня, дачка доктара. Прыехалі сюды нядаўна…

Барыка. Добра іграе, праўда, Тацяначка?

Сысой. Спэцыяльна! Ну, мусіць, вучылася, паненка!

Барыка. Навучымся і мы, пачакайце! Самі-ж нас вучыць будуць гэткія паненкі…

Тацяна. Яна слаўная гэтая Манюня, нібы не паненка зусім…

Сысой. Ат! Адна пся костка!

Барыка. Ну, Сысой, разьбірацца таксама трэба, — не ў адзін хлеў усё быдла!

Тацяна. Ведаеце, дзядзечка Сысой і вы Пётра. Вось нічаму не зайздрошчу панскаму — ані сукням, ані дываном, а таму што яны асьвечаныя, выхаваныя — зайздрошчу, прызнаюся — зайздрошчу!

Сысой. Ды ўсё забраць, толькі бяды!

Барыка. Калі толькі жыць захочуць, дык і асьвету перададуць нам, Тацяначка! Манюня яшчэ вас вучыць будзе.

Тацяна. Каб-жа! Ну, бывайце, дзядзечка і Пётра! Дзякую, што наведаліся, — адна я цяпер тут, як татка памёр. (Хоча ісьці на ганак).

Барыка. Куды вы, Тацяначка?

Тацяна. Да аканома, справа ёсьць, Пётра…

Сысой. Заходзь да нас.

Тацяна. Добра, добра, калі зайду! (Зьнікае назад у сад).

Барыка (да Сысоя, азірнуўшыся). За імі цяпер за ўсімі сачыць трэба. Ані на момант без свайго вока!

Сысой. Абізацельна!

Барыка. У кожным такім панскім куточку сядзіць, братка, контррэволюцыя.

Сысой. Контррэволюцыя?

Барыка. А ты думаў! Паабіралі ў камітэты розных палкоўнікаў ды капітанаў, вядома, па дурасьці, а цяпер…

Сысой. Па дурасьці, таварыш Барыка! Правільна, яшчэ тады па навіне, як цара скінулі. Яны-ж гэта „мы з вамі, братцы!“

Барыка. Ага, з вамі! А пасьля — Карнілава хочаш? Знаем мы іх! Вось адзін з такіх камітэцкіх тут, гэты капітан.

Сысой. Вось гэны? Ого! Мы іх усіх з маленства ведаем. Генадзі — той нейкі прыдуркаваты, а гэты — ого!

Барыка. Словам, браце, сачы! Ня я буду, калі ў самую! панскую гасьціную не забяруся, а не, дык…

{{разьбіўка|Сысой. У спальню пэўней будзе, так, таварыш Барыка.

Барыка. Ха-ха-ха! А ну цябе, Сысой!

Сысой. Гэта я так, глупства. Што я хацеў табе сказаць? Я, брат, уродзе як дызэртыр…

Барыка. Дызэртыр?

Сысой. Ага! Керанскі загадаў: трэба, каа, ваяваць ды загінуць, каа, за зямлю, і волю, каа. А навошта мне тая зямля, калі…

Барыка. Керанскі ня даў ні зямлі, ні волі! Усё адкладае на Ўстаноўчы Збор. А каб настаяшча адабраць ад паноў зямлю, ад капіталістых — вольную працу, дык за гэта варта загінуць, так ты і ведай.

Сысой. Ага, вось як!

Барыка. І калі-б ты ўцёк з таго, нашага фронту, як будзем адбіваць зямлю і волю, дык, браце, не падарую!

Сысой. Правільна! Страляй тады, во сюды ў грудзі. Правільна!

Барыка. Загіне не адзін!

Сысой. А каб так, не загінуць? А, таварыш Барыка? Каб, значыцца, паваяваць, адабраць усё, што трэба, ды каб пажыць пасьля, а? А то — абідна, таварыш Барыка!

Барыка. Можа і пажывем, ня ў тым рэч!

ЗЬЯВА XII
Тыя-ж і Матруна

Матруна. А я цябе шукаю. Прабачайце, таварыш… я…

Сысой. Ну што там яшчэ? Што здарылася?

Матруна. Ды там. (Шэпча яму). Прабачайце, гаспадарскія справы… Улез проста ў хату… я, каа, з дзікай дывізіі.

Сысой. Што? Дык як-жа так? Якое мае права? Ну, я зараз, таварыш Барыка. Дык я забягу ў горад да цябе.

Барыка. Заходзь, заходзь!

Матруна (у бок ганку). Жывуць! іграюць, балююць. Нібы нішто ніякае! і навошта тады гэтая леваруцыя?

Барыка. У тым і бяда, цётка, што дагэтуль была толькі праваруцыя, а цяпер і леваруцыя будзе!

Матруна. Хіба што так! (Да Сысоя). Ну, пойдзем! (Ідуць).

ЗЬЯВАXIII
Барыка і Манюня.

Манюня. Вы… вам… каго?

Барыка. Нікога і нічога! Слухаў як вы іграеце — толькі!

Манюня. Ну што-ж, мне прыемна… Заходзьце.

Барыка. Дзякую.

Манюня. Я думала, што мяне слухалі толькі старажытныя портрэты ў залі!

Барыка. Аж тут жывы матрос! А скажэце, навучыць іграць вы змаглі-б?

Манюня. Іграць на роялі? Я ня ведаю, ня вучыла дагэтуль…

Барыка. Каб прышлося… Тацяну, напрыклад, што тут жыве?

Манюня. Тацяну? Яна слаўная, яе з ахвотай… А што яна ваша…

Барыка. Нявеста. Хоць нядаўна пазнаёміўся з ёю… Яна гаварыла пра вас, таксама хваліла.

Манюня. Ну, я…

Барыка. Такія, як вы, могуць застацца жыць нават пасьля рэволюцыі, нават патрэбны!

Манюня. Нават? А іншыя? Хто не „такія“?

Барыка. Далоў з жыцьця!

Манюня. А калі і тыя захочуць жыць?

Барыка. Ясна, што захочуць! Прыдзецца біцца з імі!

Манюня. А хто-ж гэта, „такія, як я“?

Барыка. Хто можа і хоча перадаць нам вашае культурнае жыцьцё.

Манюня. Культуру? Вам?

Барыка (з запалам). Так! Вы ня ведаеце, як мы любім, як шануем вось музыку, іншае там! Мы зробім так, што вашую ігру будуць слухаць сотні, тысячы! Усе будуць працаваць, але лёгка, павольна, па сваіх здольнасьцях.

Манюня. Соцыялізм?

Барыка. І ўсім хопіць сонца і садоў, і кветак! Трэба толькі зразумець, на момант адчуць, паненачка…

Манюня. Я завуся Мар‘я…

Барыка. Ну, Мар‘я, Манюня, — усё роўна! У сэрцы трэба адчуць, ці каля яго, ня ведаю, што кожнаму хочацца жыць добра, прыгожа…

ЗЬЯВА XIV
Тыя-ж, Мікола з аднаго боку і Тацяна з другога

Тацяна. Пётра, вы яшчэ тут?

Мікола. Ха-ха-ха! Жыць прыгожа захацелася! Добрая агітацыя вядзецца і мусіць па загаду матроскага камітэту з „Аўроры“?! Барыка. Гаспадзін капітан!

Мікола. Ну, кузіна Манюня, як вы ўспрымаеце агітацыю?

Манюня. Я ўспрымаю ўсё, як належыць, кузэн Мікола!

Барыка. Тацяначка, я тут…

Тацяна. Я бачу, што тут… Мар‘я Андрэеўна, я да вас…

Манюня. Добра, Танечка, дык мы пойдзем. (Бяруцца за рукі, уваходзяць у дом).

Мікола. Ну-с!

Барыка. Каму мінус, каму плюс! (Адыходзіць).

Мікола (усьлед ціха). Мерзавец…

Барыка (крута павярнуўшыся). Што вы сказалі? (Бярэцца за кішэню).

Мікола. Ня вам!

Барыка. Ясна, самому сабе…

Мікола (таксама хапіўшыся за кабуру). Што?

