Вітаўт Вялікі і беларусы
Вітаўт Вялікі і беларусы Артыкул Аўтар: Адам Станкевіч 1930 год Крыніца: Вітаўт Вялікі і беларусы. Вільня: Выданьне Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, 1930. 31 с. |
27. Х. 1430 — 27. Х 1930 |
І.
[правіць]Жывучасьць думак Вітаўта. Належная ацэна вялікіх людзей звычайна бывае толькі па сьмерці іх. Труднасьць ацэны думак Вітаўта з прычыны іх вялікасьці. Нязначныя вынікі дасюлешняй навукі аб Вітаўце. Пазнаць і ацаніць належна Вітаўта — заданьне будучыні. Вітаўт і гісторыя літоўская. Вітаўт і гісторыя беларуская. Дадатняя ацэна беларускімі гісторыкамі пэрыяду літоўска-беларускага.
Сяньня мінула 500 гадоў, як расстаўся з гэтым сьветам і перайшоў на той бок быту, вялікі валадар зямлі нашай, Вітаўт, духу каторага складаем мы тут чэсьць нашу.
500 гадоў — між намі і Вітаўтам, між нашым часам і часам ягоным. Гадоў, як бачым, уплыло нямала, а памяць аб вялікім і слаўным Кейстутавічу жывая і сьвежая, думкі яго жывуць між намі, лунаюць над бяздольнай нашай старонкай, адухаўляюць нас, даюць нам натхненьне да працы, да барацьбы за волю і долю нашу, за вышэйшую справядлівасьць жыцьця народу ня толькі літоўскага, але такжа і беларускага.
У сяньнешні ўрачысты дзень, думаючы аб Вітаўце, без засьцярогаў сказаць можна, што вялікія людзі сапраўды ацэньваюцца і сапраўды жыць пачынаюць, часта пасьля доўгіх вякоў, толькі пасьля сваёй сьмерці. Так і з Вітаўтам. „Не памёр — нарадзіўся" — сказаўбы аб ім пясьняр наш Казімір Сваяк.
Пазнаць Вітаўта, як належыцца, ацаніць, як сьлед, яго думкі, яго пляны, нарысаваць праўдзівы і поўны абраз яго — рэч ня лёгкая, ды бадай немагчымая. Праз паўтысячы гадоў навука йшчэ не даканала гэтага. Вялікасьць Вітаўта перавышае звычайныя людзкія магчымасьці. „Што за шырыня горызонту — слушна кажа аб Вітаўце польскі гісторык праф. Ф. Конэчны. — Ад стэпаў татарскіх да базылікі над возерам швайцарскім, ад бурштынавага пабярэжжа Балтыку, праз залатую Прагу, аж да копулаў Цараграду павядзе цябе досьлед ніці яго намераў і чынаў. Пазнаеш адносіны нэофіткі Літвы да яе айцоў хросных, да Палякоў, таёмныя хістаньні Русі ў Галічу, у Кіеве, баявую лінію між Вільняй і Масквой. Пазнаеш справы Цэрквы і Касьцёла заходняга, уладыкаў і біскупаў, убачыш іх разам на саборы, як пажадаюць злучыцца ў ваднэй аўчарні, натхнёныя Вітаўтам, які вядзе і гусытаў. Лучыць і ўсьцяж лучыць — гэта мэта яго! Маскву з Вільняй, Прагу з Кракавам хацеў ён спрэгчы у вадно, палову Эўропы жадаў ён ажывіць адным духам, так, што з уніі польска-літоўскай мелаб паўстаць нейкая адна усеславянская унія. Гэткага кругазору рэдка ўгледзіш у вадным чалавеку, бо-ж гэта вялізарны разьмерам, чароўны думкай — гістарычны эпос. Гэта ня плян палітычны з часіны прыпадковай, аблічаны на пэўны час і да пэўных абставін, але гістарычная ідэя, да выкананьня якой трэба вякі запрэгчы."[1]
Вось-жа гэтыя вякі даўно ўжо упрэгліся ў працу над нарысаваньнем поўнага і праўдзівага вобліку Вітаўта; шмат ужо ў гэтым кірунку даканалі, але нямала яшчэ даканаць асталося вякам будучым. Многае яшчэ з Вітаўтаўскай эпопэі ад навукі закрыта.
Але і тое, што аб Вітаўце ёсьць пэўным, мае часта рожнае асьвятленьне, асабліва ў суседніх — польскіх і расейскіх гісторыкаў. Адны з іх за адны і тыя-ж чыны падвышшаюць Вітаўта пад неба, а другія яго паніжаюць.
Здэцыдаваную-ж агулам думку аб Вітаўце мае маладая гісторыя літоўская, якая ясна і рашуча Вітаўта ўважае за найвялікшага сына літоўскага народу, за найслаўнейшага патомка Гедыміна і Альгерда, за свайго генія, шмат што з жыцьця Вітаўта асьвятляючы з свайго, новага пункту гледжаньня і шмат чаго, такім чынам, уносячы аб ім новага ў скарбніцу веды.
