Перайсці да зместу

В. Дунін-Марцінкевіч (Савановіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
В. Дунін-Марцінкевіч
Артыкул
Аўтар: Зміцер Савановіч
1941
Крыніца: ЛіМ. 1941. 5 крас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Літаратурная дзейнасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча падае на 40-60-я годы XIX стагоддзя. У 1846 годзе ім была напісана камічная опера «Сялянка», у 1855 годзе — паэма «Гапон» і вершаваныя апавяданні: «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», у 1856 годзе — «Купалле», у 1859 годзе — пераклад «Пана Тадэуша» Міцкевіча на беларускую мову, у 1866 годзе — камэдыя «Пінская шляхта» і ў 1870 годзе — камедыя «Залёты». У асобе Дуніна-Марцінкевіча мы сустракаемся з першым пладавітым беларускім пісьменнікам. яго імя звязана з узнікненнем новай беларускай літаратуры.

У гісторыі літаратуры ўстанавіўся погляд на Дуніна-Марцінкевіча, як на прадстаўніка сантыменталізма ў беларускай літаратуры. Погляд гэты можа быць прынят з вялікімі агаворкамі і абмежаваннямі. Не варта забываць, што тая эпоха пачуццёвасці, якая нарадзіла, па вызначэнню акадэміка А. Н. Весялоўскага, «геніяў магутнасці», з аднаго боку, і «мірных энтузіястаў пачуццёвасці», з другога, у 40-60-я годы была ўжо далёка ззаду, сантыменталізм, як ідэйна-мастацкая плынь і ў Заходняй Еўропе, і ў Расіі быў даўно пройдзеным этапам. Эпоха 40-60-х год паставіла новыя соцыяльныя пытанні, парадзіла новыя мастацкія шуканні. І вывучэнне творчасці Дуніна-Марцінкевіча павінна выходзіць з умоў гэтай эпохі, а не з абстрактнай, пазагістарычнай нормы сантыменталізма.

Усякаму, хто знаёмы з сантыменталізмам заходнееўрапейскім і рускім, ясна, што Дунін- Марцінкевіч чужды ўсвядомленага, прынцыповага проціпастаўлення пачуцця розуму, чужды ўласцівага сантыменталізму псіхалагізма ў паказе асобы, што ў яго мы не знойдзем утончаных апісанняў прыроды, што тыповых для сантыменталізма жанраў: падарожжа, перапіскі, сямейнага рамана ў яго няма.

Узнікнуўшы ў 40-50-я годы, беларуская літаратура не паўтарала пройдзеныя іншымі літаратурамі эпохі, а развівалася пад уплывам гістарычна складваючыхся эканамічных і палітычных умоў у Расійскай Імперыі і пад уплывам ужо магутных у тыя годы рускай і польскай братніх літаратур. З’явіўшыся ў асобе Дуніна-Марцінкевіча ўпершыню самастойнай сілай, беларуская літаратура ў працэсе свайго ўзнікнення выходзіла з літаратурнай праблематыкі сучаснасці, ставіла праблемы, якія хвалявалі і рускую і польскую літаратуры. Знамянальна сама эпоха, у якую паявілася новая беларуская літаратура, — 40-50-я годы: толькі калі ў публіцыстыцы і літаратуры сялянскае пытанне заняло цэнтральнае месца, магла паявіцца літаратура «хлопаў», як успрымалася яна сучаснікамі. Толькі на фоне соцыяльных і літаратурных праблем 40-50-х год можа быць вырашана пытанне і аб форме гэтай літаратуры, аб тых своеасаблівых рысах сантыменталізма, якія ўсё-ж прысутнічаюць у творчасці Дуніна-Марцінкевіча.

