Вінцук Дунін-Марцінкевіч: У 40-я ўгодкі сьмерці яго
Вінцук Дунін-Марцінкевіч: У 40-я ўгодкі сьмерці яго Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1925 Крыніца: "Беларуская доля" № 15 1925 г. |
30-га сьнежня — на межах 1884 і 1885 гадоў — памёр адзін з найстарэйшых начальнікаў адраджэньня беларускае літаратуры, бацька беларускага тэатру Вінцук Дунін-Марцінкевіч.
У Ўсходняй Беларусі — у Менску — адбылося ўжо ўрачыстае памінаньне гэтага нашага пісьменьніка ў 40-ыя ўгодкі сьмерці яго. У нас толькі цяпер пастанавіла ўшанаваць ягоную памяць беларуская школьная моладзь, ставючы на сцэне ў мінулую суботу п’есу Марцінкевіча «Пінская шляхта».
Запраўды, варт успаміну гэты «пан, што мужыкоў не цураўся», што прамаўляў ім да сэрца ў іх роднай «простай» мове, — што справядліва лічыў сваей найвялікшай заслугай свае беларускія пісаньні, даступныя і па мове і па зьместу разуменьню беларускае сялянскае масы. Сам жа ён гавора аб сабе ў «Шчароўскіх дажынках»:
Ён і кніжкі піша, песенькі сьпявае
Так вумны, што ўсякі мужык панімае!
Марцінкевіч, родам зь Меншчыны (з Бабруйскага пав.), радзіўся ў 1807 годзе і ўсё сваё жыцьцё правёў у роднай Беларусі. Пісаць па-беларуску пачаў не пазьней як у пачатку [18]40-х гадоў, — значыцца, у той час, калі пачалі друкавацца беларускія зборнічкі песень Яна Чачота — у краю, калі ўжо выйшла за граніцай — у Парыжу — «Biaіorus» Рыпінскага, калі дэмакратычны рух буйна расьцьвітаў на Захадзе, падгатаўляючы рэвалюцыйны 1848 год, так горача вітаны ў беларускім вершу Сыракомлі. І вось, нягледзячы на пагардліва-варожыя адносіны да «мужыцкае» літаратуры з боку вялізарнае большасьці тагочаснае польскае шляхоцкае інтэлігенцыі, нягледзячы на няласку і нават перасьледаваньні (арышт) з боку расейскае ўлады, нягледзячы, урэшце, на ідэйную спадчыну свайго шляхоцкага стану, — Марцінкевіч працуе ў працягу 30 гадоў на беларускай літаратурнай ніве, пішучы і выпускаючы ў сьвет беларускія паэтычныя творы.
«Гапон», «Вечарніцы», «Купальле», «Шчароўскія дажынкі», а такжа драматычныч творы: «Сялянка», «Пінская шляхта», «Залёты» — усё гэта лішне добра ўсім вядомыя рэчы. Але мала таго, што Марцінкевіч пісаў па-беларуску: ён-жа паклаў фундамэнт і для сучаснага беларускага нацыянальнага тэатру, ставючы на менскай сцэне сваю «камэдыя-опэру» «Сялянку» (музыка Ст. Манюшкі), у якой сам іграў ролю войта Навума Прыгаворкі. І гэты першы крок у будаваньні новага беларускага тэатру — новага, раўнуючы да старадаўных інтэрмэдыяў і п’есаў XVII і XVIII сталецьцяў, — мо шмат важнейшы, чым усе ягоныя вершы, хаця і вельмі ныя ў масах (— асабліва «Гапон»).
Дый сваім прыкладам, сваей асабістай прапагандай беларускае ідэі Марцінкевіч заваёўвае цэлы рад працаўнікоў дзеля гэтае ідэі. Ён — цэнтар усяго беларускага руху ў сярэдзіне XIX сталецьця, калі можна тагочасныя спробы адраджэньня беларускае літаратуры назваць рухам. У яго бываюць сучасныя беларускія паэты, як Каратынскі, Вярыга-Дарэўскі і др.; зь ім у блізкіх зносінах знаходзіцца Сыракомля (Кандратовіч) — паэт па мове польскі, але з душой чыста беларускай, гарачы абаронца ў польскай прэсе беларускіх літаратурных пачынаньняў Марцінкевіча. Урэшце, для яго піша музыку да «Сялянскі» найвялікшы кампазытар зямлі нашае, Станіслаў Манюшка, які, хоць сын Беларусі, залічаў сябе, аднак, да палякаў і сваей творчасьцяй, узгадаванай на ўлоньні беларускае прыроды, вялікую славу прыдбаў Польшчы... Бо ж для тагочаснае дэмакратыі справа прабуджэньня беларускае сялянскае масы была таксама блізкай і роднай, як і сяньня яна блізка і родна ўсім тым, што найвялікшы ідэал бачаць у вызваленьні чалавека ад матэрыяльнага і духовага рабства.
Нішто ў гісторыі не праходзе бязь сьледу. Не прайшла без уплыву на патомныя пакаленьні і праца Вінцука Дунін-Марцінкевіча. На яго кніжачках цэлыя масы беларусаў вучыліся чытаць па-беларуску. Яго «Гапон» не аднаго падбіў пробаваць насьледаваць Марцінкевіча, а адзін з выдатнейшых паэтаў нашых дзён, Алесь Гарун, сам прызнаваўся, што пачаў пісаць вершы па-беларуску, захапіўшыся прыпадкова напатканай абдзертай, упэцканай кніжачкай, якая аказалася старым выданьнем «Гапона».
Многа даў Марцінкевіч для сваей сучаснасьці, шмат разьвіў і ўзбагаціў літаратурную мову беларускую і гэты свой багаты скарб пераказаў нам. І мы, патомныя, не закапалі гэты скарб у зямлю, а пабудавалі зь яго ўсю веліч нашае новае літаратуры Адраджэньня.
Хай жа нашае грамадзянства добрым словам памяне памяць Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, бо ж ён запраўды добра заслужыўся свайму народу.