Ганарыстая варона
Ганарыстая варона Казка Аўтар: народ |
Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-007.html |
Раскаркалася неяк увосень адна варона на сметніку:
— Вы сабе як хочаце,— кажа сяброўкам,— а я не магу тут цэлую зіму мерзнуць. Я не такая дурная варона, як вы!
— А што ж ты думаеш рабіць, разумная? — пытаюцца сяброўкі.
— Палячу за мора: там, кажуць, зімы не бывае.
— Ну што ж,— паківалі галовамі сяброўкі,— шчаслівай табе дарогі. А мы ўжо якнебудзь і дома перазімуем.
Сабралася ганарыстая варона і паляцела за мора.
Доўга ляцела ці нядоўга, аж бачыць,— пад ёю ўжо не вада, а зямля зялёная, зверху цёплае сонейка свеціць.
«Ну,— думае варона,— тут я спынюся». Апусцілася на высокае дрэва ды пачала выглядаць спажыву: выгаладалася ж нябось за дарогу.
Убачылі варону заморскія птушкі.
— Хто ты? — пытаюцца.— Ніколі мы ў сваіх краях такой птушкі не бачылі. Можа, ты паўночны салавей? Ён, кажуць, пяе, як званочак звініць.
— Але, але,— падхапіла варона.— Я — паўночны салавей.
А сама сабе думае: «Хіба я горш за салаўя спяваю? Чаму ж толькі яму гонар і павага?»
Зарадаваліся заморскія птушкі.
— Паспявай нам, паўночны салавейка! — просяць варону.— А мы паслухаем. Вельмі ж хочацца нам твой голас пачуць.
Задрала варона ўгору сваю дзюбу і заспявала на ўсё горла:
— Кар-кар-р! Кра-кра! Гэй, гэй! Я — паўночны салавей!
Пераглядваюцца птушкі паміж сабою, вушы лапкамі затыкаюць. «А няхай яго з такім салаўём! — шэпчуць.— ён жа не лепш за звычайную жабу спявае...»
А потым не вытрымалі слухачы, гуртам наляцелі на варону і давай яе дзяўбці, давай таўчы. Траха не ўсё пер'е выскублі.
— Выбірайся,— крычаць,— прэч са сваімі песнямі! Не хочам мы цябе слухаць.
Вырвалася варона ад няўдзячных слухачоў і паляцела назад дадому.
А тут скора і вясна настала. Рэкі ад лёду ачысціліся. Не захацела варона на сметнік варочацца. Паляцела на рэчку. Села там на беразе і цікуе за рыбамі. Бачыць: паўзе рак. Ну, голад не цётка: калі няма рыбы, то і рак — рыба. Схапіла яна рака і сабралася ўжо снедаць, як раптам чуе ліслівы ракаў галасок:
— Вось добра, што трапіў у дзюбу не якой-небудзь чорнай галцы або граку, а самой пані вароне. Як жа мне пашанцавала! Ты ж такая прыгажуня, такая красуня, што і сказаць няможна. Шэрыя пёркі твае аж зіхацяць на сонейку. А галасок у цябе — як у таго салаўя, не раўнуючы: як пачнеш спяваць, дык на цэлы свет чуваць. Я не раз захапляўся тваімі цудоўнымі песнямі, у цёмнай нары седзячы. Хацеў бы я, пані варона, пачуць тваю песню яшчэ раз.
— Праўда, праўда! — каркнула ўзрадаваная ад пахвалы варона.— Гэта толькі дурныя заморскія птушкі зганілі мяне. Ну дык слухай!
I завяла варона на ўсю ваколіцу:
— Кар-кар-р! Кра-кра! Я не простая варона!
Скончыла спяваць, глядзіць — а рака і след прастыў.
Давялося ганарыстай і галоднай вароне зноў на сметнік да сябровак ляцець.