Вінаваты (1930)/Замест прадмовы
Замест прадмовы Публіцыстыка Аўтар: Платон Галавач 1930 год |
Вінаваты → |
ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
Пролетарыят і працоўнае сялянства з непамернай энэргіяй працуюць над будаваньнем Савецкай Соцыялістычнай Беларусі.
Нябывалае ў Беларусі будаўніцтва прамысловасьці і вялізарнейшы тэмп колектывізацыі вёскі патрабуюць вялікую колькасьць кадраў спэцыялістых і ня проста спэцыялістых, а такіх, якія-б усё аддалі будаваньню соцыялізму.
Будаваньне соцыялізму праходзіць ва ўмовах абвостранага клясавага змаганьня. Аднэй з форм змаганьня ворага супроць нас ёсьць шкодніцтва з боку асобных спэцыялістых, адданых буржуазіі. Але клясавы вораг мае сваіх агентаў ня толькі ў асяродзьдзі старых кадраў спэцыялістых, а і ў асяродзьдзі новых і часам у асяродзьдзі тых, каго мы сёньня рыхтуем у нашых тэхнікумах і ВНУ. Яны час-ад-часу рознымі спосабамі пралазяць у нашы навучальныя ўстановы.
Змаганьне за чыстату радоў тых, з каго рыхтуе наш тэхнікум і ВНУ кадры спэцыялістых — важнейшая задача. Адным з мэтодаў гэтага змаганьня ёсьць чыстка ВНУ ад усяго клясава-варожага нам. Гэта справа складаная і адказная. У змаганьні за кадры патрэбна вялікая клясавая пільнасьць і клясавая чуласьць, каб захаваць таго, хто наш і адкінуць таго, хто клясава варожы нам.
Мэта мае аповесьці — хоць крыху памагчы партыі ў гэтай справе.
Платон Галавач.