Перайсці да зместу

Вільгэльм Тэль (1934)/Вільгэльм Тэль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вільгэльм Тэль
Драма
Аўтар: Фрыдрых Шылер
1934 год
Арыгінальная назва: Wilhelm Tell (1804)
Пераклад: Алесь Дудар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСОБЫ

Герман Геслер — імперскі фогт (намеснік) у Швіцы і Уры[1]
Вернер — барон Атынгаўзен[2]
Ульрых Рудэнц — яго пляменнік

Вернер Штаўффахер Сяляне са Швіца
Конрад Хун
Ітэль Рэдынг
Ханс Маўэр
Іорг-Хоф
Ульрых-Шмідт
Іост-Вейлер
Вальтер Фюрст Сяляне з Уры
Вільгельм Тэль
Рэссельман, свяшчэннік
Петэрман, закрыстыян[3]
Куоні, пастух
Верні, паляўнічы
Руоды, рыбак
Арнольд-Мельхталь Сяляне з Унтэрвальдэна
Конрад Баўмгартэн
Мейер-Сарнен
Струт-Вінкельрыд
Кляўс-Флюэ
Буркгарт-Бюгель
Арнольд-Зева
Пфайфер з Люцэрна

Кунц з Герзау
Енні — рыбакоў хлопчык
Сеппі, падпасак
Гертруда, жонка Штаўффахера
Гедвіга, жонка Тэля, дачка Фюрста
Берта Брунек, багатая паненка

Армгарда Сялянкі
Мехтхільда
Эльзбета
Хільдэгарда
Вальтэр Сыны Тэля
Вільгельм
Лейтхольд Наёмныя салдаты
Фрысхардт

Рудольф Харрас, штальмейстер[4] Геслера
Іоганнес Паррыцыда, герцаг Швабскі
Штуссі, палявы вартаўнік
Ганец
Цівун
Муляр, яго памочнікі і чаляднікі
Трубач Уры
Міласэрдныя браты
Коннікі Геслера і Ляндэнбергера
Шмат сялян, мужчын і жанчын з лясных кантонаў

Першая дзея

[правіць]

ПЕРШАЯ ДЗЕЯ

ПЕРШАЯ З‘ЯВА

Высокі скалісты бераг Фірвальдштэцкага возера процілеглы Швіцу[5]. Ад возера ідзе невялічкая затока, непадалёку ад берагу хатка. Рыбакоў хлопчык плыве ў чоўне. Праз возера відаць зялёныя лугавіны, вёскі і двары Швіца, залітыя сонечным святлом. Налева ад гледача відаць вяршыні і адрогі, апавітыя хмарамі; направа ў далечыні цягнуцца снегавыя горы. Перад падняццем заслоны чуваць бляянне быдла і меладычныя гукі званочкаў; гэтыя гукі нейкі час чутны яшчэ і на адкрытай сцэне.

Рыбакоў сын (пяе ў чоўне).

Гладзь возера ззяе і вабіць усмешкай.
Спіць хлопчык на ясным яго ўзбярэжжы.
Вось чуе ён гукі,
Як флейты уздох,
Як ангелаў спевы
У райскіх садох.
Прачнуўся ад мары шчаслівай сваей,
Палошчуцца хвалі ля самых грудзей.
І чуецца голас:
„Хлопчык, ты — мой!
Я соннага ў прорву
Вазьму з сабой.

Пастух (на гары). Пастушая песня.

Бывайце, лугі!
І выган багаты!
Расходзіцца статак,
Бо лета прайшло.
Збіраемся ў горы ізноў мы вярнуцца,
Як клікне зязюля, як песні прачнуцца,
Як зноў апранецца у кветкі зямля,
І ў маі крыніцы па ёй зазвіняць.
Бывайце, лугі!
І выган багаты!
Расходзіцца статак,
Бо лета прайшло.

Альпійскі паляўнічы (паказваецца насупроць на вяршыні скалы).

Грыміць навальніца і горы дрыжаць,
Крутою пуцінай стральца не спужаць.
Па горах лядовых
Ён смела ідзе,
Вясна там не грэе,
Трава не расце;
І морам шырокім туман, нібы дым,
Хавае унізе людзей, гарады.
І толькі ў разрывы
Ён бачыць зямлю,
Глыбокія воды,
Квітнеючы луг.

Малюнак мяняецца, чуваць глухі грукат на гарах, цені хмар распаўзаюцца наўкол.
Руоды — рыбак — выходзіць з хаты, Верні — паляўнічы — злазіць са скалы, Куоні — пастух — ідзе з кайстраю на плячы; Сеппі — падпасак — ідзе за ім.

Руоды[6].

Спяшайся, Енні[7] сеці пазбірай.
Наморшчыў лоб ссівелы пан далін,

Ўздзеў свой каптур суровы Мітэнштэйн[8]

І вее холадам з сваіх праходаў;
І бура можа грымнуць неспадзеўкі.

Куоні[9].

Пачаўся дождж, рыбак. Авечкі прагна
Жаруць траву, скрабуць зямлю сабакі.

Верні

Шалёна скачуць рыбы, і нырэц
Куляецца ў вадзе. Ударыць бура.

Куоні (да хлопца).

Глядзі за быдлам, Сеппі[10], каб не збегла.

Сеппі.

Я нашу Лізель па званку пазнаю[11].

Куоні.

Тады ўсе тут, яна найдалей ходзіць.

Руоды.

Найлепшыя званкі ў вас, пан пастух.

Верні.

І быдла гладкае. Сваё, быць можа?

Куоні.

Я не багаты. Гэта быдла пана
Фон-Атынгаўзена, даручанае мне.

Руоды.

Пасуе вельмі стужка той карове.

Куоні.

Пра гэта ведае яна сама;
Каб стужку зняў, гатова кінуць есці.

Руоды.

Як можа быдла гэта зразумець?

Верні.

Ну, не скажы. І быдла мае розум;

Мы знаем гэта, узяць хаця-б вось сарну.

На выгане у іх адна заўсёды
Стаіць на варце і склікае ўсіх,
Як толькі паляўнічага убачыць.

Руоды (пастуху).

Дамоў іх гоніце?

Куоні.

Спустошаны ўжо горы.

Верні.

Шчаслівы шлях.

Куоні.

І вам таго жадаю;
З дарогі вашай можна не вярнуцца.

Руоды.

Бяжыць да нас якісьці чалавек.

Верні.

А, Баўмгартэн з Альцэльна[12], я знаю.

Конрад Баўмгартэн (убягае задыхаўшыся).

Баўмгартэн.

Хутчэй, хутчэй дай човен свой, рыбак.

Руоды.

Ну, ну, куды спяшацца?

Баўмгартэн.

Адвяжы.
Ратуй мяне ад смерці. Сядзь са мною.

Куоні.

Зямляк, што з вамі?

Верні.

Хто сцігуе вас?

Баўмгартэн (да рыбака).

Хутчэй, хутчэй, яны за мною следам.
За мною гоняцца ляндфогта людзі;
Калі мяне дагоняць, мне канец.

Руоды.

Чаго-ж яны так гоняцца за вамі?

Баўмгартэн.

Раней ратуйце, раскажу усё потым.

Верні.

Вы у крыві, што здарылася з вамі?

Баўмгартэн.

Імперскі фогт, што ў Росбергу сядзеў…

Куоні.

Як? Вольфеншысен? Ён цябе сцігуе?

Баўмгартэн.

Не будзе шкодзіць ён. Яго забіў я.

Усе (адступаюць назад).

Вялікі божа! Што зрабілі вы?

Баўмгартэн.

Што-б кожны вольны чалавек зрабіў.
За ганьбу я сваю яму памсціўся,
За гвалт над домам, за знявагу жонкі.

Куоні.

Дык значыць фогт зняважыў гонар ваш?

Баўмгартэн.

Што ён не споўніў злосны свой намер,
Ў тым вінен бог, дый шчэ мая сякера.

Верні.

Скрышылі вы яму сякерай чэрап?

Куоні.

Ой, раскажыце, часу яшчэ шмат,

Пакуль ад берагу ён човен свой адвяжа.

Баўмгартэн.

Я дровы сек у лесе, да мяне
Прыбегла жонка у смяротным страху.
„Бургфогт у нашай хаце, загадаў
Падрыхтаваць яму спачатку лазню.

Пасля хацеў зрабіць ён непрыстойнасць“.

І жонка уцякла мяне шукаць.
Тады пабег хутчэй я са ўсіх сіл
І ў лазні пасвянціў яго сякерай.

Верні.

Зрабілі добра вы, спрачацца нельга.

Куоні.

Нягоднік! Ён дастаў, што зарабіў.
За унтэрвальдэнцаў яму сплаціў ты.

Баўмгартэн.

Даведаліся. Гоняцца за мной —
А час ідзе, пакуль мы тут гамонім.
(Пачынаецца навальніца).

Куоні.

Хутчэй, рыбак. Перавязі яго.

Руоды.

Не можна. Пачалася навальніца.
І прыдзецца яе перачакаць.

Баўмгартэн.

О божа мой! Я не магу чакаць,
Бо смерцю мне чаканне пагражае.

Куоні (да рыбака).

Руш з богам. Бліжняму дапамажы,
Няшчасце можа здарыцца і з намі.
(Удары навальніцы).

Руоды.

Віхор люцее, возера ўзнялося;

Я не магу плысці ў такую буру.

Баўмгартэн (абнімае яго калені).

Хай бог ратуе вас — мяне ратуйце!

Верні.

Тут справа аб жыцці. Рыбак, будзь
міласэрдны.

Куоні.

Ён бацька. Жонка ёсць і дзеці у яго.
(Новы выбух навальніцы).

Руоды.

Што? Я жыццём таксама рызыкую;
Ёсць жонка і дзіця ў мяне — зірніце-ж,
Як смаліць, як шалёна хвалі круціць
І як вада кіпіць у глыбіні.
Я рад-бы выратаваць чалавека;
Як бачыце, магчымасці няма.

Баўмгартэн (усё яшчэ на каленях).

Дык я павінен ворагам аддацца,
Ратунак бачыўшы перад сабой?
Той бераг блізкі, і яго я бачу,
Яго мой голас можа дасягнуць,

Вось човен, што мяне-б мог перавезці.

А я без дапамогі мушу згінуць.

Куоні.

Хто там ідзе?

Верні.

Тэль з Бюрглейна, пазнаў я.
Тэль (узброены лукам[13]).

Тэль.

Хто гэта кліча тут на дапамогу?

Куоні.

Ён з Альцэльна, свой гонар бараніў
І Вольфеншысену зламіў ён чэрап,
Намесніку, што у Росбергу сядзеў —
Яго ляндфогта людзі даганяюць
І пераправіць просіць ён сябе:
Але рыбак баіцца навальніцы.

Руоды.

Вось Тэль, вяслом ён можа кіраваць,
Хай скажа ён, ці можна ехаць зараз.

Тэль.

Калі патрэбна, можна тады ўсё.

(Моцныя удары грому, возера хвалюецца).

Руоды.

Дык я павінен лезці проста ў пекла?
Ў кім розум ёсць, не стане так рабіць.

Тэль.

Адважны аб сабе апошнім дбае;
Ратуй яго, паклаўшыся на бога.

Руоды.

На беразе надзвычай добра раіць.
Вось возера і човен, сам спрабуй.

Тэль.

Шчэ можа возера пашкадаваць, —
Але ляндфогт ніколі.

Пастухі і паляўнічы.

Пашкадуй!

Руоды.

Будзь жонка і дзіця тут — ўсё адно;
Сягоння дзень Сымона ды Іуды,
І возера ахвяры патрабуе.

Тэль.

Карысці мала з гутаркі пустой,
А чалавек чакае дапамогі.
Паедзеш ты, рыбак?

Руоды.

Не, ні за што.

Тэль.

Тады давай сюды мне човен свой.
Спрабую я свае слабыя сілы.

Куоні.

Адважны Тэль!

Верні.

Вось гэта маладзец!

Баўмгартэн.

Мой збаўца вы, мой абаронца, Тэль!

Тэль.

Ад гнева фогта выратую я.
Ад навальніцы бог няхай ратуе.
Ды ў рукі божыя папасці лепш,
Чым у людскія. (Да пастуха). Патур-
буйся, брат,
Аб жонцы, калі часам я загіну.

Зрабіў я тое, што не мог адкінуць.
(Ускочыў у човен).

Куоні (да рыбака).

А вы, пан стырнік, не маглі зрабіць
Таго, на што рашыўся Тэль адважна?

Руоды.

Ніхто другі таго зрабіць не мог,

Такіх, як Тэль, не знойдзеш на ўсе горы.

Верні (узышоўшы на скалу).

Плыве, плыве, хай бог яму паможа.
Глядзі, як човен хвалі разразае.

Куоні (на беразе).

Узняліся хвалі — болей не відаць.
Чакай, вось, вось. Магутнаю рукой
Вядзе ён човен свой праз навальніцу.

Сеппі.

Ляндфогта людзі блізяцца сюды.

Куоні.

Дальбог яны. Ратунак быў у пору.
Атрад коннікаў Ляндэнбергера.

1-шы коннік.

Забойца дзе? Куды яго схавалі?

2-гі коннік.

Ён бег сюды, хаваць яго дарэмна.

Куоні і Руоды.

Каго вам трэба?

1-шы коннік (убачыўшы човен з уцекачом).

Што я бачу, Чорт!

Верні (зверху).

Дык вы таго шукаеце, што ў чоўне?
Скачыце ўслед, калі паддаць вам ходу,
Дык вы яго дагоніце адразу.

2-гі коннік.

Пракляты! Вырваўся ён з нашых рук.

1-шы коннік (да пастуха і рыбака).

За тое, што яму дапамаглі вы,
Мы пакараем вас — разгонім статак,

А хаты вашы спалім і зруйнуем. (Ад‘язджаюць)

Сеппі (бяжыць ім услед).

Мае авечкі!

Куоні (за ім).

О, мой слаўны статак!

Верні.

Драпежнікі!

Руоды (ломячы рукі).

О, справядлівасць неба,

Калі-ж краіны гэтай збаўца прыйдзе? (Ідзе за імі).


ДРУГАЯ З‘ЯВА.

Штайнен у Швіцы; перад домам Штаўффахера на дарозе ля маста стаіць ліпа. Вернер Штаўффахер і Пфайфер з Люцэрна ідуць размаўляючы.

Пфайфер.

Так, пане Штаўффахер, я вам кажу,
Не прысягайце Аўстрыі[14], пакуль

Магчыма гэта, будзьце цвёрдым, мужным.
Укрые бог старую волю нашу.
(Шчыра паціскае яму руку і хоча ісці).

Штаўффахер.

Чакайце, гаспадыня прыйдзе. Ў Швіцы
Мой госць вы, я ў Люцэрне буду ваш.

Пфайфер.

Я шчыра дзякую. Мне ў Герзау сёння трэба.

Я толькі аб адным прасіць павінен,
Каб фогта вашага прыгнёт і здзек
Цярпліва неслі вы. Ўсё пройдзе хутка;
На трон узыйдзе іншы імператар,
Ад Аўстрыі-ж не збавіцца ніколі.

Ён адыходзіць. Штаўффахер у цяжкім задуменні сядае на лаўку пад ліпай. Так знаходзіць яго Гертруда, яго жонка, якая становіцца побач з ім і доўга моўчкі ўглядаецца ў яго.

Гертруда.

Ты змрочны, дружа. Не пазнаць цябе.
Гляджу я моўчкі ўжо каторы дзень,
Як нейкая туга цябе гняце
І на чале тваім адбіты смутак.
Давер-жа мне, я жонка і твой друг
І я знясу палову твайго смутку.
(Штаўффахер моўчкі дае ёй сваю руку).
Скажы мне, што на сэрцы у цябе.
Благаславёны працы тваей плён,
Ў засеках поўна, быдла шмат у статку
І гладкія адкормленыя коні
Вярнуліся ужо шчасліва з гор
На зіму да сваіх прасторных стайняў.
Твой дом стаіць, як панскае гняздо,
З найлепшага ён збудаваны лесу
І па найлепшым плане стаўлен ён;
І многімі ён вокнамі блішчыць,
Прыгожымі гербамі размалёван
І мудрымі выслоўямі; вандроўнік,
Чытаючы іх, дзівіцца іх сэнсу.

Штаўффахер.

Так, моцна і прыгожа дом стаіць,
Але хістаецца пад ім зямля.

Гертруда.

О, Вернер, што сказаць ты хочаш гэтым?

Штаўффахер.

Пад ліпай тут нядаўна я сядзеў
І цешыўся сваім прыгожым домам,
Аж па дарозе едзе міма нас
Фогт з Кюснахта[15] са служкамі сваімі.
Прад домам здзіўлена спыніўся ён;
Я хуценька падняўся і пакорна
Вітаў таго, каго наш імператар
Гаспадаром паставіў быць над нашай
Краінаю. „Чый будзе гэты дом?“ —
Спытаўся ён зломысна, бо і так
Ён знаў. Але я спрытна адказаў:
„Дом гэты імператару належыць
І вам. А мне ён дадзен ў лен“. Ён кажа:
„Я імператарскі намеснік у краіне
І я не дам, каб будаваў мужык
Сабе такія пышныя харомы
І жыў нібыта пан краіны гэтай;
Я болей гэтага вам не дазволю!“
Сказаўшы так, ён горда прэч паехаў,
А я застаўся з смутнаю душой,
Абдумваючы слоў злавесны сэнс.

Гертруда.

Мой муж і гаспадар, паслухай ты
Разумныя парады свае жонкі.
Я Іберга пачцівага дачка,
Мудрэйшага. Я з сёстрамі сваімі
Кудзелю прала доўгімі начамі,
Калі да нас збіраліся старшыні
І разам з бацькам граматы чыталі
Даўнейшых імператараў, і разам
Аб добрабыце края меркавалі.
Уважна слухала я словы іх,
Ў якіх былі і дабрата і мудрасць,
І захавала іх глыбока ў сэрцы.
Паслухай-жа уважна маё слова,
Бо я даўно ўжо ведаю твой смутак.
Цябе ляндфогт да смерці ненавідзіць,
Бо ты быў перашкодаю яму
І праз цябе пад новых ўладароў
Швіц не пайшоў, а як раней адданы
Застаўся ён імперыі старой,
Якой і прадзеды служылі нашы.
Ну, Вернер, ці-ж не праўду я сказала?

Штаўффахер.

Так, Геслер злосны на мяне за гэта.

Гертруда.

Зайздросціць ён, што добра ты жывеш,

Свабодны чалавек на ўласным полі,
А у яго няма. Сам імператар
Табе даў дом у лен[16]; і можаш ты,
Як князь, паказваць свае маёнткі;
І над табой адзіны толькі пан,
Высокі наш пабожны імператар.
А ён малодшы сын сваёй сям‘і[17]
І мае толькі рыцарскі свой плашч;
Таму на шчасце іншых ён глядзіць

Заўсёды хціўным і зайздросным вокам.
Ён кляўся шмат разоў табе памсціцца —

Ты жыў яшчэ, але чакаць ці будзеш,
Пакуль ён злосць спагоніць на табе?
Разумны сам пачне.

Штаўффахер.

Дык што рабіць?

Гертруда (падсоўваецца бліжэй).

Дык слухай-жа. Ты ведаеш, цяпер
У Швіцы ўсе абураны страшэнна

На лютасць і на сквапнасць злога фогта.

Будзь пэўны, што на тым баку таксама,
У Унтервальдэне, у Уры людзі
Змарыліся ад цяжкага ярма.
Салодка Геслеру жывецца ў нас,
За возерам пануе Ляндэнбергер.
Яшчэ ніводзін човен не прыйшоў
Адтуль да нас, каб не прывезці новых
Навін пра гвалты і злачынствы фогта.

Найлепш было-б, каб некалькі мудрэйшых

Між вас цішком сыйшліся на нараду,
Каб назаўсёды знішчыць злы прыгнёт;
Я спадзяюся, бог вас не пакіне
І справу добрую ён абароніць.
Ці маеш прыяцеля ў Уры ты,
Якому шчыра мог-бы ты адкрыцца?

Штаўффахер.

Я ведаю адважных многіх там,
Якіх усе глыбока там шануюць,
Даверыцца яны гатовы мне. (Устае).
О, жонка, навальніцу страшных думак
Збудзіла ты на мне і маё сэрца
Пакіравала ў зіхаценне дня;
Аб чым і думаць нават я не смеў,
Гаворыш тое ты свабоднай мовай.
Але ці думаеш, што ты мне раіш?
Змагання грукат, зброі дзікі звон
Завеш ты ў нашу мірную даліну.
Ці можам мы, слабыя пастухі,
Ісці на бой з уладарамі свету?
Патрэбна можа ім адна прычэпка,
Каб кінуць на няшчасны гэты край
Сваёй вайсковай сілы злыя орды,
Каб, скарыстаўшы права пераможцы,
Нібыта для таго, каб пакараць,
Забраць у нас старую волю нашу.

Гертруда.

Мужчыны вы, сякеру ўздыме кожны,
Адважным дапаможа бог заўсёды.

Штаўффахер.

Падумай толькі, жонка, што за жах
Вайна: і пастухоў, і статкі нішчыць.

Гертруда.

Нам трэба знесці ўсё, што шле нам неба,
А крыўд цярпець не можа вольны дух.

Штаўффахер.

Ты любіш незвычайна дом наш новы —

Вайна яго на трэскі разнясе.

Гертруда.

Якая-б ні была мая прыхільнасць,
Яго спаліла-б я сваёй рукой.

Штаўффахер.

Пра чалавечнасць ўспомні ты. Вайна
Дзіцяці не шкадуе у калысцы.

Гертруда.

Нявіннасць мае прыяцеля ў небе.
Глядзі наперад, Вернер, не назад.

Штаўффахер.

Мужчыны могуць паміраць у бойцы,
А вас, жанчын, які чакае лёс?

Гертруда.

Апошні выхад ёсць і для слабейшых:

Скок з моста дасць мне волю назаўжды.

Штаўффахер (кідаючыся ў яе абдымкі).

О, хто падобным сэрцам уладае,
Той можа смела йсці за дом свой біцца,
Таму не страшна сіла караля…
Я адыходжу зараз-жа у Уры,
Жыве там прыяцель мой, Вальтер Фюрст;
Ён думае таксама, як і я.
Я там знайду шляхетнага барона
Фон Атынгаўзена — хоць ён і магнат,
Але народ свой любіць, звычай наш шануе.

Я буду з імі раіцца, як нам
Ад ворагаў сваіх адбараніцца.
Бывай — калі далёка буду я,
Трымай парадак добры ты у хаце —
Хай пілігрым, што да святыні рушыць,
Манах, які збірае на царкву,
Тут знойдуць дапамогу і прытулак.
Адкрыты дом Штаўффахера заўсёды.
На бальшаку ён стаў — гасцінны дах
Для усіх, хто ходзіць гэтаю дарогай.

(У той час, як яны адыходзяць у глыбіню, Вільгельм Тэль і Баўмгартэн уваходзяць уперад на сцэну).

Тэль (да Баўмгартэна).

Ну вось цяпер я вам больш не патрэбен.
Ідзіце ў гэту хату, там жыве
Штаўффахер — родны бацька ўсіх бяздольных.

А вось і сам ён тут — хадзем за мной.
(Ідуць да яго. Сцэна мяняецца).


ТРЭЦЯЯ З‘ЯВА

Пляц у Альторфе[18]. На ўзвышшы ў глыбіні відаць будаўніцтва крэпасці, якая пабудавана ўжо настолькі, што мае пэўную форму: задняя частка скончана, пярэдняя яшчэ ў рыштаваннях, па якіх уніз і ўверх ходзяць рабочыя; на высокім даху сядзіць бляхар — усё ў руху, у рабоце.
Цівун, Муляр, яго памочнікі і чаляднікі.

Цівун (з кіем падганяе рабочых).

Даволі гуляў, падавай камення!
Сюды, ды вапну з цэментам нясіце.

Як прыйдзе пан ляндфогт, хай бачыць ён,
Што праца йдзе. Як слімакі плятуцца…
(Да двух работнікаў, што нясуць каменні).

Ці-ж гэтак носяць? Удвая дадаць!
Вось гультаі, абы як адчапіцца.

1-шы чаляднік.

Нялёгка нам самім цягаць каменне,
З якога нам будуецца турма.

Цівун.

Хто там бурчыць? Паганейшы народ,
Адно даіць ён быдла сваё здольны

Ды толькі з ленню між узгоркаў шлёндраць.

Стары (кідае працу).

Больш не магу.

Цівун (тузае яго).

Жывей, стары, да працы!

1-шы чаляднік.

Няма у вас ні кропелькі сумлення,
Што вы старога, які сам ледзь ходзіць,
Да цяжкай працы цягнеце.

Муляр і чаляднікі.

Бязбожна.

Цівун.

Турбуйся аб сабе; раблю што трэба.

2-гі чаляднік.

Цівун, як будзе звацца гэта крэпасць?

Цівун.

Цвінг-Уры[19] будзе яна называцца.
Ярэм гэты сагнуць павінен вас.

Чаляднікі.

Цвінг-Уры?..

Цівун.

Ну, чаго-ж смяяцца?

2-гі чаляднік.

Угнуць халупінкай такою Уры?

1-шы чаляднік.

Пабачыш, шмат такіх кратовых гнёзд
Паставіць давядзецца, каб яны

Зраўняліся з гарой найменшай нашай.

(Цівун адыходзіць у глыбіню).

Муляр.

Я ў возера закіну малаток свой,

Што мне служыў у клятай гэтай працы.

Уваходзяць Тэль і Штаўффахер.

Штаўффахер.

О, лепш памерці, чым глядзець на гэта.

Тэль.