Што-ж датыча гісторыі беларускай, як навукі, дык яна яшчэ дужа маладая, яна яшчэ толькі пачынае жыць і разьвівацца. А як гэткая, яна ня мела яшчэ магчымасьці, сярод іншых важных пытаньняў з беларускай мінуўшчыны, распрацаваць усестаронна час, жыцьцё і дзейнасьць Вялікага Вітаўта і свой, беларускі на яго погляд. Аднак-жа трэба сказаць, што беларускія гісторыкі, як Ігнатоўскі, Пічэта, Любаўскі і інш. агулам у сваіх працах датыкаючы асобы Вітаўта з пункту гледжаньня беларускага, ацэніваюць яго дадатна і без засьцярогаў як перыяд літоўскі агулам, так і пэрыяд Вітаўта ў беларускай гісторыі рысуюць, як пэрыяд сьветлы і слаўны.
Сваім-жа заданьнем у сяньнешні ўрачысты 500-летні юбілей Вітаўта Вялікага лічу я бліжэйшае асьвятленьне гістарычна пэўных фактаў аб ім з пункту гледжаньня беларускага.
ІІ
[правіць]Полацкі пэрыяд у гісторыі Беларусі. Злучэньне Беларусі з Літвой. Характар злучанай літоўска-беларускай дзяржавы. Слушнасьць назовы гэтай дзяржавы: — „літоўска-беларуская”. Значэньне злучэньня Беларусі і Літвы.
Буйна пачынала разьвівацца беларускае жыцьцё ў першым (ІХ—XIII в.), так званым полацкім, пэрыядзе беларускай гісторыі.
Беларускія продкі Крывічы, згуртаваныя ў палітычны, грамадзкі і культурны цэнтр у Полацку, стойка баранілі незалежнасьці свайго гаспадарства, апёртага ў нутры на глыбока дэмократычным, вечавым строі і надзейна лучылі да сябе сваяцкія плямёны Дрыгавічоў і Радзімічоў.
Рана прыняўшы хрысьціянства і жывучы на вялікім водным шляху „з Вараг у Грэкі", на шляху між усходам і захадам, беларуская Полаччына сапраўды займала пачэснае мейсца сярод культурных і цывілізаваных краін таго часу. Але частая барацьба Полаччыны за сваю самабытнасьць з Кіеўшчынай, а такжа з паасобнымі суседнімі валасьцямі-княствамі, унутранае змаганьне супярэчных грамадзкіх кляс, змаганьне між гарадамі і прыгарадамі і іншыя прычыны давялі яе да ўпадку, які зазначыўся ўжо на пачатку XI веку, пасьля сьмерці слаўнага Полацкага князя Ўсеслава (†1101).
Тымчасам на захадзе, грозныя для Літвы і Беларусі нямецкія рыцары (ордэн лівонскі і тэўтонскі), у 1237 г. злучыліся ў вадну магутную арганізацыю і сталіся для іх яшчэ больш грозныя. Вось-жа літоўскія плямёны пад уплывам гразы з боку гэных рыцараў, а такжа пад уплывам частых нападаў на Літву паасобных беларускіх князькоў, — у XIII ст. зьбіраюцца у цэласьць. Яны арганізуюцца і зьбіраюць навокал сябе разрозьненыя беларускія, а пазьней і іншыя ўсходня-славянскія пляменьні, якія ўрэшце і самі ахвотна пачынаюць злучацца з Літвінамі і разам з імі арганізаваць літоўска-беларускую дзяржаву.
У XIII і XIV ст. нямала было прычын, якія дамагаліся ад Беларусаў аб'яднаньня з Літвой. З усіх бакоў пачалі напіраць на беларускія землі ворагі. З паўдня ішла руіна і няволя ад татар, з поўначы і з захаду націскалі нямецкія рыцары, палонячы і сілай хрысьцячы Беларусаў паводле лацінскага абраду. У палове XIV ст. стала так-жа напіраць на Беларусь і маладое каралеўства польскае, якое толькі-што паўстала з развалін удзельнай эпохі. А ўзноў з усходу пашлі крыўды і зніштажэньні ад усьцяж магутнеючага Княства Маскоўскага. Пры гэтакіх варунках, рэч ясная, што новапаўстаўшаму Вялікаму Княству Літоўскаму было лёгка стацца палітычным цэнтрам, да якога сталі хінуцца беларускія землі, тым больш, што ад самага пачатку свайго існаваньня яно было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім[2].