Барыка. Да пабачэньня! (Зьнікае).

ЗАСЛОНА

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Кавалак панскага парку перад вёскай. Відаць кавалак гумна.
Сысой, ударнік Петрапаўлаўскі, сяляне.


ЗЬЯВА I
Сысой і ўдарнік

Сысой. Ды што там, „урэменнае правіцельства“! — Калі ўрэменнае, часова, значыцца, дык і ўхадзі, здавай позыцыю, адступай!

Ударнік Петрапаўлаўскі (з нарукаўнікам, на якім чэрап). Дазвольце, грамадзянін Сысой! А каму здаваць позыцыю?

Сысой. Ну, каму?

Ударнік. Урэменнае правіцельства абрана гасударсьцьвенай думай?

Сысой. Ну, думай!

Ударнік. Пасьля рэволюцыі?

Сысой. Пасьля рэволюцыі!

Ударнік. Значыцца, законна?

Сысой. Ну, законна!

Ударнік. Цяпер, па палажэньню, урэменнае правіцельства павінна здаць уладу Учрадзіцельнаму сабраньню, так?

Сысой. Хай будзе так, дык што?

Ударнік. Вот, значыцца, трэба чакаць! Вось чаму яно і ўрэменнае.

Сысой. Ну, а ўстаноўчы гэты самы збор, што ён будзе рабіць?

Ударнік. Ну! Устаноўчы збор, як вы кажаце! Ён усё установіць і зробіць. Па-першае, дзяржаўны лад: што ў нас павінна быць: монархія ці рэспубліка.

Сысой. Як? Дык ён можа і монархію зноў вярнуць?

Ударнік. Ну, калі, скажам, большасьць Устаноўчага збору захоча монархію, вядома, не самадзяржаўе, а констытуцыйную монархію на манер Ангельшчыны і іншых культурных краін.

Сысой. Ды як…

Ударнік. Калі захоча большасьць, вядома… яны-ж абраньнікі народу… яны-ж…

Сысой. Я ня хочу монархіі, вот тут мы ўсе, вунь, што гудуць там, — тады што?!

Ударнік. Дык гэта я так толькі кажу, чаго вы! Устаноўчы збор будзе разьвязваць і іншыя пытаньні.

Сысой. Пра зямлю?

Ударнік. Ну так, скажам, пра зямлю: як валадаць, хто мае права валадаць. Ці трэба выкуп на зямлю памешчыкам, ці так бяз выкупу…

Сысой. Дык той збор можа прымусіць мяне плаціць за зямлю памешчыкам?

Ударнік. Ат, які вы! Калі пастановіць!

Сысой. А мне такой пастановы ня трэба. Мне трэба такая пастанова, якая… якая мне трэба. Во! — на чорта мне тады той Устаноўчы збор? (Плюецца. Адыходзіць).

Ударнік (усьлед). Вас бальшавікі з‘агітавалі, пазьбівалі з правільнай дарогі. Чэрнь!

ЗЬЯВА II
Барыка, ударнік

Барыка. Ха-ха! Злуяцеся, гаспадзін ударнік? Цяжкавата з народам гаварыць… вам, га?

Ударнік. З цёмным народам, так, цяжка… аа…

Барыка. А з сьветлым, беленькім, куды лягчэй, ха-ха!..

Ударнік. Мір без анэксій і контрыбуцый? Ды вы ведаеце, таварыш з „Аўроры“, што нашы салдаты думаюць, што Анексія і Контрыбуцыя — краіны такія — ха-ха!..

Барыка. Што-б яны ні думалі, але прымаюць такія лёзунгі. А вашых разумных і зразумелых — „вайна да пабеднага канца“ — ня прымаюць!

Ударнік. Ведаем лёзунгі вашых лістовак: „Акопнай праўды“, „Дызэртырскай праўды“ і іншых вашых „Праўд“. Вы самі, таварыш матрос, ня ведаеце, што вы слугі германскага генэральнага штабу!

Барыка. І вам ня сорам, гаспадзін ударнік, паўтараць плёткі базарных кумак пра плямбірованыя вагоны?

Акт III[правіць]

АКТ III

Дэкорацыя I акту

Увайшоў студэнт, а за ім незнаёмы

Студэнт (зазываючы незнаёмага). Заходзь, заходзь на хвілінку, можна!

Незнаёмы. Карыстаючы з таго, што пані палкоўніца гуляе ў садзе, я хацеў з табой пагаварыць.

Студэнт. Будзь ласкаў, слухаю.

Незнаёмы. Слова, якое ты даў мне — ня трымаеш. Сымпатыя да дзяўчыны ў цябе стала куды вышэй справы грамадзкай. Калі разглядаць з боку каханьня, яно праўда — дзяўчына, але я так не гляджу. Перш справа, а пасьля дзяўчына.

Студэнт. Выбачай, браток, выбачай! Гэта ўсё вышла сам не разумею як. Адно тваё заданьне, якое ты даручыў мне, я ня выканаў толькі дзеля таго…

Незнаёмы. Дзеля таго, што ты сягоньня з Ганкай быў у пушчы.

Студэнт. Адкуль ты ведаеш?

Незнаёмы. Ну, ведаю я, ці не — гэта справа іншая, але павінен напомніць табе, што дзяўчыну можаш загубіць. Яна шчыра адданая дзяўчына, каханьне з ёю можа завязацца так моцна, што разьвяжа толькі яго пані палкоўніца ў дрэнны бок. Я добра ведаю, што табе сватаюць паненку зусім другое клясы і дзякуючы тваёй слабой волі зламаюць цябе лёгка, ты жэнішся з багатай, а Ганка можа застацца не адна і тваё сумленьне будзе заплямлена на век. Схамяніся, брат, слухай, што кажу, адхілі каханьне ў бок, а бліжэй да справы. Ты малады і твая сіла разам злучыцца з маладымі барацьбітамі. (Студэнт задумаўся).
Ну, годзе спаць, больш жыцьця, усё тое, што не дагаварыў табе цяпер, я скажу ўвечары. Спадзяюся, што ты мяне паслухаеш. Сягоньня ўвечары ў нас паважны сход, і ты павінен быць, а заўтра будзе даручана табе на фабрыку адозвы занесьці. Ну, я пашоў!

Студэнт. Выбачай, браток, віна мая вялікая, пастараюся паправіць. (Незнаёмы пашоў). Які жудасны малюнак, усё так перад вачыма і стаіць! Няўжо-ж усё будзе так, як ён намаляваў? Не, не павінна! (Пры гэтых словах увайшла палкоўніца, убачыла студэнта і стаілася ў дзьвярах; студэнт не заўважае, што яна тут).
Эх, пушча, пушча, як ты далёка завяла нас! Ці мог я верыць, што так здарыцца. Гануся, дарагая! Зайшлі далёка мы з табой.

Гаспадыня. Пан студэнт! Я павінна зазначыць, што ваша мосьць больш зьвяртаеце ўвагі на пабягушкі, як на справу. Дзе быў?

Студэнт. Блудзіў у пушчы.

Гаспадыня. Так і загінеш у балоце, штодня цягаючыся па лесе. Мне гэта не падабаецца, кажу апошні раз. Зараз у нас будзе пані Пясэцкая з дачкой і сягоньня пытаньне аб жаненьні будзе канчаткова разважана.

Студэнт. Мне, цётачка, не да жаненьня!

Гаспадыня. Размова скончана!

Студэнт. Мне, цётачка, трэба скончыць навуку і тады…

Гаспадыня. Нічога проці ня маю, але за свае грошы. Я памагаць больш не магу.

Студэнт. Які выхад?

Гаспадыня. А такі — слухаць, што кажуць людзі, якія жадаюць табе дабра.

Студэнт. Я ня бачыў сьвету.

Гаспадыня. Што ты гэтым хочаш сказаць?

Студэнт. А тое, што для мяне жаненьне страх.