Тут небяспечна. Пойдзем лепш далей.

Штаўффахер.

Няўжо я ў Уры, ў краіне волі?

Муляр.

Каб бачылі вы толькі сутарэнні
Пад вежамі. Той, хто там будзе жыць,
Ужо не хутка пеўня крык пачуе.

Штаўффахер.

О, божа!

Муляр.

Гляньце вы на сцены, на скляпенні —
Нібы навек пастаўлены яны.

Тэль.

Што рукі ставяць, рукі могуць знішчыць.

(Паказваючы на горы).

Свабоды дом для нас бог збудаваў.
Чуваць барабан, уваходзяць людзі, якія нясуць капялюш, пачэплены на кій, за імі ідзе вястун. Жанчыны і дзеці шумліва ўслед за імі напаўняюць сцэну.

1-шы чаляднік.

Што гэта значыць? Слухайце уважна.

Муляр.

Што за пацеха? Што за капялюш?

Вястун.

У імя імператара! Слухайце!

Чаляднікі.

Ціха, слухайце!

Вястун.

На капялюш зірніце, людзі Уры.
Ухвалена, на кій высокі уздзеўшы,
Яго паставіць пасярод Альторфа.
І вось жаданне і загад ляндфогта:
Той капялюш, нібы яго самога,
Вітаць, чало схіліўшы, на каленях.

Кароль[20] праз гэта хоча знаць пакорных.

Жыццё і скарб свой каралю аддасць
Той, хто загаду гэтага не споўніць.

(Народ голасна смяецца, б‘е барабан, усе праходзяць).

1-шы чаляднік.

Прыдумаў нечуваны здзек ляндфогт.
Каб капялюш яго мы шанавалі!
Ці бачыў хто падобнае, скажыце!

Муляр.

Стаць на калені прад капелюшом?
З людзей пачцівых ён надумай кпіць.

1-шы чаляднік.

Каб хоць карона імператара, а то
Аўстрыйскі капялюш; яго я бачыў
Над крэслам, дзе нам лены раздаюць.

Муляр.

Аўстрыйскі капялюш. Увага, гэта
Пятля, каб выдаць Аўстрыі наш край.

Чаляднікі.

Ніхто не сцерпіць гэтакае ганьбы.

Муляр.

Хадзем, браткі, параімся з другімі.
(Адыходзяць у глыбіню).

Тэль (да Штаўффахера).

Вы знаеце загад? Бывайце, Вернер.

Штаўффахер.

Куды-ж вы? Пачакайце адыходзіць.

Тэль.

О не, мне дома трэба быць. Бывайце.

Штаўффахер.

Хацеў пагутарыць я шчыра з вамі.

Тэль.

Ад сэрца смутак не прагоніш словам.

Штаўффахер.

Але да справы прывядуць нас словы.

Тэль.

Цярплівасць і маўклівасць — наша справа.

Штаўффахер.

Цярпець ці можна тое, што не знесці?

Тэль.

Ніколі пройды доўга не пануюць.
Калі віхор шугае над бяздоннем,
То гасяцца агні, карабль шукае
Спакойнай гавані, пакуль віхор
Без шкоды пранясецца над зямлёю.
Хай кожны ціха у сябе жыве;
Для мірнага спакой заўсёды будзе.

Штаўффахер.

Вы лічыце?

Тэль.

Не руш змяі — не ўкусіць.
Яны нарэшце самі ачуняюць,
Калі спакойным застанецца край.

Штаўффахер.

Мы шмат чаго маглі-б, каб нам сабрацца.

Тэль.

Ў бядзе адзін хутчэй ратунак знойдзе.

Штаўффахер.

Да справы ўсіх вы гэтакі халодны?

Тэль.

Найбольшая надзея — на сябе.

Штаўффахер.

Ў саюзе падужэюць і слабыя.

Тэль.

Хто дужы, найдужэйшы той адзін.

Штаўффахер.

Няўжо на вас зусім няма надзеі,
Калі айчына ўстане з-пад ярма?

Тэль (дае яму руку).

Ягнё прапаўшае Тэль знойдзе ў прорве.

Хіба-ж ён можа прыяцеляў кінуць?
Але рабіце без маіх парад!
Не здатны я да доўгіх разважанняў,
Патрэбна будзе на сапраўдны лад —
Паклічце Тэля, справа у ім не стане.

(Разыходзяцца ў розныя бакі. Раптоўная мітусня і крык
на рыштаванні).

Муляр (прыбягае).

Што сталася?

1-шы чаляднік (убягае з крыкам).

Бляхар зваліўся з даха.
Уваходзіць Берта са світай.

Берта.

Разбіўся? Трэба бегчы, ратаваць —

Хутчэй ратуйце, золата не шкода. (Кідае
маніста перад народам).

Муляр.

Вы з золатам — усё купіць вам можна
За золата; калі ад дзетак бацьку,
Ад жонкі мужа адабралі вы
І горам перапоўнілі ўвесь свет,
Вы золатам хацелі-б адкупіцца.
Без вас і мы вясёлыя былі,
За вамі назіркам прыйшла нягода.

Берта (да Цівуна, які зноў прыйшоў).

Жывы? (Цівун робіць знак адмаўлення).
Няшчасны замак, што праклёнам
Узведзены, каб зноў праклёны множыць.
(Адыходзіць).


ЧАЦВЕРТАЯ З‘ЯВА

Хата Вальтэра Фюрста. Вальтэр Фюрст і Арнольд Мельхталь уваходзяць з розных бакоў.

Мельхталь.

А! Вальтэр Фюрст.

Вальтер Фюрст.

Каб нас не падглядзелі,
Застаньцеся на месцы. Ўсюды сочаць.

Мельхталь.

Нічога з Унтэрвальдэна няма?
Ад бацькі ад майго? Я ўжо не ў сілах
У зневаленні гэтым заставацца.
І што я за злачынства учыніў,
Што трэба мне хавацца, як забойцы?
Нягодніку, што па загаду фогта
Перад маімі уласнымі вачыма
Хацеў быкоў маіх з сабою звесці,
Я кіем палец перабіў.

Вальтер Фюрст.

Гарачы вы, то быў слуга ляндфогта;
Начальнікам ён быў пасланы вашым.
Папалі вы ў няласку, дык цяпер
Павінны усё цярпець маўкліва.

Мельхталь.

Не мог я зносіць подлыя размовы
Нягодніка: „Мужык захоча

Хлеб есці, дык няхай цягае сам свой плуг“ —

Нібы-та у душу маю ён рэзнуў,
Калі быкоў стаў выпрагаць ён з плуга;
Яны мычалі глуха, быццам чулі
Знявагу і ўпёрліся рагамі;
Тады адчуў я справядлівы гнеў
І, непрытомны, біць яго стаў кіем.

Вальтэр Фюрст.

О, калі мы ледзь стрымліваем сэрца, —

Як утрымацца палкай маладосці!

Мельхталь.

Шкада вось бацькі мне — яму апора
Патрэбна, а далёка яго сын.
Яго ляндфогт не церпіць, бо заўсёды
Стаяў ён за свабоду і за права.
Старога хто ад крыўды абароніць?
Эх, будзь што будзе, я пайду туды.

Вальтэр Фюрст.

Чакайце, узмацніцеся цярпеннем,

Пакуль з лясоў да нас надыйдуць весткі.

Я чую стук, быць можа, пасланец
Ляндфогта. Вы схавайцеся. У Уры
Ад Ляндэнбергера вам небяспека;
Адзін тыран другому памагае.

Мельхталь.

Яны нас вучаць што рабіць.

Вальтэр Фюрст.

Ідзіце-ж,
Я клікну вас, калі спакойна стане.
(Мельхталь выходзіць).
Няшчасны, я яму сказаць не смею

Сваіх злавесных прадчуванняў. Хто там?

Пры кожным стуку я бяды чакаю.
Ва ўсіх кутках схавана злосць і здрада;
І убіваюцца у хату нават
Ганцы прыгнёту; хутка трэба будзе
Заводзіць нам завалы і замкі.

(Ён адчыняе і здзіўлена адступае назад
перад уваходзячым Штаўффахерам).

Што бачу я? Вы, Вернер? Ў добры час!
Жаданы госць, найлепшы чалавек
Праз мой парог пераступіў сягоння.
Вітаю вас у хаце у сваёй.
Што прывяло сягоння вас у Уры?

Штаўффахер (паціскаючы яму руку).

Мінуўшчыну Швейцарыі шукаю.

Вальтэр Фюрст.

Пры вас яна. Як толькі бачу вас,
Так цёпла, добра робіцца на сэрцы.
Сядайце-ж, Вернер, і скажыце як
Жыве Гертруда, ваша гаспадыня,
Мудрага Іберга разумная дачка.
Ўсе, хто ідуць з нямецкае зямлі
Ў Італію Мейнрадскаю далінай

Гасцінны дом ваш славяць. Ды скажыце,
Вы з Флюэльна[21] цяпер, мо‘ чулі што,
Пакуль дайшлі да гэтага парога?

Штаўффахер (сядае).

Вялікі новы бачыў я будынак
Гатовы ўжо, не усцешыў ён мяне.

Вальтэр Фюрст.

О, друг, вы зразумелі ўсё адразу!

Штаўффахер.

Такіх у Уры не было ніколі —
Людская памяць турмаў тут не знае,
Труна тут толькі крэпасцю была.

Вальтэр Фюрст.

Труна свабоды гэта. Вось імя.

Штаўффахер.

Я, Вальтэр Фюрст, ад вас хаваць не буду,
Што прывяло мяне сюды не глупства;
Мяне гнятуць турботы. Я прыгнёт
Пакінуў дома, тут прыгнёт знаходжу.
Ці можам мы далей цярпець маўкліва,
Калі прыгнёту не відаць канца?
Швейцарац быў спрадвеку вольным,
Прывыклі мы да звычаяў свабодных.
Падобных не бывала тут часоў
З тых дзён, калі пастух падняўся ў горы.

Вальтэр Фюрст.

Так, прыкладаў падобных мы не знаем!

І наш шляхетны пан фон-Атынгаўзен,
Што помніць старадаўнія часы,

Гаворыць сам, што больш цярпець не можна.

Штаўффахер.

Там, ў Унтэрвальдэне, не мала

Крывавых спраў таксама. Вольфеншысен,

Імперскі фогт, што ў Росбергу сядзеў,
Хацеў паласаваць дабро чужое;
У Альцэльне ён жонку Баўмгартэна
Хацеў зняславіць гвалтам, толькі муж
Сякераю жыццё яго пакончыў.

Вальтэр Фюрст.

О, справядлівейшы нябесны суд!
Скажыце мне, а як-жа сам Баўмгартэн,
Ці выратаван ён, ці дзе схаваўся?

Штаўффахер.

Ваш зяць яго праз возера прывёз;
Ён у мяне у Штайнене схаваны.
Яшчэ паведаміў мне гэты чалавек

Пра дзікі гвалт, што ў Сарнене[22] адбыўся.

Крывёй павінны сэрцы аблівацца.

Вальтэр Фюрст (уважліва).

А што там сталася?

Штаўффахер.

У Мельхталі ля Кернса[23]
Жыве адзін шаноўны чалавек,

З-пад Гальдэна, якога клічуць Гейнрых,
Ён значным карыстаецца уплывам.

Вальтэр Фюрст.

Усе ведаюць яго! Што з ім? Скажыце.

Штаўффахер.

За нейкую драбніцу Ляндэнбергер
У сына у ягонага хацеў
Валоў найлепшых выпрагчы, і хлопец
Прыбіў яго прыслужніка і знік.

Вальтэр Фюрст (з узрастаючай
нецярплівасцю).

А бацька! З ім што сталася, скажыце?

Штаўффахер.

Яго пазваў намеснік да сябе
І загадаў, каб выдаў яму сына.
Калі-ж стары пакляўся, што пра сына
Не мае ён ніякай весткі, фогт
Адразу загадаў паклікаць катаў…

Вальтэр Фюрст (ускаквае і хоча
адвесці яго ў другі бок).

Маўчы, ні слова!

Штаўффахер (павышаючы голас).

„Сына я не маю,

Дык бацька ёсць“ — і паваліўшы старца,

Яму жалезам выкалалі вочы.

Вальтэр Фюрст.

О, неба, неба!

Мельхталь (убягаючы).

Выкалалі вочы?

Штаўффахер (здзіўлена да Вальтэра
Фюрста).
Хто гэта?

Мельхталь (сударгава хапае яго).

Вочы, вочы, вы сказалі?

Вальтэр Фюрст.

О, нешчаслівы!

Штаўффахер.

Хто-ж гэта такі? (Вальтэр Фюрст
робіць яму знак).
Сын гэта? Усемагутны бог!

Мельхталь.

І я
Далёка быў. Яго абодва вокі!..

Вальтэр Фюрст.

Стрымайцеся, знясіце як мужчына.

Мельхталь.

За мой учынак, за маю віну!
Дык ён аслеп? Аслеп ён назаўсёды?

Штаўффахер.

Так! Ён аслеп! Крыніца свету згасла,
І сонца не убачыць болей ён.

Вальтэр Фюрст.

Шануйце сум яго.

Мельхталь.

Ніколі, о, ніколі!

(Ён закрывае вочы рукою і маўчыць нейкі час; тады звяртаючыся да абодвух, гаворыць ціхім, заглушаным слязамі голасам).

О, найвышэйшы дар нябесны ёсць
Святло вачэй. Жыве усё жывое
Святлом — найбольшым скарбам ад усіх.
Схіляецца расліна да святла.
А ён асуджан заставацца ў ночы,
У вечным змроку. Ўжо яго не ўсцешаць
Зялёныя лугі і кветак барвы,
Не ўбачыць ён зарніцы пурпуровай.
Што смерць? Але вось жыць і не глядзець,

Вось дзе няшчасце. Што-ж вы на мяне
З тугой глядзіце? У мяне ёсць вочы
Ды не магу сляпому бацьку даць
Ні кропелькі святла, што сам я маю,
Што льецца безупынна ў мае вочы.

Штаўффахер.

Я павялічыць смутак ваш павінен,
Не зменшыць. Ён пазбаўлены ўсяго!
Ўсё ад яго намеснік адабраў,
Адзін старэчы кій яму пакінуў,
Каб ад дзвярэй і да дзвярэй блукаў ён.

Мельхталь.

Жабрачы кій няшчаснаму сляпому!
Ўсё адабраў і нават сонца бляск,
Якім багат і бедны… Хай ніхто
Не кажа мне пра тое, каб хавацца.
Якім-жа я нікчэмным быў трусом,

Што аб сабе адным мог толькі думаць,

А не аб ім і галаву яго
Ў заклад пакінуў у руках тырана.
Даволі маладушнасці! Цяпер
Жадаю я адной крывавай помсты.
Пайду туды, ніхто не перашкодзіць
Мне з фогта вочы бацькавы спагнаць.
Сярод усіх прыслужнікаў яго
Знайду я. Для мяне няма жыцця ўжо
Пакуль я беспатольную тугу

Крывёю подлаю з душы не змыю. (Хоча ісці).

Вальтэр Фюрст.

Чакайце, вам яго не напалохаць!
У Сарнене ў сваім высокім замку

З бяссілля вашага ён будзе толькі кпіць.

Мельхталь.

Каб жыў ён у палацы ледзяным

На Шрэкхорне ці нават і на Юнгфрау[24],
Дзе вечны снег ляжыць, і там-бы я
Знайшоў яго; каб два дзесяткі хлопцаў
Пайшло са мной, разбурылі-б мы крэпасць.

Калі ніхто не пойдзе, калі ўсе вы,
За хаты ды за статкі баючыся,
Перад тыранам схіліцеся, я
Адзін збяру у горы пастухоў,
І там, пад вольным дахам неба ім —
Са свежай думкай і здаровым сэрцам,
Пра страшнае злачынства раскажу.

Штаўффахер (да Вальтэра Фюрста).

Даспела ўжо. Ці будзем мы чакаць,
Каб стала горш?

Мельхталь.

Не, горш не можа быць.
Чаго-ж яшчэ баяцца, калі вочам
Свяціць у лобе стала небяспечна?
Ці-ж мы без зброі. Дык навошта
Мы цяжкі лук вучыліся згінаць,
Ўладаць сякерай? Кожная жывёла
У небяспецы ўмее бараніцца.
Становіцца раз‘юшаны алень,
Рагамі пагражаючы сабакам,
Паляўніка скідае ў прорву сарна,
І нават бык, пакорны хатні звер,
Што шыю сам згінае пад ярмо,
Ўздымаецца і рвецца, і рагамі
Ў паветра ворага свайго шыбае.

Вальтэр Фюрст.

Каб тры кантоны думалі як мы,
То мы маглі-б тады за справу ўзяцца.

Штаўффахер.

Хай клікне Уры, выйдзе Унтэрвальден,
Швіц даўныя саюзы паважае.

Мельхталь.

У Унтэрвальдэне я маю шмат сяброў,
Што аддалі-б сваё жыццё і кроў,
Калі-б была яшчэ ім дапамога!
О, мудрыя бацькі краіны гэтай!
Я малады юнак стаю між вас,
Дасведчаных і мусіў-бы я сціпла

Маўчаць пры вашых мудрых разважаннях.

Хоць малады і мала ў свеце жыў я,
Паслухайце і вы маёй парады;
Не маладая кроў ва мне кіпіць,
Бяскрайняя кіруе мною роспач,

Што знойдзе і ў каменнях скал спагаду.
Вы самі ўсе бацькі, гаспадары
Жадаеце сабе сыноў выгодных,
Каб шанавалі вашу сівізну
І зоры вочаў вашых баранілі.
О, калі ў вас яшчэ не адабралі
Жыццё і хату, калі вашы вочы
Яшчэ спакойна ззяюць у вачніцах,
Дык не цурайцеся і нашых бед.
Над вамі так-жа звіс тыранаў меч,
Як бацька мой, стараліся і вы
Аўстрыйскую зламаць несправядлівасць

І небяспека ў нас адна і тая-ж.

Штаўффахер (да Вальтэра Фюрста).

Рашайце вы, а я пайду за вамі.

Вальтэр Фюрст.

Паслухаем яшчэ, што нам паны

Фон-Атынгаўзены, фон-Сілінгены скажуць —

Імёны іх нам шмат сяброў дадуць.

Мельхталь.

Скажыце мне адно імя між гор,
Якое шанавалі-б больш за вашы!
З надзеяю глядзіць на вас народ,
Уплыў вялікі мае ваша слова.
Вы спадчынай бацькоў сваіх багаты
І самі шмат прыдбалі, дык на што-ж
Паны нам? Мы управімся і самі!
Ці-ж мы адны ў краіне? Я мяркую,
Што самі мы патрапім бараніцца.

Штаўффахер.

Панам бяда не гэткая як нам:
Ў нізінах рвецца і шумуе строма.
Але не можа закрануць вяршын —
Ўсё-ж не пашкодзіць нам іх дапамога,
Калі ў краіне зброя заблішчыць.

Вальтэр Фюрст.

Каб паміж Аўстрыяй і намі быў пасрэднік,
Тады-б знайшлі мы права і закон.
Але гняце нас сам-жа імператар,
Суддзя вышэйшы. Хай нам бог паможа
Праз нашы рукі. Дык склікайце ў Швіцы
Мужчын, а я у Уры іх збяру.
Аднак каго пашлем мы ў Унтэрвальдэн?

Мельхталь.

Мяне пашліце. Мне бліжэй за усіх.

Вальтэр Фюрст.

Не згодзен я! Вы госць мой, мушу я
Аб вас у небяспецы турбавацца.

Мельхталь.

Пусціце! Я так добра знаю горы;
Сяброў таксама досыць маю я —
Яны ад ворагаў мяне схаваюць.

Штаўффахер.

Няхай ідзе тады ён. Там няма

Прадажных душ — там шчыра ненавідзяць
Тырана, і ніхто яму не служыць.
І Альцэльнца[25] пашлем ў лясы таксама

Збіраць людзей і узнімаць краіну.

Мельхталь.

А як мы будзем весткі пасылаць,
Каб ашукаць тырана падазронасць?

Штаўффахер.

Мы сыйдземся у Брунене ці ў Трэйбе,
Там дзе гандлёвых караблёў стаянка.

Вальтэр Фюрст.

Адкрыта так нам дзейнічаць не можна?

За возерам насупраць Мітэнштэйна,
Там, дзе ідзе дарога ў Брунен, ёсць
У лесе захаваная палянка;
У пастухоў яна завецца Рутлі,
На ёй усюды выкарчаван лес.
(Мельхталю).
Там нашыя мяжуюцца кантоны
І можна у зусім кароткі час

Туды даплыць са швіца ў лёгкім чоўне.

Таемнай сцежкай можам мы туды
У час начны прыходзіць на нараду.
І кожны дзесяць выбраных людзей
Туды прывесці можа за сабою.
Там можна раіцца аб нашых справах
І давяршыць іх з божай дапамогай.

Штаўффахер.

Хай будзе так. Давайце, злучым рукі,
Адну з адной, і так як мы цяпер
Утрох стаім рука з рукой, хай так-жа
І тры краіны нашы стануць разам
Для абароны на жыццё і смерць.

Вальтэр Фюрст і Мельхталь.

На смерць і на жыццё!

(Злучыўшы рукі яны моўчкі стаяць некалькі хвілін).

Мельхталь.

Сляпы, стары мой бацька,
Не зможаш ты убачыць дня свабоды.
Але пачуеш, як з высокіх гор
Сігналы агнявыя запалаюць,
Тыранаў замкі моцныя загінуць,
Швейцарцы прыйдуць у тваю хаціну,
Прыносячы шчаслівыя навіны, —
І ноч твая асветліцца ў хвіліну.

(Разыходзяцца).


Другая дзея

[правіць]

ДРУГАЯ ДЗЕЯ

ПЕРШАЯ З‘ЯВА

Замак пана Атынгаўзена

Гатычная зала, прыбраная гербамі і зброяй. Барон, стары 85 гадоў, высокі, шляхетнага выгляду, апрануты ў хутраное адзенне, абапіраецца на кій з рогам сарны. Куоні і яшчэ шэсць слуг стаяць перад ім з граблямі і косамі. Ульрых Рудэнц уваходзіць у рыцарскім адзенні.

Рудэнц.

Я тут. Чаго жадаеце вы дзядзька?

Атынгаўзен.

Чакайце, перш па звычаю даўнейшым
З работнікамі чару падзялю я.

(Ён выпівае з келіха, які абыходзіць увесь круг).

У полі, ў лесе, з імі я не раз
Бываў і даглядаў за іхнай працай,
Вадзіў іх пад сваім штандарам ў бой;
Цяпер мне толькі быць за аканома.
Калі не сыйдзе сонца да мяне
Я не магу шукаць яго на узгор‘ях.
Сціскаецца маё жыццё увесь час
І хутка сціснецца у круг апошні,
І самы цесны, дзе жыццё знікае;

Я цень свой, хутка-ж стану толькі імем.

Куоні (да Рудэнца з келіхам).

Вазьміце пане! (Рудэнц марудзіць узяць
кубак). Выпіце! Яно
З аднаго кубка-келіха, — з аднаго сэрца.

Атынгаўзен.

Ідзіце, дзеці, потым вечарком
Пра справы нашае краіны пагаворым.
(Слугі выходзяць).
Атынгаўзен і Рудэнц.

Атынгаўзен.

Я бачу ты зусім падрыхтаваўся,
У Альторф хочаш ты ісці?

Рудэнц.

Так, дзядзька, больш марудзіць
не магу я.

Атынгаўзен (сядае).

Спяшаемся? Няўжо тваё юнацтва
Настолькі ўжо скупое, што яго
І для старога дзядзькі не хапае?

Рудэнц.

Я бачу, не патрэбен я для вас,
Я ў гэтым доме быццам чужаземец.
Атынгаўзен (доўга і пільна
глядзіць на яго).
Так, так. Нажаль табе краіна
Зрабілася чужою! Улі! Улі!
Не пазнаю цябе. У шоўк прыбраўся,
Пяро паўліняе на галаве,
І пурпур пакрывае твае плечы!
На селяніна грэбліва глядзіш
І шчырасцю ягонай пагарджаеш.

Рудэнц.

Належнае заўжды яму аддам;

Правы-ж, што сам ён ўзяў, я адмаўляю

Атынгаўзен.

Наш край гняце няласка караля
І сэрца кожнага цяжкой тугою
Напоўніў тыранічны гэты гвалт,
Што церпім мы. Цябе ж не закрануў
Агульны смутак — на цябе глядзяць,
Як на адступніка, што стаў на бок
Народных ворагаў, што з нашае тугі
Смяецца, і што лёгкай асалоды
І ласкі прагне княжэцкай тады,
Калі крывёй сцякае ўся краіна.

Рудэнц.

Зямля прыгнечана. Чаму так, дзядзька?

І хто яе да гэтага давёў?
Даволі толькі слова аднаго,
Каб вызваліцца ад таго ярма
І гневу імператара пазбыцца.
Бяда тым, што народ наш абдурылі

Так, што ён стаў супроць свайго дабра.

Яны перашкаджалі прысягнуць

На вернасць Аўстрыі лясным кантонам,

Калі наўкола прысягнулі ўсе.
Прыемна ім з магнатамі быць роўняй
І імператара за пана мець,
Каб больш ніякага не ведаць пана.

Атынгаўзен.

Я мушу слухаць гэта з тваіх вуснаў!

Рудэнц.

Вы самі чуць хацелі, дайце-ж скончыць.

Якую ролю граеце вы, дзядзя?
Ці-ж годнасці няма вышэй, як тут
Маршалкам ці якім баронам быць
І кіраваць супольна з пастухамі?
Як? Хіба не слаўнейшы быў-бы лёс
Ўладарнага уславіць караля,
Застацца у яго бліскучым стане,
Чым пэрам быць сярод уласных слуг,

Ці побач з мужыком сядзець суддзёю?