Такім чынам будуецца ўрэшце самастойная дзяржава літоўска-беларуская, дзе кіруе гаспадар вялікі князь Літвін, а пануе культура і мова занепаўшай палітычна беларускай Полаччыны. „Разьвіўшы культуру і прасьвету, — кажа праф. Ігнатоўскі — Беларусь ня здолела зьберагчы свайго асабістага дзяржаўнага жыцьця. Літва, узяўшы ў Беларусі яе прасьвету і культуру, прышла на Беларусь, каб даць ёй палітычны зьвязак і сувязь з сабой.[3]
Літоўскі пэрыяд у гісторыі Беларусі слушна можна назваць пэрыядам літоўска-беларускім, бо якраз у ім, як кажа тойжа праф. Ігнатоўскі, „вырасла і разьвілася тая дыфэрэнцыяцыя ўсходня-славянскага, рускага племені, якую мы бачым і дагэтуль. Літва аб'яднала заходнюю палавіну рускага племені. Тут ішло сваё асабістае культурнае і палітычна-соцыяльнае будаўніцтва, над каторым працавалі ў цэнтры Беларусы і на паўднёвай акраіне — Украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае аб'яднала ўсходнюю палавіну рускага племені"...[4]
Праца Беларусаў разам з Літвінамі ў сталіцы Вял. Кн. Літоўскага ў Вільні над будаўніцтвам гэтай дзяржавы і беларуская ў ёй культура сапраўды даюць права дзяржаву гэту называць літоўска-беларускай.
Дзякуючы аб'яднаньню беларускіх плямён з Літвою, яны аканчальна зьліліся, зрасьліся і стварылі адзін народ беларускі, мова якога такжа аканчальна злажылася і выдзелілася ў мову самабытную беларускую.[5]
ІІІ.
[правіць]Аб'яднаньне літоўска-беларускае за часаў Гедыміна і Альгерда. Аб'яднаньне гэта за Вітаўта. Характар літоўска-беларускага аб'яднаньня за Вітаўта, магутнасьць і самастойнасьць літоўска-беларускай дзяржавы. Абшар гэтай дзяржавы. Адносіны гэтай дзяржавы да Польшчы. Барацьба Вітаўта з Ягайлам за самастойнасьць зямель Вялікага Княства Літоўскага.
Праўда, аб'яднаньне Літвы і Беларусі было ўжо пры Гедыміне і Альгердзе, але замацавалася яно і зьлілося ў вадзін дзяржаўны арганізм толькі пры Вітаўце (1392—1430).
Вітаўт усё даўгавечнае жыцьцё сваё пасьвяціў на абарону самастойнасьці літоўска-беларускай дзяржавы, ваюючы за яе падчас моладасьці сваёй пры боку бацькі свайго Кейстута, ваюочы так-жа пасьля самастойна, як вялікі князь літоўска-беларускай дзяржавы, кіраваў якой аж 38 гадоў, будуючы адначасна жыцьцё ўнутранае дзяржавы ў кірунку консолідацыі і згоднага сужыцьця Літвіноў і Беларусаў, у кірунку ліквідацыі бунтарскіх настрояў розных князькоў і агулам ліквідацыі іх як раскладаючай сілы палітычнай, у кірунку пашырэньня хрысьціянства і культуры, у кірунку грамадзкага ладу і эканамічнага дастатку.
Так, вялікае княства літоўска-беларускае вырасла за Вітаўта ў вялікую і магутную дзяржаву, якая займала басэйны верхняй і сярэдняй Дзьвіны, Нёмана, Паўдзённага Бугу, Дняпра і верхняй Акі — што знача — Літву, Беларусь, бадай усю (без Галічыны) Украіну і нязначную часьць Маскоўшчыны — (усходнюю часьць Смаленшчыны, быўшую губ. Калускую, Тульскую, Арлоўскую), — якая такім чынам між Паўдзённым Бугам і Днестрам датыкала берагоў мора Чорнага, а каля Палонгі (Мэмэль) — мора Балтыцкага[6].
Ужо з гэтых агульных фактаў особа Вітаўта нятолькі для Літвы, але так-жа і для Беларусі сапраўды ёсьць вялікай, а думкі яго — гэта думкі аснаўныя, ідэолёгічныя для гістарычнай падарожы такжа і беларускага народу.
Але ідзём далей. Супольныя ворагі літоўска-беларускай дзяржавы і Польшчы — на захадзе нямецкія рыцары, а на ўсходзе Масква, а такжа розныя прычыны характару ўнутранага, змушалі гэтыя дзьве дзяржавы да бліжэйшага сужыцьця, да палітычнага і мілітарнага супрацоўніцтва, да розната роду нават палітычных дагавораў.
Вось-жа на фоне гэтых супольных інтарэсаў зрадзілася з боку польскага самалюбная ідэя далучэньня літоўска-беларускай дзяржавы да Польшчы, ідэя, для якой у ахвяры злажыў на аўтары Літву і Беларусь Літвін вялікі князь Ягайла, а насупроць якой ідэі яшчэ больш зазначылася ідэя самастойнасьці гэтай дзяржавы, ідэя, для якой пасьвяціў свой геній Вялікі Вітаўт і за якую ўсё жыцьцё сваё ён змагаўся, як з ворагамі вонкавымі, так і з унутранымі, у тым ліку з сваім братам стрыечным Ягайлам. Прыгожа аб гэтым гавора ўспомнены ўжо намі польскі гісторык праф. Конэчны. „Вітаўт — кажа ён — гэта ўасабленьне Літвы. Ён найвышэй падняў сьцяг яе, каронай жадаючы закончыць справу, распачатую Гедымінам. А вось адначасна вялікі князь Літвы Ягайла засеў на троне польскім, якраз адначасна на караблі гісторыі Польшчы, Русі і Літвы заткнуты быў польскі сьцяг гістарычны — унія...