Гаспадыня. А цалавацца ў лесе з мужычкай ня страх? Бач ты яго, — ня бачыў сьвету, мужыком спачуваеш, хочаш, каб Ганка гаспадарыла тут? Слухаць мне, што кажу, а не — дык калі ласка (на дзьверы. Пасьля вялікай паузы). — Я думаю, што больш торгу ня будзе. (Кажа гэта зусім спакойна — звоніць). Няма! Нябось, разам блудзілі ў пушчы! (Пільна глядзіць на яго — звоніць). Праганю, каб і духу ня было! Уваходзіць Ганка

Гаспадыня. Гэй, ты, дзе прападаеш? (Глуха). Дзе прападаеш ты, гадаўка?

Студэнт. Цётачка, прашу вас!

Гаспадыня. Ну, ну, толькі бяз гэтага! Яна мая слуга, я хачу ведаць. Зараз павінна быць пані Пясэцкая з дачкой. Ідзі на дарогу і чакай, і калі толькі ўбачыш — скажы. Выходзь! (Ганка пайшла). Я гэту брыду праганю.

Студэнт. Як дзіка-ж вы паступаеце з ёю!

Гаспадыня. А няўжо-ж пачну абнімацца з мужычкаю?

Студэнт. Крыўдзіце вы іх!

Гаспадыня. Менш толькі шкадуй.

Студэнт. Як-жа не шкадаваць? Не скаціна-ж гэта!

Гаспадыня. Скаціна, скаціна і скаціна!

Студэнт. І людзі так дрэнна кажуць аб вас.

Гаспадыня. Цікава ведаць, якія такія людзі (на дзьверы). Гэта? гэта ня людзі, а быдла. Ты можа з перавозьнікам пазнаёміўся? (Пауза). Ну, кажы, бачыў на беразе перавозьніка, гутарыў з ім?

Студэнт. Нікога ня бачыў.

Гаспадыня. Ты мне глядзі, каб і блізка да яго не падыходзіў, бо гэта чалавек такі, якога ўсе баяцца, як заразы. Пропаганду вядзе, да бунту кліча чэрнь. (Пауза). І ліха ведае, чаго ён там сядзіць? Катаржнік, адукаваны катаржнік! Быў студэнт, а цяпер перавозьнік. Займаецца поэзіяй. І што паліцыя робіць? Ён рыхтуе бунт, а яны сьпяць. Здаецца, усё зрабіла — напісала куды трэба, арыштавала, год патрымалі — і выпусьцілі. Доказаў няма! Цьфу! Ды адкуль яны і будуць, калі мужыкі пакрываюць яго? Мая просьба — менш цягацца па лесе і ня слухаць, што бунтаўшчык той брэша.

Студэнт. Ня слухаю, а далятае.

Гаспадыня. Не, усё-такі ты мала спрыяеш нам, калі бароніш чэрнь.

Студэнт. Бараню бедных людзей… мой абавязак.

Гаспадыня. Даруй, папраўлю… не абавязак, а сам такі. З мужычых палёнак узяла цябе, а колькі ваўка не кармі — усё ў лес паглядае.

Увайшла Ганка

Гаспадыня. Што? едуць?

Ганка. Прыехалі.

Гаспадыня. Ну, добра, якраз у пару. Васіль, памятай, больш увагі!

Студэнт (не пабачыўшы, што Ганка тут). І пашто я сюды прыехаў?

Ганка (на коленкі). Панічок, панічок! (Плача. Чуваць галасы гасьцей за сцэнай).

Студэнт (выводзячы Ганку). Гануся, дарагая, ня плач! (Пашлі абое).

Уваходзяць — гаспадыня, Пясэцкая, Марыся і Альфонс

Гаспадыня. Прашу, прашу дарагія госьці!

Пясэцкая. Ну, а дзе-ж твой студэнт?

Гаспадыня. Студэнт наш амаль што ня жыве ў хаце, а праз цэлыя дні гуляе ў пушчы. Зараз паклічу. Прашу выбачэньня! (Вышла).

Пясэцкая. Зусім зразумела. Горад зімою — рай, а летам — закураная пляма, затое вёска… божа мой! Прырода, прырода і прырода. Пан Альфонс, папяроску! (Той дае).

Марыся. Мамачка! І наша пушча рай.

Пясэцкая. Ах, Марыся, ты ня ведаеш, што такое рай.

Марыся. Мамачка, ведаю, але мала. Адам, Ева і ўсякая нечысьць.

Пясэцкая. Пан Альфонс, растлумачце Марысі, што такое рай, адкінуўшы інцыдэнт пра Адама, Еву ды яблыкі.

Альфонс. Фэ, фэ! Як гэта можна?!

Марыся. А аб гэтым ня трэба, я лепш за вас ведаю.

Пясэцкая. Для цябе, Марыся, яшчэ незразумела, што такое прырода, што такое пушча. Пушча — гэта бязьмежная прырода, прырода і прырода. Куды не пойдзеш — прырода, куды ні глянеш — прырода. Кожны кусьцік, кожная траўка дыхае прыродай. (У гэты час Альфонс нешта тлумачыць Марысі, размахваючы рукамі). Пан Альфонс, схавайце рукі ў кішэню, вы не вятрак!

Альфонс. Пакорны ваш слуга! (Схаваў рукі ў кішэні і разглядае стол).

Пясэцкая. Зімою — сьнег, мароз, мяцеліца, вясною — рэкі, прылёт птушак. Пан Альфонс, вы ловіце варон!

Альфонс. Даруйце, у мяне-ж рукі ў кішэні.

Пясэцкая. Пан Альфонс, вы немагчымы чалавек.

Гаспадыня ўводзіць студэнта

Гаспадыня. Вось і студэнт.

Пясэцкая. Якраз у пару. (Студэнт падышоў да Пясэцкай, тая працягнула руку, каб пацалаваў ды той руку далікатна адхіліў. Пясэцкая зьдзіўлена). А гэта мая дачушка Марыся, прашу пазнаёміцца. Пан Альфонс, займеце другое месца! (На студэнта). А ваша месца тут. (Пасадзіла ля Марысі). Вось так! (Да гаспадыні). Ну, што ты на гэта?

Гаспадыня. Так, так, мая дарагая!

Пясэцкая. Цяпер няхай галубочкі мілуюцца, а мы пачакаем палкоўніка і скончым справу.

Гаспадыня. А ён зараз прыдзе.

Пясэцкая. Можна пачакаць. Пан Альфонс, папяроску!

Альфонс. Даруйце, у мяне-ж рукі ў кішэні.

Пясэцкая. Выкіньце іх на волю!

Альфонс. Выбачайце, папяроскі няма.

Пясэцкая. Загадваю сядзець і маўчаць! Ведаеш, даражэнькая, пан Альфонс за апошні час зусім апусьціўся. Яго нішто ня цікавіць. Калі я гавару а прыродзе, дык ён марыць аб нябескіх мігдалах, калі я аб сьмерці, дык ён аб каханьні. А трэба ведаць, што такому радавітаму шляхцічу, як пан Альфонс Додэ — Додэ… Ты ведаеш, гэта магнацкая фамілія. Гэта старадаўны род, спрадвечны род Додэ — не да твару быць фігляром.

Гаспадыня. Пан Альфонс вельмі рухавы чалавек, дзеля таго яму марыць аб маладосьці можна.

Пясэцкая. А мне гэта не да спадобы! Пан Альфонс мой сакратар, мая правая рука, і таму ён павінен граць у мой тон.

Зьявіўся палкоўнік

Палкоўнік (за сцэнай). Рота, смірна, раўненьне направа. (Чуваць галасы дзяцей: „Здравія жалаем“ і г. д.). А, каго бачу? Дарагія мае госьці!

Пясэцкая. А няхай вас, так спалохалі мяне! Якая ў вас рота? Дзе вашы салдаты?

Палкоўнік. Да гэта мае дзеці — мужычкі на дварэ гуляюць. Вось я і вітаюся з імі. (Вітаецца). Студэнт, кажы, дзе быў!

Студэнт. Быў там, дзе цёмны бор шуміць і ручаёк, як зьмей, цішком бяжыць.

Палкоўнік. Шчасьлівы чалавек!

Гаспадыня. Гэта патвойму.

Пясэцкая. І памойму добра. Бор шуміць, ручаёк цішком бяжыць. Прырода, прырода і прырода.