Атынгаўзен.

Ах, Улі, Улі! Я пазнаў яго.
Спакусы голас? Ён прапоўз у вушы
Адкрытыя і сэрца атруціў!

Рудэнц.

Я не адмоўлю, ў глыбіні душы

Мне цяжка чуць чужынцаў кпін, што нас

Завуць мужыцкім рыцарствам. Мне
цяжка
Глядзець, як юнакі з усіх бакоў
Па славу йдуць пад Габсбургскія сцягі
Ці-ж мне на спадчыне сваёй залегчы
І тут у абыдзёншчыне губляць
Вясну жыцця свайго? Інакшы свет
Напоўнены падзеямі і славай
За гэтымі высокімі гарамі.
Ў мяне заржавелі шалом і шчыт;
І гук хвалюючы ваенных труб,

Герольда крык, што кліча да турніра —

Іх у далінах нашых не чуваць;
Пастушы хор адно, быдлячых бомаў
Звон аднастайны вечна чуцен тут.

Атынгаўзен.

Бліскучкаю прываблены, сляпы,
Ганьбуй радзіму. Сорамна табе
Даўнейшых звычаяў тваіх бацькоў!
З пякучымі слязамі будзеш ты
Да родных гор імкнуцца калі-небудзь,
І гэтыя пастушыя напевы,
Якімі пагарджаеш ты з нуды,
Пакутаю востраю цябе ахопяць,
Калі ты на чужыне іх пачуеш.
У каханні да айчыны сілы шмат!
Чужы, фальшывы свет не для цябе,
Пры імператарскім двары сабе
Чужым ты будзеш з сваім верным
сэрцам!
Той свет інакшых вымагае цнот,
Чым тыя, што жывуць ў далінах гэтых.
Ідзі, свабодную душу прадай,

Вазьмі маёнтак, княжым служкам стань,

А сам ты мог бы панам быць і князем
На спадчыне сваёй, на вольнай глебе
Ах, Улі! Заставайся са сваімі!
Не йдзі ты ў Альторф. О, не пакідай
Святую справу бацькаўшчыны нашай!
Апошні ў родзе я. Маё імя
Канчаецца са мной. Вось шчыт
з шаломам;
Яны са мною пойдуць у магілу.
І мушу думаць перад смерцю я,
Што ты павекі толькі мне зачыніш,
Каб паспяшыць да новых ўладароў
І ўсё дабро маё, што я ад бога
Свабодна ўзяў, ад Аўстрыі прыняць!

Рудэнц.

Дарэмна каралю мы супярэчым,
Яму пакорны ўсе; ці-ж мы адны
Упарта будзем тузацца і рвацца,
Каб той ланцуг краін перамагчы,
Якім ён абкружыў з усіх бакоў нас?
Яго ўсе рынкі і суды, яго
Гандлёвыя шляхі, за конскі груз
Бярэ ён нават мыта на Гатардзе[26].
Як у цянётах, мы яго зямлёй
З усіх бакоў абвіты і замкнуты[27].
Імперыя паможа? Што-ж яна

Сама супроць магутнасці аўстрыйскай?

Ні бог, ні імператар не памогуць.
Што слова імператара нам дасць,
Калі у безграшоўі, у вайне,
Падданыя краіны з гарадамі
Ён стаў закладваць і прадаваць?
Не, дзядзька! Нам прадбачлівасць
дыктуе
У гэты цяжкі час суровых спрэчак
Ля моцнае трымацца галавы.
Вянец імперскі з рук у рукі йдзе,
Ён службы вернае не памятае,
А служба спадчыннаму ўладару
Дасць плён у будучыне.

Атынгаўзен.

Ты гэткі мудры?
Ты хочаш бачыць лепей за бацькоў,
Якія за вялікі скарб свабоды
Дастатку і крыві не шкадавалі?
Паедзь уніз, ў Люцэрн, і запытайся,
Як Аўстрыя краіну прыгнятае.

Як прыйдуць, дык кароў, авечак нашых

Палічаць, размяжуюць нашы Альпы,
Яны нам паляванне забароняць
ў лясах свабодных нашых, іх шлагбаум
Масты і брамы нашыя зачыніць,
Купцы іх збагацеюць з нашай нэндзы.
І наша кроў ім купіць перамогу.
Не, калі трэба кроў сваю нам траціць,

Дык хай лепш для сябе — ахвотней купім
Мы волю, чымся рабства.

Рудэнц.

Што мы можам,
Народ-пастух супроць палкоў
Альбрэхта?

Атынгаўзен.

Пазнай народ пастушы гэты, хлопча!
Я знаю, я вадзіў яго ў бойку.
Я ў бойцы ля Фавенцы[28] яго бачыў.
Няхай прыходзяць і ярмо ўскладаюць,
Не панясем мы гэтага ярма!
Вучыся адчуваць, адкуль ты родам!
Дзеля пустых бліскучак не кідай
Праўдзівых пэрлаў годнасці сваёй.
Правадыром быць вольнага народу,
Які табе скарыўся праз любоў
І будзе за цябе стаяць да смерці —

Вось твая гордасць, вось чым ганарыся,

Прыроджаныя сувязі ўзмацняй,
Трымайся дарагой сваёй айчыны
І да яе ўсім сэрцам далучыся.
Тут моцныя карэнні сіл тваіх,
Там, на чужыне, будзеш ты адзін,
Чароцінка, якую гне віхор;
Мы доўга так не бачылі цябе,

На дзень застанься з намі — толькі сёння
Не йдзі у Альторф. Чуеш? Толькі сёння,
Адзіны толькі дзень нам падары.
(Паціскае яго руку).

Рудэнц.

Я слова даў. Я не магу. Я звязан

Атынгаўзен (вызваляючы руку, сур‘ёзна).

Ты звязан, кажаш ты? О, так, няшчасны,

Ты звязан, ды не словам, і не клятвай,
Так, путамі кахання звязан ты.
(Рудэнц адхінаецца).
Хавайся, калі хочаш. То дзяўчына
Берта фон-Брунек цягне цябе ў замак,
Да імператарскае вабіць службы.
Здабыць дзяўчыну хочаш ты сабе,
Айчыне здрадзіўшы. Не ашукайся!
Яны прывабілі цябе нявестай;
Не для цябе прызначана яна.

Рудэнц.

Ужо даволі слухаў я. Бывайце. (Выходзіць).

Атынгаўзен.

Чакай, юнак бяздумны. Ён пайшоў!
Спыніць, уратаваць яго не мог я.

Вось гэтак сама здрадзіў Вольфеншысен

Сваёй зямлі — так зробяць і другія,
Чужыя чары цягнуць нашу моладзь
Гвалтоўна прэч ад нашых родных гор.

Няшчасны дзень, калі прыйшоў чужынец

У гэтыя шчаслівыя даліны,
Нявіннасць даўніх звычаяў зламаць!
Перамагае навіна, старое,
Пачцівае звялося, час змяніўся,
Другія думкі ў новым пакаленні.
Дык што-ж рабіць! Усе ўжо у магіле,
З кім некалі я жыў і будаваў.
І пад зямлёю ўжо ляжыць мой час;
Шчаслівы той, каму у новым жыць
не давядзецца. (Выходзіць).


ДРУГАЯ З‘ЯВА

Лугавіна, абкружаная высокімі скаламі і лесам. Па скалах пракладзены сцежкі са ступенькамі, па якіх потым спускаюцца сяляне. У глыбіні відаць возера, над ім відаць бляск месяца. У перспектыве высокія горы, за якімі маячаць снегавыя вяршыны. На сцэне цёмна, толькі возера і далёкія глетчары заліты святлом месяца. Мельхталь, Баўмгартэн, Вінкельрыд, Мейер Сарнен, Буркгарт-Бюгель, Арнольд-Зева, Кляўс-Флюэ і яшчэ чацвёра сялян, усе ўзброеныя.

Мельхталь (яшчэ за сцэнай).

Вось сцежка горная, хутчэй за мной!
Я пазнаю скалу і крыж над ёю;
Прыйшлі мы, гэта Рутлі[29].
(Уваходзяць з паходнямі).

Вінкельрыд.

Слухай!..

Зева.

Пуста.

Мейер.

Няма яшчэ нікога. Мы на месца

Раней за ўсіх прыйшлі мы, унтэрвальдэнцы.

Мельхталь.

Што, позна ўжо?

Баўмгартэн.

Так, вартаўнік начны
У Зелісбергу[30] двойчы прагукаў.
(У далечыні чуваць звон).

Мейер.

Стой, ціха!

Бюгель.

У лясной капліцы звон
Загаманіў і гук плыве са Швіца.

Флюэ.

Паветра чыстае, далёка гук нясе.

Мельхталь.

Хай пойдзе хто з вас і агонь запаліць,
Няхай гарыць, пакуль збяруцца людзі.
(Двое выходзяць).

Зева.

Ноч ясная ад месяца; без руху
Раскінулася возера, як люстра.

Бюгель.

Ім добрая дарога.

Вінкельрыд (паказвае на возера).

Гэй, глядзі!

Туды глядзіце!

Мейер.

Што там? Сапраўды!
Святло там ззяе пасярод начы!

Мельхталь.

То месяц яго там адлюстраваў.

Флюэ.

Вось сапраўды цудоўнейшая з‘ява,
Другі ўвесь век падобнага не бачыць.

Зева.

Яно падвойнае; святлейшае над ім.

Баўмгартэн.

Там човен у далечыні плыве.

Мельхталь.

Напэўна Штаўффахер у сваім чоўне;
Ён на сябе чакаць не прымушае.
(Ідзе з Баўмгартэнам на бераг).

Мейер.

Вось людзі з Уры ўсё яшчэ марудзяць.

Бюгель.

Далёка ім праз горы трэба йсці,
Каб не спаткацца з вартаю ляндфорта.

(У гэты час двое сялян распальваюць агонь пасяродку).

Мельхталь (з берагу).

Хто там? Адказвайце!

Штаўффахер (знізу).

Сыны краіны.
Усе ідуць у глыбіню насустрач прыбываючаму. З чоўна выходзяць Штаўффахер, Ітэль Рэдынг, Ганс Маўэр, Іорг Хоф, Конрад Хун, Ульрых Шміт, Іост Вейлер і яшчэ трое сялян, усе ўзброеныя.

Усе (крычаць).

Вітанне вам!

Мельхталь.

О, Штаўффахер! Я бачыў
Таго, хто на мяне глядзець не можа!
На вочы яго клаў я сваю руку,
Крыніцу палкай помсты зачарпнуўшы
З вачэй яго, пазбаўленых святла.

Штаўффахер.

Не гавары пра помсту ты. Не мсціцца,
А новую бяду адбіць мы мусім.

Цяпер скажыце мне пра Унтэрвальдэн.

Ці многа прыяцеляў там сабралі,
Што думаюць сяляне, як вы самі
Ўсе здрадніцкія пасткі абмінулі?

Мельхталь.

Цераз Сурэна[31] жудасныя горы
Па неабсяжных ледзяных палях.
Дзе коршунаў ахрыплы крык чуваць
Дабраўся я да выганаў альпійскіх,
Дзе з Энгельбергу[32], з Уры пастухі
Пасуць, пераклікаючыся, быдла;
Таліў я смагу ледзяной вадой,
Што у нізіны з грукатам спадае.
Заходзіў у пустыя хаткі я
Гаспадаром і госцем, і нарэшце
Дабраўся да жылля жывых людзей.
Данеслася ужо ў даліны тыя
Пра новае злачынства навіна;
Я спатыкаў пашану і спагаду
Ля ўсіх дзвярэй, куды-б я ні пастукаў.
І я знайшоў у гэтых простых душах
Нянавісць да сучаснага парадку;
Як Альпы іх заўсёды з года ў год
Ўсё тыя-ж узгадоўваюць расліны,
Іх ручаі нязменныя і хмары,

І нават ветры, — так даўнейшы звычай

Нязменна ад дзядоў перадаецца
Да ўнукаў і ўсё тым-жа застаецца.
Не любяць новых выдумак яны
У жыцця нязменна роўным ходзе.
Гасцінна яны ціснулі мне рукі
Іржавыя мячы са сцен здымалі
І ў вочах іх запальваўся яскрава
Адвагі бляск, калі я называў
Святыя для сялян між гор імёны —
Ваша і Фюрстава. І што вы ім
Ні загадаеце, выконваць кляліся,
Кляліся аж да смерці йсці за вамі.
Так я хадзіў пад моцнаю апекай
Гасціннасці з падворку да падворку.
Калі-ж ў даліну родную прыйшоў,
Дзе у мяне багатае сваяцтва,
Калі старога бацьку адшукаў,
Убогага, сляпога на чужой
Саломе з літасці падкладзенай…

Штаўффахер.

О, неба!

Мельхталь.

Не плакаў я. Бяссільнымі слязамі
Зліць не хацеў я смутак свой жахлівы;
Ў грудзях, як самы даражэйшы скарб,
Схаваў яго і думаю пра справу.
Я абыйшоў усе цясніны гор,
Я ў самых захаваных быў далінах;
І каля самых межаў вечных льдоў
Заходзіў я у мірныя хацінкі.
І ўсюды, дзе была мая нага,
Знаходзіў я нянавісць да тырана;
Бо на апошнім самым рубяжы
Жылых краёў, дзе і зямля не родзіць,
І там драпежніцтва пануе фогта.
І сэрца простага таго народу
Параніў я кінжалам свайго слова;
Яны за нас і целам і душою.

Штаўффахер.

Вы шмат зрабілі і ў кароткі час.

Мельхталь.

Я больш зрабіў. Дзве гэтыя цвярдыні —
Росберг і Сарнен страшаць нашых браццяў,
Бо вораг там за каменнай сцяной
Сядзіць і з лёгкасцю зямлю пустошыць.
Я быў у Сарнене і горад аглядзеў.

Штаўффахер.

Пасмелі ўлезці вы ў берлогу тыгра?

Мельхталь.

Я быў апрануты, як пілігрым,
І бачыў я ляндфогта за гулянкай —
Судзіце-ж, як я сэрца закілзаў —
Я бачыў ворага і не забіў.

Штаўффахер.

Не здрадзіла адвазе вашай шчасце.
(Тым часам набліжаюцца другія сяляне).
Цяпер скажыце, хто вашы сябры
І людзі, што прыйшлі сюды за вамі.
Нас пазнаёмце з імі, каб маглі мы

Адны другім адкрыцца шчырым сэрцам.

Мейер.

Хто вас не ведае у трох кантонах!
Я Мейер з Сарнена, а гэта

Пляменнік родны мой Струт-Вінкельрыд.

Штаўффахер.

Імя вядомае вы мне назвалі.
Быў Вінкельрыд, які забіў дракона
У Вейлерскім балоце і сваю
Склаў галаву там.

Вінкельрыд.

Гэта быў мой продак.

Мельхталь (паказвае на двух сялян).

Вось гэтыя ў манастыры за лесам
Жывуць у Энгельбергу. Не мініце
Увагай іх, бо хоць яны ў прыгоне,
А не свабодныя, як мы, сяляне,
Але краіну так-жа шчыра любяць.

Штаўффахер (да абодвух).

Давайце рукі. Той шчаслівы, хто
Ніколі ні ад кога не залежыць,

Але каштоўна ў кожным стане шчырасць.

Конрад Хун.

Вось гэта Рэдынг — наш стары ляндамман[33].

Мейер.

Яго я знаю, ён праціўнік мой,
Мы судзімся з ім за кавалак поля.
Мы, Рэдынг, ворагі перад судом,
Тут за адно мы. (Трасе яго руку).

Штаўффахер.

Сказана удала.

Вінкельрыд.

Вы чуеце? Ідуць! Чуваць рог Уры.

(Справа і злева на скалах з‘яўляюцца ўзброеныя людзі
з паходнямі ў руках).

Маўэр.

Глядзіце. Сам слуга царквы пабожны,
Сам пастар іхны з імі. Не спужаўся
Начной пары і цяжкае дарогі —
Пастух руплівы за людзей ў трывозе.

Баўмгартэн.

Закрыстыян за ім і Вальтэр Фюрст;
Але не бачу паміж іх я Тэля.

Вальтэр Фюрст, Рэсельман, пастар, Петэрман, закрыстыян, Куоні, пастух, Верні, паляўнічы Руоды, рыбак, і яшчэ пяцёх сялян. Усе ў ліку трыццаці трох становяцца вакол агню.

Вальтэр Фюрст.

Павінны мы на спадчыне сваёй —
На бацькаўскай зямлі сваёй таемна
Збірацца, як злачынцы, уначы,
І пад панураю заслонай цемры,
Прыемнаю адзіным адшчапенцам,
Правы свае старыя бараніць,
Хоць чыстыя і ясныя яны,
Як сонца бляск у глыбіні блакіту.

Мельхталь.

Хай будзе так. Што змрок начны пасее,

Яскравей заяснее ў бляску сонца.

Рэсельман.

Паслухайце, што бог мне ў сэрца ўклаў.

Усю краіну тут мы прадстаўляем
І можам вырашаць за ўвесь народ.
Пачнем-жа зараз мы сваю нараду
Па старадаўным звычаі сваім.
Калі-ж у чым і зробім адступленне,
Абставіны віной таму. А бог
Усюды ёсць дзе паўстаюць за праўду,
І пад ягоным небам мы стаім.

Штаўффахер.

Дык, зробім, як загадвае нам звычай;

Хай ноч цяпер — нам свеціць наша права.

Мельхталь.

Не поўны лік наш, але сэрца тут
Ўсяго народу, лепшыя сыйшліся.

Конрад Хун.

Няма і нашых кніг старых пры нас.
Яны у нас запісаны у сэрцы.

Рэсельман.

Тады давайце ў кола станем мы

І ў землю ўстромім меч — эмблему ўлады.

Маўэр.

Хай месца сваё возьме ляндамман,
А па баках яго таварышы.

Закрыстыян.

Тут тры народы ёсць. Якому з іх
Належыць стаць тут на чале нарады?
Хай з Уры Швіц спрачаецца аб гэтым,
Абодвум Унтэрвальдэн саступае.

Мельхталь.

Мы саступаем; мы сягоння просім
Сяброў магутнейшых аб дапамозе.

Штаўффахер.

Тады хай Уры меч бярэ, бо сцяг
Яго заўсёды першы на паходзе.

Вальтэр Фюрст.

І Швіц на меч таксама мае права,

Бо мы усе вядзем ад Швіца род.

Рэсельман.

Я спрэчку вашу вырашыць гатоў:

Швіц першы ў радзе, Уры першы ў бойцы.

Вальтэр Фюрст (падае Штаўффахеру меч).

Вось меч.

Штаўффахер.

Старэйшаму належыць гэты гонар.

Хоф.

Між нас за ўсіх старэйшы Ульрых Шміт.

Маўэр.

Пачцівы чалавек, але прыгонны,
І ў Швіцы быць суддзёю ён не можа.

Штаўффахер.

Ды тут-жа Рэдынг ёсць, стары ляндамман.

Навошта нам шукаць яшчэ другога.

Вальтэр Фюрст.

Хай будзе ляндамман на радзе першы.

Хто згодзен, той няхай падніме руку.
(Усе паднімаюць правыя рукі).

Рэдынг (уваходзіць у сярэдзіну).

Я не магу руку на кнігу ўскласці.
Клянуся я на гэтых вечных зорках,
Не адступлю ад права ні на крок.

(Перад ім у зямлю ўтыкаюць два мячы, усе становяцца ў кола. Швіц займае месца у сярэдзіне, Уры направа ад яго, налева Унтэрвальдэн. Рэдынг стаіць абапершыся на свой баявы меч).

Чаго прыйшлі тры горныя народы
Сюды на непрытульны гэты бераг,
Сабраўшыся у гэткі позні час?
Ў чым будзе новага саюза сэнс,

Што мы пад зорным небам заключылі?

Штаўффахер (уваходзіць у кола).

Саюзаў новых мы не заключалі;
Адно стары спрадвечны наш саюз
Мы аднаўляем. Ведайце, браты!
Хоць дзеляць нас і возера і горы,
Кіруемся мы кожны сам сабой,
Ды аднаго мы роду і крыві
І з бацькаўшчыны аднае паходзім.

Вінкельрыд.

Дык праўда, што пяецца ў нашых песнях,

Што мы здалёку ў гэты край прыйшлі?
О, раскажыце ўсё, што вам вядома,
Каб даўным новы узмацніць саюз.

Штаўффахер.

Вось што старыя пастухі казалі.
Ў зямлі паўночнай жыў народ вялікі
І вось настаў год страшнай дарагоўлі.
Ў такой бядзе на радзе ухвалілі,
Каб з дзесяцёх адзін на выбар лёсу
Пакінуў край бацькоў. Так і было.
Пайшлі з тугой мужчыны і жанчыны
Паходам велізарнейшым на поўдзень
Са зброяй праз нямецкую краіну
Аж да мяжы лясістых гэтых гор.
І не спыніўся іх цяжкі паход,
Пакуль не сталі ў той даліне дзікай,
Дзе ў нашы дні Муота працякае.
Тут не відаць было сляда людскога,
На беразе стаяла толькі хатка
І там сядзеў самотны перавозчык.
Ды бушавала возера і нельга
Было па ім плысці; кругом зірнуўшы,
Убачылі, што шмат вады і лесу, —
І ім здалося, што яны знайшлі
Ізноў сваю каханую айчыну.
І парашылі тут яны застацца,
Паставілі старую вёску Швіц,
І многа часу карчавалі лес
З кудлатымі вершалінамі разам.
Пасля, як цесна стала на зямлі,
Бо стала болей іх, яны дайшлі
Да Чорнае гары у самы Вейслянд,
Дзе за сцяною моцнай вечных льдоў
Жыве другі народ інакшай мовы.

Пабудавалі вёску Штанц ў Кернвальдзе

І вёску Альторф у даліне Рэйса.
Але застаўся памятным іх род
Між тых чужых пляменняў, што пасля
Аселі у сярэдзіне краіны;
Людзей са Швіца можна распазнаць,
Ў іх не схаваецца ні кроў, ні сэрца.
Падае руку направа і налева.

Маўэр.

Так, сэрца ў нас адно, адна і кроў.

Усе (падаючы адзін другому рукі).

Адзін народ мы, вечна будзем разам.

Штаўффахер.

Народы іншыя нясуць ярэм
І самі пераможцам паддаліся.
І ў нас такія у краіне ёсць
Рабы, што век жывуць ў чужой няволі
І рабства дзецям спадчынай даюць.
А мы, швейцарцы са старога роду,
Мы волю назаўсёды збераглі.
Перад князямі мы не гнем калені,
Пад імператара пайшлі свабодна.

Рэсельман.

Імперыі мы самі аддаліся;

Пацвердзіў гэта імператар Фрыдрых[34].

Штаўффахер.

Але і самы вольны мае ўладу.
Патрэбен правадыр, суддзя вышэйшы,

Дзе праўды сталі-б мы шукаць у спрэчках.

Дзеля таго вось продкі нашы самі
За тую пустку, дзе яны аселі,
Пайшлі да імператара, што ў землях
Пануе італьянскіх і нямецкіх
І разам з вольнымі людзьмі дзяржавы
Яму служылі дапамогай збройнай;
Бо вольнага адзіны абавязак

Служыць дзяржаве, як яна яму.

Мельхталь.

Што больш таго — ужо адзнака рабства.

Штаўффахер.

Калі іх клікалі, яны ішлі
І пад імперскім біліся штандарам.
Хадзілі і ў Італію за ім,
Каб для яго ўзяць рымскую карону.
А дома кіраваліся і самі
Па звычаях і правілах даўнейшых;
Судзіў адных забойцаў імператар.
Для гэтага пастаўлены быу граф,
Які сядзеў за межамі краіны.
Судзіць забойцаў клікалі яго
І пад адкрытым небам чыста, ясна
Судзіў ён суд, людзей не баючыся.
Ці ёсць тут знак, каб мы былі рабы?
Калі хто гэтак думае, хай скажа.

Хоф.

Не, ўсё было так, як казалі вы,
Прыгнёту мы не зносілі ніколі.

Штаўффахер.

Мы імператару адмовілі у тых
Правах, што ён папам падараваў,
І калі людзі манастыра
Эйнзідэльна, забраць хацелі горы,
Дзе быдла мы сваё паслі спрадвеку,
Абат прыслаў імперскі ліст, якім
Яму давалася зямля пустая,
Нібы ніхто не знаў, што гэта наша.
Сказалі мы: „Фальшывы гэты ліст,
Дарыць не можа наша імператар,
А не прызнае нашых праў дзяржава,
І без яе ў гарах мы пражывем“
Бацькі казалі так. Ці мы павінны
Выносіць ганьбу новага ярма,
Цярпець ад наймітаў такое,

Да чаго не мог прымусіць нават імператар.

Мы самі гэтую зямлю стварылі,
Рукамі ўласнымі магутны лес,

Што некалі прытулкам быў мядзведзям,

Зрабілі мы жыллём для чалавека;
Мы пазнішчалі вывадкі драконаў,
Што ў балотах гняздзіліся атрутных;
Развеялі туманную заслону,
Што дзікі гэты спавівала кут,
Пабілі скалы, правялі над прорвай
Спакойныя для падарожных сцежкі;
Мы цэлыя стагоддзі уладаем
Зямлёю тут — і парабак чужы
Прыходзіць і куе на нас кайданы
І ганьбіць нашу ўласную зямлю.
Няўжо няма ад гвалту абароны?
(Моцны рух сярод сялян).
Не, не, мяжа ёсць і для тыраніі.
Калі пакрыўджаны не знойдзе праўды,
Калі нясцерпны ўціск, тады да неба
Звярнуўшыся, ён з мужнаю адвагай
Сам здабывае ўсе свае правы,
Якія там былі без змен і без паправак
Нязломныя, нязрушныя, як зоры.
Вяртаецца ранейшы ход прыроды,
Калі ўстае на чалавека чалавек —
Апошні спосаб, як няма ўжо іншых
Для паратунку, гэта востры меч.
Баронім найвышэйшае дабро мы
Супроць прыгнёту. Цэлаю зямлёю
Мы паўстаем за жонак, за дзяцей.