Даўно перастаўшы быць баявой ідэйна-эстэтычнай плынню, сантыменталізм у 40-50-я годы ўяўляў сабою даволі распаўсюджаную культурна-бытавую з’яву ў правінцыі. Адстаўшае ў сваім культурным развіцці дробнае дваранства доўга яшчэ зачытвалася сантыментальнымі раманамі і распявала пачуццёвыя песні; але асабліва інтэнсіўна пранікаў сантыменталізм у недваранскія малаадукаваныя чытацкія колы. Пачуцці гераінь і герояў сантыментальных раманаў служылі нормай асабістых пачуццяў гэтых колаў; у рускай класічнай літаратуры даволі часта мільгаюць вобразы летуценных купецкіх дачок і «галантарэйных» каханкаў з асяродка прыказчыкаў, пісцоў, слуг і г. д. Сантыменталізм, як стылістычная манера, доўга карыстаецца папулярнасцю ў гэтым асяроддзі. Больш таго, перажыткі сантыменталізма сказваюцца і ў класічнай літаратуры 40-60-х год, у творах дваранскіх пісьменнікаў, якія рысуюць сялянскі быт. Сантыментальныя адносіны не былі пераадолены ў рускай літаратуры 40-50-х год. Яны моцна сказаліся ў ідэалізіраваных, падфарбаваных карцінах сялянскага жыцця ў Грыгаровіча, які раскрываў сялянскую псіхалогію з боку яе чыстай чалавечнасці, патрыярхальнасці («Рыбакі», «Чатыры пары года»). Вось гэтыя сантыментальныя адносіны да селяніна ярка адлюстраваліся і ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча.

Сантыментальныя адносіны да сялянства ў 40-60-я годы нельга змешваць з тымі сантыментальнымі адносінамі да яго, якія мелі месца ў пачатку XIX стагоддзя. Тады гэтыя адносіны былі афарбаваны ў кансерватыўныя палітычныя тоны, былі звязаны з абаронай прыгоннага права, як гэта мела месца ў Карамзіна. Дэмакратызм дваранскага сантыменталізма не ішоў далей карамзінскай формулы: «І сялянкі адчуваць умеюць». У 40-50-я годы пытанне набыло радыкальную пастаноўку: у Расіі паспявала неабходнасць сялянскай рэформы, і тэма мужыка набыла значэнне адной з цэнтральных тэм і ў рускай і ў польскай літаратуры. І Дунін-Марцінкевіч знаходзіцца пад уплывам той атмасферы, якая была характэрна для 40-50-х год. Шкадуючы мужыка, патрабуючы гуманных да яго адносін, асуджаючы прыгонніцтва, дваранская інтэлігенцыя ў асобе сваіх ліберальных прадстаўнікоў харчавала ілюзіі класавага міру паміж памешчыкамі і сялянамі. Дунін-Марцінкевіч падзяляў гэтыя ілюзіі. Ён пісаў:

«Таму для сялян я пісаў, што каб часамі ў святочны дзень прачытанае імі магло прыцягнуць іх сэрцы да паноў у інтарэсе супольнай карысці і шчырай еднасці». Ідэя клясавага міру паміж памешчыкамі і сялянамі паслядоўна праводзіцца ім і ў «Сялянцы», і ў «Гапоне», і ў «Шчароўскіх дажынках». Але, у адрозненне ад дваранскіх сантыменталістаў пачатку XIX стагоддзя, Дунін-Марцінкевіч не абмяжоўваецца паказам толькі чалавечых пачуццяў у селяніну; у тон эпосе, ён не закрывае вачэй і на цяжкасці прыгоннага права для сялян і дае рад вобразаў і карцін, рысуючых сваволле упраўляючых, гвалту і здзекі, якім падвяргалася прыгоннае сялянства. Але ў цэлым творы яго з’яўляюцца носьбітамі вельмі памяркоўнага пратэсту, што не пазбаўляе іх, аднак, антыпрыгонніцкага сэнсу.