Палкоўнік. Мне, адстаўному вэтэрану, і то зажадалася ў пушчу.

Гаспадыня. Мала табе было манжурскіх пушчаў?

Палкоўнік. А ты ведаеш, будзе яшчэ вайна — я з адной рукой у бой пайду.

Пясэцкая. На якое ліха нам вайна? Б‘юць людзей, псуюць прыроду.

Палкоўнік. Ня прырода нам патрэбна, а баталіі, атакі, канонады!

Гаспадыня. Гэта вам вайсковым, а нам — зусім другое. (Гэстам паказвае на студэнта і Марысю).

Пясэцкая. Так, так, у нас справа паважная.

Палкоўнік. Сватаньне?

Гаспадыня (робіць гэст, каб маўчаў).

Палкоўнік. О, не, выбачайце, абавязкі свата на сябе не бяру і прысутнічаць пры гэтым лічу не патрэбным. Правае плячо ўпярод, шагам арш… (Пашоў).

Гаспадыня. А няхай сабе ідзе, малая з яго карысьць.

Пясэцкая. Пан студэнт, калі ласка, а прыродзе. Чаму вам мілы бор зялёны і ручаёк,

Студэнт. А таму, што мне, чалавеку, адарванаму ад гораду, нязвычайным шчасьцем здалася пушча. (Пры гэтых словах увашла Ганка і чуе яго словы; у яе руках пасудак).

Ганка. Самавар загатаваўся! (Студэнт адразу змоўк).

Гаспадыня (ідучы да студэнта, кажа ціха). Шчасьце, ха-ха-ха-ха! Мне ведама, якое шчасьце. (Паварочваецца да Ганкі). Дрэнны-ж ты кавалер, калі сваё шчасьце выстаўляеш на посьмех другім. (Грозна на Ганку). Мне ведама ўсё! (У Ганкі выпаў пасудак). Варона!

Ганка (пашла).

Пясэцкая (у гэты час глядзела ў другі бок). Нічога не зразумела! У чым фактычна справа?

Гаспадыня. Самая звычайная рэч. Наша пакаёўка, калі хоча сказаць, што самавар загатаваўся, прыходзіць і разьбівае пасудак.

Пясэцкая. Які дзікі, мужычы спосаб! Замест таго, каб сказаць „Хадзем піць гарбату!“ — яна бах а падлогу пасудак! Марыся, што ты на гэта? Нэрвы?.. Га?

Марыся. Мамачка, мне шкада Ганкі!

Гаспадыня. А вам, пан студэнт (гіронічна паказваючы на пабітую пасуду), у пушчы шчасьця.

Студэнт (устаў). Вы мне даруйце, я не магу, я пайду…

Гаспадыня. О, не, не, я яе сама паклічу. Яна прыдзе і прыбярэ. Лёс талеркі такі — сягоньня ў панскіх палацах, а заўтра — на сьметніку. (Хітра). Ты мяне зразумеў, Васіль? (Да Пясецкай). Студэнт спалохаўся! (Гіронічна). Спалохаўся! (Вышла ў бакоўку).

Уваходзіць палкоўнік

Палкоўнік. А памойму, хоць і бомба разарвіся, я і вокам ня міргну. Памятаю, у японскую вайну аскепкам руку мне адарвала і чорт ведае куды закінула. Два дні шукалі і не знайшлі.

Пясэцкая. Ох, што я чую! Руку шукалі і не знайшлі! Марысечка, вады!

Палкоўнік. Гарбату, калі ласка, піць!

Увайшла палкоўніца

Гаспадыня. Дарагія госьці, прашу на гарбату!

Пясэцкая. Пан Альфонс, за мной! (Да палкоўніка). А я з вамі буду гаварыць…


Палкоўнік. Толькі не пра жаненьне.

Пясэцкая. А прыродзе.

Палкоўнік. Гэта можна. Я вам раскажу, як мой салдат у соннага японца боты зьняў, а замест ботаў лапці са шпорамі надзеў. (Пашлі).

Гаспадыня (да студэнта і Марысі). А вы, галубочкі, тут застаньцеся! (Адводзіць Марысю ў бок і нешта ёй шэпча на вуха; студэнт у гэты час уцёк за дзьверы. Марыся вярнулася).

Марыся. Што гэта значыць? Чаго ён уцёк? (Глянула ў акно, убачыла яго, што ён пашоў па дарожцы). А, вось ён дзе! Чакай-жа ты мяне, я цябе злаўлю. (Пабегла за ім).

Уваходзіць Ганка

Ганка (шукае вачыма студэнта). Няма! Ой, які-ж сорам, ганьба, зьдзек… Верыла, душу і сэрца аддала, а ён сьмяяўся тут, пры ўсіх. Эх, ты, жыцьцё батрацкае, нікчэмнае, як гэта шкло! (Пауза). А можа ўсё ня так, і я дарэмна пасудзіла Васілька? (Глянула ў акно, убачыла яго там). Так, сэрца маё дарма ня б‘е трывогі, пашоў з ёю — багатыя шляхі, бедная павінна саступіць… Ідзі, мой панічок, ідзі, будзь шчасьлівы і жыві, а я… Сон, толькі сон! (Плачучы вышла).

Уваходзіць гаспадыня

Гаспадыня. Васілёк, дзе-ж ты дзеўся? І Марысі няма. (Глянула ў акно). Ах, ты, вірутнік, дзе апынуўся, і Марыся разам з ім. Рада, вельмі рада, плян мой не загінуў.

Прышла Пясэцкая

Пясэцкая. Марыся, Марысечка! А дзе-ж Марыся?

Гаспадыня. Глянь, глянь, мая даражэнькая, дзе нашы дзеткі!

Пясэцкая. Што-ж гэта Марыся? Куды-ж яна?

Гаспадыня. Куды-б дарога ні вяла, абы добра было.

Пясэцкая. Марыся без майго дазволу? Адна з кавалерам?

Гаспадыня. Даражэнькая! Студэнта трэба разглядаць не як кавалера, а як…

Пясэцкая. Ах, выбачай, як жаніха, я і забылася!

Гаспадыня. Усё ідзе гладка!

Пясэцкая. Нарэшце, збылося, а я так чакала мілага і дарагога зяця! Ах, як я рада, як я рада! Цяпер я магу пазбыцца ад пана Альфонса. Ну, які-ж гэта сакратар? Пан Альфонс, папяроску! Папяроскі няма? Пан Альфонс! Якая пагода? Ен ня ведае!

Убягае слуга Хімка

Хімка (моцна крыкнуўшы). Божа мой! У нас няшчасьце!

Абое. Якое?

Хімка. Ганка ў студню ўвалілася! Ратуйце, памажэце!

Пясэцкая. Аднэй мужычкай менш будзе.

Гаспадыня. Выйдзі вон! (Хімка пашла).

Гаспадыня. Выбачай, даражэнькая, я зараз.

Пясэцкая. Але-ж куды, куды? Няўжо ты будзеш прымаць удзел у гэтай мужычай трагедыі?

Гаспадыня. І ня думаю! Я проста так, гляну ў чым справа. (Пашла).

Пясэцкая. Проста дзіўна! Ну, няхай ужо ў нас нэрвы, а то і ў мужыкоў нэрвы: тут разьбіла пасудак, а там — валіцца ў студню. Як жорстка, нягладка, няпрыгожа! Ну, але што ад іх вымагаць? (Да акна). Марыся! Марыся! Марысечка! Хадзі, дзеткі, сюды! Кліч з сабою пана студэнта. Прыгожы хлапец! Моцны духам, моцныя нервы! Эх, каб не мае сівыя валасы, я-б яго сама…

Убягае Марыся

Марыся. Я слухаю, мамачка, вас. Сядзела на лавачцы са студэнтам. Што скажаце?

Пясэцкая. Можа ты, дзеткі, сюды-б з ім ішла?

Марыся. Я і сама ня ведаю. Ён нікуды ня хоча ісьці. Ці то ён нясьмелы, ці мяне баіцца. (Уцякае).