Усе (бразгаючы мячамі).

Мы паўстаем за жонак, за дзяцей.

Рэсельман (уступае ў кола).

Падумайце, пакуль за зброю брацца.
Ці нельга з імператарам сыйсціся.
Скажыце толькі слова, і тыраны,

Што вас гнятуць цяпер, другімі стануць.

Зрабіце, што ад вас патрабавалі,
І Аўстрыю замест імперыі прызнайце.

Маўэр.

Што кажа пастар! Прысягнуць аўстрыйцам!

Бюгель.

Не слухайце!

Вінкельрыд.

Так раіць толькі здраднік,
Краіны вораг.

Рэдынг.

Ціха, землякі

Зева.

Прысяга Аўстрыі пасля ўсіх здзекаў!

Флюэ.

Ці-ж згодзімся мы гвалту тое даць,
У чым адмовілі і ласцы мы?

Мейер.

Былі-б мы
Тады навек рабамі па заслугах.

Маўэр.

Навек хай страціць той правы швейцарца,

Хто Аўстрыі аддацца прапануе.
Ляндамман, я стаю за тое тут,
Каб гэткі першы выдалі закон мы.
Так. Той, хто хоча Аўстрыі здавацца,
Пазбаўлены пашаны і правоў
І хай ніхто не дасць яму прытулку.

Усе (паднімаюць правыя рукі).

Няхай законам будзе гэта.

Рэдынг (пасля паузы).

Ёсць.

Рэсельман.

Цяпер вы вольны — праз закон праз гэты.

Хай Аўстрыя таго не возьме гвалтам,
Чаго не атрымала добраахвотна.

Іост Вайлер.

Цяпер далей, да справы.

Рэдынг.

Таварыства.
Ці спрабавалі мы усе ўжо сродкі?
Быць можа сам кароль ўсяго не знае
І церпім мы супроць яго жадання.
Ўсе сродкі мы павінны спрабаваць:
Хай скарга дойдзе да яго вушэй
Раней за звон мячоў. Заўжды жахлівы,
І ў справядлівай нават справе, гвалт.
Паможа бог, як людзі ўжо не змогуць.

Штаўффахер (да Конрада Хуна).

Да караля я ездзіў у Рэйнфельд

Прынесці скаргу на бясчынствы фогтаў

І папрасіць, каб нашы прывілеі
Старыя аднавіў кароль.
Я стрэў паслоў ад многіх гарадоў
І з швабскае краіны, і з над Рэйна
І граматы яны ўсе атрымалі
І ўсе параз‘язджаліся па хатах;
Мяне-ж, пасланага ад вас, у раду
Паклікалі і так сказалі мне:
„Не мае зараз часу імператар —

Дык ён пра вас успомніць іншым разам“.

Калі у смутку я праз залю йшоў,
Спаткаў я раптам герцага Іогана;
Стаяў ён са слязьмі ў вачах, пры ім
Яго паны фон-Варт і Тэгерфельд.
І кажуць мне: „Ратуйцеся вы самі.
Ад караля вы праўды не чакайце.
Ён сына брата свайго абабраў
І спадчыны законнае пазбавіў.
Наш герцаг спадчыны свае прасіў,
Ужо дайшоў узросту ён і мог-бы
Сам кіраваць уласнаю зямлёй.
І што-ж зрабіў кароль? Надзеў вяночак
І кажа: „Вось аздоба маладосці“.

Маўэр.

Ўсе чулі. Справядлівасці і права
Кароль не дасць. Ратуйце сябе самі.

Рэдынг.

Адно і застаецца. Будзем думаць,
Як справу нашу да канца давесці.

Вальтэр Фюрст (уваходзіць у кола).

Мы хочам скінуць наш цяжкі ярэм;
Свае правы старыя, што ўзялі
Ад прадзедаў, мы хочам захаваць,
А новых дабівацца мы не будзем.
Хай імператар возьме што належыць;
Хто мае пана, служыць хай яму.

Мейер.

Ад Аўстрыі я атрымаў свой лен.

Вальтэр Фюрст.

Плаціце ёй усё, што вы павінны.

Іост Вейлер.

Падаткі пану Раперсвейлю я плачу.

Вальтэр Фюрст.

Дык паранейшаму яму плаціце.

Рэсельман.

Жыву пад Тюрыхскім манастыром.

Вальтэр Фюрст.

Плаціце ў манастыр ўсё, што належыць.

Штаўффахер.

Я ад імперыі свой маю лен.

Вальтэр Фюрст.

Рабіце ўсё, што вінны і не болей.

Мы хочам выгнаць прэч з краіны фогтаў,

Іх наймітаў і замкі іх разбурыць,
Калі магчыма, без крыві, хай бачыць
Наш імператар, што адно з бяды
Мы шанаваць не сталі абавязкаў.
І калі мы ў граніцах застанемся,
Быць можа перасіліць ён свой гнеў.
Ўсяляе большы страх такі народ,
Які схіляецца з мячом ў далоні.

Рэдынг.

А як-жа мы пачатае закончым?
У ворага ёсць зброя у руках,
Без бою ён напэўна нам не здасца.

Штаўффахер.

Ён здасца, калі ў нас убачыць зброю,
Бо мы яго заспеем нечакана.

Мейер.

Сказаць няцяжка, выканаць цяжэй.
Дзве крэпасці ў краіне нас трымаюць,
За іх сцяною ворагу не страшна,
Калі кароль сам з‘явіцца ў краіне.
Росберг і Сарнен трэба ўзяць адразу,

Раней, чым меч уздымуць тры кантоны.

Штаўффахер.

Глядзіце, каб не асцярогся вораг, —

Занадта шмат людзей пра справу знае.

Мейер.

Ў лясных кантонах не бывае здрайцаў.

Рэсельман.

Занадта спрытны здрадзіць яшчэ лепш.

Вальтэр Фюрст.

Марудзіць будзем, дык закончаць крэпасць

У Альторфе, мацнейшым стане фогт.

Мейер.

Вы пра сябе ўсё!

Закрыстыян.

Вы несправядлівы.

Мейер (з запалам).

Несправядлівы? Мы? Як можа Уры
Нам так казаць.

Рэдынг.

Спакой! Дзе ваша клятва?

Мейер.

Так, трэба змоўкнуць, калі Швіц за Уры.

Рэдынг.

Я вас абвінавачваю прад радай —
Запальчывасцю губіце вы справу.
Хіба вы ўсе не за адно стаіце.

Вінкельрыд.

Лепш пачакалі-б да калядаў мы,
Калі па звычаю, мы ўсе павінны
З‘яўляцца з падарункамі да форта.
Маглі-б дзесяць-дванаццаць чалавек
Сабрацца незаўважанымі ў замку,
Схаваўшы добра дзіды пад крысой,
Бо ў замак ход са зброяй забаронен,
І да дручкоў пасля ўжо іх прыладзіць.
Другі атрад чакаць-бы мог у лесе.
І калі-б браму першыя ўзялі
І трубным гукам знак далі другім,
І кінуліся-б тут-жа ўсе з засады,
То замак-бы тады не устаяў.

Мельхталь.

А ў Росберг я магу прабрацца;
Там ёсць дзяўчына ў замку у мяне,
Яна мне можа ўночы для спаткання
Драбінку лёгкую падрыхтаваць;
Узлезу я — за мною і другія.

Рэдынг.

Ці згодны ўсе, каб пачакаць крыху?
(Большасць уздымае рукі).

Штаўффахер (лічыць галасы).

Дванаццаць супроць — дваццаць за адклад.

Вальтэр Фюрст.

Калі мы ў тэрмін замкі забярэм,
Тады з адной гары і на другую
Мы пададзім сігналы агнявыя
І ўсе сыходзяцца у цэнтр кантона.
Убачаць фогты — зброя заблішчэла.

Паверце мне, не будуць лезці ў спрэчку,
А з нашае краіны пойдуць прэч.

Штаўффахер.

Вось з Геслерам, баюся, будзе цяжка:
Заўсёды з коннікамі ён сваімі.
Ён поле без крыві не здасць, і нават
Прагнаны будзе страшны ён для нас.
Не лёгка выпусціць яго і небяспечна.

Баўмгартэн.

Дзе небяспека будзе — я пайду.
Жыццё маё, што Тэль уратаваў мне,
З ахвотай за айчыну я аддам.
Памсціўшыся за гонар, я спакойны.

Рэдынг.

Ўсё збудзецца. З цярплівасцю чакайце;

Што мусіць быць, напэўна тое будзе,
Але пакуль мы гутарку вялі
Ужо з-за гор зара выходзіць стала
Бліскучай раніцы. Ісці нам трэба,
Каб раніца нас не застала тут.

Вальтэр Фюрст.

Не, ноч з далін паволі адыходзіць.

(Усе мімаволі скідаюць капялюшы і ў маўклівым
хваляванні глядзяць на ранішнюю зару).

Рэсельман.

У гэтым бляску, што вітае нас
Ад ўсіх людзей, што недзе ўнізе там
Ўздыхаюць цяжка ў смутку гарадоў
Мы у саюзе новым паклянемся.

Клянемся быць адным народам братнім
І не разлучымся ні ў радасці, ні ў горы.
(Усе паўтараюць, узняўшы тры пальцы).
Мы хочам быць свабоднымі, як продкі;

Памерці лепш, чым у няволі жыць.
(Усе паўтараюць).
Надзеі мы на бога пакладаем,
Нас не спужае сіла чалавека.
(Усе паўтараюць. Сяляне абнімаюцца).

Штаўффахер.

Хай кожны ідзе ціха сваім шляхам
Да родных і да прыяцеляў бліжніх.
Пастух, пасі спакойна статак свой
І набірай людзей для нашай справы;
Пакуль што мы яшчэ крыху пацерпім.
Цярпіце. Хай расце разлік з тыранам.
Наступіць дзень апошняе расплаты —
Заплаціць ён усе свае даўгі.

Трымайце-ж гнеў вы справядлівы свой,

Для будучыні помсту захавайце.
Агульную рабуе справу той,
Каго свой толькі інтарэс цікавіць.

(У той час, як яны ціха расходзяцца ў тры розныя бакі, урачыста грае аркестр, пустая сцэна застаецца некаторы час адкрытай і відаць першыя праменні сонца, узыходзячага над ледзянымі гарамі).

Трэцяя дзея

[правіць]

ТРЭЦЯЯ ДЗЕЯ

ПЕРШАЯ З‘ЯВА.

Двор у доме Тэля. Тэль працуе з сякерай, Гедвіга занята хатняю працаю, Вальтэр і Вільгельм у глыбіні сцэны гуляюць з маленькім лукам.

Вальтэр (пяе).

З лукам са стралою,
Праз гару, праз лес,
Яснай раніцою
Вандраваў стралец.
Як ў краіне ветра
Сокал вольны цар,
Так і ў гэтых нетрах
Стралец — гаспадар.
Даллю ён ўладае,
Дзе ляціць страла,
Усё ў дань збірае,
Што дае зямля. (Бяжыць падскокваючы).

Я цеціву парваў, папраў мне бацька

Тэль.

О, не! Стралец праўдзівы зробіць сам.

(Дзеці выбягаюць).

Гедвіга.

Зарана дзеці пачалі страляць.

Тэль.

Хто рана пачынае, майстрам будзе.

Гедвіга.

Ах, даў-бы бог век гэтага не знаць.

Тэль.

Ім трэба ўсё умець. Хто праз жыццё
Прабіцца хоча, мусіць быць гатовым
Змагацца з крыўдай.

Гедвіга.

Як тады знайсці
Спакой у хаце?

Тэль.

Я яго не знаю.
Не ў пастухі прызначан я прыродай,
Няўпынна рвуся да нязнанай мэты.
Тады жыццём сваім здаволен я,
Калі што дзень — то новае змаганне.

Гедвіга.

І не падумаеш пра жончын страх,
Пра доўгае трывожнае чаканне.

Я з жахам слухаю заўсёды, калі хлопцы

Апавядаюць пра твае прыгоды.
І сэрца мне прарочыць кожны раз,
Што ты назад не вернешся ніколі.
Я бачу, як зблудзіўшы паміж гор,
З адной скалы ты скачаш на другую,
Гляджу як сарна шпаркая цябе
Уніз, у прорву цягне за сабою,
Як гурба снежная цябе змятае,
Як трэснуў пад табою лёд і ты,
Яшчэ жывы, знікаеш у магіле.
Ах, адусюль стральца пільнуе смерць
І мае яна тысячу абліччаў;
Няшчаснейшае гэта рамяство,

Што ў прорву скінуць можа ў кожны момант.

Тэль.

Хто рушыць смела, з яснай свежай думкай,

Паклаўшыся на бога, на свой гарт,
Той вырвецца з усякае бяды;

Не страшны горы тым, хто у іх радзіўся.

(Закончыўшы сваю працу, адкладае
сякеру ў бок).

Цяпер служыць нам доўга будуць дзверы.

Сякера ў хаце — цесляра не трэба.
(Бярэ капялюш).

Гедвіга.

Куды ты пойдзеш,

Тэль.

У Альторф да бацькі.

Гедвіга.

Скажы, ты небяспечнае задумаў?

Тэль.

Адкуль ты гэта ўзяла?
Ёсць змова

Гедвіга.

На фогтаў. Ужо была на Рутлі рада,

Я ведаю, што ты ў саюзе з імі.

Тэль.

Я з імі там не быў, але ніколі
Краіне не адмоўлю, як пакліча.

Гедвіга.

Цябе пашлюць туды, дзе небяспечней,
Цяжэйшае узложаць на цябе.

Тэль.

Павінен кожны выканаць, што можа.

Гедвіга.

Ты перавёз таксама унтэрвальдца
У буру цераз возера. То цуд быў,
Што вы не згінулі. Ці думаў ты тады
Пра жонку і дзяцей?

Тэль.

Пра іх я помніў,
І для дзяцей я выратаваў бацьку.

Гедвіга.

Па бурным возеры плысці — ды гэта-ж

Не верыць богу, выпрабоўваць бога.

Тэль.

Хто думае зашмат, той мала зробіць.

Гедвіга.

Ты заўжды ўсім дапамагаць гатоў;
Глядзі, табе ў бядзе ці дапамогуць.

Тэль.

Дай бог не мець патрэбы ў дапамозе.
(Бярэ лук і стрэлы).

Гедвіга.

На што бярэш ты лук? Пакінь яго.

Тэль.

Без зброі я ўсёроўна, што без рук.
(Хлопчыкі падыходзяць).

Вальтэр.

Куды ідзеш ты?

Тэль.

У Альторф да дзеда.
Са мной мо‘ хочаш?

Вальтэр.

О, я вельмі хочу.

Гедвіга.

Ляндфогт цяпер там. Не хадзі ў Альторф.

Тэль.

Я буду сёння там.

Гедвіга.

Лепш не нагадвай
Ты пра сябе, бо ён нас ненавідзіць.

Тэль.

Яго нянавісці я не баюся,

Жыву сумленна, мне не страшны вораг.

Гедвіга.

Найбольш не любіць ён людзей сумленных.

Тэль.

Бо сам ім стаць не можа. Ўсё-ж мяне
У спакоі ён пакіне, я мяркую.

Гедвіга.

Ты думаеш? Чаму?

Тэль.

На гэтых днях
Я паляваў ў адной глухой мясціне, —
На Шэхенталі, дзе няма людзей,
І калі йшоў адзін я горнай сцежкай,
Дзе размінуцца нельга аніяк,
Бо нада мною сцены скал ўзняліся,
А ўнізе бушаваў шалёна Шэхен,

(Хлопчыкі туляцца да яго з абодвух бакоў і прагна глядзяць на яго)

Раптоўна там ляндфогта я сустрэў,
Ён быў адзін, я быў адзін таксама,
Да твара твар і прорва перад намі.
Як толькі ён убачыў і пазнаў
Мяне, якога ён яшчэ нядаўна
Хацеў караць за нейкую драбніцу,
Убачыў што з надзейнай зброяй я
Іду насустрач, ён увесь збялеў
І падагнуліся яго калені
Так, нібы ўжо ляціць ён са скалы.
Шкада яго мне стала і пачціва
Сказаў я: „Пане ляндфогт, гэта я“.
А ён і гуку выціснуць не мог
Са сваіх вуснаў. Моўчкі даў мне знак
Рукой, каб я ішоў сваёй дарогай;
І я пайшоў і клікнуў яго світу.

Гедвіга.

Дрыжэў ён прад табой — бяда табе.

Ён сведку слабасці сваёй не падаруе.

Тэль.

Я унікаю з ім сустрэч, таму
ён мяне шукаць не будзе, пэўна.

Гедвіга.

Не йдзі туды сягоння, лепш у горы.

Тэль.

Ды што з табой?

Гедвіга.

Мне страшна, не хадзі.

Тэль.

Як можна турбавацца без падставы.

Гедвіга.

Няма падстаў, але застанься, Тэль.

Тэль.

Я абяцаўся, любая, прыйсці.

Гедвіга.

Тады хоць не бяры з сабою хлопца.

Вальтэр.

Матуленька, пайду я разам з бацькам.

Гедвіга.

Ты, Вальтэр, маці сваю кінуць хочаш?

Вальтэр.

Я прынясу табе адтуль гасцінец. (Ідзе з бацькам).

Вільгельм.

Я застаюся, мама.

Гедвіга.

Так, ты,
Мой мілы сын, яшчэ мне застаешся.

(Яна ідзе да брамы і доўга глядзіць услед адыходзячым).


ДРУГАЯ З‘ЯВА

Замкнутая дзікая лясная мясціна; са скал збягаюць ручайкі. Берта ў паляўнічым адзенні, за ёю Рудэнц.

Берта.

За мной ён. Можна высветліць нарэшце.

Рудэнц (шпарка ўваходзіць).

Нарэшце я знаходжу вас адну,
Бяздонні абкружаюць нас наўкол;
Я ў гэтых нетрах не баюся сведак,
І скіну з сэрца цяжкае маўчанне.

Берта.

Вы пэўны, што ад нас усе адсталі?

Рудэнц.

Унізе ўсе. Цяпер, або ніколі!
Не упушчу я дарагой хвіліны —
Павінен ясна бачыць я свой лёс,
Хаця-б мяне і разлучыў ён з вамі.
О, не глядзіце гэтак на мяне
Суровым поглядам. Хто я, што мог
Да вас адчуць гарэзнае жаданне?
Мяне не знае слава; не магу
Я з рыцарамі стаць ў адзіны шэраг,
Што славаю сваёй вас абкружаюць,
Я толькі вернасць маю і каханне.

Берта (сур‘ёзна і строга).

Як смееце вы гаварыць пра вернасць,
Вы, вернасць страціўшы да абавязкаў?
(Рудэнц адступае).
Раб Аўстрыі, які прадаўся сам

Чужынцу, што гняце яго народ?

Рудэнц.

Няўжо ад вас дакор я гэты чую,
Калі у іх шукаў я толькі вас?

Берта.

Вы спадзяваліся у стане здрады
Знайсці мяне? Хутчэй руку аддаць
Я Геслеру, гвалтаўніку гатова,

Чым гэткаму прыроднаму швейцарцу,

Які працуе на яго карысць.

Рудэнц.

О, божа, што я чую?

Берта.

Што бліжэй
Для чалавека за ягоных бліжніх?
Ці ёсць у сэрцы лепшы абавязак,
Як чыстую нявіннасць бараніць,
Як ратаваць прыгнечанага права?
Душа мая баліць за ваш народ,
Я з ім пакутую, яго люблю я,
Ён сціплы, але сілы мае шмат;
Прываблівае сэрца маё ён
І з кожным днём яго я больш шаную.
А вы, якога род і гонар ваш
Прызначылі прыродным абаронцам
Яму, вы здрадзілі і перайшлі
Да ворага, каваць ланцуг з ім разам.
Вы раніце мне сэрца і я мушу

Трымаць яго, каб вас не ўзненавідзець.

Рудэнц.

Ці-ж я дабра не хачу для народу?
Магутны скіпетр Аўстрыі спакой
Яму гатуе…

Берта.

Рабства ён гатуе!
Вам трэба волю з крэпасці апошняй,
Што засталася на зямлі, прагнаць.
Народ лепш разумее сваё шчасце,
Дрындушкамі яго не ашукаць.
У пастку трапілі вы з галавою.

Рудэнц.

Вы мною пагарджаеце, о, Берта!

Берта.

Так многа лепей для мяне было-б…
Але таго пагарды вартым бачыць,
Каго кахаць хацела-б…

Рудэнц.

Берта! Берта!
Вы шчасце неба паказалі мне
І зараз-жа скідаеце уніз.

Берта.

Не, не, у вас шляхетнасць не пагасла!
Яна ў вас дрэмле, я яе ўзбуджу!
Вы сілаю хацелі у сабе

Забіць сваю прыроджаную шчырасць;

Але мацнейшая яна за вас;

Супроць сябе вы добры і шляхетны!..

Рудэнц.

Вы верыце мне? Берта, ўсё на свеце
Магу зрабіць з каханнем вашым…

Берта.

Будзьце
Тым, для чаго стварыла вас прырода.
Займіце месца, дадзенае вам
Перад народам вашым і краінай,
Змагайцеся за права іх і волю.

Рудэнц.

Як здолею я вамі уладаць,
Калі на імператара паўстану?
Бо воля вашых сваякоў мацней,
Яны рукою вашай уладаюць.

Берта.

Ў лясных кантонах ўсе мае маёнткі,
Ў Швейцарыі свабоднай я — на волі.

Рудэнц.

Ах, што за думку вы ва мне ўзнялі

Берта.

Праз Аўстрыю мяне вам не дабіцца,
Усіх там вабіць спадчына мая
І кожны квапіцца маім багаццем.
Драпежнік той, што вашу волю ўзяў,
Паласавацца і маёй мяркуе.
О, друг, мяне ў ахвяру прынясуць,
Быць можа, фаварыту падаруюць
Туды, дзе здрада з хітрасцю пануюць,
Мяне прывабіць хочуць, да двара,
Дзе шлюб агідны мне куе кайданы
Ратунак мой — адно ваша каханне!

Рудэнц.

І вы навек гатовы тут застацца,
Ў маёй краіне і маёю быць?
Ўсе дальнія мае парывы, Берта,
Да вас адной імкнуліся заўжды?
Я вас шукаў раней на сцежках славы
1 славы шлях маім каханнем быў.
І вы маглі б у гэтыя даліны
Пайсці са мной, забыўшы свету бляск?
О, калі так, дык мэты дасягнуў я
Няхай сваёй шалёнай стромай свет
Калоціцца ў спакойны горны бераг
Цяпер мяне не клічуць ужо ўдаль
Жыццёвую пустыя лятуценні.
Цяпер няхай над намі гэтых скал
Ўздымаюцца магутнейшыя сцены,
Самкнуцца хай, пакінуўшы для нас
Ў даліне гэтай толькі неба бляск!

Берта.

Ты гэтакім у сэрцы маім жыў,
Мяне не ашукала мая вера,

Рудэнц.

Прэч, лухта, зачмурыушая мяне!
Я на радзіме адшукаю шчасце,
Тут, дзе я хлопчыкам шчасліва рос,
Дзе тысячай уцех я быў абкружан,
Дзе дрэвы і крыніцы ўсе жывуць,
У бацькаўшчыне, будзеш ты маёй:
Я век любіў яе! Я адчуваю,

Што шчасце без яе было-б не поўным.

Берта.

Дзе больш шукаць іх, выспаў тых шчаслівых,

Калі не тут, ў краіне чыстай гэтай?
Тут, у спрадвечным вернасці гняздзе,

Дзе фальш сабе прытулку не знаходзіць?
Тут зайздрасць шчасця нам не замуціць

І светлыя часы у нас пачнуцца.
Цябе я бачу ў мужнасці тваёй,
Як першага між вольных і між роўных,
Увенчанага шчыраю пашанай,
Як караля вялікае дзяржавы.

Рудэнц.

Цябе я бачу, ўсіх жанчын вянец,
Прывабную руплівасцю жаночай
Зрабіўшай ў хаце неба для мяне
Нібыта з кветак веснавых вяночак, —
Ты мне жыццё спакоем аздабляеш,
Ўсё радуеш кругом і ажыўляеш!

Берта.

Вось чаму, друг мой, сумавала я,
Калі глядзела, як ты сам сваё

Руйнуеш шчасце. Што было-б са мной,
Калі-б я за драпежнікам пайшла,
За катам края ў замак яго змрочны!
Няма тут замка. Не аддзелен мурам
Народ, якому шчасце я нясу!

Рудэнц.

Як ратавацца мне, як путы знішчыць
Ў якія я заблытаў сам сябе?

Берта.

Парві іх мужнаю сваёй рукою!
Што-б ні было — змагайся за народ!
Бо гэта доўг прыроджаны твой.
(Паляўнічы рог у далечыні). Світа
Сюды ідзе, разлучымся. Змагайся
За бацькаўшчыну, за сваё каханне!
Адзіны вораг пагражае нам,
Нас вызваліць адзіная свабода,
(Выходзяць).