Кідаецца, перш за ўсё, у вочы нячоткасць яго мыслі па сялянскаму пытанню. Нячоткасць гэта дае многім даследчыкам повад ацэньваць яго нават як прыхільніка прыгоннага права. Але ў творах Дуніна-Марцінкевіча адкрыта не сфармуліравала ні яго асуджэнне прыгоннага права, ні апраўданне яго. Сацыяльная сутнасьць яго твораў можа быць устаноўлена толькі пры ўліку палітычных і ідэалягічных умоў 40-50-х год, пры супастаўленні іх з творамі іншых пісьменнікаў на сялянскую тэму. І тады акажацца, што нават вельмі памяркоўная пастаноўка сялянскага пытання ў Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца, па сутнасці, антыпрыгоннай і, значыць, сацыяльна-прагрэсіўнай. Прыгадаем, што такія нявінныя, з соцыяльнага пункту гледжання, рэчы 40-х год, як «Антон Гарамыка» Грыгаровіча і «Запіскі паляўнічага» Тургенева, у аснове якіх таксама ляжыць ідэя клясавага міру паміж памешчыкамі і сялянамі, у свой час нарабілі шмат шуму і былі ўспрыняты ледзь не як рэволюцыйныя рэчы. Праўда, Тургенеў больш рэзка адносіцца да памешчыкаў, чым Дунін-Марцінкевіч, але ў яго і Грыгаровіча ёсць рыса, якая збліжае іх з Дуніным- Марцінкевічам: усе яны схільны корань зла бачыць яе ў памешчыках, а ў упраўляючых. Даволі прыгадаць «Бурмістра» Тургенеў альбо гісторыю ўзаемаадносін Антона Гарамыкі са сваім упраўляючым.

Творы Грыгаровіча і Тургенева кожны, не сумняваючыся, залічыць у разрад антыпрыгонніцкай літаратуры, не гледзячы на тое, што ў іх няма адкрыта сфармуліраванага патрабавання вызвалення сялян. У 40-50-я годы ў самым жыцці ствараліся ўмовы, якія падтрымлівалі ілюзію міру паміж памешчыкамі і сялянамі: значная частка дваранства адрывалася ад сядзіб і дзесяткі год жыла ў сталіцах альбо за граніцай; распаўсюдзіўся тып ліберальнага пана, «чалавека 40-х год», які ў свае рэдкія паездкі на радзіму праяўляў незвычайную туманнасць і мяккасць да селяніна; гэты-ж апошні быў аддадзен на з’ядзенне міраеду-бурмістру. Гэтыя ўмовы не маглі не дзейнічаць і на псіхалогію селяніна. У «Забытай вёсцы» Некрасаў паказаў наіўную веру сялян у пана і нянавісць да бурмістра, надзеі на тое, што «прыедзе барын, барын нас рассудзіць». І творчасць Дуніна-Марцінкевіча ўваходзіць у кола той літаратуры аб мужыку, якая ў 40-50-я годы набыла ў Расіі вялікае вызваленчае значэнне; падобна Тургеневу і Грыгаровічу, у адрозненне ад Карамзіна, Дунін-Марцінкевіч у тэме «барын — мужык» пераносіць цэнтр увагі з барына на мужыка, на яго цяжкую долю, хоць, падобна Грыгаровічу, і не можа вызваліцца ад сантыментальнага тону ў сялянскай тэме.

Але Дунін-Марцінкевіч валодае адной рысай, якая рэзка адрознівае яго ад рускіх пісьменнікаў таго часу і якой ён абавязан сваімі сувязямі з польскім літаратурным народніцтвам 40-50-х год. Тургенеў і Грыгаровіч пісалі аб сялянах для дваран, Дунін-Марцінкевіч пісаў аб сялянах для саміх сялян. Гэта асаблівасць ратлумачвае многае ў яго творчасці. Праўда, у рускай літаратуры мы таксама наглядаем, па меры росту рэвалюцыйных настрояў у 60-я годы, імкненне рэволюцыйна-дэмакратычнага лагера абаперціся на пісьменніка з народа. Гэта пытанне набыло першачарговую важнасць для рэволюцыянераў-шасцідзесятнікаў. Кніжны рынак літаратуры для народа быў запоўнен нізкапробнай лубачнай літаратурай, і Некрасаву прыходзілася толькі марыць аб тым часе; «калі мужык не Блюхера і не Мілорда глупага — Бялінскага і Гогаля з базара панясе». Сам ён свядома арыентыраваўся на густ чытача з народа, што сказалася ў прысвячэнні «Карабейнікаў» сябру-селяніну.