Пясэцкая. Маладзёнак яшчэ! Зловім, дзеткі, зловім!

Уваходзяць гаспадыня і палкоўнік

Гаспадыня (грозна). Я так не папушчу!

Палкоўнік. І чаго гарачыцца, чаго?

Гаспадыня. Зараз клікну бацьку — і вон з майго поля! Пашто мне неспакой?

Пясэцкая. Нэрвовая трагедыя!

Гаспадыня. Ліха ведае што! Так напалохала.

Палкоўнік. Эх, ты, нестраявая рота! Напалохала! А як нашаму брату ў вайну з Японіяй галавешкі за каўнер кідалі? Вось, прыкладам, даліна, а вось — кусты, а ў кустох я і унцер з кулямётам.

Пясэцкая. Пекная прырода і кулямёт.

Палкоўнік. Аж бачу — полк японцаў маршам падаецца. Унцер! Дзяржы хвост пісталетам! — камандую я. „Дзяржу, ваша благародзьдзе, дзяржу!“ Эх, і пасыпаліся кулі, і паваліліся басурманы. Чую — „Стойце, ваша благародзьдзе, ніводнага няма!“

Гаспадыня. Там ніводнага і ня было!

Палкоўнік. Цэлы полк быў! Усіх пачысьцілі, як бараноў.

Марыся. Мамачка, што тут здарылася?

Пясэцкая. Мужычая трагедыя. Глупства!

Палкоўнік. А я-б не сказаў. Ня глупства. Ганка ў студню ўвалілася!

Марыся. Ваша пакаёўка? Дзе-ж яна?

Гаспадыня. Пан студэнт пад апеку ўзяў.

Марыся. З якой прычыны гэта наймічка…

Пясэцкая. Дух нячысты спакусіў, а пры тым, як ні сьмешна сказаць — нэрвы. Цяпер і ў мужыкоў ёсьць нэрвы.

Марыся. І згадаць цяжка.

Палкоўнік. Нічога цяжкага. Гражданскі прыём. У нас, вайсковых — куля ў лоб і годзе!

Марыся. Паклікаць-бы доктара!

Гаспадыня (з гіроніяй). Профэсара выпішам.

Палкоўнік. Усё ўжо зроблена. Фэльчар зараз будзе. Студэнт стралой панёсься.

Пясэцкая. Дзіўна! Пашто гэта руплівасьць? Што можа быць супольнага — пакаёўка-батрачка і…

Палкоўнік. Я-б так не сказаў. І пакаёўка — чалавек.

Марыся. Ах, хоць-бы не памерла!

Гаспадыня. А калі і памрэ, то не ў мяне, а за варотамі. Заўтра выкіну, каб і духу ня было.

Палкоўнік. А што на гэта скажу я?

Гаспадыня. Што я скажу, то і будзе.

Палкоўнік. Вось успомнілася гэта мне, як мы бралі сопку ў Манжурыі, і недалёчка лёг басурманскі знарад. Сьперш зашумела, загуло, а пасьля — бух!.. (Моцна стукнуў).

Пясэцкая. А няхай вас з вашымі знарадамі!

Палкоўнік. То мая фігура, як матыль — то ўгару, то ўніз, а пасьля зарылася па самыя вушы ў пясок.

Пясэцкая. Вайна — біч божы! Ох, грахі, грахі!

Гаспадыня (звоніць).

Уваходзіць Хімка (заплаканая)

Гаспадыня. Пакліч мне пастуха! (Пауза). А ты чаго сьлініш?

Хімка. Шкада мне Ганкі.

Гаспадыня. Глядзі лепш за сабой! Выходзь! (Хімка пашла).

Пясэцкая. Характарная жылка і мне вельмі да спадобы. Яны адзін аднаму спачуваюць.

Палкоўнік. Так і трэба! Мая закваска! У часе вайсковай службы я таксама жыў з салдатамі, спаў разам з імі, гарох еў, гуляў у бабкі і тут прыжыўся спосаб мой спаміж сялян.

Гаспадыня. Дзякуючы твайму спосабу, мяне на старасьці цягаць будуць па судох.

Палкоўнік. Не гарачыся, мая радасьць, не гарачыся! Ніхто цябе нікуды не пацягне.

Уваходзіць пастух

Гаспадыня. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне адмовіць табе ў службе і заўтра выехаць з нашага двара.

Палкоўнік. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне пакінуць цябе на службе і ні куды ня ехаць з нашага двара.

Гаспадыня. Я сказала — да заўтра!

Пастух. Куды-ж мы паедзем? Самі ведаеце наша бядацкае становішча.

Палкоўнік. Нікуды ты ня пойдзеш!

Гаспадыня. Я сказала! Можаш ісьці.

Палкоўнік. Але пачакай, я яшчэ нічога не сказаў.

Гаспадыня. Я сказала — да заўтра. (Пашла ў бакоўку).

Марыся (за ёй). Цётачка, пашкадуйце, не выкідайце. (Пабегла за ёю).

Палкоўнік. Не палохайся, стары, не палохайся! Маё слова — сіла.

Пастух. Паночку, даражэнькі, паслухаць мы вас паслухаем. Але-ж буду прасіць — не выганяйце, пакуль паздаравее Ганка. Куды-ж я з хвораю пайду?

Палкоўнік. Твая праўда. Сьвет любіць людзей здаровых і дзеля гэтага пастанову нашай пані касую.

Пясэцкая. А дачцэ сваёй скажы, каб сьвечку богу паставіла, бо ў калодзежы дух нячысты жыве.

Палкоўнік. Мы архірэя паклічам, усіх чарцей павыганяе.

Убягае Альфонс

Альфонс (спаткнуўся). Быў фэльчар і казаў, што жыць будзе.

Пясэцкая. Я-ж і казала — хамы жывучыя.

Палкоўнік. Няхай жывуць хамы! Я з імі век пражыў. Ну, хадзем, скончым піць гарбату.

Пясэцкая. Пан Альфонс, за мной! (Пашлі).

Палкоўнік (да пастуха). Ня плач, усё будзе добра, я цябе не папушчу. (Пашоў).

Увайшоў студэнт

Пастух. Панічок, панічок! (На коленкі). Вы, як родны, памагалі нам у бядзе, не пакідайце нас далей. Прасеце цётку, каб не выкідала. Палепшае Ганка, мы самі пойдзем, мы самі пойдзем… (Горка плача).


ЗАСЛОНА

Акт IV[правіць]

АКТ IV

Тая самая дэкорацыя. Праз 6 месяцаў

Гаспадыня (лічыць грошы). Плян мой удаўся як найлепей. У працягу 6 месяцаў сталі на ногі самі і паставілі на ногі гаспадарку. Студэнта ажаніла, заграбла багацьце да сваіх рук, пані Пясэцкая голая як мыш. Цяпер трэба парваць сувязь са студэнтам і манэўр скончаны. А матэрыялы для гэтага ёсьць. (Бярэ проклямацыі). Адозвы да бунту! (Чытае). „Браты рабочыя і сяляне! З дарогі прэч паноў капіталістых“. Гэта значыць нас. Не, мой дарагі, з дарогі сойдзеш сам, бо ты мне на дарозе, я не дапушчу, каб хам, мужык свае законы дыктаваў. (Піша ліст, — звоніць).

Уваходзіць Хімка

Гаспадыня. Гэты ліст зараз перадай станавому прыставу, ён якраз цяпер у воласьці, і як вернешся — мне скажаш.

Хімка. А я зараз, толькі хустачкай галаву накрыю.

Гаспадыня. Нікуды, ні на крок! У воласьць да станавога прыстава. (Грозна). Ну… (Хімка пашла). А цяпер растраўлю студэнта і справе канец.

Уваходзіць палкоўнік (падвыпіўшы)

Палкоўнік (бачыць, што яна лічыць грошы). На чужым няшчасьці будуеш сваё шчасьце.

Гаспадыня. Хто там ведае, чые яно?

Палкоўнік. Ты-ж абула ў лапці Пясэцкую.

Гаспадыня. Не абула-б я, абуў-бы нехта другі. На тое шчупак у моры…

Палкоўнік. Ажаніла студэнта, атлуміла Пясэцкую, забрала грошы i рада.