ТРЭЦЯЯ З‘ЯВА

Лугавіна каля Альторфа. На пярэднім плане дрэвы. У глыбіні капялюш, уздзеты на кій. Адкрываецца від на Банберг, за якім уздымаецца снегавая гара. Фрысхардт і Лейтхольд на варце.

Фрысхардт.

Дарэмна мы стаім. Ніхто не хоча
Сюдой прайсці і гэты капялюш
Ушанаваць. Раней тут як кірмаш быў,
Цяпер-жа уся ваколіца спусцела,
Як гэтае тут пудзіла вісіць.

Лейтхольд.

Паганы зброд адзін ідзе і шапкі
Паскудныя з пашанаю скідае,
А чалавек сумленны лепш гатоў
Пайсці абходнай дальняю дарогай,
Чым карак гнуць перад капелюшом.

Фрысхардт.

Ім трэба йсці праз гэты пляц, калі
Яны ідуць у ратушу упоўдзень.
Я думаў, што зраблю улоў вялікі —
Не хочуць кланяцца капелюшу.

Прыйшоў поп Рэсельман — ад хворага ішоў, —

Спыніўся тут з дарамі перад кіем,
Закрыстыян званіў у свой званочак;
Ўсе на калені сталі, я таксама:
Дары віталі, а не капялюш.

Лейтхольд.

Паслухай, брат, мне пачало здавацца,

Што мы на здзек той капялюш пільнуем;

І гэта кпін з салдата, каб на варту
Перад пустым капелюшом паставіць.

З нас кожны добры малец будзе кпіць:

Пашану аддаваць капелюшу,
Па праўдзе, выдумка зусім дурная.

Фрысхардт.

Што-ж дзіўнага ў пустым капелюшы?
Ты-ж кланяешся чэрапу пустому.

Хільдегарда, Мехтхільда і Эльзбета з дзяцьмі
прыходзяць і спыняюцца перад капелюшом.

Лейтхольд.

І ты таксама не малая дрэнь —
Людзей уводзіш у бяду з ахвотай.
Хай капялюш хто хоча абыходзіць,
Я вочы закрываю і не ўбачу.

Мехтхільда.

Ляндфогт вісіць там, кланяйцеся дзеткі!

Эльзбета.

Каб знік ён і пакінуў капялюш нам,
Дальбог не горш жылося-б у краіне.

Фрысгардт (накідваецца на яе).

Прэч з пляцу! Вось праклятае баб‘ё
Хто клікаў вас? Мужоў сюды пашліце
Пасмеюць хай не выканаць загад.

(Жанчыны выходзяць. Уваходзіць Тэль з лукам, вядучы сына за руку. Яны ідуць міма капелюша, не заўважаюць яго).

Вальтэр (паказвае на Банберг).

Ці праўда, бацька, што на той гары
Кроў з дрэў цячэ, калі на іх надсечку
Зрабіць сякерай.

Тэль.

Хто табе казаў?

Вальтэр.

Стары пастух расказвае. Дрэвы
Заклятыя, казаў ён, хто ім шкодзіць,
Таму рука на ўсё жыццё адсохне.

Тэль.

Заклятыя там дрэвы, гэта праўда.
Ты бачыш там вяршыны ледзяныя,
Што уздымаюцца высока ў неба?

Вальтэр.

То глетчары, што так грымяць начамі,

Зрываючыся цяжкаю лавінай.

Тэль.

Так, і лавіны гэтыя даўней
На месца Альторфа усім цяжарам
Валіліся, пакуль на версе лес
Не вырас, як магутнейшае войска.

Вальтэр (пасля некаторага разважання).

Ці ёсць краіны дзе без гор?

Тэль.

Калі спусціцца з нашых гор уніз,
Сыходзячы усё ніжэй па плыні,
То трапіш у вялікі роўны край,
Дзе ўжо не пеняцца лясныя воды
І рэчкі плынню роўнаю плывуць;
Там ясныя нябесныя прасторы,
Там на шырокіх нівах хлеб ўзрастае
І ўся краіна садам выглядае.

Вальтэр.

Чаму-ж мы не спускаемся туды,
Уніз, у ясную краіну тую,
А тут жывем у страху ды нягодах.

Тэль.

Зямля тая прыгожая, як неба,
А хто на ёй працуе, той не знае
Самім узрошчанага шчасця.

Вальтэр.

Ці-ж яны
Не вольныя, як ты, на ўласным полі?

Тэль.

Не, поле біскупу і каралю належыць.

Вальтэр.

Дык толькі у лясах яны палююць?

Тэль.

Дзічына, птушкі ўсе належаць пану.

Вальтэр.

Мо‘ ловяць яны рыбу у рацэ?

Тэль.

І рэкі з морам каралю належаць.

Вальтэр.

Хто-ж ён такі, што ўсе яго баяцца?

Тэль.

Усіх бароніць ён і корміць ўсіх.

Вальтэр.

Не могуць хіба самі бараніцца?

Тэль.

Не можа там сусед суседу верыць.

Вальтэр.

Было-б мне цесна ў той краіне дальняй;

Тут пад лавінамі мне лепей жыць.

Тэль.

Так, лепш, мой сын, мець ледзяныя горы

Над галавой, чым злога чалавека.

Вальтэр.

Глянь, бацька, на кіі там капялюш.

Тэль.

А што нам капялюш той? Пойдзем, сынку!
(Калі ён хоча ісці далей, Фрысхардт затуляе яму дзідай дарогу).

Фрысхардт.

У імя імператара! Ні з месца.

Тэль (хапаецца за дзіду).

Чаго вам трэба? Дайце мне прайсці.

Фрысхардт.

Парушылі загад вы; пойдзем з намі!

Лейтхольд.

Не аддалі капелюшу пашаны.

Тэль.

Друг, дай прайсці!

Фрысхардт.

Ну, жыва, у турму!

Вальтэр.

Бацьку ў турму? Сюды! На дапамогу!
(Гукае ў глыбіню).
Ратуйце, людзі добрыя, ратуйце!
Гвалт! Гвалт! Яны вядуць яго ў турму.

Рэсерман пастар і Петэрман закрыстыян праходзяць міма з трыма мужчынамі.

Закрыстыян.

Што тут?

Рэсельман.

Чаго ты хочаш ад яго?

Фрысхардт.

Ён вораг імператара і здраднік.

Тэль (сціскае яго).

Я здраднік?

Рэсельман.

Тут памылка, гэта Тэль,
Пачцівы чалавек і грамадзянін.

Вальтэр (заўважыў Вальтэра Фюрста
і кідаецца яму насустрэч).

Дзед, памажы. Ў бяду патрапіў бацька.

Фрысхардт.

Ў турму хутчэй.

Вальтэр Фюрст.

Стой! Я даю заруку!
У імя бога, Тэль, што тут такое?

Уваходзяць Мельхталь і Штаўффахер.

Фрысхардт.

Уладу найвышэйшую ляндфогта
Ён занядбаў і пагарджае ёю.

Штаўффахер.

Тэль робіць так?

Мельхталь.

Ты брэшаш, пэўна хлопча.

Лейтхольд.

Не пакланіўся ён капелюшу.

Вальтер Фюрст.

І ў турму яго за гэта? Друг,
Пусці яго, маю заруку ўзяўшы.

Фрысхардт.

Лепш за сябе самога ты ручайся.

Мы робім, што загадана нам. Прэч!

Мельхталь (да сялян).

Не, гэта гвалт жахлівы. Як мы сцерпім,
Каб перад намі тут яго забралі?

Закрыстыян.

Дужэйшыя мы і цярпець не будзем.
За ўсіх за нас прымушан ён цярпець.

Фрысхардт.

Хто супярэчыць тут загаду фогта?

Яшчэ трое сялян (набліжаючыся).

Мы дапаможам вам! Што тут! Валі іх!

Хільдэгарда, Мехтхільда і Эльзбета вяртаюцца.

Тэль.

Я сам дапамагу сабе. Ідзіце!
Калі-б хацеў пусціць у ход я сілу,
Дык не спалохала-б мяне і зброя.

Мельхталь (да Фрысхардта).

Спрабуй толькі адсюль яго павесці.

Вальтер Фюрст і Штаўффахер.

Пакіньце! Ціха!

Фрысхардт (крычыць).

Бунт! Супраціўленне!
(Чуваць паляўнічы рог).

Жанчыны.

Сюды едзе ляндфогт.

Фрысхардт (павышае голас).

Мяцеж! Паўстанне!

Штаўффахер.

О, каб ты лопнуў, сволач!

Рэсельман і Мельхталь.

Замаўчы!

Фрысхардт (крычыць яшчэ галасней).

Сюды, сюды, закону памажыце!

Вальтэр Фюрст.

Вось і ляндфогт! Бяда! Што гэта будзе?

Геслер на кані з сокалам на руцэ, Рудольф Харрас, Берта і Рудэнц, за імі вялікі цуг узброеных слуг, якія замыкаюць усю сцэну кальцом дзідаў.

Рудольф Харрас.

Ляндфогту месца!

Геслер.

Разганіце ўсіх іх!

Што тут за збор? Хто просіць дапамогі?
(Агульнае маўчанне).
Што тут? Я хочу ведаць. (Да Фрысхардта).

Стань наперад,
Хто ты? Навошта ты яго трымаеш?
(Аддае сокала аднаму з слуг).

Фрысхардт.

Мой пане! Я пакорны твой слуга,
Пастаулен пры капелюшы на варце.
Ён на гарачым злоўлены учынку —
Капелюшу ў пашане ён адмовіў.
Я затрымаў яго, як загадаў ты,
Народ-жа гвалтам хоча адабраць.

Геслер (пасля паузы).

Тэль, імператара зняважыў ты,
Ды і мяне, намесніка яго,
Бо не ушанаваў капелюша,

Што тут вісіць, каб распазнаць пакорных.

Учынак твой ёсць здрада прада мной.

Тэль.

Даруйце, пане. Я не знаў нічога
І не хацеў нікога я зняважыць.
Не быу-бы Тэлем я. Клянуся вам,
Што гэтага ніколі больш не будзе.

Геслер (пасля некаторага маўчання).

Я чуў, што ты стралец выдатны, Тэль,
І што мастацкі ты ўладаеш лукам.

Вальтэр Тэль.

І гэта праўда, яблыка адразу
За сто шагоў збівае з дрэва бацька.

Геслер.

Тэль, гэта сын твой?

Тэль.

Так, ласкавы пане!

Геслер.

І больш няма дзяцей?

Тэль.

Двух маю я.

Геслер.

Каторага-ж найболей любіш ты?

Тэль.

Абодва мілы мне, ласкавы пане.

Геслер.

Ну, Тэль, калі ты яблыка збіваеш

За сто шагоў, дык мне сваё мастацтва
Пакажаш зараз-жа. Вазьмі свой лук, —

З табой якраз ён, — падрыхтуй і збі
Мне яблыка у сына з галавы.
Ды толькі раю, добра цэлься, так,
Каб яблыка было адразу збіта.
Інакш прапала галава твая.
(Усе робяць рух жаху).

Тэль.

О, пане, жудасны які загад
Далі вы. З галавы свайго дзіцяці…
Не, не, вам гэта не прыйшло у думку.
Бог літасцівы. І ад бацькі вы
Патрабаваць не можаце такога.

Геслер.

Павінен яблыка збіць з галавы ты
У хлопца — гэткі мой загад.

Тэль.

Я мушу
Уласнаю рукой на галаву
Дзіцяці лук наводзіць. Лепш памру я.

Геслер.

Страляй, іначай разам з ім памрэш.

Тэль.

Я мушу стаць забойцам свайго сына?

О, пане, вы не бацька — як вам ведаць,

Што адчувае бацькаўскае сэрца.

Геслер.

Э, Тэль, ты раптам стаў такім разважным.

А мне казалі — лятуценнік ты
І звычаямі іншых пагарджаеш.
Ты любіш дзіўнае — таму цяпер
Учынак я табе знайшоў нязвыклы.
Другі мо‘ асцярогся-б, ну а ты

На ўсё з вачмі заплюшчанымі пойдзеш.

Берта.

О, пане, не жартуйце так з людзьмі.
Зірніце на збялеўшыя іх твары,
Яны ад вас чуць жарты не прывыклі.

Геслер.

Я не жартую. (Зрывае яблыка з дрэва).
Яблыка ўжо ёсць.

Ачысціць месца, вымераць адлегласць
Па звычаю — на восемдзесят крокаў —
Ні менш ні больш — ён сам-жа выхваляўся,
Што можа ўцэліць і за сотню крокаў.
Цяпер стралец, старайся, каб не схібіць.

Рудольф Харрас.

Напраўду значыць? На калені, хлопчык!

Прасі, каб злітаваўся пан ляндфогт.

Вальтэр Фюрст (ціха Мельхмалю, які
ледзь стрымлівае сваю нецярплівасць).

Трымайцеся, трымайцеся спакойна.

Берта (да ляндфогта).

Даволі, пане. Так бесчалавечна
Не можна страхам бацькі забаўляцца.
Калі-б ён сапраўды быў варты смерці
За гэты невялікі свой учынак,
Ўжо дзесяць раз ён кару смерці знёс.
Няхай ідзе спакойна ён да хаты,
Ён ведае цяпер вас; гэты момант
Запомніць ён і ўсе яго нашчадкі.

Геслер.

Давайце месца. Ну, чаго-ж марудзіш?
Ты вінен — і цябе забіць я мог-бы,
А я твой лёс ласкава аддаю
Табе, ў твае дасведчаныя рукі.
Той на мяне не можа наракаць,
Каго зрабіў я панам свайго лёсу.
Сваім мастацтвам выхваляўся ты.
Цяпер, стралец, яго ты нам пакажаш:
І мэта слаўная і ўзнагарода.
Папасці у кружочак чорны можа
Хто хоча. Але толькі той мастак,
Хто у сваё мастацтва цвёрда верыць,
Каму не здрадзіць ні рука ні вока.

Вальтэр Фюрст (падае перад ім на
калені).

О, пан ляндфогт, мы ўсе цябе шануем.

Дык будзьце ж справядлівым — забярыце

Дабра майго палову, ўсё вазьміце.
Над бацькам толькі злітуйцеся вы.

Вальтэр Тэль.

Дзед, не схіляйце перад ім калені.
Скажыце, дзе мне стаць. Я не баюся.
Ў палёце бацька можа птушку збіць,

У сэрца сына ён не можа трапіць.

Штаўффахер.

Нявіннасці дзіцяці пашкадуйце!

Рэсельман.

Успомніце, што бог на небе ёсць —
Яму ва ўсім дасце вы справаздачу.

Геслер (паказвае на хлопчыка).

Да ліпы прывязаць яго.

Вальтэр Тэль.

Мяне?
Не, я не хочу звязаным быць. Ціха,
Нібы ягнё я стану, не дыхну,
Калі-ж вы звяжаце мяне, я буду
Рвацца і біцца у сваіх вяроўках.

Рудольф Харрас.

Тады хоць вочы завязаць дай хлопчык.

Вальтэр Тэль.

Навошта? Думаеце, я баюся
Стралы у бацькавай руцэ. Я буду
Чакаць спакойна, не мігнуўшы вокам.
Ну, бацька, пакажы, што ты стралец.
Не верыць ён і загубіць нас хоча.
На зло яму страляй і пападзі.

(Ён становіцца да ліпы, на галаву яму кладуць яблыка).

Мельхталь (да сялян).

Як? Дык злачынства зараз перад намі
Адбудзецца? На што-ж мы прысягалі?

Штаўффахер.

Дарэмна ўсё, бо мы не маем зброі,

А навакол нас дзідаў цэлы лес.

Мельхталь.

О, каб адразу скончылі мы справу.
Хай бог даруе тым, хто за адклад быў.

Геслер (да Тэля).

Да справы. Не дарэмна-ж носяць зброю.

Насіць з сабою зброю небяспечна.
Страла папасці можа і ў стральца.
А гэты ваш сялянскі прывілей[35]
Гаспадара краіны дужа крыўдзіць.
Хай зброю носіць той, хто ўладу мае.
Табе насіць прыемна лук і стрэлы,
Дык вось і мэту я табе даю.

Тэль (нацягвае лук, кладзе стралу).

Давайце месца. Круг шырэй.

Штаўффахер.

Як, Тэль?
Вы хочаце? Чакайце, вы дрыжыце!
Калоціцца рука, калені гнуцца.

Тэль (апускаючы лук).

Ў вачах цямнее!

Жанчыны.

Літасцівы божа!

Тэль (да ляндфогма).

Дазвольце не страляць. Вось маё сэрца.
(Настаўляе грудзі).
Хай вашы людзі лепш яго праніжуць.

Геслер.

Я хочу не жыцця твайго, а стрэлу,
Ты спраўны, Тэль, ніколі не марудзіш,
Рулём ты уладаеш, як і лукам[36],
І ў буру рад ісці на паратунак.
Ратуй-жа сам сябе, як ўсіх ратуеш.

(Тэль стаіць у страшэнным ваганні, рукі яго калоцяцца, вочы з роспачу глядзяць то на ляндфогта, то на неба; раптам ён выцягвае з калчана другую стралу і хавае яе за пазуху. Ляндфогт сочыць за ўсімі яго рухамі).

Вальтэр Тэль (пад ліпай).

Страляй хутчэй! Не страшна мне.

Тэль.

Так трэба!
(Авалодвае сабою і нацягвае цеціву).

Рудэнц (які дагэтуль сілай стрымлі-
вае сваё абурэнне, выходзіць наперад).

Даволі, пане ляндфогт, ужо даволі.
Не трэба больш. Вы мэты дасягнулі,
Зрабілі спробу вы. І толькі шкоду
Залішняя прынесці можа жорсткасць
І можа разарвацца цеціва.

Геслер.

Маўчыце! Вас не клічуць.

Рудэнц.

Я не змоўкну…
Я мушу. Гонар караля святы мне;
Але падобны лад стварае злосць.
Кароль не хоча гэтага, я пэўны
І не ў карысць майму народу пойдзе
Такая жорсткасць. Дзе ўзялі вы права?

Геслер.

Вы смееце…

Рудэнц.

Маўчаў я аж дагэтуль
Пра справы вашыя, што бачыў я,
Заплюшчваў на іх я свае вочы,
Маркотнае я сэрца заглушаў
І замыкаў яго ў сваіх грудзях.
Але далей маўчаць лічу я здрадай
І імператару і бацькаўшчыне нашай.

Берта (кідаючыся паміж ім і
ляндфогтам)
.

Вы больш яго разлютуеце гэтым.

Рудэнц.

Забыў я свой народ, пакінуў родных,
Прыродныя ўсе сувязі парваў я
Дзеля таго, каб мог злучыцца з вамі.
Я спадзяваўся, што зраблю найлепш,
Ўзмацніўшы імператарскую ўладу.
Павязка ўпала з воч маіх. Я з жахам

Убачыў, што дайшоў да самай прорвы.
Даверлівасць маю вы ашукалі
І сэрца зганьбілі. Я быў гатоў
Пазбавіць свой народ найлепшай долі.

Геслер.

Гарэзны, гэтак з панам гаварыць!

Рудэнц.

Мой пан не вы, а імператар. Я

Радзіўся вольным як і вы, гатоў я з вамі
Спаборнічаць у рыцарскіх ўсіх справах.
Каб вас не імператар тут паставіў,
Якога я люблю і паважаю,
Я рукавіцу кінуў бы і вам
Па рыцарску адказ мне даць прыйшлося-б.

Ну, клікніце салдат вы. Я стаю
Узброены, не як яны. (Паказваючы на
народ). Вось меч мой;
І хто падыйдзе…

Штаўффахер (крычыць).

Яблыка упала!

(У той час, як увага ўсіх была накіравана ў бок ляндфогта і Рудэнца, і Берта кінулася паміж іх, Тэль пусціў стралу).

Рэсельман.

Хлапец жывы.

Шмат галасоў.

У яблыка ён трапіў.

(Вальтэр Фюрст хістаецца і гатоў упасці. Берта яго падтрымлівае).

Геслер (здзіўлена).

Няўжо страляў ён? Як? О, апантаны!

Берта.

Хлапец жывы. Ў сябе прыйдзіце, дзядзька.

Вальтэр Тэль (падбягае з яблыкам).

Бацька, вось яблыка. Я добра ведаў,
Што ты не пападзеш у свайго сына.

(Тэль стаіць крыху нахіліўшыся, нібы гатовы паляцець са стралой; лук падае з яго рукі, калі ён бачыць падыходзячага сына і ён бяжыць да яго насустрэч з разгорнутымі рукамі, з захапленнем прыціскае яго да сябе і без сіл падае на калені. Усе стаяць узрушаныя).

Берта.

О неба!

Вальтэр Фюрст (да бацькі і сына).

Дзеці мае, дзеці!

Штаўффахер.

Ну, дзякуй богу.

Лейтхольд.

Вось дык стрэл. Аб ім
На многія вякі не змоўкне слава.

Рудольф Харрас.

Ўспамін не змоўкне пра стральца пра Тэля,

Пакуль не знікнуць горы на зямлі. (Падае
яблыка ляндфогту).

Геслер.

Ў сярэдзіне прабіта, далібог
Мастацкі стрэл, прызнаць я гэта мушу.

Рэсельман.

Стрэл добры быў, але бяда таму,
Хто прымушае да падобных стрэлаў.

Штаўффахер.

Тэль, схамяніцеся, загад ляндфогта
Вы выканалі, дык дамоў ідзіце.

Рэсельман.

Ідзіце і вярніце сына матцы.
(Хочуць павесці Тэля).

Геслер.

Тэль, стой!

Тэль (вяртаецца).

Што загадаеце?

Геслер.

Схаваў ты
Стралу другую у сябе. Так! Так!
Я бачыў. Для чаго зрабіў ты гэта?

Тэль (збянтэжаны).

Такі ёсць звычай у стральцоў, мой пане.

Геслер.

Не, Тэль, адказу гэтага мне мала,
Другое нешта гэта азначае.
Ты праўду шчырую скажы мне, Тэль;
Што-б ні было — жыццё табе дарую.
На што схаваў стралу ты?
Добра, пане,

Тэль.

Калі жыццё вы мне падаравалі,
То я вам праўду шчырую скажу.

(Вымае з-за пазухі страху і страшлівым поглядам глядзіць на ляндфогта).

Я гэтаю стралой забіў-бы вас,
Калі-б у сына выпадкова трапіў
І я-б на гэты раз ужо не схібіў.

Геслер.

Ну, Тэль, жыццё табе падараваў я,
Я даў у гэтым рыцарскае слова.
Але, пазнаўшы злую тваю думку,
Я забяру цябе і захаваю
Туды, куды ні сонца не загляне,
Ні месяц, і ад стрэл тваіх я буду
Спакойны. Ўзяць яго.
Як, пане?
(Тэля звязваюць).

Штаўффахер.

Наклалі руку вы на чалавека,
Каторага сам бог уратаваў?

Геслер.

Паглядзім, як другі раз уратуе.
Завесці яго ў човен мой; я сам
Перавязу яго сягоння ў Кюснах.

Рэсельман.

Сам імператар так рабіць не можа,
Бо гэта супроць нашых прывілеяў.

Геслер.

Дзе яны? Іх зацвердзіў імператар?
Ён не зацвердзіў іх. Такую ласку
Пакорнасцю належыць заслужыць.
Вы проціў імператара паўсталі,
Гадуеце бунтарскія вы думкі.
Я знаю вас, я бачу вас наскрозь.
Цяпер яго я забяру ад вас;
Але усе вы вінны, як і ён.

Хто разумней — няхай маўчыць пакорна.
(Ён адыходзіць. Берта, Рудэнц, Харрас і салдаты ідуць за ім, Фрысхардт і Лейтхольд застаюцца).

Вальтэр Фюрст (у роспачы).

Прапала ўсё, ён захацеў мяне
З усёй маёй сям‘ёю разам знішчыць.

Штаўффахер (да Тэля).

Навошта узлавалі вы тырана?

Тэль.

Хто утрымаецца маю адчуўшы роспач?

Штаўффахер.

О, так, усё цяпер прапала. З вамі
І мы усе закованы ў кайданы.

Сяляне (акружыўшы Тэля).

Прапалі з вамі ўсе нашы надзеі.

Лейтхольд.

Тэль, мне шкада вас. Але мушу слухаць.

Тэль.

Бывайце.

Вальтэр Тэль (кідаецца да яго ў
роспачы).

Бацька, бацька, дарагі!

Тэль (уздымае рукі да неба).

Там бацька твой цяпер! Яго заві.

Штаўффахер.

Што перадаць мне вашай жонцы, Тэль?

Тэль (пяшчотна прыціскае сына да
грудзей).

Хлапец жывы, мне-ж дапаможа бог.
(Пакідае іх і шпарка адыходзіць з вартай).

Чацвёртая дзея

[правіць]

ЧАЦВЕРТАЯ ДЗЕЯ

ПЕРШАЯ З‘ЯВА

Усходні бераг Фірвальдштэцкага возера. Крутыя скалы дзіўнай формы ў глыбіні сцэны. Возера хвалюецца, чуваць шум хваляў, чуваць удары грому; блішчыць маланка.
Кунц з Герзау, рыбак, рыбакоў хлопец.

Кунц.

Я бачыў сам, вы можаце паверыць;
Ўсё адбылося так, як я казаў.

Рыбак.

Пад вартай Тэль адвезены у Кюснахт,
Найлепшы у краіне чалавек,
Што больш за ўсіх паўстанню дапамог-бы.

Кунц.

Праз возера павёз яго ляндфогт;
Яны былі гатовы ўжо ў дарогу,
Калі я выйшаў з Флюэльна; ды бура,
Якая набліжаецца цяпер,
Прымусіла мяне сюды прычаліць;
Магчыма іх таксама затрымала.

Рыбак.