У польскай літаратуры ўжо ў 40-я годы вызначаецца арыентацыя на дэмакратычнага чытача, на чыгача-селяніна. Мы бачым у ёй свядомае проціпастаўленне народнай эстэтыкі эстэтыцы дваранскай. Найбольш ярка сказалася гэта рыса ў творчасці папулярнейшага дэмакратычнага паэта 40-50-х год Л. Кандратовіча (В. Сыракомлі). Ідэальнае ўяўленне аб паэце ў Сыракомлі звязана з вобразам «лірніка вясковага», песняра з народам і для народа, гордага і незалежнага ад багатых, які раздзяляе з народам яго смутак і радасць.

Дунін-Марцінкевіч падзяляе гэту ўстаноўку Сыракомлі на дэмакратычнага чытача, гэта разуменне задач пісьменніка. У прадмове да перакладу «Пана Тадэуша» на беларускую мову ён пісаў:

«І вось я сёння ахвярую «Пана Тадэуша», прыбранага ў мужыцкую сярмягу, панам і простаму народу з над Дняпра, Дзвіны, Бярэзіны, Свіслачы, Віллі і Нёмна. Можа народ той просты, што з маткай-прыродай блізка жывець, прыме гасцінец ад свайго дудара, што астатнія мінуты свайго жыцця на карысць народу аддаець».

Дунін-Марцінкевіч не валодаў той паслядоўнасцю, якой валодаў Сыракомля: ён адрасуе свае творы не толькі «простаму народу», але і «панам»; але гэта не мяняе таго становішча, што чытач Дуніна-Марцінкевіча ў 40—60-я годы мог быць у асноўным чалавекам з народа: граматны селянін, сельскі пісар, дробны арандатар, засцянковы шляхціц, панскі слуга. — г. зн. тое кола чытачоў, якое ведала і захоўвала яго творы, як пацвярджаюпь гэта факты. Што датычыць дваранскага чытацкага кола, дык яно не магло быць шматлікім, бо асноўная маса беларускага дваранства была апалячана; але былі ліберальныя адзінкі, падобныя Дуніну-Марцінкевічу, якія любілі свой край і свой народ, і да іх якраз і звяртаўся аўтар. Вядома, ён мог ставіць і, бясспрэчна, ставіў і больш шырокую мэту; яму хацелася бачыць дваранства вернутым на ўлонне роднай глебы; у «Сялянцы» ен выступае супроць таго захоплення замежным і забывання роднага, супроць якога змагаўся і Сыракомля.