Ад непрыязьні Ягайлы і Вітаўта распачынаюцца гэтыя дзеі, а на самым канцы жыцьця волата чуем аб кароне, каторую бадай ужо ўзложаную зьдзірае яму з чала ўзноў Ягайла. Сьпярша вязьніць яго, пасьля падносіць да ўлады і ўзноў у гэтай ўладзе агранічыць яго імкнецца. Раз проціў сябе, то ўзноў вобак сябе яны ваююць, раз адзін аднаму памагаюць, другі раз адзін аднаму перашкаджаць стараюцца. А заўсёды кожны з іх мае за сабой нейкую сілу і бадай магутнасьць, так, што ніколі адзін аднаго зніштожыць ня можа. Што знаходзіцца на дне гэтай так цікаўнай зьменнасьці зьявішчаў: ці гэта толькі два дынасты, ці дзьве змагаючыяся гістарычныя ідэі? Ці спор усяго жыцьця іх ішоў стуль, што абудва хацелі аднэй якой непадзельнай рэчы, ці мо' стуль, што кожны жадаў чаго іншага тымі самымі спосабамі? Каліж прадстаўляюць яны працівенствы, дык і гэтыя бываюць дваякія: адны могуць узаемна дапаўняцца, а іншыя бязумоўна выключаюцца. Да каторай катэгорыі залічыць працівенсты Вітаўта і Ягайлы, гэта ёсьць аснаўным пытаньнем падзеяў ня толькі нашых, але цэлай усходняй Эўропы"...[7]
Вось-жа, бяручы ў цэласьці думкі і чыны Вітаўта і Ягайлы, трэба сказаць, што дзяліла іх ня што іншае, як толькі дзьве розныя гістарычныя ідэолёгіі, дзьве розныя ідэі. Ідэя Вітаўта — гэта ідэя самабытнасьці Літвы і Беларусі ўласным коштам, ідэя Ягайлы — гэта ідэя самабытнасьці Польшчы коштам Літвы і Беларусі.
IV
[правіць]Нясталасьць дагавораў літоўска-беларускай дзяржавы з Польшчай і прычыны гэтага. Вялікія самастойніцкія пляны Вітаўта. Бітва пад Грунвальдам. Унія Городэльская. Пагляды на Вітаўта польскіх гісторыкаў і вартасьць такіх паглядаў.
Адгэтуль ясным павінна быць, чаму ўсе гэныя ўніі — дагаворы літоўска-беларускай дзяржавы з Польшчай: 1386, 1392, 1401 і 1413 г., падпісаны за часаў Вітаўта, у жыцьці былі ня трывалыя і чаму сам Вітаўт, скарыстаўшы з іх для пэўнай патрэбы, пераходзіў над імі да парадку дзённага. Гэта не вераломства. Гэта пачуцьцё генія вышэйшай справядлівасьці. Вітаўт лучыўся з Польшчай настолькі, насколькі гэтае злучэньне, будучы карысным на пэўны час, для пэўнай канкрэтнай палітычнай патрэбы, як вольны саюз, — не пярэчыла, ня ніштожыла самабытнасьці літоўска-беларускай дзяржавы. Гэтая самабытнасьць — гэта сьвятое сьвятых Вітаўта, для абароны якога ня было такой сілы, якая-б Вітаўта зьдзержыла. Зрабіўшы дзеля патрэбы дагавор, ці унію з Польшчай, Вітаўт тады заўсёды паступаў так, што паступкі яго ярка тлумачылі гэныя яго дагаворы, як суррогаты, а не як прынцыпы яго палітыкі.
І сапраўды. Пасьля уніі літоўска-беларускай дзяржавы з Польшчай 1386 г., калі прад Вітаўтам у ва ўсей гразе стала ідэя Ягайлы, ідэя інкорпорацыі — ён у ва ўсей красе і славе проціўставіў ёй сваю ідэю, ідэю самабытнасьці нашага краю.
Па трох гадох гэнай уніі, яшчэ на пачатку свайго валадарства на пасадзе вялікага князя, у 1396 г. у Вітаўта паўстае вялікі плян: пры помачы Тахтамыша, згнанніка з Залатой Арды, зьніштожыць магутнага татарскага валадара Тэмэрляна, а пасьля, пры помачы тагож Тахтамыша, разграміць гаспадарства Маскоўскае, трымаць у большай пакорнасьці Пскоў, Ноўгарад, Рязань, Твэр, аддзяліцца цалком ад Польшчы і стварыць самастойную, магутнейшую ў Эўропе літоўска — агульна славянскую дзяржаву. З гэтай мэтай пайшоў Вітаўт вайной на татар 1399 г. але, як ведама, на Ворксле, татарамі быў цалком разьбіты. Гэты непамысны для яго факт разьбіў яго пляны, аслабіў дзяржаву, панізіў яго павагу, але думак аб палітычнай самастойнасьці краю не зацёр у душы ягонай.