Тэль у кайданах і ва ўладзе фогта.
Паверце, так яго той захавае,
Што болей не пабачыць ён святла.
Фогт пабаіцца справядлівай помсты,
Зняважыўшы свабоднага так цяжка.

Кунц.

Стары ляндамман наш, шляхетны пан
Фон-Антынгаўзен, кажуць памірае.

Рыбак.

Апошні якар нашае надзеі.
Адзін ён толькі голас уздымаў,
Абараняючы правы народу.

Кунц.

Мацнее навальніца. Ну, бывайце.
Я адпачну у вёсцы, бо сягоння

Няма чаго і думаць пра ад‘езд. (Выходзіць).

Рыбак.

Ў няволі Тэль, барон наш памірае.
Цяпер ўздымай чало сваё, прыгнёт,
Адкінь усякі сорам. Вусны праўды
Маўчаць, відушчыя аслеплі вочы,
Рука, што ратаваць магла, скавана.

Хлопец.

Пасыпаў град. Хадзем у хату, бацька.
Не добра тут чакаць нам навальніцы.

Рыбак.

Гудзіце, ветры, зіхаці, маланка.
Грыміце, хмары, ліцеся ўніз, стромы
Нябесныя, зямлю заліце! Збіце
На порах будучыя пакаленні!

Навала дзікая, будзь панам ты
Ідзіце медзвядзі, ваўкі старыя
З вялікіх пушчаў! Ваша ўся зямля!

Хлопец.

Хто жыць цяпер захоча тут без волі?
Як глыбіня раве, як вір шумуе!
Ніколі не кіпеў ён так жахліва.

Рыбак.

Страляць свайму дзіцяці ў галаву, —
Калі загад такі давалі бацьку?
І як прыродзе ў гневе не паўстаць
Супроць такога… Не здзіўлюся я,
Калі пападаюць у хвалі скалы,
Усе зубцы, ўсе вежы ледзяныя
Растануць і з вершалін пацякуць,
Калі пасыплюцца ў бяздонне горы,
Калі другі патоп усё наўкол
Залье і ўсё, што тут жыве, затопіць.
(Чуваць звон).

Хлопец.

Паслухайце, там звоняць на гары
Заўважылі ў няшчасці човен, мабыць,

І звон усіх склікае на малітву. (Узлазіць на
ўзвышша).

Рыбак.

Няшчасны човен той, які цяпер
У гэтай страшнай зыбаецца люльцы.
Не дапаможа ні стырно ні стырнік,
Пануе бура, а вятры і хвалі
Гуляюць з чалавекам, як з мячом.
Нідзе няма затокі для прыпынку.
Панурыя, суровыя наўкола
Ўздымаюцца адны старыя скалы,
Наставіўшы свае крутыя грудзі.

Хлопец (паказвае налева).

Глянь, бацька, човен з Флюэльна плыве.

Рыбак.

Ратуй няшчасных, божа. Калі бура
У гэтую пратоку іх загоніць,
Закруціцца, як ашалелы звер,

Што б‘ецца паміж крат жалезных клеткі,

У страху не знаходзячы дзвярэй;
Там строма сціснута ў абоймах скал,
Што шчыльна паўздымаліся да неба.

(Узбіраецца на ўзвышша).

Хлопец.

Ляндфогта Уры гэта човен, бацька,
Я пазнаю чырвоны знак і сцяг.

Рыбак.

Вялікі божа. Так гэта ён сам,
Ляндфогт плыве. Кіруе ён сюды,
І ў чоўне тым вязе сваю ахвяру.
Яго дагоняць зараз рукі помсты,
Адчуе ён уладу над сабой.
Яго загадаў хвалі не пачуюць,
Галоў сваіх схіляць не стануць скалы
Перад яго капелюшом. Не трэба
Маліцца. Хай яго суд божы судзіць.

Хлопец.

Не за ляндфогта я малюся. Толькі

За Тэля я малюся, што з ім разам!

Рыбак.

Сляпая неразумная навала.
Каб аднаго нягодніка скараць

Ўвесь човен ты з плаўцамі разам губіш.

Хлопец.

Глядзі, глядзі, шчасліва праплылі
Ля Бугістрата[37]; але сіла буры
Да Тэйфельсмюнстэра[37] адбіла іх
І кінула назад да Аксенберга.
Не бачу болей іх я.

Рыбак.

Там Хакмесер[37],
Дзе не адзін ужо разбіўся човен;
Калі яны яго не абмінулі,
То паляціць на трэскі човен іх
І да астатку ўсе яны загінуць.
У іх на борце добры стырнік ёсць:
Адзін Тэль ўсіх іх выратаваць можа;
Але кайданы на яго руках.

(Вільгельм Тэль з лукам. Ён ідзе шпаркімі крокамі, здзіўлена аглядаецца кругом і праяўляе вялікае ўзрушанне. Сярод сцэны падае на калені, кладзе рукі на зямлю і потым уздымае іх да неба.)

Хлопец (заўважыў яго).

Глянь, бацька, чалавек там на каленях.

Рыбак.

Ён рукі на зямлю паклаў і мне

Здаецца, што нібыта не ў сабе ён.

Хлопец (ідзе наперад).

Што бачу я? Глянь, бацька, глянь хутчэй.

Рыбак (набліжаецца).

Хто гэта? Божа мой! Ды гэта-ж Тэль.
Як трапілі сюды вы?

Хлопец.

Хіба ў чоўне
Вы не былі закуты у кайданы?

Рыбак.

Не выпраўлялі хіба ў Кюснахт вас?

Тэль (устае).

Я вольны.

Рыбак і Хлопец.

Вольны? Гэта цуд нябесны.

Хлопец.

Адкуль вы?

Тэль.

З чоўна.

Рыбак.

З чоуна? Нечувана!

Хлопец.

А дзе ляндфогт?

Тэль.

Па хвалях ён імчыцца.

Рыбак.

Дапраўды? Але-ж вы? Якім вы чынам?
Як пазбыліся ланцугоў сваіх?

Тэль.

Бог дапамог мне. Слухайце мяне.

Рыбак і Хлопец.

О, раскажыце.

Тэль.

Што было ў Альторфе,
Вы ведаеце?

Рыбак.

Ведаем! Кажыце.

Тэль.

Як загадаў звязаць мяне ляндфогт

І меўся ў замак свой завезці ў Кюснахт…

Рыбак.

І выплыў з Флюэлена разам з вамі.
Мы ведаем. Далей апавядайце.

Тэль.

Я звязаны ляжаў на дне у чоўне
Без сіл, без абароны, без надзеі
Убачыць калі-небудзь сонца бляск,
Убачыць жонкі твар і дзетак любых.
Са смуткам я на хвалі паглядаў…

Рыбак.

Няшчасны чалавек!

Тэль.

Так мы плылі,
Ляндфогт, Рудольф Харрас і слугі з імі,
Але і лук мой і каўчан ляжалі
На палубе ля самага стырна.
І вось як толькі абыйшлі мы мыс
Каля малога Аксена, узнялася
Такая жудасная навальніца
З глыбокіх прорваў і цяснін Готарда,
Што у грабцоў дыханне заняло,
І спадзяваліся усе загінуць.
Тады пачуў я, як адзін слуга
Сказаў, звяртаючыся да ляндфогта:
„Вялікая бяда над намі, пане,
І мы цяпер нясемся ў зубы смерці.
Ніводзін з стырнікаў не можа даць
Ніякай дапамогі, ні парады
Прад гэткім жахам, але з намі Тэль,

Мацнейшы чалавек, найлепшы стырнік.

Што, каб яго цяпер нам скарыстаць?“
Тады ляндфогт сказаў: „Тэль, калі ты
Патрапіш выратаваць нас ад буры,
Я загадаю зняць з цябе кайданы“.
Я адказаў: „Так, з божай дапамогай
Я-б выратаваць пастараўся ўсіх нас!“
Тады я быў развязаны і стаў
Каля стырна і човен сам павёў.

Цішком глядзеў я, дзе мой лук ляжыць,
І кіраваў да берагу рупліва,
Каб дзе зручней саскочыць з чоўна мне;

І вось заўважыў раптам я скалу,
Што па-над возерам навісла нізка.

Рыбак.

Я ведаю, там, дзе вялікі Аксен,
Але-ж занадта стромкая яна

І з чоўна на яе ніяк не скочыш.

Тэль.

Крычу я слугам, каб дружней налеглі,
Каб нам да той скалы хаця дабрацца.

„Там, — я крычу, — для нас бяспечней будзе!“

І калі мы дабраліся туды,
Паклікаў бога я на дапамогу
І сілы ўсе напружыўшы свае,
Да скал берагавых прычаліў човен.
Тады, схапіўшы сваю зброю, сам
Я на скалу уверх высока скочыў,
А човен пхнуў ад берагу назад
Ў раз‘юшаную прорву бурных вод —
Хай носіцца як хоча паміж хваляў.
І вось я тут, ад буры ўратаваны
І ад улады горшага з людзей.

Рыбак.

Тэль, Тэль! Праўдзівы цуд над вамі бог
Зрабіў. І верыць нават я баюся.
Куды вы йсці мяркуеце далей?
Бо небяспечна будзе вам, калі

Ляндфогт жывым праз буру прабярэцца.

Тэль.

Я чуў яшчэ тады, калі у чоўне

Быў звязаны, што ў Брунене прычаліць

Ён хоча і праз Швіц ісці ў свой замак.

Рыбак.

Сухой дарогаю ісці ён хоча?

Тэль.

Так думаў ён.

Рыбак.

Тады хавацца трэба,
Бо двойчы бог не вырве з яго рук.

Тэль.

Як тут бліжэй прайсці на Арт і Кюснахт?

Рыбак.

Дарога простая ідзе праз Штэйнен;
А карацейшы патаемны шлях

Пакажа вам мой хлопец цераз Лёверц.

Тэль (падае яму руку).

Хай бог узнагародзіць вас.
Бывайце. (Ідзе і вяртаецца назад).
У Рутлі вы прысягу не прыймалі?
Я чуў пра вас, здаецца!

Рыбак.

Я там быў
І прысягаў я ў вернасці саюзу.

Тэль.

Дык будзьце ласкавы, схадзіце ў Бюргляйн!

Сумуе мая жонка там. Скажыце,
Што я уратаваны і схаваны.

Рыбак.

А ці сказаць, куды пайшлі вы?

Тэль.

Убачыце вы цесця там майго
Ды іншых, што у Рутлі прысягалі.
Павінны мужнасць захаваць яны;
Скажыце, Тэль на волі, поўны сіл;

І пра мяне яны пачуюць хутка.

Рыбак.

Што вы надумалі? Скажыце смела!

Тэль.

Як выканаю — загавораць ўсе. (Адыходзіць).

Рыбак.

Дарогу, Енні, пакажы. Ў час добры!

Ён выканае тое, што надумаў. (Адыходзіць).


ДРУГАЯ З‘ЯВА

Зала ў замку Атынгаўзена.

Барон, паміраючы, у крэсле. Вальтэр Фюрст, Штаўффахер, Мельхталь і Баўмгартэн акружаюць яго. Вальтэр Тэль на каленях каля паміраючага.

Вальтэр Фюрст.

Ужо ўсё скончылася, ён памёр.

Штаўффахер.

Ляжыць ён не як мертвы. Бач пушынка

Варушыцца ля губ! Спакойны сон
Яго, і радасць твар яго пакрыла.

(Баўмгартэн ідзе да дзвярэй і гаворыць з некім).

Вальтэр Фюрст (да Баўмгартэна).

Хто там?

Баўмгартэн (ідзе назад).

Гедвіга гэта, ваша дочка;
Пабачыць хоча хлопчыка і вас.
(Вальтэр Тэль устае).

Вальтэр Фюрст.

Чым яе ўсцешыць? Сам я у тузе!
Набеглі на мяне усе няшчасці.

Гедвіга (урываючыся гвалтам).

Дзе сын мой? Пакажыце мне яго!

Штаўффахер.

Цішэй! Запомніце, што тут дом смерці.

Гедвіга (кідаючыся да хлопчыка).

Мой Вельці! Жыў ты!

Вальтэр Тэль (кідаецца да яе).

Бедная матуля!

Гедвіга.

Ці праўда? Ты не ранены зусім?
(Заклапочана аглядае яго).
Як гэта можна? У цябе ён цэліў?
Як мог ён? Не, не мае сэрца ён.
Ён мог пусціць стралу ў сваё дзіця!

Вальтэр Фюрст.

З раздратаваным сэрцам так зрабіў ён,
Прымушаны страляць пад страхам смерці.

Гедвіга.

Каб сэрца бацькі меў ён, дык раней,

Чым так зрабіць, жыццё сваё аддаў-бы!

Штаўффахер.

Вы ласцы божай дзякаваць павінны,
Ўсё добра скончылася.

Гедвіга.

Як забыцца,
Чым скончыцца магло? Вялікі божа!
Да смерці буду бачыць я хлапца
Прывязанага — бацька ў яго цэліць —
І ў сэрца мчацца будзе мне страла.

Мельхталь.

Вы чулі як абурыў яго фогт?

Гедвіга.

О сэрца гордае мужчын! Калі
Зачэпяць іх, пра ўсё яны забудуць;
Гатовы ў ярасці яны гуляць
Дзіцяці галавой і маткі сэрцам!

Баўмгартэн.

Няўжо такі ўжо лёгкі мужа лёс,
Што можаце вы шчэ яго ўпікаць?
Ў яго бядзе? у вас няма спагады.

Гедвіга (паварачваецца да яго з суровым поглядам).

Лёс друга ў табе будзіць толькі слёзы?
Дзе-ж вы былі, калі яго вязалі?
Дзе дапамога вашая была?
Глядзелі вы, і ганьбу дапусцілі;
Дазволілі маўкліва вы яго
Ад вас павесці. А ці гэтак Тэль
Зрабіў з табою? Ці стаяў ён так-жа
Спагадна, калі коннікі ляндфогта
Да возера шалёнага цябе

Загналі? Не, ён скочыў ў човен, жонку,

Дзіця забыў і ўратаваў цябе.

Вальтэр Фюрст.

Ці-ж мы маглі б прысці на дапамогу?
Нас мала, і без зброі мы былі!

Гедвіга (кідаецца яму на грудзі).

О бацька! Ты яго таксама страціў.
Няма яго у нас, і нас няма ў яго!
Ад роспачы хай бог яго ратуе,
У сутарэнне змрочнае яго
Ў тузе не сыйдзе шчырая спагада.
Ах, у страшлівым гэтым змроку ён
Зняможацца. Як тая ружа Альпаў
Адразу вяне ў вільгаці балот,
Так і яму не жыць без бляска сонца,
Без горнага гаючага паветра.
Ў няволі! Ён! Жыццё яго — свабода,
Ў цямніцы ён не зможа жыць.

Штаўффахер.

О, супакойцеся. Усё мы зробім,
Каб зруйнаваць ягоную турму.

Гедвіга.

Што зробіце вы без яго? Пакуль
Быў вольны Тэль, тады была надзея,
Тады нявіннасць прыяцеля мела,
Тады прыгнечаны меў паратунак.
Тэль ратаваў усіх вас. Але ўсе вы
Не можаце парваць яго кайданы.
(Барон абуджаецца).

Баўмгартэн.

Ціха!

Атынгаўзен.

Дзе ён?

Штаўффахер.

Хто?

Атынгаўзен.

Ён патрэбен мне,

Мяне пакінуў у апошні час!

Штаўффахер.

Пляменнік? Ці паслалі па яго?

Вальтэр Фюрст.

Паведамілі. Кіньце турбавацца!
Знайшоў ён сваё сэрца, нашым стаў.

Атынгаўзен.

За бацькаўшчыну сваю ён стаіць?

Штаўффахер.

З адвагаю.

Атынгаўзен.

Чаму ён не прыйшоў
Прыняць апошняе благаславенне
Маё? Я чую, хутка мне канец.

Штаўффахер.

О не, шляхетны пан! Кароткі сон
Вас узмацніў, і выгляд ваш здаровы.

Атынгаўзен.

Я смуткам жыў, і смутак мяне кінуў,

А разам з ім надзея адышла. (Ён заўважвае
хлопчыка).

Чый хлопчык?

Вальтэр Фюрст.

Вы яго благаславіце!
То ўнук мой, бацькі-ж у яго няма.

(Гедвіга с сынам становяцца на калені перад паміраючым).

Атынгаўзен.

вас усіх сіротамі я кіну.
О, гора мне. Апошні погляд мой
Павінен згубу бацькаўшчыны бачыць!
Затым я дасягнуў вяршынь жыцця,
Каб пахаваць з сабою ўсе надзеі

Штаўффахер (да Вальтэра Фюрста).

Няўжо ў такой тузе сканае ён?
І мы яму апошнюю гадзіну
Надзеяй не асветлім? Пан барон!
Уздыміце дух ваш! Мы ўжо не зусім
Пакінуты, мы абарону маем.

Атынгаўзен.

Хто-ж вас бароніць?

Вальтэр Фюрст.

Самі мы. Пазнайце!
Паміж сабою тры краіны нашы
Дагаварыліся прагнаць тыранаў.
Саюз заключаны. Прысягай моцнай
Мы звязаны. І справу мы пачнем

Перш, чымся год пачне свой новы круг.

Вы ў вольнай будзеце ляжаць зямлі.

Атынгаўзен.

Скажыце мне! Заключаны саюз?

Мельхталь.

Паўстануць у адзін і той жа дзень
Лясныя тры кантоны. Ўсё гатова
І у сакрэце моцным захавана
Дасюль, хоць ведаюць пра гэта сотні.
Тыраны пад сабой не маюць глебы,
І злічаны ўжо дні іх панавання,

Ўжо хутка і слядоў іх тут не будзе.

Атынгаўзен.

А крэпасці магутныя ў краіне?

Мельхталь.

Яны падуць у той жа самы дзень.

Атынгаўзен.

А рыцары таксама у саюзе?

Штаўффахер.

Нам пажадана дапамога іх;
Але сяляне толькі прысягалі.

Атынгаўзен (паволі ўздымаецца ў страшэнным
здзіўленні)
.

Ўстаў селянін на гэтакую справу,
Сам па сабе без дапамогі панства
Упэўнены ў сілах ён сваіх —
Так, ён цяпер абыйдзецца без нас,
Мы можам супакоіцца ў магіле.
І будзе пасля нас другая сіла
Ўсю веліч чалавецтва уздымаць.

(Ён кладзе руку на галаву хлопчыка, які стаіць перад
ім на каленях).

З той галавы, дзе яблыка ляжала,
Свабода новая для вас узыйдзе.
Старое згіне, іншы час настане,
І новае жыццё з руінаў выйдзе.

Штаўффахер (да Вальтэра Фюрста).

Глядзіце, які бляск ідзе з вачэй!
О, гэта не канец, не разбурэнне,

А бляск другога, светлага жыцця.

Атынгаўзен.

Вось панства са сваіх высокіх замкаў
На вернасць прысягае гарадам;
У Юхтландзе, ў Тургау пачалося,
Шляхетны Берн ўздымае галаву,
Фрайбург — апора цвёрдая свабоды,
Узброіў свае цэхі смелы Цюрых
На бойку — і улада караля
Ўжо ломіцца ля сцен яго магутных.

(Далей ён гаворыць прарочым тонам — яго прамова
ўздымаецца да натхнення).

І бачу я магнатаў і князёў, —
У панцырах сваіх яны выходзяць
З вясёлым пастухоў народам біцца.
Бой будзе на жыццё і смерць, і славай
Пакрые ён скрываўленыя сцежкі.
Ўпадзе нагімі грудзьмі селянін
Свабоднаю ахвяраю на дзіды!
Паломіць іх, пальецца кроў паноў,
І ўздыме пераможны сцяг свабода.

(Ціснучы рукі Вальтера Фюрста і Штаўффахера).
Трымайцеся вы разам — моцна, вечна,

Ў свабодзе ўсе сваімі быць павінны —
Пастаўце варту на гарах высока,
Каб мог хутчэй сабрацца ваш саюз —
І будзьце разам, разам, разам…

(Ён падае назад на падушкі — памірае, але не выпускае рук. Фюрст і Штаўффахер доўга моўчкі глядзяць на яго; потым адыходзяць, аддаючыся свайму смутку. Тым часам збіраюцца слугі, набліжаючыся з адзнакамі вялікага гора, некаторыя падаюць на калені плачуць; у часе гэтай маўклівай сцэны чуваць звон замкавых званоў).

Рудэнц (шпарка ўваходзячы).

Ён жыў? Пачуе ён мяне, скажыце?

Вальтэр Фюрст (паказвае, адвярнуўшы твар).

Цяпер вы нам барон і абаронца.
Імя другое мае гэты замак.

Рудэнц (заўважыў мёртвае цела, у смутку).

Спазнілася раскаянне маё?
І ён не мог пражыць яшчэ хвіліну,
Каб бачыць сэрца новае маё?
Я занядбаў яго праўдзівы голас,
Пакуль ён жыў яшчэ. Яго няма,
Навек ён адыйшоў і кінуў мне
Груз незаглажанай віны! Скажыце,
Ці ён з няласкай да мяне памёр?

Штаўффахер.

Пра ваш учынак ён прад смерцю чуў,
Адвагу вашу ён благаславіў!

Рудэнц (становіцца на калені перад нябожчыкам).

Так, лепшага з людзей святое цела!
Нябожчык мілы! Прысягаю я
На мёртвую руку тваю — парваў я
З чужынцамі ўсе сувязі навекі;
Вярнуўся да свайго народу я.
Швейцарац я, і вечна буду ім

Усёй душой. (Устае). Па ім жалобу ўздзеньце,

Па бацьку ўсіх, але адкіньце роспач!
Ён не адно багацце мне пакінуў,
Ён сэрца, дух свой ён пакінуў мне
І маладосць мая зрабіць павінна
Ўсё, чым ён вам застаўся вінават.
Шаноўны дзядзька, дайце руку мне!
І вашу руку дайце мне, Мельхталь.
Не адварочвайцеся ад мяне!
Прыміце ў вернасці маю прысягу.

Вальтэр Фюрст.

Дай яму руку. Ён давер‘я варты,
Цяпер.

Мельхталь.

Вы пагарджалі селянінам.
Чаго-ж ад вас павінны мы чакаць?

Рудэнц.

Не згадвайце памылак маладосці!

Штаўффахер (да Мельхталя).

Адзінства загадаў нам дабрадзей наш.
Успомніце.

Мельхталь.

Вось вам мая рука!
Ціск рук сялянскіх, пане, варты слова.
Мужчыны! Рыцары — нішто без нас!
І годнасць нашая старэй за вашу!

Рудэнц.

Мячом сваім яе абараню я.

Мельхталь.

Барон, рука, што жорсткую зямлю
Разварушыла і зрабіла плоднай,
І грудзі здолее абараніць.

Рудэнц.

Вы
Мне будзьце грудзьмі, вас абараню я,
Адны з другімі будзем мы мацней.
што тут гаварыць, калі краіну
Чужацкая дратуе тыранія?
Ачысцім перш ад ворага зямлю,
У радасці паразуменне знойдзем.
(Нейкі час памаўчаўшы).
Маўчыце? Слова не хапае? Як?
Не заслужыў я вашага давер‘я?
Тады я проціў волі вашай мушу
Ўступіць у патаемны ваш саюз.
Вы ў змове — прысягалі вы у Рутлі —
Я ведаю аб чым там гаварылі,
І хоць не вы раскрылі мне сакрэт,
Яго як скарб каштоўны я хаваў.
Паверце, што краіне я не вораг
І на яе ніколі-б не пайшоў.
Але марудзіце вы аж занадта,

Праходзіць час — і што там гаварыць —

Ахвяраю маруды Тэль зрабіўся.

Штаўффахер.

Мы прысягнулі пачакаць каляд.

Рудэнц.

Я там не быў і я не прысягаў.
Чакайце, я пачну.

Мельхталь.

Як? Вы хацелі…

Рудэнц.

У лік старшыняў я ўвайшоў цяпер,

Вас бараніць — мой першы абавязак.

Вальтэр Фюрст.

Зямлі аддаць святое гэта цела —
Ваш абавязак першы і бліжэйшы.

Рудэнц.

Як вызвалім краіну, дык складзем
Вянок пабеды на яго магілу.
Браты! не дзеля вашай толькі справы
У бойку выступаю я супроць
Тыранаў. Слухайце мяне! Таемна
Ўкрадзена мая нявеста Берта,
Ад нас забралі здрадаю яе!

Штаўффахер.

Да гвалту гэткага дайшоў тыран,
Зрабіў замах на вольную дзяўчыну?

Рудэнц.

Браты! Вам абяцаў я дапамогу,
Але раней у вас яе прашу.
Ў мяне маю каханую укралі.
Хто знае, дзе схаваў яе тыран,
Якога не ўжыве ён толькі гвалту,
Каб вырваць згоду на агідны шлюб!
Дапамажыце ратаваць яе.
Яна вас любіць! Варта прад краінай
Яна, каб узяліся ўсе за зброю.

Вальтэр Фюрст.

Што вы пачаць хацелі?

Рудэнц.

Я не знаю!
У змроку, што ахутаў яе лёс,
У роспачы жахлівых прадчуванняў,
Дзе ні на чым спыніцца я не мог,
Адно мне толькі цалкам зразумела, —
Што з-пад руін драпежніцкай улады
Мы можам толькі выцягнуць яе,
Павінны мы ўсе крэпасці разбурыць
І можа знойдзем дзе яе турму.

Мельхталь.

Вядзіце нас! Навошта адкладаць
На заўтра, што зрабіць і сёння можна.

Тэль вольны быў, як мы кляліся ў Рутлі.

Тады шчэ не было такіх падзеяў.
А час другі загад прыносіць нам;
Дык хто цяпер асмеліцца марудзіць?