Тое, што Дунін-Марцінкевіч у эпоху прыгоннага права звяртаўся да народа з творамі, дзе была крытыка прытонніцкай рэчаіснасці і абарона правоў селяніна, не магло не сказацца на соцыяльна-палітычным твары яго твораў. З гэтым, трэба меркаваць, звязана тая нячоткасць яго адносін да прыгоннага права, якая выкрываецца ў яго творах. Калі памяркоўная крытыка дваранства ў «Запісках паляўнічага» Тургенева, разлічаная ў асноўным на чытачоў з дваран, магла ўспрымацца рэакцыйным дваранствам як бунт, то тым больш ніякая цэнзура не магла прапусціць твораў для сялян, у якіх змяшчалася-б крытыка дваранства; калі-б у Дуніна-Марцінкевіча быў і больш радыкальны светапогляд, ён не мог-бы ў дарэволюцыўную эпоху у легальных умовах адлучыць зварот да народа з крытыкай дваранства. Бо цэнзура забараніла друкаванне ў 60-я годы «Пінскай шляхты», у эпоху парэформенную ўжо і твора наогул памяркоўнага, але дзе адмоўна паказан рускі чыноўнік. Але крытыкаваць упраўляючых ён мог. Таму трэба асцярожна аднесціся і да тых месц з прадмовы Дуніна-Марцінкевіча да сваіх твораў, дзе ён раскрывае сэнс сваёй творчасці, як імкненне прымусіць наноў звярнупь увагу на работу сваіх упраўляючых і як імкненне прывіць сялянам любоў да сваіх паноў. Такія агаворкі Дунін-Марцінкевіч мог рабіць па прычынах знешняга парадку. Тым больш нельга наіўна выходзіць з гэтых самапрызнанняу аўтара, што, наперакор ім, творчасць Дуніна-Марцінкевіча выражае нешта большае, чым пафас прымірэння сялян з памешчыкамі: у ёй заключаецца і пафас сцвярджэння чалавечай годнасці селяніна і пафас сцвярджэння народнай культуры: мовы хлопаў, іх песень, танцаў. Імкнучыся абуджаць у народзе пачуццё ўласнай годнасці і ўсведамленне ім сваіх чалавечых правоў, Дунін-Марцінкевіч заўсёды мае на ўвазе эстэтычны ўзровень свайго чытацкага кола, больш таго — сам спрабуе спусціцца да гэтага эстэтычнага ўзроўню. І гэта рыса родніць яго з польскім літаратурным народніцтвам. Рыса гэта сведчыць і аб пэўнай ідэалагічнай слабасці гэтай плыні, слабасці, якая ярка выкрываецца пры супастаўленні яе з баявой паэзіяй рускіх шасцідзесятнікаў. Рускія рэволюцыянеры 60-х год умелі падымацца над узроўнем мас, яны ўмелі знаходзіць у масах затоеныя рэволюцыйныя сілы, яны імкнуліся весці за сабою масы. Польскія пісьменнікі 50-х год не ўмелі падняцца над абмежаванасцю сялянскіх мас, таму і ў ідэйным і ў эстэтычным плане яны лічылі за лепшае следваць за масамі, выходзячы з кансэрватыўных бакоў сялянскай псіхалогіі. «Лірнік вясковы» не ішоў наперадзе мас, а губляўся ў іх. У Сыракомлі праскакваюць ноты недавер’я да «вялікай» культуры, прыкмета ідэалізацыя простых, прымітыўных эстэтычных патрабаванняў патрыярхальнага селяніна. Глыбокі дэмакратызм Сыракомлі абмежаван рэвалюцыйнай абыякавасцю. Сыракомля не здолеў улавіць у селяніну рэвалюцыйнай душы, ён убачыў у ёй толькі псіхалогію тружэніка, гордага усведамленнем сваёй годнасці, псіхалогію рэлігійнасці і соцыяльнай пасіўнасці.

Дунін-Марцінкевіч адчуў непасрэдны ўплыў Сыракомлі. Ён быў знаёмы з ім асабіста. Сыракомля быў яго госцем у Мінску. Выходзячы з эстэтычных патрэбнасцей дэмакратычнага чытача, Дунін-Марцінкевіч увёў у свае творы моцны фальклорны струмень. Гэты струмень ён своеасабліва спалучаў са стылістычнымі прыёмамі сантыменталізма. Фальклорныя інтарэсы Дуніна-Марцінкевіча ідуць у асноўным па лініі бытавых абрадавых жанраў. Ён уводзіць у свае творы матыў жыццёрадаснай беларускай пляскі («Гапон»), выкарыстоўвае народны анэкдот («Дурны Зміцер, хоць хітры»), абраднасць працы («Шчароўскія дажынкі»). Асобна стаяць «Стаўроўскія дзяды» з іх своеасаблівай міфалогіяй.