Пасьля гэтага Вітаўт прыхінуўся ўзноў да Польшчы. Для спакою згадзіўся на вунію з ёй, узмацаваў паволі йзноў сваю дзяржаву і ўрэшце ў бітве пад Грунвальдам (1410), дзе дэцыдуючую роль пад камандай самога Вітаўта адыгралі беларускія смаленскія палкі, і дзе раз назаўсёды была разгромлена магутнасьць нямецкіх рыцараў, узноў раславіўся на сьвет цэлы і далей, супрацоўнічаючы з Польшчай, снуў пляны аб самабытнасьці сваёй дзяржавы.
Так напрыклад, пасьля гэнай слаўнай перамогі над рыцарамі, калі сіла іх была ўжо зьніштожана дарэшты і назаўсёды, аглядаючыся на небясьпеку Масквы, Вітаўт падпісаў артыкулы Уніі Городэльскай (1413), але незадоўга пасьля гэтага пачаў стараньні аб сваёй каранацыі на цалком незалежнага караля літоўска-беларускай дзяржавы, а да чаго не дапусьцілі Палякі, пэўне-ж добра разумеючы праўдзівыя намеры Вітаўта.
Цікава тут будзе адзначыць пункт гледжаньня на Вітаўта польскіх гісторыкаў. Гэтыя гісторыкі, бяручы агулам, Ягайлу ставяць вышэй за Вітаўта, вялікасьць Вітаўта зьмяншаюць, а нават часам і цалком яе Вітаўту адмаўляюць.[8] Робяць яны гэта затым, што Вітаўт, будучы праціўнікам ідэі ягайлаўскай, адважна, мудра і вытрывала змагаўся за поўную самабытнасьць літоўска-беларускай дзяржавы. Нават і тыя з польскіх гісторыкаў, якія агулам выслаўляюць геніяльнасьць Вітаўта, прыпомніўшы яго змаганьне за карону, як сымбаль самастойнасьці краю, да Вітаўта астываюць і факт гэты тлумачаць як нешта сапраўды ад'ёмнае ў ягонай вялікасьці.[9] Такім чынам польскія гісторыкі ў сваіх працах аб Вітаўце выходзяць з пункту гледжаньня польскага самалюбства. Яны настолькі ганяць Вітаўта і настолькі цэняць — насколькі ён быў, ці ня быў староннікам ідэі ягайлаўскай, ідэі далучэньня нашага краю да Польшчы.
Але гэткая пастаноўка справы ацэны Вітаўта, як аднабокая, да мэты не даводзе. Ведамыя факты гістарычныя аб Вітаўце гавораць самі за сябе — яны выразна рысуюць нам Вітаўта, як здэцыдаванага праціўніка варожай для нашага краю ідэі ягайлаўскай, як здэцыдаванага геніяльнага ідэолёга незалежнасьці зямель Вялікага Княства Літоўскага.
Праўда, ідэя Ягайлы вялікая ў вачох Палякоў і быць можа ў вачох нясьведамых нацыянальна, соцыяльна і палітычна Беларусаў і Літвіноў, памылкова ўважаючых сябе за Палякоў, але ў вачох сьведамых Беларусаў і Літвіноў, якіх апошнім часам усьцяж прыбывае, і якія самі аб сабе забіраюць ужо голас — пры гэтым новым фактары — ідэя Ягайлы ёсьць ідэяй звычайнага імпэр'ялізму, а ў найлепшым выпадку ідэяй анахронізму, ідэяй пазбаўленай у сабе тэй красы і чару, якія мае кожная вялікая ідэя, асьвечаная чыстай праўдай і прыроднай справядлівасьцяй.
V.
[правіць]Вітаўт і яго ўсходняя палітыка. Унутраныя труднасьці ў дзяржаве з прычыны уніі Городэльскай. Спробы Вітаўта аб царкоўнай уніі. Пагляд на Вітаўта гісторыкаў расейскіх і вартасьць гэткіх паглядаў. Вітаўт і асновы яго палітычна-грамадзка-культурнай ідэолёгіі.
Аб усходніх княствах Пскове, Ноўгарадзе, Рязані і Твэры, а прадусім аб гаспадарстве Маскоўскім, а такжа і аб татарах пасьля няшчаснай бітвы на Ворксле думаць далей Вітаўт не пераставаў, але ўжо глядзеў на іх інакш, як раней. Абараніць сваю дзяржаву ад захопу з боку ўсходу, а прадусім з боку Масквы і татар — вось яго апошняя палітычная мэта на ўсходзе. Вось-жа і характар войнаў яго на ўсходзе пасьля бітвы на Ворксле, як напр. у 1408 г. быў ужо больш абаронны. Геній Вітаўта зразумеў дасканальна, што вялізарныя ўсходня-рускія і татарскія прасторы ня могуць быць ахоплены ані мілітарна, ані палітычна і чужыя духам яго народам жывучыя там плямёны славянскія і татарскія — быліб заўсёды варожым і хворым наростам на літоўска-беларускай дзяржаве.