Гаспадыня. Абы жыць.

Палкоўнік. А ты глыбей глянь! Васіль шчасьлівы са сваёй жонкай?

Гаспадыня. Гэта іх справа.

Палкоўнік. Растравіла хлапца, быццам зьвер.

Гаспадыня. Я хутка супакою гэтага зьвера, ён у маіх руках.

Палкоўнік. Я цябе не разумею — здагадкі, здагадкі і здагадкі.

Гаспадыня. Вось цяпер і я табе скажу — глыбей глянь, мілы мой. За гарэлачкай ня бачыш, як хата ў нейкую друкарню абярнулася.

Палкоўнік. У якую друкарню?

Гаспадыня. А такую! Куды ні глянеш — адозвы да бунту. Рэволюцыянэра на сваіх плячах адкармілі.

Палкоўнік. Ну, і добра, хай здароў жыве.

Гаспадыня. З паромшчыкам здружыўся, бунт рыхтуюць.

Палкоўнік. Не паверу!

Гаспадыня. Ня верыш — схадзі ў альтанку, убачыш… і прыгатуй сваю сівую галаву. (Дае адозвы). На, чытай

Палкоўнік (чытае). Пролетарии всех стран, соединяйтесь! Ха-ха-ха!

Гаспадыня. Ты што? Здурэў, ці што?

Палкоўнік. Ты глянь, што за роскаш. Пролетарии, соединяйтесь!

Гаспадыня. Што тут сьмешнага?

Палкоўнік. А тое, што ад першых радкоў піша праўду.

Гаспадыня. Ашалеў дзед на старасьці.

Палкоўнік. Зусім зразумела. Пролетары і шукае пролетара і заклікае іх у сваю грамаду.

Гаспадыня. Недарэчныя жарты!

Палкоўнік. Ну, а як іначай. Ты хацела, каб ён заклікаў у пролетарскія рады палкоўнікаў, генэралаў і цябе за кіраўніка! А ну, далей!

Гаспадыня. Выдзі, выдзі, я не хачу з табой гаварыць!

Палкоўнік. Ня слухай, а я пайду ў садочак, прачытаю — і сваю пастанову скажу. (Адыходзячы). Пролетарии, соединяйтесь! Ха-ха-ха! (Пашоў).

Гаспадыня. Пакуль твая пастанова, то мая ўжо гатова. (Пашла ў бакоўку).

Уваходзіць студэнт

Студэнт. Сягоньня паўгода, як я жанаты, паслухаў цётку, усё праз цябе, навука. За кавалак хлеба і ногі і рукі скутыя ланцугамі. Няўжо ня скінуць мне ніколі гэтых пут! (Узяў кніжку, убачыў там кветкі і задумаўся). Ганка, Ганка!

Увайшла Хімка

Студэнт. Ты чаго, Хімка!

Хімка. Я да пані, хацела сказаць, што ліст перадала.

Студэнт. Які ліст? Каму?

Хімка. Станавому.

Студэнт. Станавому?

Хімка. Пані даручыла.

Студэнт (задумаўся). А што, калі аблава? А станавы дзе?

Хімка. Ды ён тут, непадалёчка.

Студэнт (сам да сябе). Быць ня можа! Гэта нешта ня так. Скажы, Хімка, ты была ў Ганкі?

Хімка. Была, але больш, панічок, не пайду.

Студэнт. Чаму?

Хімка. Як ні стараюся бегчы 10 вёрст туды, 10 вёрст назад, дзень скаратаю, пані грызе, кажа вон пагоніць мяне.

Студэнт. Як яе здароўе?

Хімка. Ды якое здароўе, хутка маткай будзе! (Пауза). Грошы я аддала.

Студэнт. (Доўга думаў). Вось што, Хімка! Заўтра я іду да Ганкі, буду там і жыць, а гэту чортаву багну я кіну. Ты пойдзеш да нас? Будзеш з намі жыць?

Хімка. Абы толькі ваша згода — я пайду. Ганка мне бліжэй, чым пані.

Студэнт. Ну, вось і добра. Ідзі, зьбірайся, ды нікому толькі не кажы. Заўтра ў дарогу.

Хімка. А як я рада, нарэшце збылося! Прынясем радасьць Ганцы, кіне сумаваць. Ну, дык я пайду зьбірацца. (Пабегла).

Студэнт. Пара ўжо скончыць! Там маё ўсё, а тут няма нічога, апроч гэтай дарагой памяткі… (Узяў у рукі кніжку, углядаецца на кветкі). Былы ўспамін, які жыў і век будзе жыць.

Увайшла гаспадыня і чула яго апошнія словы

Гаспадыня (з гіроніяй). Старое ўспомніў? Восень! Кветкі завялі.

Студэнт. Якраз наадварот. Жывуць і будуць жыць!

Гаспадыня. На сьметніку.

Студэнт. Няпраўда! Гэтага ня будзе!

Гаспадыня. Ты чаго крычыш, хам, мужык?

Студэнт. Ваша праўда — я мужык, бо ў маіх жылах цячэ мужыцкая кроў. Я люблю гэты мужычы народ, а вас ня люблю. Вось тут мне заселі вашы Пясэцкія, Марысі, Альфонсы.

Гаспадыня. Так вось яно дзе праўда!

Студэнт. Так, гэта праўда! Думкі мае былі і ёсьць спаміж сялян. Яны вашы нявольнікі, а я — іх абаронца. Дзякую вам за навуку, дзякую за багатую жонку. Жонку я вам пакідаю, а навуку я аддам таму народу, з якога я вышаў. Хімка, памажы скласьці мае рэчы!

Уваходзяць станавы і 2 вураднікі

Станавы. Не беспокойтесь, незачем. Вперед. (У студэнта выпала кніжка).

Гаспадыня. Кветкі завялі.

Студэнт. Сволач (Пашоў. Вураднікі за ім).


ЗАСЛОНА

Працяг IV акту — (праз 3 месяцы)

Тая самая дэкорацыя. На сцэне Марыся (плача голасна).

Уваходзіць палкоўнік

Марыся (убачыўшы палкоўніка, пачынае плакаць мацней).

Палкоўнік. Зноў сьлёзы, зноў гістэрыка! Хоць ты ў лес уцякай. (Пауза). Ды пакінь ты выць, слухаць не магу!

Марыся. Дайце мне паплакаць.

Палкоўнік. Паплакаць! Вые, як быццам 6-цалёвая граната… і гэта плач!

Марыся. Але-ж прашу — не перашкаджайце, дайце мне паплакаць.

Палкоўнік. Так ідзі да цёткі і трубі на вуха ёй. Што ты трубіш мне? Тры месяцы слухаю концэрт.

Марыся. Гэтак будзе ўсё жыцьцё.

Палкоўнік. Яна вас ажаніла, яна і разлучыла. Я сам за гэту справу пад нагляд паліцыі трапіў. Калісь уголас я крычаў: „Не ўпрагайце хлапца ў аглоблі!“ — дык не, жанілі, а цяпер штодня сцэны адбываюцца. Дачка вые, а маці штодзень з візытамі зьяўляецца. Не, гэтаму я палажу канец.

Марыся. Я ахвяра, разумееце — ахвяра!

Палкоўнік. Ясна, ты — ахвяра. Жыцьцё — гэта вайна… Гармата сама не страляе, знарад не ляціць куды хоча.

Марыся. Памерці… Хачу памерці.

Палкоўнік. Паміраць таксама трэба ўмець, ня ўмеўшы не памрэш.

Марыся (пачынае плакаць мацней).

Палкоўнік. Ды пакінеш ты ці не? Гэта-ж, можна адурнець. Тры месяцы адна мэлёдыя. (Пауза). Які шукаць выхад, калі будзе канец? (За сцэнай чуваць голас Пясэцкай). О, новае ліха, чорт Пясэцкую нясе! Ах, ты, ёлкі зялёныя. (Сказаў гэта моцна і пашоў у бакоўку).