Фальклорны калярыт надае святочны тон творам Дуніна-Марцінкевіча, адсюль яго папракаюць у падфарбоўванні народнага быту ва ўгоду свайму памешчыцкаму прынцыпу. Да гэтага сцвярджэння трэба аднесціся асцярожна. Вядома, паказальна для яго ідэалогіі кампрамісу выкарыстанне соцыяльна-абыякавых і жыццёрадасных бакоў фальклору. Але, звяртаючыся да гэтых бакоў, Дунін-Марцінкевіч следуе патрабаванню, якое яны прад’яўляюць; ён улічвае эстэтыку фальклору. Бо ў фальклоры знаходзяцца пэўныя элемэнты ідэалізацыі свайто жыцця сялянствам, не ўсе ў ім змрочнае; прысутнічае ў фальклоры і матыў выпадку: дзякуючы выпадку, разумны і энергічны селянін перамагае сваіх ворагаў. Улічыўшы гэта, мы правільна ацэнім «Гапона», сюжэт якога, пры ўважлівым разглядзе акажацца сюжэтам фальклорнай казкі: просты салдат, дзякуючы сваім здольнасцям, робіцца афіцэрам. Для таго чытацкага кола, да якога звяртаўся аўтар, «Гапон» быў зразумелы, быў па душы, тады як з пункту гледжання пануючага дваранскага густу ён быў слабым, штучна пабудаваным творам.

У фальклорнай манеры даецца і характарыстыка вонкавага выгляду герояў, іх фізічнага хараства:

У Грыпіны-ж Кацярына,
Крый божа! бяды не знала,
Як у садочку маліна,
Расла, цвіла, даспявала;
На шчочках кроў з малаком!
А вочкі блішчаць агнём.

Між іншым, у гэтым бачаць доказ таго. што Дунін-Марцінкевіч сантыментальна ідэалізіруе сваіх герояў, робячы іх прыгожымі, святочнымі, і забываюць, што ён іменна выходзіць з пэўных элементаў фальклорнай формы: варта адкрыць любы зборнік народных песень, казак, каб пераканацца ў тым, што вонкавы выгляд герояў даецца там амаль у тых-жа словах. Шчаслівае жыццё дзяўчыны ў маці да замужжа зрабілася ўмоўнасцю, агульным месцам у народнай песні.

Мова, вобразы аповесці «Гапон» далёкія ад прыёму дваранскай эстэтыкі: грубаватая непасрэднасць народнай гаворкі, народнага гумару, народнай песні моцна даюць сябе адчуваць, і тут Дунін-Марцінкевіч выступае як зусім арыгінальны паэт; на ўсім ляжыць адбітак простадушнага натуралізма. Напрыклад, партрэты паноў:

Направа пан вельмі строгі,
Вусы, як у быка рогі.
Вот так старчмою стаяць:
Валасы яго сівенькі,
Мундзір на ім галубенькі,
На грудзях крыжы блішчаць.
А за ім якісь пузаты,
Быццам мядзведзь так касматы.

У «Гапоне» фальклорная непасрэднасць пераважае над элемэнтамі сантыменталізма. У камэдыях «Пінская шляхта» і «Залёты» яна спалучаецца з сантыментальнай манерай: тут у рысах сантыментальна-лірычных выступае тэма кахання: тэма гэта раскрываецца на яркім бытавым, натуралістычным фоне, які дадзен у рысах грубаватага камізму. Гэта спалучэнне сантыментальнага струменя са струменем фарсу характэрна, між іншым, для украінскай літаратуры пачатку XIX стагоддзя. Камедыі Дуніна-Марцінкевіча блізкі ў гэтых адносінах да оперы Катлярэўскага «Наталка-Палтаўка», якая магла аказаць на яго ўплыў.