Але адгарадзіўшыся гэтак ад усходу і бліжэй прыхінуўшыся да захаду, Вітаўт спаткаў новыя труднасьці, вырашэньне якіх мусіла быць хуткае і — што найважнейшае — мусіла быць у згодзе з аснаўной думкай яго аб самабытнасьці дзяржавы. Труднасьці гэтыя паўсталі на Беларусі сярод праваслаўнага насяленьня. Справа ў тым, што пастановамі Городэльскай уніі, якая, праўда, фактычна Вялікага Князя Літоўскага прызнавала незалежным валадаром, але якая Беларусь, як у ваграмаднай сваёй масе праваслаўную, агранічвала ў палітычна-грамадзкіх правох і дзеля гэтага Беларусы яўна пачалі выражаць сваё нездаволеньне з Вітаўта і прыхільна паглядаць на праваслаўную Маскву.
Ад зоркага вока Вітаўта гэта грознае для самабытнасьці і цэласьці яго дзяржавы зьявішча не схавалася і ён знашоў пляны ліквідаваць яго.
Вітаўт мусіў выбраць кірунак духова-цывілізацыйны для сваёй дзяржавы. Кірункі-ж гэтыя былі два — заходняя каталіцкая Эўропа, дзе найвялікшай культурна-грамадзкай сілай быў Каталіцкі Касьцёл, або некалі слаўная, усходняя праваслаўная Візанцыя, а за часаў Вітаўта слабая і будучая на перададні разгрому яе Туркамі. Вітаўт выбраў кірунак першы. Аб гэтым гавора прыняцьце ім аканчальна каталіцтва, хрышчэньне Жмудзі ў каталіцтва пасьля Городэльскай Уніі, а такжа бліжэйшае яго супрацоўніцтва з Польшчай, чым з Масквой.
Паўстаўшае згэтуль нездаволеньне праваслаўнай Беларусі, Вітаўт хацеў ліквідаваць самастойнасьцяй Праваслаўнай Цэрквы ў дзяржаве (аўтокефалія), аддзяляючы яе ад Масквы, а такжа, калі гэта магчыма, увядзеньнем рэлігійнай уніі Праваслаўнай Цэрквы з Апостальскай Сталіцай. Дзеля гэтых мэтаў баўгарскі эмігрант Цамбляк быў пасьвячаны на літоўска-беларускага мітрапаліта з сталіцай ў Наваградку і ў Вільні і былі такжа зроблены захады аб рэлігійнай уніі на саборы у Канстанцыі (1414—18). Аднак пляны гэтыя напаткалі на вялікія труднасьці, і Вітаўт, як вялікі муж у ва ўсім, сілай іх не праводзіў і дазволіў узноў праваслаўным Беларусам прызнаваць мітрапаліта маскоўскага далей, сьвята аберагаючы нацыянальную і рэлігійную цярпімасьць.
Для Беларусаў усё гэта мае сапраўды вялікае значэньне. Гэта тое, аб чым мы сяньня ламаем галовы і што, зважыўшы ўсё дакладна, вырашаем і вырашаць мусім паводле думкі Вітаўта.
Дарэчы тут будзе адзначыць пункт гледжаньня на Вітаўта гісторыкаў расейскіх. Многія з іх нават адмаўляюць Вітаўту вялікасьці. У чым-жа справа? Адказ просты: у выбары гістарычнай дарогі для літойска-беларускай дзяржавы — дарогі самастойніцкай і заходніцкай.
Як для Палякоў слава Вітаўта цямнее, насколькі ён проціўстаўляецца ідэі Ягайлы, ідэі інкорпорацыі і асыміляцыі Літвы і Беларусі з Польшчай, так для Расейцаў асоба Вітаўта рысуецца ў сьвятле ад'ёмным, насколькі ён, не зьвярнуў Літвы і Беларусі на шлях праваслаўны, на шлях інкорпорацыі і асыміляцыі з Масквой. Тады-б, кажуць яны, Літва і Беларусь асьцерагліся-б полёнізацыі, але не гавораць яны, ведама, у гэткім выпадку, аб московізацыі.[10]
На наш-жа пагляд ідэолёгія Вітаўта гістарычнага шляху для яго народаў, а такжа ідэолёгія адносна суседніх народаў: Палякоў і расейцаў — ідэолёгія сапраўднага генія. Здаецца нам, а думкі нашы пацьверджае гісторыя народаў агулам і гісторыя народаў Вялікага Княства Літоўскага ў асобнасьці, што шлях да самастойнасьці культурнай і палітычнай народаў на ўсходзе Эўропы, асабліва для Беларусаў, вядзе не праз усход, а праз захад. А Вітаўту якраз і ішло аб гістарычную дарогу для народаў яго дзяржавы і ён яе выбраў, а якой імя — дружная барацьба Беларусаў, Літвіноў і Украінцаў за сваю самабытнасьць з апорай на хрысьціянскую заходнюю культуру і цывілізацыю.