Уваходзяць Пясэцкая і Альфонс

Пясэцкая. Пан Альфонс, за мной! Перш чым прывітацца, буду лаяцца. Чаго сядзіш у хаце, чаго марнуеш дні? Хіба прыроду разьлюбіла?

Марыся. Дрэннае надвор‘е… мусіць будзе дождж?

Пясэцкая. Зараз табе скажу. Пан Альфонс, дождж будзе?

Альфонс. Павінен быць, згодна прыкметы. Наш бычок сягоньня праз увесь дзень хвост трымае баранкам, значыць…

Пясэцкая. Значыць, будзе дождж.

Марыся. То што-ж гэта? Хвост бычка, павашаму, барометр?

Пясэцкая. Спрадвеку барометр. У мяне ёсьць знаёмы астроном, які, гледзячы бычку пад хвост, выяўляе пагоду.

Марыся. Ай, нудная размова!

Пясэцкая. Пан Альфонс, чуеце, Марысі нудна, зараз-жа разьвесяліць яе!

Альфонс. Калі патраплю.

Пясэцкая. Ні слова, а павінны!

Альфонс (на мігі пачынае размаўляць з Марысяй).

Пясэцкая. Потым скажы, як з тваім маргарынавым мужам?

Марыся. Ну што-ж? Сядзіць!

Пясэцкая. Тры месяцы адно і тое… сядзіць… Дзе палкоўнік?

Марыся. Толькі што быў.

Пясэцкая. Пахаваліся! Што-ж гэта такое? Не такая я матка, не для гэтага я гадавала цябе, каб нехта карыстаўся маім дабром. Студэнт сядзіць у астрозе, яна сумуе тут, а палкоўніца пануе за мае грошы. Пан Альфонс!

Альфонс. Я!

Пясэцкая. Заўтра ехаць мне ў горад і прывезьці адвоката!

Альфонс. Прыеду і прывязу.

Марыся. Мама, што вы надумаліся рабіць?

Пясэцкая. Я вас разьвяду!

Марыся. Аб гэтым я вас не прасіла.

Пясэцкая. Пытацца буду! Пан Альфонс, адвокат!

Альфонс. Адвокат?

Пясэцкая. Ліха ведае што! Зачынілі пад замок маё дзіця — цяпер самая пара павесяліцца, пазнаць прыроду, а яна сядзіць — сьлёзы пралівае. Пан Альфонс, папяроску!

Альфонс. Калі ласка!

Пясэцкая. Так, напэўна, будзе дождж.

Альфонс. Парыць, галава баліць.

Пясэцкая. Ды ў вас не галава, а качан капусты! (Стукнула па лысіне і села). І дакуль-жа я буду сядзець? Яны наўмысьля паўцякалі, а я буду чакаць. Пан Альфонс, за мной!

Альфонс. Рад слухаць!

Марыся. Мама, куды вы?

Пясэцкая. Я ня прышла ў госьці, мне патрэбна вырашыць справу і канец. Пан Альфонс, марш. (Пашлі).

Марыся. Два дурні.

Уваходзіць Хімка

Марыся. Што скажаш, Хімка?

Хімка. І хочацца сказаць, і сама ня ведаю як!

Марыся. У чым справа?

Хімка. Вы Ганку памятаеце?

Марыся. Якую Ганку?

Хімка. Ды тую, што ў паноў служыла.

Марыся. Ну, і што?

Хімка. Ды ёй ужо — ці вяроўку на шыю, ці ўтапіцца!

Марыся. А што з ёю?

Хімка. Дачка нарадзілася.

Марыся. Ну, і добра, няхай сабе гадуецца!

Хімка. Гэтага мала. Памагчы трэба — і няма адкуль. Бацька яе хворы, асьлеп, а яна ў роспачы.

Марыся. Гэта да нас не стасуецца.

Хімка. Да вас то не, а да вашага паніча — стасуецца.

Марыся. Нічога не разумею!

Хімка. І што тут разумець? Яго дачка — і квіт!

Марыся. Як яго? Што яго?

Хімка. А так, любіў, значыць, Ганку, а пасьля пані палкоўніца прымусіла жаніцца з вамі, а пасьля ён хацеў вярнуцца да Ганкі, але паліцыя арыштавала… каб я сабе ногі пакруціла, як я мела той ліст несьці да станавога.

Марыся. І ты праўду кажаш? Ёсьць дачка?

Хімка. Кропля вады — бацька!

Марыся. Што я чую? Што я чую? (Падае на канапу ў гістэрыцы).

Хімка. Панечка, галубачка, што з вамі? Ай-ай, вады, вады! (Крычучы). Пані Пясэцкая, пан палкоўнік… памірае, памірае… (Пабегла ў бакоўку).

Выбягаюць Пясэцкая і Хімка

Пясэцкая. Марыся, дачушка, што з табой?

Хімка (бегаючы па хаце). Вады, вады! (Потым моцна Пясэцкай на вуха). Ва-ды!

Пясэцкая (схапілася за сэрца, села ў крэсла, адкінула галаву, быццам бы памерла).

Хімка (пабегла).

Выбягае Альфонс

Альфонс (бягучы ўпаў). Пані Пясэцкая, што з вамі? Гістэрыка, паралюш, сьмерць! (Прылажыў вуха да сэрца). Як быць, што рабіць? (Пачынае моцна трэсьці). Пані Пясэцкая, што вам даць? Можа цукерак, трасцу, хваробу? Але-ж кажэце! Пан палкоўнік, ваша благародзьдзе, ваша прэвасхадзіцельства, ваша сіяцельства! Ах, чаму-ж я ня млею? (Сеў у крэсла і таксама быццам памёр).

Уваходзяць Хімка і палкоўнік

Хімка. Паночку, даражэнькі, усе паўміралі! Вады, вады!

Палкоўнік (моцна). Цыц! Ані шум баравы! (Хімка ўцякла, тады падышоў да Альфонса). Гэп!

Альфонс (усхапіўшыся, ад страху высока падскочыў). Што, ваша благародзьдзе?

Палкоўнік (згроб за карак). Вон! (Выкінуў; тады падышоў да Пясэцкай, моцна тупнуў нагой, тая ўсхапілася). Вон!

Пясэцкая (зьдзіўлена). Мяне?

Палкоўнік. Вон! (Пясэцкая згорбіўшыся вышла; тады палкоўнік падышоў да Марысі, моцна стукнуўшы нагой аб падлогу). Гэп!

Марыся (усхапілася). Што вам патрэбна?

Палкоўнік. Проста і направа!

Марыся (пашла).

Палкоўнік. Я вам пакажу, кісьляціна!


ЗАСЛОНА

Акт V[правіць]

АКТ V (праз 7 год)

Дэкорацыя II акту. Восень. На дрэвах пажоўклае лісьце. На тым самым месцы, дзе і ў II акце, стаіць пень, з правага боку — магіла, крыж; паводаль палатка, ля палаткі стаіць човен, шасты і розныя прылады перавозьніка.

Падыходзіць студэнт

Студэнт (абросшы барадой, у беднай вопратцы, з кіем у руках, доўга аглядае ўсю гэту мясцовасьць). Сем год, як я ня быў у гэтай старонцы. Сем год! Ня сам я прышоў сюды, а сумленьне прывяло мяне ў гэты край, дзе засталося столькі прыемных успамінаў… Здавалася, што ўжо пуста ў душы маёй і я забыўся на Ганку. Аж не, нейкая сіла прывяла мяне, і вось я тут. Тут, дзе на прывяўшай траве, сьляды маёй Ганусі. Ганначка, я прышоў да цябе! Выйдзі, мая дарагая! (Пауза). Ціха кругом, як і калісь было… (Здалёк чуваць голас. Нехта крычыць: „Перавозьнік, перавозьнік!“).

З палаткі вылазіць незнаёмы

Незнаёмы (з ім таксама зьмена, убачыў Васіля). Васіль! Ты?

Студэнт. Я!

Незнаёмы. Я ўжо ня важыўся падыйсьці да цябе, мо‘ ты даўно пракляў мяне?

Студэнт. Ну, то я падыйду да цябе і прывітаюся, як з братам.