«Пінская шляхта» і «Залёты» пабудаваны на тыповым для сантыменталізма сюжэце: маладыя закаханыя з прычыны розных акалічнасцей разлучаны адзін з другім; на шляху іх шчасця стаяць бацькі, матэрыяльныя інтарэсы; але ніякая сіла не можа раз’еднаць іх любячыя сэрцы. У канцы канцоў акалічнасці складваюцца на карысць іх шчасця і ўсё заканчваецца шлюбам. Маладым і пяшчотным закаханым проціпастаўляецца камічная фігура закаханага старога, багацея і г. д. У «Пінскай шляхце» лірычным фігурам Грышкі і Марысі проціпастаўлен 60-гадовы шляхціч Куторга, які шукае рукі Марысі. У «Залётах» шчасцю Станіслава і Адэлі перашкаджае грубы арандатар Садковіч. Гэту-ж схему наглядаем мы і ў «Наталцы-Палтаўцы». Наталка і Пятрусь разлучаны з прычыны матэрыяльных умоў, на іх шляху паяўляецца камічная фігура Вознага.

У п’есах Катлярэўскага і Дуніна-Марцінкевіча героі ў мінуты найвышэйшага драматычнага і лірычнага напружання выражаюць свае пачуцці вершамі. У вершах-жа даецца і пародыя на лірычную тэму — там, дзе выступае камічная фігура няўдачлівага каханка. Змест гэтых вершаў і манера раскрыцця лірычнай тэмы, як і камічнага фону, у Катлярэўскага і Дуніна-Марцінкевіча блізкія. З традыцыяй украінскай камедыі Дуніна-Марцінкевіча збліжаюць і іншыя прыёмы: увядзенне бязглуздай канцылярскай гутаркі на ламанай рускай мове (у вуснах Кручкова з «Пінскай шляхты»), фарсавы матыў хавання (Сабковіч з «Залётаў» залазіць пад стол і брэша па-сабачаму).

У «Залётах» найбольш ярка сказаўся сантыментальны ўплыў на Дуніна-Марцінкевіча. Даволі прывесці наступнае месца, каб адчуць залежнасць пісьменніка ад традыцыі сантыментальнай драмы і аповесці:

Станіслаў: Адэля! — выбачайце, — панна Адэля, — ці-ж з маіх паступкаў, з маіх вачэй ты не вычытала таго, як ты дорага майму сэрцу? Я жыць не магу без панны, пры мыслі, што магу страціць цябе, — шалею. О, ты кінула на мяне страшныя чары! (Выбраныя творы, стар. 111).

У 60-я годы такая манера ў апісанні любоўных пачуццяў магла ўспрымацца як эпігонства з пункту гледжання развітага эстэтычнага густу, але з пункту гледжання таго дэмакратычнага чытача, які яшчэ толькі далучаўся да кніжнай культуры і да якога звяртаўся Дунін-Марцінкевіч, гэта была даступная і эстэтычна дзейсная форма. Асаблівасцю драматычных твораў Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца прысутнасць у іх двух тэм: тэмы любоўнай, сантыментальна-лірычнай і тэмы выкрыцця хабарнікаў, царскіх чыноўнікаў («Пінская шляхта»), капіталістаў («Залёты»). У плане ідэйна-палітычным гэтыя рэчы, напісаныя ў 60-я годы, стаяць вышэй яго рэчаў 40-50-х год. Той сатырычны струмень, які прысутнічае ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча, увага аўтара да пэўных бакоў соцыяльнага жыцця, быту, натуралістычная манера паказу ім апошняга, грубаватая непрымусовасць фальклорных матываў не даюць падставы бачыць у Дуніну-Марцінкевічу паслядоўнага сантыменталіста і прыгонніка. Прадстаўнікамі сапраўды народнай беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя Дунін-Марцінкевіч быў успрыняты як пісьменнік дэмакратычны, у многім блізкі і жывы. Высокую ацэнку дае яму Янка Купала ў вершы «Памяці Вінцука Марцінкевіча», змешчаным у зборніку «Шляхам жыцця». Асабліва цаніў у ім Янка Купала яго патрыятызм. Ён пісаў:

Жыве паміж намі дудар наш...
Жьць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў, добры сын сваю матку.