VI
[правіць]Стараньні Вітаўта стацца каралём беларуска-літоўскай дзяржавы. Характар і мэты гэтых стараньняў. Сьмерць Вітаўта і лёс яго самастойніцкай ідэолёгіі. Трагічны для Втаўтаўскай ідэолёгіі год 1569. Часовы трыумф ідэі Ягайлы і ідэі Масквы. Ідэя Вітаўта ізноў ускрасае.
Урэшце, каб не здавалася Польшчы, што праз уніі і праз аднаверства Вітаўт аддае свае народы на асыміляцыю з Польшчай, каб было ясным і Маскве, што Літва і Беларусь — гэта ня „вотчына маскоўскіх гасудараў," а такжа, каб пакінуць сваім народам у тэстамэнце аснаўную ідэолёгію іх народнага быту — Вітаўт пад старасьць з нябывалай дагэтуль энэргіяй сьпяшыў каранаваць сябе на самастойнага фактычна і фармальна валадара літоўска-беларускага каралеўства. Здзейсьніць Вітаўту гэтай думкі не ўдалося. На перададні каранацыі і сьмерці Вітаўта Вялікага, як мы ўжо ўспаміналі, Ягайла зьдзёр карону з чала яго.
27 кастрычніка 1430 г. Вітаўта сярод жывых на зямлі нястала. Але ідэя яго аб самастойнасьці літоўска-беларускай дзяржавы аставалася жыць у далейшых пакаленьнях літоўскага і беларускага народу, асабліва за часаў Ягельлёнаў, патомкаў Ягайлы. Пад націскам небясьпекі Масквы і пад дамаганьнем Польшчы, выкарыстываючай варункі, Літва і Беларусь падпісавалі яшчэ шмат разоў уніі з Польшчай, але ідэя Вітаўта Вялікага адкідала іх. І так справа уніі Вялікага Княства Літоўскага па сьмерці Вітаўта панаўлялася 1447 г., 1451, 1453, 1501, 1563, 1564, 1566, 1567 г. Аж урэшце, аслабленая літоўска-беларуская дзяржава ў 1569 г. у Любліне падпісала унію, якая касавала цалком незалежнасьць гэтай дзяржавы.
Ідэя Ягайлы затрыумфавала, перамагла ідэю Вітаўта. Але ці справядлівая была гэна перамога і ці трывалая? Перамога гэна сьвяткавала сваё на нашых землях сьвята праз два вякі, аж да канца 18 сталецьця, калі Польшч у сваёй экспансіі на ўсход, спаткаўшыся з другой, такжа самалюбнай прэтэндэнткай на нашыя землі, з Масквой, казаў-бы Ягайлам навыварат, была паканана гэнай Масквой, якая сьцяг свой горда заткнула на грудзях самой нават Польшчы.
Але і гэта не надоўга сталася — мала больш, як на адзін век. Нэмэзіс дзеёвая, якая ўсьцяж прыпамінае чалавецтву аб пашане справядлівасьці і гэтай „сабіральніцы” нашых земляў пляны зьніштожыла. Маю на ўвеце гады сусьветнай вайны, час расейскай рэволюцыі і вынікі гэтых падзеяў для заборчай Расеі.
Пасьля развалу Расеі магутны дух Вітаўта ўзноў абудзіўся на нашых землях. Народы, становячыя некалі слаўную яго дзяржаву — Літвіны, Беларусы і Украінцы, натхнёныя духам ягоным, прыпомнілі аб сваёй слаўнай некалі мінуўшчыне і прыступілі, на гэты раз кожны паасобку, да яе адбудовы. На перашкодзе бачым узноў адвечных праціўнікаў гэтых народаў — дух польскі Ягайлы і дух маскоўскі.
Дык і ня многа гэтыя народы даканалі. Літвіны здабылі сваю незалежнасьць часткова, беларусы і ўкраінцы яшчэ менш, бо і ня частку, а толькі суррогаты самабытнасьці, толькі фікцыю яе на частцы сваёй тэрыторыі пад чырвоным сьцягам С.С.Р.Р.
VII
[правіць]Вітаўт Вялікі і будучыня Беларусі, Літвы і Украіны
Дык штож на гэта дух Вітаўта Вялікага? Мо‘ ўжо прышоў канец яго дзейнасьці? Мо‘ ўжо раз назаўсёды ідэя Ягайлы і ідэя Масквы ўсталілі граніцу сваёй экспансіі на нашых землях?
На гэтыя пытаньні няхай нам адкажуць сучасныя польска-літоўскія і польска-расейскія граніцы, якія парэзалі спадчыну Вітаўта.
Вось тут шмат нам мае сказаць Вітаўт і гавора сапраўды... Ідэя яго сяньня, як жывая прад намі!...