Рудэнц (да Штаўффахера і Вальтэра Фюрста).

Бярыце зброю і гатовы будзьце,
Чакайце агнявых сігналаў з гор,
Шпарчэй, чымся крылатая страла,
Да вас прымчыцца вестка перамогі
І, убачыўшы чаканыя агні,
На ворага, як бура, налятайце,

Руйнуйце разам сцены тыраніі. (Выходзяць).


ТРЭЦЯЯ З‘ЯВА

Вузкая лагчына ля Кюснахта. Тыя, хто сходзяць да яе па сцежках паміж скал і па дарозе, перш чымся з‘явіцца на сцэне, ужо відны на версе. Скалы акружаюць усю сцэну; адна з іх, укрытая кустамі, выдаецца наперад. Тэль уваходзіць з лукам.

Тэль.

Мне трэба йсці праз гэтую лагчыну!
Няма другой дарогі ў Кюснахт. Тут
Я выканаю. Склалася ўсё добра.
Кусты мяне схаваюць ад яго,
Адтуль яго мая страла дастане;
І цесны шлях пагоню затрымае.
Канчай свае рахункі з небам, фогт,
Бо хутка ўжо праб‘е твая гадзіна.
Я ціха і спакойна жыў — мой стрэл

Быў страшным толькі для звяра ляснога,

А пра забойства і не думаў я.
Ты мірнае жыццё маё парушыў,
Гадзючае атруты ты наліў
У малако маіх пабожных думак,
Мяне ты прызвычаіў да злачынства —
Хто ў галаву свайго дзіцяці цэліў,
Той ворагу у сэрца так-жа трапіць.
Няшчасных і нічым нявінных дзетак

І жонку верную я праз цябе, ляндфогт,

Пакінуў. Там, калі я цеціву
Нацягіваў, рука мая дрыжэла,
Як з чортаўскаю радасцю мяне ты
Прымусіў цэліць сыну ў галаву.
Калі бяссільны я цябе прасіў
Аб літасці, даў клятву у душы я,
І бог яе павінен быў пачуць,

Што пры наступным стрэле першай мэтай
Тваё мне сэрца будзе. У чым я кляўся
Ў пякельным болю страшнай той хвіліны, —

То доўг святы — яго сплаціць павінен
Ты імператара майго ляндфогт,
Ды не рабіў-бы гэтак імператар,
Як ты. Цябе сюды ён пасылаў,
Каб суд тварыць праўдзівы і суровы,
А не затым, каб з радасцю ліхой
Бяскарна гадаваць сваю зласлівасць;
Але ёсць бог — караючы і мсцівы.
Ідзі сюды, тварэц нядолі горкай,

Ты — мой цяпер найбагацейшы скарб.

Я мэту дам табе, што аж дасюль
Была для ўсіх маленняў недаступна.
Але табе яно паддасца. Ты
Надзейны лук мой, што так часта мне
Служыў аддана ў радаснай забаве,
Мяне не кінеш і ў суровы час.
Будзь моцнаю і вернай, цеціва,
Што стрэлы мае часта акрыляла.

Каб дрогнула цяпер рука, — няшчасце —
Другой стралы я б не знайшоў ў запасе.

(Падарожныя ідуць праз сцэну).
На каменную гэту лаўку сяду,

Што зроблена для змораных вандроўцаў.

Няма тут бацькаўшчыны, кожны йдзе
Чужы другому шпаркімі шагамі,

Не дзелячыся смуткам. Тут праходзяць —

Гандляр руплівы, ціхі багамолец,
Манах праходзіць задуменны, злодзей
Нахмураны і спрытны музыкант,
Пагоншчык з цяжка гружаным канём,
З таварамі далёкае краіны,
І кожны шлях вядзе на край зямлі,
І кожны ідзе сваёй дарогай простай,

Па сваіх справах, а мая — забойства. (Сядае).

Калісьці, як вяртаўся бацька, дзеці
Яго з такой уцехай спатыкалі;
Ішоў адкрыта ён і нёс гасцінцы —
Прыносіў кветкі горныя, прыносіў
Дзівосных птушак або аманіт[38],
Што падарожныя ў гарах знаходзяць.
Цяпер чакае ён другой здабычы,

Забойства ладзіць ён на дзікай сцежцы,

Пільнуе ворага жыцця ён.
І усё-ж такі пра вас ён мысліць, дзеткі,
Пра дарагую вашую нявіннасць,
Каб ад тыранавай укрыць вас злосці,

Падрыхтаваў ён лук свой для забойства.
(Устае).

Сачу я значную дзічыну. Іншы
Стралец не утоміцца праз цэлы дзень
Хадзіць кругом праз сцюжы і завеі
І са скалы ён скача на скалу,
Паўзе уніз і ўверх па коўзкіх кручах,
Да іх прыліпшы ўласнаю крывёю,
Каб дзіч убогую упаляваць.
Тут будзе больш каштоўная дзічына,
Я ў сэрца ворага ліхога целю.

(Здалёку чутна вясёлая музыка, якая набліжаецца).

Я ўсё жыццё ў руках трымаю лук,
Усё жыццё ў стральбе практыкаваўся;
І чорны круг прастрэліваў я часта
І многа атрымаў узнагарод
Ад дружбакоў. Але сягоння хочу

Мастацкі стрэл зрабіць, каб прагрымела

Маё імя па ўсёй маёй краіне.

(Па верхняй дарозе ідзе вясельны поезд. Тэль глядзіць, абапёршыся на лук. Штусі, палявы вартаўнік, падыходзіць да яго).

Штусі.

Вось з Марлішахена, з манастыра
Багаты фермер жэніцца сягоння,
Авечак многа мае ён на Альпах,
А маладую узяў ён з Імізээ
І ў гэту ноч у Кюснахце гулянка.
Ідзіце з намі! Кожнаму там рады.

Тэль.

Маркотны госць вяселле ўсё паганіць.

Штусі.

Пакіньце смутак, выганіце з сэрца.
Лавіце момант! Час цяпер не лёгкі:
Дык уцякаць не варта ад вяселля.
Вяселле тут, а можа дзе хаўтуры.

Тэль.

Адно прыходзіць часта за другім.

Штусі.

Такі ўжо свет. Бывае тут і там
Няшчасця досыць. Ў Глярнеры скала
Распалася і ўсыпала каменнем

Абшар вялікі там.

Тэль.

Што-ж, нават горы

Ўжо валяцца? Дзе моцнае што ў свеце?

Штусі.

А то яшчэ другі адбыўся цуд.
Казаў адзін мне — з Бадэна ішоў —
Паехаў рыцар раз да караля
І шэршні роем на яго напалі
Дарогаю; каня апанавалі,
І конь зваліўся мёртвым на зямлю;
Да караля-ж дабраўся рыцар пешкі.

Тэль.

Слабы таксама мае сваё жала.

(Армгарда прыходзіць з дзяцьмі і становіцца на дарозе.)

Штусі.

Вялікую бяду вяшчуе гэта
А так-жа нечуваныя злачынствы.

Тэль.

Злачынстваў гэтых поўны кожны дзень;

Няма на іх ніякіх прадвяшчанняў.

Штусі.

Шчаслівы, хто працуе ў полі мірна
І без тугі жыве сярод сваіх.

Тэль.

І мірны ўжо не можа жыць спакойна,
Калі са злым суседам не паладзіў.

(З неспакойным чаканнем глядзіць уверх
на дарогу).

Штусі.

Бывайце, Вы чакаеце кагосьці?

Тэль.

Чакаю.

Штусі.

Дык шчасліва вам вярнуцца!
Вы ці не з Уры? Наш ласкавы пан

Ляндфогт адтуль прыйсці павінен сёння.

Падарожны (праходзіць).

Ляндфогта не чакайце сёння. Рэкі
Ад ліўняў сёння выйшлі з берагоў,
І ўсе масты іх строма пазрывала.
(Тэль устае).

Армгарда (выходзіць наперад).

Яго не будзе?

Штусі.

Да яго вы хіба?

Армгарда.

А як-жа.

Штусі.

Дык чаго вы сталі тут.
Ў лагчыне гэтай на яго дарозе?

Армгарда.

Тут прыйдзецца яму мяне паслухаць.

Фрысхардт (шпарка ўваходзіць і крычыць).

Гэй, прэч з дарогі! Мой ласкавы пан
Ляндфогт сюды за мною следам едзе.

(Тэль выходзіць).

Армгарда (жвава).

Ляндфогт едзе!

(Яна выходзіць са сваімі дзяцьмі наперад. Геслер
і Рудольф Харрас
паказваюцца наверсе на конях).

Штусі (да Фрысхардта).

Як вы прайшлі праз рэчкі?

Фрысхардт.

Мы з возерам змагаліся, прыяцель,
І не баімся горнае вады.

Штусі.

На чоўне вы былі у навальніцу?

Фрысхардт.

Так! І навек запомню гэта я.

Штусі.

О, раскажыце.

Фрысхардт.

Трэба йсці наперад

У замак, абвясціць прыезд ляндфогта.
(Выходзіць).

Штусі.

Каб людзі добрыя былі у чоўне,
Дык патанулі-б ўсе да аднаго;

Такія ж пройдуць і агонь і воду. (Аглядаецца).
Дзе-ж той стралец, з якім я гаварыў?
(Выходзіць).

Геслер і Рудольф Харрас на конях.

Геслер.

Скажыце, што вам трэба ад мяне;
Я імператару служу аддана.
Мяне сюды паслаў ён, каб народ
Зрабіў я паслухмяным і пакорным.
Пашаны ён чакае. Ці мужык
Павінен панам быць ці імператар?

Армгарда.

Вось момант. Падыйду я да яго.
(Набліжаецца палахліва).

Геслер.

Я не на жарт паставіў у Альторфе
Свой капялюш, а для таго, каб сэрцы
Народу спрабаваць — я знаю іх.
Паставіў для таго, каб навучыць

Згінацца тых, хто надта проста ходзіць,

І я знарок паставіў капялюш
На той дарозе, дзе хадзіць ім трэба,
Каб біў у вочы і напамінаў ім
Гаспадара, што ўжо яны забылі.

Рудольф.

Аднак свае правы ёсць у народа.

Геслер.

Лічыцца з імі не пара для нас!
Вялікія стаяць прад намі справы;
Дом імператарскі расце, што бацька

Пачаў са славай, сын павінен скончыць.

Народ маленькім камнем на дарозе
Нам лёг — яго мы змусім пакарыцца.

(Рушыць наперад, жанчына падае перад ім на калені).

Армгарда.

Будзь справядлівым, пане, пашкадуй.

Геслер.

Чаго ты мне тут стала на дарозе?
Сыйдзі назад!

Армгарда.

Мой муж сядзіць ў турме,
А дзеткі вось без хлеба. Пашкадуйце
І злітуйцеся над няшчасцем нашым.

Рудольф.

Хто вы? Хто муж ваш?

Армгарда.

Ён касец гаротны
І жыў на Рыгі, на гары высока,
Над прорвамі касіў ён там траву,
Што парасла на скалах недасяжных,
Куды не можа быдла паднімацца.

Рудольф (да ляндфогта).

Якое жаласнае цяжкае жыццё!
Я вас прашу, вярніце вы ёй мужа!
Калі-б і цяжкі ён зрабіў учынак,

Ён пакараны цяжкім рамяством. (Да жанчыны).
Усё будзе зроблена. Прыходзьце ў замак

Са скаргаю сваёю. Тут не месца.

Армгарда.

Не, не! З дарогі я не саступлю,
Пакуль мне фогт назад не верне мужа.
Шэсць месяцаў сядзіць ён у турме
І справядлівага суда дарма чакае.

Геслер.

Жанчына, гвалт тут не паможа. Прэч!

Армгарда.

О, пане, справядлівасці! Суддзя ты
У нас ад імператара і бога.
Твары ж твой суд! Калі ты спадзяешся

На справядлівасць неба, дай мне праўду.

Геслер.

Прэч! Праганіце мне яе з вачэй

Армгарда (чапляючыся за цуглі каня).

Не, не, мне больш няма чаго ўжо траціць.
Ты з месца не кранешся, фогт, пакуль
Не скончыш справу. Моршчы сабе лоб,

Блішчы вачыма, калі хочаш, наша
Няшчасце безгранічнае настолькі,
Што мне і гнеў не страшны твой.

Геслер.

Дарогу,
А то цябе канём я растапчу!

Армгарда.

Ну што-ж, тапчы! (Яна кідае дзяцей на
зямлю і кладзецца з імі на дарогу).
Я кладуся тут
З дзяцьмі сваімі. Хай маіх сіротак
Растопчуць капыты твайго каня!
І горшыя яшчэ рабіў ты справы.

Рудольф.

Вы звар‘яцелі?

Армгарда (выходзячы з сябе).

Ты ужо і так
Краіну імператара дратуеш!
Жанчына я! Каб я была мужчынам,
Знайшла-б я лепшы спосаб, чымся тут
Валяцца ў пыле.

(У далечыні ізноў чуваць вясельная музыка).

Геслер.

Дзе мае ўсе слугі?
Хай прэч яе прагоняць, а то я
Забудуся і сам зраблю што-небудзь.

Рудольф.

Адсталі слугі вашы, пане фогт;
Наверсе затрымала іх вяселле.

Геслер.

Занадта смірны я яшчэ ўладар

З народам гэтым — вольнасці зашмат тут,

Не ўсё яшчэ наладжана як след —
Але ўсё зменіцца, клянуся я:
І іхную упартасць я зламлю,
Гарэзны дух свабоды я зніштожу,
Краіне гэтай новы я закон
Дам. Я жадаю…

(Страла пранізвае яго; ён хапае рукою за
сэрца і пачынае падаць. Слабым голасам).

Божа міласэрдны…

Рудольф.

Пан ляндфогт! Божа! Што гэта? Адкуль?

Армгарда (ускаквае).

Забойства! Ён упаў! Паранен!

Пранізана стралою яго сэрца.

Рудольф (скочыўшы з каня).

Якая жудасць! Божа! Пане рыцар,
Хутчэй паклічце бога, бо цяпер
Над вамі смерць.

Геслер.

О, гэта Тэлеў стрэл.

(Спаўзае з каня на рукі Рудольфа Харраса;

Харрас кладзе яго на лаву).

Тэль (з‘яўляецца на вяршыні скалы).

Пазнаў стральца, другога не пазнаеш!
Ўсе хаты вольныя, нявіннасць ад цябе

Уратавана. Шкодзіць больш не будзеш.

(Знікае з вяршыні. Збягаецца народ).

Штусі (наперадзе).

Што гэта? Што тут сталася такое?

Армгарда.

Ляндфогт насмерць паранены стралой.

Народ (убягаючы).

Хто тут паранены?

(У той час як пярэднія паязджане ўжо на сцэне, рэшта застаецца наверсе, музыка не спыняецца).

Рудольф Харрас.

Крывёй ён сыйдзе.
Шукайце дапамогі! Ўзяць забойцу!
Няшчасны чалавек, які канец твой;
А слоў маіх ты слухаць не хацеў.

Штусі.

Дальбог збялеў увесь ён, без жыцця.

Галасы.

Ды хто-ж забіў яго?

Рудольф Харрас.

Народ пракляты!
Тут смерць, а музыка ўсё грае.
Хай замоўкне.

(Музыка замаўкае, народу на сцэне робіцца больш).
Пане ляндфогт, вы гаварыць не ў сілах,

Мо‘ загадаеце мне што?

(Геслер робіць знак рукою і сярдзіта паўтарае яго, убачыўшы, што ніхто не зразумеў яго).

Куды?
У Кюснахт? Я не зразумеў вас! Кіньце
Вы гневацца, пакіньце ўсё зямное.
Падумайце як з небам прымірыцца.

(Усе паязджане абступаюць паміраючага, не выказваючы ніякага спачування).

Штусі.

Як ён збялеў. Смерць сэрца закранула,
І вочы закрываюцца яго.

Армгарда (узнімае дзіця).

Глядзіце, дзеці, як тыран канае!

Рудольф Харрас.

Праклятае баб‘ё, няма ў вас сэрца —
На жудасць гэткую глядзець з уцехай!
Дапамажыце — ці-ж няма нікога —
Мне выцягнуць з грудзей яго стралу.

Жанчыны (адступаюць назад).

Дапамагаць таму, каго бог знішчыў?

Рудольф Харрас.

Дык будзьце вы пракляты. (Хапаецца за меч).

Штусі (бярэ яго за руку).

Ціха, пане,
Канец улады вашае, тыран
Краіны нашай скінуты. Мы гвалту

Больш не пацерпім. Вольныя мы людзі.

Усе (шумна).

Краіна вольная!

Рудольф Харрас.

Вось да чаго дайшло?
Страх і пакорнасць зніклі гэтак хутка?

(Да узброеных слуг).

Вы бачыце, жахлівае забойства
Тут сталася. Дапамагаць запозна
І даганяць забойцу бескарысна.

Другі ў нас клопат ёсць. Туды, у Кюснахт,

Імперскі замак трэба бараніць.
Ужо забыты з гэтае хвіліны
Законы ўсе, парадак, абавязкі,

На вернасць спадзявацца нельга больш.
(У той час як ён адыходзіць з вартаю, з‘яўляюцца шэсць міласэрдных братоў).

Армгарда.

Дарогу! Міласэрдныя браты!

Штусі.

Была-б ахвяра, будуць груганы.

Міласэрдныя браты (становяцца наўкол
мёртвага і працяжна пяюць).

Неспадзявана смерць ідзе,
Нікому не дае адкладу,
І цягне за сабой людзей
З жыцця без жалю, без спагады.
Гатоў, ці не, ісці за ёй,
А мусіш стаць перад суддзей.

(Пры паўтарэнні апошніх радкоў падае заслона).


Пятая дзея

[правіць]

ПЯТАЯ ДЗЕЯ

ПЕРШАЯ З‘ЯВА

Пляц каля Альторфа. У глыбіні направа крэпасць Цвінг-Уры з рыштаваннем, як у трэцяй з‘яве першай дзеі: налева цягнуцца горы, на якіх запалены сігнальныя агні. Світае. Здалёку даносяцца званы.
Руоды, Куоні, Верні, Муляр, шмат сялян, жанчын і дзяцей.

Руоды.

Вы бачыце сігналы на гарах?

Муляр.

Вы чуеце, званы гудуць над лесам?

Руоды.

Прагнаны ворагі.

Муляр.

Ўсе замкі ўзяты.

Руоды.

А мы у Уры, на сваёй зямлі,
Тыранскі замак гэты яшчэ церпім?
Няўжо апошнімі абвесцім волю мы?

Муляр.

Ці мы пакінем тут Ярэм пракляты.

Прэч, прэч яго! Разбурым!

Усе.

Прэч Ярэм!

Руоды.

Дзе наш трубач?

Трубач[39].

Я тут. Што трэба вам?

Руоды.

На вежы станьце, затрубіце ў рог ваш,
Каб гук яго напоўніў нашы горы,
Каб рэха з кожнага скалістага кутка
Адбіўшыся, людзей склікала з гор
Хутчэй сюды.

(Трубач выходзіць. Уваходзіць Вальтэр Фюрст).

Вальтэр Фюрст.

Браточкі, пачакайце!
Яшчэ не маем вестак мы са Швіца
І з Унтервальдэна. Давайце пачакаем
Ганцоў адтуль.

Руоды.

Чаго яшчэ чакаць?
Тыран памёр, пачаўся дзень свабоды.

Муляр.

Ці-ж мала агнявых гэтых ганцоў,
Што навакол на ўзгор‘ях запалалі?

Руоды.

Ідзіце ўсе — мужчыны і жанчыны!

Прэч рыштаванні! Знішчым мы скляпенні!
Знясем сцяну! І камня не пакінем.

Муляр.

Сюды, браткі! Мы гэта будавалі;
Мы і зруйнуем.

Усе.

Так! Хадзем, зруйнуем!
(Кідаюцца з усіх бакоў да будоўлі).

Вальтэр Фюрст.

Я не магу іх болей затрымаць.
Уваходзіць Мельхталь і Баўмгартэн.

Мельхталь.

Яшчэ стаіць тут крэпасць, калі Сарнен
Ужо ў руінах і разбуран Росберг?

Вальтэр Фюрст.

То вы, Мельхталь? Прынеслі вы нам волю,

Скажыце, ворага ужо няма?

Мельхталь.

Няма, няма! Узрадуйцеся, бацька!
У гэты момант, калі мы гаворым,
Тыранаў у Швейцарыі няма.

Вальтэр Фюрст.

Скажыце, як вы замкі захапілі.

Мельхталь.

На замак Сарненскі адважна Рудэнц
Напаў і пакарыў рукой магутнай,
У Росберг я прабраўся уначы.
Аднак, паслухайце. Калі мы замак
Ачысцілі зусім і падпалілі
І полымя ўзнялося да нябёс,
Тады прыбег паж Геслера Дытгельм
І крыкнуў, што згарыць у замку Берта.

Вальтэр Фюрст.

Вялікі божа! (Трэск падаючых рыштаванняў).

Мельхталь.

Там яна была
У турму замкнута па загаду фогта,
Тут Рудэнц, як апалены, ускочыў —
Мы чулі як трашчэлі дзверы, кроквы
І з вогнішча мы чулі страшны лямант
Няшчаснай.

Вальтэр Фюрст.

Выратавалі яе?

Мельхталь.

Спрыт і рашучасць тут былі патрэбны,
Калі-б ён толькі нашым панам быў,
Жыццём-бы мы тады не рызыкнулі.
Але ён быў саюзнік наш, і Берта
Народ любіла, і таму за ім
Ўсё кінуўшы у вогнішча пайшлі мы.

Вальтэр Фюрст.

І выратавалі?

Мельхталь.

Так, я і Рудэнц —
З агню мы разам вынеслі яе
І ўслед за намі рухнулі скляпенні.
І вось, калі яна прыйшла ў сябе
І вочы свае узняла да неба,
Барон упаў на грудзі да мяне
І прысягнулі моўчкі мы саюзу,
Што ў вогнішчы загартаваны быў
І устаіць супроць удараў лёсу.

Вальтэр Фюрст.

Дзе Ляндэнбергер?

Мельхталь.

За Брунігам цяпер.
Не вінен я, што збег непакараным
Той, хто старога бацьку асляпіў.
Я сцігаваў яго, дагнаў яго,
Да бацькавых яго я кінуў ног.
Ужо узняты быў над ім мой меч;
І толькі літасці сляпога старца
Ён абавязаны сваім жыццём.

Пакляўся ён, што больш назад не прыйдзе

І ён не прыйдзе; нашу руку ён
Адчуў.

Вальтэр Фюрст.

Найлепш, што чыстай перамогі
Крывёю ты не зганьбіў!

Дзеці (з абломкамі рыштавання).

Воля! Воля!
(Магутна гучыць рог Уры).

Вальтэр Фюрст.

Глядзіце што за свята. Дня такога
І ў старасці ужо не забыцца ім.

(Дзяўчаты прыносяць капялюш на кіі. Уся сцэна запаўняецца народам).

Руоды.

Вось капялюш, перад якім нас гнулі.

Баўмгартэн.

Падумаем-жа, што нам з ім рабіць.

Вальтэр Фюрст.

О, божа! Мой унук стаяў пад ім.

Галасы.

Прэч гэты помнік злоснай тыраніі!
Ў агонь яго.

Вальтэр Фюрст.

Не, не, лепш захаваем!
Ён зброяй паслужыў для тыраніі —
Хай стане ён цяпер свабоды знакам!

(Сяляне — жанчыны, мужчыны і дзеці стаяць і сядзяць на бярвеннях раскіданых рыштаванняў, стварыўшы маляўнічае поўкола).

Мельхталь.

Так радасна стаім мы на руінах
Прыгнёту, выканаўшы так сумленна
Саюзную сваю прысягу ў Рутлі.

Вальтэр Фюрст.

Пачатак ёсць, але няма канца.
Адзінства і адвага нам патрэбны;
Паверце, што кароль не замарудзіць

Памсціцца за свайго ляндфогта смерць

І зноў вярнуць тых, каго мы прагналі.

Мельхталь.

Няхай сюды прыходзіць з войскам ён,
Але з сярэдзіны прагнаны вораг,
Знадворнага-ж мы здолеем спаткаць.

Руоды.

Праходаў мала паміж гор у нас,
Мы іх грудзьмі сваімі загародзім.

Баўмгартэн.

Саюзам злучаны мы ўсе на вечны час,
І нічые не страшны нам пагрозы!

Уваходзяць Расельман і Штаўффахер.

Рэсельман (уваходзячы).

Вось жудасная справядлівасць неба.

Сяляне.

Што? Як?

Рэсельман.

Ў якія мы часы жывем!

Вальтэр Фюрст.

Што сталася? Скажыце, Пане Вернер!
Ў чым справа?

Сяляне.

Што такое?

Рэсельман.

Навіна!

Штаўффахер.

Ад нашых страхаў вызвалены мы.

Рэсельман.

Забіты імператар!

Вальтэр Фюрст.

Божа мілы!
(Сяляне акружаюць Штаўффахера).

Усе.

Забіты? Як? Вы чулі? Імператар?

Мельхталь.

Не можа быць! Адкуль такая вестка?

Штаўффахер.

Пры Бруку быў забіт кароль Альбрэхт
Рукой забойцы, — верны чалавек
З Шафгаўзена паведаміў нас Мюлер.

Вальтэр Фюрст.

Кім зроблена жахлівае злачынства?

Штаўффахер.

Яно жахлівейшым імя злачынцы робіць.

Яго забіў пляменнік яго родны,
Сын брата — швабскі герцаг Іоган[40].

Мельхталь.

Чым выклікана страшнае забойства?