Незнаёмы. Ледзь пазнаў цябе.

Студэнт. Нічога дзіўнага! Вялікія зьмены ў маім жыцьці!

Незнаёмы. Вялікая радасьць, неспадзеўнае спатканьне. Ну, кажы хутчэй, дзе ты быў, як жыў ад таго часу, як цябе выслалі? Зусім страціў сьляды.

Студэнт. Сем год у сасланьні быў, як зьвера дзікага ганялі.

Незнаёмы. Сам вінен. Разлапушыў вушы, а, падругое — палкоўніца прадала цябе.

Студэнт. Адозвы падлавіла, навяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне, а ўкрыцца было цяжка.

Незнаёмы. А я табе казаў, увесь плян будучыны я табе калісь намаляваў — і ўсё збылося так.

Студэнт. Малады быў, неспрактыкаваны.

Незнаёмы. Ёй то нічога, а палкоўнік сядзеў, ды нядоўга.

Студэнт. А ты?

Незнаёмы. Я выкруціўся.

Студэнт. Я вельмі рад гэтаму!

Незнаёмы. Дзякуючы табе, ты ня выказаў.

Студэнт. А як іначай?

Незнаёмы. Дарагі ты чалавек!

Студэнт. Не хвалі, ня люблю!

Незнаёмы. Дваранскае гняздо згарэла.

Студэнт. Туды яму і дарога!

Незнаёмы. Сяляне пятуха пусьцілі. Палкоўнік кудысь выехаў, палкоўніца — на той сьвет. Жонка твая жыве, але ня тут, а ўглядаецца ў вочы другому.

Студэнт. Мыдляны пухір!

Незнаёмы. А я, як і было, — перавозьнік. Вяду патроху справу бунту, моладзь падростае. Шмат новых барацьбітоў прыбудзе, яны штодня ў лесе. Эх, каб паглядзеў! Агонь, адвага, рэволюцыя! Часамі, у вольную хвіліну заграюць, песьню запяюць… жыць хочацца… пабудзеш тут, пабачыш іх, пачуеш.

Студэнт. Эх, каб пачуць, уваскросіць былое!

Незнаёмы. Уваскросім!.. Толькі ў другім кірунку. Ты нанава павінен жыць, забыцца на ўсё былое, пачаць зноў працаваць са мной разам на карысьць тых людзей, з якіх ты вышаў. Катарга, астрог, я спадзяюся, загартавалі цябе больш, ты ня схіліш галавы сваёй перад гвалтам, ты пойдзеш разам з намі ў крывавы бой, які павінен быць не ў далёкім часе.

Студэнт. Плян і аружжа! Я з вамі!

Незнаёмы. Рады, вельмы рады! Ну, а скажы, чаго ты сюды накіраваўся? Тут-жа твайго нічога няма!

Студэнт (з болем). Успаміны ёсьць!

Незнаёмы (пасьля паузы). Дай мне тваю руку! Люблю цябе! Чалавеку, у якога няма душы, рукі я не падаю. Так, брат, чулая ў цябе душа! Успаміны дорагі для чалавека, ніколі яны не паміраюць, заўжды яны маладыя. Калісьці я глядзеў у кішэню дзіцяці і ўбачыў там кавалачак чырвонага шкла, беленькі каменчык, бліскучы чарэпчык і падумаў — мозаіка душы чалавека. Малому цацкі, а вялікаму — успаміны.

Студэнт. Ты зразумеў, чаго я прышоў?

Незнаёмы. Позна, брат, прышоў! Восень, памерла лета.

Студэнт. Бачу, і сэрцам адчуваю, што няма лета — восень. (Пасьля паузы). А скажы мне, чыя магіла.

Незнаёмы (нехаця). Эх, брат, шкада лета! Бачыў, як памірала. Усё жыло, цьвіло, а вось наляцела восень, пажоўклі лісткі, бачыш, як яны ападаюць. Вось, ціха сарваўся лісток і… няма! (Павінны зьверху сыпацца жоўтыя лісткі). Глыбокае, брат, возера, ой глыбокае! Маўчыць яно, і ніхто ня ведае яго думкі.

Студэнт. А што з Ганкай?

Незнаёмы. 3 Ганкай? (Устаў). Выбачай, брат, мяне клічуць, перавезьці трэба. Я зараз, усё скажу. Шкада, брат, лета. Восень бязьлітасна. Усю прыгожасьць зьнішчыла. Вось зноў — сарваўся лісток — і няма. (Паказаў пальцам на магілу і пашоў, а студэнт паплёўся за ім).

Падыходзіць пастух — сьляпы з дзяўчынкаю
(Абое бедна апрануты: пастух у лапцях, а дзяўчынка босая)

Дзяўчынка (падвяла пастуха да магілы, стала на коленкі).

Пастух (на коленкі). Выбірай, дзеткі, выбірай непатрэбную траўку, яна глушыць добрую мураўку і не дае ўзросту. Выбірай, дзеткі, выбірай! Матуленька ўпросіць у бога для цябе шчасьця, ты вырасьцеш і будзеш жыць без бяды. Сягоньня, дзеткі, сем гадоў, як матуленька пакінула нас. Сем гадоў… сем гадоў мук і маіх сьлёз. (Устаюць і адыходзяць).

Студэнт насустрач

Студэнт. Дзядок, ты, пэўна, з дарогі зьбіўся? Твой маленькі правадыр ня туды цябе павёў.

Пастух. Сюды, панок, сюды. Я хоць сьлеп, але мясьцінку гэту добра ведаю, штодзень бываю тут.

Студэнт. Ты тутэйшы?

Пастух. Нібы і так. Старасьць, сілы страціў, памерці рад, але гэтага дзіцяці шкада.

Студэнт. Як даўно ня бачыш?

Пастух. Гадоў з сем.

Студэнт. А з якой прычыны асьлеп?

Пастух. Плакаў шмат, няпраўды зьнёс — вой-вой!

Студэнт. А скажы, дзядок, хто цяпер гаспадарыць над гэтай зямлёй?

Пастух. Таксама нейкі пан. А ці ведалі іх?

Студэнт. Ведаў.

Пастух. Я калісь на пасту ганяў.

Студэнт (схамянуўся. Углядаецца). На пасту?

Пастух. Слухаю я слухаю, а голас ваш нешта ўспамінае мне знаёмае. Эх, старасьць, старасьць!

Студэнт. А чыё гэта дзіцятка пры табе?

Пастух. Сірацінку гадую, унучка яна мне.

Студэнт. А маці яе дзе?

Пастух. Памерла. (У студэнта выпаў кій). Служылі ў дварэ, а пасьля, як ліха з ланцуга сарвалася. Засумавала чагось Гануся, з нейкай бяды ў студню ўвалілася. Адхаялі, нейкі пан малады доктара прывёз, на ногі паставілі. Васілём, здаецца, клікалі яго… На катаргу саслалі бедака… Пасьля, як дачушка нарадзілася, прышла Ганусечка сюды да возера і… дзіця пакінула на мураўцы, а сама… (заплакаў). Бацюшка не хацеў хаваць на могілках, тут я і пахаваў. (Здалёку чуваць хор, які пяе нудную, нудную песьню. Пастух схамянуўся). Вось гэтую самую песьню Гануся сьпявала над калыскай гэтага дзіцяці. Гэту самую песьню сьпявала яна тут, калі хадзіла зьбіраць кветкі.

Студэнт. Дзядок, ты бедны, ты нешчасьлівы, аддай мне гэтую сіротку, я ўзгадую яе.

Пастух (спалохаўся, рукою пераставіў дзіця на другі бок ад студэнта, зусім сур‘ёзна). О, не, панічок, не аддам! Каб хоць родны бацька прасіў — не аддам… Яна мне павекі закрые ў час сьмерці. Адзін-жа я на сьвеце — і жабрак. Бывайце здаровы! (Пашлі).

Студэнт (застаўся адзін. Доўга глядзеў усьлед, а пасьля падышоў да магілы, стаў на калені). Ганначка, Ганначка. (Прыпаў да магілы).


ЗАСЛОНА

Цана 60 к.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.