Жывая сяньня і жывая будзе заўтра. Калі наступіць поўнае зрэалізаваньне народных ідэалаў Літвіноў, Беларусаў і Украінцаў, калі ідэалы гэтыя прыадзенуцца ў вопратку паасобнай іх самастойнасьці — будзе гэта толькі этап да яшчэ бліжэйшага сужыцьця іх, да шырокай супольнай палітычнай арганізацыі, маючай вокны на сьвет шырокі праз Чорнае і Балтыцкае мора. Адроджаныя культурна, самастойныя палітычна, асьвечаныя духам Вітаўта Вялікага народы гэтыя ўбачаць як дарэмныя кошты на лішняе войска, на непатрэбную абарону граніц, як беспатрэбныя гранічныя труднасьці пашпартовыя, мытныя і г. д. Ідэал бліжэйшага сужыцьця і супрацоўніцтва гэтых народаў падыктуе ім гэта.
А да гэтага гарманійнага сужыцьця Беларусі, Літвы і Украіны далучацца такжа і Польшч і Расея — усе, як сапраўды „вольныя і роўныя"... У гэтым-жа ідэолёгія Вітаўта, душа яго і праца...
Словам, ідэя Вітаўта Вялікага— гэта праводная зара для Літвіноў, Беларусаў, а так-жа і для Ўкраінцаў, як у мінуўшчыне, так і ў сучаснасьці і ў будучыне. Дарогі гэтых народаў, супярэчныя з духам Вітаўта — дарогі сьмерці іх, дарогі-ж натхнёныя духам Вітаўта — гэта дарогі іх перамогі, дарогі сьветлай будучыны! ..
Зноскі
[правіць]- ↑ Dr. Feliks Koneczny – Jagiello I Witold, Lwow, 1893, Str. 1
- ↑ Праф. М. К. Любавскій — Очерк Исторіи Литовско-Русскаго Государства". Москва. 1910 г Стр. 33. Праф. Мацей Любаўскі – Літоўска-Беларуская дзяржава ў пач. XVI ст.; у кніжцы-зборніку: “400-лецьце беларускага друку”. Менск, 1926 г. Стр. 60-63
- ↑ Праф. У. Ігнатоўскі — Кароткі нарыс Гісторыі Беларусі. Вільня. 1921 г. стр. 35.
- ↑ Праф. У. Ігнатоўскі, там-жа.
- ↑ Проф. Е. Карскі — Бѣлоруссы І. Вильна, 1904, стр. 111-112.
- ↑ Vytautas Didysis, 1350 -1439, Kaunas, 1930 — Vytauto Didziojo - metai. Есьць гэта зборнік паасобных працаў аб Вітаўце Вялікім. У канцы зборніка знаходзіцца мапа Вял. Кн. Літ. з часаў Вітаўта.
- ↑ Dr. F. Koneczny, там-жа, стр. 2—3
- ↑ Kolankowski — Dzieje W. Ksiestwa Litewskiego. І. Warszawa, 1930.
- ↑ Szujski, Smolka, Halecki, Prochaska I inszyja. …“Fmbicyi dal taki rosped, ze zapragnal korony… Witold to maz bolejacy na ambicje i sadzacy, ze korona jego, ze oddalenie sie od unii zadowolniloby jego zraniona ambicje i zabezpieczyloby wielka przyszlosc Litwie… O ilez wiekszy jest Jagiello od Witolda tem, ze… umial byc przez cale zycie poslusznym poddanym unii sluga wiernym az do poswiecenia korony… aby tylko wsrod poswiecenia, ofiar I cierpien swym ludom I rodzimej Litwie zapewnic szczescie w unii”… A. Prochaska – Dzieje Witolda W. Ksiecia Litwy. Wilno, 1914, str. 387-8
- ↑ М. Кояловичъ — Чтенія по исторіи Заподной Россіи, С-Петербургъ, 1884. Бестужевъ-Рюминъ — Русская Исторія, 1885 г. і іншыя. Асабліва ярка расейскі погляд на Вітаўта рысуе нам Брянцевъ. Праўда, аўтар гэты да паважных расейскіх гісторыкаў не належа, але і паважныя расейскія гісторыкі ў гэтай справе ў сутнасьці ад Брянцева адышлі не далёка. Дзеля гэтага пазваляем сябе тут памясьціць наступныя яго думкі аб Вітаўце: ...„Первая и самая главная ошибка Витовта была та, что онъ оставилъ православіе и перешелъ въ католичество и тѣмъ навсегда оттолкнулъ отъ себя главную и могущественную часть народонаселенія въ своемъ государствѣ, именно: православно-русскую, а затѣмъ, второю ошибкою его было то, что онъ, вопреки политическимъ разсчетамъ, увлекся латинскою цивилизаціею, а все руское отстранилъ; изъ этихъ двухъ ошибокъ пошли и всѣ другія его ошибки. Не измѣни онъ православію, не оттолкни отъ себя русской народности, а опрись на нее подобно дѣду и дяди, то Литва не была бы поглощена Польшею, какъ это случилось въ послѣдствіи, государствомъ болѣе слабымъ, чѣмъ сама Литва”. П. Дм. Брянцевъ — Исторія Литовскага Государства съ древнѣйшихъ временъ. Вильна, 1889. Стр. 218.