Штаўффахер.

Бо затрымаў гвалтоўна імператар
Старую спадчыну яго бацькоў;
І кажуць, што хацеў зусім забраць,
А герцага у біскупы паставіць.
Тады юнак паслухаўся парад
Сваіх сяброў злачынных. Разам з ім

Пайшлі фон-Эшэнбах, фон-Тэгерфельд,
Фон Варт і Пальм; ён, не здабыўшы права,

Рашыў памсціцца ўласнаю рукой.

Вальтэр Фюрст.

О, як-жа здарылася гэта жудасць?

Штаўффахер.

Кароль тады са Штэйна ехаў ў Бадэн

Да Рэйнфельда, дзе быў тады ўвесь двор;

З ім разам прынцы Ханс і Леапольд
І шмат другіх магнатаў найвышэйшых.
Калі яны паехалі праз Рэйс,
Дзе трэба ім было перапраўляцца,
Тады узыйшлі забойцы на судно
І караля ад світы аддзялілі.
Пасля, як полем ехалі яны,
Дзе некалі, ў паганскія часы,
Стаяў вялікі горад, а цяпер
Стаіць стары высокі замак Габсбург,
Адкуль паходзіць яго слаўны род,
Яго нажом ударыў герцаг ў горла,

Рудольф фон-Пальм яго ударыў дзідай

І Эшэнбах раскроіў галаву.
Упаў кароль, заліўшыся крывёю,
Сваімі на сваёй зямлі забіты.
Глядзела уся світа праз раку,
Але, аддзеленая шпаркай стромай,
Магла бяссільны лямант толькі ўзняць;
Жанчына там сядзела пры дарозе
І на яе руках памёр кароль.

Мельхталь.

Магілу здолеў сам сабе здабыць
Ён, што так многа прагнуў захапіць.

Штаўффахер.

Трывогаю ахоплены ўвесь край;
Зачынены ўсе горныя праходы,
Свае граніцы кожны беражэ;
Замкнуў сваю старую браму Цюрых,
Які не замыкаўся трыццаць год,
У страху прад забойствамі і помстай.
Узброеная помстаю ідзе
Ўжо каралева Венгрыі Агнеса[41];
Жаночую забыўшы слабасць, помсту
Нясе забойцы і яго радні,
Іх слугам, дзецям і ўнучатам, нават
Каменням замкаў іх за бацькі кроў
Яна клялася ў бацькаву труну
Нізвесці цэлыя іх пакаленні
І у крыві, нібы ў расе, скупацца.

Мельхталь.

Дзе дзеліся забойцы? Невядома?

Штаўффахер.

Яны разбегліся пасля забойства
На пяць дарог у розныя бакі,
Каб больш ужо ніколі не спаткацца —
І герцаг Ханс цяпер між гор блукае.

Вальтэр Фюрст.

Злачынства ім карысці не дало!
Няма ад помсты плёну, бо сама
Сябе яна гадуе жахам, радасць
Яе — забойства, роспач — яе вынік.

Штаўффахер.

Злачынства не дало забойцам плёну,
А мы рукамі чыстымі збярэм

З крывавага злачынства плён шчаслівы,
Пазбавіліся моцнага мы страху;
Няма ўжо ворага свабоды нашай,
І чуткі ёсць, што скіпетр пераходзіць
Ад Габсбургскага дома да другога,
Імперыя стаіць за вольны выбар.
Вальтэр Фюрст і многія галасы.

Каго-ж мяркуюць?

Штаўффахер.

Графа Люксембурга
У імператары жадае большасць.

Вальтэр Фюрст.

Як добра, што мы вернасць захавалі
Імперыі; цяпер здабудзем праўду.

Штаўффахер.

Шукаць саюзнікаў пан новы будзе
Ад помсты Аўстрыі нас гэта абароніць.
(Сяляне абнімаюцца).
Закрыстыян і імперскі ганец.

Закрыстыян.

Вось тут старэйшыя ўсяе краіны.

Рэсельман і другія.

Што там?

Закрыстыян.

Ганец імперскі ліст прывёз.

Усе (да Вальтэра Фюрста).

Чытайце вы!

Вальтэр Фюрст (чытае).

„Усім мужам пачцівым
Са Швіца, Унтэрвальдэна і Уры
Эльзбета каралева дабразычыць“…

Многія галасы.

Што трэба ёй? Дзяржавы ўжо няма!

Вальтэр Фюрст (чытае).

„Ў яе ўдаўстве і у вялікім смутку,

Народжаным крывавай смерцю мужа,

Заўсёды памятае каралева
Даўнейшую Швейцарыі адданасць“…

Мельхталь.

А ў радасці пра нас не ўспамінала.

Рэсельман.

Цішэй.

Вальтэр Фюрст (чытае).

„Звяртаючыся да свайго народу,
Яна упэўнена, што гнеў праўдзівы
Абурыць ён на галаву забойцаў;
Яна чакае ад ўсіх трох краін,
Што не дадуць яны забойцам схову
І самі нам рупліва дапамогуць
Іх адшукаць для справядлівай помсты,
Успамінаючы былую ласку
Дзяржаўнага Рудольфавага[42] дома“.
(Сяляне незадаволены).

Многія галасы.

Любоў і ласка!

Штаўффахер.

Мы досыць ласкі бачылі ад бацькі;
Але вось чым парадаваў нас сын?
Ці ён зацвердзіў нашы прывілеі,
Што імператары раней далі?
Ці ён па справядліваму судзіў,
Ці бараніў прыгнечаных нявіннасць,
Ці ён калі паслоў паслухаў нашых,
Што да яго ў бядзе мы пасылалі?
Не, не зрабіў для нас кароль нічога
І калі-б самі не ўзяліся мы
Абараніць сябе рукою ўласнай,
Ён не памог-бы. Дзякаваць яму?
Няўдзячнасць сеяў ён ў далінах гэтых
Высока ён стаяў і мог бы быць
Сваіх народаў бацькам, але ён
Любіў сваёй раднёю больш займацца.
Дык хай яны па ім цяпер і плачуць!

Вальтэр Фюрст.

Не радуемся згубе мы яго
І ўспамінаць цяпер не будзем ліха,
Яно ад нас далёка, але мсціцца
За смерць таго, хто нам дабра не даў

І сцігаваць тых, хто нас не пакрыўдзіў —
Не падыходзіць гэта нам ніяк.
Любоў павінна быць свабодным дарам;

А смерць ад абавязкаў вызваляе:
Ніякіх мы даўгоў прад ім не маем.

Мельхталь.

Хай плача у палацы каралева.
Няхай узносіць аж да неба скаргі,
Ты вызвалены бачыш тут народ,
Ён тое-ж неба дзякуе таксама.
Хто хоча спачування — сей любоў.
(Імперскі пасол адыходзіць).

Штаўффахер.

Дзе-ж Тэль? Чаму яго няма тут з намі,
Тварца свабоды нашай? Ён найболей
Зрабіў і найцяжэй перацярпеў.
Хадзем усе мы збаўцы на спатканне
І ад усіх гукнем яму вітанне.


ДРУГАЯ З‘ЯВА

Хата Тэля. У печы гарыць агонь. Праз адчыненыя дзверы — далёкі краявід.
Гедвіга, Вальтэр і Вільгельм.

Гедвіга.

Сягоння бацька прыйдзе. Дзеткі, дзеткі!

Жывы ён, вольны; вольныя мы ўсе!
Ваш бацька выратаваў ўсю краіну.

Вальтэр.

І я таксама быў пры гэтым, маці,
Мяне успомні. Бацькава страла
Была так блізка ля мяне і я
Не зварухнуўся.

Гедвіга (абнімае яго).

Так, ты мне ізноў
Аддадзен. Двойчы я цябе радзіла!
І двойчы я адчула матчын боль!

Ўсё скончана — вы зноў са мной, абое!

І сёння прыйдзе бацька ваш ізноў!
Манах з‘яўляецца ў дзвярах.

Вільгельм.

Матуля, глянь, набожны брат стаіць там:
Ён міластыню хоча папрасіць.

Гедвіга.

Увядзі яго, няхай крыху аддыша;

Хай бачыць, што ў гасцінны трапіў дом.

(Выходзіць і вяртаецца з кубкам).

Вільгельм (да манаха).

Зайдзіце, дзядзька. Маці вас напоіць.

Вальтэр.

Зайдзіце, і з дарогі адпачыньце.

Манах (палахліва аглядаючыся).

Дзе я? Скажыце у якой краіне?

Вальтэр.

Як можаце не знаць вы? Мо‘ зблудзілі
Вы ў Бюрглен трапілі, ў кантоне Уры,
Адсюль дарога йдзе на Шэхенталь.

Манах (да Гедвігі, якая адступае).

Ці вы адна? А гаспадар не ў хаце?

Гедвіга.

Яго чакаю я. Але што з вамі?
Нядобрае ў вачах вашых я бачу.

Ну, але усё-ж напіцеся, вазьміце. (Працягвае
кубак).

Манах.

Хоць без пітва і млее маё сэрца,
Не буду піць, раней мне абяцайце…

Гедвіга.

Не рушце вы мяне, не падыходзьце,

Там стойце, тады слухаць буду я.

Манах.

Агнём, што абагрэў мяне гасцінна,
Жыццём дзяцей вам мілых, якіх я
Абняў… (абнімае дзяцей).

Гедвіга.

Што вы задумалі? Не рушце
Маіх дзяцей, вы не манах, не, не!
Адзенне ваша азначае шчырасць!
Ды шчырасці няма у вашым твары.

Манах.

Я самы нешчаслівы між людзей.

Гедвіга.

Няшчасце знойдзе водгук сабе ў сэрцы!

Ваш погляд страхам пранізаў мяне.

Вальтэр (падскоквае).

Матуля, бацька! (Выбягае).

Гедвіга (хоча ісці, дрыжыць і спыняецца).

О мой божа!

Вільгельм (выбягае).

Бацька!

Вальтэр (за сцэнай).

Ты зноў вярнуўся!

Вільгельм (за сцэнай).

Бацька, мілы бацька!

Тэль (за сцэнай).

Я з вамі зноў. А маці ваша дзе? (Уваходзяць
разам).

Вальтэр.

Вось ля дзвярэй, сыйсці не можа з месца;
Калоціцца ад радасці і страху.

Тэль.

Гедвіга, дзетак маіх маці, бог

Нам дапамог — тыран нас не разлучыць.

Гедвіга (кідаецца яму на шыю).

О, Тэль! Які я жах перажыла.
(Манах прыслухоўваецца).

Тэль.

Мінуўся жах і засталася радасць!
Ізноў я з вамі! У сваёй хаціне!
Ізноў я тут стаю паміж сваіх.

Вільгельм.

Скажы, а дзе падзеў ты лук свой, бацька?

Яго не бачу я.

Тэль.

І больш не ўбачыш:
Яго пакінуў у святым я месцы;

Ён паляванню больш служыць не будзе.

Гедвіга.

О Тэль, Тэль! (Адступае назад, пусціўшы
яго рукі).

Тэль.

Што цябе пужае, жонка?

Гедвіга.

Як, як прыйшоў ты зноў? Твая рука…

Тэль (шчыра і адважна).

Вас бараніў я ёю і краіну;
Яе ўздыму я смела да нябёс.

(Манах робіць рэзкі рух, Тэль яго заўважвае).
Хто гэты брат?

Гедвіга.

Баюся я яго!
Мне страшна ля яго, пагавары з ім.

Манах (падыходзячы бліжэй).

Вы Тэль, якім забіты быў ляндфогт?

Тэль.

Так, я, і гэтага я не хаваю.

Манах.

Вы Тэль? Ах, гэта божая рука.
Мяне накіравала ў вашу хату.

Тэль (углядаецца у яго).

Вы не манах! Хто-ж вы?

Манах.

Забілі вы
Ляндфогта, злосніка свайго. Я так-жа
Зніштожыў ворага, што маё права
Парушыў. Быў ён ворагам і вам.
Я вызваліў краіну.

Тэль.

Гэта вы?
О жудасць! Дзеці, выйдзіце адсюль!
Ты так-жа выйдзі, любая! Няшчасны!
Вы…

Гедвіга.

Божа мой, хто гэта?

Тэль.

Не пытай!

Прэч, прэч! Не можна гэта дзецям слухаць.
Ідзі далей ад хаты. Ты не можаш
З ім заставацца пад адзіным дахам.

Гедвіга.

Вось дык бяда! Хадзем! (Выходзіць з дзецьмі).

Тэль (да манаха).

Вы герцаг Хана
Аўстрыйскі. Імператара забілі
Вы, сваяка свайго і пана.

Іоган Парыцыда.

Ён аграбіў спадчыну маю.

Тэль.

Ваш дзядзька
Забіт, ваш імператар! І вас носіць
Яшчэ зямля! Яшчэ вам свеціць сонца!

Парыцыда.

Тэль, слухайце!

Тэль.

Заплямлены крывёй
Бацька-забойства і цара-забойства,

Наважыў ты увайсці ў мой мірны дом?

Наважыўся аблічча добрым людзям
Паказываць, гасціннасці прасіць?

Парыцыда.

У вас я меркаваў знайсці спагаду;
Вы так-жа мсцілі ворагу.

Тэль.

Няшчасны!
Крывавае зраўняў ты пустаслаўе
З накліканым бядой учынкам бацькі?
Ты бараніў галовы дзетак любых?
Святыню дома ратаваў? Няшчасце
Жахлівае адводзіў ад сваіх?
Увысь я чыстыя ўздымаю рукі,
Кляну цябе і твой учынак. Мсціўся
Я за правы прыроды, што ты зганьбіў.

З табой мне не дзяліцца. Ты — забойца,

Я-ж даражэйшае сваё абараняў.

Парыцыда.

Штурхаеце мяне вы прэч, у роспач?

Тэль.

Мне страшна нават гаварыць з табой,
Ідзі сваёй жахліваю дарогай!
Пакінь мой дом, нявіннасць тут жыве!

Парыцыда (хоча выйсці).

Дык не магу больш і не хочу жыць я!

Тэль.

І ўсё-ж шкадую я цябе. О божа!
З такога роду, гэткі малады,
Ўнук імператара майго Рудольфа,
Цяпер забойца ля майго парога

Убогага, у роспачы і жальбе… (Закрывае твар).

Парыцыда.

Калі вы плакаць можаце, хай лёс мой
Кране вас; ён жахлівейшы. Я князь,
Я быў ім і я мог-бы быць шчаслівым,
Калі-б я нецярплівасць утрымаў.
Мне зайдрасць сэрца раніла, я бачыў
Юнацтва майго брата Леапольда,
Увенчанае славаю і ўладай,
Мяне-ж, узростам роўнага яму,
Ў няпоўналецці рабскім марнавалі.

Тэль.

Няшчасны, мабыць знаў цябе твой дзядзька,

Што не даваў табе зямлі і ўлады!
Ты сам цяпер сваім учынкам дзікім
Яго прысуд жахліва апраўдаў.
А дзе-ж паплечнікі твае ў забойстве?

Парыцыда.

Там, куды духі помсты завялі іх;
Пасля той справы я ўжо іх не бачыў.

Тэль.

Асуджан ты і друг цябе пакіне,
А вораг над табою мае волю.

Парыцыда.

Затым і абыходжу я дарогі
І ў хату я пастукацца баюся,
Ў пустыню накіроўваю я крокі;
І страшны сам сабе блуджу ў гарах
І сам перад сабою адступаю,
Убачыўшы свой твар у ручаі.

Калі ў вас людскасць і спагада ёсць… (Падае
перад ім на калені).

Тэль (адвярнуўшыся).

Устаньце, ўстаньце!

Парыцыда.

Не, не ўстану я
Пакуль вы не дасце мне дапамогі.

Тэль.

Я, грэшны, ці магу дапамагчы вам?
Але устаньце; хоць і злую справу
Зрабілі, ўсё-ж вы — чалавек. Я так-жа;
Нікога Тэль не кінуў без уцехі.
Усё, што здолею — зраблю.

Парыцыда (усхопліваецца і жвава хапае яго руку).

О, Тэль!
Вы з роспачы ратуеце мне душу.

Тэль.

Пакіньце рукі. Трэба йсці адгэтуль,

Тут нельга жыць схаваўшыся, адкрыта-ж

Вас бараніць не буду. Дзе цяпер
Спакой знайсці мяркуеце?

Парыцыда.

Не знаю.

Тэль.

Вось што мне бог у сэрца ўклаў. Ідзіце
Ў Італію, ў Петра святога горад
І там вы прыпадзіце да ног папы,
Хай ён вам зніме цяжкі грэх з душы.

Парыцыда.

А што, калі мяне ён выдасць мсціўцам?

Тэль.

Прыміце ўсё, што бог вам ні пашле

Парыцыда.

Як я пайду ў нязнаную зямлю?
Не ведаю дарогі я; баюся
Да іншых падарожных далучацца.

Тэль.

Я раскажу, як вам ісці, заўважце!
Ідзіце ўсё наверх, насупраць Рэйсы,

Што плынню дзікаю спадае з гор…

Парыцыда (жахнуўшыся).

О, Рэйса бачыла маё злачынства!

Тэль.

Над прорвай сцежка ўецца, шмат крыжоў, —
Там значыць шлях, яны стаяць у памяць

Вандраўнікоў загубленых абвалам.

Парыцыда.

Мяне спужаць не можа страх прыроды,

Калі я боль душы перамагаю.

Тэль.

І перад кожным крыжам пралівайце
Схіліўшыся вы слёзы пакаяння.

Калі вы пройдзеце шлях гэты страшны,

Калі парывы непагоды горнай
Вас не прыціснуць векам снегавым,
Да стлейшага падыйдзеце вы моста.
Калі не трэсне ў вас ён пад нагой,
І вы яго пярэйдзеце шчасліва —
Ўваходзьце у скалісты чорны ход,
Дзе дна няма — ідзіце праз яго,
Ён выведзе вас ў ясную даліну,
Але яе як найхутчэй мінайце;
Туды спяшыце, дзе жыве спакой.

Парыцыда.

Рудольф! Рудольф! О, мой дзяржаўны дзед!

Так па тваёй зямлі вандруе ўнук твой!

Тэль.

Так вы уздыміцеся на вяршыні
Гатарда, дзе адвечныя азёры,
Што ўспоены нябеснаю вадой.
Там развітайцеся з зямлёй нямецкай,
І строма бурная другой ракі
Пакажа ў Італію дарогу.
(Чуцен гук многіх альпійскіх ражкоў).
Прэч! Чую галасы я!

Гедвіга (убягае).

Дзе ты, Тэль?
Мой бацька йдзе. І разам з ім ідуць
Усе саюзнікі.

Парыцыда (закрываецца).

О гора мне!
Я не магу застацца у шчаслівых!

Тэль.

Ідзі, Гедвіга, накармі яго
І на дарогу дай, бо яго шлях
Далёкі і прыпынку там няма.
Хутчэй! Ідуць!

Гедвіга.

Хто ён?

Тэль.

Лепш не пытай!
Калі-ж ён пойдзе, вочы адвярні,
Каб не глядзець, у які бок пайшоў ён.

Парыцыда ўзрушана падыходзіць да Тэля, але той дае яму знак рукой і йдзе. Калі абодва выходзяць у розныя бакі, сцэна мяняецца.


АПОШНЯЯ З‘ЯВА

паказвае даліну перад домам Тэля паміж замкнуўшых яе ўзвышшаў, занятую маляўнічым натоўпам сялян. Некаторыя сыходзяць па высокай сцежцы, якая вядзе праз Шэхен. Вальтэр Фюрст з абодвума хлопчыкамі, Мельхталь і Штаўффахер ідуць наперадзе, рэшта — за імі; калі выходзіць Тэль яго спатыкаюць гучнымі крыкамі.

Усе.

Няхай жыве наш Тэль! Наш абаронца!

У той час, як пярэднія ціснуцца каля Тэля і абнімаюць яго, з‘яўляюцца Рудэнц і Берта; ён вітае сялян, яна абнімае Гедвігу. Музыка грае на гарах у часе гэтай нямой сцены. Калі яна канчаецца, Берта ўступае ў круг народу.

Берта.

Браты! Саюзнікі! Прыміце і мяне
У ваш саюз, я першая знайшла
Ў зямлі свабоднай гэтай абарону.
Свае правы я вам перадаю,
Ці прыміце мяне за грамадзянку?

Сяляне.

Прымаем!

Берта.

Я паклон вам аддаю.
Свабодная швейцарка я сягоння,
Свабоднаму даю руку сваю!

Рудэнц.

Я вызваляю ўсіх сваіх прыгонных.

(Грае музыка. Апускаецца заслона).


  1. Швіц, Уры, Унтервальдэн — назвы кантонаў ў Швейцарыі.
  2. У спісе дзейных асоб у Шылера супроць прозвішча Атынгаўзена побач з тытулам барона (Freiherr) стаіць яшчэ слова „Ваnnerherr“, гэта значыць — дваранін, які на вайне ўзначальвае дзяржаўны сцяг сваей вобласці.
  3. Царкоўны служка, які дапамагае каталіцкаму свяшчэнніку пры выкананні ім сваіх абавязкаў.
  4. Прыдворны чын, пад загадам якога лічыліся стайні.
  5. Фірвальдштэцкае возера знаходзіцца паміж чатырох кантонаў Швейцарыі (Швіц, Уры, Унтэрвальдэн і Люцэрн).
    Дзея разгортваецца на беразе кантона Уры.
  6. Руоды — швейцарскае скарочанае імя (Рудольф).
  7. Енні — швейцарскае скарочанае імя (Іоган).
  8. Мітэнштэйн — назва дзікага, скалістага ўзвышша на беразе Фірвальдштэцкага возера.
  9. Куоні — скарочанае імя (Конрад).
  10. Сеппі — скарочанае імя (Іозеф).
  11. У Швейцарыі каровам надзяваюць на шыю званок, каб па звону лягчэй было-б знайсці ў гарах
  12. Назва вёскі ў кантоне Унтэрвальдэн.
  13. У Шыллера заўсёды замест лука — „Armbrust“, гэта значыць арбалет, самастрэл — лук з драўляным прыкладам і курком.
  14. Кантон Люцэрн у 1291 г. належыў Аўстрыі; Пфайфер, які паходзіць з Люцэрна, адчуўшы, як відаць, прыгнёт Аўстрыі, перасцерагае Штаўффахера.
  15. Горад у кантоне Швіц, дзе знаходзілася рэзідэнцыя ляндфогта (імперскага намесніка).
  16. Спадчынная, пераважна зямельная, маёмасць, якую ўласнік-васал атрымліваў ад свайго старэйшага ўладара (сюзерэна) і за якую ён павінен быў верай і працай дапамагаць апошняму. У сваю чаргу сюзерэн абавязан быў падтрымліваць і абараняць свайго васала.
  17. У феадальным грамадстве звычайна толькі старэйшы сын атрымліваў разам з тытулам спадчыну свайго роду. Малодшыя сыны павінны былі ісці на службу і там набываць сабе зямлю і маёмасць, або ішлі ў духавенства.
  18. Галоўны горад кантона Уры. На цэнтральным пляцу ў г. Альторфе, на тым месцы, дзе паводле народнага падання быў выстаўлены капялюш ландфогта Геслера, стаіць цяпер помнік Тэлю як сімвал незалежнасці швейцарскай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі.
  19. Цвінген — панямецку прымушаць, адсюль і назва крэпасці.
  20. Германскі імператар Альбрэхт I, быў адначасова аўстрыйскім герцагам. Швейцарцы на дагаворных началах прызнавалі над сабой вярхоўнае ўладарства германскага імператара, але адмаўляліся лічыць сябе падданымі аўстрыйскага герцагства.
  21. Гарадок на паўднёвым беразе Фірвальдштэцкага возера.
  22. Назва галоўнага горада ў кантоне Унтэрвальден.
  23. Назва вёскі ў кантоне Унтэрвальдэн.
  24. Адна з самых высокіх гор у Швейцарыі.
  25. Гэта значыць Баўмгартэна, які жыве ў Альцэльне.
  26. Праход у Альпах, праз які ідзе шлях з Германіі ў Італію.
  27. Лясныя кантоны былі з усіх бакоў абкружаны аўстрыйскімі ўладаннямі.
  28. Горад у Італіі.
  29. Згодна швейцарскага народнага падання нарада ў Рутлі (Rütli) адбылася ў ноч на 8 лістапада 1307 г.
  30. Вёска на беразе возера Зелі.
  31. Назва горнага хрыбта поміж Альторфам і Энгельбергам.
  32. Вёска каля Альторфа.
  33. Выбраны прадстаўнік сялянскай абшчыны.
  34. Германскі імператар Фрыдрых II, які ў 1241 г. даў швейцарцам грамату, у якой вызначаліся іх правы і абавязкі ў адносінах да імперыі.
  35. Свабодныя сяляне Швейцарыі карысталіся прывілеем насіць зброю; гэтае права яны баранілі з асабліваю ўпартасцю.
  36. Геслер намякае на выратаванне Баўмгартэна.
  37. Бугістрат, Тайфельсмюнстэр, Аксенберг, Хакмесер — скалы каля ўсходняга і заходняга берагоў Фірвальдштэцкага возера.
  38. Скамянелая ракушка ў выглядзе баранняга рога, якая сустракаецца ў Альпах.
  39. У Шылера — „Stier von Uri“ (бык з Уры), гэта значыць трубач, які трубіў у старадаўні турыны рог кантона Уры.
  40. За гэтае забойства Іоган атрымаў клічку Парыцыда (на лацінскай мове — бацьказабойца).
  41. Дачка забітага Альбрэхта I.
  42. Маецца на ўвазе бацька Альбрэхта — Рудольф I — першы германскі імператар з габсбургскага дома.